epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Краю роднага не кіну...

Не паеду я ў чужыну,

Краю роднага не кіну.

Яго поле, яго нівы

Ў маім сэрцы родзяць дзівы,

 

Што з нязнанай ўласнай сілай

Да краіны роднай, мілай

Мяне крэпка прывязалі.

Я дзіцятка яе жалю,

 

Яе горкай нуднай долі.

Не паеду я ніколі

З свайго краю дарагога,

Непатрэбна мне нічога.

 

Сірацінай я радзіўся,

З працай цяжкаю зрадніўся,—

Дык усё жыццё працую

На краіну дарагую.

 

За работу у адплату

Маю ў вёсцы ціхай хату

І загончык вузкі нівы.

Вось і будзе — я шчаслівы.

 

Хай ў чужыне — кажуць людзі

Многа лепей жыці будзе,

Я на гэта ані дбаю!

Шчасце лепшае я маю —

Закаханне к свайму краю,

Ў якім кожная мясціна

Мне прыветным словам кіне;

У шумлівым цёмным боры

Птушка міла загавора,

 

Ў ручайку вада у мкненню

Разваруша мне натхненне

І абудзе пажаданне

Лепшай долі панаванне.

 

Ў сваім краю, дзе ні стану,

Ўсюды сілай ровен пану.

Што пачую, то й адвечу.

Сваю вартасць чалавечу

 

Перад кожным не ўтаю я.

Не, краіну дарагую

Я да скону не пакіну —

Тут радзіўся, тут і згіну.

 

Пецярбург, 1914


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан