Вей ты, вольны вецер,
Вей па чыстым полі
І шукай усюды
За мяне ты долі.
Праляці зямлёю
Скрозь па свеце белым
Ды шукай старанна,
Ды шукай умела.
Можа, яна блудзіць
Па лясах,
пустынях,
Збіўшыся з дарогі,
Ў пустках дзікіх гіне.
Можа, злыя людзі
Дзе яе стрымалі
І ў замкі з жалеза
Яе закавалі,
Ды яна не можа
Вырвацца на волю,—
Усё яе пільнуюць,
Не даюць патолі...
Вей жа,
вольны вецер,
Вей на свеце гэтым
І шукай мне долю
Ды шукай умела.
А калі дзе найдзеш,
Прывядзі з сабою,—
Я хаця на хвілю
Падзіўлюся ёю.
Пагляджу,
пабачу,
Што яна за дзіва,
Ці папраўдзе можна
З ёю жыць шчасліва.
А табе ж за гэта,
Вецер, адплачуся:
Перад тваёй моцай
Нізка пахінуся.
1912