epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Сцяна федэралістаў

1

Крывавы чэрвень памятнага году

Хаваў пакутную свабоду

Рукамі Т’ера, дзікага тырана,

Крывёй заліўшага паўстанне.

Апіўшысь ўцехай перамогі

Над храбрых жменяй камунараў,

Сюды вялі парыжскія дарогі

Ваяк захопленых на кары.

Дзесяткі, соткі зможаных на полі

Бойкі доўгае і ўпартае за волю

Варужжам гналіся к сцяне

Знайсці спачынак ў вечным сне.

І дні, і ночы доўга не змаўкалі

Крывавых катаў стрэлы над сцяною —

Сыноў Камуны грамадою

Няўсціхна кулі там нізалі.

Лілася кроў. Адвагай цвёрдай згартаваны

Адважна лёс страчалі ветэраны

Няўспеўшай расцвісці Вялікае Камуны,

Раджонай ў буры, ў бліскаўках ў пяруну...

Прайшлі гады, і кроў пралітая ваяк

Вяком пакінула на памкі знак

Ў крыві запёклай на жалезе

Й каменях цвёрдых Пэр-Ляшэза.

Вось кожны год у свята Гадавін

К сцяне той йдуць рабочыя Парыжа

Аддаць Камуне свой ўспамін,

Пабыць ўспамінамі з ёй бліжай,

Пры ўзгорках ўзрошчаных магілаў

Ваяк ў іх спячых — камунараў,

Набрацца к бойкам дальшым сілаў,

Падаць адвазе слабых жару.

 

Мінск, 13/ІІІ-1921

1 Сцяна федэралістаў — гэта мур на могілках Пер-Лашэз на ўскраіне Парыжа, дзе расстрэльвалі французскія белагвардзейцы парыжскіх камунараў. Камунары зваліся яшчэ федэралістамі — ад слова «федэрацыя» (акруга). Ад гэтага і сцяну празвалі «Сцяной федэралістаў».


1921

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан