epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Радзіме

Прымі, савецкая радзіма,

Адданасць шчырую табе,

Любоў віруючую ўздымам,

Гатоўнасць легчы ў барацьбе

За цэльнасць злітую, стальную,

За моц нярушных рубяжоў,

За радасць, даную мне, тую,

Што лучыць сонца нашых днёў.

 

Я чую гоман перамогаў

У бурным поступе тваім

Над льдом паўночным, над парогам,

Над дзікім лесам векавым...

 

Мяне хвалюе і пястуе

Грымотны згон старых вякоў,

Той бурны тэмп, з якім будуе

Атрад стальны бальшавікоў.

Жыццё, няведамае свету —

Прыгожы яў адвечных мар,

Натхнёнай песняю апетых —

Якіх з нас кожны гаспадар...

 

Стагналі жудасцю гнятлівай

З сахой у полі, пры станку,

І сумна пеў пясняр пра нівы,

Пра смуткам ўбраную раку.

 

Даволі, годзе слоў і мыслі

Аб тым, што ўзяў адвечны скон,

Над чым заслонаю павіслі

Праменні сонца нашых дзён.

Мой шлях стары пераацэнен,

І пыл яго развеян з ім...

Ўвянчаў цябе, радзіма, Ленін

Высокім ордэнам сваім!..

 

Табе, савецкая радзіма,

Я працу й душу аддаю...

Прымі і мой аброк ты сынны —

Адданасць шчырую маю!

 

1935


1935

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан