Капыль, Капыль! Маё мястэчка,
Вялікай Міншчыны куток!
Мне міла ўсё тваё: і рэчка,
І хаты, нівы і гаёк...
Вакол яго снуе далінай
Шнурок вясёлы раўчука,
Якога нам, бы матка сына,
Спакон вякоў дала рака,
Што там магутна воду гнала
І чоўны рэзвыя нясла,
Бурлівай хваляй ўзгорак рвала
І крыгай мост стары трасла...
А далей — вокал роўна нівы
Свае шнуркі к гаям вядуць,
Што цёплым летам людзям жніва
За працу цяжкую даюць.
На нівах густа разлягліся
Астаткі шведскае вайны,
Што ў час вяковы не звяліся
Ў траве зялёнай курганы.
Пад іх грамадаю маўкліва
Ваякаў слаўных косці спяць,
Пайшоўшых смела ў час прызыву
Свой родны край абараняць.
Між тых курганаў, на адгону,
Высокі замак з цьмі вякоў
Ўстае, як сведка ўлады і закону
Старых часоў, сваіх князёў.
Калі ж паглядам далей кінем
Туды, дзе ніў канец ляжыць,—
Хваёвы бор, як вострым клінам,
Сцяной зялёнаю стаіць.
Старыя хаткі сумна зніклі
З зялёным мохам на страсе,
І спяць-маўчаць, нібы прыціхлі,
Як заварожаны ўсе...
* * *
...Люблю людзей тваіх схудзелых,
Іх сумны, змучаны пагляд,
З саломы новай жоўта-белай
Страхі убогіх нізкіх хат.
Працягі пыльных вуліц летам
І зелень рутную садоў;
Зімою ж пекна разадзеты
Наслоем выпаўшых снягоў...
Усё, усё люблю, як толькі
Хто можа так калі любіць!
І точаць сэрца маё болькі,
Што людзям цяжка яго жыць,
Што лёс сібірны на працягу
Сямі з паловаю вякоў
Прыбіў у ім да шчасця цягу,
Заняволіў гордых жыхароў...
А ўсё ж сярод той цёмнай ночы
Яго маркотнага жыцця
Праменне яснае бліскоча
І родзіць хвалі пачуцця.
* * *
Чакай і вер ў настанне лета,
Капылю роднага жыхар!
Калі ў зямлі ляжыць крыніца,
То кверху выб’ецца яна!
Дзе дух жывы не змог стушыцца —
Там смерці тупіцца каса.
Пецярбург, ІІ/ІХ-1914