epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Змагайся!

Мой браце, змагайся

З нядоляй, з бядою!

Ні крыўдзе не дайся,

Ні суму ў настроі!

Пакоры, цярпенню

Упарта спрачайся,

Да волі імкненнем

Гары — разгарайся.

Адважна заўсюды

Наперад дарогай

Праз ямы, праз груды

Вядзі з перамогай.

Адкрытыя ўзрокі —

У светлыя далі!

Хай бляск іх далёка

Разгойдае хвалі.

Ваяцкай адвагі,

Сталёвага гарту!

Балючыя скаргі

Раздуй у пажар ты.

Цярпення людскога

Ўскалышаш падпоры.

Жыццё там — дзе змога.

Дзе смерць — там пакора.

 

Пецярбург, 1913


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан