Адна ў заснежаным да зніку краю,
забытая, няма ў мяне нікога.
Ёсць ты, Кастусь, і я цябе кахаю —
у сэрцы — несмяротнага, як Бога.
Няпраўду кажуць, што цябе павесілі...
А дзе ж тады грудочак надмагільны?
Не сцерагуць засценкі, месты, весі.
Твой мужны дзень пятлі спаткаю ў Вільні.
Збярэцца гурт адчайны, гаманкі,
як быццам бы з табой —
інтэлігенты —
пакуль не сваякі, не інсургенты,
збіральнікі надзеі, дзецюкі.
У дзецюкоў, сыноў сваіх паверу,
у тых, якія вырастуць яшчэ,
шчэ не вайстрылі прадзедаў сякеры,
ды працінаюць гастрыём вачэй.
Абуджаных і са шляхоў не збітых
злучыць высокай доляй паспрабуй,
Кастусь,
прачніся зноў, паўстань з нябыту,
вядзі нас на ахвярную сяўбу.
Мужыцкай праўдаю загавары
да Беларусі ўсёй з высокіх моўніц!
У Жаннаў д'Арк змяні сучасных модніц.
Свабоды крылы простаюць вятры.
Мы не адродкаў племя, мы — народ!
Узнімемся ў нябёсы гордым клінам!
Ускалыхнёмся сэрцам сакаліным.
Даволі наблукаліся ўразброд.
З нядолі ўзнімем замчышчы, палі.
Скіруем думкі да бунтарскай працы.
У Вільні, на пятлі паўстанцкай пляцы,
клянёмся вырвацца з тваёй пятлі.