epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Таварыш інспектар

Нецікавых рэчаў у гэтым свеце няма.

Але ёсць людзі, якія нічым не цікавяцца.

 

Грыпіна Вядзерка сядзела на маленькім дзіцячым зэдліку і сачыла за копкаю дзетак, што ўвіхаліся каля абеду. Малыя шалуны, крыклівыя, быццам вараняты, трашчэлі, перагукваліся адно з другім, лаяліся, стукалі тоўстымі дзеравяннымі лыжкамі па стале. Вакола вялізных лаханак стаялі лужы гнядога, як памыі, крупніку. Рагі гэтае стравы рысавалі ружовыя сукеначкі дзяцей. Дзве кухаркі пазіралі з дзвярэй у пякарню за малымі і нясмела пасмейваліся. Час ад часу то адна, то другая пыталі дзяцей:

— Дзеткі, падаваць другое?

І ці то іх дзеці недачувалі, ці проста, прывыкшы да нядбайных безудзельных нотак у голасе кухарак, не хацелі ім адказваць. Тады адказвала за іх Грыпіна Вядзерка:

— Пачакайце, яшчэ не разлічыліся з першым.

— Другое прастыне,— напіралі кухаркі, хочучы як найхутчэй скончыць з гэтаю надаеўшаю ім цырымоніяй.

Дзень у дзень, вось ужо з трэцяга траўня, яны вараць на пяцьдзесят душ дзяцей у калоніі абеды і вячэры; раніцаю гатуюць у катле гарбату. Адно і тое: сушаную садавіну ў гнілаватай вадзе замест гарбаты і пратухлую пшонную крупу ў крупніку ды ў кашы. Прыкрасы — так скупа, так ашчадна, што ў крупніку — ні скалачкі, а каша — перасыпаецца пяском — пэўна, не вельмі смачна. І галоднаму трудна ў рот убіць — не лезе. Ці ж кухаркам гэта невядомая рэч? Варылі, гатавалі, дзякаваць богу, абедзве не адзін дзесятак гадоў. Знана, добра знана, як смачна і калі нясмачна. Што ж дзіўнага, калі ў гэтай вось калоніі згубіўся смак у страве. А дзе масла, а дзе сала, мяса? Страва любіць тлустасць. Ясна як на ладоні. Дык не, быццам гэта якая злачыннасць, вось за смак ды за патраўнасць няйначай яны, кухаркі, павінны адказваць. Тадора і Юзя. Упікае за гэта Грыпіна Вядзерка, упікае Саламея Кублік, бухгалтар Ахрэм Маркавеня... Усе, хто толькі тым або іншым стыкаецца з кухняю, каго нялёгкая прыгнала ў калонію. Быццам згаварыўшыся...

Няйначай згаварыўшыся... Праўдзівей падгавораныя. Падгавораныя, бо і дзеці — за адно. І падгавораныя — кім? Грыпінаю Вядзерка.

Вось чаму кухаркам надаела цырымонія з абедам, і вось чаму і Тадоры і Юзі зненавісна кожнае слова Грыпіны Вядзерка. Чамусьці кожны раз яна, Грыпіна, адказвае за дзяцей, судзіць яду за іх, таксама камандуе падачаю стравы і ўборамі са стала. Што за парадак гэткі — узялі ды паставілі над імі гэтага фельдфебеля? Кара нейкая, думаюць кухаркі і точаць на Грыпіну Вядзерка зубы.

А Грыпіна Вядзерка добра разумее, у чым справа; улічае ўсе недахваткі з боку матэрыяльнага забеспячэння калоніі, ведае, чаму і што яны. І за гэта нікога не вінаваціць — тым болей кухарак. Як-ніяк, а дзеці паправіліся, ды нават добра. Нагуляюцца і ядуць у смак, кампаніяй. Не так ужо дрэнна і дарослым. Так што яна не наракае — кухаркі пераўвялічваюць. Калі Грыпіна Вядзерка і кажа аб ядзе, то яна адмячае тыя хібы, якія выходзяць з нядбайнасці кухарак у час гатавання. Сапраўды, і Тадора і Юзя глядзяць на сваю працу, як на малазаработную, дачасную, ненавідзяць яе і адносяцца да яе — між тым ды іншым. І выходзіць, што амаль ні штодня ці падгарыць каша, ці ў крупнік вугалле насыплецца, ці не даварацца крупы, пі з крупніку выйдзе другая каша, і дзеці — з’ядуць кашу ды кашаю закусваюць... Няўжо гэтага нельга адмеціць? Або нельга за гэта ўпікнуць? Гэтае права Грыпіна Вядзерка прызнае за сабою і строга яго аберагае... Тым болей што дзяцей яна шануе і стараецца даглядаць, мэрам бы родная маці. Праўда, крычыць на распусных, ушчуе мудрагельных, але дзеці ёй даруюць усё. Бо тут возьме накрычыць, а дзіця супакоіцца — і цётка Грыпіна яго прыласкае. Але што тут агульнага ў адносінах Грыпіны да кухарак і да дзяцей?

Дзеткі чарадою, як гусяты з гускаю, ладзяць са сваёю настаўніцаю.

Саламею Кублік забываюць, і мала якое адварочваецца паглядзець назад, ці «цётка Саламея таксама тут». Ходзяць і просяць дзеці хадзіць з імі, галоўным чынам, Грыпіну Вядзерка. Бо яна — яна кіраўніца — вучыць іх пяяць, расказвае казкі, знаёміць з назоваю кожнага дрэўца і кожнае красачкі. За дзяцей, за іх здароўе адказвае Грыпіна Вядзерка, і яна ж іх абстойвае перад усіма.

 

Грыпіна Вядзерка любіць дзетак не за службу, а з пачуцця. Яна ўглядае ў малых тое бесклапотнае, рэзвае, маладое жыццё, якім нясе ад дзяцей. У вобразе дзесяткаў дзяўчатак і хлопчыкаў, смехуноў, крыкуноў яна бачыць адбітак таго хараства, якое заключаецца ў фармаванні будучага чалавека, асобы, цэлага свету. Вось чорненькая, трапяткая Матрунка — які досціп, якая жвавасць, зацікаўленне да кожнае з’явы! Вуньдзека з правіловай, нібы адточанай формай твару чарнавокі Юзік. Ніжа поглядам, як шылам. Думае, майструе ўсякія штучкі, цацкі, мадэлькі. Задуменная Гэлька. Неўгамонны Яська... Усе, як каралькі з разнастайных дарагіх каменьчыкаў на вясле, у перабіўку. Кожная фарбачка азвыклася ў Грыпініным ваччу, знайшла сваю мясціну. Гэтак ніжацца людская гісторыя спакон вякоў — да гэтага дню, да моманту, калі вось дзесятага ліпня ў сераду дзеткі з калоніі ядуць абед.

На гэты раз абед без вады. Кухаркі мякка пераглядаюцца адна з другою; не вераць, што ўсё ціха адбудзецца. З’елі дзеткі крупнік — абышлося. Хутчэй бы з гэтаю цырымоніяй! Надаела! Тадора і Юзя не вераць, каб Грыпіна Вядзерка спакойліва, але ябедліва не папікнула: «Ізноў сапсаваны абед». Ім не ўцярпеж падаць каму, прыбраць: няхай дзеці спачываюць, а Грыпіна Вядзерка бяжыць да рэчкі на купанне.

— Ужо падаваць кашу?

— Давайце.

Грыпіна Вядзерка сказала і выбегла на ганак. Дзеці не заўважылі, а кухаркі — прыкмецілі. Было навіною, што яна не сядзела, як заўсёды, пры стале да канца абеду, не ўглядалася за кожнаю ложкаю кожнага дзіцяці, а сарвалася і, як каза, мерсканула на ганак. Тадора з Юзяю, носячы лаханькі кашы з пякарні на стол, перашэптваліся адна з другою. Паглядалі ў бок Саламеі, якая, замест абеду, прылягла на ложку і прынялася чытаць, напэўна, ліст, і не абміналі ганка.

— Што б гэта было?

— Цікава.

Гэта — да канца абеду, які зацягнуўся больш звычайнага. Рупела кухаркам ведаць прычыну, чаму сёння Грыпіна Вядзерка зусім інакшая,— і яны спяшылі памыць пасуду ды выйсці на двор.

— Глядзі,— казала Тадора,— Саламея адна дзяцей укладае.

— Але, але.

Саламея Кублік усё яшчэ чытала ды перачытвала адзін і той жа лісцік. Гартала над галавою, шоргаючы паперай. Сонца прабівала шэрую паперу, і чырвоны атрамант свяціўся дробнымі рыскамі. Дзеткі спалі ціха-ціха, як-то ў летні поўдзень спіць трава. Зрэдка выкажа іншае скрозь сон невыразнае слаўцо і зноў замоўкне. За акном, у воддалі, на дзядзінцы, чуваць гутарку — то прайшлі цеслі з абеду. Загукаў певень, і апошняе «ку» заглушыў лісцем кустоў. У пякарні, дзе на паложаных на козлікі дошках сушацца лаханькі ды ложкі, шэрагам, пад роем мух, мушак і вос, нікога. Тадора і Юзя не паспелі скончыць з пасудаю, як вышмыгнулі на двор. Зараз яны пачнуць гатавацца да вячэры — гадзін праз тры забегаюць па пякарні. А цяпер пайшлі, каб пачуць, можа ёсць якія навіны, паглядзець, куды пайшла Грыпіна Вядзерка.

У самы абед прыехаў інспектар соцвыху. Якраз тады павяртаў вазок да стайні, калі Грыпіна Вядзерка стаяла на ганку, пакінуўшы дзетак адных есці кашу. Яна зранку пачула, што ў калонію маюць прыехаць на агляд. Бухгалтар праведаў і ёй давёў. Вось чаму сёння яе трывожыла гэта і вось чаму, абедаючы, яна не зважала на якасць стравы, а спакойліва, нядбайліва перакідалася словамі з кухаркамі. Трывожыла не так баязлівасць перад начальствам, як цікавасць — якое яно з сябе...

Грыпіна Вядзерка чула раней, што ў акрузе адбылася змена інспектара. Як быццам бы паставілі на месца ранейшага — Мікалая Барбарука, яе знаёмага.

Даўнейшага знаёмага, ад 15 году, з часу, калі яна спаткалася з ім у Лідзе настаўніцаю двухкласавае школы. Барбарук быў падпаручыкам аднаго з сібірскіх стралковых палкоў, які ішоў на фронт. Усё, як заўсёды, было выпадкова: і спатканне, і знаёмства. Надта бягуча, а таму суха ды чэрства. Мэрам бы не заўважна для маладога, спраўнага афіцэра, перад якім стаяла здань смерці і закрывала сабою не толькі яе, Грыпіну Вядзерка, а і ўсё на свеце, нават бляск сонца. А між тым сёння зранку вобраз Барбарука — у форме афіцэра — затуліў ад яе тое, што дагэтуль яна бачыла. Чаму так нагальна? І так пякуча распаліла яе нутро? Ажно не выпаўніла зранку двух нумароў праграмы і на дзесяткі пытанняў дзетак: «А гэта што, цётка, а чаму так, цётка?» — не адказала. А стукнулі калёсы аб каменні бруку — трэба было пачуць і выбегчы на ганак. Злез чалавек, мігнуў між ваччу па дарозе ў кантору калоніі, і ўваччу — стаіць Барбарук. Гэта толькі трывожыла Грыпіну Вядзерка.

 

Бачылі кухаркі, паспеўшы выйсці на ганак, як Грыпіна Вядзерка стройнаю хадою, калыханкаю, прайшла між вокан будынка, калісьці дома ўпраўляючага маёнткам пана Драўлянскага, а зараз кантораю калоніі. Чаго не было, а таму і не маглі ўбачыць — дапісалі: быццам яна зрабіла гэты манеўр знарочыста, каб пахваліцца сваёю постаццю, каб кінуцца ў вочы начальству, быццам бы ішла і ўсміхалася, нават ківала рукою.

Бабскімі плёткамі залілі кухаркі ўсю сцяжынку, ад будынка калоніі да рэчкі. Ябедна, упічліва, дакорна. Тайком перадавалі гэты свае думкі іншым — каб мацней уразіць Грыпіну Вядзерка. А сапраўды — нічога такога не было ў яе павядзенні. Не было, не! Грыпіна Вядзерка прайшла між канторы калоніі не незнарок, не для дэманстрацыі сваіх якасцяў, а міжвольна, пад націскам крэпкага пачуцця цягі да новага чалавека. Трэці месяц адна, калі не лічыць Саламеі Кублік, зусім іншае па думках ды настрою. У глушы, сярод паплавоў, лясоў, поля. Вясною ды летам, калі ўсё цвіце, буяе, калі столькі паху, хараства, любасці, калі, як ніколі, цяжка аднэй. Маладой. Дзяўчыне ў саку. З натураю, што нямерна любіць хэўру, грамаду, людзей.

Успомніла Грыпіна, як ёй не хацелася выязджаць з акругі, з якою кампаніяй расставалася. Але адказацца — ці ж добра? Паехала. Абяцалі і таварышкі і таварышы прыязджаць у госці. Меркавалі ўладзіць маёўку. Але дзе ўсё тое? Забылася... ды не ёй забылася. Яна глушыла ўспаміны і не давала волі думкам. Але штораз, кожны дзень, нават некалькі разоў на дзень яе думкі пераносіліся ў акругу, бегалі там і па класным пакоі і ў кватэрах таварышак і ў гарадскім скверыку, па вузенькіх панелях Савецкае вуліцы. Цвіў бэз і какалуша, пукаліся сады, а зараз вось — расцвілі высокія лахматыя ліпы. Роі пчол пяюць сімфонію, розных пташак — мэрам бы знарок хто наганяе на спакусу — нямоўчныя галасы. Жыццё — кіпучае, на вачох, у кожнай травінцы. Калі па каліву перальецца ў тваю істоту, колькі хаценняў, якое прагі набярэцца ў тваім сэрцы! Ці ж можна ўлажыць яго ў рамкі, падпарадкаваць розуму? Грыпіна Вядзерка, як краскі да сонца, цягнулася да супольнасці, да істоты, з якою бы можна было падзяліць радасць жыцця.

Можа прыехаў часамі Барбарук? Прапусціла думку гэту, паглядзеўшы на акно ў канцылярыі калоніі, і пайшла на рэчку.

 

Ці рэчка цякла, ці стаяла ў ёй вада на месцы — цяжка было разгледзець. Хоць бы адзін пасок хвалькі хоць бы адна зарубінка, як то бывае на стромным цёку. Толькі плюхне верхаводка і пусціць булбанку па ровені вады або муха з разгону парушыць яе смуглае шкло... Нясло парай, мэрам бы ўсю рэчку запоўнілі цёплым лугам, толькі што вынятым з грубкі. Маніла рэчка ў сваю глыбіню, у аерную гусцеч.

Грыпіна Вядзерка з стромага берага, абрывістага пры вадзе, сачыла на ваду. Думала. Нара, калі штодня купалася, мінула. Больш гадзіны. Але яна не спынялася на думцы, каб на гэты раз прапусціць заўсёдашні параграф праграмы.

Цягнула ў ваду, а думкі, раз’юшаныя ўпершыню за два месяцы, быццам бы прывязалі яе да зямлі. Вось кіне трэсачку, паганяецца поглядамі за роўнымі кругамі вады — і зноў непарушна. Гэтак блытаецца клубок, калі ты яго незнарок асыплеш. Няма нідзе канца, а здаецца — кожная нітачка да яго вядзе: паспрабуй і абманешся. Так было з рашучасцю ў Грыпіны Вядзерка...

Прыйшлося дачакацца тае хвіліны, калі раптам, мэрам бы чужая сіла, штосьці стукнула ўнутры і падняло яе з зямлі. Тады Грыпіна Вядзерка шпарка раздзелася і скочыла ў ваду. Засаб колькі разоў пераплыла рэчку, нырнула галавою ў ваду і выбегла да адзежы. Умомант абцерлася, нядбайліва зусім, без увагі да загару — ці пабольшыўся,— на чым спынялася шторазу — адзелася і пайшла. Дзеці перанялі яе думкі і пацягнулі яе погляды ў бок калоніі. У вочы лілося сонца, калі яна ўзіралася ў прагаліну ліп, ці не вядзе часамі дзяцей Саламея Кублік сюды, да яе. Як быццам бы мітусілася штосьці, пярэсцілася ўваччу. Няўжо дзеці?

 

Саламея Кублік стрэла Тадору з Юзяю і запытала іх:

— Ці вы не бачылі, куды пайшла Грыпіна Вядзерка?

— Можа з начальствам дзе-колечы спацыруе.

Тадора ўсміхнулася, а Юзя дадала:

— Мы бачылі, як яна праходзіла між канцылярыі, мэрам бы салдат паўз генерала.

Дзеці гулялі на палянцы, за садам. Дагэтуль не было, каб гулялі адны, без Грыпіны Вядзерка, толькі з Саламеяй Кублік. Напэўна, нешта здарылася. Саламея не баялася, каб здарылася што-кольвечы благое, але дзеці паслалі Саламею праведаць пра цётку Грыпіну. Саламея мусіла пайсці паглядзець на «той бок дома». Сустрэла кухарак і запытала. А сама дагадвалася, ці не заснула толькі Грыпіна, пакупаўшыся. Звычайная рэч. З якое рацыі ёй клапаціцца наконт рэвізіі! Падумаеш! Хваліцца не трэба, а ў справе выхавання дзетак ды іх дагляду не падкапаешся. Калі ўжо Грыпіне Вядзерка папікнеш у працы, то трэба быць альбо злым, альбо выразна староннім чалавекам — ну, не па справядлівасці... Саламеі рупіла, каб ды тая рэвізія хутчэй — усё ж цікава, бо напэўна яна дадатным кончыцца.

Хацелася памяняцца думкамі з Грыпінаю Вядзерка, ды вось — недзе дзелася.

 

Кухаркі згаварыліся паскардзіцца інспектару на «непаразуменні» з боку кіраўніцы.

— Абы чапіў інспектар нашае справы — трэба ўсё вылажыць наверх,— казала Тадора.

Юзя згаджалася:

— Абавязкова трэба выясніць усё гэта.

— А баяцца — пляваць.

— Чаго ды каго баяцца? Усюды гэткую ласку знойдзеш. Бяды вялікай!

Прыезд інспектара ўз’юшыў кухарак. Абедзве думалі, што іх правяраць нечага, што ўся справа начальства аднясецца выключна да Грыпіны Вядзерка; яна — старшая, а кухарскае дзела — дзесятая вада на кісялі. Вось выявіць суадносіны між імі і кіраўніцай — гэта следуе.

— Толькі адно,— сумнявалася Тадора,— ці захоча інспектар лезці ў нашу справу?

— Хто яго ведае,— не давярала і Юзя.

— Думаеш, гэта вітлюга завабіць да сябе інспектара і ўвесь час змурзае.

— То напэўна. Бачыш, як хітра павяла сябе. А інспектару што трэба...

— Паглядзі — хлопец!

Яны ішлі гатаваць вячэру. Не думалі, ці ёсць у пякарні дровы, ці старчыць крупы. Не клапаціла гэта кухарак. Займалі навіны дню. І калі ў руках адчулася пасуда, а перад вачыма — кацёл, то рукі міжвольна, несхаць перабіралі кожную рэч, якая ў іх пападала. Як бы само сабою ішло варыва. Ні Тадора, ні Юзя не клапаціліся аб тым, як зварыцца каша. Не хацелі думаць: хай лішняя муха ў міску, хай больш падгару — што ім сёння да небяспекі ў спакоі?

— Глядзі ты, ці ўжо не сышліся яны.

— Ты думаеш?.. А...

Юзя не дасказала, бо раптам між акна прайшла Грыпіна Вядзерка. Хутка. Заклапочана. Кухаркі заварушыліся, змоўклі, заняліся лаханькамі, нажамі.

Грыпіна прыйшла ў пякарню непрыкмечанай імі.

— Тадора! — пазвала першую кухарку,— можа б сёння інспектару крыху смачней зварылі? Можна?

— Адкуль яго ўзяць, Грыпіна Якаўна!

— Няўжо такі ў вас нельга вылучыць лішняе скварачкі?

— Вы б даведаліся, колькі даюць нам на гэтыя скварачкі!

— Я ведаю... Але інспектар жа... так нельга, абы... як-небудзь вымеркуйце, Тадора. Абавязкова...

І пайшла.

— Ізноў каманда! Гатова запрагчы ў воз...— не здаволілася Юзя.

— Абы чапіцца...

— Каб яна пачапілася на асіне... Падумаеш, скварачкі! Ласы на гэтыя скваркі, нябось, а даюць — людзям на смех.

— То-та і ёсць... Адкуль ты яе возьмеш?..

— Няхай сама будзе за падкрасу...

Кухаркі ліхамысна зарагаталі. Рэхам аддаўся іх рогат па сталовай, праляцеў у двор. Ажно саміх перапалохаў, і кухаркі адначасна затулілі раты фартухамі... І суцішыліся... Суцішыўшыся, перамовіліся шэптам.

— Хаця б не пачула.

— Можа яшчэ не паспела выйсці.

Юзя падбегла да дзвярэй з пякарні ў сталовую і асцярожліва паглядзела направа-налева.

— Няма нікога? — шапнула Тадора.

— А каб і чула, то што яна нам зробіць?

— Харкаць на яе...

У катле кіпела вада, паднімаючы высокі каўпак шуму. Палалі смалякі ў печы, і куравыя языкі полымя лізалі чорную сопуху коміну.

 

Дзеці гулялі ў ката і мышку. Колькі смеху і радасці было ў іх! Крычалі, бегалі адно за другім, вязалі рукамі кола, разрывалі яго. Адны ў каўпакох з казакоў ды кураслепу, другія ў шапках з лістоў конскага шчаўя, трэція ў вянкох з канюшынавых смактушак, з цюцюпану, з крывянак. Саламея Круглік камандавала гэтым роем шалуноў, ушчувала непаслушных, гразілася на мудрагеляў, суцяшала пакрыўджаных. Пад высокімі ліпамі насіўся рэзкі голас.

Ніводнае дзіцё не прыкмеціла, калі падышла да палянкі Грыпіна Вядзерка. Яна спынілася ў разоры, злёгку затуліўшы сваю постаць лістамі шчавельніку. Цешылася рэзвасцю дзетак, умілялася іх бесклапотнасці... Многія без бацькоў, без родных, што іх чакае ў будучыні?

Посная аднастайная яда, бруднаватыя пасцелі, саламяныя падушачкі — хоць бы што! Вось сонца ды трава, вось чыстае паветра ды кампанія... Сёння, цяпер, а заўтра?.. Аднакія пытанні з дзесяткаў вуснаў: ці свеціць сонца? Шустрыя вочкі, толькі паднімуцца вейкі, кідаюць узрокі ў вокны. Гарбата — між іншым. Нямытымі, неадзетымі, толькі паднімуцца з пасцелі — на двор. Не сабраць да снедання, не прымусіць пяці хвілін аддаць на мыццё. Якая глыбіня жыццёвых праяў! Які імпэт жыцця!

Грыпіна Вядзерка захапілася думкамі і не ўважала, дзе, чаго і навошта яна стаіць. У вачох мігацелі дзеці. Усё роўна, нібыта праляталі вераб’і ці вароны. Таксама — стварэнні крыклівыя.

Але раптам яна ўбачыла, як гуртам, навыперадкі дзеці панясліся да яе. «Цётка Грыпіна! Цётка Грыпіна! Цётка Грыпіна!» Зашамацела лісце шчавельніку, працягнулася капа ручак да яе постаці. Як пчолы калоду, абляпілі яе дзеці з усіх бакоў. Распытвалі, дзе была, звалі гуляць, падавалі вянкі, каўпакі, дубчыкі, лісткі.

 

Ці ж трэба большае атэстацыі для настаўніцы, як агульная любасць да яе з боку дзяцей? Інспектар бачыў гэту сцэну і адчуваў яе сэнс. Ажно спыніўся сярод сцежачкі ў садзе, ідучы да дзяцей. Пастаяў, паглядзеў нейкі час і падышоў да Грыпіны Вядзерка, калі тая заняла дзяцей казкаю. Дзеці сціхлі, разявілі раты і слухалі настаўніцу. Інспектар пачуў апошнія словы казкі, прыпыніўся моўчкі — няхай настаўніца канчае. Кіўнуў рукою, каб Грыпіна Вядзерка не смуцілася перад ім... Ды куды ж там было. Змяніўся настрой — зразу прысох язык, заблытаўся ў роце.

— Дзеткі, сёння ўжо годзе,— праказала Грыпіна Вядзерка дзецям.

— Добра, добра, добра...— паняслося некалькі дзесяткаў галасоў.

Інспектар павітаўся з малымі, запытаў некалькіх, як і што яны жывуць, ці весела ім, ці хочуць у горад, ці не галодныя. Дзеці адказвалі, пазіраючы на настаўніц. А настаўніцы глядзелі на інспектара.

І Грыпіна Вядзерка, забываючы рэчаіснасць, паднімала ў памяці вобраз Барбарука. Перабірала драбнейшыя рыскі яго твару, азірала постаць, выглядала колер вачэй. І Барбарук — і не Барбарук. Не гэткі роўны, здавалася, як быў тады. Без вусоў. Заўпалыя шчокі. Задуменнасць. Раскудлачаныя валасы — замест гладка прычэсаных, з прадзелам на левым баку галавы. Вальнейшыя рухі, вялыя і ціхія... Але нос — той самы, да каліва падобны; але вочы — яго; мяккі, плаўкі погляд — быццам мошастам павядзе па твары, глянуўшы. Столькі гадоў! Век! Запытаць?!

Цяжка рашыцца. Ці ёмка вось гэта, зразу, пры першым спатканні? Замест сур’ёзнае гутаркі аб справе — пра асобу. Што падумае? Як паглядзіць Саламея Кублік? Не! Нізашто! Трэба ўстрымацца. Трэба!

Грыпіна Вядзерка пусціла ў хаду ўсю сілу волі, ажно тупнула нагою, сцепанула плячыма. Апусціла вочы, каб не глядзець узапой, каб нават не даць выгляду, што зацікаўлена ім, інспектарам, як мужчынам, а не начальнікам.

— Дзеткі,— перабіла іх цікавасць да інспектара,— пара дадому; там ужо, напэўна, вячэра гатова. Пойдзеце?

— Гэй, у шэрагі! — падаў адзін хлапчук. І хутка дзеці вывелі выгінастую істужку з сваіх фігурак. Саламея Кублік падраўняла іх, прыгразіла, каб яны не мудраваліся, і праказала да Грыпіны Вядзерка:

— Я хіба адна іх завяду,— а вы...

— Калі ласка.

— Дзеткі, айда наперад! Развітвайцеся з дзядзькам інспектарам.

— Бывайце здаровы! Дабранач! Бывайце... дзядзька інспектар!

— А ў вас тутака добрае месца! Сад, рэчка! Лес недалёчка.

— Нудна, таварыш інспектар. Дзіч.

— Няўжо ткі вам нудна?

— Не верыце?

Яны прайшлі вакола палянкі. Грыпіна Вядзерка паглядзела на інспектара і, наважыўшыся штосьці запытаць, абарвала на слове. Пачырванела ад няёмкасці.

— Смялей, смялей,— падбадзёрыў інспектар.

Куды ж аднеквацца далей? Грыпіна натужна засмяялася і рашыла:

— Выбачайце. Я не пачула вашага імя.

— Не пачулі?

— Сапраўды.

— Маё імя — Мікалай.

— Скажэце, вы часамі не той Барбарук, які ў 1915 годзе быў падпаручыкам аднаго з сібірскіх палкоў?

— А вам як здаецца?

— Мне цяжка рашыць. Вы вельмі падобны.

Інспектар памаўчаў крыху, пасля запытаў:

— А як вы мяне ведаеце?

— Ліду помніце?

— Ліду?! Вы былі настаўніцаю?.. Чуць-чуць прыпамінаю... У пятнаццатым годзе, вясною.

На гэтым тэма вычарпалася, хоць у абоіх было жаданне перайсці да ўспамінаў, да апісання прыватнага жыцця на працягу мінуўшых дзесяці гадоў. Але і Грыпіне Вядзерка і інспектару паказалася, што іх гутарка перайшла не на той шлях, як трэба, што і першае перамаўленне занадта было звычайным, абітым манеўрам — каб можна было разварочваць гэту тэму далей.

Барбарук вярнуўся да спраў калоніі.

— А я, прызнацца, і не прымеціў, дзе ж ваша вывеска?

— Знялі, таварыш Барбарук. Была набіта на браме пры ўездзе, а зараз мы хочам перанесці на будынак.

— Чаму гэта? Баіцёся людзей?

— Гэта наш бухгалтар закамандаваў. Ён у нас адміністратар і распарадчык.

Барбарук засмяяўся:

— У вас зусім не нудна, як я бачу.

Грыпіна Вядзерка пачырванела.

Яна не цікавілася вывескаю і нават прыпамінае няўверана, што гэткая была. Не разумела, чаму прыпляла бухгалтара; можа хто ёй сказаў. Стала раздумоўваць!..

— Кіньце, таварыш Вядзерка,— заўтра выяснім. Мне, вядома, цікава не вывеска, а становішча калоніі і матэрыяльнае і з боку выхавання дзяцей. Як у вас з гэтым?

— З боку выхавання — заўтра пабачыце, а з матэрыяльнага боку — цяжкавата. Сяк-так перакідаемся. Сонца і паветра замяняюць многае з таго, чаго не хапае...

— Вялікая рэч — сонца! З мілаю ахвотаю падзяліў бы вашу долю.

— Вам так здаецца.

 

Дзеці паўкладаліся спаць. Гоман сцішэў. Моўчкі варушыліся на ложках непрыапранутыя галоўкі. Ад саду прычынілі акяніцы. У пакоі пацямнела. Саламея Кублік адшукала маленькую лямпачку і засвяціла агонь. Куравае, прышчэрбленае шкелка сцірала і тую зыркасць святла, на якое мела сілу лямпачка. Па кутох калыхаўся змрок. Доўгі стол кідаў у два разы даўжэйшы цень. Кухаркі выцерлі кухню, памылі пасуду і выйшлі. Выходзячы, несхаця мармытнулі развітальнае слова. Саламея не дагадалася аб тым, ці прыгатавалі яны што-колечы для інспектара. Прыпомніла, калі Тадора з Юзяй ачуліся на дварэ. Тады сумелася сама перад сабою і выбегла з памяшкання.

— Тадо-ора! — пазвала.

— Чаго табе? — пачула з-за вугла будынка адказ Грыпіны Вядзерка.

Яна ішла з інспектарам у памяшканне. У Саламеі справа раскідалася.

— Мне была патрэбна Тадора...

І калі Грыпіна ўзышла на ганак, а інспектар крыху адстаў, Саламея падшапнула:

— Я наконт вячэры госцю.

— Ага! Той праўда. Кухаркі пайшлі?

— Пайшлі.

Грыпіна Вядзерка звярнулася да інспектара:

— Таварыш інспектар, адну хвіліначку пачакайце на ганку. З Саламеяй Кублік.

— Калі ласка, таварыш Вядзерка.

Саламея заняла інспектара гутаркаю пра калонію, пра яе жыццё, пра яе матэрыяльны стан. Інспектар даваў ёй цэлы шэраг пытанняў, спраўляўся падрабязна, як і што ідзе праца, як папраўляецца здароўе дзетак.

А ў гэты час Грыпіна Вядзерка збегала ў пякарню, наведала да бухгалтара і сяк-так састроіла вячэру з каўбасы з хлебам, з сыру, з яешні ды гарбаты; дастала кіслага малака гладышык. Прынясла ад бухгалтара два падламаных крэслы, ахаяла каморку. З нейкай няёмкасцю падбегла да інспектара з Саламеяй і пазвала:

— Прашу на шклянку гарбаты. Чым хата багата.

— Дзякую. Навошта было вам турбавацца?.. Эх, гэта начальства!..

— Будзем мець вялікую прыемнасць, калі не адмовіцеся. Зойдзем, Саламея.

Саламея ад сябе запрасіла інспектара:

— Вы ўжо не пагарджайце.

Яны пайшлі.

 

Ноч глядзела на зямлю мільёнамі зор. Чорны полаг яе туліў надворак. Праз адчыненае акно падаў смуглы жоўты промень на мяккую мураўку. Ціха шыпеў самавар. Некалькі хвілін не чуваць было жаднага крыку, ні гуку. Пасля дзесьці падала свой голас сава. Па гасцінцы затарахцелі калёсы падводы. На іх стук адазваўся зацяжным брэхам сабака. Яшчэ нечы крык умяшаўся ў гэта. Гоман стаяў каля дзесяці хвілін...

А калі крыху аціхла, інспектар пачаў гутарку:

— Мне падабаецца гэта.

Грыпіна Вядзерка не згадзілася.

— Вы, таварыш інспектар, толькі суцяшаеце нас.

— Даю слова.

— Як каму,— уставіла Саламея Кублік, наліваючы гарбату ў шклянкі.

— З першага разу можа ўпадабацца.

— Толькі не гэта,— стаяла на сваім Грыпіна Вядзерка.

Пры гэтым яна сарамліва затуляла сабою бедна засланы драўляны ложак. Неўпрыкмет для Барбарука прыкрыла голыя берагі шарачковага матраца. Асцерагалася, каб не таўхануць чуць-чуць стаяўшы стол.

— Колькі паху! Я за сённяшні дзень паздаравеў на год. Ліпы, канюшына, грэчка, краскі.

— Гэтага хапае.

— А чаго вам больш трэба?

— Адны мы, таварыш інспектар.

Грыпіна Вядзерка ўлажыла ў гэтыя словы не толькі праўду, а і спагаду. Яна не хацела паказаць Мікалаю Барбаруку голы факт, а выказала тым сваю радасць да яго прыезду.

— Паху — пагэтуль,— правяла рукою пад падбародкам,— і таму, што вельмі багата паху, мы задыхаемся ў ім, няма з кім яго падзяліць.

Барбарук паглядзеў на Грыпіну вокам далёка не інспектарскім. Але ўспомніў акругу, вуліцу... дом № 6, кватэру трэцюю. Ці ўжо ў гэты час вярнулася дамоў Таццяна?

— Дык ешце, Мікалай Рыгоравіч... Можа б малака вам? — пытала Саламея.

— Калі ласка — не клапацецеся. Навошта ўсё гэта?

— Не думайце, што мы нагэтулькі бедныя, каб і малака не дастаць...

Барбарук паглядзеў на каморку.

— Непрытульная, скажаце?

— Баюся, каб не разысціся з рэчаіснасцю.

Інспектар засмяяўся.

— А як жылі ў 1920 годзе?

 

Тадора з Юзяю сядзелі на лаўцы пры свіронку. У двары не было больш нікога. Будынкі выдзяляліся чорнымі плямамі ў шэрані ночы. Ні ў адным — святла. Толькі з трэцяга акна калоніі — жоўты промень.

Туды, да яго, прагліся ліхамысныя пагляды кухарак. Вакол тых, хто сядзеў за акном, ішлі шэпты. Віўся загавор, якому б дай сілу — свет перавярнуў бы, хоць асяродак яго сходзіўся ў тым жа будынку, шасцю вокнамі ўлева.

— Не казала я табе? — шаптала Юзя.

— Сышліся, як належыць.

— Гэта, лічыцца, іх справа. Прыехаў на рэвізію, а папаў...

— Вяртуха гэтая ўсякага з панталыку саб’е.

— Я заўтра перайму яго на дарозе і не адпушчу, пакуль не выкажу ўсяго.

— А думаеш, ён слухаць будзе?

— Тады можна на яго скаргу паслаць...

— Дастукаешся ты, пахвалішся!

Абмывалі Грыпіну Вядзерка памыямі. Не шкадавалі і Саламеі Кублік. Інспектар у кухарак — ні да чога не гадзіўся. І Тадора, і Юзя толькі адны былі дбайцамі аб дзецях, аб калоніі, чуць не аб усёй асвеце ў акрузе. Іх языкі кранулі спалком, начальніка міліцыі, Наркамасветы. За апошняга кухаркі наймацней учапіліся. Сталі камбінаваць, меркаваць, выдумоўваць, як і што дайсці да гэтае асобы, каб расказаць яму сваю крыўду і настаяць на перамене кіраўніцы — Грыпіны Вядзерка.

Навошта гэткая, калі ім, нізавым работніцам, спакою не дае, чапляецца за ўсякую дробязь.

А сама — толькі і ведае, што з інспектарам балавацца. Ёй дзеці — хай прападаюць. Ці ж мала ў гэтым доказаў яе нягоднасці?.. Там, у Мінску, мусяць прыслухацца да іх голасу... А сёння яны прыпільнуюць... Агеньчык нездарма за поўнач свеціцца... Во, там...

Кухаркі хвілін з пяць не глядзелі на святло ў акне, і калі паднялі ўзрокі — то ўбачылі, што святла няма.

Тадора штурханула Юзю — і абедзве падняліся.

 

Саламея Кублік пакінула ў Грыпіны Вядзерка Барбарука аднаго. Заенчыла дзіця — і ёй трэба было пабегчы справіцца, у чым рэч. Замарудзела і не вярнулася. Чаго ж, павячэралі, а мала што можа цікавіць інспектара пытаць у кіраўніцы? Яна, Саламея, другая спіца ў калясе... Ды, апроч таго...

Кожны раз Саламея Кублік скардзілася на сваю долю. Грыпіна Вядзерка мае болей ад яе шансаў перад мужчынамі. Нельга адказаць у Грыпінінай здатнасці, у асабліва ўмелым падыходзе да іх, ва ўсім строі яе постаці... Саламея ўжо пераканалася ў гэтым. Грыпіна цягне да сябе мужчын, як магнэс — голку... Завісліва Саламеі, але Грыпіна Вядзерка невінаватая, не... У даным выпадку ясна, што адносіны паміж інспектарам і Грыпінай не сёння пачаліся... Нездарма Грыпіна даведалася пра яго імя. У гутарцы з ім заходзіць да сяброўства. Аднаго і другога цікавіць мінулае ў прыватным жыцці кожнага... Грыпіна — глядзеце — як уважліва праслухала Барбарукову аповесць з пачатку да канца.

Знедаволілася, калі Барбарук крануў сваіх сямейных спраў... Перамянілася... Знедаволілася — гэта відаць хоць бы па тым, што спярша Грыпіна вынаходзіла месца, дзе б яго палажыць спаць, а пасля згадзілася, каб інспектар пайшоў да бухгалтара... Наперакор... Цудная, аднак! Варта ёй узнімаць мінулае! Навошта затуляць ім сёнешняе. Усё ж Барбарук — начальнік. Прыехаў з службоваю мэтаю... Вось не ўгодзіць і выйдуць іншыя скуткі. Абмовіцца лішнім словам у акрузе — і непрыемнасць... Няхай бы ўжо ўладзіла з начаваннем... У прыгрэбіцы канюшына ж ёсць.

Думалася Саламеі Кублік, што будзь бы на яе, не зрабіла б па Грыпінінаму. Але наогул яе менш усяго датычыць... Можа заўтра перайначыцца?

— Ш-ша-а, дзеткі, спеце.

Прылягла сама і заснула, не пачуўшы, калі выходзіў ад Грыпіны Вядзерка інспектар, Мікалай Барбарук.

— Ведаеце, Мікалай Рыгоравіч, як я рада, што вы прыехалі да нас! Трэці месяц без новага чалавека. Гэта ж з розуму можна зысці! Слухаць палявую цішу, дзень у дзень, ноч у ноч — адное і тое ж. Вось гэтак нібы трымаеш у руках дошчачку — з аднаго боку чорную, з другога — белую і варочаеш перад вачыма. Днём — бела, ноччу — чорна... Вы скажаце, што днём пташкі пяюць, сонца, бурліць рэчка каля заставак... Зелень — ну, і пах, прастор. Але ж ён адзін-аднакавы! Бачыш — неабмежны, а ісці няможна... Па-мойму — лепш сядзець у чатырох шчыльна зачыненых сценах...

Грыпіна Вядзерка спавядалася перад Барбаруком упоцемку, калі згасла лямпа. Не хапіла газы, і Грыпіна Вядзерка балюча хвалявалася, падкручваючы кнот. Авось хопіць, авось яшчэ хвілінку пагарыць. Але кнот не згаджаўся гарэць сухім. Пасмяецца Мікалай Рыгоравіч і падумае: «Якія нядбайныя дзяўчаты».

Дагадвалася Грыпіна Вядзерка, што справа павінна так пайсці, сама ж дапускала месца палахліваму жаданню: няхай сабе тухне. Патухне лямпа, а яны ўдваіх — хто перадугледзіць розныя мажлівасці?

Каму, сапраўды кажучы, патрэбна цьмянае курава мізэрнай лямпачкі? Усе спяць — толькі зоры калышуцца ў небе.

Але якавы думкі таварыша інспектара? Ці не ашукваецца яна ў сваім разлічэнні? Няўжо Мікалай Барбарук дарэшты забыў пра свае інспектарскія мэты і стаў чалавекам, які выпадкова апынуўся сам-насам з Грыпінаю Вядзерка, калісьці выпадкам напатканай? А мо Барбарук гэткім манеўрам яе выпрабоўвае толькі? А мо яна, паддаўшыся жаночаму пачуццю, пападае ў крэпкае сіллё?

Няпэўнасць, заўсёды трапяткая, звязаная з адчуваннем, прыемная рэч, калі за ёю не стаіць разувер’е. Што прывядзе яна ў даным выпадку?

Грыпіна Вядзерка не паспела ні на чым спыніцца, калі лямпа стухла. Малюпаткі пакоік мэрам бы кінуўся ў якуюсь чорную прагаліну, і перад ёю міганулі каляровыя колы. Разняліся, пацямнелі і згінулі.

— Даруйце,— усяго і выказала Грыпіна Вядзерка.

Барбарук яе заспакоіў. І як сядзеў на паламаным крэсле, гэтак і астаўся сядзець. Аб тым, каб ісці — не заікнуўся. Тады толькі Грыпіна Вядзерка пасмялела, абнадзеілася і скеміла, што многа лішніх думак прапусціла ў галаве... Не варта было... «Ці ж на ўсякую дробязь»... Яна з гэтага хацела вывесці, што над многім чым лішне хвалявацца. Але тут жа адказалася ад гэткага рашэння. Прайшло з пяць хвілін, а яна не ведала, што далей рабіць: ці стаяць на адным месцы, нерухома, як захапіла яе цем, ці прысесці. Ізноў гатова выйсці няёмкасць. Ізноў — гаданая рэч. Тым болей што на другі раз цяжэй прыплесці выпадак...

Інспектар выручыў — хацеў паправіцца на крэсле і пахіснуўся. Незнарок, у поцемку, працягнуў рукі і злавіў Грыпініну фігуру.

— Даруйце.

Грыпіна Вядзерка прытрымала Барбарука за руку і следам жа прысела каля яго, не прымаючы свае рукі з яго калена. Праз хвілю, другую стала спавядацца інспектару...

 

— Вы дарма сумуеце, таварыш Вядзерка! — разважаў Барбарук.— Вы гэтак добра выглядаеце, што на вас міла паглядзець... Ад вас нясе кіпучым маладым жыццём. Сонца і зелень — напаўняе вашу істоту... Гэта дала вам калонія... Не абмыляюся, калі скажу, што вы напалову паздаравелі проціў ранейшага. Як мне помніцца — вы былі худзенькай, блядою. А можа і няясна сабе прадстаўляю вас?

— Так, я паправілася... Я адчуваю сябе настолькі моцнаю, настолькі здароваю, што недзе дзяваць здароўя... Так, так. Недзе дзяваць здароўя. Увайду гэта ў лес і, здаецца, хвоі вырывала б... Я хварэю ад здароўя... Паверыце?

— Не расказвайце — мне страшна робіцца,— паіранізаваў Барбарук. А памаўчаўшы, дадаў: — Дзіва адно: скардзіцеся на тое, што сумна, што дрэнна забяспечаны з матэрыяльнага боку, а тым часам...

— Вось-вось... І самой мне дзіўна ўсё гэта. Ядою нельга пахваліцца — крупнік ды каша ды крупнік... няўдала звараныя к гэтаму.

— Усё ж я спагадаю вам, цётка Грыпіна. Каб я быў нежанаты, каб меў болей волі, я б ахвяраваў месяц-другі на жыццё ў калоніі...

— Вы не жартуйце, Мікалай Рыгоравіч... Я вам кажу праўду... Каб гэта яшчэ ды не дзеці — звар’яцела б. А то — дзеці выручаюць... Люблю дзяцей... так люблю дзяцей, што няма слоў выказаць гэта... не хвалюся перад вамі, таму што вы начальнік мой, не... Але вам не падшукаць гэткае, як я, другое... не падшукаць, Мікалай Рыгоравіч... Для мяне дзеці — вобраз жыцця, бесклапотнага, віруючага жыцця, да якога мяне таўхае нейкая невядомая мне сіла...

— Мне казалі пра вас... Ды я ўжо бачыў, калі вы расказвалі дзецям казку. Малыя глядзелі на вас з гэткаю ўмільнасцю, як глядзяць анёлы на мадонну — на карціне Рафаэля... Так, так...

— Вы не лісцеце мне... Вы ўсё ж... заядлага мужчыну... мужчыну, кажу вам, малюеце з сябе.

— Ці ж тое дрэнна, па-вашаму?

— Го, не... Ці ж без гэтага мажліва тое хараство ў жыцці, тая радасць існавання, што запаўняе вашу істоту... Я... я скажу вам... бессаромна, адкрыта... ці ж мы дзеці?.. Мне так хочацца мужчынскае кампаніі, прысутнасці іх усюды і заўсёды, пара ў пору, гэтак па гадзін дзесяць у дзень... Не ведаю чаму, але ў апошні час іменна абурае мяне гэтае пачуццё... Можа б тады маё здароўе пайшло б на карысць, можа тады б іншым зместам напоўнілася б маё сэрца... А цяперака?

Рука інспектара мімавольна каўзанула па Грыпініным плячы і, здавалася Барбаруку, бязвольна прыліпла да яе мяккага цёплага цела,— але Грыпіна Вядзерка найшла ў гэтым прычыну, каб пахіліцца да інспектара, і ўмомант яе галава апала на яго плячо... Барбарук не паварухнуўся... Мэрам бы разлічваў сваю чыннасць на бліжэйшую хвіліну.

— Ах, Мікалай Рыгоравіч, прашу выбачэння, я й забыла, што вы жанаты, што ваша жонка ў гэты момант... думае аб вас нешта іншае, лепшае, чым...

Грыпіна Вядзерка ўмомант выпрасталася на крэсле, не аддаючы сабе адрахунку, чаму і што гэта робіцца; пасля праказала:

— Дык вы, таварыш Барбарук, пойдзеце спаць на канюшыну? А як з ключамі?

Барбарук нічога не адказаў і падняўся з крэсла.

 

Кухаркі падышлі да ганка ў той момант, калі стукнулі дзверы і Барбарук пераступіў парог з памяшкання. Тадора з Юзяю перапалохаліся дашчэнту, брусамі пападалі з боку ганка і прытаіліся. І надало ж ліха! Апоўначы пад дзвярыма! Абедзве ціснуліся к ашарпанаму таркаванню сценкі, затойвалі дых, душылі пазывы да кашлю і калаціліся, як у трасцы. З няцерпам чакалі, калі пераступіць інспектар ганак і адыдзе крокаў пяць-дзесяць ад будынка. Тады яны паўзком аддаляцца за рог будынка і праз сад схаваюцца да сябе ў кватэру. Але Барбарук выйшаў на ганак і стаў. Прайшло даўжэразных пару хвілін, і следам выйшла Грыпіна Вядзерка. І вось замест таго каб ісці ўдваіх, інспектар і кіраўніца затупалі на адным месцы і перайшлі да гутаркі...

— Я вас правяду, Мікалай Рыгоравіч,— набівалася Грыпіна Вядзерка.

Інспектар далікатна адгаворваў: цёмна, адной няёмка ды страшна хадзіць па надворку, да гэтага ён сам ведае, дзе паветка, умовіўся з бухгалтарам, як і што адкрыць, як з сярэдзіны заперці.

— А можа вам не паслана?

— Пераначую...

Грыпіна Вядзерка ўглядала ў словах Барбарука памсцівую халоднасць; прыпісвала гэта таму, што няўдала абышлася з ім... І вельмі жадалася ёй адкупіцца за сваю няёмкасць... Чым? Хоць чым.

Каля дваццаці хвілін гутарылі Барбарук з Грыпінаю — для кухарак паказалася вечнасцю.

Адлежалі бакі, не хапала сцерпу ляжаць, і кожная па сабе парывалася падняцца і бегчы ад ганка. Але сполах перад тым, што на іх паглядзяць, як на якіх злачынцаў, паднімуць гвалт, нагоняць і тады прыйдзецца свяціць вачыма,— сполах перад гэтым супыняў кухарак. Яны натужваліся да апошняга, крапіліся і ляжалі.

Кожны момант рабіўся для іх доўгім кавалкам часу, якому не відаць было канца. Тадора злавалася на сябе самую і разам на Юзю — чаго іх пагнала нялёгкая на гэткую справу. Юзя згубіла ўсякую цікавасць, якая гнала яе ўвесь дзень падглядаць за Грыпінаю. Абедзвюм Грыпіна Вядзерка стала самым лютым ворагам, чалавекам, які сабраў ва ўсім свеце ўсю бяду і няшчасце ды абрынуў іх на кухарак.

Каб яны прымелі — жыўцом праглынулі б яе... Але папалі ў гэткі стан — што ні так, ні гэтак, ні тое і ні сёе. Кухаркі са злосці скрыгіталі зубамі, раздражняліся няўмеру, вось-вось будучы не ў моцы сутрымацца і выдаць сябе... Тадора зарухала і скрабанула чарапком аб камень.

Можа і ціхутка, але ёй здалося, што Грыпіна Вядзерка з інспектарам пачулі... Гэта надало большае смеласці, і Тадора працягнула ногі ды кранула Юзінай галавы. Юзя шэптам пераняла таварышку... Мажліва — мінула б адна хвіля, як кухаркі сябе выдалі б... Але на ганку затупалі зразу чатыры нагі: інспектар з Грыпінаю Вядзерка сышлі з ганка і накіраваліся ўправа...

Кухаркі, як шалёныя, усхапіліся на ногі і далі драла. Павяртаючы за рог будынка, яны нарабілі стуку, разбіўшы якуюсь пасуду.

— Цішэй,— пераняла Юзю таварышка.

У садку абедзве прыпыніліся, адсапліся і, рашыўшы на тым, што ўсё ж яны Грыпіну ўлічылі ў праступку, пайшлі дахаты. Ні інспектар, ні Грыпіна не звярнулі жаднае ўвагі.

— Дабранач! Не бойцеся, ніхто вас не ўкрадзе...

Грыпіна Вядзерка міжвольна падняла ўгору руку, хочучы паслаць паветраны пацалунак, але раптам рука затрымалася ў невыразнай позе, а пасля апусцілася.

— Прыемных мараў,— пажадала Барбаруку і адышлася на адгон, каб быць мала ўбачнай; сама прыглядалася, хочучы прымеціць, ці не азіраецца інспектар. Няўжо ён, як каразлівая дзяўчына — так зладумны? Альбо не лічыцца з абставінамі?.. Не хацела згадзіцца Грыпіна Вядзерка, што яна супроць аднаго, што навакола нікога-нікагусенькі...

А ліпы так пахнуць, гэтак урачыста свецяць зоры і так смачна ўсе спяць!.. Яшчэ не было ў жыцці Грыпіны Вядзерка гэткага моманту. Колькі помніць — ні разу, ні разу.

Скрыпнулі дзверы ў паветцы, бразнула клямка, стукнула штосьці аб нешта іншае, мэрам бы паленам па пустой бочцы... Гэта ўзварушыла цішу, разнеслася далёка ў бакі. Грыпіна баялася, каб ніхто, апроч яе, не пачуў. Думала, а мо знарок Барбарук зрабіў гэта. Мажліва яго манера такая, выпрабаваць. Ліха іх ведае, мужчын, на якія яны хітрыкі пускаюцца... Чамусьці гэтыя дагадкі Грыпіне паказаліся грунтоўнымі, ажно яна асцярожліва, затаіўшы дых, зрабіла некалькі крокаў у бок паветкі... Стала на пальчыках, выцягнула голаў наперад і настаражылася... Але ўсё маўчала, маўчала...

Пасля рашуча кранула з месца і цвёрдым крокам пайшла к будынку, у які схаваўся інспектар... Прыглядзелася — варота зачынены. Было ясна — Барбарук пайшоў і лёг спаць. Было ясна — яна папала ў няміласць. Было ясна — яна пакрыўдзіла інспектара... Але чым, чым, чым? — Бестактоўнасцю. Грыпіна Вядзерка са злосці скрывіла твар, затупала на адным месцы і выразным шэптам прамовіла:

— Якая ж я дурніца! Што мне да таго, калі ён жанаты... Дурніца я, дурніца... Гэта ж начальства, інспектар, чалавек амбітны, а я... Не, нельга, каб ён з крыўдаю на мяне заснуў...

Гэта была ноч, ужо позняя ноч. Была ноч на дзіва спакойная і цёплая-цёплая, нават душная. Рабілася цяжка сапці. Няўжо гэткая ноч нікому нецікавая? Альбо ёсцека людзі, што на іх не ўплывае ніякае хараство?.. Або ёсьцека людзі, якім непатрэбна гэтае хараство?

Грыпіна Вядзерка прытулілася да варот паветкі, прыслухалася. Ёй хацелася пачуць, ці спіць Барбарук, моцны ці не яго сон... За варотамі нешта шарпела, шамацела. Не разабраць — сапе інспектар ці не. Нешта шаптала Грыпіне Вядзерка на вуха, што Барбарук не можа спаць. Ёй хацелася верыць гэтаму шэпту. Бо чаму ж не паверыць, калі не павінна быць, каб мужчына... каб мужчына баяўся кабеты... Не можа быць, каб яго холаду не распарыла гэткая цёплая ноч... Жывуць жа людзі і на далёкай поўначы... Мажліва з ім, Барбаруком, што-колечы здарылася? Занядужаўшы чым або што?

Думкі віхрыліся ў галаве кабеты, тузалі яе нервы, неспакоілі. Пачуццё мянялася штохвілінку: то цягнула вярнуцца і бегчы да сябе, то нешта прыкоўвала да месца... Пасля, раптам выскачыла настойнае, упартае жаданне — пастукаць у вароты. Мэрам бы гэтыя вароты супынялі яе пасярод дарогі і мяшалі ісці, куды яна выбралася з выразнаю мэтаю. Не павінна яе, маладое ды адважнае, стойкае ды смелае, хоць бы што затрымаць.

Ён не спіць? — праверыла яшчэ раз Грыпіна Вядзерка, прытуліўшыся да варот. Але нічога не вызнала — той жа шам і шоргат... Тады яна без усякай цырымоніі — стукнула кулаком раз, пасля другі раз, трэці... Па двары разняслося гуллівае рэха, якое скрала нясмелы голас:

— Хто там?

— Мікалай Рыгоравіч, даруйце, я адно слова... адно толькі слова хачу сказаць...

Барбарук не пачуў і ўдвойчы запытаў:

— Хто там?

— Гэта я — Грыпіна Вядзерка... я перапрашаю вас... я не магу згадзіцца, каб вы асталіся пакрыўджаным на мяне.

Не прайшло і хвіліны часу, як рэзкі скрып засведчыў адчыненне дзвярэй. Грыпіна Вядзерка кінулася ў цёмную прагаліну шчыліны і ўголас прамовіла:

— Якое ж мне дзела, што вы жанаты, Мікалай Рыгоравіч. Даруйце мне за маю дурную неасцярогу...

Ці адказаў што Барбарук на гэтыя словы Грыпіны Вядзерка, ці можа маўчліва зачыніў вароты і, калі зачыняў вароты, ці скрыпнулі яны, ці не — Грыпіна не чула...

 

1926


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан