epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Песня грабара

Я ўсё жыцце свае, дзень у дзень, год у год

Землю цяжкай лапатай капаю, як крот;

Век пад сонцам й дажджом гну пакутную спіну,

Раскідаючы глыбамі торпу і гліну,

Ліпкі глей, бы смалу, ды рассыпчаты жвір;

Я праводжу канавы удоўжкі і ўшыр,

Нібы стужкамі землю абвязваю ўкруг.

Я дарогу гранічу, гранічу і луг,

І спускаю з балотаў я лішнюю воду,

Ды рэжу раўкі для платоў агароду.

 

Так ўсё жыцце свае варушуся ў зямлі,

Хоць пад сонцам жыву, а калі-нікалі

Толькі бачу я вокам адкрытым яго.

Хоць не змерыць наўкола прастору ўсяго

Неаглядных палёў, неаглядных лугоў,—

А кармлюся красою я іх дзеля сноў,

І у мёртвым сваім, незварушаным сну

Бачу шчасця свайго ў надыходзе вясну.

 

Я ўсё жыцце свае, дзень у дзень, год у год,

Землю цяжкай лапатай капаю, як крот,

І так многа, я многа яе накапаў!

Направодзіў шырокіх і доўгіх канаў

І прарэзаў я цэлыя мілі равоў:

Шмат, ой шмат я са свету балотаў так звёў,

І багата вады праз равы прапусціў,

А ў ваду тую шмат я крыві свае ўліў

Ды з гарачым сваім яе потам змяшаў,

Пад вадою ж на дне свае гора хаваў.

 

Я ўсё жыцце свае,

дзень у дзень, год у год,

Землю цяжкай лапатай капаю, як крот.

Натачыўшы абклад я лапаты свае,

Вечна долі шчаслівай шукаю сабе.

У халоднай нячулай зямлі,

Можа, хто захаваў яе, матку, калі

І дагэтуль яна без рухання ляжыць,

А зямля не пускае яе к людзям жыць.

Вось яе тут шукаю цяпер,

І як толькі знайду, пракапаю ёй дзвер,

Нарасхлест перад ёю, слугой адчыню,

Хай нясе яна свету ўсю радасць сваю.

 

Я ўсё жыцце свае,

дзень у дзень, год у год,

Землю цяжкай лапатай капаю, як крот,

І як многа ужо я яе накапаў!

Што ж за працу сваю я ў адплату дастаў?

Што за плён мне зямля за труды прынясла,

За той пот і за кроў, што сабе узяла,

За бурлівую рэчку гарачых тых слёз,

Што ўсё жыцце мае паабмыў імі лёс?..

О, дала яна мне, ой за працу дала;

З калючковых раслін мне вяночак спляла,

З медзі звонкай, цяжкой даравала шнурок,

А дарогу жыцця ухарошыла ў мрок,

Каб я шоў, як сляпы, каб бясконца я йшоў,

Землю вечна капаў і дабра не знайшоў.

 

Магілёў, 1911


1911

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан