epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Званар

Не праспі, званару!

Толькі з неба гляне

Да зямлі маркотнай ясная зарніца,

Прагані хутчэй ты соннае драманне

І усходзь паспешна ўгору, на званіцу;

 

Размахні рукою і званова сэрца

Скалыхні сярдзіта.

Хай грымяць удары,

І хто спіць, хто дрэме, ўстане-скалыхнецца

І спяшыць на зовы.

Не праспі, званару!

 

Ўсякі, хто пачуе, далей спаць не будзе —

На твой бом прызыўны не міне з’явіцца;

Толькі захавай ты у звановым гудзе

Моц сталёвай мовы, каб маглі разбіцца

 

Аб яе да звання рабскія устоі,

Каб ён гулкім бомам ўскалыхнуў абшары...

Няхай рынуць ў бойку цеснай грамадою

Тыя, над кім віслі цяжкай долі кары.

Не праспі, званару!

 

Вількамір, 1912


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан