epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

"Ўзышоў месяц..."

Ўзышоў месяц і паўкругам

Ў цёмным небе засвяціўся,

Па дубраве і над лугам

Срэбным променем разліўся.

 

Ў зачарованым адзенні

Спіць трава і спяць кусточкі.

І замёрлі ў шалясценні

Руцяністыя лісточкі.

 

Ўкрадкай, ціханька гамоне

Мовай свежай і рачыстай,

Нібы грае, нібы звоне,

Ручаёк вадою чыстай.

 

І ні песні, і ні зыку

Круг-вакол не раздаецца.

Нямой сцішы цыркім блікам

Месяц весела смяецца.

 

Капыль 31/Х-1912


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан