epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Сэрцу волю!

Сэрца ў грудзях б’ецца,

Нібы выйсці хоча;

Нудна яму ў клетцы

Цёмнай, як цень ночы.

 

Сэрца свету хоча,

Яму волі трэба,

Песень, шчасця, красак,

Шырокага неба.

 

Сэрцу цяжка стала

Скутаму трасціся,

І ад ран з кайданаў

Болі разрасліся.

 

Дык хоць адну каплю

Волі яму дайце,

Вылецець гуляці,

Эх, не прашкаджайце.

 

Хутка адапрыце

Пад замкамі дзверы,

Каб яно не ўмерла

Ў муках тых без веры...

 

1912


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан