epub
 
падключыць
слоўнікі

Дарыян Чакану

Срэбная ружа

У гэтую ноч у мяне расцвіла ружа. За адну ноч, зусім нечакана, ды яшчэ якая! Яе срэбныя пялёсткі прамяніліся таямнічым святлом, абуджаючы пачуццё нейкага дабратворнага супакаення.

Я адчыніў акно, каб ружа магла дыхаць свежым паветрам. Ад лёгкага ветрыку яе пялёсткі трапяталіся, яны быццам струменіліся, напаўняючы наваколле спакоем і цішынёй.

Я паклікаў жонку, каб яна таксама ўбачыла дзівосную кветку:

- Сільвія!

Відаць, яна спала.

- Сільвія! - крыкнуў я. - Ідзі сюды! У нас расцвіла ружа!

Яна з'явілася за спіною, зірнула на маё стварэнне.

- Прыгожая.

Пазяхнула і пайшла з пакоя. Я праводзіў яе збянтэжаным позіркам. Жончына абыякавасць была незразумелая: ружа не проста цвіла, яна пульсавала, рухаючыся ў танцы пад гукі нейкай, адной ёй чутнай музыкі.

- Сільвія! - зноў паклікаў я. - Не, ты паглядзі, якое хараство!

- Ну я ж сказала, што прыгожая.

- Ты толькі мімаходзь зірнула, а на такое трэба глядзець і глядзець!

- Ты б лепей схадзіў кавун купіў. Тры дні дзеці ныюць, просяць кавуна, а іх бацька з ружамі няньчыцца... Чуеш?..

Ружа ўсё танцавала і танцавала. Потым пачала спяваць. Я слухаў яе як зачараваны. Добра, што яна не чуе Сільвію! Добра, што і я не чуў Сільвію!

У пакой зайшоў Раду.

- Ого, якая прыгожая ружа, - сказаў ён, пазяхаючы, і тут жа пайшоў прэч.

- Раду, сынок, пачакай, куды ж ты? Ты бачыў ружу?

- Бачыў, бачыў.

- І табе падабаецца?

- Падабаецца.

І Раду нічога не разумее.

Я падняў з ложка свайго малодшага, Сэндзела, і панёс яго да кветкі. Ён быў яшчэ сонны і супраціўляўся, а калі зразумеў, што гэта не паможа, заліўся горкімі слязьмі.

- Не плач, мой маленькі, паглядзі, якая прыгожая кветка.

Ружа, аднак, ані яго не супакоіла.

- Сэндзел, сынок, панюхай гэтую кветачку!

- Не хасю! - адварочваўся Сэндзел. - Хасю кавуна!

- Не чапай дзіця, што ты яго мучыш?! - накінулася на мяне жонка.

Да мяне ніяк не даходзіла, што, нарэшце, адбываецца: як можна заставацца абыякавым побач з такой прыгажосцю? Срэбная ружа! І справа не ў тым, што я яе вывеў, выпесціў і аддаў ёй некалькі гадоў жыцця, я быў у страшэннай роспачы, бо не было ў маіх сямейнікаў элементарнага пачуцця прыгожага...

- Не журыся, добры чалавек, - пачуўся аксамітавы голас.

Я здзіўлена азірнуўся.

- Гэта я.

Гаварыла... ружа!

 

* * *

 

Праз два дні ў дзверы пастукалі, і Сільвія пабегла адчыняць.

На парозе стаяў высокі стройны мужчына. Ён паправіў сонцаахоўныя акуляры і ветліва ўсміхнуўся.

- Пані Сільвія, я ад вашага мужа.

- Праходзьце. Што з ім?

Незнаёмы зайшоў у кватэру.

- Калі ласка, не турбуйцеся. Я літаральна на некалькі хвілін.

- Што з маім мужам? - настойліва паўтарыла Сільвія.

Толькі цяпер яна здолела добра разгледзець госця. Ён выняў з кішэні насоўку і пачаў старанна праціраць акуляры. Сільвію ўразілі яго вочы, яны былі незвычайнага колеру і выпраменьвалі нейкае загадкавае святло. Быццам загіпнатызаваная, глядзела яна ў гэтыя вочы, адчуваючы, што ўсю яе істоту запаўняюць цёплыя промні. Але тут незнаёмы начапіў акуляры і загаварыў да яе:

- Пані Сільвія, не хвалюйцеся. Ваш муж жывы-здаровы, але... ён не можа прыйсці, бо...

- Што з ім? - усклікнула Сільвія. Гіпнатычны стан, у якім яна патанула, знік гэтаксама хутка, як і з'явіўся.

- Пані Сільвія, прашу вас, супакойцеся.

Незнаёмы відавочна разгубіўся і, напэўна, таму паспяшаўся выдаць інфармацыю, якую хацеў паведаміць спакваля:

- Ён знаходзіцца ў Краіне Ружаў.

У душы ў Сільвіі змагаліся два пачуцці: нявер'е і адчай. Кожнае з іх магло выклікаць прыступ нястрыманага шаленства, а гэтага больш за ўсё і асцерагаўся незнаёмы.

- Што-о? Дзе-е?! - як і меркаваў ён, абурылася Сільвія і грозна рушыла на яго.

- Пані Сільвія! Пані Сільвія! - спрабаваў супакоіць яе госць.

Але яна набліжалася, і было відаць, што намеры ў яе самыя агрэсіўныя. Госць зразумеў гэта і, адступаючы да дзвярэй, апошні раз паспрабаваў яе супакоіць:

- Пані Сільвія, ваш муж адчувае сябе добра і прасіў мяне перадаць вам грошы!

І ён падаў ёй канверт. Аднак грошы выклікалі адваротны эфект.

- Грошы?! Я пакажу табе грошы! Шантажыст!.. - зараўла яна. - Каб зараз жа, чуеш, у гэтую ж хвіліну, ты вярнуў мне майго мужа! Інакш...

Каб хутчэй скончыць з гэтай непрыемнай сцэнай, незнаёмы зняў акуляры, зірнуў на Сільвію срэбным позіркам і, прыкаваўшы яе да месца, знік...

 

* * *

 

...Сільвін муж, бледны, непрытомны, ляжаў у ложку. Ён з'явіўся дома гэтаксама нечакана, як, зрэшты, і знік два дні таму. Сільвія збянтэжана глядзела на яго.

- Гэта... ты?

Ён, натуральна, не адказваў.

Праз гадзіну ён апамятаўся, расплюшчыў вочы і агледзеўся. Каля ложка сядзела заплаканая жонка.

- Чаго ты плачаш, Сільвія? - ціха спытаўся ён.

- Я не плачу, Мірча, - яна з палёгкай уздыхнула і стала выціраць слёзы.

Ён прыўзняўся, сеў і, застагнаўшы, схапіўся за галаву.

- Не разумею, што са мною...

- Ну, я ж казала, не патрэбныя табе гэтыя ружы. Бачыш, мая праўда, Мірча...

- ?

У пакой з плачам увайшоў Раду.

- Тата, глядзі, ружу сарвалі!

Срэбная ружа, сапраўды сарваная і звялая, ляжала на далоні ў хлопчыка, стаўшы звычайнаю шэраю кветкаю...

- Сарвалі? Ну і што? - хмура прамармытаў бацька. Раду глядзеў на яго спалохана, са здзіўленнем.

- Як ну і што? Ружа памерла, тата!

Сільвія зірнула на сына і адчула, як яе пранялі дрыжыкі: карыя хлопчыкавыя вочы засерабрыліся, выпраменьваючы таямнічае праніклівае святло. І яна адразу ўспомніла незнаёмага з Краіны Ружаў.



Пераклад: Галіна Шаранговіч
Падрыхтавана: Уладзімір Васькоў