epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Красуй, збожжа!

Красуй, збожжа майго краю,

Каласісь багата!

Жджэ за працу ураджаю

Ад цябе араты.

Хлебароб, аддаўшы сілы

Свайму полю-ніве,

Усміхнецца табе міла,

Што ты урадліва.

* * *

Красуй, збожжа майго краю,

Каб зярно злілося

У адплату аратаю

Ў ядрыя калоссі!

Сонца, з неба шлі праменні,

Залаці чароўна!

Ў землю кінута насенне —

Ўродзіць колас поўны.

* * *

Красуй, збожжа майго краю,

Убірай палеткі!

Хай з табою аратая

Весяляцца дзеткі.

Плён за працу верне ніва —

Ўцешыць думкі, вока,

Як паўныя вазы жніва

Пагрымяць да току.

 

Вількамір, 1910


1910

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан