epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Пажарыска

Вось і пажарыска: агнёвыя сцежкі

Як гладкае поле ляжаць.

Усюды дымяцца яшчэ галавешкі

І печы, як страхі, стаяць.

Без толку валяюцца хатнія рэчы:

Паломаны столік, тапчан,

Саганчык з капустаю вынуты з печы,

Старэнькі, падраны лахман.

Дзе яблынь шкілеты, дзе ліпы, рабіны

Нахмурана, ціха тырчаць;

Як рукі старыя, звіслі галіны,

На попел, на сажу глядзяць.

А вот і хлявок, дзе кароўка рыкала;

Звуглёная шула дыміць,

А вунь, дзе нядаўна гуменца стаяла,

У кучы салома курыць.

Трасуцца і плачуць галодныя дзеці,

А бацька? — вачам хоць не вер,

Без долі у горы век зжыў ён на свеце,

Што ж будзе з няшчасным цяпер?

Глядзіць ён у жалі на голу зямельку,

Дзе хатка старая была,

Што грэла яго даражэньку сямейку

І маткаю роднай была...

І як жа цяпер з гэтым месцам расстацца,

Так цяжка яго пакідаць,—

Дзе раптам прапала старанная праца,

Чаго ўжо не скора дастаць?

Куды ім цяпер адзінокім папхнуцца?

Дзе помачы вышукаць, дзе?

Ці будзе каму на іх плач адгукнуцца,

Руку падаць у бядзе?

 

Капыль, 1909


1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан