epub
 
падключыць
слоўнікі

Даніэль Буланжэ

Прынц напракат

Ці мог хто калі падумаць, што кароль Базаніі зменіць свой трон на канапу нейкай танцоўшчыцы, стане простым герцагам Раулем, адрачэцца ад сваёй радзімы і пераедзе да нас на сталае жыхарства?! Ці хто калі гадаў, што звычайны анучнік Сільвен Матуар зойме месца першага асенізатара сталіцы?! Між тым яго «фабрыка» штодня на досвітку выплёўвае добрых шэсцьдзесят цыстэрнаў. Яму належыць асноўная частка самай урадлівай зямлі, што прылягае да паўночнай часткі горада. Цвёрда стаіць на нагах чалавек і ўсё спадзяецца, што жонка вось-вось падорыць яму сына...

А нарадзілася дачка. Не любіў Матуар марнатраўства і таму не спяшаўся з хрэсьбінамі: а раптам дзіця не выжыве?! Ды прыйшоў дзень, калі ўсе сумненні развеяліся, і грымнула свята. Пад строгім наглядам нянечкі госці перадавалі з рук у рукі дзіця і ў адзін голас паўтаралі, што яно — выліты бацька. Асабняк асенізатара гудзеў, як разбуджаны вулей. І ў гэтым тлуме невядома для каго сціпла гучаў канцэрт для струннага аркестра, які наўрад ці пачула б самае чуйнае вуха. Пакоі былі ўпрыгожаныя ў стылі канца мінулага стагоддзя. На блакітных мазаічных сценах віднеліся райскія птушкі і мажныя чырванашчокія багіні. У глыбіні залы тулілася група музыкантаў. Усе яны былі ў парыках. Перад кожным стаяў невялікі столік, на якім ляжалі ноты і гарэлі высокія свечкі. Музыканты няўцямна ўглядаліся ў гэты натоўп пажыральнікаў цукерак і пячэння, нібы спрабавалі зразумець, каму і навошта патрэбна музыка ў такім шуме, калі нават не чуваць, што іграе сусед. Віяланчэліст недаўменна паціснуў плячыма і, пэўна, даў прастор сваёй фантазіі, утаропіўшыся ў ладныя ножкі маладой служанкі, якая падышла, каб замяніць свечкі...

Матуар важна хадзіў ад адной групы гасцей да другой, з кожным вітаючыся за руку. Вось ён паляпаў па плячы дэпутата парламента, вось падаў руку пастару, вось працягнуў кілішак міністру культуры, а той выпіў яго, стоячы на пальчыках...

Да ўсёй гамы пахаў жаночай парфумы ўдала дамешваўся тытунёвы дым, які клубамі віўся пад столлю і ад якога, здавалася, варушыліся крышталікі люстры...

— Што ж гэта ён вытварае? — незадаволена прамармытаў Матуар.

— Супакойся, дарагі, — сказала жонка і шумна высмаркалася. — Я табе гаварыла, што з такім чалавекам мець справу рызыкоўна. Не наш гэта чалавек...

Сільвен Матуар адпусціў жонку патанцаваць. Яе запрасіў адзін багатыр, які праславіўся тым, што нажыў свой капітал на вырабе і продажы коркаў.

— Ну, як маюцца вашы корачкі? — нявінна запыталася мадам Матуар.

— Ды як? Трымаюцца, плаваюць, іх, брат, не ўтопіш, — тонка адказаў магнат. — Але дзе ж гэты хвалёны герцаг Рауль? Вы ж так абяцалі...

— Хутка прыедзе. Што зробіш, калі ён такі заняты...

Не цярпелася і гаспадару. Урэшце ён не вытрымаў, сам пабег у прыхожую, дзе таптаўся даўганогі, як бусел, лакей:

— Ну што, не прыехаў?

— Не, пакуль што няма, — сумна адказаў лакей.

І ў гэты момант у прыхожую ўляцеў спацелы слуга, які падтрымліваў сувязь паміж гаспадаром і паліцэйскімі (атрад паліцыі нанялі спецыяльна, каб забяспечыць у двары парадак пры з'яўленні герцага).

— Прыехаў! Толькі што з'явіўся! А ў машыне, каб вы толькі бачылі, можа, з дзесятак малюсенькіх сабачак!.. — шчабятаў слуга.

— Ён! Гэта ён! — узрадаваўся Матуар і моцна сціснуў слугу за плечы. — А герцагіню ты бачыў?

— А як жа! Курыць сабе цыгару...

— Так, так! Цудоўненька! Ну, тады хутчэй нацягвай пальчаткі!

І Матуар рынуўся ў залу да жонкі.

— Прыехаў! — шапнуў ён. — Я так і ведаў! А ты баялася... Пляла пра нейкую рызыку...

— А як ты думаў? Столькі грошай адвалілі... А раптам не прыехаў бы...

— Герцаг Рауль! — гучна абвясціў лакей.

Хвіліну-другую панавала цішыня, нібы ў царкве перад малітваю.

А потым пад урачыстыя гукі аркестра Матуар з жонкай накіраваўся да ўвахода, дзе стаяў былы манарх і сумна глядзеў на залу. Побач была яго герцагіня, якую ён пальчыкам падтрымліваў за локаць.

— Ваша светласць! — пачаў гаспадар. — Дазвольце адрэкамендаваць Вам маю жонку мадам Матуар, а таксама нашу нованароджаную Палету, так сказаць, каралеву сённяшняга вечара... Пачакайце, а дзе ж яна? Палета! Прынясіце да нас Палету!

Страшэнна хвалюючыся, нянечка паднесла немаўлятка і нізка пакланілася гаспадару і высокім гасцям. І тады зала зноў ажыла, зноў напоўнілася вясёлым гоманам. Пад самую столь ляцелі коркі ад шампанскага...

Тым часам Матуар прадставіў графу Раулю самых знакамітых гасцей, якія чамусьці чырванелі, нібы саромеліся таго, што апынуліся вось тут, на хрэсьбінах у асенізатара.

З рук гаспадара герцагіня атрымала падарунак — набор цыгар, якія «толькі што даставілі проста з заморскіх астравоў». Шырыню гэтага жэста, як і кошт падарунка лепш за ўсіх ацаніў сакратар герцага, атрымоўваючы чэк на аплату цыгар...

А госці не адрывалі вачэй ад былога караля. Гэтыя пільныя, пякучыя позіркі зусім дабівалі і без таго стомленага чалавека. Ён стаяў пасярод натоўпу гэтых сытых самазадаволеных людзей, як стаіць засохлае дрэва ў квітнеючым садзе...

— Віскі, — грудным голасам папрасіў герцаг.

Роўна сем разоў паўтарыў ён гэтае слова і завяршыў абед двума фужэрамі шампанскага, пасля чаго шчочкі яго запунсавелі, а ў вачах з'явіліся жывыя іскрынкі. Матуар, думаючы, што яму ўжо ўдалося заваяваць душу і сэрца манарха, лісліва ўсміхнуўся: «Ваша светласць, для нас такі гонар, што Вы сёння з намі...» Герцагіня стаяла ля акна і паглядала на сад.

— Такі прыгожы садок, ці не так, мадам, — праспяваў міністр культуры.

— Герцагіня! — паклікаў герцаг Рауль.

Герцагіня павярнулася да яго.

— Герцагіня, ужо сем гадзін. Вы прасілі мяне папярэдзіць Вас, калі будзе сем. Ужо сем гадзін.

Герцагіня падала мужу сваю руку, і яны выйшлі з залы. А Матуар сказаў жонцы зайсці да яго ў кабінет.

— Ну як?

— Што табе сказаць. Апранута яна... так сабе... старамодна...

— Ды я не пра тое! Ці не здаецца табе, што за тыя грошы, якія мы ім заплацілі, яны маглі б пабыць і даўжэй?!

— Сільвен, дарагі, сёння ж хрэсьбіны, а не вяселле...

— Ну, тады я табе вось што скажу: калі Палета будзе выходзіць замуж, няхай яны на мяне не разлічваюць! Няхай іх наймае хто іншы! Няма дурных! І Палеце, калі падрасце, пра гэта — ні слова! Нават фатаграфіі не паказвай!.. Падумаць толькі! Плаціць за іх больш, чым за доктара! О-о, стары дурань!.. Але я такі яго ўеў, памятаеш: «Ваша светласць...» І ён прыкмеціў гэта!

— А ўсё ж такі, — уздыхнула мадам Матуар, — выгляд у яго невясёлы...



Пераклад: Леанід Казыра