epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Пятнаццаць

Пятнаццаць славутых гадоў,

Пятнаццаць высокіх уступаў.

Кастрычнік Вялікі

К пабедам нас вёў,

Здабыткі іх плённыя купіў.

 

Часы грамадзянскай вайны,

Патугі да змору блакадай —

Згаворы прадаўнікаў,

Кайзер, паны,

Бароны, бандыты і

Рады —

 

Ў адзіны спляталісь клубок,

Адзіную мэту ўганялі —

Заняць пераможны

Наперад наш крок,

Спыніць барацьбы нашай хвалі.

 

Ды дарма патугі!

Як змрок,

Як дзікія зданныя цені,

Іх змыў, спаласкаў

Рэвалюцыі цёк

Сваім пераможным імкненнем.

 

Рабочага класа парыў,

Чырвонае арміі мужнасць —

Вярнулі магчымасць

Да фабрык, да ніў

Нам творчую ўвагу

Напружыць.

 

І цяжкія раны вайны,

І царскае спадчыны плямы —

Спалілі няшчадна,

Рашуча гарны

Рабочае справы агнямі.

 

Над полем калгасным гудзе

Мелодыяй трактар

Чыгуннай!

Нас партыя Леніна

Мужна вядзе

Туды,

Дзе святлее Камуна...

 

Гары ж, разгарайся, уздым

Будоўнае творчае працы!

Кастрычніка вокліч,

Над светам усім

Гучы перамогай ваяцкай!

 

1932


1932

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан