epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Восень

З поўначы цёмнае, сіверу дальняга

Нудная восень прыйшла.

З поля убранага, з лугу зялёнага

Жыцце-красу прыняла.

Холадам, сцюжаю разам павеяла,

Смерць за сабой прынясла.

З дрэва прыбранага, лісцем адзетага,

Ўборы сарвала, страсла.

Птушак міленькіх з краю радзімага

Ў вырай загнала ад нас;

Песні іх мілыя, дзіўна пяяныя

Ветрам заглушыла ўраз.

Ветрам, навеяным з дальняга сівера,

Хмар прынясла за сабой,

Неба высокае, сінекрыштальнае

Ўсё спавіло туманом.

Восень ты нудная, восень дажджлівая,

Ты немінуча ўсягды.

Ў сэрца балючае, ў душу сіротную

Многа ліеш ты нуды.

 

1910


1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан