epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Песняру

Пясняр-званар, чаму заціх

Твае душы салодкі спеў?

Дзе кліч ты свой завучы дзеў

Ў вялікі час, у адказны міг?

 

Цябе спужаў грымотны стук —

Крывавы водбліск барацьбы,

Якую ўстаўшыя рабы

Ўзялі ў абоймы сваіх рук?

 

І бурным віхрам праняслі

Над трупамі катаў крывапіўц,

Адкрыўшы помсты дно крыніц

Супроць прыгону на зямлі?

 

Ці бурны, швыдкі, як віхор,

І моцны, зычны, нібы гром,

Жыцця старога скрутны злом

Ідзе табе наперакор?

 

Ад ўздрыгу, пэўна, думак зніз,

Душы абуранай настрой,

Дасталі цяжкі перабой,

Які балючым ўціскам звіс.

 

Ці ты зусім не падглядзеў

Красы у тым, што гэты час

Вялікіх дзей, адказных дзён

Жыццё кіпучае нясе?

 

Ці творчай чыннасці прадзень

Ў тваю істоту не ўраніў

Здзяйснення мар, здзяйснення дзіў,

Натхняўшых многа пакалень?

 

Пясняр-званар, здымі з сябе

Часовай мёртвасці натхлань

І песняй радаснай літань

Пашлі працоўных барацьбе.

 

Сустрэнь ты гімнам бляск зары

Ў змаганні ўстаўшых новых днёў,

Прыход Камуне спрарачы...

Або ў бяспогадзі памры,

Наймючы песням новых слоў...

Ну, толькі далей не маўчы.

 

Мінск, 29/І-1921


1921

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан