epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Песні гарбара

І
ІІ
ІІІ
IV
V
VI


І

Ах, як стрэлка марудна ідзе,

Бы знарок хоча час працягнуць!

І не ведае болю грудзей,

Што дзяннога канца яны ждуць.

Нібы нехта трымае яе:

А ні ўперад, ні ўзад не спяшыць!

А так хочацца-хочацца мне

Ўжо работу сваю супыніць!

Цэлы дзень я за брудным сталом,

Цэлы дзень скуру цвёрдую скроб,

Стаючы укапаным калом,

Я задухай атрутнаю соп.

Не глядзеў і не бачыў нічуць,

Што там ёсць на дварэ, за акном:

Ці там ветры халодныя дзьмуць,

Ці зямля апавіта цяплом.

Навакола чатыры сцяны,

А на іх запляснелая столь,

У табе захавалі яны

Маю крыўду, жаданне і боль.

Вось і вечар... цяпер я на міг —

На адзін — сабе волю найду,

Кіну-рыну усё і усіх

Ды у поле я к лесу пайду.

Там срэдзь галу зялёных лугоў

Я адкрыю збалелую грудзь,

І мне з пахам прынадным квятоў

Ветры цёплыя ўцехай падзьмуць.

Яны прагную душу маю

Ўпояць воляй шырокіх палёў,

Упрыгожаць пакутную ўсю

Цеплатою пахучай сваёй.

А як сілы — жывіцелькі той

Набяруся даволі ў палёх,

Мне лягчэй стане ў працы цяжкой

У майстэрні, ў сцянах чатырох.

 

Вількамір, 1912

 

ІІ

Сагнуўшыся, я ля варстата стаю —

Скуру весь дзень без спачынку я гну,

Я скуру ўсё гну,

Нядолю кляну —

І песню пяю.

Дзёгаць і лой мае рукі раз’елі,

Шчокі ў гразі ды смуродзе шчарнелі,

Ружа завяла,

Шчасце прапала,—

Скура забрала...

Там, за акном, ціха неба сінее,

Сонца там дзіўна і свеціць і грэе,

Я ж у спякоце,

Ў гразі і ў поце,—

Я на рабоце...

Цягнуцца к лесу чароўныя далі;

Мураўкай, поплавам землю заслалі

Як дываном;

Там ноччу і днём

Вяселле кругом...

А я адарваны ад гэтай красы,

Запёрты нядоляй ў чатыры сцяны

З сабачкай, з нажом

І ноччу, і днём

Стаю за сталом...

 

Вількамір, 1912

 

ІІІ

Гэй, не тамецеся, рукі,

Ногі, пакіньце дрыжаць!

Многа шчэ ўперадзе мукі,

Прыйдзецца многа прыняць...

Гніся ж ты, выцяжка, гніся,

Сілы, брат, болей давай!

Стой ля стала, не хініся,

Часу не траць, не цярай.

Шоргай, сабачка, паволі,

Скуру паважна скрабі,

Нам не пазбыцца нядолі,

Што ты сабе ні рабі.

Гэй, не глядзі на нічога,

Вока нічым не блазнуй!

Тут твая сходзіць дарога,

Стой жа, браток, і працуй...

Дня хоць не бачыш і ночы,

Плечы хай корчыць, шчыміць,

Пот залівае хай вочы,

Трэба рабіць і рабіць.

Шоргай, сабачка, паволі,

Скуру паважна скрабі,

Нам не пазбыцца нядолі,

Што ты сабе ні рабі.

Трэба рабіць, калі трэба

Кожын дзень голад стаміць

Чорным кавалачкам хлеба,

Трэба рабіць, кабы жыць...

Дотуль рабіць, покуль сілы

Ўжо не пакінуць трымаць,

Кроў не застыгне у жылах,

Сэрца не кіне ўдараць.

Шоргай, сабачка, паволі,

Скуру паважна скрабі,

Нам не пазбыцца нядолі,

Што ты сабе ні рабі.

 

Вількамір, 1912

 

IV

Я рабочы-гарбар,

Рыцар працы цяжкой,

Я з жалезнай душой,

З сэрцам палкім, як жар.

Ў вачох іскры маіх,

А жалеза ў руках,

Скура гнецца ад іх

Ў адзін міг, ў адзін мах.

Ці задушша ці чад —

Ўсё на сэрцы маім,

Але ўстрашыці нат

Не здалее нічым.

Кроўю цёплай сваей

Абліваю тавар,

А слязою з вачэй,

Што сплывае праз твар,

Харашу я яго,

Дзеля густу людзям...

Не, жыцця я свайго

Для другіх не аддам.

Я здружыўся з трудом,

Я ў ём рос, я ў ём крэп

Люблю мець за сталом

Запрацованы хлеб.

Не хачу, не прывык

Склаўшы рукі хадзіць:

Я гарбар — працаўнік,

Я жыву — каб рабіць.

Маю сілу і гарт —

Імі грудзі гараць...

Ды што ў гэтым я варт,

Што магу працаваць,

Не гатовае браць?

 

Вількамір, 1912

 

V

Не здавайся, гарбар,

Ты за працай сваей

І на шчасця прыход

Не заплюшчвай вачэй!

Песню вольную пей

У дыму, ў духаце,

І надзея твая

Няхай кветкай цвіце.

Бо дзе сіла жыве,

Дзе работа кіпіць,

Там насення зярнё

Лепшай долі ляжыць.

І ты мукай сваёй

Глебу ладзіш яму

І сам сееш яго

Ў заарану зямлю...

Не здавайся, гарбар,

Ты за працай сваей:

Глебу пільна гатуй

І ў ёй шчасце, брат, сей!

 

Вількамір, 1912

 

VI

Я гарбар малады,

Я вясёлы ўсягды,—

Як працую — пяю,

Цэлы дзень за сталом

Я з сабачкай, з нажом

Неутомна стаю.

І вясёл, і рачыст,

Я пад грук і пад свіст

Цяжкі труд прадаю.

Вось ў дыму, у брыдзе

Ля братоў, ля людзей

Шчасце й долю кую.

Хоць ад працы мае

Часам мне не стае

Нат яды даставаць,—

Не гарую патом

Я задужа аб том,

Як іду працаваць.

І працую ад сіл,

Бо труд вельмі мне міл,—

А за працай пяю.

Я гарбар малады,

Я вясёлы ўсягды,

Бо я шчасце кую.

 

Вількамір, 1912


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан