epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Новая хатка

Будуйце, майстрове, будуйце хутчэй,

Вы гэтую новую хатку,

Цярпліва кладзеце фундамент мацней.

Хоць цяжка бывае спачатку,

 

Аднак не сумуйце і ўсе грамадой

Пры песні зычлівай, вясёлай,

Майструйце паважна сцяну за сцяной,

Ўзнімайце іх вышай, ўсё вышай ад долу.

 

Сукі, крывізну абсякайце нашчэнт,

Хай шчыльна майструецца кладка,

І моцнаю будзе, як моцны цэмент,

Нам гэтая новая хатка.

 

А ў хатцы у новай так люба пажыць,

У вокны яе паглядзецца!

Святло, што ад сонца ў яе забяжыць,

Утомленым сэрцам нап’ецца.

 

І соладам хмельным пяройдзе нутром

Ажыўшая мара-загадка.

Будуйце, майстрове, сцяну за сцяной —

Будуйце вы новую хатку.

 

Фундаменту ў меру прарыты равы,

На камені ляжа падруба.

Глядзеце на вытвар, што строіце вы,

Дзівуйцеся толькі, як люба!

 

За дзень, за другі і чатыры акны

Бадай ужо будуць гатовы,

І толькі рабеце, каб шырай яны

Раздаты былі пры аснове.

 

Каб новая хатка вясельшай была,

Каб променю буйныя шматы

Жывільнага сонца, святога цяпла,

Ліліся жароламі ў хату.

 

Ды кроквы, майстрове, ўздымайце вышэй,

Дугою, загнутаю строма,

Каб кроплі сцякалі навальных дажджэй,

Ў страсе не псавалі б саломы.

 

Гэй, праўда, майстрове, павінны вы знаць

Будову ў канец ад пачатку.

Не раз ужо вам давялося стаўляць

Хлявы і гуменцы ды хаткі.

 

Будуйце ж па знанню, будуйце, майстры.

Паважна стварайце, старэнна,

Ўстаючы к рабоце ад ранняй пары

І працу канчаючы к цемні.

 

Вытворчай рабоце так многа падзяк,

Павагі так многа для працы!

Не кідайце ж пэнту вытворчага так —

Энергіі вашай не трацьце.

 

Хто ў хатку ўбярэцца і будзе ў ёй жыць,

Гадкі каратаць папарадку,

Не будзе магчы той, майстры, вас забыць

І шчырае дзякуй вам скажа за хатку.

 

Капыль, 1913


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан