epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Песня жняі

Пад сярпом маім крывым

Жыта хутка гнецца,

Сноп за снопам у радкі

Покладам кладзецца.

 

Не баюся спёкі я

Сонца агнявога

І не чую, што баляць

Рукі, крыж і ногі.

 

Пот ліецца ручайком,

Смага забірае;

Я ж вясёлая ўсё жну,

Жну ды падпяваю.

 

Час паспешна так ляціць —

Скора вечар будзе,

І я нівачку сваю

Так дажну, як людзі,

 

Ды паспею мо яшчэ

У снапы звязаці.

Ох, люблю-люблю сваё —

Сваё жыта жаці.

 

Як сажну яго я ўсё

І звязём дахаты,

Будзем хлеба на год мець,

Будзем мы багаты.

 

А салодак свой хлябок

(Каб жа быў ён вечан!),

Хоць і чорны, і крупны

І няўмела спечан.

 

Эх, хутчэй-хутчэй, рука,

Ты з сярпом махайся!

Будзь ты, жыта, ядраным

І ўмалотным ўдайся...

 

Пад сярпом маім крывым

Хутка жыта гнецца,

Сноп за снопам у радок

Покладам кладзецца.

 

Вількамір, 1912


1911

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан