epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Загудзі ты, вецер

Загудзі ты, вецер,

Скалыхні вярбіну;

Заспявай ты песню,

Мілая дзяўчына!

 

Заспявай як птушка

Летняю парою,

Как было мне шчасна

Пасядзець з табою;

 

Каб сагнала песня

Ўсю нуду ліхую

І ўвабрала душу

Ў вопратку другую:

 

Радасці, вяселля,

Шчасця і любові...

Каб нуды сарвала

Моцныя аковы...

 

Заспявай, галубка,

Заспявай, дзяўчына!

Скалыхні ты, вецер,

Скалыхні вярбіну.

 

Капыль, 1909


1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан