epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Трэскі на хвалях

I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX


I

 

У канцылярыі Вікурскага іспалкома, падзеленай на дзве палавінкі, таўклося процьма людзей. Адны забеглі выясніць справу з падаткам, другія зайшлі папрасіць у прадсядацеля дроў, трэція наведваліся за дапамогаю, а некаторыя так, проста сабе, зайшлі. Гамонка дзелавітая, просьбы са слязамі на вачах, спрэчкі, выкрыкі ўмольныя, ласкавыя словы знарочыста «прыніжаных» напаўнялі дзве невялікія каморкі, брудныя, з разбітымі вокнамі, неапаленыя, з пашарпанымі, замурзанымі абоямі. Некаторыя з прыйшоўшых выказвалі сябе смелымі і вялі гутаркі са служачымі іспалкома развязна, запанібрата, другія ж, па старому звычаю, чулі сябе ў іспалкоме, як бы ў якой канцылярыі царскае воласці або станавога, і падыходзілі да сталоў дзелавода ці загадчыка аддзела з нейкай палахліваю асцярогаю, з аглядкамі навокал і назад, з падазронасцю.

У дзвюх каморках, якія складалі канцылярыю іспалкома і разам чуць не ўсе аддзелы, за вылучэннем «кабінета» прадсядацеля і «кабінета» ваенкома, стаяла па кутках каля шасці сталоў. На кожным стале ляжала па некалькі «спраў» у сініх і жоўтых вокладках, вылупленых у памёршых канцылярыях старога ладу. У суседстве са справамі стаялі разнаколерныя чарніліцы з невялічкім запасам вадзяністага чарніла. Добрая колькасць гэтага чарніла апынулася на паверсе сталоў, размаляваўшы іх большымі і меншымі плямкамі. Але і таго запасу, які меўся ў бутэльках, для дзелавода і для загадчыкаў аддзеламі было даволі. Яны спакойна раз-поразу мачалі асадкамі ў пляшачкі, прыгінаючы іх на бок, каб больш насыціць пёрка, і з перабоямі між гаворкаю выводзілі нямудрыя запісы на кавалачках рознага сорту і гатунку паперы. Часта, абмачыўшы пёрка, яны не дакраналіся да паперы, а, гаворачы з просьбітамі, хвілінамі трымалі асадкі напагатове да пісання, а потым мачалі іх зноў у чарнілы.

Ды сапраўды, куды там было да спакойлівае пісаніны, калі нельга было вольна ўздыхнуць ад людзей, якія ўсё прасілі і пыталі. Здавалася, з нецярплівасцю можна было многіх вылаяць за назойлівасць і ачамернае прыставанне, можна было са многімі пасварыцца. Але гэта не было навіною для іспалкомаўцаў. Штодня праз паўтара года ад часу палякаў у іспалкоме панаваў настаяшчы кірмаш. На ўсю воласць трэ было раздаваць прыказы, кіраваць зямельнаю, лясною, працоўнаю справамі, судзіць, радзіць, памагаць, уладаваць, наводзіць парадак і ўмацоўваць Савецкую ўладу, і з усіх канцоў воласці, з яе мядзведжых куткоў накіроўвалі за раз'ясненнем кожнага пытання ў іспалком.

Як толькі пачыналася раніца, ужо не зачыняліся дзверы; мэрам на станцыі - яны хадуном хадзілі ўзад і наперад, з прычыны чаго бясконца стаяў стук і бразганіна. У іспалком ехалі ахвотна і смела, а таму кожная маленькая, зусім нязначная справа адводзілася ў яго на абгавор. Чаго ж! Свае людзі, без крыку, па-суседску могуць усё абсудзіць і вырашыць. Ды не толькі заязджалі з простымі пытаннямі, а нават так, без дай рацыі, заходзіла ў іспалком штодня шмат людзей, найбольш мяшчан-вікураўцаў, якія любілі парадзіцца аб розных пытаннях свайго куту і аб навінах у свеце. Іспалкомцы хоць і камуністы ў большасці, але свае людзі, выгадаваныя на вачах, - чаго ж іх саромецца ці баяцца? Не выжануць. І кожнага дня паміж дзелавымі заезджымі было шмат проста зайшоўшых. Іх ужо можна было адмеціць па нядбайнаму, спакойліваму выгляду твару, па шырока выказанай суседскасці. Многа з гэткіх праз частае наведванне пазналіся з унутранымі распарадкамі іспалкома і часта падавалі тую ці іншую раду не знаёмым з нічым, рэдка ці ўпершыню прыязджаўшым.

Сідор Браварка, адчыніўшы дзверы, зразу трапіў на аднаго з гэткіх дарадчыкаў і запытаў:

- Скажыце, дзе тут займаецца Андрэй Камель?

- А? Гэта загадчык асветы? Вунь у тым куце. Прайдзіце. Каля яго, здаецца, менш усяго людзей, ён вас выслухае.

Сідор Браварка павёў носам у дымным згушчаным і злёгку смуродным паветры, кіўнуў нездаволена галавою і павярнуў к паказанаму кутку. Гурток сялян, што перагароджваў дарогу, расступіўся, і ён вольна падышоў да стала, за якім сядзеў загадчык асветы Андрэй Камель.

- Здароў, калега! - прывітаў Сідор Браварка знянацку.

Андрэй Камель хутка адняў вочы ад папераў, здзіўлена паглядзеў у твар Браваркі і адказаў:

- Якім гэта чынам? Вось дык не чакаў, брат! Калі прыехаў? Як надоўга? Што ў цябе новага чуваць? Як здароў? - засыпаў Камель прыяцеля шэрагам запытанняў. І, не чакаючы, пакуль той пачне адказваць, абгледзеў навакол стала, мэрам бы чаго шукаючы. Пасля, спыніўшыся вачмі на паламаным зэдліку, праказаў да Сідора:

- Сядай і расказвай.

- Што, брат, расказваць! Ці варта наогул гаварыць?

- Чаму?

- Ды таму! Аб чым цяпер будзеш гаварыць? Ласне можна найсці што-кольвечы цікавае... - Сідор матнуў недаверна рукою і яхідным позіркам абвёў канцылярыю іспалкома. - Вось так, як гэта, - усюды. Што ты будзеш казаць... Гніль, смурод, чад... Эх, не тое, брат, аб чым мы калісьці марылі! Помніце, калега?

Сідор дастаў з кішэні сярэбраны партабак, спрытным замахам пальцаў адчыніў яго і працягнуў да Андрэя. Гэты міжвольна падаўся да партабака ўсім целам і нясмела двума пальцамі выняў пахучую надушаную папяросу.

- Бач, яшчэ маеш... Не тое, як мы тут... Самасейку глумім.

- Да гэтага пакуль яшчэ не дайшло. І, думаю, не дойдзе. Трэба меркаваць, дарагі, каб не апынуцца пад абцасам гэтага тыпу... Вось трымаюся сяк-так. І не скажу, каб давялося цярпець, як другім...

- А цікава, бок, ты дзе цяперака ўстрэмлен? - пацікавіўся Андрэй.

- У прадкоме ў Проўску.

- Даўно ўжо?

- Ды вось амаль не паўтара года... Ці ж ты не атрымаў майго ліста? Я ж паведамляў цябе аб гэтым... Як выйшаў з асветы, дык зразу і паступіў у прадком... І, знаеш, павязло: устроіўся добра. Ну, а ты тут?

- Як бачыш, усё тут. Важдаюся, брат, са шкрабамі ды з мяшчанамі. Па вушы працы. І, прызнацца, цікавай працы.

- Ай, кінь ужо ты з яе цікавасцю: я ведаю яе! Перанёс на сабе і трудавыя школы, і двухступянёўку, і... беларусізацыю... Пачуў увесь смак...

- Таварыш Камель, - перабіў Браварку якісь мешчанін, не падыходзячы блізка да стала.

- А што, дзядзька?

- Вы там, таварыш, наказвалі, каб я зайшоў да вас наконт майго хлопца. Вось я і прыйшоў. Вы, калі ласка, дазвольце вам усё раз'ясніць...

- Нічога, дзядзька... Я ўжо ўсё ўладзіў: я зазываў да сябе настаўніка і наказаў яму, каб другі раз ён без саюзу так не рабіў. Нічога, будзьце супакойны - справа залатвена.

- Дзякую, таварыш. Вельмі дзякую, а то мне столькі клопату паддаў ён, што...

Андрэй матнуў рукою, і селянін замоўк, схінуўся перад ім і завярнуўся ад стала.

- Вось гэта табе цікава? - пасмяяўся Сідор. - Не ведаю, хіба ты змяніўся, а як судзіць па-ранейшаму - то наўрад ці могуць цябе зацікавіць гэткія справы... Трэба наогул напалову адрачыся ад самога, каб з цікавасцю аддацца гэткім справам... Я не ведаю, як ты, ну а я ўсё яшчэ не магу згадзіцца з усім гэтым.

- Што ты, Сідор, узапраўды? Здаецца ж, ты не горай мяне жывеш, а... - вымавіў Андрэй і супыніўся, угледзеўшы, што ў канцылярыю ўвайшлі настаўнік і настаўніца вікурскае школы.

- Я табе скажу: гэта не тое, каб даводзілася дрэнна з матэрыяльнага боку. Не! Галоўнае...

Настаўнік з настаўніцаю, пасмейваючыся над чымсьці, падышлі да стала і запанібрацкі павіталіся з Андрэем. Настаўнік абгледзеў навокал стала, каб найсці на чым-колечы прысесці, і, не ўгледзеўшы нічога, пасмяяўся:

- Хоць на падлозе... Па-турэцкаму...

Сідор пахіліўся да настаўніка і, пазнаўшы ў ім знаёмага - нават калісьці таварыша, уставіў ад сябе:

- Цяпер не навіна: альбо пад сталом, або на стале.

Настаўнік, пакуль не зважаўшы Сідора, цяпер глянуў яму ў твар і весела-здзіўлена завёў:

- Га-а! А вы ж, Сідор Гарасімыч, якім чынам да нас? - і працягнуў яму руку.

Сідор патрымаў працягнутую яму руку і адказаў:

- А вось у госці заехаў. Няма бацькоў - пачастуюся ў сястры. Захацелася наведаць родны кут.

- Пазнайцеся: Марыля Слой, настаўніца вікураўскага вучылішча, - паказваючы рукою на настаўніцу, запрапанаваў Сідору настаўнік.

Сідор далікатна прыўстаў з зэдля, схінуўся крыху і паціснуў ужо працягнутую яму руку настаўніцы.

- Паўлюк, а ці ж Марылі таварыш Сідор не ведае, што ты іх знаёміш? - здзіўлена запытаў Андрэй, паглядаючы пазменна на кожнага з іх.

- Штосьці я не помню, - адказаў Сідор.

Настаўніца ні то ганорна, ні то сарамяжна прапусціла тварам лёгкую ўхмылку.

- Дзе там іх прыпомніш! - уставіў Паўлюк. - Іх тут за час адсутнасці Сідора Гарасімыча з Вікур нарасло як грыбоў. Дзявочае семя ўрадлівае.

- Ах, каб цябе, каб цябе... - Настаўніца замахнулася на настаўніка рукою, але той спрытна ўхіліўся і ўголас зарагатаў.

Яго рогат звярнуў на сябе ўвагу многіх прысутных у іспалкоме, якія павярнулі галовы ў іх бок. Андрэй з прычыны гэтага нездаволена кіўнуў галавою і хутка азірнуўся ў бок «кабінета» прадсядацеля. Сідор падмеціў асцярожлівасць таварыша і прамовіў:

- Чаго азіраешся?

- Нічога... Так сабе... - уверыў Андрэй і тут жа пачаў збіраць свае паперы. - Трэба збірацца дахаты. Заўтра будзе дзень. Усё роўна сёння ўжо не будзе работы.

- А начальства не баішся? - пажартаваў Паўлюк.

- Трэба на гэты раз адважыцца.

- На гэты раз можа ўважыць. Не так многа часу засталося да канца, - дадала Марыля.

- Ах, менш бы яго яшчэ засталося, - яхідна праказаў Сідор і паглядзеў на загарак.

- Ну пойдзем, калегі, - пазваў Андрэй.

- А куды? - запытаў Паўлюк.

- Падумаем...

Яны выйшлі з іспалкома на двор і пайшлі праз пляц напрамкам да вуліцы.

- Што ж, Андрэй, трэба будзе адмеціць прыезд Сідора Гарасімыча, - запрапанаваў Паўлюк.

- Так, добра б было... Але дзе і як?

- Калі ласка, да нас заходзьце, - пазвала настаўніца.

- Вось добра, - сказаў Паўлюк, - згодны, Сідор Гарасімыч? У Марылі Палікараўны зацішна і добра. Мы там заўсёды збіраемся. Можна і пагаварыць аб усім...

- Давайце, мне цікава разведаць, як у вас тут жывецца, што чутно, які ваш настрой, - адказаў Сідор.

Як толькі яны выйшлі на вуліцу, іх нагнаў настаўнік Плаха.

- А-а! Я дык ледзьве вас знайшоў, - выгукнуў ён, забягаючы ўсім наперад і па чарзе вітаючыся. - Мне цікава пабачыць Сідора... Здароў, брат! Як і што ў цябе? Ці надоўга да нас?

- А вось пагляджу, як спадабаецца... Спадабаецца больш - прабуду даўжэй, а не спадабаецца - хутка ўцяку, - адказаў Сідор.

- Гэ-э! У нас не горай, як усюды, - падаў Плаха.

- Да горай ужо нідзе не бывае. Усюды роўна - усюды горай. Адны парадкі - адны законы... Чаго тут лепшага шукаць.

- Пэўна! Праўду кажаш, браток, - згадзіўся Плаха, не думаючы, да чаго кажа.

У гутарцы прыняла ўдзел уся кампанія. Але меней усіх выказваўся Андрэй. Таксама рэдка закідала словы і Марыля, якая больш слухала Сідора. Апошні, скора яна яго ўгледзела, паказаўся ёй дужа прыемным і прыгожым, і яго словы здаваліся ёй ад пачатку да канца праўдзівымі. Калючкі і ўпінкі ў Сідоравай гутарцы, накіраваныя на савецкі лад і яго парадкі, падабаліся Марылі яшчэ і таму, што яна таксама не спагадала бальшавікам... На кожны выказ Сідора Марыля адказвала ўхмылкаю і ліслівым зазіраннем яму ў твар. Гэта, з свайго боку, заахвочвала Сідора на большую адкрытасць у сваёй гутарцы.

Гэтак гутарачы, яны прайшлі ў канец усю вуліцу і павярнулі назад.

- Ну, хіба цяпер разыдземся, а пасля сыдземся зноў... калі не прагоняць, то ў Марылі Палікараўны, - парадзіў Сідор.

- Што вы, аброць вам на язык, - перапыніла Марыля.

- Добра, добра, - згадзіўся Паўлюк.

Параўняўшыся з перавулкам, яны разышліся хто куды.

 

II

 

Сідор Браварка прыйшоў да сястры на кватэру і, не застаўшы нікога ў хаце, прысеў каля стала і пачаў выяўляць і пераверваць сам-насам першыя свае ўражанні. Выгляд мястэчка, іспалком, яго таўкатня, спатканне з таварышамі, іх настрой сціслым шэрагам панесліся перад яго ваччу адно за другім. Пранесліся перш несустрымна, хутка, а пасля, мэрам бы зрабілі паўкруг ублізку ад яго, павярнулі назад і зноў кранулі яго думкі. Затым раптам зніклі, даўшы месца мінулым адчуванням. Перад Сідорам усталі вобразы яго студэнцкага жыцця, гульні з паповымі і станавога дочкамі, пачосткі, балы, вечарыны. Прамігнулі палкія летуценні, жаданні і мары, якія выглядалі перад ім якімсьці раем. Тады, прыпомніў Сідор, многае што абгаварвалі яны з Андрэем і Плахаю, будавалі шмат смелых планаў. Вікуры не мелі месца ў іх жыцці. Пецярбург - вось дзе луналі іх думкі... Яны лічылі сябе вялікімі людзьмі, перад якімі ўсіх бы вікурцаў спадалі шапкі. «Колькі часу таму? Многа, многа! Здаецца, цэлыя вякі! Ды страшнага якога часу, каторы пераламаў усе мае планы, усе задумы перастроіў. Якія змены зрабіліся! Цяжка ваабразіць! На ўсім і на ўсіх, як ні паглядзі», - прашаптаў Сідор сам пра сябе.

Сідор прыўстаў з месца, паглядзеў у акно, ці не ідзе хто, каб не памяшаў салодкасці і заўзятасці яго думак, і зноў адвярнуўся ад акна, але ўжо не прысеў, а пачаў тупаць па хаце.

«Перамена на ўсім, адно толькі я астаюся тым самым, якім і быў. Я адзін краплюся і стаю на сваім. І выстаю... Ды мала таго, што выстаю, а мушу і другіх прытрымаць на тым жа месцы. Бо што з таго, калі мне аднаму давядзецца займаць сваю пазіцыю? У гэтым мала радасці і мала карысці... Важная карысць - другіх утрымаць... Так, важная, але ці ж хопіць сілы?.. Штосьці задалёка ўсё адышло... Дзіўлюся. Ці то мне здаецца, ці сапраўды яно так: мэрам бы і Андрэй зусім другім стаў. Відаць па ўсяму: патайны стаў, малагаваркі, падазроны... Няўжо і яго пераламала ўжо? За гэтыя два з лішнім гады ці ж мог ён адцурацца сваіх поглядаў - гэткіх цвёрдых, здавалася, і пераконаных?.. Цікава!.. Што ён выкажа далей? Трэба пацягнуць яго на адкрытую... Бо штосьці не верыцца, каб ён са шчырасці казаў, што «работа цікавая»... Забачым... А шкода будзе, калі Андрэй паламаў погляды, шкода... А гэта можа стацца, бо жыццё ломіць... Ломіць упарта і крэпка. Паглядзець - падзівіцца! Узяць бы і ў мяне на службе... Ліха іх ведае: кожны стаў нейкім асобным і незразумелым. І чым далей, тым кожная душа становіцца невыразнейшай... Але там - горад. Горад - то іншае: шум, рух, кіпятня... Дзіўней тое, што вось і ў гэткія куткі, як гэтыя Вікуры, так шырока ўсё пралазіць. Чаго б, здаецца, тут уважваць бальшавіцтва, а потым паглядзець - прывыкаюць. Повен іспалком мужыкоў; згодна ды спакойліва гутараць... як дома, як у суседа... А Андрэй кажа, што «работа цікавая».

Сідор не зварачаў увагі на тое, што ў хаце было цёмна; ён размеранымі крокамі, пакіўваючы галавою, тупаў па хаце, малюючы розныя выкрутасы: то крыжы, то петлі, то ўкосныя фігуры. З акон супрацьлежнага дома выпадалі пукі праменняў і прабіваліся ў хату, кладучы адбітак акон на печы. Вуліцаю праходзілі людзі, скрыпучы па снягу нагамі. Сідор, калі хто праходзіў, на хвілю прыпыняўся і міжвольна прыслухоўваўся, пакуль прахожы не мінаў хаты. Пасля зноў пачынаў хадзіць.

Гэтак ён пратупаў каля гадзіны. Нарэшце спыніўся, падышоў да стала і намерыўся прысесці, але ў гэты момант пачуў стук дзвярэй.

Праз хвілін пяць у хату ўвайшла гаспадыня, яго сястра Юста.

- Ці ёсць хто ў хаце? - запытала яна ўпацёмку.

- Я, Юста, я ў хаце! - адказаў Сідор.

- Чаму ж ты ўпацёмку сядзіш? Ласне не ведаеш, дзе запалкі?

- А хто іх ведае... я ж яшчэ не агледзеўся...

Юста запаліла газніцу.

- Ну, а дзе ты хаця сёння быў? - пацікавілася Юста.

- Дзе... Вось у іспалком схадзіў да Андрэя, пасядзеў там трохі, пасля прыйшлі настаўнікі, і мы прайшліся крыху па вуліцы. Так дзень і мінуў.

- А мой Юрка часамі не прыходзіў?

- Як я ў хаце - то не.

- Ах на яго ліха, бадзяецца цалюткі дзень. Няўжо ён яшчэ справункаў сваіх не скончыў? І ведае, што госць дома, а сам, як цюцька, лётае дзесь... пэўна, таксама забраўся дзе ў іспалком і сядзіць, - не здаволілася Юста.

- А ён у цябе наведвае іспалком? - здзіўлена запытаў Сідор.

- Так! Кожны дзень сядзіць там. Назбіраецца іх мо з дваццаць чалавек, набяруць паўнюткія капшукі тытуню і дурацца да поўначы. Ушалопаў, ведаеш, і не адвучыць...

- Няўжо яму так падабаецца іспалком?

- Ліха яго ведае! Бачыш, што так.

- І бальшавікоў ён любіць? - пацікавіўся Сідор.

- Не кажа выразна, але, гутарачы, заўсёды іх хваліць, - адкрылася Юста. - Я ўжо яму кажу: «Што ты людскае ў іх бачыш - пакінуў бы іх хваліць», а ён мне: «Як-ніяк, а нам пры бальшавіках лепей. Усё можна смела сказаць, можна зямлі браць дарам, лесу дастаць можна... З усімі проста - запанібрата».

Сідор яхідна засмяяўся і сказаў да сястры:

- Бач, зусім нечакана і ты для сябе бальшавіка знайшла.

- То-та ж, але! Ліха яго ведае! Некалі як быццам бы і не любіў іх, а цяпер вось перамяніўся. Ды не толькі ён адзін... Амаль не палова нашай вуліцы так... З другіх вуліц - дык ёсць колькі чалавек, што і слухаць не хочуць аб Саветах, а гэта за бальшавікоў...

- Гм! - выказаў сабе пад нос Сідор і прайшоў раз па хаце. - Мяняецца час, і мяняюцца людзі... Што ж, бязвольныя, слабыя... - невыразна выказаўся ён.

Юста нічога не адказала, думаючы, што брат будзе гаварыць далей. Але, пачакаўшы хвілін колькі, яна загаварыла аб другім:

- Мо ты есці хочаш, Сідор? Мо збіраешся пайсці куды, дык кажы. Павячэраем удваіх. Юркі чакаць не будзем, горліца яго бяры...

- Так, я ўмовіўся быць у Марылі Слоевай... Там у яе зборня, ці што!

- Так, гэта ж там збіраюцца ўсе вікураўскія інтэлігенты, як на іх кажуць, - паясніла Юста і тут жа дабавіла: - Ну, дык я табе выму вячэраць, ды ідзі.

- Не варта, не клапаціся, - паспрабаваў адгаварыцца Сідор, але Юста не далася далей спрачацца, а паспешна прыгатавала вячэру і ўбрала стол.

- Садзіся! Навошта тыя цырымоніі!

Сідор усеўся за стол і прыняўся вячэраць.

 

III

 

Павячэраўшы, Сідор зразу адзеўся і сабраўся ісці.

- Ты ўжо, Юста, не засоўвай дзвярэй, хоць я спазнюся, - папрасіў ён сястры, выходзячы з хаты.

- Не бойся, не астанешся начаваць на дварэ, - пажартавала Юста. - Вось калі і засунуты будуць дзверы, дык ты працягні ў аконца руку, абмацай вяроўку і адчыніш.

- Добра... Адно была б вяроўка.

Юста правяла брата ў двор і паказала яму ўсю смікалку з засоўкаю дзвярэй.

- Ідзі гуляй, з Богам, - пажычыла яна Сідору.

Адказаўшы «дзякуй», Сідор пайшоў з двара. Да Слояў дарогу ён ведаў добра, як наогул добра ведаў амаль не кожную мясціну Вікураў. Але, пусціўшыся ісці, ён спярша не выясніў перад сабою яскравага жадання няйначай рабіць гэта. Штосьці - ён пакуль не цяміў - трохі астудзіла яго тыя спадзевы, з якімі ён уязджаў у роднае мястэчка. Чакалася ў ім знайсці часовы адпачынак пасля скрутнага, вакол варожага яму жыцця; чакалася адкапаць памятныя старыя моманты і супакоіцца на аднаўленні іх з сваімі, як ён чакаў, незачэпленымі бегамі часу, таварышамі. А тут вось! Толькі сустрэўся з лепшымі з іх, як адразу ўбачыў, што Андрэй - не той. Не той Андрэй, і не той Плаха. І чаго крыўдней - гэта тое, што і ў хаце сястры, як выявілася, таксама няжданае. Жарты, Юрка таксама абальшавічыўся!..

Пайсці да Марылі Слоевай мела б рацыю для Сідора тады, каб яму сустрэць там блізкую і мілую кампанію. Але ці ўдасца гэта - брала Сідора вялікае сумненне. Гэтае ж сумненне і сцішала яго хаду, застаўляючы праз кожныя пяць крокаў прыпыняцца і азірацца назад.

Ужо прайшоўшы ў канец усю вуліцу, Сідор пры павароце ў завулак супыніўся на месцы і пачаў канчаткова вырашаць сам сабе - ісці ці не? У яго нутры вынікла раўнавага доказаў за патрэбу пайсці і супроціў гэтага, і ён ажно злаваўся на сябе, неспакоячыся.

Нарэшце штосьці яго падтаўхнула на тое, каб ісці, і Сідор маладзецка, ганорна замахаў уперад левую нагу, пачуўшы, мэрам бы з плеч спала колькі пудоў. «Пайду і паспрабую, у выпадку чаго, пазмагацца», - парашыў ён і прыняўшы, ідучы, паспешна абдумваць, як і што яму трымацца. Але не паспеў ён якраз абдумаць і адзін манеўр, як ззаду пачуў вогук:

- Сідор Гарасімыч?

- Я самы! - здзіўлена адгукнуўся Сідор і прыпыніўся.

- А я ўжо бегаў па вас да вашае сястры, - падыходзячы да Сідора, паясніў Плаха (то быў ён).

- Ласне так? Ці ж ужо позна?

- А ўжо дзесятая гадзіна. Я думаў, што вы не трапіце да Слояў.

- Нічога, не заблуджу.

Далей яны дайшлі да Слояў моўчкі.

- Вось куды мы вас завабілі, - пажартаваў Плаха, заварочваючы ў двор.

- Праўда, што завабілі!

Яны прайшлі ў хату.

Звычайная мяшчанская хата Слояў выглядала чыста і акуратна прыбранай. На покуце вісела блішчастая ікона, убраная белымі фіранкамі, а перад ёю лампадка. На дваровай сцяне вісела вялікая люстра, а на вулічнай - гадзіннік.

У мыцельніку на лаўцы, склаўшы на прыпол рукі, сядзела Слоіха Агнэса, маці Марылі, і ўмільна пазірала на покуць, дзе наўкол стала сядзелі Андрэй, Паўлюк, Мірон - быўшы валасны пісар, а цяпер дзелавод у лясніцтве, і Габрусь - кааператар, а перад люстрай вярцелася Марыля з таварышкаю, таксама настаўніцаю, Варвараю Касач.

Сідор, пераступіўшы парог, павітаўся перш нізкім уклонам з Агнэсаю, пасля весела паціснуўся рукамі з Паўлюком і Андрэем.

- А вось і мая таварышка Варвара Касач і таварышы - Мірон Бізун і Габрусь Пуга, - паказала Марыля на Варвару, Мірона і Габруся.

Варвара першая з прыскокам працягнула Сідору руку, сарамяжна ўхіліла голаў і расплылася ў адкрытую ўсмешку... Далей Сідор пазнаўся з Міронам і Габрусём.

- Тут у вас цэлая зборня. Больш нічога і не трэба, - падаў Сідор камплімент.

- А такі і гэтак, - паспяшыла згадзіцца Варвара.

- Сядайце вось, Сідор Гарасімыч, - папрасіла Марыля.

Сідор прысеў пры ражку стала, выняў партабак і закурыў цыгару.

- А ўсё ж, скажу вам, - пускаючы рызыкоўна дым у бок ад стала, пачаў казаць Сідор, - мне падабаецца вось гэткая кампанія. Сабе збярэшся сваёю хэўраю, шчыра пагутарыш пра што захочаш, павесялішся ўспамінамі - і часу шмат адшвырнуў. Усё менш жыць у гэтым пекле, якім цяпер стала наша жыццё... Ці ж не праўду кажу?

- Вось чыстая праўда, Сідор Гарасімыч, - падмацавала з мыцельніка Агнэса, - шчырая праўда, сынок. Я таксама часта спрачаюся і з Андрэем і з Макарам Плахаю, што цяпер куды горай ранейшага. А яны - гаварыцца не даюць.

Сідор пры апошніх словах зірнуў у бок Андрэя, і яму стала ніякавата, калі яны стрэліся сухімі сур'ёзнымі поглядамі.

- Я не ведаю, як хто, а мне дык нудна цяпер стала жыць... І ўстроен я на добрай службе, не цярплю холаду ні голаду, маю мажлівасць адзецца - а вось чагось не хапае. Як прыпомню старыя думкі, планы ды жаданні, дык сэрца дратуецца... А там, у нашым горадзе, скрозь чужыя людзі, якія з усім згадзіліся і, церпячы недастачы, у запой абараняюць сучаснае становішча. Слова аб іншым сказаць нельга. І я адным-адзін, як струк, увесь астатні час прабадзяўся. Чуць нуда не зарэзала... Страшэнна пацягнула сюды, у Вікуры, да старых таварышаў, далёка ад надаедлых мне сходаў і дэманстрацый... Мне думалася, што тут, у вашым кутку, жыццё не пачэпана так, як у горадзе.

Сідор сказаў гэта з нейкім запоем, горда і ўважліва гледзячы толькі на Агнэсу. Тая ж з цікавасцю незмігутна выслухала яго і мэрам бы зачаравалася яго словамі, бо, калі ён кончыў, яна засталася сядзець моўчкі і нерухома.

Марыля з таварышкаю таксама ўважліва выслухалі Сідора. Спакойна выслухалі яго і Паўлюк з Міронам.

Зусім іначай паглядзелі на яго словы Андрэй, Плаха і Габрусь. У асобку Андрэй, які не мог сутрымацца ад смеху, і толькі Сідор скончыў, як ён падняўся з месца і сказаў:

- Дарэмна ты, Сідор, наракаеш на сучасны лад, зусім дарэмна. Мяне і дзівіць, чаму ты так кажаш? Паглядзець на цябе, - нельга падумаць, што ты пакрыўджаны. Сам нават сазнаешся. У чым жа рэч? Не выйшла так, як колісь мы разлічвалі? Не ходзім мы панамі, а перад намі шапак не скідаюць? Не блішчаць у нас на грудзях масянджовыя гузікі? Гэта - праўда. Але падумай сам, ці ж у гэтым сэнс жыцця? Ці гэта - устоі для яго? Мне думаецца, Сідор, што мы ашукваем сябе, калі марым аб нашых былых планах і намерах. Сапраўды - то былі толькі пустыя мары! І той, хто грунтуецца на іх, грунтуецца на пяску, на саломінцы... Па-мойму, пакуль вецер не выдзьмуў канчаткова з-пад ног гэтага пяску - трэба сысці з яго, каб не праваліцца ў бяздонне...

- Паглядзі, паглядзі, Сідорка, - перабіла з нецярплівасцю Агнэса, - паглядзі, што пяе Андрэй! Ці ж можна было падумаць на тое?

Сідор прынагнуў голаў, штосьці напісаў пальцамі па стале, пасля сказаў:

- Што ж, усякае бывае. Ёсць людзі з рознаю воляю... Па-мойму, зусім іначай малююцца здарэнні бягучага жыцця, і я, - ён падняў голаў, - у толк сабе не вазьму, чаму людзі таго не бачаць! Чаму яно іх асляпляе... Проста - губляюся разумець... Не магу згадзіцца ні за што - штосьці не дапускае мяне.

- А я скажу вам, Сідор Гарасімыч, - уставіў Плаха, - і вы згодзіцеся. Нельга не згадзіцца. Толькі падумаць трэ, разабрацца дасканала ўва ўсім - і тады згодзіцеся... Нас выхоўвалі на буржуазнай маралі - таму і атруцілі нам ясны сэнс жыцця... Сапраўды - ці ж мы не з таго дрэва, якое цяпер разраслося і пакрыла ўвесь край? Кроў у нас - кроў быўшых рабоў, але атручаная зменаю да іх... Ведаеце, Сідор Гарасімыч, я нядаўна сам трымаўся вашых поглядаў, але пасля, калі разабраўся ў іх, разгледзеў іх па часіне, дык пазнаў, што яны зусім несправідловыя погляды... І я з імі расстаўся назаўсёды. Расстаўся з імі і пачуў сябе новым, здаровым і свежым. Свежым, бо мяне асвяжаюць тыя дзіўныя здарэнні, якія ўскалыхнулі наша цёмнае, прыгоннае жыццё, зрушылі яго з мёртвае ўстойнасці і паставілі на шлях...

- Слухай, Плаха, ты, як я бачу, таксама абмануты, - перабіў Плаху ўважліва слухаўшы іх гутарку Мірон, - каб ужо так можна было зацягацца сучаснымі здарэннямі, дык я не магу сказаць... Табе - не відно... Сядзіш сабе ў школе, калупаешся ў кніжках - і толькі! Пэўна - кніга не скажа таго, што ёсць... Хоць і вакола кнігі не вельмі надзейна... Але ты паспрабаваў бы шчыльна сутыкнуцца з жыццём - іншае запеў бы... Ты паглядзі, што робіцца навокал! Сялянства голае і яшчэ абіраюць... інтэлігенцыя загнана. Яе самотнасць - анішто... Так і топчацца... Усе яе летуценні знішчаны... Мэрам бы знарок пастаўлена мэта - зацямніць народ...

- Вось з гэтага боку - я цалкам з Міронам, - уступіў у гутарку Паўлюк, - хай сабе іншае, ну з боку ж няўвагі да інтэлігенцыі, то несправідлова. Яна ж - сок краю. А тут мэрам бы вайну ёй абвясцілі. Што б яна ні падала ў думках - нічога не варта. Хоць бы з гэтай надаедлай школьнай справай. На табе і працоўную школу, на табе і беларускую мову, на табе і знішчэнне няграматнасці... Усё разам і засаб. А паспрабуй паспрачацца? Вось хоць бы ў нас: паперка за паперкай - прыказ перайсці да беларускае мовы... Каму і нашто яна патрэбна? Які ў ёй толк? Што яна дасць?.. Дык не! Паспрабавалі мы пратэставаць - ні ўвагі...

- Ха-ха-ха-а! - разліліся смехам Марыля з Варвараю, - далася яна нам у знак - гэта беларуская мова... Папаваявалі мы супроць яе...

- А змірыліся ж, - уставіў Мірон.

- Улада гэткая - гэткая і яе мова, - падала з мыцельніку Агнэса, - мужыкі... мужыкі - больш нічога... Ласне ім што далікатнае трэба?

Сідор уважліва выслухаў кожнага, і відаць было, як хвіля ў хвілю мянялася міна на яго твары, робячыся то вясёлай, то няўверанай, то падазронай - адпаведна выказваным думкам. Казаў Мірон - Сідор здаволена ўхмыляўся, загутарыў Паўлюк - ён супыніў ухмылку, а настарожана лавіў кожнае яго слова, прагна жадаючы пачуць большых скаргаў і нараканняў на сучасны лад.

На смех дзяўчат і выказ Агнэсы Сідор зноў адказаў лёгкаю ўхмылкаю. Аднак уцалку - яго настрой падаў, брала раздум'е, ацягаў цяжар. Той дух, ад якога ён тужыўся ўцячы, вітаў вакол яго, дзе б ён ні супыніўся. Лятаў і труціў паветра. Сідору рабілася злосна; нянавісць забірала яго. А разам з гэтым уставаў нейкі ні то задзёр, ні то ўпартасць - настаяць на сваім. Абураны гэтым, ён вылез з-за стала і, не перастаючы курыць, затупаў па хаце.

- Я бачу, што ў нас не хапае ўстойнасці, і мы скрозь пальцы глядзімо на ўсё. Глумяць школу - няхай, не ўважаюць інтэлігенцыю - няхай. Праз гэтыя «няхай» мы і робімся слугамі мужыкоў ды розных там... «с бору по сосенке». І, пэўна, замест настаяшчага атрымоўваем падробленае. Замест вялікае расейскае мовы падсоўваюць брахню нейкую... А маўчацьмем - сабакамі завыем... Запамятайце...

- Саба-акамі... Вось папаў, брат, пальцам у неба, - абураны Сідоравай размовай, падняўся з месца Андрэй. - Гаворачы так, як ты - даруй ужо мне, - сапраўды, раўняецца да сабачага брэху. Я так і бачу перад сабою вобраз, як быццам... ну, брэшам мы на месяц. Брэшам, каб брахаць. Няма навошта - дык на месяц. Я вось чую тваё нездаваленне, а скажы, што ты радзіш ад сябе? Нашы былыя мары? Балі ў станавога ды папа? Кончана, згніло, брат! Згніло вакол і ўсюды. І дарэмна ты думаў - калі толькі думаў! - што ў Вікурах знойдзеш не ўзнятую цаліну... Кончана... Адно цяпер на чарзе - гэта засеяць узнятае і атруціць дармаедаў, каб не патравілі засеянага...

Андрэй строма абарваў сваю гутарку і адвярнуўся ў акно. Сідор, якога ён не бачыў два гады і які абрадаваў яго сёння сваім прыходам у іспалком, цяпер выглядаў у яго ваччу зусім іншым, чужым чалавекам. Бывалашнія таварыскасць, сумеснае планаванне будучыні, цесная блізасць, падзел самымі таемнымі перажыткамі - усё гэта, выбліснуўшы на момант, раптам заглухла, знебылося, і іх месца заняло новае пачуццё. Гэтае новае пачуццё дыктавала Андрэю настойныя думкі, якія шапталі яму на вуха: «Закаранелы манархіст... непапраўны. Горай ранейшага. Не! Болей ён мне не таварыш... не магу цярпець - варочае...»

- Сідор Гарасімыч, вы ашукваецеся, падкрэсліваю я, - каб згладзіць гострасць Андрэевых слоў, мякка казаў Плаха. - Пэўна, мне ўжо вас не разуверыць, але мне здаецца, што ролю сабак насілі б мы тады, каб ішлі супроціў цяперашняга ладу. Нас выхоўвалі для гэтае ролі і ў гарадскіх школах, і ў семінарыях, і ў інстытутах. Загналі ў нас звярынае пачуццё, і мы пад яго ўплывам знаходзімся дагэтуль. Нас пакалечылі змалку так моцна, што ажно і цяпер не апамятацца, не выраўняцца... Скалечылі нашу душу, зглумілі нашу самотнасць. Не дзіва, што кожная рэч, блізкая і зразумелая нам, - цяпер не даспадобы. Трэба лячыцца, трэба лячыцца, а то без пары загінем...

- Я адно хачу дадаць, - умяшаўся ўвесь час маўчаўшы Габрусь, - гэта з пытаннем аб школе, якое чапаў Паўлюк. Я - не настаўнік. Я - кааператар і мо менш Паўлюка свядомы, ну толькі ж, па-мойму, у школе нельга абысціся без нашае, мужычае, простае мовы. Тут ніякім чынам не выкруцішся... Я гэта ведаю са свае даўнейшае практыкі ў воласці... Нашаму селяніну патрэбна даставаць адукацыю самым лёгкім парадкам, а гэты парадак ёсць яго мова. Не можна пераскокваць там, дзе ёсць магчымасць перайсці...

- Ну, брат, ты ўжо пакінь... Твае тэорыі нам усім вядомы... Ты, я табе скажу, просты фанатык - не больш! - суха пераняў Габруся Паўлюк.

Пакуль ішла гэта гутарка, Марыля адышлася ад стала ў мыцельнік і колькі часу шапталася з мацераю. Пасля Агнэса выбегла ў сені, пабыла там нейкі час і вярнулася ў хату з поўнымі талеркамі сыру і каўбасы. У гэты час Марыля штосьці бразгала пасудаю і ўвіхалася з самаварам. Хлопцы не звярталі на іх ніякае ўвагі і былі здзіўлены, калі раптам Марыля прынесла на стол талерку з каўбасою і бутэльку чарнаватае наліўкі.

- Годзе сварыцца - дайце гадзіцца, - жартліва падказала яна да ўсіх. І, бачачы, што хлопцы зарухалі з-за стала, дадала: - Не палохайцеся, ша! Як сядзелі, так і заставайцеся сядзець.

Па чарзе - Андрэя, Плаху і Сідора яна вярнула за стол.

- Навошта-а гэта, цётка? - сумеўся Андрэй, калі Агнэса прынесла на стол яшчэ адну пасудзіну з закускаю.

- Вось маўчы. Я захацела пагадзіць вас. Навошта вам спрачацца? Усе - таварышы, - адказала рэзвая Агнэса.

- Го, цётачка, нас ужо цяжка пагадзіць, - несур'ёзна завёў Габрусь.

- А каб цябе халера ўзяла!.. Беларус ты заядлы... Няўжо-такі ты не адкараскаешся ад свае беларушчыны няшчаснай?

- Тады, калі Сідор кіне быць яе ворагам...

Сідор пусціў па твары лёгкую ўсмешку і нічога не адказаў.

- Ну, расселіся... Вось цяпер - за наша здароўе вып'ем па кілішку, - наліваючы з бутэлькі наліўку, выказала Агнэса. - Як бы і ведала, што госці будуць. Захавала яшчэ з восені.

- Умееце хаваць! - пажартаваў Паўлюк. - То б то на мяне - не выстаяла б столькі!

- Ды ўжо ты вядомы чалавек! - уставіла Варвара.

- Не чакайце ж, не чакайце, сынкі. Вазьміце, калі ласка, - упрошвала Агнэса.

Паўлюк першым узяў чарку, падняў яе і сказаў да ўсіх:

- Гэта ж цяпер - золата. Гэта - Евіна яблычка. Чаго тут пазіраць на яе?

І выпіў.

За ім апаражнілі свае чаркі і ўсе прысутныя. Агнэса, не даючы адгону, наліла па другой, а следам і па трэцяй. Наліўшы, яна над кожным настойвала выпіць, то ўгаворваючы, то пужаючы.

Гэткім чынам пляшка амаль без перадыху была апарожнена. Агнэса яе прыняла са стала і частавала госцяў закускаю.

Наліўка падвесяліла ўсіх. Але больш другіх выглядала гэта на Сідору. Ён раптам перайначыўся, адагнаў ад сябе задумлівасць, сум і стаў непазнана рэзвым і храбрым.

- А ведаеце, - перабіваючы ўсіх, пачаў ён казаць уголас, - я ніколі не думаў, што так выйдзе. Я не спадзяваўся, прызнаюся адкрыта, што ўсё так перайначылася і тут, у Вікурах... Дзіўна! Глуш, яма, - а глядзі ты! Не пазнаць... Не пазнаць нікога... нікога... Як быццам бы я сяджу ў тым жа Менску ці Гомелі...

Сідор адхіліўся ад сцяны і, не сціхаючы, курыў, старанна размахваў рукамі, кажучы да Андрэя:

- Найбольш усяго я не чакаў таго ад цябе, Андрэй. Не чакаў, што ты станеш тым, чым я цябе сёння сустрэў... Ехаў і думаў: сустрэнуся з таварышамі і хоцькі душу адвяду... Пагутарым, успомнім мінулае, пацешымся і... адпачнем душою... Прызнацца, пераступаючы іспалком, тое думаў... Чаму ж не? Ласне нельга быць іспалкомцам і ненавідзець гэтую ўстанову, працу ў ёй і... усё!.. Думаў, а яно - на табе... Цяпер... выбачайце, можа, я кажу гэта, а заўтра вось Андрэй, ці Плаха, ці Габрусь возьмуць і прыйдуць па мяне з міліцэйскім? Га? Не можа таго стацца?..

Сідор пакорна пазіраў у бок Андрэя, мэрам бы выпрабоўваючы яго. Але Андрэй стрымна чакаў, пакуль Сідор выкажацца і змоўкне. Чакаў і чуць прыкметна ўсміхаўся, укладаючы ў гэты смех усё яскравей абураўшую ім халоднасць і чэрствасць да Сідора.

- Ды што ты, Сідор Гарасімыч, што ты! Гасподзь з табою! - суцешыла Сідора Агнэса. - Няўжо ты думаеш, што Андрэй зусім ворагам тваім зрабіўся? Што ты!

- Ворагам? Такі і ворагам! - зацяжна вымавіў Андрэй і колькі хвілін памаўчаў. - Так, Сідор, я ўжо не вялікі твой прыяцель!.. Не вораг, але і не прыяцель... Сідор зусім неправідлова судзіць, скажу я вам. Сідор астаўся тым, які і восем гадоў таму назад пяяў на клірасе «Спасі, Госпадзі», а ў станавога - «Божа, цара храні!», і матыў гэтых пратухлых песняў дагэтуль шуміць у яго вушах... Ён, пэўна, думаў, што гэты матыў шуміць і над усімі Вікурамі. Дзеля таго і трапіў сюды, але памыліўся. Мы выйшлі з-пад гэтага матыву. Нам звіняць новыя песні. І паміж намі, як паміж гэтымі песнямі, нічога агульнага няма.

Выказаўшы гэта, Андрэй змоўк. Маўчалі і ўсе. Дзяўчаты, Марыля і Варвара, нез'яснёна-ўкрадчыва перакідаліся між сабою мігамі броў, чуючы нейкую нацягнутасць у паветры. Агнэса перш хацела штосьці папярэчыць Андрэю, але разам загразла ў яе горле тое, што яна мелася выказаць, і яна засталася маўчаць. Сідор як бы не сумеўся зразу ад калючых слоў Андрэя і толькі ў адказ на іх часцей пачаў зацягацца цыгаркаю. Усе астатнія таксама не ведалі, куды павярнуць далейшую гутарку, і хто задумана, а хто абурана чагосьці чакалі.

Гэтак прайшло каля пяці хвілін, якія паказаліся для ўсіх чуць не годам. Далей нельга было маўчаць, бо то б урэшту разнервавала кожнага, і Плаха перарваў маўклівасць:

- Мне здаецца, што тут не час і не месца весці нашу спрэчку. Тым болей што мы не вырашым адразу гэтага пытання. Я раджу перайсці да іншай тэмы.

- Вось праўду кажа Макар, - пахваліла раптам знайшоўшая сябе Агнэса, - па-мойму, запяялі б песню якую.

- Давайце! Сапраўды, хлопцы! - рачавіта падцяла мацеры Марыля. - Варвара, - звярнулася яна да таварышкі, - заводзь што-кольвечы. Ну, хутчэй!

- Хай без мяне хто пачне, - аднеквалася Варвара, - я не ведаю, якую пачаць.

- «За ўладу Саветаў» - дужа пекны напеў, - парадзіў Плаха.

- Па-мойму, лепей «Не осенний мелкий дождичек», - падаў ад сябе Паўлюк.

Варвара сарамяжа кашлянула разы два, абцерла хустачкаю губы і нясмела, папярхаючыся, зацягнула «Не осенний мелкий дождичек». Ёй сталі падцінаць Агнэса, Марыля і Паўлюк. Сідор, Андрэй і іншыя сядзелі моўчкі, кожны думаючы сваё.

- А вы ж чаго маўчыце? - пяючы, запытала Агнэса. - Пасабляйце пяяць.

Сідор як бы гэтага і чакаў, падняўся і выйшаў з-за стала. Пасля паглядзеў праз фіранку ў акно на вуліцу і прайшоў па хаце.

- Цікава, як позна? - абярнуўся да яго Плаха.

Сідор выняў загарак, паглядзеў і адказаў:

- Другая гадзіна.

- Го-о-о! Чуў, Андрэй? Ці не пара збірацца дахаты? - абярнуўся Плаха да Андрэя.

Той таксама выйшаў з-за стала на хату. Гэты іх рух звярнуў на сябе ўвагу Агнэсы і дзяўчат, і тыя кінулі пяяць ды звярнуліся да хлопцаў:

- Куды вам спяшыць? Яшчэ рана. Ночы вялікія. Гуляйце! Андрэй, Макар, Сідор!

- Не, я ўжо не магу, - запэўніваў Андрэй, - трэ яшчэ сёння даклад напісаць. Дзякую, цётачка, за ўсё, прабачайце! Ужо ў суботу нагонім за гэта... Абрыдаем вам.

- Ды чакай, не разладжвай кампаніі, - хапіла гаспадыня Андрэя за рукаў.

- Не, не, цётачка, я мушу пайсці... - адказаўся Андрэй.

- Ну, дык хай сабе ён ідзе, - абярнулася Агнэса да ўсіх, - а вы, хлопцы, астанецеся пакуль... Яму - што ж, як міністру асветы, больш клопатаў, а вы...

- І я пайду, - падаў Плаха.

- І я, - далучыўся Габрусь.

- Што вы, чаго гэта?! - накінулася на іх Агнэса.

- А мы, Сідор, давай астанёмся яшчэ?! Цётка, хай сабе яны ідуць! Можа, хопіць і нас? - пажартаваў Паўлюк.

Андрэй, Плаха і Габрусь развіталіся з усімі за рукі, падзякавалі гаспадыні за пачостку і выйшлі з хаты.

Марыля іх правяла ажно да вешніц.

 

IV

 

Пасля таго як Андрэй, Плаха і Габрусь выйшлі з хаты, тыя, што засталіся, з паўгадзіны маўчалі. Сідор пахаджаў па хаце, засунуўшы рукі ў кішэні, Мірон сцягнуў з паліцы «Ніву» і разглядаў у ёй малюнкі. Паўлюк штосьці запісваў у кніжку, Агнэса з Марыляю прыбіралі са стала. Варвара ж узіралася ў люстэрка. Ці ніхто не меў жаднае гаворкі, ці мо кожны меў, а чамусьці не мог ці не хацеў першым адкрываць рот - няведама. У кожным разе ўсе былі мэрам згавораны і гэту паўгадзіну маўчалі, пакуль не перарвала іх маўклівасць Агнэса:

- Што ж вы без іх і гутаркі не знойдзеце? Можна абысціся і без іх. Не вельмі яны пажаданы.

- Вось бачыце, Сідор Гарасімыч, як водзіцца ў нас! Скажы што-кольвечы супроць савецкага, дык як накінуцца... І свае лічацца, а глядзеце - ужо за бальшавікамі. Ліха ведае, што робіцца. Увачавідкі... Хоць бы гэты Плаха: яшчэ нядаўначка выступаў і супроціў працоўнае школы, і супроціў беларускае мовы, і... а гэта ўжо - цягне за Андрэем. Куды - і гаварыць не дае! - паспавядалася Марыля.

- Так, праўда, перайначыўся Плаха крута, і галоўнае, на вачах. Габрусь таксама шчыльна падышоў да бальшавікоў. Цягне, меле на вачах, - падмацаваў Марылін выказ Паўлюк.

- Ну, а калі гэта з Андрэем сталася? - пацікавіўся Сідор.

- Ды ўжо даўно... З год таму ці болей...

- З год?! І не мог выстаяць... цікава! А я не паспеў у Вікуры ўехаць, як зразу да яго! Вось дык шту-ка-а-а!

На гэту ж тэму, на тэму аб страце ў таварыскасці ўсё большага і большага ліку аднадумцаў - нядаўных непрыхільнікаў да савецкага ладу і ўсіх яго чыннасцей - у хаце Слояў яшчэ каля гадзіны ішла бойкая гутарка. Сідор не пераставаў дзівіцца з таго, як і што ён сустрэў у Вікурах, і безнадзейна стараўся пераконваць прысутных у шкадлівасці работнічай улады, празываючы яе рознымі ганебнымі мянушкамі. Паўлюк і Мірон у мякчэйшых выразах скардзіліся яму на тыя кары, якія абрынуліся з боку Савецкай улады на вікураўскіх жыхароў наогул і на вікураўскую інтэлігенцыю ў асобку. Дзяўчаты і разам Агнэса выводзілі, што частка гэтых кар пала на іх у адплату нядружнай ды нез'яднанай супярэчнасці «бальшавіцкаму гвалту».

- Вось глядзеце, - казала яна, - пачакалі б год-другі, не пайшлі б да іх на службу, і самі б яны пакланіліся вам: ідзеце, вучэце. А то запрашаюць рознымі абяцанкамі, а там толькі разладуюць, каб пасля зневажаць ды глуміцца паасобку над кожным...

Гэтых Агнэсіных доказаў было мала, каб паверыць у іх сілу і практычнасць нават дзяўчатам, але як хлопцы, гэтак і дзяўчаты паддаквалі ёй і згодна пакіўвалі галовамі. Ад абгавору сучаснага становішча яны перайшлі да ўспамінаў аб мінулых часах. І тут Агнэса ўдоваль нагаварылася: чаго-чаго не ўспомніла, колькі разоў спогадна не ўздыхнула! Вывела напаверх розныя падрабязгі сваіх спатканняў і знаёмстваў з высокімі асобамі, іх самавітасць, гонар і далікатнасць. Расказала аб бывалашніх знатных на ўвесь павет вечарынках і гулянках. Поп і пападдзя, станавы, земскі, доктар і іх жонкі скланяліся на ўсе лады.

За Агнэсаю аднавілі свае перажыткі Сідор, Мірон і Паўлюк. І яны, кожны па сабе. Толькі Марыля і Варвара, як маладзейшыя за іх і выйшаўшыя «ў людзі» ў першыя часы рэвалюцыі, не маглі, вядома, налагодзіцца «шчаснасцю» старое пары і не мелі нічым пахваліцца. Затое праз усю гутарку Агнэсы і хлопцаў яны спогадна пакіўвалі галовамі і завідвалі ім напавер.

- А потым, мне здаецца, яшчэ нельга судзіць аб усім па Андрэю і Плаху, - самасуцешна падаў Сідор, калі «ўспаміны» надаелі. - Важнае - як мужыкі ды мяшчане судзяць. Андрэй ці Плаха - то іскрачкі, выпушчаныя на вецер.

- Гой, Сідорка, на мяшчан ды мужыкоў няма чаго спадзявацца - стада, дурныя, - махнула рукою Агнэса.

- Не кажэце, цётка, - перабіў яе Паўлюк, - мужыкі - гэта патайны куток. Сярод іх мала ёсць спагадчыкаў да ўлады.

- Вось пазаўтра маецца быць сялянская нарада, можна будзе падзівіцца, - паведаміў Мірон.

- Пазаўтра? - хапіўся Сідор. - Цікава! Няйначай, трэба будзе пабыць ды паслухаць. А то яшчэ не даводзілася слухаць мужыкоў за гэтыя гады...

- Пойдзем, я да вас зайду, Сідор Гарасімыч, - запрапанавала Марыля.

- Дзякую, калі ласка! Пачакаю вас.

Пагутарыўшы яшчэ нейкі час, яны сабраліся разыходзіцца. Было чатыры гадзіны папоўначы, але Агнэса ўсё яшчэ ўгаварвала пагуляць. Але ў яе ўгаворах была адна далікатнасць і зусім мала настойнасці. Ды каб старчыла апошняга, ужо нельга было б далей паліць агню. У суседніх хатах - калі ўжо паклаліся спаць, а гэта чатыры гадзіны папоўначы - і агонь жукаціць.

Хлопцы і Варвара развіталіся з Слоевымі.

- Прыходзьце заўтра, будзем чакаць, - папрасіла Марыля, правёўшы іх да вуліцы.

 

V

 

Прыйшоўшы дахаты, Сідор не хацеў засвечваць агню і цішком раздзеўся ды ўлёгся. Але хоць канчалася пятая гадзіна, яму не рупіла заснуць. Ды каб рупіла - наляцеўшыя ў голаў думкі аб чутым, бачаным не дазволілі б яму супакоіцца. Цэлым шэрагам занасіліся яны перад ім і адцягалі яго ўвагу на сябе.

Сідор ляжаў адзін, Андрэй, Плаха, Габрусь і соткі вобразаў розных камуністаў і іх прыхільнікаў, з якімі даводзілася яму мець дачыненне, гамузам вярцеліся перад яго вачамі, хоць і заплюшчанымі і захованымі пад коўдру. Увушшу гулі водгукі іх слоў, вынікалі цэлыя прамовы, чужыя, ненавісныя, але і страшныя, пагражаючыя. Сідору здавалася, што і цяпер вось поўна хата варожых яму людзей, якія вартуюць яго і мерацца накінуцца, каб задавіць.

Ззаду, на другім ложку, хроп яго швагер, муж сястры, а Сідор трывожна прыслухоўваўся, баючыся, каб ён не ўстаў і не далучыўся да другіх. З вялікім натугам стараўся Сідор адцягнуць думкі ў іншы бок, занядбаць здань, і тады, калі гэта ўдавалася яму, ён спатыкаўся з зачарованай дзядзінай варожасцю, якая таксама прыгнятала яго душу.

Толькі на досвітку Сідор супакоіўся і заснуў, але сон быў трывожны, і ён не адпачнуў.

Ён прачнуўся а дзесятай гадзіне. Сястра ўжо паліла ў печы, а швагер дзесь увіхаўся з гавядаю. На вуліцы было хмарна і ў хаце цёмна. Гэта горшыла Сідораў настрой. Каб гэта не ў чужой хаце, ён бы не падняўся сёння з пасцелі праз цэлы дзень. Але ніякавата перад шваграм, з якім - хто яго ведае? - як яшчэ прыйдзецца расстацца.

- Сідор, ты ўжо не спіш? - запытала сястра з мыцельніка, убачыўшы, як Сідор паварушыўся.

- А ўжо! - адказаў ён.

- Ну, ці ж патрапіў учора адчыніць? - задала Сідору другое пытанне сястра.

- Чаму не патрапіў.

- А як спалася?

- Дрэнна...

- Чаго?

- Проста так... Не ўпадабалася мне тут. Зусім не тое, чаго чакаў. Трэба хутка вас пакідаць...

- Чаму?

- Ды так! Гэтае дабро я і ў сваім горадзе знайду.

- Ды кінь ты мудрыць... Чаго табе трэба асобнага? - разуважыла яго сястра.

- Мне трэба... Я проста думаў: спаткаю сваіх старых прыяцеляў, падзялюся з імі старымі думкамі, час весела правяду... А тут усе былыя прыяцелі - цяпер ворагі...

- Не думаю, каб усе, - разуважыла зноў Юста.

Далей Сідор не казаў, бо ў сенцах бразнулі дзверы. Ён паспешна саскочыў з ложка і пачаў адзявацца.

Хутка ў хату вайшоў Юрка.

- Адліга будзе на дварэ, - вымавіў ён, беручыся за цыгарку. - Ну, а як у цябе са снеданнем? - запытаў ён у жонкі.

- Вось скора можна снедаць, няхай Сідор памыецца.

- Ай, чаго там мыцца, можна і так, - пажартаваў Юрка.

Сідор змаўчаў і палез у свой куфэрак за ўціральнікам, каб ісці мыцца...

Па снеданні Сідор доўгі час аставаўся ў хаце. Сястра і швагер разышліся па справах, а ён адзін то тупаў, то прылягаў на ложак, то браўся за кніжку - творы Данілеўскага. Пачасту ён зазіраў у акно, праводзіў вачыма прахожых. Ісці нікуды не хацелася. Успамінаў аб іспалкоме - рабілася непрыемна, пераносіўся да Слояў - і туды лічыў няздатным ісці. Ды к таму чакаў сам Марылі. Выкрадалася жаданне, каб хто да яго прыйшоў пагуляць. З гэтых «хто» Сідор разумеў Паўлюка ці Мірона. Але час ішоў, а ніхто не наведваў, і каля другое гадзіны ўдзень ён сам выйшаў на вуліцу. Выйшаў, пастаяў з часіну каля двара, а пасля пайшоў на рынак. Падбліжаючыся к рынку, мо на паўгоні да яго, ён угледзеў выйшаўшага з-за вугла Паўлюка, які таксама ішоў туды. Сідор яго аклікнуў. Той стаў і насустрач Сідору запытаў:

- У іспалком?

- Не, чаму?

- А там сёння нейкая нарада наконт школ. Знарочыста выклікалі і мяне, - паведаў Паўлюк. - Зойдзем, цікава! Пачуеш, як Андрэй будзе бальшавіцтваваць.

Сідор падумаў.

- Што ж, усё роўна няма куды ісці, давай пойдзем, паслухаем, - згадзіўся ён.

Яны павярнулі да іспалкома. Выйшаўшы на ўзгрудак, што пукаціў рынкавы пляц, яны здалёк убачылі, як туды ж, у іспалком, пайшла Слоева Марыля.

- Цікава, што там будзе? Пэўна, інструктар які прыехаў, - дзівіўся неспакойна Паўлюк, калі яны падыходзілі да будынка іспалкома.

- Не бойся, - суцяшаў Сідор.

- Ды хто іх баяўся, толькі... прыстаюць...

У дзвярах яны змоўклі і ўвайшлі ў іспалком. Ці з-за адмечанай нарады, ці праз іншыя прычыны - толькі ў іспалкоме на гэты раз сельскай публікі было шмат меней учарашняга. Затое ўсе іспалкомаўцы былі сабраны ў адной каморцы, седзячы чынна каля Андрэевага стала. У іх грамадцы стаяў гоман, сярод якога выдзяляліся і пагрозныя словы.

Сідор з Паўлюком падышлі да грамадкі і ўгледзелі ў ёй усё вікурскае настаўніцтва, некалькі пастаронніх настаўнікаў і за сталом перад імі прадсядацеля іспалкома ды сакратара. Ніхто не звярнуў на іх увагі і не адказаў на выказанае Сідорам прывітанне. Было не да іх.

- Так быць не павінна, - начальніцкім голасам казаў прадсядацель іспалкома, малады здаровы хлопец. - Паглядзеце, - ён тыркаў пальцам у газету, - трэці раз пішуць у газетах пра нашу вучылішчную справу. Ці ж то добра? Вы са сваёю контррэвалюцыйнаю ўпартасцю не даяце мне вольна працаваць! Думаеце, што гэта жарты! Мінула тая пара, каб жартаваць. Велена так - так і мусіце рабіць! Мала што вам не падабаецца тое ці іншае! Можа, і сама рэвалюцыя многім з вас не падабаецца, дык будзеце ўпірацца супроць яе? Гэта апаслівая рэч, грамадзяне! Хто супроціў народу пойдзе, той гатоў голаў сабе зламаць...

- Таварыш Сліва, - пераняў яго адзін з грамадкі, - што ж, сапраўды вы раўняеце адно з другім: ласне, да прыкладу скажам, якая-кольвечы там беларуская мова мае што агульнае з рэвалюцыяй? Навошта палку перагінаць у адзін бок?..

- Так, так, - адазваўся Макар, - па-вашаму, беларуская мова нічога не мае агульнага з рэвалюцыяй, затое, мабыць, родны з ёю Закон Божы!.. Ведаем ужо вас... Ні працоўная школа не мае адносін да рэвалюцыі, ні беларуская мова, ні... нават сама рэвалюцыя...

- Усё, што вам падносіць Савецкая ўлада, - то ёсць ад рэвалюцыі, - дадаў Андрэй, - і супроціў яго змагацца - то змагацца супроціў працоўнага народа. Іначай судзіць нельга... Ваш ухіл ад прыказаў Наркамасветы - гэта контррэвалюцыя... Памятайце... Гэта наша перадапошняе напамінанне тым, хто злосна стараецца ісці насупроціў...

Андрэй замоўк, не дасказаўшы, і, павярнуўшыся да прадсядацеля іспалкома, штосьці яму шапнуў. Той падаў згоду кіўком галавы, а сам вылез з-за стала і пайшоў у свой «кабінет».

- Я толькі дзеля гэтага і выклікаў вас, - суха падаў Андрэй і таксама выйшаў з-за стала.

Грамадка, зацішаная і расстроеная, спакойліва распаўзлася па пакоі і пачала разыходзіцца. Сідор не адступаў ад Паўлюка і выйшаў разам з ім. Словы Андрэя, укладзеная ў іх рашучасць не давалі Сідору сумнявацца, што Андрэй зусім парваў з мінулым, а разам з ім, Сідорам. І ўнутры Сідора ўзнялося з новаю сілаю варожае пачуццё да свайго быўшага таварыша. Абураны гэтым пачуццём, Сідор адначасна і злаваўся на Андрэя, і баяўся яго.

Выйшаўшы на вуліцу, Сідор заядла ўпікнуў сябе за тое, што ліха надало паслухаць Паўлюка і прыйсці ў іспалком пасведчыць Андрэева бальшавіцтва. Крывіўся ён за гэта і на Паўлюка, хоць і бачыў, што таму таксама мулка на сэрцы.

- Бачыце, Сідор Гарасімыч, як тут робіцца, - азірнуўшыся назад і па баках, ці хто іх не слухае, паскардзіўся Паўлюк, калі яны адышліся ад іспалкома. - Гаворыць, як б'е, а думаеце, амаль не ўсе на яго баку, бо гэта ёсць хітрая выдумка: усе пагрозы накірованы толькі на некалькіх настаўнікаў, а ўсе пазваны на ўвагу... Бачыце - толькі адзін Язэп аказаўся...

- Я не думаў гэтага, не спадзяваўся, каб так глыбока ўелася гэта бальшавіцтва вакол і ўсюды, - адказаў Сідор. - Пакуль не прыехаў у Вікуры - не верыў. А то та ж, як ні паглядзі - навакола, навакола... Скажэце, Павел Сымонавіч, заўтра прыйдзеце на канферэнцыю сялян? - мэрам бы чакаючы сабе ўцехі ў прадстаячай канферэнцыі сялян, з асобнай цікавасцю звярнуўся Сідор да Паўлюка.

Паўлюк зноў падазрона паглядзеў вакол і прыцішаным голасам адказаў:

- І сялянства такое самае... Што б ні сказала Савецкая ўлада - тое і робіць... Усе павіннасці выпаўняе, усе прыказы слухае... - Ён яшчэ прыцішыў голас. - Толькі вось летам крыху было раскалыхалася, ды то беспуцёва... А пасля - як пляйстрык да цела, ліпне да Саветаў. Спадабала, Сідор Гарасімыч, спадабала гэты лад... Чаму? Што? - толку не дабраць...

Сідору цяжка было далей што-кольвечы казаць. Яму не хацелася верыць той з'яве, якая яго аколіла і канчаткова труціла ўсе яго надзеі на скоры канец нялюбай яму ўлады. Месца службы, дзе ўдавалася яму прысябравацца да ўмоў, выцягаць мажлівасці да самавітага жыцця і поруч псаваць машыну працы ці, па-ягонаму, «ужываць змаганне з нялюбым ладам», тое месца паказалася яму страшыдлам з вушамі і вачамі, з языком, які, чаго добрага, толькі ён, Сідор, прыедзе, усё выкажа, усё выявіць. «Ці варта варочацца назад, ці мае мэту зрабіць гэта? Для чаго і нашто? Якая карысць?.. Але не вярнуцца туды - то дзе ж дзецца?.. Не астацца ж тут вось, у Вікурах, дзе нядаўнія таварышы сталі бальшавікамі, не хочуць з ім лічыцца, а з часам гатовы... ой... Трэ будзе ехаць, хоць...»

- Сідор Гарасімыч! - перабіў Сідоравы думкі Паўлюк, калі яны падышлі да вуліцы, на якой стаяла хата Сідоравай сястры. - Што ж, можа, вечарам прыйдзеце да Марылі?

- Не ведаю...

- Прыходзьце сёння, «тыя» не прыйдуць. Мы адны збяромся і пагуляем.

- Не ведаю...

- Ці ж цэлую ноч сядзець дома?

- Можа, і прыйду.

- Прыходзьце,

На гэтым яны разышліся. Сідор паспешна, не кідаючы думак, пайшоў праміком да сябе на кватэру і ўжо да заўтрага нікуды не выходзіў.

 

VI

 

Назаўтра а першай гадзіне, толькі Сідор паспеў паабедаць, да яго прыйшла настаўніца Марыля Слой.

- Ну, пойдзем на канферэнцыю, Сідор Гарасімыч, - яна пазвала яго.

- Мо ж яшчэ рана? - запытаўся Юрка, Сідораў швагер.

- Не! Як ішла да вас, то бачыла - мужчыны ўжо ішлі.

- А! Трэба ісці і мне, - сказаў Юрка.

- І табе?! - здзівіўся Сідор. - З якое ж ласкі табе? - запытаў ён швагра.

- Як - з якое ласкі? Наш Лагчынны раён выбраў мяне ўпаўнамочным. Быў надоечы сход і выбраў мяне ды яшчэ двух суседзяў.

- Ого! Каб яшчэ ды ён дзе прапусціў! Гэта ж, на яго ліха, так ударыўся ў бальшавіцтва, што няма рады... Бяду нацягае на дом. Вось прыйдуць палякі ці хто іншы, дык ліхаведама, што рабіцьме. А думаеш, ён шманае аб чым? Каб ён так жыў... І колькі ўжо ўшчуваю яго, і колькі сваруся на яго - хоць бы што! - размахваючы рукамі і прытопваючы нагамі, ушчувала Юрку жонка.

А Юрка, не шманаючы на жончыну гняўлівасць, здаволена пасмейваўся. Калі ж тая скончыла яго спавядаць, ён пакруціў галавою, зацягнуўся папяросаю і сказаў:

- Цудная ты, зусім цудная! Гаворыш - сама не ведаеш што. Няўжо табе галава баліць аб тым, што я раблю? Або чым табе пашкодзіла Савецкая ўлада, што ты на яе гаўкаеш заўсёды? Палякаў шкадуеш? Забралі свінню, дык хацела б, каб і карову ім убавіць!.. Эх, баб'ё, баб'ё! Многа яшчэ вас трэба вучыць...

Выказаўшы гэта, Юрка надзеў кажух і выйшаў з хаты. Юста вожыкам паглядзела ўслед мужу і яшчэ не дала яму выйсці з сянец, як пачала зноў спавядаць яго за бальшавіцтва.

Марыля, якая маўчала пры Юрку, цяпер здаволена ўхмылялася, цешачыся гаворкаю Юсты. Хвіліна ад хвіліны яна пазірала і на Сідора, які, зрабіўшы злосную міну, паглядаў у акно ўслед за шваграм.

- Сапраўды, цётка, - не сцярпела Марыля, - ваш дзядзька мудрэй за другіх уцягнуўся ў бальшавіцтва. Нідзе нічога іхняга не прапусціць.

- Няхай на яго прогліца, няхай...

- Прогліца-а! - скрозь зубы вымавіў, адвярнуўшыся з акна, Сідор. - Гэта ўжо праклёнам нічога не пасобіш, галубка. Звіхнуўся чалавек - і толькі!.. Звіхнуўся - і, ведаеш, Юста, стаў мне праціўным! Глядзець я не магу на яго. Лічу, што ты няшчаснаю стала, сястра...

Сідор выказаў гэта з цвёрдасцю і са шчырасцю. Тут ужо нельга было яму пярэчыць, каб хто і хацеў. Ні Марыля, ні Юста не думалі гэта рабіць: яны маўчалі. Нічога не хацеў больш казаць і Сідор. Ён моўчкі адзеўся, закурыў папяроску і звярнуўся да Марылі:

- Ну, пойдзем паслухаем, што сяляне казацьмуць на нарадзе. Як абмывацьмуць гэты...

- Вы таксама ў іспалком? - запытала іх Юста.

- Так! Пойдзем паслухаем.

Юста нічога не сказала і гасцінна прайшла за імі да вуліцы.

Сідор з Марыляю ціхім крокам направіліся проста ў іспалком.

Ідучы, яны вялі гутарку на балючую для Сідора тэму - аб размаху ўплыву камуністаў на сялянства. Марыля мала што ведала аб гэтым і не магла нічога пэўнага паведаміць Сідору. Яна ў гэтым пытанні не разбіралася, а заўсёды адказвала на яго чужымі словамі брахні ды знявагі.

Гутарачы так, яны падышлі да іспалкома. Каля будынка і ў двары стаяла шмат падводаў. У іспалкоме чуўся гоман, па якому можна было судзіць, што там сабралася многа дэлегатаў. Тым часам з усіх канцоў мястэчка яны яшчэ падыходзілі і пад'язджалі.

Сідор з Марыляю спыніліся каля двара; Сідору хацелася паслухаць, што гутараць прыезджыя і які іх настрой. Вось кожнага дэлегата ён абводзіў вачыма з ног да галавы, зазіраў яму ў твар. Сачыў і бачыў: усе яны, больш пажылыя мужчыны, выглядалі весела настроенымі і ў гутарках выказвалі зацікаўленасць нарадаю. Адзін другому расказвалі, хто што мае казаць, як і што ідзе ў іх вёсках будаўніцтва савецкага ладу, збор падаткаў, размеркаванне зямлі. Ніводнае скаргі на сваё становішча Сідор не пачуў.

- Ну, пойдзем усярэдзіну, - сказаў ён да Марылі.

Яны праз некалькі часу ўвайшлі ў іспалком. Невялікае памяшканне было бітком набіта людзьмі. Яны займалі ўсю канцылярыю і дзве бакавыя каморкі, высвабаджаныя ад сталоў і застаўленыя лаўкамі. У «кабінеце» прадсядацеля іспалкома, таксама адчыненым насцеж, стаяў стол, прыгатаваны для прэзідыума. Вакол стала грудзілася з дзесятак чалавек, якія запісвалі свае мандаты. Было душна, і пахла вёскаю, сукном і чорным хлебам. Сідор з Марыляю на момант спыніліся пры дзвярах і абгледзелі вакол памяшканне: нідзе не відаць было вольнага месца. Сяк-так яны праціснуліся да задняй сцяны і прытуліліся да акна. Праз некалькі хвілін пачуўся званок і гоман змоўк. У іспалкоме стала ціха, ціха. Усе настаражыліся і як адзін узорыліся ў «кабінет» прадсядацеля. У «кабінеце» за сталом сядзелі два чалавекі - прадсядацель іспалкома і пісар. Яны штосьці між сабою перашэптваліся, азіраючыся на «залу». Пасля прадсядацель устаў і выказаў да дэлегатаў:

- Непартыйную сялянскую канферэнцыю я лічу адчыненай. Прапаную выбраць прэзідыум.

На яго прапазіцыю выйшаў адзін з ліку дэлегатаў і прачытаў спіс прэзідыума, які прапанавала камуністычная фракцыя. У ліку другіх у спісу было прозвішча Андрэя, якога мецілі ў таварышы прадсядацеля нарады. Прадсядацель іспалкома прагаласаваў спісак. Цэлы лес рук амаль не ўсіх дэлегатаў падняўся ўгору.

- Аднагалосна, - паведаміў прадсядацель іспалкома, і тут жа яго словы заглушылі моцныя воплескі.

Сідор пільна прыслухоўваўся да кожнага слова, і, калі перш пачуў імя і прозвішча Андрэя, а пасля ўбачыў, як Андрэй разам з другімі пайшоў і сеў за сталом, ён злосна скрыгануў зубамі і адвярнуўся ўбок. Вострая злосць на Андрэя падсказала яму кінуць іспалком і ўцячы дадому, але гэта было б роўна таму, што Сідор не выпаўніў бы паложанай сабе задачы, - і ён перамог узняты настрой ды астаўся.

За выбарамі тут жа пайшлі даклады. Першы рабіў даклад прадсядацель іспалкома аб сучасным становішчы Савецкае ўлады. Сідор пераменна сачыў вачмі то за прамоўцам, то за сялянамі, якія ціхутка, з увагаю яго слухалі. Ніхто з іх не варушыўся, ніхто не кашляў, а ўсе як адзін пільна сачылі вачмі ў «кабінет», дзе сядзеў прэзідыум. У словах дакладчыка часта зычэлі гострыя лаянкі на кулакоў, пагрозы за іх шкодную працу. Дакладчык таксама адмячаў клопаты Савецкай улады аб сялянстве і заклікаў яго несціханна працаваць па адбудаванню краю.

Сідор на гэтых мясцінах даклада яшчэ ўважней настарожваўся і несупынна абводзіў усіх прысутных. Яму не верылася, каб ніхто з дэлегатаў не выгукнуў якое-кольвечы лаянкі на Савецкую ўладу ці не падаў спрэчкі прамоўцу. Хвіліна ад хвіліны да яго падыходзіла нейкая ні то радасць, ні то самаўцеха, што вось-вось паднімецца пратэст мужыкоў і ўся нарада пойдзе ўверх дном.

Але дакладчык пераказваў усю прамову, і ніхто не прараніў і слова. Калі ж скончыў, то зычны гул воплескаў быў пасланы ў аддзяку за даклад. Пасля дэлегаты, як пчолы, рэзва загаманілі паміж сабою, весела настроіліся і адзін за адным уголас падавалі выказы: «О, і маладзец наш Сліва!» - «Вось праўду сказаў!» - «Ёсць чаго паслухаць!» Каля дваццаці чалавек сарваліся з месцаў і панесліся да стала, каб узяць слова ў спрэчках.

А калі спрэчкі пачаліся, дык толькі і чуўся з вуснаў кожнага прамоўцы жывы, гарачы водгук на воклік дакладчыка. У кароткіх, няскладных прамовах цэлы шэраг сівых барадатых сялян засведчылі сваю ўвагу, сваю спагаду да савецкага ладу ды яго парадкаў. Атрымоўвалася ўражанне, мэрам бы ўся нарада сабралася ў іспалком, каб урачыста прывітаць тую гадзіну, якая прынесла ім жаданую волю.

Гэты настрой кідаў Сідора то ў жар, то ў холад. Штосьці цягнула яго хутчэй уцякаць, а разам другая сіла прыкоўвала яго к месцу. Марыля некалькі разоў звала яго выйсці, але ён аднекваўся і не пускаў.

- Вось хай скончаць гэта пытанне - няпраўда, прарвецца! Вось мо хоць адзін прамоўца знойдзецца, - папрасіў Сідор Марылю, калі яна пагрозілася пайсці адной.

- Ну, добра! Толькі адзін, - згадзілася яна, - усё роўна нічога новага не скажа.

Якраз гэтым адным папаў Юрка. Сідор не прымеціў, як той апынуўся ля стала, але толькі прымеціў швагра, як моцна скалануўся ад гневу і азірнуўся на Марылю:

- Бачылі гэта?

- Юрка! - прашаптала тая. - Пачуем, што скажа!

- Не, годзе! Ідзём! - папрасіў Сідор Марылю.

Таўхаючыся між людзей, яны пайшлі да дзвярэй, а ўслед ім несліся гучныя словы Юркі:

- Мы павінны помніць адно: што нам далі польскія паны і што зрабілі нам бальшавікі. А памятаць паноў кожны мае за вошта - з іх імем звязана наша няволя, звязаны разбурэнне краю, гвалты, пажары. Толькі бальшавікі нам далі волю, толькі ад Саветаў - наша свабода і светлая будучыня.

 

VII

 

На канферэнцыі ў іспалкоме былі таксама Паўлюк, Мірон ды Варвара. Яны прыйшлі шмат раней Сідора з Марыляю і занялі месца ў бакавым пакоі за сценкаю, так што іх не было відно з канцылярыі. Стоячы там, яны не маглі сачыць за ўсімі, хто заходзіў у іспалком і хто з яго выходзіў. Праўда, Сідора з Марыляю яны чакалі з часу на час, пазіралі ў акно, думаючы ўгледзець ідучымі, але прапусцілі і не прымецілі, калі Сідор з Марыляю зайшлі ў іспалком. Вось усе ўтраіх так і пастанавілі, калі распачалася канферэнцыя, што Сідор, мабыць, матнуў на яе рукою і не прыйдзе паслухаць. На гэтым і спыніліся б, каб выпадкова Паўлюк не азірнуўся ў акно якраз у той момант, калі Сідор з Марыляю выйшлі з двара іспалкома.

- А во, бачыце! Сідор з Марыляю пайшлі! Усё ж былі тут, - ціха падаў Мірону і суседзям Паўлюк.

Тыя паглядзелі ў акно.

- Так, так! Пэўна, што тут быў. Давайце дагонім, - запрапанавала Варвара.

- Давайце, чаго далей слухаць! - згадзіўся Паўлюк.

Пяцёра іх - Паўлюк, Мірон, Варвара і двое з дэлегатаў - настаўнік з вёскі Шула і ляснічы з Шулаўскага лясніцтва - таўхаючыся, праціснуліся да дзвярэй і выйшлі з іспалкома. Сідор з Марыляю ўжо падыходзілі да ўзгорка на рынку.

- Гукні! - падаў Мірон Паўлюку.

Той стуліў пры губах рукі і гукнуў:

- Сі-ы-до-ор-р!!

Сідор з Марыляю абярнуліся і пасталі. Праз пяць ці шэсць хвілін да іх падышлі Паўлюк з кампаніяй.

- Ну, дзе ж былі, Сідор Гарасімыч? - запытаў Паўлюк Сідора, вітаючыся з ім і знаёмячы яго з шулаўцамі.

- Дзе быў? Пэўна, там, дзе і вы...

- А вы ў іспалкоме былі? - перабіла Марыля.

- Вядома што! Вось угледзелі вас праз акно і выйшлі... Чакалі-чакалі і думалі, што вас там не будзе, - рэзва адмовіла Варвара.

Гаворачы, яны ўсе разам кранулі ісці.

- Куды ж цяпер, Сідор Гарасімыч? - крыху прайшоўшы, запытаў Паўлюк.

- Трэба на кватэру, - адказаў Сідор.

- А вечарам не думаеце нікуды?

- Не ведаю...

Прайшоўшы яшчэ з гоні ўсе разам, далей яны разбіліся на двое і пайшлі паасобку ў розныя бакі: Мірон з дзяўчатамі, а Сідор з Паўлюком і шулаўцамі.

- Ну, як вам? Бачыце, вось якія мужыкі! Як адзін у далоні б'юць: хваляць парадкі... Во, нават Юрка... Не казаў я? - выказаў Паўлюк.

- Так! Дзівіць мяне... Я ніколі не думаў, што яно так, што так глыбока ўелася бальшавіцтва... Не думаў... А то-та ж... - Сідор нездаволена пакруціў галавою і не мог даказаць.

- Сідор Гарасімыч! а ўсё ж яно не якраз так, як мы бачылі. Ёсць шмат і праціўнікаў бальшавікоў. Вось каля нас стаяла з дзесятак мяшчан - дык смяяліся з усяе цырымоніі, толькі ім нельга выказвацца...

- Так, нельга выказвацца... - шэптам падмацавалі шулаўцы.

- Гэ! Што дзесяць, калі сотні пляскаюць у далоні, сотні... Што дзесяць! Каб наадварот... - матнуў рукою Сідор.

Яны прайшлі рынак і спыніліся пры выхадзе ў вуліцу.

- Можа, вечарам яшчэ наведаем у іспалком? Яшчэ шмат пытанняў абгаварвацьмуць... Цікава пачуць, як будзе абгаварвацца школьная справа! - выказаў Паўлюк да Сідора.

- Не, не пайду! - суха адказаў Сідор.

- Чаму? Мы зойдзем...

- Нічога не паможам! Сапраўднае гняздо бальшавікоў... Усе, усе атручаны ім...

Забыўшыся развітацца, Сідор пайшоў на кватэру. Паўлюк з другімі вярнуліся назад.

 

VIII

 

Увайшоўшы ў хату, Сідор застаў дома сястру. Яна мяшала гавядам цабры і, калі Сідор прычыніў дзверы, кінула работу і звярнулася да брата з пытаннем:

- З іспалкома прыйшоў, Сідорка?

- З іспалкома.

- Што ж там чулі добрага?..

Сідор нейкі час памаўчаў, пасля сур'ёзна з прыціскам адказаў:

- Пачуеш?! Ведама ўжо, што ў іспалкомах пачуеш!.. Твайго Юрку чуў... Дастала цацку...

- Чаму? - здзіўлена запытала Юста.

- Чаму?.. Вунь распінаецца на ўвесь іспалком. Такі аратар, што хоць ты...

- За бальшавікоў ці супроць?

- Супроць! Навучыла ж ты яго супроць!

- Ай, ай! І чаго яму трэба лезці... Божа мой!.. На яго хвароба, на яго! - завяла Юста. - Дык ты ж паверыш, Сідорка, я і сама не ведаю, што з ім рабіць... Вось да таго ўкляпаўся ў бальшавіцтва, што жыцця няма... Стары чалавек...

- Табе кінуць трэба яго! - адсек Сідор.

Гэта прапазіцыя азадачыла Юсту. «Кінуць!» - то ўжо пераходзіла ўсю яе злосць на мужа і глядзела ёй у вочы чымся нез'яснёна-страшным. Яна разумела па-свойму шкадлівасць таго, што Юрка ўмешваецца ў бальшавіцкія справы, але гэта шкадлівасць не надаўміла ёй ні разу паставіць сабе рубам пытанне аб адносінах з мужам. А тут раптам чуе гэткую раду ад брата. То, пэўна, нешта нейкае ўжо сталася з Юркам. Сідор жа не павінен жыў-здароў яе палохаць.

- Сідорка, чаму ты так кажаш? - баязліва запытала Юста.

- Таму, што бальшавікі - гэта разбойнікі і згубіцелі. І твой Юрка - таксама... Ён бальшавік - і ты не павінна, жывучы з ім, ганьбіць наша котлішча...

Сідор, выказаўшы гэта, прыстукнуў нагою, нібы павеляваючы сястры выпаўніць яго раду. Юста не ведала, што адказваць, і моўчкі пытальным поглядам сачыла на сур'ёзна выглядаўшага брата. З яе рук выпала мешалка, стукнуўшыся аб цэбар, але Юста не заўважыла гэтага. Таксама не заўважыла яна і таго, што на дварэ цямнела і ў хаце па кутках пачаў туліцца змрок. Наогул, Юста была ашаломлена братавымі словамі і не ведала, чым на іх адказваць...

 

Ёй памог выйсці з гэтага становішча Юрка, які з прычыны перарыву нарады наведаў хату. Непрыметна для яе і Сідора ён прайшоў у двор і, апынуўшыся на парозе, стукнуў сенешнімі дзвярамі. Сідор хутка перамяніў устой, а Юста, нібы ачнулася, хапілася за мешалку і пачала мяшаць цабры.

- Ты яшчэ не падала паранкі? - запытаў Юрка, увайшоўшы ў хату.

- Не падала, не пада-ала! Муштраваць толькі любіш, а сам, як той валацуга, цалюткі дзень бадзяецца без нічога... Да сэрца вельмі даліся табе гэтыя бальшавікі! Не вылазіць з іспалкома. Ці ж то ёсць лад? - скарамоўна, трымаючы мешалку ў руках, залепятала Юста. - Пакіне ўсё ў хаце, хоць захлыніся адна, а сам у аратары ходзіць... Трэба вельмі табе людзей пасмяшаць?! І так з-за цябе жанкі вочы дзяруць... Хапіла б і без цябе бальшавікоў... Чаго табе лезці?

Юрка, зрабіўшы сур'ёзную міну на твары, даў выгаварыцца жонцы, а пасля спакойна, але цвёрдым голасам адказаў:

- А цябе мо гэтыя жанкі і вучаць брахаць вось так? Ведаю я, хто гэтыя твае жанкі! Мікуліха да Дзежыха якая. Не падабаецца ім савецкі лад - вядома. І гонар апаў, і павага мінулася. Сыны паўцякалі ў Польшчу, дык думалі, прасіцьмуць іх звярнуцца, а тут яшчэ забаранілі... Не глядзі на іх - свой розум мей!

Юста не ўнімалася:

- Не трэба мне больш таго, што я маю... Хай ужо ў цябе занадты розум, каб ён табе высах! Аж брыдка робіцца... Вось праўду кажа Сідор, што ты род наш ганьбуеш сваім бальшавіцтвам. Навошта яно табе?..

- Сідор кажа-а? - раззлавана выгукнуў Юрка. - Ссі-ы-дор?! Я ведаю, што Сідор... Чуў ужо я пра твайго Сідора! Ходзяць ужо ўсякія чуткі па мястэчку і за мястэчкам... Прыехаў сюды настаўніцтва бунтаваць... Вось ужо даведаліся аб ім! Толькі мне ўвага... Сідо-ор ёй кажа!

Сідор як стаяў моўчкі, так раптам заварушыўся на месцы і ад злосці закрычаў:

- Пляваць я хачу на ўсіх і разам н-на... Не пераарыштоўваеце ўсіх - нарвяцеся зараз... «Усе ведаюць»! Хай ведаюць! Я сам не таюся, што я кроўны вораг бальшавікоў... Ненавіджу іх, як... Гэта - барбары! Яны зглумілі ўсё багацце краю, разбілі душу свядомаму чалавеку! Яны... - Ён запнуўся і зрабіў колькі крокаў па хаце. - Я лічу абразаю, што мая сястра мае мужам бальшавіка... Так! І я кажу ёй: кінь, каб не паскудзіць нашага роду...

- Так? - Юрка разняў рукі і наскокам падбег да Сідора. - Вон! Вон, панскі агент! Ты што гэта? Прыехаў бясчэсціць маю хату і маё імя? Вон! Ягомасць тут знайшоўся! Душу яго разбілі... Голаў разбіць мала... Вон, каб і нага твая не была тут!

Бачачы мужа ў гэткім гнеўным настроі, Юста не брала сабе ўглузд, што тут чаўпецца, і перш, вытарашчыўшы вочы, глядзела на абодвух, а пасля кінулася ўцішаць Юрку, крычучы:

- Што ты робіш, вар'ят? Што ты робіш? Не сарамаці людзей! Завошта-а ты наваліўся на яго?.. Ці ты маеш розум?

А Юрка крычаў:

- Вон! Абаіх вас паганю! Мне не патрэбна вашага шляхецтва... Калом яно мне вылезла за сорак гадоў. Годзе!.. Прэч з дарогі! Я - бальшавік і не выношу жаднага панства. Вон, вон! Не выйду з хаты, пакуль гэты ягомасць не выправадзіцца...

Прахожыя вуліцаю застанаўліваліся перад хатаю... Крык і лямант цягнуўся з гадзіну. Юрка не здаваўся і гнаў Сідора з хаты. Юста абараняла брата, то ўпрашвала яго выйсці на час да знаёмых. Сідор жа «прынцыпова» лаяў бальшавікоў і швагра. Але, лаючы Юрку, ён ужо не думаў ні аб чым добрым. Гэтыя тры дні, якія ён паспеў пражыць у мястэчку, зрабіліся яму годам - ды годам не простага жыцця, а балючых мукаў разувер'я, ашаломленасці зменамі таварышаў і страхам перад пагалоўным захопам жыхарства ненавісным яму бальшавіцтвам. Усё гэта так яго знервавала, так стузала, што ён увачавідкі адзначаў, як рабілася яму цяжка і невыносна ў вікураўскіх абставінах. Звакол і з усюды глядзелі на яго тысячы вачэй атручваючага страху, тысячамі галасоў звінелі ў яго вушшу. Перад ім стаяў Юрка, а Сідору здавалася, што гэта - ажыўленае бальшавіцтва, якое вось-вось сцісне яго сваімі рукамі і задавіць. І калі ён спрачаўся і лаяўся з Юркам - то гэта толькі каб не маўчаць. Каб не маўчаць, бо гэтаму супярэчыла ўся яго істота. Трэба было шмат здарэнняў, многа самааховы ды разам каменнай цярплівасці, каб знізіцца да таго, што ён бачыў і чуў. Але пракідкі і дасціпны Сідор адчуваў сябе воўкам у засадзе, якому ўсё ж трэ было зламаць смеласць і пакінуць гордасць.

- Шш-а, шш-а! - пакорліва суцешыў Сідор швагра, калі той не ўступаў, а ўпарта гнаў яго вон, - я пайду! я пайду... Я пайду, каб не прыходзіць ужо сюды. Годзе!.. Няхай заклятай будзе тая часіна, калі я пераступіў гэты парог...

Сідор паспешна пачаў адзявацца. Адзеючыся, ён раз-поразу пазіраў у акно. Ад таго, што яму кідалася ў вочы ў згушчаным змроку акна, Сідор то ўзвышваў, то паніжваў сваю несціханую лаянку на тую, якая «злучыла іх род з родам Юркі», і тае часіны, «якая завяла яго сюды». Юста з мешалкаю ў руках тупала па хаце і то кляла мужа, то перапрашала Сідора, каб той не злаваў, каб не слухаў «дурня Юркі» і заставаўся.

- Куды ж, братка, пойдзеш нанач? - казала яна Сідору. - Заставайся ў нас... У хару плюнь заразе гэтай - і заставайся! Гэта хата не яго... Я больш гаравала на яе. Мой пасаг паставіў цябе на ногі, - адварочвалася Юста да Юркі. - Гаспадар знайшоўся! Вось заўсёды так, як і сёння: валочышся, мэрам святы без вуму, цэлы дзень, а ў хаце - хоць вецер гуляй! Мая хата! Скула табе ў горла, а не хата!

Далей зноў хапалася за Сідора, просячы:

- Не ганарыся, Сідорка! Мала што гэты вар'ят крычыць! Не зважай.

Але можна было Юсце казаць гэта, а здарэнне ішло іншым кірункам. Юрка настойна - што далей, тым адчаянней лаяў швагра, паказваючы яму на дзверы, а Сідор спяшыў злажыць у куфэрак свае рэчы. Калі ж ён сабраўся, то падышоў да Юсты, суцешыў, каб тая не плакала, і, пацалаваўшы яе ў голаў, рашуча выказаў:

- Бывай здарова, Юстынка! Прашу цябе - разыдзіся ты з гэтым вар'ятам, з бальшавіком гэным паганым. Аберажы сябе і нашу фамілію... Бывай! - і выйшаў з хаты.

- Вон, панскі пасылач! Вон, бяляк! Каб і нагі твае тут не было!.. Ідзі, шукай месца, дзе тваёй ганаровай душы даспадобы. Вон, вон! Так, так - ноччу, як сава, як кажан! Прыехаў тут шляхецтва сваё паказваць! Гіцаль, паскуда! Н-не, галубчык, забудзь бывалае... Ха-ха-ха! Многа ўжо гэткіх, як ты, схавала ў сябе ночка... нікуды не ўцячэ-эш-ш!

Юрка пакрыкваў так, стоячы ў акне, і здаволена слухаў, як Юста развіталася з Сідорам за парогам, кленучы і лаючы бальшавіка-мужа.

 

IX

 

Мо з гоні ад Юркавай хаты Сідор прабег безабдумна і безаглядна. Нейкая нез'яснёная яму, але моцная і страшная сіла гнала яго ў цем ночы, як найдальш ад голасу Юркі, які, здавалася яму, мэрам раздражнены чмель, гнаўся за ім і выў над вухам.

Пасля штосьці Сідора супыніла; ён сышоў убок са сцежкі, прыслухаўся, ці за ім хто не бяжыць, і запытаў сябе: «Сапраўды, куды ж мне ісці? На дварэ - цёмная ноч... Ды і брыдка прасіцца дзе-колечы нанач. Што могуць падумаць! Ах, чорт надаў мне наведаць гэтыя Вікуры!.. Ужо не знойдзеш сухога месца, калі паводка разлілася... Кругом бушуюць хвалі!»

Здалёку хтось гутарыў. Сідор кінуў думаць, выйшаў на сярэдзіну вуліцы і пайшоў насустрач гутарцы. Але, прайшоўшы колькі сажняў, ён як бы адумаўся - вярнуўся назад. Яму заздрочыла прайсці паўз хату сястры і пераканацца, ці толькі і было гісторыі, каб яго выправадзіць з хаты, ці крык ды лаянка цягнуцца далей. «Аб табе чуткі ходзяць» - гэтыя словы Юркі глыбока запалі Сідору ў нутро, і ён у сваім расшавеленым ваабражэнні маляваў розныя прыкрыя для сябе дагадкі. «Каб адно Юрка не іграў перадатачнае ролі, а то...» - і за гэтым «а то» ішлі розныя мажлівасці, якія немілавочна глядзяць на гэткіх, як ён, Сідор, і якія пачалі яму здавацца.

 

Пазіраючы ў бакі, мэрам крадучыся, крыху падрыгваючы ад холаду, Сідор ужо падбліжаўся да швагравае хаты, як раптоўна яго пазвалі:

- Сідор Гарасімыч!

Сідор спыніўся і, крыху сумеўшыся, абазваўся:

- Я! - і пачаў узірацца на двух падыходзячых.

- Сідор Гарасімыч, - цішэй загутарыла да Сідора Марыля (то была яна з Варвараю), падбегшы да яго, - вы не ідзеце дадому начаваць!.. Хадзем да нас, - хапіла яна яго за руку.

- Чаму? - напалохана запытаў Сідор.

- Ведаеце, пра вас пусцілі дрэнныя чуткі. Вас залічаюць агентам контррэвалюцыі... Вось нават і на нарадзе ўжо паднімалася гутарка пра вас. Макар, расказвалі так, абгаварваючы школьную справу, нападаў на настаўніцтва за яго чарнасотніцтва і ўмяшаў туды і вас... Ды яшчэ так, што ўсіх абурыў.

- Як? Плаха?!

- Так... Кажуць, апавядаў, што нібы вы прыехалі і разводзіце тут супроцьсавецкую агітацыю. Настройваеце настаўніцтва супроціў школьнае палітыкі і наогул... Вось, на кожны выпадак, ідзём да нас...

Сідор разам кінуў усе іншыя роздумы і спыніўся на тым, што паведаміла яму Марыля. Хоць у яе паведамленні і было многа знаёмага, чаго хітры Сідор заўсёды не спускаў з думак, але тая раптоўнасць, з якою ўсё гэта чынілася, аглуздзіла яго. Уваччу ажылі ўсе вакольныя рэчы, зацюкала спалохана сэрца.

- Ідзём, ідзём хутчэй!.. Паганыя, як у іх усё скора робіцца! Ці бачыш ты? - паўшэптам выказаў ён ні то да дзяўчат, ні то сам да сябе і паспешна рушыў уперад, ухіляючыся блеску прамення з акон хат.

Дзяўчаты подбегам пагналіся за ім, перапыняючы яго ўпаўголаса:

- Сідор Гарасімыч, вы не туды пайшлі. Чакайце! Нам трэба на другую вуліцу... Чакайце!

 

А Сідор, не патураючы іх зову, як нацкованы воўк, безаглядна бег у цемнату вуліцы.

 

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая