epub
 
падключыць
слоўнікі

Джон О'Хара

Кароткі шпацыр са станцыі

У лютым гэтага года, у пятніцу вечарам Фрэнсіс Кінг задрамаў адразу ж, як толькі цягнік адышоў ад трыццатай стрыт, і праспаў бы ўсю дарогу да Паолі, каб не Джо Дайберт. Джо Дайберт паволі патрос яго за плячо.

- Прачніся, Фрэнсіс, - сказаў Джо Дайберт. - Пакажы мамачцы вочкі.

- Га?.. А, прывітанне, Джо. Што, прыехалі? - схамянуўся Фрэнсіс Кінг.

- Думаю, сам разбярэшся. Што ты такое сёння з'еў у абед, хлопча? - спытаўся Джо Дайберт.

Яны ўдвух выйшлі са станцыі. Ішлі нага ў нагу, але моўчкі, пакуль не выйшлі на двор.

- Падвезці пад гару?

- Не, дзякуй, - сказаў Фрэнсіс Кінг. - Да заўтра.

- Заўтра субота. Заўтра не ўбачымся.

- А што сёння еў у абед ты? Мы мяркуем прыехаць заўтра да вас на вячэру. Асцеражней едзь, містэр Дайберт. Асцеражней едзь. - Фрэнсіс Кінг наставіў каўнер, нацягнуў пальчаткі. Але цяпер, калі ён застаўся адзін, яму стала млосна ад думкі, што трэба ісці пехатой пад гару да Кардзіф-роўд. Ісці было недалёка, тры кварталы, і, пэўна, не адну тысячу разоў ён праходзіў іх, нават не заўважаючы; тым не менш цяпер яго ногі важылі тону. У яго не кружылася ў галаве, ён не адчуваў ніякага болю. Проста захацелася пастаяць тут некалькі хвілін.

Сябры і іх жонкі махалі яму рукамі, віталі сігналам, жадалі добрай ночы. Яны ўсе ведалі, што ўвечары Фрэнсіс Кінг ніколі не згаджаўся, каб яго падвозілі.

- Забыў нешта, Фрэнсіс? - спытаўся адзін сябар, які ішоў пеша.

- Проста збіраюся з думкамі, - адказаў Фрэнсіс Кінг, і гэта было праўда: ён намагаўся зразумець прычыну свінцовай цяжкасці ў нагах. Ён ведаў, што дойдзе не далей як да Арлінгтондрайв, што ў самым нізе схілу, што туды ён дацягнецца, ногі давядуць, але не далей. А потым яму стала сорамна і няёмка ад праўды: не такі жахлівы быў уздым на Кардзіф-роўд, як думка пра тое, што яшчэ раз, пасля тысяч такіх разоў, ён пройдзе, адвёўшы вочы, каля крамы Лідзіі Браўн, робячы выгляд, што крамы няма, што няма ніякай Лідзіі Браўн.

Крама «Тэк-рум» была страшэнна дарагая, кошты на ўсё ў Лідзіі Браўн неверагодныя. Амаль усюды на Чэстнат-стрыт рэчы з кашаміру можна было купіць танней, і конскія прылады, якімі яна яшчэ гандлявала, на Чэстнат-стрыт каштавалі меней. Падарункі мужчынам былі даражэйшыя, чым у нью-ёркскіх універмагах, цэны на дзіцячыя тавары былі жахліва завышаны. Але сябры Лідзіі Браўн не пераставалі купляць у яе, калі толькі мелі магчымасць, зачараваныя яе мужнасцю, а можа, таму, што ім падабалася сама крама і добры парадак, які яна ў ёй навяла, сярод кантор па продажы нерухомай маёмасці, вінных крам, аптэк, цырульняў, налепленых тут, паблізу станцыі. «Тэк-рум» - гэта прыемнае і зручнае месца, куды можна зайсці выкурыць цыгарэту, выпіць кубак кавы раніцай і гарбаты ўдзень. Даўнія сябры маглі пазычыць парасон, пакінуць свае рэчы, патэлефанаваць. Гэты цагляны дом з белай аздобай вабіў да сябе. А калі за будыніну, якая стаяла каля самай броўкі, і чапляліся дзверцамі машыны, дык што значаць у наш час некалькі шкрабін, калі на кожнай стаянцы вам могуць нарабіць столькі ўсякага, што шкрабіны будуць здавацца дробяззю. Ніхто з сяброў Лідзіі Браўн не хацеў, каб яна кінула свой занятак, і яна заўсёды ўсміхалася ў адказ, калі яны жартавалі пра завышаныя цэны на чатні*, ангельскае печыва, італійскую скуру або шведскія вырабы з дрэва. Часам у якой-небудзь філадэльфійскай краме прадавец казаў:

* Чатні - індыйская прыправа да мяса.

- Мы больш гэтым не гандлюем. Адзінае месца, я думаю, дзе вы зможаце гэта купіць, дык у краме Лідзіі Браўн. Вы ж ведаеце «Тэк-рум»? Усё ў «Тэк-рум» было найвышэйшай якасці.

Фрэнсіс Кінг накіраваўся адразу ў «Тэк-рум», і ў яго хапіла сілы падняцца па трох прыступках. Крама была ярка асветленая трыма матавымі лямпамі-шарамі, што звешваліся са столі, але калі ён увайшоў, дык нікога не ўбачыў. Потым з пакоя, недзе ў глыбіні крамы, выйшла Лідзія Браўн.

- Прывітанне, Фрэнсіс, - сказала яна. - Што-небудзь здарылася?

Ён кіўнуў.

- Я не ведаю, што такое. Захацелася прысесці на хвіліну.

- Вып'еш шклянку вады? Брэндзі? Можа, паклікаць доктара?

- Я проста хачу пасядзець хвілінку. Нічога асаблівага. Гэта не сардэчны прыступ.

- Я прынясу табе брэндзі, - сказала яна.

Ён сеў, расхінуў паліто, зняў капялюш, пальчаткі і паклаў іх на прылавак. Яна вынесла з бакавога пакоя кілішак брэндзі і, пакуль ён піў, апусціла жалюзі.

- Я ўсё роўна збіралася іх апусціць, - сказала яна і стала перад ім, склаўшы на грудзях рукі, паглядаючы паверх акуляраў.

- Каб толькі ты магла паглядзець на сябе збоку, - сказаў ён.

- Калі ўвайшоў, ты не быў такі бадзёры. Што ты сёння еў у абед?

- Ужо другі чалавек у мяне пытаецца пра гэта. Я заснуў у цягніку, і Джо Дайберт задаў мне гэта ж пытанне. Рагу з вустрыц, яблычны пірог, два кубкі кавы. Тое, што я ем кожную пятніцу вось ужо трыццаць гадоў, апрача тых, што адбыў на вайне. А што ты ела, Ліда?

- Бутэрброд з курыцай і шклянку малака. А што?

- Не ведаю. Дай, думаю, спытаюся. Ты ж у мяне спыталася.

Яна села ў крэсла насупраць яго і закурыла цыгарэту.

- Ніхто не паверыў бы, што першая наша размова пасля столькіх год будзе пра тое, што мы елі ў абед.

- Што ж, я думаю, праз столькі гадоў гэта адзінае, пра што мы можам пагаварыць.

- Ты маеш рацыю. Ну, як сябе адчуваеш?

- Шмат лепш, дзякую. Я пайду, не хвалюйся.

- Не спяшайся. Мне няма чаго рабіць да сямі.

- А потым што робіш?

- Што?

- Я зусім не цікаўны. Мне часта хацелася ведаць, што ты робіш, калі не займаешся справамі.

- Вельмі міла, Фрэнсіс. Гэта мяне кранае.

- У цябе добрая крама, - сказаў ён.

- Мне ён падабаецца.

- Справы, напэўна, ідуць добра.

- Даволі добра. Гандаль на каляды ніколі не быў такі паспяховы, як сёлета.

- Я рады за цябе.

- Роўз дапамагла, - сказала Лідзія Браўн.

- Няма патрэбы мне пра гэта гаварыць. Аплочваю чэкі я. Чаму ўсміхаешся?

- Адзіная сувязь паміж намі было тваё прозвішча ўнізе чэка. Фрэнсіс Д. Б. Кінг. Фрэнсіс Д. Б. Кінг. Я памятаю, часта пісала, «містэр і місіс Кінг», каб ведаць, як гэта будзе выглядаць. Лідзія Б.Кінг. Місіс Фрэнсіс Д.Б.Кінг. Л.Б.К. Я думаю, усе дзяўчаты робяць тое самае.

- Гэтак было і са мной. Я пісаў «місіс Кінг» і думаў пра цябе.

- Няўжо праўда?

- Чыстая праўда. І Лідзія Б. Кінг, і Лідзія Кінг. Не прыпомню, каб пісаў Л. Б. К., але, магчыма, пісаў і так.

- Проста не магу ўявіць цябе такім сентыментальным. Рамантычным.

- Ты забылася.

- Няўжо? Я - забылася. Якое неверагоднае нахабства трэба мець, каб сказаць такое. Адно мне так і не ўдалося - забыць. Ці можаш ты сабе ўявіць, што кожную раніцу, калі я адчыняю краму, вось амаль ужо трыццаць гадоў, бачу, як ты праходзіш міма па дарозе на цягнік. Ты ніколі не зайшоў, нават не зірнуў у мой бок. І гэта я забыла? Ты нават не заўважаеш крамы.

- Я заўсёды ведаў, што ён тут. Памятаю, у вайну, на перадавой, цемра, хоць выкалі вока, а я ўсё думаю, як тут дома. Успамінаю ўсе будынкі ў нашым раёне, усе крамы і заўсёды тваю краму.

- Я ўсё спадзявалася, што цябе заб'юць на вайне.

- Што?!

- Ты лічыш, што ў гэта цяжка паверыць?

- Я лічу, што ў гэта немагчыма паверыць. Да таго як пачалася вайна, прайшло добрых дзесяць гадоў, як мы пасварыліся. Адно - не размаўляць са мной, але так ненавідзець, каб хацець маёй смерці праз дзесяць гадоў! Я ж не зрабіў нічога дрэннага, Лідзія.

- Мне ты зрабіў, Фрэнсіс. Ты ўсё роўна што забіў мяне. Паглядзі на мяне. Хто я? Мне хутка шэсцьдзесят, ніякіх перспектыў на дзяцей, а я люблю дзяцей. Кватэра над крамай, замест утульнага ўласнага дома.

- Усё гэта крыўдна і не цяжка зразумець, але так ненавідзець, каб хацець маёй смерці... Ведаеш, калі б я ведаў гэта тады, я мог бы зрабіць табе такую ласку.

- Ну, што ты, Фрэнсіс.

- Праўда. Калі я ад'язджаў на Ціхі акіян, я ўладкаваў усе справы, зрабіў завяшчанне на Роўз і дзяцей. Карацей кажучы, прывёў усё да парадку. Але я не мог вярнуць тое, што зрабіў табе. Мне здаецца, што вельмі рэдка здараецца так, каб чалавек рабіў памылку і нічога не мог паправіць, абсалютна нічога. Але я не думаў, што ты так моцна мяне ненавідзела.

- Яшчэ як.

- І цяпер?

- Цяпер? У гэты момант? Не. - Яна адвяла ўбок задуменны позірк. - Калі ты ўвайшоў, у цябе быў выгляд, як быццам зараз павалішся тут і памрэш.

- Атрымалася б няёмка.

- Канечне. Але вось ты спытаўся ў мяне. Ці ненавіджу я цябе цяпер? І адказ - не.

- Чаму?

- Сам павінен здагадацца, Фрэнсіс.

- Таму, што ў цябе не засталося ніякага пачуцця. Ці не так?

- Так.

- Я так мала быў падобны на жывога, што ты не магла мяне больш ненавідзець?

- Праўда.

- Як я выглядаю цяпер?

- О, цяпер, мне здаецца, добра.

- Таму ты павінна зноў мяне ненавідзець.

Яна адмоўна паківала галавой.

- Не, зусім не. Я ніколі больш не буду цябе ненавідзець.

Яе твар раптам стаў ясны і прыгожы, вочы такія ж блакітныя, як надзеты на ёй швэдар, і светлыя, як нітка жэмчугу на шыі.

- Лідзія, - сказаў ён.

- Што?

- А нічога будзе, калі я яшчэ зайду калі-небудзь?

- Не.

- Ніколі?

- Ніколі, - сказала яна. - Я сапраўды больш не хачу цябе бачыць, Фрэнсіс.

- Вось як, - сказаў ён. - Ну, што ж - дзякуй за брэндзі. - Ён падняўся, узяў капялюш і пальчаткі.

- Можа, выклікаць таксі? - спыталася яна.

- Не, дзякую, - сказаў ён.

Яна адчыніла і патрымала яму дзверы, і калі ён выйшаў, пачуў, як шчоўкнула спружына замка. Ён не паспеў дайсці да Арлінгтондрайв, як яна патушыла святло ў краме, і ісці да Кардзіфроўд было вельмі цёмна. Цёмна і холадна, да таго ж дзьмуў моцны вецер.



Пераклад: Уладзімір Шчасны