epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Таварышы

Адзін — Піліп Дубейка, другі — Лаўрэн Сявеня.

Па сацыяльнаму паходжанню — бяднейшыя сяляне.

Абое сябры нацыянальнай секцыі Камуністычнай партыі.

Адказныя працаўнікі, актыўныя камуністы.

Сустрэліся выпадкова — на адказным з’ездзе, а былі землякі не вельмі далёкія.

Піліп Дубейка ўваходзіў у лік тых, хто склікаў з’езд, Лаўрэн Сявеня — з тых, хто на з’езд прыехаў. Ён быў трыццатым дэлегатам, якога не чакалі і на якога не спадзяваліся арганізатары з’езда. Думалі аб мясцовасці, якую Лаўрэн Сявеня прадставіў — што ёй досі аднаго прадстаўніка. Абмыліліся, бо Лаўрэн Сявеня прывёз паўнапраўны мандат і на другога, на самога сябе. Гэты мандат ён адразу ж паказаў Піліпу Дубейку, які ў час уваходу Лаўрэна Сявені сядзеў за сталом і разглядаў спіскі дэлегатаў.

Піліп Дубейка сядзеў над лістом паперы і нешта чыркаў алоўкам; яго думкі і погляд яго былі адданы дробным радком зместу, напісанага чырвоным чарнілам. Ён не пачуў, калі прачыніліся дзверы з пярэдняе каморкі і да яго падышоў Лаўрэн Сявеня. Нават не адхіліўся ад стала.

Лаўрэн Сявеня здзівіўся, нават збянтэжыўся, і з момант не ведаў, як быць: даваць аб сабе ведаць ці гэткім жа чынам, як увайшоў — выйсці. Ды якім спосабам крануць Піліпа Дубейку, каб і хацеў яго зачапіць...

— Рэгістрацыя дэлегатаў тут? — рашыўся ён запытаць, паглядзеўшы ўпартым узрокам на спакойна паднятую галаву Піліпа Дубейкі...

— Тут, будзьце ласкавы паказаць вашы ўпаўнаважанні.

Лаўрэн Сявеня мігам дастаў з партфеля патрэбныя паперы і падаў іх Піліпу Дубейку.

Той паважна ўзяў іх і паглядзеў.

Але ні Лаўрэн Сявеня, ні Піліп Дубейка не адвярнуліся адзін ад другога так хутка, як хутка адзін да другога павярнуліся пасля Лаўрэнавага воклічу.

Абое, мэрам згаварыўшыся, ці па натхненні, моўчкі ўважліва ды настойліва разглядалі адзін другога і вывучалі.

Гэта цягнулася хвілін пяць; усё ж кожнаму хапіла іх хапіла на тое, каб разгледзець таварыша.

І Піліп Дубейка на шостую хвіліну мог намаляваць гэткі партрэт трыццатага дэлегата на з’езд:

Сярэдняга росту, худашчавы з твару, брыты; рухавы, з праназаватым узрокам, з яўным выразам рашучасці. Адзеты ў бразантовы халат паверх новага жоўтага паўшубка, у ботах з высокімі халявамі... Русы, невялікія валасы на прадзел. Усім-усенькім, да дробязі, да малейшае рыскі, інакшы ад Піліпа Дубейкі — рэгістратара мандатаў на з’езд і сакратара секцыі. Інакшы не толькі таму, што гэтак здавалася Піліпу Дубейку, а і за тым, што і Лаўрэн Сявеня выразна адмячаў гэта. Вось жа перад ім сядзеў Піліп Дубейка, і ён яго разглядзеў, не горш, чым сам аддаўся разглядзецца.

Піліп Дубейка адбіўся ў Лаўрэнавым ваччу, як сталы, спакойлівы, разважальны таварыш. Ростам крыху вышэй ад яго, чарнявы, паўнатвары, з кароткімі бакенбардамі, з лёгка пакручастымі касамі. У цёмным жакетным гарнітуры, у крахмале.

Што хавалася ўнутры кожнага з іх, ніводзін не ведаў, а абое судзілі дагадліва, адпаведна асобным рыскам на тварах. Але і Піліп Дубейка, і Лаўрэн Сявеня аднакава адчулі нутраную сілу цягі адзін да другога. І той і другі хацелі тут вось, не расстаючыся, пагутарыць між сабою і хоць бы павярхоўна абмяняцца думкамі. Можа, каб хто першым пачуў, то і выйшла б што-колечы; аднак ніводзін не рашыўся гэта зрабіць.

Яны абмежаваліся дзелавою гутаркаю — Піліп Дубейка, упісваючы мандат Лаўрэна Сявені, а Лаўрэн Сявеня, наглядаючы за Піліпам Дубейкам.

— Вам у канцылярыі дадуць картку на кватэру і талончыкі на яду.

— А калі адчыненне з’езду?

— Заўтра а дзесятай гадзіне.

— Многа дэлегатаў сабралася?

— Вы трыццаты.

— Колькі дзён адбывацьмецца з’езд?

— Дзён пяць... я думаю...

Піліп Дубейка ахвотліва адказваў на пытанні Лаўрэна Сявені, а той з цікавасцю пытаў.

Дыялогі, еухія і лаканічныя, далёкія ад настрою абодвух, маглі б расцягнуцца надоўга, бо Лаўрэн Сявеня нават прысеў каля стала насупраць Піліпа Дубейкі. Але мусіў устаць і выйсці з пакоя, бо ўвайшло двое свежых людзей.

 

Піліп Дубейка, адчыняючы з’езд, красамоўна казаў ва ўступнай прамове.

«Мы з’ехаліся сюды, дарагія таварышы, каб вырашыць шэраг адпаведных пытанняў. Бягучы момант настойліва вымагае ад нас не абмінаць спрыяючых нам абставін... Рэвалюцыя ўздымнымі хвалямі коціцца на захад; прабівае муры ўзнятае загарожы і адгукаецца зычным рэхам з вуліц Варшавы, Берліна і далей... Нямецкае акупацыйнае войска пакідае нашы палі. Новыя абшары савецкіх краін далучаюцца да новага вольнага работніцка-сялянскага ладу... Наш рэвалюцыйны абавязак — кінуць туды свае сілы, узняць на вызваленай зямлі чырвоны сцяг і ажыццявіць пад ім векавыя імкненні працоўнага люду...»

Высокае натхненне кіравала думкамі і настроем Піліпа Дубейкі. Ён захапляўся прамоваю, але ў запале гутаркі не мінаў сваёю ўвагаю Лаўрэна Сявеню.

Піліп Дубейка бачыў, як той настарожана лавіў яго словы, якою ўмільнасцю гарэла ўхмылка на яго твары. Было ясна, што думкі прамовы пападаюць у цэль, што Лаўрэн Сявеня імі захапляецца...

Усе ўдзельнікі з’езда — заварожаны рэвалюцыйным пачуццём, але ён, Лаўрэн Сявеня, надзвычайна.

Яго воплескі Піліпу Дубейку, калі апошні скончыў прамову, і гукі «Няхай жыве рэвалюцыя» былі галаснейшымі ад іншых.

— Я прашу пару слоў!

Піліп Дубейка дазволіў Лаўрэну Сявеню слова, пакуль абраць прэзідыум і прыняць рэгламент.

І ніхто ні слова супярэчкі, як бы чулі, што Лаўрэн Сявеня павінен дапоўніць Піліпа Дубейку.

І было так — ён дапоўніў, бо сказаў:

«Ваш вокліч мы пачулі. Гэты вокліч — слушны, дачасны, вокліч непрыменны. Мы сядзелі ў далёкіх краях, захопленыя абаронаю рэвалюцыі, і адзнавалі адно: наша месца на іншым фронце, там, дзе рэвалюцыя стыкнулася з вялікшымі заданнямі. Я лічу, перад тым, як абраць прэзідыум з’езда, паслаць прывітанне ЦК партыі...»

Увесь склад з’езда заўважыў: у іх злітная думка, у іх адзіная мэта, і прыняў прапазіцыю Лаўрэна Сявені.

Многім кінулася ў вочы, што Піліп Дубейка нахіляе ў бок трэзвага, халаднаватага разважання, а Лаўрэн Сявеня — пыхае пачуццём. Праўда, словы аднакава палкія, сказы роўна натхнёныя — ды выразы твараў розныя, ды ўзрокі ваччу — не схожыя, але...

Лаўрэн Сявеня — пад электрычным токам, а Піліп Дубейка пры спакойным полымі...

Удваіх жа — кандыдаты на адказныя месцы.

Гэта рашэнне аформілася на з’ездзе далёка да яго канца і без думак аб выбарах...

Перад кожным дэлегатам з’езда ляжала павестка дня. Яна трымала ў сябе пытанні гэткага характару і значэння, што для іх вырашэння — першымі Піліп Дубейка і Лаўрэн Сявеня...

Ды і самі яны, толькі ўчора стрэўшыся, зараз адчувалі сябе блізкімі.

Ці ж на гэта многа трэба?

Далей, калі яны спаткуцца з рэчаісным жыццём, мажліва і будуць незгаворы, супярэчкі.

А пакуль?

 

Ці ж з’езд у баку ад жыцця? Хто скажа?

Ён сабраўся, менавіта, каб урэгуляваць жыццё ў наступным. З’езд — кіраўнічы жыцця... Гэта разумелі ўсе тыя, хто прымаў у ім удзел.

Разумелі Лаўрэн Сявеня і Піліп Дубейка. Як кіраваць — найбольшае пытанне. Дзе і калі, пры чым і на што чалавек можа аддаць больш свае ўвагі? Рэчаіснасць не мёртвая сіла, чалавецтва не нядбайны глядач...

Ужо ў першы дзень з’езду знаёмства Піліпа Дубейкі з Лаўрэнам Сявеням стала натыкацца на няроўнасць. Тое, што ляжала ў іх настроі і што мала кідалася ў вочы,— чым далей, тым адзначалася выразней.

Рэзалюцыя аб бягучым моманце выявіла значныя разыходжанні.

Піліп Дубейка прапанаваў «Наладзіць арганізаваную адпраўку партыйных сіл у вызваленыя мясцовасці шляхам сістэматычнага іх падбору».

Лаўрэн Сявеня адстайваў «неадкладна, усяму з’езду адправіцца на захад і ўшчаць працу, каб не ўпусціць часу».

Піліп Дубейка стаяў на тым, «каб узняць хадайніцтва перад адпаведнымі органамі наконт арганізацыі нацыянальных атрадаў чырвонае гвардыі...»

Лаўрэн Сявеня высоўваў патрэбнасць «залажыць асяродак нацыянальных атрадаў чырвонае гвардыі з удзельнікаў з’езду».

І следам іншым параграфы і пункты рэзалюцыі, здавалася непрыкметна, усё ж дваіліся перад сябрамі з’езду, калі за іх браліся Піліп Дубейка з Лаўрэнам Сявеняю.

Многія недаволіліся зацягам часу; другія баяліся незгаворнасці, як гэткае, іншыя ж, а іх была большая палова, уважліва слухалі абодвух супярэчнікаў, дадавалі свае ўвагі і, большасцю галасоў, якая заўсёды знойдзецца і якая знайшлася тут, прымалі пункт за пунктам пастанову.

Ніхто ж паасобку і ўсе ўцалку не перадумоўвалі аб Лаўрэну Сявені і Піліпу Дубейку, як аб кандыдатах у пасляз’ездаўскую ўстанову.

Самі яны менш другіх спыняліся на сваіх разыходжаннях. Наадварот, еднасць мэты і шчырасць думак абодвух засланялі гэта, збліжаючы таварышаў усё шчыльней ды цяплей.

К канцу з’езду іхняя таварыскасць дайшла да таго, што межавала з сяброўствам. Давер’е ж, выказанае ім з боку з’езду, яшчэ больш лучыла іх. Абодва, як сябры камітэту і першыя пасланцы ў вызваленыя месцы, атрымалі яны аднакавыя копіі пастаноў і роўныя па сіле ды значэнню ўпаўнаважанні.

«Не пазней месяца павінны сабрацца і ехаць».

Дысцыпліна і вымаганне рэвалюцыі.

Чаму ж не так?

Ні Лаўрэн Сявеня, ні Піліп Дубейка і не думалі адгаворвацца. Не былі б яны рэвалюцыянерамі, каб да гэтага дайшлі.

Наадварот —

Абое лічылі пашанаю да сябе з боку з’езда, які надаў ім гэткія паўнамоцтвы. «Як выхадцаў з краю, які ім вядомы з усіх бакоў, як свой край,— лічыць патрэбным абавязкова накіравацца ў распараджэнне №-га губернскага камітэта партыі».

Так, яны былі выхадцамі з вызваленае краіны. Так, іх цягнула туды на працу. Так, у гэтай працы яны будуць магчы яшчэ шчыльней, яшчэ бліжэй сысціся...

Таварышы адзнавалі гэта ясна і поўна. Рэвалюцыйная праца ў роднай краіне — што можа іх мацней паяднаць? Тым болей, што гэта праца не мае дробных інтарэсаў, і шурпатасцей не будзе ў іх узаемаадносінах. Мала што былі разыходжанні ў час прыняцця рэзалюцыі, мала што... Рэвалюцыя складаецца з дзвюх сіл: з сілы, якая кіруе людзьмі, і з сілы, якая людзьмі кіруецца. Увогуле, паяднаўшыся, абедзве гэтыя сілы поўны натхнення. Яны носяць у сабе вялікую моц творчасці, прасвятлення наступных дзён вольнага жыцця.

Але і ў часы ўрачыстасці рэвалюцыйнага калыхання, паціху, абочынамі ўкрадаецца ў людское жыццё будзённая клапатніна. Толькі моцныя натуры не прыкмячаюць гэтага. Слабейшыя гартуюцца воляю ў полымі рэвалюцыйнага змагання...

Гатовыя для новае працы, ні Піліп Дубейка, ні Лаўрэн Сявеня не праведалі за час з’езду аб гэтых сваіх якасцях. Спатканне іх адбылося ў надзвычайных абставінах, калі няма месца сумненню, калі малыя непаразуменні хаваюцца пад вялікасцю агульных заданняў. Па з’ездзе, цікава, хто кожны з іх...

Таварышы пільна аддаліся выяўленню гэтага. Так ішло між імі, што ніводзін не злаваўся на другога, чуючы бесканечны шэраг пытанняў. Кожны лічыў абавязковым адкрыцца таварышу да канца.

Абое адчувалі моцнае сяброўства, якому асноўную падпору дало першае знаёмства.

Але хто лепш ад жыцця можа праверыць чалавека?

Піліп Дубейка і Лаўрэн Сявеня апелявалі да яго...

 

Піліп Дубейка быў жанаты, сямейны, жыў у невялічкай кватэры з трох пакояў. Папсаваныя правады вымушалі асвятляцца газаю. Непадрапараваныя трубы цэнтральнага ацяплення застаўлялі паліць неналаджаную печ. Паправіць усё гэта было не дорага — ён ведаў. Звяртаўся ў дамавы камітэт колькі разоў, але нічога не выходзіла. Старшыня камітэта паперш упіраўся. Тады Піліп Дубейка папікнуў яго ў бесстароннасці; той зазлаваўся і не хацеў гутарыць з Піліпам Дубейкаю наконт гэтага.

Аставалася больш рашуча ўзяцца за справу і вымусіць старшыню дамкома паддацца. Піліп Дубейка ведаў гэтае, але ніяк не мог сабрацца выклікаць канфлікт. Справы бягучага часу, важныя ды неадкладныя, перашкодзілі яму... Толькі выпадкова ён быў паддаўся настрою і ўжо сеў пісаць паперку ў жылішчны аддзел гарадскога савета, як раптам адумаўся і справу са скаргаю пакінуў. Колькі ўсё гэта адымае дарагога часу! Ды аб чым яно паследчыць? Аб здзірстве? Усякія ёсць людзі. Зложацца так абставіны, што возьмуць дакажуць тваю віну, а тады — правуйся...

Піліп Дубейка тупаў па халодным пакоі і паціраў рукі. Успамінаў момант заўзентасці і разважаў аб яго значнасці.

У гэты час да яго пастукаў Лаўрэн Сявеня.

— Уваходзьце.

І, угледзеўшы таварыша, дадаў:

— Мерзну, браток.

— Чаму? — запытаў Лаўрэн Сявеня.

— Трубы ад цэнтральнага ацяплення палопалі, а старшыня дамкома не хоча рапараваць.

— Старшыня дамкома?

— Так...

Лаўрэн Сявеня раптам зарагатаў і ўподбежкі пачаў хадзіць па пакоі.

Піліп Дубейка глядзеў на яго і дзівіўся.

— Старшыня дамкома?

— Так...

Смех змоўк. І Лаўрэн Сявеня мігам перамяніўся: прыняў сур’ёзны выгляд, сціснуў кулакі і ўпэўнена загутарыў:

— Млямля, браце мой! Даруй мне... Ты, сям’я мерзнеце, а дамком... не хоча рапараваць... Ты мусіш аддаваць свае сілы на ахвяру бюракратызму!.. а дамком — пасміхаецца... Ты мусіш адпраўляцца на фронт, а... Кінь! Скажу табе, што ён смяецца з твае слабасці... Будзеш маўчаць, на голаў сядзе ды яшчэ віноўным цябе зробіць... Павер... Ты павінен яму прыказаць...

— Чакай, чакай,— пераняў яго Піліп Дубейка,— ты, я бачу, занадта востры... Часамі другі не варты, каб з ім займацца... Да чаго мне вязацца яму ў вочы...

Ізноў Лаўрэн Сявеня адказаў гучным смехам. Супакоіўшыся дадаў:

— Хадзем удваіх да старшыні дамкома — я навучу цябе ахоўваць законныя патрабаванні... Добрая рэч! Сам едзеш бараніць рэвалюцыю, а сям’ю пакідаеш мерзнуць у халоднай кватэры... таму што дамком капрызуе... Ганьба, таварыш Піліп Дубейка.

— Адказваць было позна —

Лаўрэн Сявеня схаваўся за дзвярыма.

 

У тыдзень Піліп Дубейка праводзіў таварыша на цягнік: яму трэба было вярнуцца ў горад, з якога прыехаў на з’езд, каб ліквідаваць свае справы і перабірацца па назначэнню.

На вакзале трапіўся гэткі выпадак: Лаўрэн Сявеня ткнуўся да касы, каб купіць білет, але яму адказалі — усе білеты былі распісаны паміж рознымі ўстановамі. Скарбнік ваўкліва адказаў:

— Трэба было прыйсці не за дзесяць хвілін да адходу цягніка, а за дваццаць,— і зачыніў перад вачмі ў Лаўрэна Сявені акенца.

— Нахал! — выгукнуў Лаўрэн Сявеня і раптам знік з Піліпавага ваччу.

Грамада пасажыраў уталопіла вочы ў Піліпа Дубейку, накіроўваючы на яго сваё абурэнне за выгук Лаўрэна Сявені.

— Што гэта за ён? — злосна гукаў здаравенны мужчына з мяшкамі за плячыма.

— Адказны нейкі,— іранічна дадаў шляхотна адзеты таўсцяк...

Некая паня, што стаяла побач з ім, дыскантам падставіла сваю думку:

— Цяпер толькі і ездзяць гэтакія...

Піліпу Дубейку рабілася ніякавата.

«Няхай бы ён абмінуў гэты крымінал. Няўжо ён не можа стрымаць свайго пачуцця», падумаў ён і хацеў адысці ў бок, як у яго над вухам пачуўся голас Лаўрэна Сявені.

Апошні рашучым крокам накіроўваўся да касы, ведучы за сабою прадстаўніка чыгуначнага ДПУ.

— Ласне мы рабілі рэформу, а не рэвалюцыю? — казаў Лаўрэн Сявеня,— скідалі старых чыноўнікаў, а не мянялі старыя парадкі? Я назначаны на варту, а мне не даюць аружжа ўзяць... Так быць не павінна...

Каля касы, у якой хутка адчынілася акенца, а ў яго прасунулася галава ласкавага мяккага скарбніка, Лаўрэн Сявеня змоўк.

Піліп Дубейка глянуў да касы і адразу прымеціў вясёлы твар таварыша: Лаўрэн Сявеня трымаў у руках зялёны чыгуначны білет, а прадстаўнік ДПУ настаўнічым цвёрдым голасам чытаў скарбніку натацыю. Пасля ён выпрастаўся і ўзяў Лаўрэну Сявені пад казырок.

Тыя пасажыры, што толечкі абкружалі Піліпа Дубейку, каб выліць на ім сваю мяшчанскую крыўду, з паніклымі вачыма разышліся па кутках вакзальнага будынка.

Таварышы выйшлі на перон і накіравалі да цягніка.

— Трэба браць настойнасцю,— пахваліўся Лаўрэн Сявеня.

— Ці ж варта ўся справа столькае гаворкі?.. Ты пайшоў, а пасажыры згрудзіліся вакол мяне, грозячы і крычучы.

— Мяшочнікі! — перабіў Лаўрэн Сявеня.— Вось і бяда, што мы прыслухоўваемся да іх думак... Маўчы...— дык эшалона не адправіш на фронт... Трэба выпаліць агнём мяшочны настрой...

— З-за білета?

— Так, з-за білета... З-за абгарэўшае сярнічкі, калі хочаш ведаць...

Гэта не было сваркаю, нават было не рэзка прагаворана, але таварышы пасля гэтае рэплікі холадна разышліся.

Лаўрэн Сявеня людскі не развітаўся, а Піліп Дубейка маўкліва адышоў ад цягніка.

 

Як вёў сябе Лаўрэн Сявеня, едучы дамоў, і што ён думаў аб таварышу — Піліп Дубейка не дагадаўся. Але гэта асабліва яго цікавіла. Піліпу Дубейку зусім не хацелася, каб яго новы таварыш астаўся пры адмоўных аб ім думках. Было б вялікаю прыкрасцю дапускаць, што Лаўрэн Сявеня на гэтым скончыць сваё знаёмства з ім. Было б гэта — раскідаліся б усе планы і намеры Піліпа Дубейкі. У справу замяшаўся б камітэт, вынікла б многа пастаноў, пераплановак... Гэта, так сказаць, з тэхнічнага боку. А па сутнасці знаёмства, якое б пачуццё засталося на душы ў Піліпа Дубейкі. Ён жа шчыра падблізіўся да Лаўрэна Сявені, адкрыў яму многа сакрэтных думак, прызнаўся ў шэрагу асабовых планаў. А ён возьме і скончыць адносіны на тым, што было...

Піліп Дубейка ніяк не хацеў пагадзіцца, што Лаўрэн Сявеня не выпаўніць пастаноў з’езду. Усё ж такі адказны ён таварыш, а партыйная справа — не гульня. Не хацеў пагадзіцца, таму шкадаваў пабудаваных ім планаў працы, якія ён намеціў правесці ў вызваленых месцах. Аднаму ўзяцца за іх выкананне — не хапіла б сілы, дый яны былі разлічаны на дваіх. Знайсці іншага чалавека — не гэтак лёгка. Лаўрэн Сявеня, як ніхто, падыходзіў да вызначанай працы... Няўжо ён астанецца там, адкуль прыехаў на з’езд?

Чалавек — загадка. Здаецца, рэвалюцыйнае натхненне злучае цэлыя арміі людзей пад тым ці іншым лозунгам, а між тым, у кожнае адзінкі ёсць асабовы падыход да агульнае справы. Свае дробныя думкі, як чарвякі, точаць роўнае палатно грамадскасці. Падняты сцяг гойдаецца на вятры, убіраючы ўздымныя гушчы працаўнікоў. І вось — аднаму здаецца, што сцяг невысока падняты; другі хацеў бы яго павярнуць крыху ўлева; трэці думаў бы нахіліць убок, чацвёртаму малое яго палотнішча; пятаму...

Гэткія думкі віў у Піліпавай галаве Лаўрэн Сявеня. Які ён цудны! Навошта столькі пачуцця там, дзе трэба розум і паважнасць... Ласне можна сваім пэнтам знішчыць наслаёнае вякамі... Трэба ж астудзіцца і наглядзець, куды і што лепей пакіраваць і як пакіраваць... Часта добра рабіць знаскоку, раптоўна, праводзіць словы гучным воклічам ці прыстукам нагі, але заўсёды...

Лаўрэн Сявеня пакідаў у Піліпа Дубейкі ўражанне прыемнага чалавека і адважнага таварыша. Ці прыгадзіцца ён да будзённае працы, упартае і сістэматычнае? Або ён плён бурлівых дзён і скончыць сябе, калі скончыцца паласа ўздымаў?

У кожным разе Піліп Дубейка адчуў адну недастачу, якая бракавала іх таварыскасці — гэта палкасць Лаўрэна Сявені. Вось і цяпер: ён з трэскам, з гоманам прайшоў вакзалам да цягніка, сеў і як быццам бы заняўважыў яго, Піліпа Дубейку. Гэткая рыса — апаслівая адзнака. Піліп Дубейка ўжо сустракаў падобных людзей, не ўдавалася з імі доўга ладзіць, не ішла з імі праца...

Але... тыя людзі ўжо пры першым спатканні рабілі на яго дрэннае ўражанне, а Лаўрэн Сявеня — нельга сказаць. Яго эгаізм асабовага гатунку; ён карыстаецца ім не выключна для свае выгады, для самаабароны... Па думках і разважаннях Піліпа Дубейкі Лаўрэн Сявеня меў эгаізм рэвалюцыянера, ваякі, каторы павінен быць уласцівы кожнаму камуністу. Так, павінен быць уласцівы, але не гэтак выпуклены, як у Лаўрэна Сявені...

Можа за гэтым у Піліпа Дубейкі зайграла свая гордасць, калі ён падумаў аб спатканні з Лаўрэнам Сявеняю.

 

Збіраючыся ў камандзіроўку, Лаўрэн Сявеня думаў аб спатканні з Піліпам Дубейкам. Ён не быў упэўнены, што праца ў вызваленых мясцох працягнецца доўга. За гэтым ён і не рабіў поўнае ліквідацыі свайго «гаспадарства». Кватэру з двух пакояў Лаўрэн Сявеня запісаў на сябе і вывесіў адпаведны ордэр. Павятовы камітэт учуў доказы Лаўрэна Сявені і не мог не згадзіцца з імі. Тым больш што Лаўрэн Сявеня меў багатыя заслугі перад рэвалюцыяй... Павятовы камітэт помніў, як умела і спрытна ён справіўся з паўстаннем белагвардзейскага генерала Брушкова. Улічаў камітэт і тыя абавязкі, якія ўзложаны былі на Лаўрэна Сявеню з’ездам нацыянальных секцый. Чаму ж не заставіць яму забяспечаную кватэру. Крызіс ад гэтага не пабольшыцца. А Лаўрэн Сявеня яшчэ магчыма прыгадзіцца камітэту. Апошні добра ведаў, з кім мае справу. Лаўрэн Сявеня быў у яго на воку і лічыўся ідэйным таварышам. Лёгкая яго гарачнасць ды чуласць прыпісваліся «пераходнаму часу». Увогуле гэта не змяншала важкасці Лаўрэнавага «я»... І аб кватэры не магло быць адмоўных пастаноў; камітэт дазволіў Лаўрэну Сявені ўпусціць часова ў сваю кватэру любога яму чалавека... Лаўрэн Сявеня гэтак і зрабіў: даверыў кватэру земляку Дзям’яну Вочапку. Яму ж даручыў ён ахоўваць і невялікія свае манаткі. На ўсякі выпадак...

Лаўрэн Сявеня разбіраўся ў складанасці палітычнае сітуацыі і не быў спакоен за вызваленыя мясцовасці. Таксама з агаворкаю верыў ён і ў пагоджанасць між сабою і Піліпам Дубейкаю. З першага спаткання гэты таварыш стаў вельмі даспадобы Лаўрэну Сявені. Ён угледзеў у Піліпе Дубейку рэдкую знаходку і пільна да яго прыглядаўся, уважліва пазнаваў яго людскія якасці і таварыскае пачуццё... Многа чаго добрага з погляду Лаўрэна Сявені было ўжыўна Піліпу Дубейку. Разважнасць, глыбокі розум, дабрата, таварыская гасціннасць...

Але...

Лаўрэну Сявені не спадабалася Піліпава занадта ўжо чулая асцярожлівасць. Ён не мог пагадзіцца з тым, каб рэвалюцыянер выпіхваў напаверх сваё разважанне. Пры гэтым у такі момант, калі падзеі не прымалі падобнай якасці ад чалавека.

Складаючы рэчы і думаючы аб Піліпе Дубейку, ён не мог разагнаць шарага адцення ў сваіх думках аб ім. Прыпомніў пакорлівую постаць Піліпа Дубейкі ў халоднай кватэры, яго адмоўны погляд на ўзняты на станцыі гоман... Ласне не сведчыла гэта аб недарэчнай падатлівасці з яго боку? Ці не казала Піліпава мяккасць аб спадчыне інтэлігенцкай сентыментальнасці?

Толькі ў першы момант сутычкі з Піліпам Дубейкаю, Лаўрэн Сявеня падмеціў у ім сур’ёзны выгляд ваччу — адзнаку рашучасці. Мо гэта і было пераважным момантам у яго разам бліснуўшым палкім пачуцці да Піліпа Дубейкі. Гэта, напэўна гэта, акрэсліла іх першую таварыскасць. А далей...

Вось зойдзе Лаўрэн Сявеня ў камітэт нацыянальных секцый, напаткае там Піліпа Дубейку і нязнацьме, што з ім гутарыць. А трэба ж абгаварыць цэлы план, абмеркаваць усе яго дробязі, вылічыць час і абдумаць характар працы. Вынікне цэлы шэраг пытанняў, набяжыць процьма супярэчнасцей і тады...

Вядома, уваччу Лаўрэна Сявені Піліп Дубейка не настолькі ўжо ўмаляўся, каб з яго павінна было браць прыклад для тыповага неўгаворы. Не, яго асцярожлівасць штучна павялічвалася Лаўрэнам Сявеняю... Можна баяцца, што на вывады больш усяго ўплывала яго гарачлівасць у час спаткання з скарбнікам на вакзале... Акругляць думку і канчаткова на ёй спыняцца трэба тады, калі яна складаецца пры поўным спакою сэрца...

Гэту ісціну Лаўрэн Сявеня стараўся прыняць, хоць яна і не адпавядала яго пачуццю. Наступная стрэча праверыць першыя вывады — тады прыйдзецца даваць заключную думку. А пакуль...

Лаўрэн Сявеня ў лёгкай раздвойнасці поглядаў сеў на цягнік, каб ехаць на спатканне з Піліпам Дубейкаю...

 

Піліп Дубейка выйшаў з камітэта секцый, куды заходзіў за праязнымі, і пакіраваў направа. На тратуары, куды ён меўся ісці, гудзеў людскі натоўп. Набліжалася чацвёртая гадзіна, і больш спрытныя служачыя спяшаліся дадому. З мяшкамі за плячыма, з клункамі на руках, з саначкамі яны ўтваралі цікавы абраз, дапамінаючы раз’юшаны бег выгнаннікаў ці дабравольнае перасяленне. Чамусьці на гэты раз асабліва востра кінулася гэта Піліпу Дубейку ў вочы. Ён зацікавіўся, сышоў з тратуара і паглядзеў усцяж вуліцы Леніна па адзін бок, а пасля...

Па другі бок толькі намерыўся кінуць поглядам, як у вачах вырасла постаць Лаўрэна Сявені. Прамігнуў і пацягнуў Піліпаву цікавасць. «Няўжо ён мяне прыкмеціў?» — мігнула думка ў Піліпа Дубейкі. «А можа не»,— усумніўся ён. Але тут жа рушыў наперад, не выпускаючы таварыша з сваіх вачэй.

А Лаўрэн Сявеня сапраўды ўгледзеў Піліпа Дубейку і таксама не рашыў яго зачапіць. Тое, што Піліп Дубейка не пакіраваў да яго, а рушыў ісці наперад, было прычынаю гэтаму.

І абое, амаль не на роўнай лініі, помеж, ішлі ўсцяж вуліцы двума тратуарамі. Час ад часу касілі вачмі, каб не перагнаць адзін другога або не астацца. На перагоне першага квартала абое зацішылі хаду і быццам бы намерыліся сысціся. Але адначасна адвярнуліся ў бакі і пайшлі далей.

Піліпу Дубейку, як і Лаўрэну Сявені, зусім не трэба было столькі ісці, пустыя магазіны не вабілі ніводнага — усё ж яны падаваліся наперад, туды, к пляцу Паўстання. Кожным кіравала выпадковае пачуццё незразумелае гордасці і адпіхала аднаго ад другога. За гэта адплачываліся ногі, на гэтым расло прадубяжджэнне, развіналася адчужанасць, але ніводзін не мог заўважыць іх шкоднасці настолькі, каб перасіліць самога сябе. Піліп Дубейка памыкаўся хоць знакам, кіўком рукі ці іншым пазваць Лаўрэна Сявеню. Але раздумоўваў і баяўся, каб гэта не засталося ў паветры. Возьме Лаўрэн Сявеня, палічыць за крыўду і пойдзе далей. Каб узяў ды падышоў да яго — тады...

Тады б значыла, што Піліп Дубейка зламаў свой прынцып. Чаму прынцып — ён і сам губіўся вытлумачыць, але ўжо даходзіла да гэтай сур’ёзнай штукі. З пункту гледжання Піліпа Дубейкі было няйначай так. А віною — Лаўрэн Сявеня. Хай бы ён падышоў, калі ўгледзеў першым таварыша. А першым напэўна запрыкмеціў не ён Лаўрэна Сявеню, а той яго... Напэўна!.. Для Піліпа Дубейкі было так, а...

Лаўрэн Сявеня не згаджаўся з яго вывадамі і стаяў на супрацьлежным пункце погляду: яго наперад прымеціў Піліп Дубейка, але з гордасці не захацеў падысці. Гэты манеўр таварыша Лаўрэн Сявеня спачатку лічыў асноўным момантам у акрэсленні свайго пачуцця да Піліпа Дубейкі. Лаўрэна Сявеню абражала, што на яго глядзяць з узвышша; ён не лічыў сябе вартым гэтага і ішоў на козыр...

Хоць разам з гэтым Лаўрэну Сявені не прыходзіла ў голаў зрабіць абражаючых для Піліпа Дубейкі вывадаў. Уперціся лбом у эгаізм і пастанавіць за абавязак, каб першым яго зачапіў Піліп Дубейка, Лаўрэн Сявеня не хацеў і не меў жаднага намеру... Больш таго, Лаўрэн Сявеня мог бы сам забраць ініцыятыву, каб гэта ён ведаў, што яна не кончыцца ўпустую. А то...

Яму здавалася, што Піліп Дубейка перайшоў усякую мяжу і глядзіць на яго вачыма ворага. Нават здавалася Лаўрэну Сявені — ён наогул шмат радзей на яго пазірае. Можа зусім не таму, што чакае першага звароту да сябе з яго, Лаўрэна Сявені, боку, а — што яму трэба зараз сюдэю ісці.

Думаючы гэта, Лаўрэн Сявеня зачасціў азірацца па другі бок вуліцы і неадхільна сачыць за таварышам. І чым больш ды часцей азіраўся на Піліпа Дубейку, тым каразлівей рабілася нядбайнасць да яго з боку таварыша.

Тады сталі закрадацца зусім іншыя думкі і іншыя пачуцці... Нават карцела самому павярнуць назад і гэтым даць повад да пярэрвы ўсякага знаёмства...

Але гэта азначала б не просты гонар, а яўную недалікатнасць... «Перад тым, як што зрабіць, паперш трэба ўзважыць, ці варта гэта рабіць»,— успомніў дачасна Лаўрэн Сявеня.

І, прымха,— як бы што яму падказала,— ён перамяніў думку ў адносінах да таварыша.

«Піліп Дубейка не здаецца, цвёрда стаіць на сваім, ці ж гэта дрэнная якасць? Чаму лічыць гэта за ўпартасць, а не за тую ж непадатлівасць, якою ён сам хваліўся перад Піліпам Дубейкаю?»

Так, так...

 

Каб яны не падблізіліся да пляцу, праз які ніводнаму не выпадала дый не трэ было ісці, Лаўрэн Сявеня бяздумна накіраваў бы першым да Піліпа Дубейкі. Але гэтаму рашэнню Лаўрэна Сявені паперашкодзіў пляц. І адзін і другі ні то міжвольна, ні то па супаўшаму жаданню сышлі з тратуараў і павярнулі на спатканне. На адгоне каля пяці крокаў абое ў адзін час разнялі гадзіну маўчаўшыя губы і радасна перагукнуліся:

— Піліп...

— Лаўрэн...

— Ты куды?

— А куды ты?

Павіталіся з пачуццём, якое бывае пры раптоўнай, знянацкай стрэчы, паціснулі ад шчырасці адзін другому рукі, усміхнуліся добраю ўхмылкаю. Ад добрага настрою не хацелі кратаць ніводнага пытання, якое б гэты настрой магло папсаваць. І ціха, побач, хвілін дзесяць прайшлі сярэдзінаю вуліцы назад. Пасля сышлі на тратуар, ужо апусцеўшы ад гушчы служачых, і ўшчалі гутарку.

— А ты, аднак, настойны... я не думаў гэтага,— сказаў Лаўрэн Сявеня.

— Немаведама ў каго гэта пачуццё пераважвае...— не згадзіўся Піліп Дубейка.

— Я не ўпікаю, а задаволены, калі хочаш ведаць...

— Задаволены?..

— Не смяюся... Спярша было ніякавата, а пасля перамяніў думкі...

— Так што не заўсёды можна разлічаць на падатлівасць?..

— Гэта добра... Я паважаю чалавека, які мае павагу да сябе... Наша становішча гэтага патрабуе... Рэвалюцыянер, партыец...

— А то ж я не ведаю? — перабіў таварыш Піліп Дубейка.— Толькі не заўсёды і ўсюды гэта патрэбна. Не можна глядзець мінаю льва на рахманую авечку...

— Не забавіш, брат, песняю шчыгла галоднага ката, таксама...

— Не гарні ў бок драпежных тэм... Тут справа...

— Пачакай...— Лаўрэн Сявеня тузнуў Піліпа Дубейку за руку,— а вось табе прыклад. Я ехаў сюды і бачыў: у вагон лезе чырвонаармеец, ужо ступіў на першую сходку і хапіўся рукамі за парэнчы; а два здаравенных мужланы стаяць на пляцоўцы і крычаць: занята, занята... злазь!.. Калі чырвонаармеец іх крыку не паслухаў, яны тут жа размахнуліся і адначасна апусцілі на яго замерзлыя рукі пару важкіх кулакоў. Чырвонаармеец кулём паляцеў са сходкі... А цягнік крануў пад вясёлы смех абармотаў...

— Па-твойму, скажам, трэба было лезці чырвонаармейцу з штыком напагатове? Я сам за гэта, але...

— Але — пахне драпежніцтвам?..

— Кіньма, не згаворымся...

Абое змаўчалі, каб праз некалькі часу пачаць гутарку на іншую тэму...

 

На гэты раз тэма была аб працы ў вызваленых месцах. Як і што да яе падысці, з якога канца пачаць... Адцягненасць, што дыктавалася няведаннем абставін і ўмоў, улівала многа лішніх думак і гадак.

Гэта займала іх два дні пасля спаткання, і займала зараз, у цягніку, па дарозе да месца назначэння.

І Піліп Дубейка, і Лаўрэн Сявеня з далёкага адгону разглядалі ўсе рэчы ў водсвеце вакольваючых з’яў. Тое, што аставалася ў іх ад мінулага да ваеннага знаёмства з краем, мала выясняла сучаснасць. Абое жылі ў розных умовах, абое мелі іншы падыход да сацыяльнага развіцця грамадскасці. Тут жа сышліся на адных ідэях, на адной тактыцы, і ехалі роўнымі чынамі з роўнымі заданнямі. І той і другі верылі ў адзін ідэал, і той і другі імкнуліся да адзінае мэты, але...

Малое і зусім нязначнае нешта заблыталася ў роўнасці іх імкненняў і хвальбавала, шурпаціла гладкую паверхню іх думак.

Ужо канчаўся другі тыдзень ад іх знаёмства. Шэраг выпадкаў выспрабоўваў сталасць і моц іх поглядаў.

Аставаліся аднакія вынікі. У хлопцаў былі разыходжанні. Лаўрэн Сявеня два дні да ад’езду, як камар над балотам, гудзеў над вухам таварыша аб непарушнасці сваіх метадаў у падыходзе да рэчаў і з’яў. Ён угаварваў Піліпа Дубейку кінуць дзявочую сарамлівасць, адкасніцца ад інтэлігенцкае асцярожлівасці і стаць прамэтэем, што здымае агонь з неба. Там, куды яны прыедуць, павінна ўзяць самыя адказныя назначэнні і стаць у асяродку краёвых падзей... Яны не смеюць адхіляць тых заданняў, якімі надзяляе рэвалюцыя смелых ваяк...

Піліп Дубейка аднімаў яго руку, што цягнулася к небу, і студзіў яго пачуцці, каторыя сягалі да твару Гарыбальдзі. У яго разуменні не ўкладаліся гарачыя мары побач з халоднаю рэчаіснасцю. Ён разумеў, як ідзе развіццё рэвалюцыі і якія вымаганні яно ставіць для свае рэгуляцыі. І адгэтуль першым падаваў знак да спынкі размоў, якім не было канца з боку ЛаўрэнаСявені...

— Слухай, Лаўрэн,— казаў Піліп Дубейка таварышу, мінаючы чарговую станцыю,— ты, як той цягнік — разыдзецца і няма спыну... пакуль машыніст не паверне ручкі...

Лаўрэн Сявеня не аставаўся ў даўгу і плаціў таварышу сваёю манетаю і па свайму курсу. Ён тым упарцей не хацеў падавацца там, дзе гэта было найбольш патрэбна. І калі безнадзейным выглядала поўная перамога, то стараўся не астацца без усякае. Але нізашто не мог ён пагадзіцца на тым, каб зламаць свой погляд, далёка не вольны ад уплыву пачуцця.

У даным выпадку Лаўрэн Сявеня не кінуў гутаркі, пакуль не ўзяў ад Піліпа Дубейкі слова, што ён будзе гутарыць з губернскім камітэтам ад імя абодвух.

Абяцанка таварыша даверыць Лаўрэну Сявені свой лёс — была для яго тою ўцехаю, якая не толькі праходзіць халадком па разгарачанай постаці, а і часта выклікае чыннасць, прад якою нельга не схінуцца...

 

— Мы, значыцца, едзем у сёмую армію, у трэцюю дывізію? — ставіў апошняе пытанне Лаўрэн Сявеня.

Сакратар губкома ціхім голасам пацвердзіў:

— Так, у сёмую армію, у трэцюю дывізію...

Лаўрэн Сявеня забраў ад сакратара камандзіроўку і ўзяў пад казырок. Тое самае прарабіў і Піліп Дубейка. Пасля абое выйшлі з яго кабінета.

— Ну, як табе падабаюцца вынікі ад нашае гутаркі? — з востраю цікавасцю запытаў Лаўрэн Сявеня ў таварыша.

— Вынікі? Звычайныя,— холадна адказаў Піліп Дубейка і да таго засмуціў Лаўрэна Сявеню, што той ажно жахнуўся.

— Чаму?..

— Таварышы маюць шаблонны падыход там, дзе трэба асабова разбірацца...

— Ты нездаволены назначэннем?

— Я? — Нічога падобнага... Я лічу, што мне хопіць работы ўсюды, калі я толькі шчыра працавацьму...

Лаўрэн Сявеня колькі часу памаўчаў, раздумоўваючы, ці варта гадзіцца з камітэтам, пасля сказаў:

— А мы сумеем перакамбінаваць... Там будзе відаць...

Але гэта не было сказана па адрасу; Піліп Дубейка паматаў галавою і заўважыў:

— Таварыш Лаўрэн, ці ж рэвалюцыя можа гадзіцца з капрызамі асобнага чалавека... Ты думаеш мяне крыўдзіць наша назначэнне? Ніколькі... я сказаў паміж іншым... Жыццё заблытана ў мільёны вузялкоў і кожны павінен развязвацца іншым спосабам. Наша знаёмства паказала, што цяжка знайсці двум асобам адзіны крытэрый...

— Што датыча нас, то эмоцыя гэтага яшчэ не даказала... Аднак, скажы мне, я бачу, што табе камісарства не падабаецца? Калі хочаш — вернемся і перарашым... Думаеш, сакратар адмовіцца?..

— Кінь... Мне ні каліва не ідзе аб сабе...

Яны яшчэ доўгі час гутарылі на гэту тэму, адчуваючы ў сваёй гутарцы якуюсьці адчужанасць. Але ў скутку гутарка не прывяла да адмоўнага.

Скончыўшы яе, абое згодна накіравалі сваю ўвагу на далейшае, на тую працу, што вось-вось да іх набліжалася. Абставіны месца, настрой арміі, людзі, з якімі ў першую чаргу давядзецца мець справу, і, галоўнае, забяспека ў ахове граніцы,— гэты знізак пытанняў заняў іх думкі. У абгаворы іх і Лаўрэн Сявеня, і Піліп Дубейка стараліся згладжваць рубы і знаходзіць пункты сутычкі. Набліжэнне жывое чыннасці вымагала ад іх цвёрдае, сталае падрыхтаванасці.

І яны спакойна ад’ехалі к месцу.

 

У халодным вагоне, які быў другога класа, а зараз прадстаўляў сабою невыразны выгляд разбуранае каморкі, таварышы абменьваліся першымі вынікамі працы.

Адзеўшыся ў кажушкі, абое ціснуліся ад холаду і пазяхалі. Разложаная на каленях у Лаўрэна Сявені мапа спаўзла на падлогу. Ніводнаму не хацелася сагнуцца, каб падняць і праверыць нядаўнія выкладкі. Кожны быў упэўнены ў іх адпаведнасці.

— А ў мяне трэба многае што перастроіць...— выказаў Піліп Дубейка.

— Вось дзе павінна быць цвёрдасць...— падкрэсліў Лаўрэн Сявеня.

Выказаўшы гэта, таварышы зрабілі перапынак і крыху падумалі.

— Не гэтак важна заваяваць, як цяжка ўтрымаць заваяванае...— пачаў першым Лаўрэн Сявеня.

— Тут адвага адыгрывае не першую ролю...— уставіў Піліп Дубейка.

— Так... Але заўтра мы мусім браць адвагаю.. І толькі пахіліцца на развагу, як згінем, не агледзеўшыся... Польскія шайкі рыхтуюцца...

— Адвага патрабуе спакойнае развагі... А рэвалюцыі абедзве гэтыя якасці — вярнейшая ахвяра...

— Я думаю, што ў кожны адказны момант мы зможам зліць сваё «я» ў адно цэлае...

— Тым больш што тут няроўныя тратуары вуліцы дзе можна ісці вярсту і не сысціся... Так... Слухай!..

Іх гутарку перабіў зык трубы.

Таварышы настаражыліся...

— Ці не трывогу падаюць? — запытаў Піліп Дубейка.

— Так, трывогу,— падмацаваў Лаўрэн Сявеня. Абое машынальна падняліся з лаўкі і прылажылі правыя рукі да рамнёў на паясе.

Рамні зарыпелі, раздаючыся ад напору, з’яднанага ў абоіх, у абоіх роўна кіпучага пачуцця ваяк, гатовых жыццём заплаціць за рэвалюцыю...

І тут жа цвёрдымі ўпэўненымі крокамі рушылі таварышы к выйсцю з вагона.

Лаўрэн Сявеня побач Піліпа Дубейкі.

Піліп Дубейка побач Лаўрэна Сявені...

За вагонам пачынаўся новы этап у іх знаёмстве.

 

1927


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан