epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Пазыў

Я хацеў бы непакорным

Ветрам вольным ў полі стаці,

Каб па галы па прасторным

Безупынна дзьмуць-лятаці.

 

З верху к долу, з краю к краю

Мерыць шыры хуткім лётам;

Не спыняцца перад плотам,

Не зварочваць перад гаем.

 

Ад зямлі да сіняй высі

З гудам зычным паднімацца —

Дзе прашкоды асталіся —

Ўшчэнт ламаць і далей мчацца.

 

Я хацеў бы ветрам быці,

Каб з няволяю расстацца,

Каб ў свабодным шчасным жыцці

Незалежнасцю ўпівацца.

 

Вількамір, 1913


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан