epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Спатканне

На вуліцы змяркалася.

Залатыя чырвоныя праменні сонца аблівалі хібы хат крывавым водбліскам.

Было ціха. Густы мяккі пах гароднае зелені і садовых кветак свежым імпатам напаўнялі цёплае пыльнае паветра, робячы яго яшчэ болей душным і цяжкім.

У вёсцы, як і заўсёды, цякло жыццё ў звычайнай летняй клапоце, што звязана з тэрмінам касьбы і жніва.

Адрэдку па вуліцы праязджаў селянін з поля, варочалася адтуль жа з мяшком травы сялянка. Бегалі і крычалі ля хат рэзвыя, бесклапотныя дзеці, брудныя, абарваныя, з пакудлачанымі валасамі.

Агапа сядзела ля акна, устраміўшы ўзрок у акно суседняе, Дзям’яна Гляка, хаты, дзе весела гулялі адсветы агнёва-чырвонага праменю. У яе галаве поўзалі ўпартыя, настойныя, ужо праз цэлы тыдзень не пакідаўшыя яе думкі, якія часткаю пераходзілі ў апрацаваны, абдуманы план. Пільна, заглядаючы ў самыя захоўныя дробязі яго, Агапа абдумоўвала, стварала ўсялякія магчымасці для яго выпаўнення і ўчуткі рашала: — Болей чакаць не намерана: няма магчымасці і няма сілы. Досі ўжо! калі не стану на цвёрдую нагу — не згаварыцца з імі нізашто. Ды ім усё роўна незразумелы ні маё пачуццё, ні мая мова, ні... усё, што мяне акольвае. Вось ужо скора два гады, як жыццё ідзе не па той пуціне, на якой яны звыклі яго бачыць... Два гады, як згібла мінулае, а ім... нібы ўпартым, даруйце мне за вымову, казлам, хочацца свайго...

Пачуўся гук звону, зварушыўшы сонную вёску і напомніўшы аб заўтрашнім спачынку — нядзелі.

Агапа паднялася з лаўкі, устала і па старой прывычцы перажагналася ды глыбока ўздыхнула.

— Хутка прыйдуць... А прыйдуць — я і паведамлю ім, што надалей кончана. Кіну-рыну і паеду — бо болей тут не магу заставацца, як яны сабе хочуць.

Агапа адвярнулася на хату і міжвольна спыніла ўзрок на сцяне; партрэт, у пазалочанай аправе ручнога вырабу, прыцягнуў яе да сябе. Агапа падалася бліжэй к сцяне. Нерухома, усё ў адным палажэнні, вось ужо болей году, глядзеў на яе са сцяны Кастусь, заліхвацкім, бравым, у форменнай вопратцы чырвонага афіцэра, з рамухамі цераз плечы, папругаю і буйной звяздою на левым баку грудзей.

Кожны раз, як Агапа глядзела на партрэт дарагога ёй чалавека,— а глядзела яна траха не кожную хвілю, знаходзячыся ў хаце,— сэрца яе білася часцей, цёплае пачуццё ўцехі напаўняла душу, а прагнае, калючае жаданне — ехаць к міламу Костусю — катавала яе да болю.

«Прыязджай да мяне, у Н. Наша вайсковая часць пасля шасцімесячнага бывання на пазіцыі знаходзіцца ў горадзе на спачынку. Спачываць будзем болей месяца. Я чакаю павышэння па службе і, можа стацца, застануся начальнікам гарнізона. Бач, я адлічыўся ў бойках, дастаў падзяку, і за гэта мне даюць павышэнне».

Так пісаў Костусь у лісце да Агапы.

І яна тысячу разоў прачытвала гэты ліст і кожны раз, перачытваючы яго, праглася да «жаданага Костуські» ўсёю душою.

Але час бег, а варункі і абставіны дамашняга жыцця перашкаджалі ёй сарвацца з месца і паехаць. Праўда, тут яшчэ крыху віною былі яе трусасць ды нерашучасць. «Найду ці не найду Костуся, а ад бацькоў адарвуся... Тады заклянуць яны мяне, адракуцца назаўсёды. Бо супроціў іх волі мне прыйдзецца збегчы ад іх»,— думала Агапа, калі сэрца прыводзіла да рашэння...

І так мінула каля месяца. Цэлы месяц! Як многа часу! Колькі вады за гэты час працякло, якія здарэнні маглі трапіцца ў жыцці Костуся, у яго жыцці, поўным раптоўных капрызаў долі!

Але пачуццё перамагала ўсё, сэрца патрабавала свайго. Уся істота яе заставалася абуранай неадчэпнымі думкамі аб ім, аб Кастуську. Не ішла на вум работа, кідалася з рук, нівошта не займала, нішто не цікавіла. Гэтак доўга жыла з ім, гэтак шчыра зблізілася, так прывыкла да яго, так пакахала! Хто ж і што ў моцы разлучыць іх назаўсёды, палажыць непераходныя перашкоды да іх спаткання?

— Кінь ты гадаць аб гэтым, цудная! Пакінь дурасць. Што ты ўгледзела ў ім самавітага, што з розуму па ім сходзіш? Кінь, Агапка,— у добрым настроі часамі ўгаварвала яе маці. А часамі, калі ёй дачка назаляла сваім Костусем, сур'ёзна гразілася:

— Выгнаць цябе, нягодніца, трэба. Усю сям’ю нашу апаскудзіць захацела... Звязалася, шэльма, з бальшавіком, і няма рады... З бальша-авіко-ом!! Нібы няма лепшых хлопцаў на свеце... Вось пачакай, прыйдуць легіянеры, тады іншае запяеш... Ды праз яго і нам бяды не адкасніцца будзе... Прычэпяцца — і аграбяць ці заб’юць за няма нішто, за жуліка якогась там... Выганім, Агапа, насур’ёз кажу табе, калі не адрачэшся ад яго!..

— І трэба выгнаць! Волю сабе дала! Моц пачула... Праз бацькоў і не шманае! Пачакай, галубка, вазьму я цябе ў рукі! — ушчуваў Агапу бацька.

І ўшчунак яго выводзіў Агапу са сцерпу ды яшчэ болей умацоўваў яе рашучасць хутчэй уцячы да Костуся, збегчы ад нядобрых бацькоў і здзейсніць свае мары. «Начальнік гарнізона! Усе падчыняюцца яго распарадкам, усе яго слухаюць! Пасля гонкі, беспрыхільнасці... Го, мой Костуська,— марыла Агапа ў самоце.— Не, паеду, паеду, паеду! — пераказвала яна сама сабе, міжвольна ўтураючы рэдкім, мерным ударам звону.— Толькі, калі мне пайсці з дому? І як пайсці, каб ніхто не знаў, не бачыў, адной, цішком?» — гадала яна ў натузе.

— Вечарам! — штосьці падказала ёй: — Заўтра вечарам. Чаго ж чакаць далей! Парашыла — дык выпаўняй...

Агапа на момант супакоілася: прайшлася некалькі разоў па хаце, уздоўж і ўпоперак, нават зацягнула напеў адной рэвалюцыйнай песні, які збадзёрыў яе, падняў настрой і абудзіў ахвоту, а потым зноў прысела.

Прысела і радым узрокам пачала змяраць праз акно сцены хатаў, садкі, вуліцу.

Так прайшло з паўгадзіны...

— Ну, ужо ідзе, ужо вяртаецца, ужо пачнецца,— раптам праказала яна самой сабе, нездаволена зарухала і адвярнулася ад акна з нейкай каразліваю паспехаю.— Спакою няма: толькі ўзнялося сэрца, як ізноў...

Стук дзвярэй і ўваход у хату Агапінай мацеры перабілі яе думкі. Агапа змоўкла і адвярнулася ў акно.

А маці, Домна, высокая, гадоў пад сорак, кабета, поўная і стройная, з гладкім тварам, пераступіла парог, акінула хату сур’ёзным узрокам і, прыкмеціўшы дачку ў акне, спынілася.

— Ты ўжо даўно дома? — чэрства запытала яна.

Агапа не адказала.

— Ты чуеш ці не? — гулчэй вымавіла Домна.

— Не вельмі,— неахвотна адказала Агапа, міжвольна ўздрыгнуўшы.

— А бацька не прыязджаў? — запытала маці.

— Не,— скрозь зубы праказала Агапа.

— Нябось, ты ўсё дзьмешся... Недастае чагосьці табе ў нас, крыўдзяць, бедную... Не даюць волі дурнотаў чыніць... Мала сораму яшчэ прынесла бацькам, ды сплётак парадзіла сваімі дзеямі, дык яшчэ болей хочацца надазаліць... Няхай, вось, паказваюць пальцамі на цябе: «Твая дачка ўліпла ў басяка, запісалася ў бальшавікі...» Ад кожнага чуеш, кожны ўпікае... Эх, і паспела ж пераняць ліха ведае што. Што й будзе з тваіх вытвараў... дачка!..

«І чаго яна грызецца...» — падумала Агапа, якой рабілася няўрымна стаяць на адным месцы і слухаць матчыны прычыты. Яны гэтак ужо ўеліся ёй у косці, так надазолілі! І яна то сударгна ўздрыгвала, садзячыся на лаўку, то нервова паднімалася. Задуменны ды змучаны цяжкімі думкамі яе твар то бляднеў, то чырванеў. Расплакалася.

— Ды будзе вам, маці, расходзіцца: усё роўна ўжо вам мяне не справіць. Давайце лепей разыдземся ў ладох,— нерашуча, цярэбячы ў руках кончык фартуха, праказала Агапа.

На яе твары празіяла ўхмылка.

Маці, не ждучы гэткіх слоў ад дачкі, ажно затупала па хаце.

— Што-о ты кажаш?! — недаўменна запытала яна Агапу.

— Але, маці, заўтра я парашыла ехаць да Костуся. Непрыменна. І не думайце перашкаджаць... Нічога не збаюся. Годзе... Рукі налажу на сябе, калі гвалтам будзеце трымаць.

Гарт і парашымасць, з якімі Агапа праказала гэтыя словы, да таго жахнулі Домну, што тая ўся ажно затрэслася ад ахапіўшага яе сполаху. Як трымала гаршчок у руках, так і выпусціла яго на зямлю, праліўшы крупнік. Збялеўшая, ні то ад злосці, ні то ад спуду, яна нямым голасам загаманіла:

— Як? Хто? Што? Агапка, чаму ж ты так!

У голасе яе чуўся спуг, разгубленасць, бяспомачнасць.

— Паеду, паеду! як сабе хочаце... На фронт, далёка. Не магу далей слухаць вашых ушчункаў... грызні, сварак... Чырвонаю сястрою паеду... буду перавязваць раненых чырвонаармейцаў... Буду сама біцца супроціў паганых шляхтаў ды паноў. З вінтоўкаю, з кулямётам ў бойку пайду паміж з Костусем... Памру з ім. Не магу тут болей заставацца : надаела мне ўсё ў вас, і вы, нават вашы рэчы, вашы думкі і жаданні; усё сяло, паветра, якім сапу я гэта. Скончана!

Домна стаяла, як прыварожаная да месца, і не магла ўтлуміць сабе, што вакол яе чаўпецца. Яна была абурана ў канец нечаканым парашэннем дачкі. «Адкуль усё гэта ўзялося?» На ўсё яны, бацькі, глядзелі скрозь пальцы, як на патворы ды дурноту распуснае дачкі. А тут — на табе: вунь што выходзіць!

— Агапка, чаму ж гэта ты? — міжвольна вырвалася з губ Домны. А разбухтораная Агапа ліхамысна паглядзела на мацеру і выйшла з хаты.

На дварэ пачуўся стукат калёс і зычны гоман: гэта вяртаўся з поля бацька Агапы, Ясь.

Набліжаўся вечар.

 

Назаўтра, нядзеляю, Агапа прачнулася раннім ранкам. Усю ноч яна праляжала, не заплюшчваўшы вачэй. Малявала планы, думала, гадала, перакідалася думкамі к Костусю. Час ад часу ў яе душу закрадвалася сумненне, находзіў страх перад будучыняю, і не моцна неспакоілася... Але раптам настрой яе мяняўся: смелыя, бадзёрыя думкі і рашэнні адганялі няўверанасць, паднімалі дух, і Агапа ўставала з ложка, неаднораз парываючыся хоць зараз жа ноччу пусціцца ў дарогу. Яна сама не магла б адказаць, што яе стрымвала і застаўляла ізноў лажыцца ў пасцель ды раздумоўваць, уражаць далей.

І якія толькі вобразы не прамігаліся перад ёю ў гэту ноч!.. Вось Костусь на кані, у элегантным, з іголачкі, гарнітуры, з буйною звяздою на левым баку грудзей, з рэвальверам. Ён вядзе цэлы полк чырвонаармейцаў. Чутна музыка, якая грае «Інтэрнацыянал», песні... А вось і пазіцыя... Чуецца рэдкая страляніна... Гарцаюць на конях польскія уланы, аддаецца каманда... Відаць бліскучыя гузікі і эпалеты на іх сурдутах і шынялях... Уй-юй! Як адваротна!.. Адкормленыя мызы, усё, здаецца, знаёмыя панкі ды фальваркоўцы... «Эх, змяць бы іх усіх,— думае Агапа,— Костуська, удар на гэту сволач і раздаві шляхту ў шпэлах... Няхай і другім закажуць яны ступаць на вольную зямлю, у працоўную Беларусь».— «Зністожыць, усіх зністожыць Чырвоная Армія! — чуецца ў адказ ёй голас Костуся.— Я абуруся з ёю на паганае панства...» І Агапа бачыць далей, як ён махае шабляю ў напрамку да лагера палякаў. Чырвонаармейскія грамады паслухна здымаюцца з месца і гушчэрнаю калонай рынуцца ў бойку. Чуецца рэзкі выстрал, выяўны... за ім другі, трэці, многа... і яны будзяць Агапу.

Яна прачнулася, але цяжар, прынесены бяссонніцай, звязваў яе рукі і ногі, прыкоўваў да ложка.

— Ах, трэба паднімацца! — праказала яна пад канец і ўстала, змардованая, бяссільная. Задумалася, заохала... з паўгадзіны прасядзела нерухома...

 

— Агапка, Агапка-а...— перабіў яе думкі рэзкі вясёлы вокліч убегшага з вуліцы яе малодшага браткі Сымонкі.— Прывязлі Костуся Акрайца... Уу-у-у! якая пекная труна! Уся абабітая чырвоным мошастам, з белымі кутасамі па рагох, з вянкамі наверсе. Якіясьці два афіцэры прывезлі на пары коней...

Апошніх слоў Агапа не магла разабраць: сэрца яе балюча ёкнула, нібы абарвалася, працятае вострым нажом. Не павярнуўся язык, каб выказаць слова, запытацца, разузнаць. Дзікім сполахам абдало яе ўсю, але не забіла, а толькі на момант прышыбла...

Хутка, маланкаю саскочыла Агапа з ложка, схапіла ляжаўшую на лаве хустку, нядбала накінула яе на голаў і ў сподняй спадніцы вылецела на двор.

Адчаяны непрытомны выкрык, вырваўшыся з яе вуснаў: «Бо-о-жа-аж мой! Ко-осці-ык дара-агі!», зліваўся з рэзкімі стукамі засаўкі...

— Агапа! Агапа! Што-о з табою? — паняслася за ёю Домна, убачыўшы праз акно дачку, якая бегла на вуліцу.

А на вуліцы ў гэты час чуўся жудасны зацяжны плач. Збіраўся сялянскі натоўп, і чуўся пахавальны звон.

 

1920


1920

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан