epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

"Не хачу забыцця я..."

Не хачу забыцця я ў цудоўных чарах,

Каб не мець ніякіх думак ды клапотаў,

А сядзець бязмоўна у салодкіх марах,

Апоены макам ціхае дрымоты.

 

Не прашу забыцця на зямлі панурай,

Не прашу нямога, дзіўнага спакою,

А прашу я моцна і прашу я буры

Цёмнае, сібернай, страшнае ды злое,

 

Каб ад ветраў шумных ўкол зямля траслася,

Каб танула неба ў завірушных гулах,

Ад якіх маланка з громамі б лілася

Да зямлі дрымотнай, да зямлі нячулай.

 

Не прашу спакою, не прашу забыцця,—

Бо жыццё заўсёды ў цішы замірае,—

А прашу я буры, бо ад буры жыццё

З сілаю магутнай біцца пачынае.

 

Вількамір, 1911


1911

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан