epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Раньш і цяпер

Сякеру, молат, серп і плуг

Нам доля з роду даручыла,

За працай цяжкай крэп наш рух,

Расла за працай наша сіла.

Ад золку к цёмнаму, ў працяг

Сяклі мы, гваздалі й аралі,—

Ў крывавым поце ды ў слязах

Сваіх тыранаў збагачалі.

Ад працы нашай свет паўнеў,

Таміўся, здэцца, ад багацця,

Хто смачна піў, хто смачна еў,

Хто жыў у роскашы, ў палацах —

Той быў павінен толькі нам,

Ад нас залежаў той ад роду...

А нам, працоўнікам, майстрам

Не мець было й на міг свабоды...

Нуда і голад, недахват,

Нядоля й здзекі ў цесным сплёту,

Вянчалі працы наш пасад,

Прыгонам гналі на работу.

І мы рабілі... Ці ж цяпер,

Калі свабодная краіна,

Патухне палкі наш намер

К рабоце ўпартай ды няўпыннай?

Ці мы не знойдзем свежых сіл,

Старанняў новых не дастанем?

І наш магутны творчы ўздым

Свабодным духам не ап’янім?

О, не, бурляць ужо ў душы

Пазыў, імкненні ды ахвота

Стальной калонаю рушыць

На адбудоўчую работу.

Сякера, молат, серп і плуг

Ў руках свабоднага не тое,

Чым раньш тамілі гарды дух,

Ды цела ранілі худое.

Наш кожны ўзмах, наш кожны стук,

І ў ніве кожная разора,—

У жыцці працоўных меней мук,

Жыццю свабоднаму падпора.

Дзе будзе праца наша йсці,—

Адна служыцьме нам дарука

Нядолю цяжкую звясці,

Паставіць крыж над цяжкай мукай.

За працу ж ўсе! К зямлі, ў завод,

Размах яе шырэй раскіньма,

Камуны хай яна прыход

Кіпучай творчасцю абдыме.

 

Мінск, 11/І-1921


1921

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан