epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Сельскі рэўком

Найлепшы ў вёсцы цэлай дом,

Нібы знарок, стаіць здалёку,

Вакол абнесены садком,

Каб цешыць станам сваім вока.

Над стрэхай жоўтаю вісіць

Чырвоны сцяг і дні і ночы.

І пры ваходзе паглядзіць

Яго вясковец ды рабочы.

Ад ранку к вечару ў той дом

З усіх канцоў шнуруюць людзі,

Пытацца рады аба ўсём,

Адказ знаходзіць ў перасудах.

Паёк, раскладка, дроў насеч —

На ўсё тут знойдзеш тлумачэнне.

І цэлы дзень гудзе ў ім рэч,

І цэлы дзень к яму імкненне.

У світках шэрых, ў кажухох,

Відаць, начальства шпацыруе,

Дае адказы па бакох,

Прашэнні піша і дыхтуе;

Тлумачыць пільна, як каму

Якую можна мець падмогу,

Прыслухна, міла к усяму,

Не крыўдзіць й каліва нікога...

І ўсё так простасцю нясе,

Свабодным духам вокал вее,

Народ, яго начальства, ўсе,

Што ў гэтым доме ўкол віднее.

Пад сцягам, звіслым над страхой,

Над лепшым ў вёсцы цэлай домам,

Камуны час куе сабой

Работа сельскага рэўкома.

 

Мінск, 3/ІІІ-1921


1921

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан