epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Напярэдадні

Стуліўся змрок ў глухіх куткох,

Знікае ночка-чараўніца;

Ў нябесных цёмных дыванох

Міргае зыркая Дзянніца.

 

Замоўкла ўсё. Травы і дрэў

Не хіліць к долу ўзвеў вятрыска.

Чуцён вясёлых птушак спеў,

Чуцён іх воркат прагны, піскі.

 

Апойны пах плыве з далі

Лугоў, адзетых рунню пышнай,

І дух свабоднае зямлі

Надзею ясную калыша.

 

Таемны гай гудзе, шуміць,

У неба сіняе глядзіцца

І, здэцца, хоча гаманіць

З вясёлай рэзваю Дзянніцай.

 

А з неба ўніз яе прамень

У зелень рутную спадае

І кажа ціханька: «Мне дзень

На змену сонца пасылае!»

 

Пецярбург, 1916


1916

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан