epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Сымонка-інжынер

І
ІІ
ІІІ
IV
V


І

Сымонку Кеплю было дзесяць гадоў ад роду; ён быў старшым дзіцем у сваіх бедных бацькоў, гарбара Андрэя і Луцэі Кепляў. Апроч Сымонкі яны мелі яшчэ дзвюх дзяўчатак: Параску — старшую і Марыльку — малодшую. Як першука Сымонку любілі і бацька, і маці дужа шчыра і крэпка, ды было завошта яго любіць. Сымонка быў хлопчык рэзвы, дасціпны, заўсёды вясёлы і, галоўнае, паслухмяны да сваіх бацькоў. Ніколі ён не адказваўся выпаўніць бацькава ці матчына даручэнне і ні словам не пярэчыў іх прыказанням. Ці пашлюць Сымонку ў краму купіць што, ці да суседзяў — што-колечы пазычыць, ці прыкажуць вартаваць хату, пайшоўшы самі ў заработкі,— Сымонка да дробязі выпаўняў наложаную на яго павіннасць.

Да ўсіх іншых якасцей меў ён і розум ды здольнасць не па гадах.

За гэта Сымонку бацькі ставілі ў прыклад, калі заходзіла ў іх гутарка аб дзецях. «Наш Сымонка, будзь ён здароў, удаўся хлапчук»,— казалі яны.

А між сабой у вольны час разважалі Андрэй і Луцэя Кеплі так:

— Ведаеш, Луцэя, мы свайго Сымонку вучыцьмем і вучыцьмем. Аж пакуль сілы нашае хопіць. Скончыць ніжэйшую школу, аддамо вышэй, а там яшчэ вышэй і да канца...

— Вядома, што там было б вельмі добра, каб выстарчыла нашых сіл. Але тое блага, што гатова стацца нам не пад сілу. Заработкі нашы невялікія — толькі што пражыць сяк-так хапае. Ды то, бачыш во, на зняпад ідзе тваё рамяство. Умяшалася гэта рэвалюцыя і як ёсць усё ўверх дном паставіла. Чакалася аднаго, а напаткала другое. Тым часам сілы твае пакрысе растаюць... Няведама, Андрэй, як яно выйдзе.

Луцэя судзіла па-свойму, як і заўсёды, а ў нутры сваім думала: «Будзем старацца з усіх сіл».

— Кінь ты, дурная, сваю няверу,— перабіваў Луцэю Андрэй,— ну, хай пакуль і цяжэй чуецца, але гэта часова так... Гэтая цяжкасць мінецца, пяройдзе, і нашаму брату-рамесніку куды лягчэй зажывецца. Мала што бывае... Паглядзі, колькі ўсякіх труднасцей прыйшлося спаткаць рэвалюцыі на сваім шляху: тут і немцы, і палякі... Апошнія ўжо болей паўгода, як топчуцца і дратуюць нашу зямлю. А прагонім іх — іначай пойдзе. Будзе навука нашай — і сродкаў не так шмат патрабуецца на Сымонку, каб яго вучыць... Навучым, за інжынера вывучым...

Калі так казалася пры Сымонку, то ён пільна слухаў бацькоў, здавальняюча ўсміхаўся і падрастаў на некалькі каргоў. «Буду інжынерам! Буду інжынерам!» — пераказваў ён па некалькі разоў сам да сябе, а бацькам хваліўся:

— Мяне, татачка, мяне, мамачка, вельмі любіў настаўнік: заўсёды казаў, што я старанны і здольны яго вучань, паслухмяны хлопчык, што з мяне могуць выйсці людзі.

— Ай, ды ты мой разумнік,— гладзіў Андрэй па галоўцы свайго сынка,— выйдуць, выйдуць з цябе людзі! — і цалаваў.

А Луцэя дадавала ўслед:

— Трэба, Сымонка, быць чалавекам, трэба. Выйдзеш сам у людзі і сваіх сястрыц выведзеш.

Параска і Марылька згодна і рашуча заключалі бацькоўскія гутаркі па свайму разуменню і дапаміналі бацькам:

— Як Сымонка паедзе вучыцца за інжынера, хай нам лялек прышле.

 

ІІ

Мястэчка Ступа, у якім жыў Сымонка з бацькамі і сёстрамі, стаяла пры рэчцы Плаўні. Пачынаючы з пятнаццатага года, яно ўвайшло ў вадакрут вайны і не пазбаўлялася яе ажно да прыходу на Беларусь бальшавікоў. Праз чатыры гады ўсякія страхі абымалі Ступу і ступаўцаў жалезным колам страляніны, чырвоным полагам пажараў. Забываліся падлічыць, колькі разоў пераходзіла мястэчка з рук у рукі: адны прыходзілі — бралі, выдавалі свае законы, пасля аднекуль з’яўляліся другія — адбіралі ад першых, адмянялі іх законы і парадкі. І кожны раз у гэткіх выпадках ішла страляніна, валяліся па вуліцах раненыя і забітыя людзі, стаяў шум, траскатня. Міжвольна ступаўцы прымірыліся да гэткай сваёй долі. Найбліжэй зрадніліся з неспакоем дзеці. Іх цікаваму задзёру хапала досыць яды, а на дзіцячую чулую душу было чаму ўплысці.

Захапіла ваеннае паветра і Сымонку. Ён часта-густа станавіўся правадніком у дзіцячых гульнях у вайну. Гэта да таго падабалася Сымонку, што ён і слухаць не хацеў бацькоўскай гутаркі аб інжынерстве. «Зрабіце з мяне лепш афіцэра, і я буду з палякамі ваяваць»,— адказваў бацькам Сымонка. Тым болей яго падбівала вайсковасць, калі бацькі, гутарачы аб забраўшых Ступы і ваколіцы паляках, пракліналі іх і чакалі скорага збаўлення.

Сымонкаў бацька больш сямі месяцаў пры паляках не меў работы і два разы быў заарыштаваны за лаянку польскіх парадкаў. З вялікімі труднасцямі прыйшлося ўсадзіць Сымонку ў школу. «Кепля — бальшавік»,— казалі палякі і рабілі яму ўсякія злачынствы. За гэта Сымонкавы бацькі і клялі, і лаялі палякаў. Ды не адны бацькі! Сымонка бегаў да таварышаў і чуў, што таварышавы бацькі таксама точаць зубы на «паноў-захопнікаў». Запала і ў яго чулую дзіцячую душу гарачае пачуццё крыўды і помсты да агульнага ворага. І з гэтага часу ў сваіх гульнях з дзецьмі Сымонка перамяніў характар і выразнасць дзеяў, ахрысціўшы немцаў — палякамі, а расійцаў — чырвонаармейцамі. Кожны раз ішла бойка ў іх між двума гэтымі станамі. Сымонка заўсёды быў начальнікам чырвонаармейцаў. Ён чуў, як бацька цішком паведваў мацеры аб хуткім іх прыходзе ў Ступы і сам з нецярплівасцю чакаў. Абы раніца — выходзіў з хаты на вуліцу, узлазіў на шула і глядзеў на ўсход, за рэчку, ці не ідуць чырвонаармейцы. Сымонка чакаў, што яны прынясуць яго бацьку работу, а дзеля ўсіх вызваленне — штосьці вялікае і каштоўнае, бо вельмі ўсімі пажаданае.

— Татачка, ці ж скора прыйдуць чырвонаармейцы? — часта пытаўся Сымонка ў бацькі.

— Скора, скора, сынок. Ты толькі маўчы, нябож, не плявузгай, дзе не трэба,— перасцерагаў бацька.

Сымонка слухаў бацькі — баяўся каму-кольвечы казаць пачутае ад яго. Але затое сам-насам ні на хвілю не мог звольніцца ад думкі аб чырвонаармейцах; яны здаваліся яму на кожным кроку. А далей сталі сніцца. Абы лёг на пасцель, заплюшчыў вочы і сумеўся, як адразу цэлыя грамады людзей перад ім з песнямі, са сцягамі, з падарункамі для ступаўцаў. Уваходзяць у Ступы, праганяюць палякаў, надзяляюць імі яго бацькоў, бацькоў Якава, Грышкі і Мікіты і ўсіх-усіх.

Раніца ў раніцу прачынаўся Сымонка вясёлы і здаволены, падбягаў да бацькоў і пераказваў ім свае сны; а скончыўшы расказваць, дадаваў:

— Хай толькі сапраўды прыйдуць чырвонаармейцы ў Ступы, дык я разам з імі пайду біць паноў.

Андрэй усміхаўся, гладзіў Сымонку па галаве і казаў:

— Ваяка мой залаты, рэвалюцыянер мой адважны!

— А вы пойдзеце? — пытаўся Сымонка ў бацькі.

 

ІІІ

Адной раніцай, якраз у сяродку лета, разбудзіў Сымонку гучны стук гармат. Ён сумеўся ад страху і выгукнуў на хату:

— Тата! Мама! Што гэта?

Але ў хаце нікога, апроч сястрыц, не было. Тады Сымонка хутка начапіў на сябе порткі і кашульку і пабег з хаты. Выбег у двор і жахнуўся: была поўна вуліца войска. Ішлі, ехалі вярхом на конях і на вазах. А дзесь за местам, ля могілак, на адгоне двух-трох вярстоў ад іх хаты, ішла частая страляніна. Па мястэчку стаяў шолам, як у лесе, як у дні вялікіх кірмашоў. Усё гэта ўз’юшыла Сымонку, прыдало яму бадзёрасці, імпэту, пацягнула з двара на вуліцу.

— Сымонка-а, куды-ы ты прэшся? — супыніла хлапчука маці, запрымеціўшы, куды той бяжыць,— ці ты ашалеў, ці якое ліха? Бачыш, страляніна гэткая, што не давядзі госпад...

— А дзе наш тата? — запытаў Сымонка ў мацеры.

— Тата? Не глядзі на тату... Ён пайшоў з цёмнага, дык і цяпер няма. Можа, таксама дзе-кольвечы кулю атрымаў...

Пачуўшы гэта ад мацеры, Сымонка больш нічога не сказаў, а як уюн порстка шмыгануў з двара і захаваўся ў гушчы чырвонаармейцаў, падводаў.

— Куды-і ты, абармоціна-а! Сто-ой,— выгукнула ўслед Луцэя і кінулася к вешніцам, каб супыніць хлапчука. Але, выбегшы на вуліцу і акінуўшы ўзрокам шэрагі чырвонаармейцаў, якія неперарыўнаю чарадою выходзілі з аднаго канца вуліцы і накіроўваліся ў другі, яна не ўгледзела Сымонкі. Маладзіца ажно садрыгнулася ад пярэпалаху, але не ведала, што зрабіць, і ў нерашучасці прастаяла хвілін з дзесяць на адным месцы, а пасля вярнулася зноў у двор.

Сымонка ж апукаю каціўся ўздоўж вуліцы к рынку. Яму ўвайшло ў голаў, што яго бацька павінен быць там, дзе адбываецца бойка з палякамі. Ён успомніў бацькавы словы, якія бліснулі яму чырвонымі іскрамі. Дзіцячае нутро, запаленае ад іх помстаю да паноў, да праціўных паноў, якія праз цэлы год так ліхамысна здзекаваліся з яго бацькоў, свідравала Сымонку, пхала яго бегчы на тое месца, дзе чынілася ім адплата.

— Куды ты, пастралёнак? — перапынялі Сымонку чырвонаармейцы, хапаючы яго за руку.— Там цябе застрэляць, варочайся.

Сымонка вырываўся і праныраў далей ды далей. Ужо каля рынка ён спыніўся. Страляніна падалася ўлева, за касцелішча. Каб бегчы да яе, трэба было звярнуць з вуліцы, пакіраваць на гароды, а далей — у луг к могілкам. Сымонка задумаўся, памеркаваў і раптам марзкануў у бліжэйшы двор. Не азірнуўся ні разу на чырвонаармейцаў.

 

IV

Праз некалькі хвілін ён ужо быў у лагу, у густой мяккай траве, на адгоне вёрст паўтары ад могілак.

Між кустоў і ўзгоркаў, дзе хаваліся крыжы, не сціхалі раздавацца то частыя, то аднаразовыя стрэлы. Паміж імі чуліся людскія выгукі. Сымонку памарылася, што ў агульным голасе «ўра» адмецен голас яго бацькі. Ён узорыўся ў адну прагаліну між нізкага густога куста арэшніку і стромага покату ўзгрудку. Прытуліўшыся шчыльна да зямлі, ляжаў там чалавек і мерыўся з стрэльбы наўскасяк. Палкае выабражэнне Сымонкі стварыла з чалавека яго бацьку: рудаватая шапка на галаве, кароткі чорны курцік — акурат. Хлапчук нязмігутна ўзіраўся і ўсё паўней і выразней адзначаў бацькавы рысы. Сэрца трапятала вострым жаданнем хутчэй апынуцца каля яго, каб хоць раз стрэліць у пана. Жаданне гнала Сымонку ўбежкі. Адно мігцелі белыя ножкі ў высокай мятліцы, путаючыся ў дзяцельніку і свірэпе. Сагнуўшы ручкі на востры вугал і падняўшы іх роўна з плячыма, ён рытмічна, як на гімнастыцы, пасоўваў іх то ўзад, то ўперад. Часта сапучы, Сымонка ціха шаптаў адны і тыя словы: «Хутчэй бы дабегчы! хутчэй бы дабегчы!»

Праз паўгадзіны ён ужо быў на грудку, за якім ляжалі могілкі. У вочкі кінуліся крыжы, жоўты пясок на могілках, бегатня людзей.

— Тата-а! тата, дзе ты? — гукнуў Сымонка.

Зусім недалечка, як бы над самым яго вухам, раздаўся гулкі залп: аглушыў Сымонку, ажно збіў з ног. Хлапчук упаў, але раптам падняўся і кінуўся ўбок. Знаёмая прагалінка нібы вынікла з зямлі перад яго вачыма і нявызнанаю сілаю пацягнула Сымонку да сябе.

— Та-та-а! — выгукнуў ён, бегучы, і з радасці разняў рукі. Той жа чалавек, якога ён бачыў здалі ў прагаліне і які выдаваўся Сымонку за бацьку, глядзеў яму насустрач, выставіўшы вінтоўку.

— Тата-а! — пераказаў выгук Сымонка, прабегшы яшчэ некалькі крокаў. І не паспеў адсапнуцца, як штосьці грукнула і адначасова моцна стукнула яму ў пах, паваліўшы яго ніцма на зялёную мураўку. У вушах зазвінелі кусочкі раструшчанага шкла, а па ўсяму целу расплылася цеплыня і санлівая ўтома. У паясніцы да таго моцна закалола, што Сымонка хапіўся рукою, думаючы, нібы яго хто рэжа. Вочы заплюшчыліся самі, і як ні тужыўся ён адчыніць іх — не мог. У вушах стаяў працяжны бразг...

 

V

Праз нейкі час Сымонка пачуў над сабою чыйсьці голас, які пытаў:

— Хто ты, малы?

— Я... я Андрэеў...

— Чаго ты сюды папаў?

— Тут бацька мой...

Пяцёра чалавек з вінтоўкамі — два паўстанцы з мястэчка Ступы, а тры чырвонаармейцы — стаялі над хлапчуком, які ад болю шоргаўся па зямлі, і з бацькоўскаю спагадаю суцяшалі яго. Але Сымонка ўжо не чуў іх слоў — памяць пакідала яго.

Не маючы адказу на свае словы, двое стаяўшых каля яго паўстанцаў паднялі Сымонку на рукі і пайшлі з ім да бліжэйшых кусцікаў, дзе асцярожна палажылі яго на зялёную мураўку.

— Ты пабудзь з ім, Сідар, а я пабягу к курганам, пазаву Андрэя, павінен быць з левага фланга,— сказаў адзін паўстанец да другога.

Сідар згодліва кіўнуў галавою, узяў на плячо вінтоўку і паціху затупаў каля Сымонкі, другі хутка, бягом кінуўся праз могілкі да курганоў. Сідар чуў, як ён, адбегшыся мо на гоні, гукнуў: «Андрэ-эй! Андрэй!» — і пахіліўся да хлопчыка, каб зазірнуць яму ў вочы.

Сымонка спакойна ляжаў, як бы без дыху, пабляднеўшы, схудаўшы. Чырвоная, запечаная кроў малюнкавым нарысам засушаных пацёкаў пярэсціла радняныя замурзаныя порткі. Правая рука, зложаная ў жменю, як бы не пускала скатвацца на траву новым каплям крыві.

— Дарма хлапчук прапаў! — парашыў сам з сабою Сідар.— Как карысць якую зрабіў?! Бацькам гора набыў...

Ён адвярнуўся ўбок курганоў і пільна паглядзеў, зрабіўшы пальцамі казырок над вачыма.

— Не відаць нікога! Дзе ён дзеўся? Пакінуў тут аднаго...

Сідар зрабіў некалькі крокаў узад і ўперад, адцягнуўшыся ў думках зусім на другія рэчы і выпусціўшы з галавы Сымонку.

— Сідар, га, Сідар! — раптам перабіў яго роздум нечы вокліч.

Сідар азірнуўся — то аклікаў яго таварыш.

— Няма, брат, і Андрэя! — матнуў той рукою з нейкім азлабленнем.— Ляжыць вунь пад курганом. Кінуўся, кажуць, пярэднім на польскі раз’езд і адразу ж атрымаў кулю. Толькі-толькі я паспеў дабегчы. Можа, чуў, як стралялі?

— Ды ўвесь час страляюць... Вось скажы, што з малым рабіць?

— Давай панясем да бацькі! — парадзіў Сідар. Пачапіўшы вінтоўкі цераз плечы, паўстанцы схіліліся над Сымонкам і асцярожна ўзялі яго на рукі.

— А мо ён яшчэ не дайшоў?

Сідар крануў рукою Сымонкавага лба, пасля прылажыў вуха да грудзей.

— Ды ўжо па ўсім. Вечны пакой... Удваіх ляглі за святую справу... Хадзем, брат Сымонка, да бацькі...

Паўстанцы спешна панеслі нежывога Сымонку к курганам.

 

1921


1921

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан