epub
 
падключыць
слоўнікі

Джаўэн Роўлінґ

Гары Потэр: Прыквел

Матацыкл на шалёнай хуткасці павярнуў у цемры так хутка, што абодва паліцэйскія, што гналіся за ім на машыне, пракрычалі: "Ух ты!" Сяржант Фішэр велізарнай нагой націснуў на тормаз, баючыся, што хлопец на заднім сядзенні паляціць яму пад колы. Аднак пры павароце матацыкл не скінуў ніводнага з ездакоў і, міргнуўшы заднім ліхтаром, знік у завулку.

- Яны ў нашых руках! - радасна закрычаў паліцэйскі Андэрсан. - Гэта тупік!

Налягаючы на стырно і выціскаючы на поўную, Фішэр паехаў па завулку, у запале пагоні здзіраючы фарбу з крыла машыны.

І вось у святле фар стала відаць іх здабычу, нарэшце нерухомую пасля пятнаццаці хвілін пагоні. Ездакі апынуліся ў пастцы паміж высокай цаглянай сцяной і паліцэйскай машынай, якая зараз набліжалася да іх, нібы нейкі драпежнік з зіготкімі вачыма.

Паміж дзвярамі машыны і сценамі завулка было так мала месца, што Фішэр і Андэрсан з цяжкасцю здолелі выбрацца з машыны. Яны былі вельмі незадаволеныя тым фактам, што ім давялося асцярожна, бокам выпаўзаць да парушальнікаў. Фішэр выцягнуў сваё прыстойных памераў пуза ўздоўж сцяны, адрываючы гузікі на кашулі, і ў канцы адламаў бакавое люстэрка пятай кропкай.

- Злазьце з матацыкла! - закрычаў ён падлеткам, якія ўсміхаліся і грэліся ў промнях сіняга святла, нібы атрымоўваючы ад яго асалоду.

Яны зрабілі, як было загадана. Нарэшце, адарваўшыся ад зламанага бакавога люстэрка, Фішэр зірнуў на іх. Выглядалі яны гадоў на 17-18. У кіроўцы былі доўгія чорныя валасы. З-за яго прывабнасці і з-за таго, як напышліва ён выглядаў, Фішэр без задавальнення ўзгадаў хлопца сваёй дачкі, гітарыста-лайдака. У другога хлопца таксама былі чорныя валасы, але яны былі кароткія і тырчалі ва ўсе бакі. Ён быў у акулярах і здзекліва ўсміхаўся на ўвесь твар. Абодва былі ў майках з вялікай залатой птушкай, якая, без сумневу, была эмблемай якога-небудзь рок-гурта, усім членам якога мядзведзь наступіў на вуха.

- Без шлемаў! - закрычаў Фішэр, паказваючы то на адну непакрытую галаву, то на другую. - Перавышаеце хуткасць... вельмі перавышаеце!

(Насамрэч, радар паказаў хуткасць значна вышэй за тую, з якой, па меркаванні Фішэра, маглі ездзіць матацыклы). - Не спыняецеся па патрабаванні паліцыі!

- Мы б з задавальненнем спыніліся і пагутарылі з вамі, - сказаў хлопчык у акулярах, - але мы спрабавалі...

- Ну-ка не мудрагельце... вы двое ўляпаліся ў непрыемнасці! - прагыркаў Андэрсан. - Імёны!

- Імёны? - паўтарыў доўгавалосы кіроўца. - Эм... дайце падумаць. Уілерфорс… Батшэма…. Элвендарк…

- І што добра ў гэтым імі, дык гэта тое, што ім можна назваць і хлопчыка, і дзяўчынку, - сказаў хлопчык у акулярях.

- А-а-а… у сэнсе, нашыя імёны? - спытаў першы, калі Андэрсан ад злосці пачаў мармытаць нешта невыразнае. - Так бы і сказалі! Гэта Джэймс Потэр, а я Сірыюс Блэк!

- А ў цябе зараз будуць вялікія праблемы, маленькі нахабнік...

Але ні Джэймс, ні Сірыюс яго не слухалі. Раптам яны рэзка выпрасталіся, нібы паляўнічыя сабакі, і паглядзелі паўзверх Фішэра і Андэрсана, паўзверх паліцэйскай машыны, узіраючыся ў цемру завулка. Затым аднолькава плаўна яны засунулі рукі ў заднія кішэні.

На імгненне абодвум паліцыянтам падалося, як на іх нацэлілі пісталеты, але праз секунду яны ўбачылі, што матацыклісты дасталі толькі...

- Барабанныя палачкі? - з'едліва сказаў Андэрсан. - А вы жартаўнікі, так? Значыцца так, вы арыштаваныя па абвінавачванні ў...

Але Андэрсан не паспеў назваць прычыну арышту. Джэймс і Сірыюс пракрычалі нешта незразумелае, і промні святла ад фар пачалі рухацца.

Паліцыянты павярнуліся, а затым адступілі назад. Уздоўж завулка ляцелі - сапраўды ляцелі - трое на мётлах... І ў той жа час паліцэйская машына ўстала на дыбкі.

У Фішэра падкасіліся ногі, ён рэзка сеў; Андэрсан спатыкнуўся аб ногі Фішэра і зваліўся на яго, у той час як: грук!.. бах!.. хрась!.. яны пачулі, як трое на мётлах урэзаліся ў машыну і паваліліся на зямлю, верагодна, без прытомнасці, а побач з імі рассыпаліся абломкі мёцел.

Матацыкл зноў завёўся. Седзячы з адкрытым ротам, Фішэр знайшоў сілы паглядзець на хлопцаў.

- Вялікі дзякуй! - скрозь гуд матора крыкнуў Сірыюс. - Мы вам будзем вінныя!

- Так, прыемна было пазнаёміцца! - сказаў Джэймс. - І не забудзьцеся: Элвендарк! Падыходзіць і для хлопчыка і для дзяўчынкі!



Пераклад: Андрэй Багач, Андрэй Філіпчык
Крыніца: http://books.belpotter.by/belarusian/