epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Прысады

I
II
III
IV


I

 

Цікавая, незвычайная была зіма - зіма ў 25-м годзе! Старыя не памятаюць, дзівяцца, пацепваюць плячыма.

Што гэта? Адкуль яна? Дзівы дзеюцца ў свеце! Ды балюча к таму: выехаць нельга ў дарогу. Мала яе здараецца - людзям некуды і незачым ездзіць, але зрэдку трэба. Трэба - бо свет не стаіць, а жыве, варушыцца, рухае, трапеча.

Так - сягды-тагды здараецца ў падводы, але асмелься - каняку змардуеш нашчэнт: глей, смала! Па калодкі калёсы лезуць у зямлю. Пуд аўса на трыццаць вёрст, а коні на сене - каб танней абыходзіліся гаспадарству. Пярэкарма - толькі для гною ды яшчэ каб клопату не было вясною. Прывык, прынаравіўся, падладзіўся, агойтаўся. Адыходзіцца, глядзіць і нават шануе. Куды ж пагоніш небажатку?

Без дроў акідаецца: добра, што сівер не пранізвае старых хатак - ці ж можна гнаць за дзесяць, за дваццаць вёрст па сырую асіну, па ламяйко. А пакуль у лес, яшчэ да ляснічага вёрстаў пяць убок зрабіць, часамі дарэмна, бо няма дома. Столькі турбацыі паложыш - а скутак? Шкада выехаць з хлява, і трэба доўга думаць, як лепш, ехаць ці не ехаць.

Нарэшце - ехаць: што заробіш - добра.

Праца не валяецца на дарозе.

І гразотаю, і слякотаю - едуць: вязуць камісара ў раён ды на акругу, адвозяць сына-вучня на станцыю, развозяць трапунковае начальства - яго і ў правінцыі нямала: мерае поле, вывучае вёску.

Па сценках, па гасцінцах, па шляхах лёгкаю ступою поўзаюць рэдкія падводы ад вёскі да вёскі, ад сяла да сяла, з сельсавета ў саўгас.

Днём і ноччу...

Днём падувае лёгкі густы вецер з поўдня к захаду, ганяе рэдкія палавыя хмары. Выскальваецца неба нясмелым сонцам, якое спрабуе грэць, мацае зямлю, ужо вызвеўшую, ужо падсохшую, трапяткім праменнем, але не грэе. Шэрыя палевікі-птушкі гацаюць па раллі, па межах, зімою - зімою 25-га года, якое не помняць старыя, - незвычайнаю...

Прабягае жарабіца ў ператоч вузкіх і доўгіх палеткаў.

Бярозы па шляху, рэдкія, стагоднія, не шумяць нудлівым шэптам асенняе мелодыі - пазіраюць на вясну. Ні разу ў годзе не бранчалі цаплякамі галалёду, не маталіся махрастымі ніткамі шэрані.

Дзень ада дня - пускацьмуць сок. Набрыняўшы - чакаюць, калі прасвярдлуе дбайная рука селяніна яе белае цела.

Дзень ада дня, абы больш прыгрэла сонца, абы...

Гэта зімою, зімою 25-га года, якое не помняць старыя, незвычайнаю зімою.

Ноччу ў гэту зіму, як у сопусе; цалуном туліцца зямля; зліваецца ўсё ў густую сажу-фарбу - ні дарогі, ні следу. Дзе лес, дзе гал - воку не ўлавіць.

Але жыццё не стаіць - рухае, трапечацца, плыве, як крыніца, б'е пад зямлёю, хоць схована ад святла...

Коні бачаць дарогу.

Ды ці ўпершыню Астапу ехаць па службе? Ходзяць чуткі - а ласне сам не знае, што ўсё яшчэ вандруюць ліхія людзі: крымінальнікі, бандыты-зладзеі. Колькі іх вылавіў - у лесе каля Ронцавіч, у фальварку Падвілле, у засценку Грабы; могуць напаткаць пры мосце на грэблі, у хмызняку Паўднёўскіх... З-за кожнае бярозы можа пальнуць, прыпільнаваўшы. Ды што ж, гэта выпадак, ён сцеражэ людзей, кожнага чалавека - усюды, усюды. Можа, яго, Астапа, начальніка раённай міліцыі, пільней за другіх, - не баіцца.

Набіты сямю дранкулямі рэвальвер кольт - пры боку. Муляецца - дае веды аб сабе. Настарожанае вуха разбірае кожны шэпт, малейшы шорпат, ціхі гук. Навучыўся Астап вынаходзіць сябе ў розных абставінах. Адучыўся палохацца - сапраўды, ці ж бы гэта пасавала яму, маладому, браваму начальніку раённай міліцыі?

Сёння рэйс незвычайны; вязе старшыні райіспалкома, які зараз тварам да вёскі, дакладны рапарт пра свае поспехі: наскочыў на след шайкі разбойнікаў-крымінальнікаў. Умела і спрытна падышоў да маладое шляхцянкі Вікці ў засценку Процьма, і тая выказалася, дзе і што і калі гэту шайку будзе можна злавіць. Заўтра а дзесятай гадзіне будзе нарада ў райіспалкоме.

А пакуль Астап мяркуе сам, як і што будзе лепш і вярней іх злавіць.

Ноч, цёмная, абгарнутая цалуном, ноч зімы 1925 года. На шляху маўкліва; як ветэраны, стаяць бярозы. Штогод - іх менш ды менш.

Ужо мясцінамі - пні. Індзе - і пнёў няма - гала, пустая шырокая дарога. І чамусьці сіратлівая без бяроз, непрыветная, перацятая болем...

А калісь?

Астап перабіў думку пра бандытаў і вярнуўся да бяроз. Ездзіў калісь - роўнаю сцяною, шнурком стаялі бярозы ў два падвойныя шэрагі ўсцяж гасцінца. З дому відны былі і цягнулі да сябе, кудысьці далёка на поўдзень.

Летам - зелянелі, зімою - шаранелі. Зімою тулілі шырокі шлях ад снегу. Зацішна, калі ехалі ў мяцеліцу. Пасля - вайна; хапіліся за бярозы. Куды там - людзей не шкадавалі! Нарабілі плехаў, зглумілі шлях, прысады.

А з таго часу - украдкаю, патрошку, сягды-тагды, вёска за вёскаю, нападалі на бярозы.

Глядзіш - то там, то тут свежы нізкі пянчук. Галяйко падабрана, сляды прытаптаны. А ўверана - вось гэтая ці тая вёска прылажыла руку над бярозаю..

Ёсць закон бараніць прысады, а ўбарані, папрабуй! Не паставіш жа знарочыстае варты. Ды ў гэту зіму, у зіму 25-га года, калі нельга далёка за дрыўмі паехаць, завярэдзіш каня.

Усё ж шкада шляху, як бы там ні спагадаў людзям.

Успомніў Астап: «Ага, ёсць жа праступак наконт гэтага: пазаўчора за Круполай павалілі дзве бярозы. Асякоўцы, вядома. Стралялі міліцыянеры, гналіся па слядах, не кончылі справы. Трэба выясніць да канца. Не пакіну - не ў маёй натуры. Знайду канцы!» Паглядзеў Астап угору і памеркаваў: каб хто сек у момант, калі ён едзе, бахнула б бяроза якраз яму на воз. Расхрабустала б яго і каня.

Прыслухаўся, ці не чутно падазроных зыкаў. Абапал - маўчала...

Але ўперадзе, далёка ад яго, раптам бліснуў малюткі агеньчык. Мэрам бы хто запаліў сернікі і хутка кінуў.

Следам данеслася некалькі ўдараў, глухіх, умела скрытных.

Як ляжаў на локці, галавою ў палукашак, так і прыўстаў Астап. Настаражыўся, сашчапіў у жмені ручку кольта. Падумаў, памеркаваў і выстраліў у бок затушанага агеньчыка.

Стрэл пранёсся і ўзад і ўперад, скалануў бярозамі, як той віхор, аддаўся ва ўсіх баках, разрываючы цемер. Управа - адгукнуўся зычным рэхам, мэрам бы хто адстрэліўся.

Астап азірнуўся навакол, прыслухаўся: калёсы ціснулі мяккую глыбокую гразь, шоргаючы па ручках драбін; конь шлёпаў у калатушку блізка па калені. Улева - скрыпела бяроза.

- Тпру-у-у, гнедка-а.

Стала вельмі ціха. Уперыўшыся вачмі ў той бок, куды ехаў, Астап сіліўся разгледзець што-небудзь. Прыжмурваў вочы, нахіляўся, касіў голаў, падаваўся ўперад, пасля адышоў са шляху на поле, каб не засціла нічога.

- Ліха яго ўбачыць, што ў гэтай цемні, - матнуў рукою.

Чамусьці каняка чмыхнула, натапырыла вушы. Астап сумеўся і яшчэ паглядзеў, - мільгнуў дзесь ці далёка-далёка ўправа трапяткі, цьмяны агеньчык.

- Падаліся, гады, к лесу. Так ціха! - Пакруціў галавою. - Вось і злаві ты іх... Але пачакайце! Успомніў, што там пасёлак Глушакі.

- Га-а-а! то работа глушакоўцаў! Я ім пакажу. Я на іх раптоўна наскочу, неўспадзеўкі - не апамятаюцца...

Пагнаў каняку, думаючы: заўтра субота, адвячоркам павячэраўшы заеду.

- Но-о, малая!

Прысеў на драбіны і ўжо не прылёг на локаць правае рукі, а пільна глядзеў на левы рад бярэзін, каб высачыць свежы пень. Праз пяць-шэсць бяроз стаялі карчы, чорныя, аднакія. Хто іх разбярэ ў цемрыве, каторы свежы? Каля мастка Астап выскачыў з воза і падбег да двух карчоў, угледзеўся, абмацаў рукамі. Абодва мелі форму танклявых спіцукоў, абсечаных, адцятых дарэшты; вакол аднаго валяліся трэскі, яшчэ свежыя.

Сціснуў плячыма Астап:

- Цяжка з дрывамі. Пакутуе насяленне - шукае дроў. Ну, як ты ўсцеражэш прысады? Лесу няма - вынішчылі, дроў недзе дастаць. Сякуць, крадуць бярозы. Зразумела - іншага скутку няма... Хоць бы тая дарога, а то...

Што за зіма! Незвычайная, няўпамятная, нудная зіма, зіма гэтага года! Нікуды не падаецца. Гразота-брыдота, дастань тых дроў!

Вярнуўся на воз, прысеў, ужо кінуў сачыць, а стаў планаваць ды судзіць:

- А што, няхай бы секлі, хоць бы і гэтыя бярозы. Новыя патрэбна насадзіць, маладыя, свежыя. Вось хай адно акрыяем крыху, заменім шляхі шашою. Абсадзім маладымі прысадамі. Даць людзям на ўмову: сячы пару бяроз, засадзі гоні маладняком. Можна і садовымі дрэвамі. Што ж у гэтым за хітрасць? Якія труднасці? Падумаць!

Успомніў, калі быў у плене ў Прусіі.

- А ласне нельга зрабіць так, як у немцаў? Абсаджаны дарогі яблынямі і грушамі, выбрукаваны, ашашованы, - люба-дорага. Стаць бы на ногі - і тое самае ў нас. Павязаць мястэчкі і сёлы добрымі дарогамі, абсадзіць іх.

Плюнуў Астап і шэптам вылаяўся:

- І хвароба яго ведае, гэтае праклятае царскае правіцельства: што яно рабіла, каб правесці культуру? Жарты-ы! Нідзе нічога. Выпадковыя кавалкі шашы пабудавала, а ўсюды - адвечныя, натуральныя дарожкі... Совайся, селянін, як хочаш.

І ўскрыліла ў Астапа думка: «Вясною на свой страх і на сваю адказнасць прымуся за абсадку шляху маладымі прысадамі. Троха жыхарства, троха міліцыянеры, троха вучні... Высаджу на ўсім раёне. Можа, некалі ўспомняць... Заўтра скажу прадсядацелю».

Пад'язджаў да мястэчка - загрукацелі калёсы па бруку.

 

II

 

У каморцы - голы забруджаны стол, два столікі побач. У чарцы з вышчарбленым берагам - згушчанае чарніла; асадка паколатая, а ў ёй заржаўленае пёрка.

На пашарпанай сцяне - Ленін, насупроціў - Чарвякоў. Чуць-чуць відаць. На вушаку дзвярэй - абрэз на рэмені. Дзверы - без клямкі, фортка да форткі не даходзіць на вокнах - акуркі цыгарак, скрыначкі ад папярос. ГТФ - на чырвані.

Кабінет начальніка міліцыі раёна.

«Начальнік раённай міліцыі», прыгледзеўшыся, прыкмеціш над сталом.

Старанна выведзены літары чырвонаю фарбаю, абведзены сіняю.

Астап прыйшоў, панюхаў паветра:

- Ніколі не выветраць, сукіны дзеці. Ну і народ! Хоць у хляве пасадзі - сядзецьмуць, і не ў шманкі.

Хацеў адчыніць фортачку і забыўся, што іх няма ў вокнах. «Трэба зрабіць», - рашыў і сеў за сталом.

Палажыў тоўстую папку з дзяламі. Колькі іх, у шэрых, у сініх, у жоўтых вокладках? Пачаў перакідаць дзела аб бандытах.

- Пайду да прадсядацеля.

Палажыў дзела наверх і пачаў завязваць кончыкі папкі.

Абдумоўваў план гутаркі з прадсядацелем.

- Можна? - стукнулі ў дзверы.

- Ваходзьце!

Адчыніліся дзверы, і ў кабінет увайшло двое сялян, адзін міліцыянер.

Астап паглядзеў і запытаў:

- Якая справа?

Сяляне пераглянуліся і змаўчалі.

- Гэта тыя, таварыш начальнік, што ссеклі бярозу на шляху з вёскі Асякі. Тояцца - не мы, не мы.

- А ты ў іх знайшоў бярозу?

- Вядома.

Астап абярнуўся да сялян:

- Ну, мужчыны, дык чаго ж таіцца, высеклі?

- Дальбог жа, не, таварыш начальнік... - адказаў старэйшы, гадоў за пяцьдзесят дзядзька.

- Як то не, калі нашлі...

- Падкінулі, нехта ноччу, злы быў і падкінуў... А каб мы самі - няхай нас...

Малодшы маўчаў, трымаўся; няпэўнасць у тым, што казаў сусед, - трывожыла...

- Ды хоць бы вы ўжо не хлусілі, мужчыны. Навошта вам займаздароў вочы заліваць... Нехта падлажыў! Хто вам падложыць? Пасаромеліся б, нарэшце.

- Дальбог, праўду кажу... Нічыпар, мо я хлушу? - стары запытаў суседа.

Той нічога не адказаў, яшчэ больш нахмурыўся.

- Кінь, Даніла, хлусіць. Хто сазнаецца, што ты праўду кажаш...

- Папытайце Нічыпара.

Астап сур'ёзна паглядзеў на худашчавага, дробнага, безбародага чалавечка.

- Нічыпар, кажы праўду: у вас няма дроў і вы высеклі дзве бярозы ў прысадах?

Той памяўся. Апусціў ніжэй голаў.

- Ды ўжо ж яно - высеклі. - І, крыху памаўчаўшы, пайшоў на ўбачэнне, даводзячы аб сваёй невінаватасці. - Ведаю добра, што ўчынілі праступак. Не гадзіцца цяпер гэта рабіць - у саміх сябе крадзем. Але, паверыце, я мусіў пайсці на гэта: два вянкі зняў з хлевушка, мерзне гавяда ў засадзе, а дзеці - у хаце. Ну, куды ты кінешся з біткаю: ні калёс, ні збруі, а дарога - гразь, брыдота, гэткая зіма - ніхто не запамятае! Дзе ж тых дроў возьмеш?.. Высеклі, высеклі... Стралялі ў нас, а мы ўцяклі. А як жа іначай?

- Чуеш, Даніла?

Ухмылка на мяккім, хітраватым твары, палахлівая, злая да Нічыпара ўхмылка; стары развёў рукамі - сорамна глядзець у вочы Астапу, - не сярдзіты зусім, дабрадушны таварыш начальнік, чаму трэба было таіць ад яго свой праступак?

- Давялося, таварыш начальнік, паверыце, давялося; не таю, мілы таварыш...

- А чаму адпіраўся?

- Чаму?!

Даніла не ведаў, што казаць, нервова мяў шапку ў руках, сарамліва нік поглядам. Выручыў Астап:

- Лепш позна, як ніколі. Дагадваюся а прычыне, але ці ж можна красці, прысады красці? Помніце, як міла было калісьці глядзець на стройны рад бярэзін? Шнурам, як войска, роўныя, белыя, струною цярэспаля. Летам - цень, зімою - зацішша. Цёмнаю ноччу - не зблудзіш. Цягнуць міжвольна недзе далёка. А вы - бераце і сечаце. Як магла ваша рука падняцца, дзядзька?

- Таварыш начальнік казаў праўду - нельга, няма чым адказваць, але... бяздроўе. Паверыце, толькі бяда напірала, недахопы вадзілі рукою. Сек, а сэрца траслося. Пала - і я затросся ад болю. Ды што ж парадзіш - дзеці трасліся ў хаце, зварыць бульбы не на чым, вады сагрэць... Куды паедзеш гэтым часам?.. Зіма незвычайная, небывалая, ліха ведае, якая зіма, зіма ў гэтым годзе!

- Дрэнна і кепска, дзядзька. Пакараем судом.

- Ды ці ж мы адны сяком? А глушакоўцы, а нізаўцы, а сухоўцы? Гора гоніць.

- Будзе і ім.

Нічыпар, маўчалівы, скрытны, здаваўся перад словамі Астапа: не ўшчуе па-начальніцку - таварыскі гутарыць. Праўда, саграшылі, скрыміналіліся. Ці ж выправуе што? Нічым не правы... І балюча - дагэтуль ні ў чым не ўлічаны, не заплямены. Перадавіком слыў - а тут...

- Таварыш начальнік, усё роўна бярэзін не аднавіць... Скрыміналілі - але ручу, што больш не будзе, - даруйце... Ведаеце - я адплачу віну дзяржаве...

Міліцыянер уголас засмяяўся:

- Чым? Адседкаю?

- Пастой, пастой! - перабіў Астап.

- А тым, што я ўвесну, першым дзелам, усё забыўшы, засаджу гоны шляху маладымі прысадамі. Хай толькі вызвее зямля, пададуцца сокі, і я кіну-рыну хату - пайду на дарогу. Дзень, два, нават тры дні патрачу, а засаджу. Бярозкамі, хочаце - елкамі, можна клёнам ці каштанам...

- Дастанеш - зробіш!

Міліцыянер зноў зарагатаў.

- А зраблю, клянуся, што зраблю... Ахвяруюся - дайце паперу... Няўжо, думаеце, збягу дзе-колечы? Удвойчы наложыце штраф, калі толькі падвяду вас...

- І я бяруся гэта зрабіць, - дадаў Даніла. - Вазьмеце на ўчот, адмецьце і тады - штрафуйце ўдвойчы, утройчы...

- Гм! Не хлусіце? - выпрабаваў Астап. І тут жа памеркаваў: а можа, і чэсныя людзі... Што з іх возьмеш, апроч кары? А бярэзіны - адновіш? Людзям сапраўды прыпёрла, прыціснула, вядома. Ану ж выпрабаваць: няхай двое ганоў пасадзяць маладняку.

Даў умовы:

- Штрафую абодвух, - на пяцьдзесят рублёў. Пасадзіце двое ганоў - здыму, а не - яшчэ набаўлю... Павал, напішы штрафную, хай распішуцца... Калі не высадзяць прысад - сышчу з пеняю ў сто процантаў. Чуеце?

- Ці ж мы будзем хлусіць? - выказалі сяляне разам і так шчыра, што Астап не сумняваўся ў іх словах... Усё ж даў распісацца на штрафной.

- Помніце - і ідзеце.

Сяляне пакланіліся, развіталіся. Услед пайшоў міліцыянер.

Астап задумаўся:

- Пастой, Павал.

Той вярнуўся, падышоў да Астапа.

- Думаеш, выпаўняць?

- Чаму не. А ласне сышчаце з іх штраф? Голыя як бізуны. Бачыў іх гаспадарства: хаты - у зямлю глядзяць; падраныя стрэхі; голыя дзеці; някутыя калёсы; коні - мэрам свінні надворныя...

- Шкада!

- Пэўна.

Астап падумаў, узяўся двума пальцамі за губы і раптам кіўнуў галавою:

- Вось што, браток Павал...

- Што?

- З глушакоўскае шляхты нагонім... Сёння вечарам - у Глушакоўцы... Ведаеш, ноччу ўчора ехаў - секлі, гады... Ганоў на тры заўважыў, выстраліў. Ну, а пагонішся ласне? Конь ледзьве ідзе ўлегцы. Гразі па калодкі, цемень - вока выкалі. Зіма, ліха ведае што, небывалая! Нельга працаваць: ні выследзіць, ні выгледзець.

- Верхам сяду і паеду на змроку, а то ноччу - ці ж знойдзеш?

- Тваё дзела; толькі найдзі - і гэтых ужо прыпяком...

- Не пакараеш - усе прысады знішчаць... А калі насадзяць - чакай...

Астап пайшоў з кабінета. На парозе спыніўся, павярнуў назад, але пачуў ззаду:

- Таварыш начальнік, прыйшлі па вас ад прадсядацеля.

- Дзе, хто?

Дзелавод - то быў ён - падаў пісульку. Астап разгарнуў, прачытаў. Пачырванеў.

- Бюракратызм! Ці ж разарвешся ўсюды. Ён думае, што я тут сяджу склаўшы рукі... Выгавар, прыказ... За шчырасць мо? Мяне трэба вучыць... Пяць год за гэтаю справай...

Моцна стукнуў дзвярыма і выйшаў.

 

III

 

Разапрэўшы, стомлены, знерваваны, Астап бег да сябе ў канцылярыю міліцыі. Праз два крокі павяртаў левую руку, паднімаючы на ўзровень носа, і пазіраў на гадзіннік, прычэплены на руцэ. Хвіліны раставалі, як сняжынкі на цёплым шкле. Выйшаў з райіспалкома - было без дваццаці хвілін чатыры. Званілі не раз - важныя справы, тэрміновыя... Ды так, трэба паглядзець, як і што. Установа, ды гэткага характару, як міліцыя, - баявая, шумная. Ці ж не ведае Астап? Мала што магло здарыцца ў яго адсутнасці! Праверыць - абавязкова.

Астап не цярпеў нядбайнасці! Рупіўся, пільнаваў даручаныя яму справы. Любіў быць акуратным, старанным. Масцер - ды годзі.

Спяшыў, а хвіліны ішлі, беглі, уцякалі. Заўсёды так - як спяшыш іх нагнаць, супыніць.

- Хаця б не разышліся з канцылярыі.

Перад будынкам, дзе яна мясцілася, яшчэ раз паглядзеў на гадзіннік - аставалася дзесяць хвілін да чатырох. Ужо адзін міліцыянер выйшаў з дзвярэй і падаўся з двара. Не прыкмеціў начальніка. Астап бачыў - мерыўся спыніць, даць выгавар. Але не сабраўся, як яго абазвалі:

- Таварыш Бобік, на хвілю, даруйце...

Астап азірнуўся - нейкі незнаёмы мужчына. Недалікатна запытаў:

- У чым справа? Мне некалі, хутчэй.

Чалавек азірнуўся па баках, таемным узрокам паглядзеў на Астапа.

- Ведаеце... ці паверыце, ці не... мне казалі не раз... знаеце, справа з вашым міліцыянерам Гарбузікам... Ён у Глушаках дзень у дзень на вечарынках, з дачкою Палікара Асінені... што вычварае... Ой, што там ён!.. Вы даследуйце, таварыш Бобік. Дурныя чуткі - падрыў уладзе...

- Добра, расследую... - і крануў з месца.

Але чалавек схапіў Астапа за крысо.

- Я яшчэ да вас, таварыш Бобік...

- Кажэце.

А нагою, нервуючыся, пераступаў з месца на месца.

Ішлі з канцылярыі адзін за другім міліцыянеры, дзелавод, заўвышукам. Матнуў рукою, адвярнуўся ад чалавека, каб паглядзець на гадзіннік - пасля чатырох.

- Кажэце хутчэй...

- Я колькі раз бегаў у вашу канцылярыю... Прасіў адсрочыць хоць на месяц. Чым я заплачу па выпаўніцельнаму лісту? Самі бачыце, адкуль зарабіць трыццаць рублёў, дзе іх узяць мне...

- Хутчэй... у канцылярыю прыйдзеце... мне няма часу... слухайце... - адступіў на шаг ад прасіцеля.

Той працягнуў руку, каб хапіць Астапа за крысо ці за рукаў, але затрымаўся.

- Таварыш Бобік, таварыш начальнік... Падумайце - дарэмшчына... Ліха ведае завошта прысудзілі гэтаму злодзею, голіку гэтаму... Трэба было мець совесць... Але ж я нічога, я не проціў суда - святая справа, трэба слухаць, толькі - чым я магу заплаціць... Ну, маю каняку, драбінкі, на ворагаў казана, - слёзы, а не маетнасць...

Астап падаваўся да канцылярыі, павяртаючы голаў назад. А чалавек, як муха, гудзеў сваё, не адстаючы ні на крок, ні на корх.

- Я сапраўдны бруковы чалавек... Яшчэ б раней, ну хоць бы з восені, усё-ткі залатоўку-другую зарабляў, а цяпер, глянь іх, куды ты выедзеш - зіма, як кара якая, гнусная, балотная, гібельная зіма!.. Ці ж можна вылезці з хаты ў дарогу? Пасудзеце самі, таварыш Бобік.

- У канцылярыю... па нядзелі... няма часу; ды што на вуліцы?

Крута сарваў з месца і пайшоў.

Чалавек перш кінуўся ўдагон, але раптам стрымаўся і пусціў.

- А Гарбузіка прасачэце, таварыш начальнік...

Астап пачуў фамілію, але не ведаў, да чаго... Кінулася ў думкі: «Няўжо-такі Павал здацен на гэта? А мо праз тое, што сысквае штраф? Чорт яго ведае, за каго можна ручыць? Ша-а, добра, прыпільную. Паедзе ў Глушакі, а я за ім. Праз гадзіну-другую... Усё можа стацца...»

Увайшоў у канцылярыю - пусцела. Дзядуля стораж шкрабаў сцёртаю мяцёлкаю па бруднай-бруднай, загражанай падлозе. Сцежка-шнурок, вымачаная ботамі ад дзвярэй да стала дзелавода, краіла падлогу надвае. Стары злосна мармытаў сабе пад нос, падвойчы тручы мяцёлкаю па чорных плямах:

- Гэтак забрудзіць - сораму няма. Іншы ідзе, як назнарок, сумысна нанясе пудамі гразі. Няхай бы выцер - мяцёлка стаіць, дык не: пастаў швейцара, ды каб папрасіў той - дай вытру, - то, можа б, што... Паперы, смецця, саломы наносяць... Канцылярыя, а як у стойле...

Астап заўважыў нездавольства старога, усміхнуўся. Пабег у свой кабінет, прысеў да стала, развязаў папку, перагарнуў дзелы.

- Франук! - пазваў старога.

Стораж прыйшоў з мяцёлкаю ў руках.

- Чаго, таварыш начальнік?

- Чаму не пачакалі мяне?

- А я што ведаю.

- Гарбузік не казаў нічога аб тым, што паедзе?

- Таварыш начальнік, ласне са мною гаворыць хто аб гэткіх рэчах. То не маё дзела...

- А каня не запрагаў?

- Не заўважыў.

- Добра.

Франук маўчліва адвярнуўся, зрабіў некалькі шагоў да дзвярэй; пераступіў адной нагою парог і адвярнуўся да Астапа:

- Таварыш начальнік, даруйце, што трывожу; я рэдка вас чапаю.

- Ну?

Астап адняў вочы ад папер.

- Ведаеце, таварыш начальнік, доўга збіраўся, не мог асмеліцца, але прыпёрла. Ці нельга было б, таварыш начальнік, хоць рублёў два надбавіць мне да пэнсіі? Столькі работы ў вас! Вось усе пайшлі, а я покі тут закончу; а жыццё - муляецца.

Астап маўчаў.

- За дзесяць рублёў - ці ж можна старому пражыць, падумайце самі.

- Смета, дзедку, нельга выйсці з берагоў...

- Нельга?

- Нельга.

Стары матнуў рукою і схаваўся за дзвярыма, неасцярожна стукнуў мятлішчам у дзверы.

- У вас нічога нельга, ніколі нельга...

Астап паглядзеў услед, паспагадаў старому:

- Лепі б, каб у шпіталь... Куды яму гэтая служба!

І зноў аддаўся паперам. Гартаў, перакладваў, чагосьці шукаў. Размаўляў сам з сабою: «Ну, проста нельга ўлавіць гадзінкі вольнага часу. Хоць бы ў справах разабрацца... Вось Хмяльных дзела, кража каня... Ух, ад дзесятага верасня яшчэ! Каб ты спрахла, як яно завалялася... Вось і не перабяры папкі... А гэта? Справа калектыву «Пушчыцы». Бачыш ты! Не разарвешся... А ён яшчэ ўпікае! Стаў бы на маё месца - нябось, то не прадсядацелем... Патрасіся па гэткай дарозе вёрстаў па сто на тыдзень - не паздаровіцца. І сёння - каму спачынак, а гэта - спяшы паабедаць ды падавайся зноў...»

Адхіліўся і паглядзеў у акно.

На захадзе выдалася чырвоная паласа проміню. Брыжастыя берагі цёмнае хмары тонкаю плеўкаю распаўзаліся над цёмным лесам.

«А вось мо мароз будзе... Хоць бы малавеле сціснуў гэтую гразоту. Омегам выходзіць. Другі месяц пайшоў, і як завяло - ні сняжынкі. Што за зіма - трэба цуду давацца, ды годзі-ы!.. Розуму не возьмеш, як і што гэта чаўпецца. Адкуль тая паласа насунулася?» Заглядзеўся на патухаючы промінь.

- Можа, ужо пойдзеце, таварыш начальнік? - нясмела з-за дзвярэй запытаў Франук. - Ужо меркне на вуліцы... Ці мо лямпу засвяціць?

Астап адвярнуўся ад акна, паспешна злажыў паперы і завязаў папку.

- Іду, збірайся запіраць канцылярыю. Стары забразгаў замком і, калі Астап выйшаў з свайго кабінета, сустрэў яго словамі:

- Вось пацікаўцеся, як замурзалі падлогу. Цэлы дзень народу, мэрам на вакзале. Ідуць ды ідуць, адкуль ён бярэцца. Яшчэ ніколі не было столькі. Нанасілі гразі, саломы... Дубас злаваўся, раз-поразу пазіраў у акно, вас чакаў.

Стары засмяяўся.

- Далі яму пытлю за сённяшні дзень! Не вельмі смашна быць начальнікам. Мне б на ваша месца - тыдню не паслужыў бы.

- Чаму? Святыя гаршкі лепяць? - Ён павярнуўся. - Бывайце здаровы, дзядзька! - і выйшаў.

 

IV

 

Падкарэла гразь - браў марозік. З зорнага ціхага неба падалі малюпаценькія пылінкі шэрані і асядалі лёгкаю вільгаццю на голых дрэўцах хмызнячку. Стыла вада ў лужынках.

Конь цвёрда ступаў, прыбіваючы слабую кару гразі. Чутна было ў ціхай ночы, як хрусцела ў каня пад нагамі.

Астап узіраўся ў бок Стадолішч, перакідаючы поглядам палі. Узгрудак, што абымаў пасёлак Глушакі, хаваў гала палёў. Дый ноч брала сваё: зоры - і многа зор, але цем тушыла іх сваёю сопухаю. Толькі больш-менш зблізку можна было разгледзець дзераўца ці лужыну, а на паўганоў - чорная сцяна. «Ці паехаў Гарбузік? - пытаў сябе Астап. - Можа, збаяўся?»

І ўсумніўся, ці ехаць самому.

Бездараж, цемрыва. Кудою пакіраваць на Глушакі?

За мастом, выехаўшы на ўзгрудак, Астап угледзеў агеньчык. Смуглы, ён выглядаў здалёк воўчым вокам. Але дарма, можна ехаць хоць цярэспаля, нацянькі.

Астап накіраваў каня проста да агеньчыку. Паслушная жывёліна сышла на раллю і, лезучы па калені ў гразь, пайшла полем. Сапла, фыркала, паднімала голаў, блыталася, шукаючы лепшых мясцін, мяжы ці разоры. Астап лопаў далонню па загрыўку, цешыў, угаварваў і тут жа ўслухоўваўся.

Азіраўся ў бакі, налева і направа, узад.

Агеньчык гарэў роўна, адным промінем, вузкім каснічком слаўся к Астапу. І здавалася, не блізіўся.

Астап меркаваў на яго, думаючы: «Няўжо-такі Гарбузік сапраўды распусціўся? Ці можа тое стацца? Цікава. Непрыкметна на ім, а ў тым - хто яго ведае. Згадзіўся ахвотна ехаць. Але ж дарма - я начальнік, прыказаў - мусіць».

Падпусціў сумнення: «А мо і так, як кажуць? Вось жа не раскрыў пакражы ў гэтых самых Глушаках. Цэлы тыдзень валаводзіцца, а канцоў не відаць, хіба скрывае? Тое можа быць і з бярозамі, прыедзе знарок ноччу і не нойдзе. Дасць любы адгавор...»

Суцешыўся: «Добра, аднак, што паехаў, трэба выверыць хлопца. Справа вымагае. Не глянеш, не пасачыш - і распусцяцца. Чалавек - не жалеза, спакусы многа ўсякае».

Конь шаргануўся між кустоў, фыркнуў і натапырыў вушы. Агеньчык замільгацеў між ралак. Збоку нешта зашамала. Астап памацаў кольт...

Навяло думкі на бандытызм, на той план, які апрацаваў, далажыў сёння прадсядацелю і мусіў выпаўніць на наступным тыдні.

«Добры вечар, - шкода, што не паехаў у Процьмы... Свята, як быццам бы гуляць да Вікці. Ану ж і скутак быў бы...»

Праехаў кусты, рашыў: «Пагляджу тут і з Гарбузікам далей, шкода гэткае пары».

Забрахаў сабака - здалося, агеньчык падблізіўся.

Скрыпнуў вочап у студні.

«Адзін, не ведаюць бандыты, а то б з кусцікаў».

Аглянуўся - кусцікі згінулі ў процьме ночы.

А вось і гумно, агеньчыкаў з дзесятак.

Да сабакі, што брахала, прыбавілася некалькі новых. Заліліся выем, затрывожылі пасёлак.

Астап завярнуў у двор першае хаты, злез з каня, пастукаў у акно, запытаў:

- Міліцыянера не ведаеце дзе?

Маладзіца падбегла к акну.

- У Асінені Прахора, трэцяя хата.

Забрала Астапа - завярнуў каня, ускочыў і праз мінуту быў у двары Асінені. Вокны завешаны фіранкамі. Смех у хаце, голас Гарбузіка.

Прыгнуўся на кані і паверх фіранкі зірнуў у акно. Угледзеў: на ўслоне, адвярнуўшыся спінаю да стала, сядзеў Гарбузік; сярод хаты стаяла дзяўчына, ухмылялася. У запеку - стары.

Пастукаў Астап у дзверы - выбег Гарбузік.

- Павал!

- А, таварыш начальнік?

- Як з парубкаю?

- Найшоў сляды. Хрышчанік Якаў.

- А што зрабіў?

- Я заўтра наскочу, сёння...

Астап западозрыў.

- А тут чаго?

Гарбузік замяўся.

- Ведаю, брат... Ну, давай абследуем зараз Хрышчаніка гэтага. Як кажаш?

З хаты выйшаў гаспадар...

- Чаму ж у хату не зойдзеце? Каня ў прыгрэбіцу... Ах, і служба ж ваша!

- Некалі.

- Вайдзеце, чаго там, абагрэцца хоць бы з дарогі. Не блізкі свет, гэтаю дарогаю, гразотаю, слякотаю... Ах, ах... Вядзеце каня ў прыгрэбіцу...

Астап здаўся, павёў следам за гаспадаром. Павал астаўся каля парога...

- Служба, ведаеце, і людзі гэткія... хоць бы і вашы глушакоўцы, каторую ўжо бярозу на шляху высеклі? Ці то ёсць лад, парадак? Жывуць у вас не бедна, а то-та ж... Ну, як тут добрым будзеш? Нядаўна з пакражаю, а пасля з гэтымі хлопцамі ўсе ў Глушаках...

Гаспадар маўчаў. Адчыніў вароты ў прыгрэбіцы, увайшоў. За ім Астап, да шула прывязаў каня.

- Ну, як там? - запытаў з-пад дзвярэй Гарбузік.

- Гатова! - адказаў Астап, і не паспеў астыць голас, як бухнуў зычны стрэл. Астапу мэрам бы хто стукнуў каменем у нагу, так моцна, што ён не ўтрымаўся і кінуўся на зямлю.

- Павал, ратуй! - прагукаў і ад болю сціснуў зубы, што больш слоў не выйшла.

Гарбузік падбег да Астапа, абмацаў усяго і паглядзеў на руку: была ў свежай крыві.

- Памагайце ў хату ўнесці, - вялюча сказаў Гарбузік гаспадару Асінені. - Бандыцтва, прахвосты!!! - вылаяўся ён. - Спаліць мала ўсе Глушакі!

Некалькі чалавек, спагадаючы, падбеглі к двару, загаманілі, завылі сабакі гучней і зласлівей.

Астапа ўнеслі ў хату, распранулі, перавязалі рану, палажылі. Дзяўчына апранула новаю коўдраю, у прыгожа выплецены дэсань.

- Заснеце! Якая напасць!!!

А Павал Гарбузік, перапалоханы, адчайна крычаў:

- Бандыты, шляхты паганыя! Гэткага чалавека згубіць!.. З-за вугла, з-за гумна...

- Што ж ты да нас маеш - ці ж гэта нашы, думаеш? Мала брадзягаў бадзяецца зараз? Цудны ты, Павал, - выбачаўся Асіненя.

Але Гарбузік не зважаў, крычучы і тупаючы...

- За свайго начальніка - адамшчу паганцам, - выгукнуў ён і кінуўся ў дзверы.

- Куды ты, Паўлік! Куды ты! Паберажыся!.. У адказ захрабусцела гразь пад нагамі Гарбузікавых ботаў - ён пабег на пасёлак, бы гонячыся за кім. Праз хвіліну пачулася раз-поразу некалькі стрэлаў. Асіненя ўзяўся рукамі за голаў.

- Што-о ён ро-обіць, што-о ён робіць? - і тут жа хапіў свежа-пасечаных дроў, што ляжалі пры печы, знакам паклікаў жонку. - Пакідай у печку, - шапнуў ёй на вуха і азірнуўся на Астапа.

А Астап драмаў, утомлены, змардаваны, абяскрывяны. І хатні гоман, і брэх сабак, і водгук стрэлаў Гарбузіка зліваліся ў яго пачуцці ў нудны шолам прысад, рэдкіх, пасечаных, сіратлівых, пакараных гэтаю зімою, і побач - маладых, свежых, што ён меркаваў, марыў насадзіць пасля гэтай незвычайнай, няпамятнай гразкай зімы 25-га года.

 

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая