epub
 
падключыць
слоўнікі

Цішка Гартны

Звон

З гары высокае званіцы

Званы прызыўна загулі;

І гуд грамовы іх імчыцца

Абшарам соннае зямлі.

 

Дрыжыць вакол ціша глухая,

Трасе паветра медны гул,

І ўсё, што спіць, ён паднімае

Вакол сябе, і там, і тут.

 

«Ўставай, хто спіць! — у звоне чутна

Размова гучных важкіх слоў,—

Скідай свой сон, ліхі, атрутны,

Цягучы сон даўгіх вякоў!»

 

І ўдар за ўдарам шле званіца,

Спушчае ўніз з сваіх прытул

Шарэнгам роўным, стройнай звіцай,

Ўсё болей гучны звонны гул.

 

І рэжа ён пласты паветра,

Качае хвалямі бары,

З зямлі нясецца ўзвеем ветру

Да стромы цёмнае гары.

 

Яшчэ мамент, і гудам звону,

Здаецца, неба страсяне

Ды зоў разгорне свой чырвоны

Па ўсёй зямлі і ў вышыне.

 

Вількамір, 1913


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Збор твораў. У 4 т. Т. І: Вершы, 1909—1935. Апавяданні 1909—1927 / Аўт. прадм. С. Александровіч.— Мн.: Маст. літ., 1987.— 438 с.
Крыніца: скан