epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Клянінка

Бачыў я, як вецер ў полі павяваў,

Бачыў, як клянінку бедную хістаў

З болю яе ралкі тонкія гулі

І хіснулісь нізка да сырой зямлі.

 

А сіберны вецер з сілай набягаў,

Пекныя лісточкі з ралак атрахаў.

І здавалась, раптам ён мацней шугне,

Бы нажом ля корня бедную сатне.

 

Ўміг, ў адну хвіліну ў маладым жыцці

Перастане дрэўца рэзвае расці...

Але моцы ветру стала не хапаць —

Ён не мог клянінкі ўзвеем даканаць.

 

Закіпеўшы помстай ветру насустрэч,

Лісцем прашаптала смела яму рэч:

«Захацеў, сіберны, ты мяне скасіць,

Захацеў разрэзаць майго жыцця ніць...

 

Не, не дамся, вораг, сіле я тваёй —

Выйду з усёй моцай стрэціцца з табой,

І хоць тваіх звеяў мо й не адапру —

Толькі і пакорнай смерцю не памру».

 

Пецярбург, 1914


1918

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан