epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Сокі цаліны (пачатак першапачатковага варыянта)

БАЦЬКАВА ВОЛЯ
  Часціна першая
  2


 

БАЦЬКАВА ВОЛЯ

 

Часціна першая

Ужо зусім звечарэла, калі Зося прывяла з пашы каня. На вуліцы было цемнавата, але жыццё і не думала заміраць: на прызбах там і сям сядзелі мужчыны і бабы ў святочных апратках і вялі меж сабою рэзвыя гутаркі, у якіх часта прабіваўся вясёлы і бесклапотны рогат, жарты і выгукі. Пасярод вуліцы доўгім цугам пляліся з пашы худыя, дробныя і панурыя кароўкі, стрэламі імчаліся такія ж тонкія замораныя свінні; збіўшыся гуртам і спалохана азіраючыся дрыгалі ўпэцканыя, пастрыжаныя авечкі, і пыл стаяў слупам. Рык кароў, рохканне свінней і мэканне авечак, а таксама несціханы крык дзяцей, якія не лепш, як авечкі, таўкліся на вуліцы, запыленыя і замурзаныя, ганяючыся адно за другім, — усё гэта яскрава сведчыла аб тым, што нягледзячы на звячорак, жыццё ў мястэчку Сілцы біла крыніцаю.

Завёўшы каня на прыгумень, Зося барджэй пабегла ў хату, каб чаго перакусіць, вымерхаўшыся за дзень. І вось, толькі яна пераступіла парог, раптоўна з хаты на стрэчу ёй кінулася яе малодшая сястрычка, замурзаная, пілявая Тэклечка і, падаючы ёй пісьмо, пралепетала:

— Вось табе, Зоська, пісьмо прынёс паштальён. Яшчэ з самага ранку я яго хаваю, нават і маме не паказвала.

Зося, нічога не кажучы, барджэй выхапіла пісьмо з рук сястрычкі і, забыўшы нават пра яду, павярнула ізноў у сенцы.

У сенцах яна скінула з сябе старую пашарпаную світку, парудзелыя шкарбаны і зблеклую шаліноўку, узяла на століку газніцу, якая заўсёды стаяла ў сенцах пад рукамі на ўсякі неспадзяваны прыпадак, запаліла яе і, прысеўшы на ўслоне, далікатна і з нейкай панскай асцярогаю разадрала з самага беражку руды, прымяты кабэрцік, дастала адтуль скрэмзаную гранатовым атрамэнтам паперачку і пачала, бэкаючы знарок, чытаць: «Даражэнькая, шаноўная Зоська, — гэтак пачыналася пісацца ў пісьме, — кожны дзень, што я кажу, нават кожную гадзіну, я імчуся ў сваіх думках туды, к табе, на кнею свае роднае краіны, у сваё дарагое мястэчка Сілцы.

Твой святы і бязмерна дарагі ля мяне абраз, ніадходна лунае перада мною і — дзе я ні павярнуся, а куды я ні азірнуся. Цэлымі дзянькамі карпеючы ў фабрыцы і чуючы бяссціханы шум і грукат машын, мне здаецца, што гэта трашчаць і грукочуць ні страшэнныя фабрычныя машыны, а калёсы мужычых драбін да панарадаў, хутка коцячы(ся) з гор па камяністым каляіністым сцежкам родных палеткаў. Далей мне здаецца, што на гэтых драбінах ды панарадах, як і заўсёды, едзеш і ты разам з другімі сілкаўскімі працаўнікамі-хлебаробамі з свайго поля пасля ворыва ці баранавання і заўсёды вясёлая і жыццерадасная, з гасцінна адплюшчанымі вачыма, з лёгкім маладзёністым ружам на светлай пекнай тварыне. Каханая Зоська! Паўсвету прамандраваў, мільёны дзяўчат бачыў, але ні годнае не змог падмеціць, каб хоць каліва на цябе паходзіла. І не толькі мільёнаў, а з цэлага свету дзяўчат на цябе аднюсеньку ні памяняю».

Зося адхілілася ад пісьма, глыбока і зацяжна ўздыхнула, ап’янёная наляцеўшым шчасцем і радасцю; пачакала крыху ды падумала і, здаволеная ліслівасцю, але і мілаю Рыгораваю хвальбою (а пісьмо было ад яе каханка Рыгора Нязвычнага), злёгку ўсміхнулася і далей узялася чытаць: «Я гэтак прагну дамоў, так рвуся на радзіму, каб барджэй прыехаць у Сілцы, дзе б сумеў убачыць цябе, абняць і пацалаваць, што проста не ведаю, як дачакацца тых свят, тае Троіцы. Ведаеш, бач, Зосюлька, гэта ж на Тройцу я маю быць дома і мяне пускаюць на цэлых пяць нядзель на пабыўку, у госці, і я ўбачуся з табою, даражэнькая Зоська.»

Прачытаўшы гэта, Зося ажно падскочыла ад радасці, весела завярцела галавою, прыжмурыла вочы і ўчуткі, не судзержыўся, праказала сама сабе: «А божачка каханы! Няўжо я гэтага не сню? Ой, прышлі ты скарэй тую тройцу.

Гук яе слоў данёсся і ў хатку, дзе знаходзілася адна Тэклечка. Дзяўчынка зразу расчула Зосіны словы і падумала, што тая чагось патрабуе яе і выклікае ў сенцы; вось яна падбегла к дзвярам, адчыніла іх крыху і запытала:

— Чаго хочаш, Зоська?

— Нічога не хачу... Хочаш, хочаш... Я цябе не клікала,— выварачывалася Зося на сястру, не адварачваючыся ад пісьма.

Тэклечка ад крыўды прагаманіла і барджэй зачыніла дзверы. Зосю дрэнчыла дачытаць.

Так вось жа, — пісаў пад канец Рыгор, — чакай мяне напэўна, Зоська, к Тройцы і я прыеду. А тым часам бывай здарова і шчасна. Жадаю табе ўсяго найлепшага ў тваім жыцці. Шчыра цябе вітаю і цалую твае шчокі і губкі. Твой шчыры навекі Рыгор».

Дачытаўшы да канца пісьмо, Зося перагарнула яго зноў к пачатку, паглядзела на першыя словы, пачакала з хвілінку і прынялася ізноў чытаць, другонны раз, ужо выгаворваючы многія словы ўчуткі. За чытаннем яна запомніла, што час быў позны, жыццё на вуліцы пачало глухнуць; пра яду яна таксама забылася. Гэта пісьмо ад Рыгора, якога Зося чакала ўжо цэлы месяц узрадаваў яе, што апроч яго (пісьма), ёй здавалася больш нічога не трэба было на свеце.

— Ах, — раптам адарваўшыся ад пісьма, прагукала Зося, — а тая ачамера бадай ізноў скора прыплішчыцца. Эх, як ён мне адвароцен гэты Васіль; бач няма на яго ніякае пагібелі: не адчапіцца ды годзі. І чаго ён, немач на яго, ушалопаў сюды швэндацца, чаго? Ні сораму, ні брыдкасці за сабою не чуе...

Але Зося не паспела дацягнуць да канца свае рассуды, як чыйсь гоман на дварэ, якраз ля сенешніх дзвярэй, перашкодзіў ёй. Зосі паказалася, што то няйначы, як Васіль з яе бацькам гамоне. Не хочучы спаткацца з імі ў сенцах, яна хутчэй схапіла са стала пісьмо, барджэй згарнула яго ў некалькі столак і захавала ў кішэню, сама ж затушыла газніцу і ўскочыла ў хату.

— Зоська, га Зоська, вунь Васіль к табе ідзе, паднарадзіся хаця ў ляпейшую спадніцу,— стрэла на парозе Зосю Тэклечка.

— А табе якое дзела? Яшчэ, бок, што! Не мела чаго рабіць. Шышка вельмі вялікая — Васіль, — нездавольная адказала Зося і пачала нырпаліць у мыцельніку, каб чаго знайсці і перакусіць.

— Тэкля, ці не аставілі мне чаго-небудзь паесці? — лісліва абярнулася Зося к сястрыцы.

— Пачакай крыху, паспееш, вымерхалася вельмі; вось войдуць у хату мама і будзем вячэраць.

— А дзе ж тая, мама?..

— На дварэ, вунь, зараз войдзе, — адказала Тэклечка.

 

 

2

Не чакаючы, аднак, покуль войдзе ў хату маці, Зося неяк напала ў кошыку на паліцы на кавалачак сала, дастала яго, а да таго яшчэ адламала палавіну яшнага блінца і ўсмак пачала ўплятаць.

Не больш, як хвілін праз пяць, у хату ўвайшлі: Зосін бацька, здаровы чорны і смуглы, але яшчэ малады і здаровы мужчына з расчэсанымі на прадзел валасамі, у чыстай крамнай картовай жакетцы, у такіх самых портках, выпушчаных цераз халявы элегантных глянцовых ботаў з густымі, як у гармоніку складкамі, работа самага лепшага масцера ў Сілцох, Самуля Пыця; рэзвы і з таёмнай хітрасцю ды пранырлівасцю мужык Мікола, якога мелі ў воку траха не ўсе, ніколі ніводнае справы не ўладзіўшыя без яго, Прыдатнага. На шаг за ім пераступіў парог Васіль Бераг, малады і крэпкі хлапец, але нехлюяваты, сутулы і косы, з лёгкім рабаценнем на белым пляскатым твары, сын Янкі Берага, аднаго з багацеяў сілцоўскіх, памёршага некалькі гадоў назад ад запалення і пакінуўшага свайму адзінаму сынку вялікае наследства, якое аддаў разам з ім пад апеку свайму малодшаму брату Хлору да «савяршэнналецця Васіля», як пісалася ў Завяшчанні. У канцы ўсіх была Марта, маці Зосіна, трывалая карчукаватая, але рухавая і выверткая маладзіца, гадоў так пад трыццаць пяць, з поўным чырвоным тварам і знямерна пукатымі грудзямі і шырокім крыжам; нібы заведзеная машына, яна бесперапынку ўсё лепятала, ні на мамэнт не сціхнуўшы, ушчаўшы яшчэ з надворку. Сваёй гутаркаю Марта разам ажывіла ўсю хату.

— Няхай бы ты хаця троху падчубырылася. Эх, эх, неахайная ты, як я бачу, — гарачылася яна на Зосю, убачыўшы яе ў тым адзенні, у якім тая пасвіла каня.

— Вось жа не бачыш хіба, што ў цябе пад бокам каханак, як золата: чысценькі, акуратненькі, ажно міла падзівіцца на яго, — указваючы пальцам на Васіля дабавіла Марта і пры гэтым жартоўна падмігнула хлопцу пранозаватымі вачыма, ажно той не ўцярпеў і ўхмыльнуўся. Гледзячы на яго, стала весела і Міколу, які толькі ўвайшоўшы ў хату, барджэй хваціўся за люльку і стаў перасыпаць тытунь з пачкі ў капшук.

— О, браток, Васіль, — весела загаманіў Мікола, не вымаючы люлькі з губ, каб табе ды бог памог дастаць такую бабу, як мая Марта, — ніколі б не загінуў бы. Маскаль — не баба... Дачка та ўжо зусім інакшая, не тое.

— Вось годзе хаця грашыць богу, — нездаволена адсекла гаспадару жонка. — Яшчэ дай божа, каб наша Тэклечка пайшла па Зосі, то я б нічагуткі ад госпада не прасіла б...

— Ты, ша-ша-ша, я ж ніякае ганьбы на Зоську не ўскладаю, — перацяў Мікола жонку на слове.

— Та будзе вам хаця сварыцца; а то за мяне ды гатовы шчэ за чубкі ўхапіцца. Клопат вам вялікі аба мне: якая ўжо ёсць, такой і буду, — упікнула бацькоў Зося, стоячы пры стале і з думкаю па гультайству, жуючы ў роце.

Васіль маўчаў, яму неяк ніякавата было слухаць чужую спрэчку, і ён, нібы не звяртаючы на іх увагу паважна і самавіта праходзіў па хаце то ўперад, то назад, дудукаючы сабе пад нос нейкую зацяжную няроўную мелодыю. Час ад часу падымаў к столі галаву, азіраў сцены, абразы, якімі быў убран увесь покуць і дзве сцяны: адна ад траму да покуці, другая з покуці да першае бэлькі.

З абразоў ён спускаў вочы ніжэй і пазіраў на стол, а адтуль на твар Зосі — малады, свежы і жыццёрады. Яму, Васілю, надта ж жадалася сёння вымавіць з ёй. Зосяю, хоць некалькі слаўцоў, выказаць імі тыя думкі, якія ён бярог для гэтага ўжо многа часу, ды ўсё не меў здарэння, а то і не асмельваўся выказаць іх ёй. Любячы Мікалаішку (так празвалі Зосю ў Сілцах), любячы яе нязмерна, не выказана, як можа толькі любіць чалавек з яго розумам, з яго павагай, з яго прыткасцю,— Васіль мучыўся ўвесь час адным: яму ўсё думалася, што Зося яго зусім не кахае, а калі і сустракаецца з ім, ды сустрэўшыся перакінецца некалькімі словамі ці пройдзе крыху, то гэта ўсё так сабе, па далікатнасці толькі; сэрца ж яе ляжыць к другому: к таму, як відаць, гарадскому збегляцу, Рыгору Нязвычнаму. Ён ужо ад многіх чуваў, што Зося з ім абменьваецца пісьмамі, што заўсёды яна забегвае да яго мацеры Стэпы, тайком ад сваіх бацькоў, каб праведаць аб ім; ды нават заўсёды, апроч гэтага і з ім, Васілём, часта ў гутарцы ані-ні саромеецца ўспамінаць Рыгора. І гэта ўсё так прыкрыла Васілю, гэтак мучыла яго, што ён не ведаў, якімі б лекамі збавіцца ад яго і збавіць Зосю.

«Ах, ах, — почасту раздумваў ён, — хай бы яго там якая немач прыдушыла, каб ён не змог ужо вярнуцца і чмуціць яе болей... Або не, каб як, здаецца, яе бацькоў падбухторыць та яны б яе скора аднадзілі б ад яго; толькі апроч усяго, дзівуе мяне адно: і што гэта за дурасць найшла на дзяўчыну? Хіба ж яна нічагуткі не разумее, што не бачыць той вялікай розніцы паміж мною і тым галяком, збягляцом тым. Але — нічога: бацькі яе хітры і, як я бачу, дык бацька хінець к таму, каб яна іначай думала.

І цяпер, тупаючы па хаце, ён у тысячны раз перадумваў іх, гэтыя заблытаныя, не разгаданыя свае думкі. Нешта нашэптвала яму, каб ён асмеліўся і пазваў Зосю прайсці з ім на вуліцу, прысесці дзе на прызбе ды пасядзець удваіх і расказаць ёй усё тое, што згрудзілася ў яго на душы, выкласці ўсе свае таемнасці,— толькі нейкая палахлівая нясмеласць, нейкая цёмная, дзіцячая баязлівасць стаялі папярок і па-начальніцку стрымлівалі яго рашэнне, прасцярагалі ад лішняга з’яўлення яго. І няведама чымсьці і як усё гэта скончылася: пазваў бы ён Зосю сам, ці яна мо намякнула яму, а мо і ні ён, ні яна не абазваліся б словам і бедным, а моўчкі прыкіпелася б Васілю пасядзець і пакінуць хату Міколы, каб не Марта як на тое шчасце, каторая зразу загаманіўшы ўсё вывела на новую дарогу...


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Гартны Ц. Збор твораў: У 4 т. Т.2. Сокі цаліны: Раман. - Мн.: Маст. літ., 1988. - 463 с.: іл.
Крыніца: скан