epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Сельскі мітынг

Запоўнены стадол, як яблыку упасці,—

Грамада прагная варушыцца, шуміць;

Пытанне носіцца вакола,

а што ўдасца...

Што будуць тут прамоўцы гаварыць?

 

Ці ўловіць што настроенае пільна вуха

Ў прамовах тых, што мусяць скора пачынаць?

Што скажуць скліканым аб сконе галадухі,

Аб прадналогу, аб рэвалюцыйным руху

 

За межамі, аб тым, як землю падзяліць?

Мо новых йшчэ навін паслухаці пазвалі —

Пара ж бурлівая і віхрам ходзіць свет,

Авось цару якому голаў абламалі,

 

А ўладу краем пераняў сабе савет.

Мо трэба ружжа браць і йсці сваю краіну

Ад новых воражных нападаў бараніць?..

Напэўна будзе нейкая асобная навіна —

Нездарма ж сход, як мора бурнае, кіпіць...

 

Нездарма гушча прагная жаданнем палкім дыша

І сотні йграючых маланкаю вачоў

Кідаюць бліскамі праглівымі туды, к узвышшу,

Адкуль к ім сыпне зараз дождж завучых слоў.

 

«Пайшоў, вунь-вунь, як быццам ён!» — прайшло

стадолам,

І потым раптам знік той зычны медны гуд...

Й сціша глыбокая, нярушная вакола,

Скавала жданнем вострым мітынговы люд.

 

«Браты-таварышы! Сюды вас ўлада пасклікала! —

Прамоўца голасна людзям пачаў казаць:

— Краіну вольную, што панства разбурала,

Павінны мы сумесна, разам аднаўляць»...

 

І стройна з вуст прамоўцы словы палкія прызыву,

Бы іскры зыркія, разносяцца наўкруг;

І зноў стадол, прыўцішаны, прытоены, маўчлівы —

Ўшчынае гуць пад рупны, выбухнуўшы рух...

 

І ў гудзе тым клякоча помста тысячнай грамады

Да тых, каму ўспадзе на думкі йшчэ калі

Падняць руку узбройную сваю ці мець панаду

Зрушаць аднову роднай, вольнае зямлі.

 

Мінск, 29/Х-1922


1922

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан