epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Ліхтаршчык

Адвячорак. Змрок рассеўся,

Згасла полымя зары.

Гэй, ліхтаршчык, дзе ты дзеўся

Йдзі запальваць ліхтары.

 

Не прывыклі да цямноты,

Мы не можам з ёю жыць:

Цень нагоньвае дрымоту,

Цень з пуціны можа збіць.

 

Цемры рада ўсё ліхое:

Совы, ведзьмы, кажаны.

Нам святло давай святое,

Каб не цешылісь яны.

 

Хай вакола разліецца

Яго промень па куткох,

Й змрок цягучы расплывецца

Ў яскраблішчучых лугох.

 

Развей сэрца тады будзе

Пры святле у грудзях біць.

Гэй, ліхтаршчык! Знаюць людзі

Ў цьме ці святле лепей жыць.

 

Дык хутчэй бяры драбіны,

Кнот з кудзелі насмалі

І а шарай ты гадзіне

Ліхтары вакол палі.

 

Вількамір, 1912


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан