epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Калысная песня

Спі, сыночак, ў калыбелі

Ў чыстай, мякенькай пасцелі.

Я калыску пагайдаю,

Песню-казку праспяваю

Аб тваёй, сыночак, долі,

Калі выйдзеш ты у поле

Жыцця труднага, цяжкога —

Калі станеш ты на ногі...

Спі спакойліва, сынок,

Прагуляўшы ўвесь дзянёк,

Бо падросшы — не паспіш...

Стане думка прад табою

Сетку віць з ліхіх клапотаў

І абмые твар твой потам...

Спі, сыночак, ў калыбелі,

Хай збірае сілу цела,

Хай душа гартуе волю

Йсці настрэчу лепшай долі.

Ты дзіця краіны беднай,

Акаванай ў пояс медны

Гора, злыбеды, нядолі,

Мукаў сэрца — цела болі;

Ты дзіця яе народу,

Век цярпячага нягоду

Ў прыгнячэнні, пад’ярэмна,

Непавінна, задарэмна.

Ты радзіўся пад натугам

Сілы змучанай — за плугам,

За сярпом ды за касою.

Ты радзіўся пад пятою

Прыгнятаўшае нядолі —

Пад кустом ці ў чыстым полі.

Будзь на варце, будзь гатовы

Скінуць гора таго ковы

І шырокаю дарогай

Выйсці людзям на падмогу

Ў барацьбе за шчасце й славу,

Ім належныя па праву.

Ў новым вашым пакаленні

Прыйдзе краю вызваленне

Ды багацце і Свабода

Для працоўнага народа.

Спі ж, сыночак, з думкай гэтай,

Марай шчаснай разадзеты,

З верай яснай дачакацца

Пайсці ў бойку і змагацца

За працоўных, іх краіну,

За іх шчасную судзьбіну.

Цябе будзе шанаваці,

Пакуль сталым станеш, маці;

Пашануе ды падбае,

Пакуль сілы на то мае,

Пакуль хопе ў яе змогі

Ўстанавіць цябе на ногі.

Ўстанавіўшы ж, будзе ждаці

Бачыць ў збройнай слаўнай раці,

Ў гушчы ўстаўшага народа

Пры змаганні за Свабоду.

 

Пецярбург, 1913


1918

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан