epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Восеннае

Мне кажуць: нудзіць лес згалелы

І вецер песняю сумлівай

Над нівай шэрай, амярцвелай

Жуду пяе над соннай нівай;

Гракі крычаць, як б’юць у труны

Цвякі, каб ўздзець на доннік века.

Жалейка лье нястрымным сумам,

І плача тым жа сумам рэха.

Мне кажуць: гіне ўздым душэўны

Ў тумане слотным, ў хмарах шэрых,

Настрой ападае няпэўны,

Няпэўных думак будзіць шэраг.

Мне кажуць: восенню завецца

Вось гэны вобраз, гэты тэрмін...

А я кажу: то вам здаецца,

То боль у вас сапсутых нерваў.

Бо ў чым нудлівыя калёры,

Што сэрца ваша там сумуюць?

Ў зялёнай руні, што прасторы

Палёў раскінутых ліцуе?

Ў дажджы, што нівы развільжае

Ды глебу поіць жыўным сокам?

У хмарах мяккіх, што зганяе

Іх вецер рэзвы к нам здалёку?

Ці ў шоўку шамкім — ў пухкім лісці,

Што лес раздзеў і дол стаптаны

Старанна ўбраў, гасцінна выслаў,

А сам пяе зіме вітанне?

Ці ў стуку гучным ў поўных гумнах

Цапоў сялянскіх па збажыне,

Ці ў песнях стройных, ў песнях шумных

Вячоркі, дбайнае дзяўчыны?

Мне кажуць: восень — заміранне,

Жуды глыбокай час ўрачысты...

А я кажу: хто глыбей гляне,

Той жыцця ўгледзіць промень, іскры

 

Мінск, 1924


1924

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан