epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

У дарозе

Ў небе зоры міргаюць, гараць

Ды зіяе яскравага месяца круг,

Дзе-нідзе кучкі хмарак вісяць,

То сабраўшыся ў колка,

То звіўшысь ў ланцуг.

 

Паміж лесу расцёгся туман,

Нібы спушчаны з неба дыван.

 

Між шырокіх зялёных палёў

Ў’ецца вёрткая вузкая сцежачка-пуць,

Праз лясы каля гор ды равоў

Коні зважна па ёй дробнай рыссю бягуць.

 

І ў спакойным прасторы кругом

Чуцен водгалас рэзвенькіх бом.

 

У баку дзесь траскоча дзяргач,

Ды цвыркунчыка рэзкая рэч трапаціць...

«Но, малыя! старайцеся ўскач!»

Паганяючы коні, рамізнік крычыць.

 

«Паспяшайце старанна, гэй, гэй,

Каб да месца даехаць хутчэй!»

 

І ахвотныя коні спяшаць,

Чым хутчэй ды праворней ляцець ды ляцець...

І ўваччу маім нівы мігцяць,

Ды вятрыска супроцьны паціхеньку дзьмець!

 

«Гэй, запой што, фурман, для мяне,

Каб ды спаць не хацелася мне!»

 

Фурману я паціхай шапчу

І чакаю спявання на гэта ў адказ,

Прытаіўшыся, чутка маўчу,

І вось чую, пяе: «Не апошні я раз

 

Цябе бачыў, радзімая, там!..»

Яму ж рэха ўтуруе: га-ам!

 

І так лёгка на возе сядзець

Пад вясёлыя песні рамізніка й бом

Ды удаль за дарожкай глядзець

Пад чароўным нябесным ў агнёх дываном,

 

Паглядаці, як коні бягуць

У сівую туманную пуць!..

 

Магілёў, 1910


1910

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан