epub
 
падключыць
слоўнікі

Джон О'Хара

Элі

Я і сястра нарадзіліся ў Тэхасе, але болей жылі на поўначы краіны з таго часу, як нашы бацькі загінулі ў чыгуначнай катастрофе каля дваццаці пяці гадоў назад. Выхавалі нас цётка з дзядзькам, якія жылі ў Вестчэстэры. Мне было адзінаццаць, а сястры сем, калі не стала бацькоў, і я больш не вяртаўся ў Тэхас, калі не лічыць кароткачасовых паездак па справах. Цётка і дзядзька пасылалі мяне на лета ў лагер у Нью-Гэмпшыр, а калі мне споўнілася чатырнаццаць, я паехаў у школу-інтэрнат. Караліна ж ездзіла ў Тэхас некалькі разоў і падтрымлівала там знаёмствы. Яе заўсёды там прымалі з шыкам, і, натуральна, калі яе сябры з Тэхаса прыязджалі ў Нью-Ёрк, яна старалася як мага лепш паказаць ім горад. Было гэта даволі проста: вячэра ў рэстаране «21», тэатр, а пасля рэстаран «Лару». У Караліны сваё жыццё, у мяне сваё, нашы кватэры ў розных канцах горада. Яе работа ў цэнтральнай частцы Манхэтэна, мая - у ніжняй. Як на брата і сястру мы не часта сустракаемся, і звычайна яна не запрашала мяне нават на кактэйль са сваімі тэхаскімі знаёмымі.

Калі яна патэлефанавала, каб паведаміць, што Хэм і Элі Глендан у горадзе, я спытаў, хто яны такія.

- Ён - юрыст у Даласе, і яны ніколі не былі ў Нью-Ёрку, - сказала Караліна. - Прыкладна маіх гадоў, можа, на год ці два маладзейшыя, але яны былі надзвычайна ласкавыя са мной, калі я там была апошнія два-тры разы.

- Угу, - сказаў я, чакаючы, што яна яшчэ скажа.

- Яна вельмі прыгожая і ціхая. Ён - ну як табе сказаць - больш тэхасец. Ахвотнік выпіць, і я падумала - ну, што ты лепш ведаеш такія месцы, чым я. Яны, пэўна, захочуць пайсці ў «21», але на гэтым не скончыцца. Я маю на ўвазе, што ён... Ад цябе тут мала карысці.

Я засмяяўся.

- Ясна. Палкоўніку Глендану захочацца вэрхалу. О'кэй. Ён носіць з сабой пісталет?

- Напэўна, - сказала Караліна. - Яны там усе носяць.

- Ну, скажы яму, каб праверыў свой пісталет, і я вам пакажу тое-сёе. А ў цябе якія былі планы?

- Нічога канкрэтнага, я ж ведаю, ён захоча пайсці туды, дзе я не ведаю гаспадара. Нешта накшталт начнога клуба. Я частую. Табе не трэба будзе траціць грошай. Я проста хачу, каб ты як бы выканаў ролю правадніка. Форма адзення - парадная. Сустрэнемся ў мяне а сёмай гадзіне.

 

Хэм Глендан аказаўся даволі мажным мужчынам, з рудымі валасамі і тварам, які не паддаецца загару. У калідоры Каралінінай кватэры я ўбачыў крэмавы капялюш з паўдзюймовай стужкай і пачуў яго голас, мяккі, які ў першы момант здаваўся даволі прыемным, але хутка мог надакучыць. На ім быў двухбортны пінжак, новыя лакіраваныя чаравікі і брыльянтавыя запінкі ў аправе з оніксу. Ён адразу ж пачаў называць мяне Джым, ужо калі знаёміў з жонкаю. Яна была нішто сабе.

Яна стаяла, калі я ўвайшоў. Караліна перад гэтым пайшла на кухню. Калі я вітаўся з ёй за руку, то здзівіўся, што так хутка прыйшлося змяніць першае ўяўленне пра яго рост. Галава яе была адкінута, але не даставала да майго падбародка.

- Вельмі рада пазнаёміцца з вамі, - сказала яна, павярнулася і села. Яе постаць была прыгожая, і фірма «Найман-Маркус» добра папрацавала, каб яе аздобіць і, пэўна, з задавальненнем дэманстравала на ёй свае тавары. Калі яна паварочвалася, каб сесці, я заўважыў, што яна кінула кароткі позірк у мой бок; яна старалася ўбачыць, якое ўражанне зрабіла на мяне, а калі ўбачыла, апусціла вочы і ўзяла цыгарэту.

Мы паехалі ў «21», потым у тэатр на «Аклахому», якую я і Караліна бачылі ўжо тры разы. За вячэрай гаварылі ў асноўным Хэм і Караліна. Гаворка ішла пра тэхаскіх знаёмых, якіх я амаль не памятаў ці нават не ведаў. Хэм часам прасіў Элі дапоўніць падрабязнасці пра некаторых людзей, гэтым і абмяжоўваўся яе ўдзел у размове. Мой удзел быў яшчэ меншы, але я не сумаваў, і Элі, відаць, таксама, бо раз-пораз яна паглядала на мяне і ўсміхалася. Я памятаў, як Караліна гаварыла, што яна ціхая, і было падобна на тое, што яна не чакала ад мяне доўгіх размоў і сама іх не завязвала. Наогул, здавалася, што ёй было прыемна ад таго, што яна зрабіла на мяне ўражанне. У рэстаране і тэатры другія мужчыны таксама глядзелі на яе, і яна дыхала іх захапленнем.

Калі мы выйшлі з тэатра і пакуль вырашалі, куды пайсці, Караліна прапанавала вярнуцца ў «21». Я хацеў пайсці куды-небудзь, дзе можна было б патанцаваць; мне хацелася пагаварыць з Элі. Але калі мы былі ўжо ў «21», Хэм усё паставіў на сваё месца.

- Джым, я думаю, што з гэтага часу мы ў тваіх руках. - Ён засмяяўся, і я засмяяўся ў адказ.

- З прыемнасцю, - сказаў я. - А куды б вы хацелі схадзіць?

- Ну, ва ўсякім разе спадзяёмся на твой густ, Джым, - адказаў Хэм.

- Кажы шчыра, Хэм, - сказала Караліна. - Мой няўклюда брат ведае ўсе такія месцы.

- Ведаю, - сказаў я.

- Ну, Гарлем, адно з іх. Мы шмат чулі пра танцавальную залу Дорчэстэра.

- Ну, канечне, - сказаў я і падумаў пра тое, як мы былі адзеты. - Такіх танцаў, як там, вы не ўбачыце ніколі да канца жыцця. Больш інтымныя месцы адкрываюцца не так хутка: калі мы хочам зайсці ў адно з іх, нам не шкодзіла б пераапрануцца.

- Шчыра кажучы, Джым, мы ў нейкай меры ўжо больш-менш настроены на Дорчэстэр. Вы ж прасілі мяне быць шчырым.

- Калі ласка, - сказаў я. - Я папрасіў афіцыянта прынесці на стол тэлефон і патэлефанаваў адміністратару Дорчэстэра, беламу, якога ведаў ужо многа гадоў. Я вельмі асцярожна падкрэсліў, што са мной будзе сястра і некалькі сяброў з Тэхаса. Макс, мой знаёмы адміністратар, быў чалавек кемлівы і паабяцаў забраніраваць нам столік у кабіне.

Больш таго, калі мы пад'ехалі да Дорчэстэра, ён ужо чакаў нас ля ўвахода, за што я быў яму вельмі ўдзячны, бо каля касы стаяла доўгая чарга маладых неграў. Макс сустрэў нас і правёў без білетаў, а ўжо ўсярэдзіне нас вёў негр Ал Споўд, колішні баксёр-цяжкавагавік, а цяпер галоўны вышыбала Дорчэстэра, таксама мой даўні знаёмы. У Дорчэстэры звычайна не падаюць моцных напіткаў, але Макс паставіў на стол пару бутэлек з-пад кока-колы, у якіх было віскі. Я падзякаваў Ал Споўду, і той пайшоў займацца сваімі справамі. Высветлілася, што Хэму падабаецца джаз, а Караліна крыху разбіралася ў музыцы, так што цяпер яны мелі магчымасць паслухаць два добрыя аркестры. Наша кабіна была на адным узроўні з танцавальнай пляцоўкай, недалёка ад аркестра, што было зручна ці я толькі так думаў, спадзеючыся, што з-за аркестра і танцавальных пар не будуць чутны тыя пытанні, якія я збіраўся задаць Элі пасля таго, калі мы пасядзем. Тым часам мы пілі тое, што было на стале, і глядзелі на выдатныя танцы. Так цягнулася, пакуль адзін аркестр не скончыў праграму. Танцоры засталіся на сваіх месцах, чакаючы, калі зайграе другі, калі ён зайграў, зноў узняўся шум, і я загаварыў да Элі:

- Вы ведаеце, калі б выйшла па-мойму, мы былі б там, дзе змаглі б патанцаваць, не звяртаючы на сябе ўвагі, як зараз. - І яна здагадалася, што я меў на ўвазе наша адзенне.

- Праўда? - яе губы крыху крывіліся ва ўсмешцы, яна ўзняла вочы і перавяла іх на танцораў.

- Можа, Хэму і Караліне хутка надакучыць, і мы паедзем у якое другое месца. Не думаю, што вам тут дужа падабаецца.

- Ат, не звяртайце на мяне ўвагі.

- Але я хачу, каб вы добра прабавілі час. Вы любіце танцаваць? Бо ў такім разе я ведаю некалькі месц, дзе танцуюць удзень. Вось, хоць бы ў суботу, па полудні, калі вы толькі будзеце вольныя. - Я зрабіў націск на слове «вольныя», каб яна пераканалася, што я меў на ўвазе яе адну, без Хэма.

- У суботу я планавала паабедаць разам з маёй даўняй сяброўкай, з якой разам вучылася ў коледжы Рандольф-Мэкон. - Яна змоўкла і зручней ўселася ў крэсле. - Але дзе вы чулі, каб дзве дзяўчыны ў Нью-Ёрку маглі праседзець на адным месцы палавіну дня? Я думаю, да трох гадзін мы нагаворымся, а пасля я проста прайдуся па Парк-авеню ў бок будынка Вандэрбільта, і калі так здарыцца, што я сустрэну каго-небудзь...

- Гэта акурат тое месца, дзе мне трэба быць, - сказаў я. - Я буду на Парк-авеню каля трох гадзін.

Я наліў віскі ёй і сабе, і мной авалодала пачуццё спакою, якое бывае, калі ўсё ўладкавана і без лішніх слоў. Наколькі мне вядома, Хэм размаўляў з Каралінаю ў такой жа манеры. Акурат яшчэ адзін нумар скончыўся, і зноў была змена аркестраў. Пары спыніліся на той час, пакуль адны аркестранты сыходзілі з эстрады, а іх месца займала новая група. Да парэнчы каля нашага стала падышлі хлопец з дзяўчынай, якіх я ўжо прыкмеціў. Дзяўчына абаперлася спіной на парэнчы. Хлопец, у якога была вельмі чорная скура, стаяў тварам да нас. У іх быў упэўнены выгляд сапраўдных артыстаў і, безумоўна, яны былі найлепшай парай ва ўсёй зале і, магчыма, на маім твары таксама было відаць, што мне падабаецца іх майстэрства. Гэта не так важна.

- Хэм, - сказала Элі.

- Чую, любая, - азваўся Хэм.

- Хэм, гэты нігер на мяне глядзіць, - сказала Элі.

Я паглядзеў на яе і на яе мужа.

- Пачакайце хвіліначку, - сказаў я.

- Каторы, любая, - спытаў Хэм.

- О, божа, - усклікнула мая сястра.

Я ўстаў.

- Падымайцеся! Уставайце ўсе! Пайшлі! - я паклаў на стол грошы і ўзяў Элі за руку. - Ідзём адсюль зараз жа.

- Толькі пасля таго, як я... - сказаў Хэм.

- Слухай ты, сукін сын, - сказаў я. Я пацягнуў за сабой Элі, спадзеючыся, што Караліна ўчэпіцца за Хэма, што яна і зрабіла. Мы хутка выйшлі і зараз жа апынуліся ў таксі. Мы ехалі па Парк-авеню да цэнтра моўчкі, пакуль не апынуліся сярод будынкаў ніжэй 59-стрыт.

- Джым, - сказаў Хэм, - табе не трэ было называць мяне сукіным сынам.

- Ведаю, - адказаў я. - Прабач.

- Ну, калі ты просіш прабачэння, то ўсё ў парадку, - ён выскаліўся ва ўсмешцы. - Як ты наконт таго, каб усім паехаць у рэстаран Эль-Марока.

- Ніяк, - адказаў я.

- Ну, ўсё ж у парадку, Джым, - сказаў Хэм. - Я табе ўсё дараваў. Я ўлічваю тое, што ты занадта доўга жывеш на Поўначы.

- Можа, і так, - адказаў я.

Яны завезлі дадому Караліну, потым мяне. Я лёг спаць з цвёрдым намерам, што гэта апошняя мая сустрэча з Элі, але калі прыйшла субота, я сеў у машыну і а трэцяй гадзіне сноўдаўся ў ніжняй частцы Парк-авеню, усхваляваны, як хлопчык. Але калі я ўбачыў яе на самой справе, як яна ідзе ўніз па Парку-авеню на спатканне са мной, зноў стаў дарослы і асцярожны і паехаў прэч, далей ад яе і ад яе бяды, што падарожнічала з ёю.



Пераклад: Уладзімір Шчасны