epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

У зялёным лесе

Я стаю, заварожаны шумам лясным,

І гайдаюся ў рыхт па кірунку дзяроў,

Што схіляюцца нізка пад ветраны ўздым

Да абголеных шчэ нізкарослых кустоў.

 

Праз кароны з калюк сее сонца прамень,

Як праз рэшата сыплецца ўніз на мяне,

Быццам ў душу стараецца глянуць мне дзень,

Поўны дыху жыцця, якіх шмат на вясне.

 

Піскам рэзвым з вяршын стройных, гладкіх

сасён

То адтуль, то адсюль пташкі спеў падаюць

І ў музычнасць ад шуму жывую гармонь

Меладыйнай струёю між дрэўцаў ліюць.

 

Дзесь здалёк — чуць даходзіць ка мне ў шуме

хвой —

Горад-волат ў каменным закуцці гняцця

Не спыняе ўздымаць рух агромністы свой,

Рух людскога, як мора, жыцця.

 

Рэзкім свістам гудок ад заводаў наўзрэз

Цераз дахі дамоў,

праз уз’юшаны пыл

Мчыцца роўна і проста кірункам на лес,

Колькі мае для лёту з прыроды ён сіл.

 

Ў гэтым гудзе яго адчуваецца штось.

Чаго шолам лясны не зглушае сабой.

І што ў душу маю прабіваецца скрозь

Ды ўздымае у ёй гардзялівы настрой,

 

Веру ў палкую творчасць працоўных людзей,

Для якіх покуль сонца і лес — чадны дым

У заводах, але каму хутка ўжо йдзе

Час другі, час інакшы зусім —

 

Такі час, калі лес будзе песні гусці,

А праменні вясновага сонца зіяць,

Каб заўсёдную весну ў ягоным жыцці

Неабмежнай свабодай ўбіраць...

 

Я стаю, заварожан шумлівасцю дрэў,

Пазіраю уверх, дзе плывуць аблака,

А тут душу гартуе галосны напеў,

Што шле чадны завод праз гудзенне гудка!

 

Берлін, 14/IV-1922


1922

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан