epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Маёй песні далі тоны..

Маёй песні далі тоны

Мукаў стогны,

Што заўсёды пры рабоце

У смуродзе ды ў духоце

Вылівала маё сэрца.

 

Маёй веры дало сілы,

Што давіла

Маю душу бессціхання —

Бесканечнае змаганне,

Барацьба за шчасце й долю.

 

Далі гарт маёй надзеі

Злыя дзеі,

Што гадамі прада мною

Бесканечнай чарадою

Разбіваліся у шчэпы

Аб спрачання майго скрэпы.

 

Мая песня, мая вера

І мая надзея,—

З вамі йду я поўным ходам

Ў тыя дзверы,

Дзе ліхтарня міргацее

Прад свабодай.

 

Харкаў, 1918


1918

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан