epub
 
Падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

"Над шумным палацам..."

Над шумным палацам, над курнаю хатай,

Над вуліцай цеснай, над полем прасторным

Вяшчун праляцеў,— агнязыркі, крылаты,

Здарэнняў вялікіх нязменны дазорны.

 

Бурлівага лёту сляды незмярымы,

Бязмоцным жыццё супыніць завіруху!

Палае агнямі абшар прад вачыма,

Калоцяцца палі ад бурнага руху.

 

Угору высока, да фарбаў блакіту

Нямоўчнага рэха шыбаюць прыбоі,

Адвечная мука няволі — разбіта,

Паломаны веры заўзентай устоі.

 

Ракетаю зыркай бліснулі імкненні,

З сярпом скрыжаваўся гартованы молат,

Вялікасць сусвету ў касмічным спляценні

Спусціў да зямлі разняволены волат.

 

Мільён у адным і адзін у мільёне

Закрэплены гартам завабнае мэты.

З грашыма багач, валадар у кароне,—

Ўрачыстыя песні для вас перапеты!

 

Глыбока зіяе бяздонне правалу,

Апушчаны нізка пад сонцам завесы,

Дымучай слатою вам выглядзяць галы,

Над днямі былога лёс хмары павесіў.

 

У вулках вястовых, над вёскай прасторнай

Лунае нязменна ў мірганні бліскучым

Вяшчун агнязыркі — свабоды дазорны,—

Працоўных людзей да Камуны завучы.

 

Мінск, 7/ІХ-1924




Крыніца: скан

Беларуская Палічка: http://knihi.com