epub
 
падключыць
слоўнікі

Джон Стэйнбек

Гронкі гневу

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
РАЗДЗЕЛ СЁМЫ
РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ
РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ
РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ
РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ
РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ
РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ
РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ
РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ
РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ
РАЗДЗЕЛ СЕМНАЦЦАТЫ
РАЗДЗЕЛ ВАСЕМНАЦЦАТЫ
РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАТЫ
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШЫ
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДРУГІ
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ТРЭЦІ
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЯТЫ
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ШОСТЫ
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ СЁМЫ
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ВОСЬМЫ
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДЗЕВЯТЫ
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАТЫ


РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ

 

На чырвоныя землі і частку шэрых зямель Аклахомы апошнія дажджы падалі мякка і не размылі сухую, патрэсканую глебу. Плугі ўдоўж і ўпоперак прайшліся па канаўках - слядах дажджавых ручайкоў. Пасля дажджоў кукуруза хутка прарасла, на абочынах дарог сям-там вышугалі трава і бур'ян, і пад зялёным покрывам пачалі знікаць шэрыя і цёмна-чырвоныя фарбы. У канцы траўня неба зрабілася бялёсым, і аблокі, што ўсю вясну віселі кучкамі высока ў небе, паступова расталі. З дня ў дзень сонца апякала гарачымі промнямі падрослую кукурузу, і па краях зялёных расткоў пачалі праступаць карычневыя беражкі. Хмары наплывалі і хутка знікалі, а неўзабаве і зусім перасталі збірацца. Ратуючыся ад сонца, пустазелле набыло цёмна-зялёны колер і ўжо не перакідвалася на новыя ўчасткі. Паверхня зямлі запяклася ў тонкую цвёрдую скарынку, і па меры таго як выцвітала неба, выцвітала і зямля - чырвоная ружавела, а шэрая выгарала да белізны.

У размывах, што засталіся пасля дажджоў, зямля асыпалася сухімі струменьчыкамі. Шмыгаючы па іх, суслікі і мурашкаеды абрыналі маленькія лавіны пяску. Дзень за днём жорстка паліла сонца, і лісце маладой кукурузы траціла пруткасць і прамізну - спярша ліст крыху прагінаўся пасярэдзіне, потым падоўжная жылка яго слабела і ён панікаў долу. У чэрвені сонца пачало пячы шалёна. Карычневыя палоскі па краях кукурузных лістоў шырэлі, падбіраліся да галоўнай жылкі. Пустазелле зморшчылася, яго бадыліны паніклі верхавінкамі да каранёў. Паветра зрабілася празрыстае, неба зусім зліняла, зямля таксама з кожным днём усё больш блякла.

На дарогах, - там, дзе па іх хадзілі работнікі, дзе зямлю крышылі колы павозак і рассякалі конскія капыты, скарынка запечанай гразі ператваралася ў пыл. Усё, што рухалася па гэтых дарогах, падымала яго ў паветра - пешаход узнімаў верхні пласт пылу сабе па пояс, фургон віхурыў пыл на вышыню агароджы, за аўтамашынай ён клубіўся воблакам і потым доўга не асядаў на зямлю.

Калі чэрвень ужо напалову прайшоў, з Тэхаса і Мексіканскага заліва насунуліся вялікія хмары - цяжкія, навальнічныя. Людзі на палях задзіралі ўгору галовы, уцягвалі носам паветра і выстаўлялі насліненыя пальцы, каб праверыць, ці ёсць вецер. Коні трывожна пераступалі з нагі на нагу. Чорныя хмары крыху апырснулі зямлю і імкліва паплылі далей, у іншыя краі. Пасля іх неба засталося такое ж бледнае, сонца па-ранейшаму моцна пякло. Дажджавыя кроплі прабілі ў пыле маленькія ямкі, сям-там абмылі кукурузнае лісце - і толькі.

Услед за хмарамі павеяў мяккі ветрык, ён гнаў іх на поўнач і лёгка пагойдваў падвялы кіяшнік. Мінуў дзень, і вецер набраў сілы, але дзьмуў роўна, без парываў. Пыл падняўся з дарог у паветра і апускаўся на пустазелле, што расло ўзбоч палёў, і ўскрай іх на кукурузу. Потым вецер падзьмуў моцна і рэзка, накінуўся на ўжо засохлую глебу. Мала-памалу неба пацямнела ад вірлівага пылу, а вецер усё шастаў па зямлі, крышыў яе і зносіў з сабой. Неўзабаве ён яшчэ больш разгуляўся. Сухая скарынка зямлі пад яго напорам лопнула, і над палямі падняўся густы пыл, які цягнуўся шэрымі, касматымі, як дым з коміна, пасмамі. Кукуруза змагалася з ветрам, шапочучы сухім лісцем. Тонкі пыл не асядаў на зямлю, а высока ўзнімаўся і знікаў у пацямнелым небе.

А вецер усё мацнеў, шмыгаў пад камяні, выдзьмуваў усё - і салому, і леташняе лісце, і камячкі зямлі, адзначаючы імі свой шлях. Паветра і неба зусім пазмрачнелі, сонца, што прабівалася скрозь морак, здавалася чырванаватым. Ад пылу пяршыла ў горле. Ноччу вецер зусім раз'ятрыўся, спрытна прабіраўся між каранёў кукурузы, якая адбівалася ад яго аслабелым лісцем, пакуль ён не вырваў яе з зямлі, і тады сцябліны стомлена паваліліся набок, вяршынямі паказваючы кірунак ветру.

Пачало світаць, але не разаднела. У шэрым небе выплыла сонца - мутна-чырвоны круг, які свяціўся сутонлівым, кволым святлом; да вечара сутонне паступова зноў перайшло ў змрок, а над паваленым кіяшнікам завываў і плакаў вецер.

Людзі сядзелі ў дамах, а калі даводзілася выходзіць, яны закрывалі нос хусцінкай і надзявалі акуляры, каб не засыпала вочы пылам.

Зноў настала ноч, апраметная цемра, бо зоркі не прабіваліся скрозь заслону пылу, а святло з вокнаў толькі крыху разбаўляла цемрадзь каля самага жытла. Пыл перамяшаўся з паветрам, і ў гэтай завісі з пылу і паветра было пароўну і таго, і другога. Дамы былі зачыненыя наглуха, дзвярныя і аконныя шчыліны заканапачаныя анучамі, але пыл непрыкметна пранікаў у памяшканне і тонкі, быццам кветкавы пылок, клаўся на сталы, на посуд. Людзі счышчалі яго з плячэй. Вузенькія палоскі пылу прымятала да парогаў.

Сярод ночы вецер пакінуў гэты край, наступіла цішыня. Змешанае з пылам паветра прыглушала гукі нават больш, чым туман. Лежачы ў ложках, людзі пачулі, што вецер сціх, - яны прачнуліся, калі шум яго замёр удалечыні. Яны ляжалі, напружана ўслухоўваючыся ў цішыню. Неўзабаве заспявалі пеўні, але галасы іх гучалі глуха, і людзі нервова заварушыліся ў ложках, нецярпліва чакаючы раніцы. Яны ведалі, што тонкі пыл асядзе не хутка. Раніцой ён туманам вісеў у паветры, сонца было ярка-чырвонае, як свежая кроў. Цэлы дзень неба сеяла пыл на зямлю і наступны дзень таксама. Зямля ўкрылася гладкай шэрай коўдрай. Пыл апусціўся на кукурузу, асеў кучкамі на слупах агароджаў, на правадах, заслаў сабой дахі, траву, абсыпаў дрэвы.

Людзі выходзілі з дамоў і, удыхнуўшы пякучае, як жар, паветра, паспешліва прыкрывалі чым-небудзь нос. Дзеці таксама выбягалі на двор, але не насіліся з крыкам па ім, як гэта бывала пасля дажджу. Мужчыны застылі каля агароджаў і пазіралі на звялую кукурузу, якая хутка сохла і Толькі дзе-нідзе вызірала зелянінай скрозь пласт пылу. Мужчыны маўчалі, амаль не адыходзячы ад агароджаў. І жанчыны выходзілі з дамоў і стаялі каля мужоў, стараючыся вызнаць, ці хопіць сілы ў мужчын вытрываць усё гэта. Жанчыны крадком прыглядаліся да іх твараў - кукуруза, што ж, няхай прападае, абы засталося ўсё астатняе. Дзеці стаялі побач, выводзячы пальцамі босых ног узоры на пыле, і таксама стараліся чуццём выведаць, ці хопіць сілы ў гэтых мужчын і жанчын. Дзеці кідалі косыя позіркі на дарослых і асцярожна чыркалі па пыле нагамі. Коні падыходзілі да вадапойных карытаў і, матаючы мордамі, разганялі налёт пылу на паверхні вады. Нарэшце з твараў мужчын сышла роспачная атарапеласць і ўступіла месца злосці, лютасці і ўпартасці. І тады жанчыны зразумелі, што ўсё абышлося, што мужчыны не зламаюцца. Яны пыталіся ў іх: што ж цяпер рабіць? Мужчыны адказвалі: самі не ведаем. Але цяпер было ўжо не страшна, і дзеці таксама зразумелі - не так страшна. Жанчыны і дзеці цвёрда ведалі: няма такой бяды, якую нельга сцярпець, абы толькі мужчын яна не зламала. Жонкі вярнуліся да хатніх спраў, дзеці заняліся гульнёй, але напачатку не вельмі дурэлі. На працягу дня сонца з кожнай гадзінай рабілася ўсё менш чырвоным. Яно палівала спёкай укрытую пылам зямлю. Мужчыны сядзелі на ганках сваіх дамоў - хто круціў у руках пруток, хто падкідваў і лавіў далонню каменьчык. Сядзелі моўчкі... думалі... разважалі...

 

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

 

Каля прыдарожнага рэстаранчыка-бара стаяў вялізны грузавы аўтафургон. Вертыкальная выхлапная труба глуха вуркатала, над ёю слаўся ледзь бачны воку шызаваты дымок. Зусім новенькі грузавік пабліскваў свежай чырванню, футавыя літары па баках абвяшчалі: ТРАНСПАРТНАЯ КАМПАНІЯ АКЛАХОМА-СІЦІ. Шыны на падвойных колах былі новыя, на засаўцы шырокіх задніх дзверцаў стаяў тарчком медны вісячы замок. За загароджанымі сеткамі дзвярыма і вокнамі бара іграла радыё - спакойная танцавальная музыка, уключаная зусім ціха, як бывае, калі няма каму слухаць. Маленькі вентылятар бязгучна круціўся ў круглым гняздзе над уваходам, мухі зласліва гулі, б'ючыся аб металічныя сеткі. У бары быў толькі адзін наведнік - вадзіцель грузавога фургона. Ён сядзеў на табурэце каля стойкі, абапершыся на яе локцямі, і паўзверх шклянкі з кавай глядзеў на хударлявую буфетчыцу, якая нудзілася ад самоты. Ён вяла перакідваўся з ёю словамі, пераскокваючы з аднаго на другое, - такія гутаркі часта заводзяцца між людзьмі ў прыдарожных барах. Шафёр сказаў:

- Я стрэў яго месяцы тры назад. Пасля аперацыі. Яму там нешта выразалі. Запамятаваў што.

А яна:

- Толькі ж на тым тыдні яго бачыла. Здаровы быў з выгляду. Хлапец нядрэнны, пакуль не набярэцца.

Мухі раз-пораз з ціхім гудзеннем наляталі на металічную сетку дзвярэй. Кававы агрэгат за спінай буфетчыцы запыхкаў парай, і жанчына, не азіраючыся, працягнула руку назад і выключыла яго.

Па абочыне шашы ішоў чалавек. Убачыўшы грузавік, павярнуў да яго. Не спяшаючыся, падышоў, крануў рукой бліскучае крыло і зірнуў на наклейку на ветравым шкле: «Пасажыраў браць забаронена». Ён намерыўся ўжо ісці далей сваёй дарогай, але раптам перадумаў і сеў на падножку грузавіка, якая была схавана ад бара кабінай. З выгляду яму было не болей за трыццаць. Цёмна-карыя вочы з жаўтаватымі бялкамі, рэзкія шырокія скулы, дзве глыбокія маршчыны на шчоках і па кутках рота. Верхняя губа ў яго выцягнулася, бо зубы выдаваліся наперад, а ён стараўся трымаць рот закрытым. Рукі былі агрубелыя, з шырокімі пальцамі і тоўстымі, цвёрдымі, як створкі ракавінак, пазногцямі. На западзіне паміж вялікім і ўказальным пальцамі і на падушачках далоняў святлелі мазалі.

На ім было ўсё новае - новае і таннае. Брылёк шэрай кепкі не паспеў яшчэ пагнуцца, гузік на ёй яшчэ не адарваўся. Кепка не страціла формы, не абвісла, як бывае, калі служыць дадаткова яшчэ і сумкай, і ручніком, і насоўкай. Танны гарнітур з шэрай шорсткай баваўнянай тканіны таксама быў такі новы, што на штанах трымалася складка. Сіняя кашуля была гладкая і каляная ад яшчэ не вымытага крухмалу. Пінжак мехавата вісеў на ім, штаны былі не па росце, кароткія, а ён чалавек быў высокі. Плечавыя швы апускаліся занізка, але рукавы ўсё роўна не даставалі да запясцяў, а крыссе пінжака матлялася на жываце. На нагах у яго былі новыя карычневыя чаравікі апошняга армейскага ўзору, падбітыя цвікамі і з жалезнымі падкоўкамі на абцасах. Седзячы на падножцы, ён зняў з галавы кепку, выцер ёю твар, зноў надзеў, пацягнуў за брылёк, і з гэтага моманту пачала набліжацца пагібель яго галаўнога ўбору. Потым ён глянуў на свае чаравікі, нахіліўся, аслабіў шнуркі і так, незавязанымі, пакінуў. Над галавой з выхлапной трубы дызель-матора борзда, адзін за адным, вынырвалі лёгкія шызыя воблачкі дыму.

Музыка ў бары сціхла, з дынаміка пачуўся мужчынскі голас, але буфетчыца прыёмнік не выключыла - не заўважыла, што музыка скончылася. Толькі што яна намацала пальцам прышчык за вухам. Намагалася разгледзець яго ў люстры, што вісела ззаду над стойкай, ды так, каб наведнік не заўважыў, і таму рабіла выгляд, што папраўляе пасмачку валасоў. Шафёр сказаў:

- У Шоні вялікія танцы былі. Кажуць, забілі там некага ці штосьці такое. Нічога не чулі?

- Не, - адказала буфетчыца і пяшчотна памацала прышчык за вухам.

Чалавек падняўся з падножкі, паглядзеў цераз капот на бар. Потым зноў сеў і дастаў з бакавой кішэні капшук з тытунём і кніжачку курыльнай паперы. Не спяшаючыся, умелымі пальцамі скруціў цыгарку, з усіх бакоў агледзеў яе, акуратна падраўняў табачынкі, нарэшце запаліў і ўтыцнуў непатушаную запалку ў пыл пад нагамі. Набліжаўся поўдзень, сонца пакрысе паглынала цень ад грузавіка.

У бары шафёр расплаціўся за каву і ўсунуў здачу - дзве пяціцэнтавыя манеты - у проразь ігральнага аўтамата. Цыліндры закруціліся, але нічога не выдалі.

- Яны так хітра зроблены, што ніколі не выйграеш, - сказаў шафёр буфетчыцы.

Яна адказала:

- Аднаму тут вялікі выйгрыш выпаў. Не болей як гадзіны дзве таму. Калі назад праедзеце?

Ужо адчыніўшы дзверы, шафёр адказаў:

- Праз тыдзень ці дзён праз дзесяць. У Талсу еду, а там заўсёды замінка.

Буфетчыца буркліва сказала:

- Мух напусціце. Ідзіце ці дзверы зачыніце.

- Да хуткага, - сказаў шафёр і выйшаў.

Дзверы за ім з грукатам зачыніліся. Стоячы на санцапёку, ён здзіраў абгортку з жавальнай гумкі, грузны, плячысты, ужо з прыкметным жывоцікам. Румяны твар, вочы блакітныя і вузкія, як шчылінкі, ад прывычкі жмурыцца на яркім святле. На ім былі армейскія штаны і чаравікі з высокай шнуроўкай. Паднёсшы жавальную гумку да губ, ён крыкнуў буфетчыцы праз сеткаватыя дзверы:

- Ну дык паводзь сябе добра, а то да мяне ўсё роўна дойдзе.

Буфетчыца стаяла тварам да люстра. Яна нешта буркнула ў адказ. Шафёр паволі пачаў раскусваць гумку, шырока адкрываючы рот і энергічна працуючы сківіцамі. Потым пайшоў да грузавіка, на хаду размінаючы жвачку зубамі, нарэшце засунуў яе пад язык.

Падарожнік, які стараўся ехаць на спадарожных машынах, падняўся з падножкі і скрозь акенцы кабіны паглядзеў на шафёра.

- Можа, падкінеце, містэр?

Шафёр глянуў на бар.

- Хіба не бачыш, што ў мяне на ветравым шкле?

- Ну ясна - бачу... Але прыстойны чалавек заўсёды застаецца прыстойным, нават калі якая-небудзь багатая сволач прымушае яго ездзіць з такой наклейкай.

Шафёр марудна палез у кабіну, разважаючы над гэтымі словамі. Адмовіш, дык не толькі абняславіш сябе, але яшчэ і прызнаеш, што цябе прымушаюць ездзіць з такой наклейкай, пазбаўляючы людской кампаніі ў дарозе. А возьмеш пасажыра, дык прылічыш сябе да людзей прыстойных, якія да таго ж не дазваляюць усякай багатай сволачы распараджацца табой, як ёй захочацца. Ён разумеў, што трапіў у пастку, але выйсця з яе не бачыў. А яму вельмі хацелася быць чалавекам прыстойным. Нарэшце ён зноў глянуў на бар.

- Як-небудзь прымасціся на падножцы да таго вунь павароту, - сказаў ён.

Чалавек нырнуў уніз і ўхапіўся за дзвярную ручку. Матор зароў, счапленне бразнула, і вялізны аўтафургон скрануўся з месца - першая скорасць, другая, трэцяя, потым машына пранізліва заскрыгатала і перайшла на чацвёртую скорасць. Перад вачамі чалавека, што прыпаў да падножкі, з галавакружнай хуткасцю праносілася дарога, зліваючыся ў мутную пляму. Першы паварот быў за мілю ад бара, там грузавік збавіў ход. Чалавек на падножцы выпрастаўся, прачыніў дзверцы і прабраўся ў кабіну. Шафёр зірнуў на яго праз шчылінкі вачэй, не перастаючы жаваць гумку, быццам думкі яго і ўражанні прыводзіліся ў належны парадак з дапамогай сківіц і толькі пасля гэтага пранікалі ў мозг. Яго позірк затрымаўся спачатку на новай кепцы, потым на новым касцюме і нарэшце слізнуў да новых чаравікаў пасажыра. Той усеўся ямчэй, зняў кепку і прамакнуў ёю пот на лбе і падбародку.

- Дзякуй, дружа, - сказаў ён. - А то капыты мае забаставалі.

- Новыя чаравікі, - прамовіў шафёр. У голасе ў яго была тая ж змоўніцкая хітрынка, што і ў позірку. - Хіба ж можна пускацца ў дарогу ў новых чаравіках, ды яшчэ такой спёкай!

Чалавек глянуў на свае запыленыя жоўтыя чаравікі.

- Другіх не было, - сказаў ён. - Што ёсць, тое і носіш.

Шафёр уважліва паглядзеў праз ветравое шкло на дарогу і крыху павялічыў скорасць.

- Далёка выбраўся?

- Ага. Я асіліў бы дарогу да канца, каб капыты не забаставалі.

Шафёр распытваў яго так, быццам вёў тонкі допыт. Закідваў сеткі, ставіў пасткі.

- Шукаеш працы?

- Не. У майго старога тут участак - сорак акраў. Ён арандатар-здольнік, але сям'я наша даўно ўжо ў гэтых месцах.

Шафёр шматзначна паглядзеў на палі ўздоўж дарогі, на палеглую, занесеную пылам кукурузу. З-пад пласта пылу сям-там вызіраў дробны пясчанік. Шафёр сказаў быццам сам сабе:

- Так і сядзіць на сваіх сарака акрах? І пыл яго не засыпаў, і трактары не сагналі?

- Апошні час я з дому вестак не меў.

- Значыць, даўнавата не меў, - сказаў шафёр. У кабіну заляцела пчала і з гудзеннем пачала біцца аб ветравое шкло. Шафёр працягнуў руку і асцярожна пасунуў пчалу да акенца кабіны, і там яе падхапіў вецер. - Здольнікам цяпер хана, - зноў загаварыў шафёр. - Адным трактарам адразу дзесяць сем'яў зганяюць. Трактары такога нарабілі! Заворваюць участак, а арандатара - прэч. Як гэта толькі стары твой утрымаўся? - Яго язык і сківіцы зноў заняліся забытай ужо гумкай, сталі жаваць яе і перакідваць з боку на бок. Кожны раз, як ён адкрываў рот, між губамі ў яго відаць быў язык, які ганяў гумавую жвачку з месца на месца.

- Я даўно не меў вестак з дому. Сам пісаць не люблю, бацька таксама не аматар. - Пасажыр паспешліва дадаў: - Але пісаць мы ўмеем, была б толькі ахвота.

- Працаваў дзе-небудзь? - Зноў такі ж дапытлівы, хітравата дагодлівы і быццам абыякавы тон. Шафёр зірнуў на палі скрозь паветра, якое трымцела ад спёкі, і, засунуўшы гумку за шчаку, каб не перашкаджала, плюнуў у акно.

- Канешне, працаваў, - адказаў пасажыр.

- Так я і думаў. Па руках відаць - мазолістыя. Кірка ці сякера, а то і кувалда. Я такое заўважаю. Ганаруся гэтым.

Пасажыр пільна паглядзеў на шафёра. Колы грузавіка, коцячыся па шашы, напявалі сваю бясконцую песню.

- Цябе яшчэ што-небудзь цікавіць? Дык я раскажу. Чаго табе дарма галаву ламаць.

- Ну вось, ужо і зазлаваў. Я ў чужыя справы не соваюся.

- Я сам усё раскажу. Мне таіць няма чаго.

- Ды кінь ты, не злуй. Проста я люблю да ўсяго прыглядацца. Хутчэй час ідзе.

- Я ўсё раскажу. Зваць мяне Джоўд, Том Джоўд. Бацька таксама Том Джоўд. - Вочы пасажыра заслала смугой, калі ён глянуў на шафёра.

- Кінь злаваць. Я гэта проста так.

- Я таксама проста так, - сказаў Джоўд. - Стараюся жыць ціха, нікога не крыўдзіць. - Ён змоўк, паглядзеў на сухія палі, на змардаваныя спёкай купкі дрэў, што віднеліся ўдалечыні скрозь гарачае паветра. Тады дастаў з бакавой кішэні капшук і паперу і скруціў цыгарку - між каленяў, там не так цягнула ветрам.

Шафёр жаваў сківіцамі мерна і задумліва, як карова. Ён моўчкі чакаў, калі згладзіцца ўражанне ад таго, што было сказана, і ледзь толькі пачуццё няёмкасці рассеялася, сказаў:

- Хто не сядзеў цэлымі днямі за рулём, той не ведае, што гэта такое. Гаспадары не дазваляюць браць спадарожнікаў. Вось і ганяеш з канца ў канец адзін, як пракляты, калі не хочаш нарвацца на звальненне. А з табой я, чаго добрага, нарвуся.

- Цаню, - сказаў Джоўд.

- Некаторыя хлопцы ў дарозе чорт што вырабляюць. Адзін, паверыш, вершы складае, каб хутчэй ішоў час. - Ён крадком глянуў на Джоўда, ці не зацікавіць яго такое незвычайнае паведамленне. Джоўд маўчаў, утаропіўшыся на дарогу, на белую дарогу, што бегла ўдалячынь мяккай хвалістай лініяй па ўзгорках. Не дачакаўшыся адказу, шафёр пачаў гаварыць далей: - Адзін яго верш я крыху памятаю. Там пра яго самога і двух яго прыяцеляў - раз'язджаюць па свеце, п'янствуюць, дэбашыраць. Шкада, не магу ўсё пераказаць. Ён там такіх доўгіх слоў накруціў, сам гасподзь бог не разбярэцца. Памятаю толькі адно месца: «Нам раз стрэўся афрыканец, у яго пратуберанец, нібы хобат у слана». Пратуберанец - гэта выступ такі. Ён сам мне ў слоўніку паказваў. Ні на момант са сваім слоўнікам не расставаўся. Пад'едзе да закусачнай, закажа кавы з пірагом, а сам уткнецца носам у слоўнік. - Шафёр замаўчаў. Гаварыць аднаму так доўга было не вельмі прыемна. Краем вока ён глянуў на пасажыра. Той сядзеў моўчкі. Шафёру стала ніякавата, і ён зрабіў яшчэ адну спробу ўцягнуць Джоўда ў гутарку. - Ты чуў ад каго-небудзь такія даўжэзныя словы?

- Ад прапаведніка, - адказаў Джоўд.

- Проста шалееш, калі чуеш такія слоўцы. Прапаведнік - справа іншая, з ім лясы тачыць не будзеш. Наогул, злосць бярэ, калі так гавораць, але хлопец той быў весялун. Усе ведалі, што ён смехам гэта робіць, а не дзеля выхвальства: вось які я разумны! - Шафёр супакоіўся - цяпер, прынамсі, пасажыр яго слухаў. Ён зрабіў круты паварот, ажно шыны віскнулі. - Вось я і кажу, - працягваў ён гаварыць, - некаторыя хлопцы немаведама якія штукі адпальваюць. Даводзіцца. Здурэць можна - сядзіш увесь час адзін, і толькі дарога перад вачамі мільгае. Пра вадзіцеляў грузавікоў балбочуць, нібыта яны толькі і робяць, што жаруць. Ездзяць з аднаго бара ў другі і булачкі з катлетамі ядуць.

- І днююць і начуюць у барах, - уставіў Джоўд.

- Прыпынкі мы, вядома, робім, але не дзеля таго, каб есці. Нам есці рэдка калі хочацца. Едзеш-едзеш - абрыдне дарэшты. Спыняцца можна толькі каля бараў, а раз ужо спыніўся, дык трэба што-небудзь заказаць. Пачэшаш язык з дзяўчынай за стойкай, папросіш кубак кавы, пірага кавалак. Трохі адпачнеш. - Шафёр паволі жаваў гумку, падпраўляючы яе языком.

- Цяжка вам даводзіцца, - абыякава прамовіў Джоўд.

Шафёр падазрона зірнуў на пасажыра - у яго словах яму пачулася насмешка.

- Вядома, нялёгка, - раздражнёна сказаў ён. - Здаецца, што тут такога: адседзеў за абаранкам свае восем, дзесяць ці чатырнаццаць гадзін у дзень - і ўсё. Але дарога табе ў душу ўядаецца. Даводзіцца нешта рабіць. Хто спявае, хто насвіствае. Радыёпрыёмнікі ставіць кампанія не дазваляе. Некаторыя бяруць з сабой бутэльку, але гэты сорт людзей у нас доўга не трымаецца. - Крыху фанабэрліва ён дадаў: - Я ў дарозе ніколі не п'ю.

- Ніколі? - перапытаў Джоўд.

- Ніколі! Трэба ў людзі выбіцца. Задумаў я паступіць на завочныя курсы. Механікам буду. Справа няцяжкая. Сядзі сабе дома ды вучыся, урокі лёгкія. Я гэта сур'ёзна надумаў. Тады ўжо не буду вадзіць грузавікі. Няхай іх хто іншы водзіць.

Джоўд дастаў з бакавой кішэні пляшку віскі.

- Можа, глынеш, хочацца ж? - падражніў шафёра Джоўд.

- Не, слова даў. І не дакрануся. Што-небудзь адно: альбо піць, альбо вучыцца.

Джоўд адкруціў каўпачок, два разы пацягнуў з рыльца, зноў закрыў бутэльку і засунуў яе ў кішэню. Па кабіне разліўся моцны і рэзкі пах віскі.

- Ты ўвесь нейкі ўзбуджаны, - сказаў Джоўд. - Што з табой - дзяўчыну завёў?

- Гэта само сабой. Але галоўнае - трэба ў людзі выбівацца. Свае мазгі я даўно ўжо трэнірую.

Ад віскі Джоўд адчуў сябе вальней. Ён скруціў яшчэ адну цыгарку і запаліў.

- Цяпер ужо мне недалёка, - сказаў ён.

Шафёр таропка загаварыў:

- Мне піць няма як. Я ўвесь час трэнірую сваю памяць. Два гады назад спецыяльны курс прайшоў. - Ён паляпаў правай рукой па абаранку руля. - Дапусцім, я праязджаю міма пешахода. Я да яго ўважліва прыглядаюся, а як праеду, стараюся прыгадаць усё - і якая ў яго адзежа, якія чаравікі, галаўны ўбор, яго паходку, рост, колькі ён прыблізна важыць, і асаблівыя прыкметы на яго твары, калі яны ёсць. У мяне гэта нядрэнна атрымліваецца. Іншы раз думаю, ці не заняцца мне яшчэ вывучэннем дактыласкапіі, тады можна сапраўдным экспертам стаць. Проста дзіва, колькі чалавек можа ўсяго ў памяці ўтрымаць.

Джоўд хуценька глынуў з бутэлькі. Апошні раз зацягнуўся дымам разлезлай самакруткі і мазольнымі пальцамі раздушыў гарачы кончык. Старанна расцёршы недакурак, высунуў руку ў акенца, і вецер садзьмуў труху з яго далоні. Вялікія шыны бадзёра спявалі сваю песню, коцячыся па шашы. Джоўд утаропіўся на дарогу, і ў яго спакойных цёмных вачах зайграла хітраватая ўсмешка. Шафёр замаўчаў, насцярожана пакасіўся на пасажыра. Доўгая верхняя губа Джоўда расцягнулася, агаліўшы зубы, і плечы яго затрэсліся ад бязгучнага смеху.

- І доўга ж ты падбіраешся, прыяцель.

Шафёр не павярнуў у яго бок галавы.

- Да чаго я падбіраюся? Пра што ты?

Губы Джоўда зноў стуліліся, схаваўшы яго вялікія зубы, ён аблізнуў іх, як сабака, двума заходамі, ад сярэдзіны да куткоў рота.

- Сам ведаеш, пра што, - у голасе ў яго пачуліся рэзкія ноткі. - Ты мяне з ног да галавы вокам абвёў, як толькі ўбачыў. Думаеш, не заўважыў?

Пазіраючы праз ветравое шкло, шафёр з такой сілай сціснуў рулявое кола, што пабялелі кісці рук.

- Ты добра ведаеш, адкуль я іду, - сказаў Джоўд.

Шафёр маўчаў.

- Ведаеш, ці ж не так? - не сунімаўся Джоўд.

- Ну ведаю... Праўдзівей, здагадваюся. Толькі мяне гэта не тычыцца. Мне сваіх клопатаў хапае. Што мне да таго? - адным духам выпаліў шафёр. - Я ў чужыя справы не лезу. - Ён змоўк, відаць, чакаючы адказу. Пабялелыя рукі ўсё яшчэ моцна сціскалі абаранак руля.

Праз акенца ў кабіну заляцеў конік, апусціўся на прыборны шчыток і пачаў чысціць крыльцы сваімі каленчатымі спружыністымі ножкамі. Джоўд працягнуў руку, раздушыў пальцамі цвёрдую, падобную на чэрап, галоўку насякомага і выкінуў яго за акно, на вецер. Зноў бязгучна засмяяўшыся, ён пацёр пальцамі, каб сцерці з іх рэшткі раздушанага коніка.

- Памыляецеся, містэр, - сказаў ён. - Нічога я хаваць не збіраюся. Так, я сядзеў у Макалестары. Чатыры гады адседзеў. Адзежу мне гэтую далі там перад выхадам. Пляваць мне, няхай усе ведаюць. Цяпер я дадому іду, да бацькі, на працу мне наймацца не трэба, дык навошта адмоўчвацца?

Шафёр сказаў:

- Мяне гэта не тычыцца. У чужыя справы я носа не соваю.

- Не соваеш? У цябе ж нос на восем міль наперад вытыркнуўся. Ты мяне ім так абнюхаў, як авечка капусту.

Шафёр насупіўся.

- Ты мяне не так зразумеў... - пачаў ён вяла.

Джоўд засмяяўся:

- Ты хлопец што трэба - падвёз мяне. Ну, адбыў я тэрмін. Дык што? Хочаш ведаць, за што мне далі?

- Мяне гэта не тычыцца.

- Цябе нічога не тычыцца - ганяеш сваю чортаву махіну ўзад і ўперад і больш ведаць нічога не хочаш. А цяпер глянь - бачыш палявую дарогу?

- Ну.

- Там я выйду. Ты, пэўна, у штаны напусціў - так карціць даведацца, за што мяне пасадзілі. Ну, не буду мучыць цябе. - Рокат матора стаў глушэйшы, песенька шын паніжэла тонам. Джоўд дастаў сваю бутэльку і зноў разок прыклаўся да рыльца. Грузавік пад'ехаў да грунтавой дарогі, якая пад прамым вуглом адыходзіла ад шашы, і затармазіў. Джоўд вылез і стаў каля акна кабіны. Выхлапная труба ленавата выпускала свой шызаваты дымок. Джоўд нахіліўся да шафёра. - Чалавеказабойства, - скорагаворкай прагаварыў ён. - Вось табе яшчэ адно доўгае слова. А прасцей кажучы, забіў я чалавека. Атрымаў сем гадоў. Мне скінулі да чатырох, бо сядзеў я ціха, як мыш.

Шафёр правёў позіркам па твары Джоўда, стараючыся запомніць яго рысы.

- Ні пра што такое я ў цябе не пытаўся, - сказаў ён. - Мая справа старана.

- Можаш раззваніць па ўсіх забягалаўках, адсюль і да самай Тэксалы. - Джоўд усміхнуўся: - Ну, бывай, дружа! Хлопец ты неблагі. Толькі памятай: хто пасядзеў у каталажцы, той здалёку пачуе, куды вецер вее. Ты і рота яшчэ раскрыць не паспеў, а мне было ўжо ўсё ясна. - Джоўд пляснуў далонню па металічных дзверцах: - Дзякуй, што падвёз. Бывай! - Ён павярнуўся і пайшоў на палявую дарогу.

Хвіліну шафёр моўчкі глядзеў яму ўслед, потым крыкнуў:

- Шчасліва!

Не азіраючыся, Джоўд памахаў рукой. Матор зароў, заскрыгатала перадача, і вялікі чырвоны аўтафургон скрануўся з месца.

 

РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ

 

Бетонную стужку шашы з бакоў абступала густая высахлая трава з паніклым, пераблытаным бадыллём, і каласкі і галоўкі яе ашчацініліся асцюкамі і калючкамі: аўсюк - каб учапіцца ў сабачую поўсць, лісахвост - каб уплесціся ў конскую шчотку, канюшына - каб ухапіцца сваімі шчацінкамі за авечую воўну; не абуджанае яшчэ жыццё чакала, калі яго рассеюць, разнясуць на ўсе бакі, кожнае семечка было ўзброена адмысловым прыстасаваннем - кручочкам ці парашуцікам, дроцікам ці клубочкам з вострымі іголачкамі, і ўсё гэта чакала якой-небудзь жывёліны ці ветру, манжэтаў мужчынскіх штаноў ці падола жаночай спадніцы, чакала бяздзейна, але мабілізаваўшы ўсе свае сродкі, нерухома, але ў поўнай гатоўнасці да вандроўкі.

Сонечныя промні падалі на траву і грэлі яе, а ў цяні пад былінкамі варушыліся і снавалі казюлькі - мурашкі і мурашыныя львы, што ставілі ім пасткі; конікі, якія раз-пораз выстрэльвалі ў паветра, бліснуўшы жаўтлявымі крыльцамі; падобныя да маленечкіх армадзілаў макрыцы ўпарта прабіраліся кудысьці на сваіх незлічоных кволых ножках. А па траве ўсцяж дарогі, міма палатна, паўзла, цягнучы выгнуты купалам панцыр, балотная чарапаха - то ў адзін бок паверне, то ў другі. Яе шурпатыя лапы з жоўтымі кіпцямі разграбалі траву, не ступалі па ёй, а прадзіраліся праз яе, цягнучы на сабе грувасткі шчыт. Ячменнае зерне саслізгвала па ім, варсістае насенне канюшыны падала на яго і кацілася на зямлю. Цвёрдая дзюба чарапахі была трохі разяўлена, халодныя вочы насмешліва пазіралі наперад з-пад арагавелых надброўных дугаў. За ёю цягнуўся след - каляіна прымятай травы, наперадзе ўзгоркам узвышаўся дарожны насып. Чарапаха спынілася, высока задрала галаву, паміргала, прыжмурыла вочы, зіркнула ўгору, потым уніз і пачала ўзбірацца па адхоне. Кіпцюрастыя пальцы пярэдніх лап выпрасталіся, але зямлі не крануліся. Заднія ногі пачалі падпіхаць панцыр, і ён зашоргаў па траве, потым па жвіры. Чым круцейшы рабіўся насып, тым упарцей працавала чарапаха. Заднія лапы коўзаліся, зрываліся, падштурхоўваючы панцыр, лускаватая галава вытыркнулася наперад на ўсю даўжыню доўгай шыі. Панцыр памалу падымаўся па адхоне, пакуль шлях яму не перасек бетонны борцік шашы ў чатыры цалі вышынёй. Заднія ногі, нібы незалежныя ад тулава, падштурхнулі яго ўгору, да самага краю бар'ера. Шыя выцягнулася, і чарапаха глянула цераз борцік на шырокую цэментавую гладзь. Тады пярэднія лапы, якімі яна ўпіралася ў борцік, напружыліся, пасунуліся вышэй, і панцыр паволі палез уверх і перадам лёг на борцік. Тут чарапаха дала сабе адпачыць. Чырвоная мурашка шмыгнула пад панцыр, пад мяккае брушка, і раптам галава і ногі чарапахі схаваліся і браніраваны хвост шуснуў убок, пад свой шчыт. Чырвоную мурашку раздушыла паміж брушкам і лапай. Пад панцырам апынуўся і каласок аўсюка, змецены туды пярэдняй лапай. Чарапаха доўга ляжала нерухома, потым зноў высунулася галава на доўгай шыі, і халодна-насмешлівыя старэчыя вочы паглядзелі па баках, а з панцыра зноў высунуліся лапы і хвост. Заднія ногі заварушыліся, напружыліся, панцыр пераваліўся цераз борцік, і пярэднія ногі павіслі над палатном шашы. Але заднія падштурхоўвалі панцыр усё далей і далей, і нарэшце цэнтр цяжару перамясціўся, пярэдняя частка тулава нырнула ўніз, кіпці заскрэблі па бетоне, і чарапаха апынулася на насціле дарогі. А на яе пярэдніх лапах, абвіўшыся вакол іх сваёй бадылінай, засеў каласок аўсюка.

Цяпер ісці было лягчэй, і затэпалі ўсе чатыры нагі, панцыр, пагойдваючыся, папоўз наперад. Насустрач ехала адкрытая машына, за рулём сядзела жанчына гадоў сарака. Яна заўважыла чарапаху і крута збочыла ўправа, шыны віскнулі, узвіхрыўся пыл. Пярэднія колы на імгненне падскочылі ў паветра і адразу апусціліся. Шыны зноў счапіліся з палатном дарогі, і машына пайшла далей, толькі не так хутка, як раней. Чарапаха схавалася ў панцыр, але цяпер зноў высунулася з яго і пачала паспешліва перабіраць нагамі, бо бетон быў пякучы.

Наперадзе паказаўся невялічкі грузавічок, і, пад'ехаўшы, шафёр убачыў чарапаху і скіраваў проста на яе. Пярэдняя шына чыркнула па самым краі панцыра, падкінула чарапаху ўгору, як завостраны шпянёк, закруціла, як манету, і чарапаха скацілася з шашы. А грузавічок зноў вярнуўся на правы бок дарогі. Чарапаха доўга ляжала на спіне, схаваўшыся ў панцыр. Нарэшце высунуліся ногі, заварушыліся, шукаючы апоры, каб перавярнуцца. Пярэднія лапы намацалі абломак кварцу, панцыр пачаў пераварочвацца і неўзабаве плёхнуўся на траву купалам угору. Каласок аўсюка вываліўся, і тры востраканечныя зернеткі ткнуліся ў зямлю. Чарапаха папаўзла з насыпу і сваім ніжнім шчытком прысыпала іх пяском. Потым выбралася на палявую дарогу і, паторгваючыся, пасунулася па ён, выворваючы панцырам плыткі хвалісты равок у пыле. Старэчыя насмешлівыя вочы глядзелі проста наперад, арагавелая дзюба трохі разявілася, лапы з жоўтымі кіпцямі раз-пораз слізгалі па пыле.

 

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ

 

Калі Джоўд пачуў, што грузавік зрушыў з месца і паехаў, набіраючы хуткасць, а дарога перарывіста загула пад напорам гумавых шын, ён спыніўся, павярнуўся і глядзеў яму ўслед, пакуль машына не знікла з вачэй. Ён так і застаўся стаяць, узіраючыся ў мігатлівае блакітнае марыва. У задуменні выняў з кішэні сваю пляшку, адкруціў металічны каўпачок, асцярожна пацягнуў з рыльца, правёў у ім языком і аблізаў губы, каб да канца адчуць смак віскі.

Ён паспрабаваў прыгадаць: «Там нам стрэўся афрыканец...», але далей ніяк не ішло. Тады ён адвярнуўся ад шашы і паглядзеў на дарогу, што пад прамым вуглом ішла ў поле. Шчодра прыпякала сонца, аселы пыл ляжаў, не патрывожаны ветрам. Каляіны на дарозе да краёў засыпала пылам. Джоўд зрабіў некалькі крокаў, і лёгкі, як мука, пыл заклубіўся перад яго новымі жоўтымі чаравікамі, зацерушыў іх і зрабіў шэрымі.

Ён нахіліўся, развязаў шнуркі і адзін за другім зняў абодва чаравікі. З асалодай размяў потныя ногі, пераступаючы імі ў гарачым пыле і прасейваючы яго струменьчыкамі між пальцаў, пакуль скура на ступнях, падсохшы, не сцялася. Тады зняў пінжак, закруціў у яго чаравікі і засунуў скрутак пад паху. Нарэшце ён пакрочыў па дарозе, узнімаючы перад сабой пыл, які потым слаўся нізкім воблачкам за яго спінай.

З правага боку дарогі цягнулася агароджа - дзве ніткі калючага дроту на вярбовых калах. Слупкі былі крывыя, няроўна абрэзаныя. Калі развіліна была на належнай вышыні, дрот ляжаў на ёй, калі не - яго трымаў абвязаны вакол слупка ржавы абрывак пакавальнага дроту. За агароджай, паваленая ветрам, спёкай і сухменню, ляжала кукуруза, і лісцевыя пазухі на сцёблах былі даверху забітыя пылам.

Джоўд ішоў дарогай, і воблачка пылу цягнулася па яго слядах. Крыху наперадзе ён убачыў выпуклы панцыр чарапахі, якая марудна паўзла па пыле, неяк рыўкамі перастаўляючы няўклюдныя ногі. Джоўд спыніўся - захацеў паглядзець на чарапаху, і цень яго ўпаў на яе. Галава і ногі імгненна схаваліся, кароткі тоўсты хвост шуснуў убок, пад панцыр. Джоўд падняў чарапаху і перавярнуў дагары нагамі. Спіна ў яе была шаравата-карычневая, пад колер пылу, а ніжні шчыток крэмава-жоўты, чысты і гладкі. Джоўд вышэй падсунуў пад паху свой скрутак і правёў пальцам па брушным шчытку, потым націснуў на яго. Ён быў мякчэйшы за верхні. Чарапаха высунула лускаватую галаву - намагалася зірнуць уверх, на палец Джоўда, сутаргава торгаючы нагамі. Яна намачыла Джоўду на далонь, не перастаючы бездапаможна біцца ў яго ў руках. Джоўд перавярнуў яе спінай угору і ўкруціў у пінжак разам з чаравікамі. Ён адчуваў, як яна валтузіцца там, тыцкаецца і перабірае лапамі. Джоўд пайшоў далей, прыспешыў крок, крыху заграбаючы мяккі пыл пятамі.

Наперадзе, узбоч дарогі, чахлая, абсыпаная пылам вярба адкідала на зямлю рабы цень. Яе ўбогае, кволае вецце згіналася над дарогай, рэдкая, чэзлая крона нагадвала аблезлую курыцу. Джоўд абліваўся потам. Сіняя кашуля пацямнела на спіне і пад пахамі. Ён насунуў кепку на лоб, пацягнуўшы за брылёк, і той перагнуўся пасярэдзіне, кардонная пракладка зламалася - цяпер ужо кепка ніколі не будзе выглядаць, як новая. Ногі неслі яго ўсё шпарчэй да адзінокага дрэва. Ён ведаў - там будзе цень, прынамсі, хоць палоска ценю ад ствала, бо сонца прайшло ўжо зеніт. Гарачыя промні апякалі патыліцу, у галаве злёгку шумела. Ён не бачыў падножжа вярбы, бо яна расла ў маленькай западзіне, вільгаць там не так хутка высыхае, як на роўных месцах. Ён ішоў усё хутчэй - спяшаўся ўцячы ад сонца, і нарэшце пачаў спускацца па схіле. Раптам ён апасліва запаволіў крок, бо палоска ценю была ўжо кімсьці занятая. Прыхінуўшыся спінай да камля, на зямлі сядзеў чалавек. Сагнутыя ў каленях ногі ён склаў крыж-накрыж, і босая правая ступня дасягала амаль галавы. Ён засяроджана насвістваў мелодыю факстрота «Так, сэр, гэта мой бэбі» і таму не чуў крокаў Джоўда. Задраная ўгору ступня мерна адбівала такт. Тэмп быў не танцавальны. Чалавек перастаў свістаць і заспяваў тонкім кволым тэнарком:

 

Так, сэр, ён мой збавіцель,

Хрыс-тос мой збавіцель,

Хрыс-тос мой збавіцель, сэр.

Чорта, клянуся,

Я ўжо не баюся,

У мяне ёсць збавіцель цяпер.

 

Ён пачуў крокі Джоўда, толькі калі той ступіў у рэдкі цень ад аблезлай кроны, перастаў спяваць і павярнуў у яго бок галаву. Доўгая, кашчавая, з туга нацягнутай скурай на твары, яна сядзела на шыі, мускулістай і жылістай, як бадыль сельдэрэю. Запаленыя, чырванаватыя павекі прыкрывалі ад сонца вялікія, выпуклыя вочы. Безвалосыя смуглыя шчокі льсніліся, поўныя губы выдавалі не то насмешку, не то пажадлівасць. Скура так шчыльна абцягвала яго дзюбасты, касцісты нос, што прасвечвалі храсткі пераносся. Ні на шчоках, ні на доўгім бледным ілбе не было ніводнай кропелькі поту. Лоб у яго быў ненатуральна высокі, з тонкімі блакітнымі жылкамі на скронях. Не менш як палова твару была над вачыма. Жорсткія сівыя валасы распаліся няроўнымі пасмамі - відаць, зачэсаныя пальцамі. На ім былі штаны-камбінезон і сіняя кашуля. Баваўняная куртка з меднымі гузікамі і карычневы, залаплены, у тлустых плямах капялюш ляжалі на зямлі каля яго. Шэрыя ад пылу парусінавыя туфлі на гумавай падэшве валяліся паасобку там, дзе ён іх скінуў з ног.

Чалавек доўга глядзеў на Джоўда. Сонечнае святло глыбока пранікала ў яго карыя вочы і запаліла ў зрэнках залатыя іскрынкі. Калі ён падняў галаву, жгут мускулаў у яго на шыі яшчэ больш наструніўся.

Джоўд моўчкі стаяў у дзіравым цяні. Ён зняў кепку, выцер ёю спацелы твар і разам са скручаным пінжаком кінуў на зямлю.

Не высоўваючыся з ценю, чалавек выцягнуў ногі і зарыў пальцы ў пыл.

Джоўд сказаў:

- Фу! На дарозе пячэ, як у пекле.

Чалавек пільна паглядзеў на яго.

- Ці не Том гэта Джоўд, сынок старога Тома?

- Ага, - сказаў Джоўд. - Ён самы. Дамоў іду.

- Мяне ты, пэўна ж, не памятаеш, - сказаў чалавек, і пухлыя губы яго скрывіліся ва ўсмешцы, адкрыўшы вялікія конскія зубы. - Ды дзе табе помніць. Ты толькі тое і рабіў, што дзяўчатак за косы цягаў, замест таго каб мае казані слухаць. А ў адной дзяўчынкі ўсё наравіў коску з каранямі выдзерці, а слова святое міма вушэй прапускаў. Ты, напэўна, забыўся, а я памятаю. Давялося мне і цябе, і дзяўчо тое далучыць да ласкі боскай. Абаіх у арашальнай канаве ахрысціў. А ўжо ж адбіваліся як, вішчалі, што тыя кацяняты.

Джоўд паглядзеў на яго зверху і раптам засмяяўся:

- Дык ты ж прапаведнік! Вось ты хто - наш прапаведнік! Мо толькі якую гадзіну назад я пра цябе аднаму хлопцу расказваў.

- Былы прапаведнік, - спахмурнеў чалавек. - Прападобны Джым Кейсі - з секты «Неапальная купіна». Горла драў у славу гасподню. І грэшнікаў-пакаянцаў ледзь што - у канаву; наб'еш яе імі да краёў, так і глядзі, патопяцца. Але цяпер я ўжо не той. - Ён уздыхнуў. - Цяпер я проста Джым Кейсі. Няма ў мяне тае адданасці богу. Усё ў галаву грэшныя думкі лезуць... грэшныя, але, на мой погляд, цвярозыя.

Джоўд сказаў:

- Калі ўжо што ў галаву палезе, тады і задумаешся. Я не забыў цябе. Ты ў нас неблагія маленні наладжваў. Памятаю, неяк раз ты стойку зрабіў і так, на руках ходзячы, такую пропаведзь закаціў! І завываў як апантаны. Маці маёй ты быў больш за іншых па душы. А бабка, дык тая казала, што дух з цябе божы так і б'е ў нос. - Джоўд запусціў руку ў скрутак, намацаў бутэльку і выняў з кішэні пінжака. Чарапаха варухнула лапай, але Джоўд закруціў пінжак тужэй. Потым адкруціў каўпачок з рыльца і падаў бутэльку Джыму Кейсі. - Глынеш?

Кейсі ўзяў бутэльку і тужліва паглядзеў на яе.

- Больш я ўжо не прапаведую, толькі зрэдку. Цяпер у народзе няма ўжо таго духу боскага, што быў раней. А горш за ўсё, што і ўва мне яго ані кропелькі не засталося. Бывае, праўда, калі-нікалі ўвойдзе ў цябе дух, ну і склічаш людзей на маленне. А яшчэ, здараецца, перад ядой богу малітву скажаш, калі да стала хто запросіць. Але душу я цяпер ужо ў гэта не ўкладаю. Проста просяць людзі, і я не адмаўляюся.

Джоўд зноў выцер твар кепкай.

- Няўжо ты такі ўжо святоша, што ад віскі адмаўляешся? - сказаў ён.

Кейсі глянуў на бутэльку, быццам толькі што ўбачыў яе ў сваіх руках. Потым паднёс да рота, перакуліў і зрабіў тры вялікія глыткі.

- Ну і пітво! - пахваліў ён.

- А ты як думаў? - сказаў Джоўд. - Не самагон які - фабрычнае. Яму цэлы даляр цана.

Перш чым аддаць бутэльку, Кейсі яшчэ раз прыклаўся да рыльца.

- Так, сэр! - прамовіў ён. - Так, так, сэр!

Джоўд узяў з яго рук бутэльку і адпіў, з далікатнасці не абцёршы рыльца рукавом. Потым апусціўся на кукішкі і прыставіў бутэльку да скручанага пінжака. Падабраў з зямлі сухую галінку - каб запісваць ёю свае думкі ў пыле. Змёў лісце ўбок, разраўняў далонню чысты квадрацік і пачаў выводзіць на ім рысачкі, куты і кружочкі.

- Даўнавата цябе не бачыў, - сказаў ён.

- А мяне ніхто не бачыў, - адказаў прапаведнік. - Аднаго дня ўзяў і пайшоў ад іх, цяпер усё больш сяджу адзін і сам з сабою разважаю. Боскага духу я не страціў, толькі цяпер ён нейкі іншы. Сумненні пачалі адольваць.

Кейсі сеў крыху раўней спінай да ствала. Вавёркай юркнула ў кішэню кашчавая рука і выцягнула адтуль чорную, абкусаную з усіх бакоў плітку тытуню. Ён старанна сцёр з яе саламяную труху і іншае кішэннае смецце, адкусіў кавалачак і засунуў за шчаку. Джоўд адмоўна памахаў галінкай, калі Кейсі падаў яму плітку. Чарапаха ў скрутку зноў пачала валтузіцца. Кейсі паглядзеў на пінжак, які варушыўся, нібы жывы.

- Што гэта там у цябе - курыца? Глядзі, задыхнецца.

Джоўд тужэй скруціў пінжак.

- Чарапаха, - сказаў ён. - На дарозе падабраў. Вялізная, як трактар. Браціку нясу. Малыя любяць чарапах.

- Рана ці позна яны ўсе імі абзаводзяцца. Але чарапаху пры сабе доўга не ўтрымаеш. Торкаецца, тыцкаецца сюды-туды, пакуль не знойдзе лаза, выберацца на волю, і шукай ветру ў полі. Вось і я так. Няма таго, каб проста разгарнуць Евангелле, што ляжыць пад рукой. Не, усё круціш яго, гартаеш, шукаеш нечага - адны шматкі застаюцца. Бывае, натхнюся боскім духам, а што ўслаўляць, не ведаю. Прызначэнне маё - весці людзей, але ж няма куды.

- А ты вадзі іх кругом і навокал, - сказаў Джоўд. - Доўга не думай, штурхай іх у арашальныя канавы. А свой розум мець захочуць, скажы ім, што ў пякельным агні гарэць будуць. На чорта табе ведаць, куды іх весці? Проста вядзі, і справе канец.

Цень ад ствала вярбы падаўжэў. Джоўд з радасцю перасеў у цень і зноў расчысціў і разраўняў маленькі квадрацік пылу, каб, крэслячы на ім сваім прутком, запісваць думкі. Міма іх бегла па дарозе жоўтая калматая аўчарка. Падкурчыўшы вялы хвост, нізка звесіла галаву і высунула язык, з якога капала сліна. Яна гучна, задышліва сапла. Джоўд свіснуў, але аўчарка яшчэ ніжэй апусціла галаву і пабегла трушком да толькі ёй адной вядомай мэты.

- Вось бяжыць кудысьці, - сказаў крыху закрануты за жывое Джоўд. - Пэўна, дадому.

Прапаведніка нічым нельга было адцягнуць ад яго думак.

- Кудысьці бяжыць, - паўтарыў ён. - Правільна - кудысьці кіруе. А я вось... куды кіравацца, не ведаю. У мяне на маленнях людзі, бывала, так наскачуцца, налямантуюцца, нагарланяцца на славу боскую, што як нежывыя падаюць на дол. Некаторых, каб прывесці ў прытомнасць, даводзілася акунаць у канаву. А пасля, ведаеш, што я рабіў? Пацягну якую-небудзь дзеўку ў густую траву і лягу з ёю. І так кожны раз пасля малення. А потым каяцца пачынаю. Малюся-малюся, а карысці ніякай. Другі раз зноў усе боскім духам прасякнемся, і я зноў за сваё. Нарэшце зразумеў: дайшоў я да краю - крыўлю душой перад богам. Хоць сам таго не жадаю.

Джоўд усміхнуўся і, прасунуўшы кончык языка між доўгіх зубоў, аблізнуў губы.

- Пасля такіх набажэнстваў самы раз у кусты іх цягнуць, - зазначыў ён. - Па сабе ведаю.

Кейсі ўсхвалявана падаўся наперад.

- Вось бачыш! - усклікнуў ён. - Я нарэшце зразумеў гэта і задумаўся. - Ён мерна махаў сваёй кашчавай рукой з вузлаватымі пальцамі ў такт словам. - Вось як пачаў я разважаць: я прасякся ласкай боскай, і паства мая так прасяклася ёю - аж скача і нема крычыць. А тут кажуць, што вадзіцца з жанчынай - сатанінскае насланнё. Але ж чым больш у жанчыне богам дараванай ласкі, тым мацней яе цягне ў кусты. Дык вось я і падумаў: як жа гэта так, чорт вазьмі... ох, прабач мне... як жа сатана падбярэцца да жанчыны, калі дух святы так і бруіцца з яе? Ужо ж тут, здаецца, сатане, як ні хітруй, ні з якага боку не падступіцца. А на справе выходзіць зусім іншае. - Вочы ў Кейсі блішчалі ад хвалявання. Ён паварушыў шчокамі і губамі і плюнуў. Плявок пакаціўся па зямлі, абвалокся пылам і ператварыўся ў шэры, цвёрды з выгляду шарык. Прапаведнік выставіў наперад руку, уставіў вочы на далонь, быццам на разгорнутую кнігу. - Вось я які... - ціха прамовіў ён. - Вось які я: у мяне ў руках чалавечыя душы, я адказваю за іх і адчуваю, якая вялікая ляжыць на мне адказнасць, а сам кожны раз пасля малення кладуся з жанчынай. - Ён глянуў на Джоўда. На твары ў яго была разгубленасць. У вачах - заклік аб дапамозе.

Джоўд старанна вывеў галінкай у пыле жаночы торс - грудзі, клубы, таз.

- Прапаведнікам я ніколі не быў, - сказаў ён, - таму не зяваў, калі што ў рукі плыло. І рознымі думкамі галаву сабе не забіваў - падвернецца што дзе калі, і я сам не свой ад радасці.

- Ну ясна, ты ж не прапаведнік, - упіраўся Кейсі. - Табе дзеўка - проста дзеўка. Што табе да яе. А мне жанчына - сасуд свяшчэнны. Я ратаваў іхнія душы. І вось, узяўшы на сябе такую адказнасць, я спачатку ўсяляў у іх дух святы, а потым цягаў іх у кусты.

- Можа, і мне не пашкодзіла б зрабіцца прапаведнікам, - уголас падумаў Джоўд. Ён дастаў з кішэні тытунь і паперу, скруціў цыгарку. Запаліў яе і скрозь дым пакасіўся на субяседніка. - Даўно ўжо я без жанчыны. Давядзецца наганяць.

Кейсі гаварыў далей:

- Я давёў сябе да таго, што начамі не спаў. Ідзеш на пропаведзь і зарок сабе даеш: «Сёння, далібог, не буду». Але яшчэ не дагаварыўшы, ужо ведаю - буду.

- Ажаніцца табе трэба, - сказаў Джоўд. - У нас жыў адзін прапаведнік з жонкай. Егавісты. Наверсе ў нас спалі. На маленне народ прыходзіў да іх у гумно. А мы, дзеці, падслухоўвалі, як жонцы ад яго даставалася пасля кожнага вячэрняга малення.

- Добра, што ты мне гэта сказаў, - ажывіўся Кейсі. - А то я думаў, што я адзін быў такі... Нарэшце не вытрымаў, кінуў усё і пайшоў. З тае пары ў мяне толькі адно ў галаве. - Ён падцягнуў калені да падбародка і пачаў выкалупваць гразь між пальцаў ног. - І вось спытаўся я ў самога сябе: «Што цябе мучыць? Юрлівы сверб?» І сам адказваю: «Не, не сверб, а тое, што ўсё гэта грэх». І зноў пытаюся: «Як жа гэта так? Чалавек, поўны вялікай павагі да бога, павінен, здавалася б, як мул, упірацца, каб не ступіць на грэшны шлях, дык жа ж не - яму карціць хутчэй штаны расшпіліць». - Ён мерна паляпаў двума пальцамі па далоні, быццам акуратна кладучы на яе словы радком. - Кажу я сабе: «Можа, ва ўсім гэтым няма ніякага грэху? Можа, людзі і павінны быць такімі? Можа, дарэмна мы мардуем сябе, выганяючы д'ябла?» І згадаў я, як некаторыя сёстры сцябаюць сябе метровымі абрыўкамі правадоў. І падумаў: можа, ім гэта прыемна, можа, і мне прыемна сябе мучыць? Я ляжаў тады пад дрэвам, думаў, думаў ды заснуў. Прачынаюся, гляджу - ноч, апраметная цемра. Недзе паблізу скуголіць каёт. І раптам само сабой так голасна ў мяне вырвалася: «К чорту ўсё! Ніякага грэху на свеце няма, няма і праведнасці. Ёсць толькі тое, што людзі робяць. Адно без другога не існуе. У людзей некаторыя справы добрыя, некаторыя нядобрыя, вось і ўсё, і то з якога яшчэ боку на гэта паглядзець». - Кейсі змоўк і адарваў вочы ад далоні, на якой ён нібы раскладаў словы.

Джоўд слухаў прапаведніка з усмешкай, але позірк яго быў востры і ўважлівы.

- Ты сваю веру ўсю ператрос, - сказаў ён. - З усіх бакоў абсмактаў.

Кейсі зноў загаварыў, і ў голасе яго гучалі боль і разгубленасць.

- Я пытаюся ў сябе: «Што такое боскі дух і парыванне?» І адказваю: «Гэта любоў. Я так люблю людзей, што, бывае, сэрца крывёю абліваецца». Зноў пытаюся: «А Ісуса ты хіба не любіш?» Думаю, думаю і нарэшце кажу: «Не, я нікога з такім імем не ведаю. Гісторый розных пра яго чуў шмат, але люблю я толькі жывых людзей. Сэрца разрываецца ад любові да іх, і хочацца мне зрабіць усіх іх шчаслівымі, і таму прапаведую ім тое, што можа прывесці іх да шчасця». А потым... Ну і нагаварыў я табе чортаву прорву ўсяго. Табе, можа, дзіўна, што я такія брыдкія словы ўжываю? Ніякіх тут брыдкіх слоў, на мой погляд, няма. Так усе гавораць, усе людзі, і нічога дрэннага яны гэтымі словамі сказаць не хочуць. Ну, добра, хай. А цяпер я скажу табе яшчэ нешта, да чаго я сваім розумам дайшоў, толькі прапаведніку казаць такое - кашчунства, і таму я не маю права быць прапаведнікам, бо ўвесь час думаю пра гэта і веру ў гэта.

- Пра што ты? - спытаўся Джоўд.

Кейсі хітравата глянуў на яго.

- Калі твой слых разане, не крыўдуй, га?

- Я крыўдую, толькі калі мне нос расквасяць, - сказаў Джоўд. - Ну, што ты там такое надумаў?

- Разважаў я пра духа святога і пра Ісуса: «Чаго гэта мы ўсё горнемся да бога і да Ісуса? Можа, - думаў я, - мы проста людзей любім - мужчын і жанчын? Можа, дух святы - гэта і ёсць душа чалавечая, вось і ўсё. Можа, усе людзі разам і ўтвараюць адну вялікую душу і часцінку яе знойдзеш у кожным чалавеку?» Доўга сядзеў я так, думаў, думаў і раптам усё зразумеў, усім нутром, і так ува мне гэта і засталося.

Джоўд апусціў вочы, быццам яму было не пад сілу вытрываць шчыры позірк прапаведніка.

- З такімі думкамі ні ў якай царкве не ўтрымаешся, - сказаў ён. - За такія думкі цябе прагоняць з нашых краёў. Што людзям трэба? Паскакаць і павыць. Гэта ім самая вялікая ўцеха. Бабка наша, бывала, як пачне лямантаваць, рады ёй даць было нельга. Аднаго разу здаравеннага псаломшчыка кулаком з ног зваліла.

Кейсі задуменна пазіраў на Джоўда.

- Вось я хачу спытацца ў цябе пра нешта, - сказаў ён. - Душу мне гэта кроіць.

- Што ж, пытайся. Часам і я ў чым-небудзь разбіраюся.

- Вось што... - нерашуча пачаў прапаведнік. - Я хрысціў цябе найлепшым чынам у той дзень, калі боскае ззянне сышло на мяне. З вуснаў маіх словы Хрыстовы ліліся. Ты, пэўна, нічога не памятаеш, бо ўвесь час коску тую цягаў.

- Чаму ж не, памятаю, - адказаў Джоўд. - Гэта была Сюзі Літл. Праз год яна мне ледзь палец не адарвала.

- Дык вось... Пайшло табе на карысць тое хрышчэнне? Лепш табе зрабілася ад таго?

Джоўд, падумаўшы, адказаў:

- Н-не, я нават нічога не адчуў.

- Так... А шкоду табе гэта зрабіла? Толькі падумай.

Джоўд падняў з зямлі бутэльку і адпіў.

- Нічога я не адчуў - ні добрага, ні дрэннага. Мне тады проста весела было, больш нічога. - Ён падаў бутэльку прапаведніку.

Кейсі ўздыхнуў, прыгубіў бутэльку, потым паглядзеў, колькі ў ёй на дне засталося, і зрабіў яшчэ адзін маленькі глыток.

- Вось і добра, - сказаў ён. - А то я ўсё мучыўся - ці не нарабіў я сваім умяшаннем якой-небудзь шкоды людзям.

Джоўд глянуў на свой пінжак і ўбачыў чарапаху - яна выбралася на волю і ўжо спяшалася ў тым жа кірунку, у якім паўзла, калі ён падабраў яе. Джоўд паназіраў за ёю, тады ўстаў на ногі, падняў чарапаху з зямлі і зноў закруціў у пінжак.

- Ніякіх падарункаў дзецям не прыпас, - паясніў ён. - Хоць гэту старую чарапаху прынясу.

- Дзіўная рэч, - сказаў прапаведнік. - Якраз калі ты падышоў, я старога Тома Джоўда прыгадаў. Падумаў, ці не завітаць да яго. Я заўсёды лічыў яго бязбожнікам. Як ён там жыве, стары Том?

- Не ведаю. Чатыры гады я ўжо дома не быў.

- Хіба ён не пісаў табе?

Джоўд замяшаўся.

- Тата на пісьмы не вялікі мастак і наогул пісаць не ахвочы. Прозвішча сваё чын чынам падпіша, не горш за іншых, і нават аловак паслініць. Але пісьмаў не піша. Тата заўсёды казаў: чаго нельга выказаць голасам, таго і алоўкам не варта.

- Увесь гэты час ты па свеце бадзяўся? - запытаўся Кейсі.

Джоўд недаверліва глянуў на яго.

- А ты хіба нічога не ведаеш? Ва ўсіх газетах пра мяне пісалі.

- Нічога. А што? - Кейсі закінуў нагу на нагу і ссунуўся па ствале ніжэй. Дзень ужо зайшоў далёка за поўдзень, і сонца налівалася чырванню.

Джоўд, палагаднеўшы, сказаў:

- Казаць, дык адразу ўсё, і скончым з гэтым. Але калі б ты і цяпер яшчэ быў прапаведнікам, я асцярогся б расказваць, бо ты пачаў бы маліцца за маю душу. - Ён дапіў рэшту віскі і шпурнуў паўлітэрку ўбок, і пляскатая бутэлька мякка слізганула па пыле. - Я чатыры гады праседзеў у Макалестары.

Кейсі крута павярнуўся да яго і так насупіў бровы, што высокі яго лоб зрабіўся яшчэ вышэйшы.

- Табе неахвота пра гэта гаварыць, так? Я не буду распытвацца, што ты там такое нарабіў.

- Я і цяпер зрабіў бы тое самае, - сказаў Джоўд. - Я забіў аднаго малойчыка ў бойцы. Мы добра напіліся з ім на танцах. Ён нажом мяне пырнуў, я схапіў рыдлёўку і прыкончыў яго. Размажджэрыў яму галаву.

Бровы ў прапаведніка занялі сваё звычайнае месца.

- Значыць, саромецца табе няма чаго?

- Няма, - адказаў Джоўд. - Мне далі толькі сем гадоў, бо ён першы пачаў - пырнуў мяне нажом. Выпусцілі праз чатыры гады - умоўна.

- І ніхто з тваіх не пісаў табе ўсе чатыры гады?

- Чаму ж, пісалі. Два гады назад ад маці паштоўку атрымаў, а на мінулыя Каляды бабка прыслала. О, Езус, і смеху ж было ў нашай камеры! Паштоўка з малюнкам - ёлка ўся ў блішчынках, быццам снегам абсыпаная. І вершык:

 

У свята светлае Каляды

Будзь жыццю, хрыстосік, рады,

І пад ёлачку ты глянь.

Падаруначак дастань.

 

Бабка, відаць, і не чытала яго. Пэўна, у разносчыка купіла, выбрала самую прыгожую і бліскучую. Хлопцы ў камеры жываты надрывалі ад рогату. З таго дня ўсе мяне «хрыстосікам» дражнілі. А бабка і думаць не думала, што з мяне смяяцца будуць. Бачыць, святочная паштоўка, прыгожая, бліскучая, навошта чытаць? У той год, калі мяне пасадзілі, яна свае акуляры згубіла. Да гэтага часу, думаю, яшчэ шукае.

- А як абыходзяцца яны там з вамі, у Макалестары?

- Ды нядрэнна. Кормяць па гадзінах, адзяваюць чыста, і памыцца ёсць дзе. Без жанчын толькі цяжка. - Джоўд раптам засмяяўся: - У нас там неяк аднаго тыпуса ўмоўна выпусцілі. І месяца не прайшло, як ён праштрафіўся і зноў вярнуўся да нас. У яго спыталіся, чаму ён парушыў падпіску. А ён кажа: «Якога чорта! У бацькавай халупе выгод ніякіх. Ні табе электрычнасці, ні душа. І кніжак няма, і ежа паганая». Вярнуўся, кажа, бо тут хоць якія выгоды ёсць і жратва па гадзінах. На волі, кажа, адзін супраць цэлага свету - не ведаеш, што рабіць, куды падацца. І ён украў машыну і зноў сеў. - Джоўд дастаў свой капшук, падзьмуў на курыльную кніжачку, каб аддзяліць адзін бураваты лісточак, скруціў цыгарку. - Што ж, хлапец ён не дурны, - дадаў ён. - Як падумаў я ўчора, дзе ноч буду спаць, дык страх мяне ўзяў. Прыгадаўся мне ложак і той чокнуты, што з намі быў у камеры, падумаў: што ён цяпер робіць? У нас аркестр там быў. Добры струнны аркестр. Адзін казаў, што мы маглі б нават па радыё выступаць. А сёння раніцай прачынаюся і не ведаю - падымацца ці яшчэ рана. Ляжу і чакаю, калі пабудку дадуць.

Кейсі хмыкнуў:

- Гэтак можна і не пачуць, як лесапілка вішчыць.

Жаўтавата-пыльнае святло кранула зямлю пазалотай. Кукуруза ўся залацілася. Чародка ластавак пранеслася ў небе - відаць, да нейкай вады. Чарапаха ў Джоўдавым пінжаку зрабіла яшчэ адну спробу ўцёкаў. Джоўд перагнуў папалам брылёк кепкі, і цяпер брылёк стаў падобны на крывую дзюбу вароны.

- Ну, відаць, патупаю, - сказаў Джоўд. - Скварыцца на сонцы не вельмі люблю, але цяпер ужо не так пячэ.

Кейсі рашуча падняўся.

- Старога Тома я цэлы век не бачыў, - сказаў ён. - Даўно хацеў зірнуць, як ён там. Я ж колькі часу да вас хадзіў са словам божым, грошай ніколі не браў, глыну толькі чаго-небудзь...

- Гайда, - сказаў Джоўд. - Бацька табе рады будзе. Ён заўсёды казаў, што ў цябе дзюба занадта вялікая для прапаведніка. - Джоўд падняў з зямлі пінжак і шчыльней абкруціў ім чаравікі і чарапаху.

Кейсі падабраў свае парусінавыя туфлі і ўсунуў у іх босыя ногі.

- Я не такі смелы, як ты, - сказаў ён. - Чаго добрага, яшчэ на калючы дрот наступлю ў пыле ці на шкло. Страх як баюся палец парэзаць - няма нічога горшага.

Яны нерашуча пастаялі, перш чым пераступіць лінію ценю, і раптам рушылі наперад, як два плыўцы, што спяшаюцца дабрацца да другога берага. Шпарка прайшоўшы некалькі крокаў, яны сцішылі хаду і пайшлі няспешна, быццам у роздуме. Кукурузнае бадыллё кідала на дарогу косыя шэрыя цені, у паветры стаяў душны пах нагрэтага пылу. За кукурузным полем пачаўся цёмна-зялёны бавоўнік - цёмна-зялёнае лісце з зачаткамі насенных каробачак пад пялёнкай шэрага пылу. Усходы былі няроўныя - густыя ў западзінах, дзе даўжэй трымалася вільгаць, і зусім пляшывыя на высокіх месцах. Расліны ўпарта змагаліся з сонцам. А бліжэй да гарызонту далеч зацягнулася непрагляднай рудаватай смугой. Пыльная дарога адбягала ўдалечыню хвалістай стужкай. Вербы, што раслі па берагах ручая, збочвалі разам з ім на захад, а на паўночны захад ад іх няўроблены ўчастак зямлі ўшчыльную падыходзіў да нізкага і рэдкага кустоўя. Тхала распаленым пылам, паветра было такое сухое, што слізь у носе засыхала скарынкай, а з вачэй цяклі выратавальныя слёзы.

Кейсі сказаў:

- Бачыш, як добра падымалася кукуруза, пакуль яе пылам не засыпала? Багаты быў бы ўраджай.

- Кожны год, - сказаў Джоўд, - кожны год, як я сябе памятаю, выспяваў добры ўраджай, але ні разу так і не выспеў. Дзед казаў, што зямля толькі першыя пяць гадоў добра радзіла, пакуль яшчэ перагной ад старога пустазелля ў ёй заставаўся.

Дарога апусцілася па схіле ўзгорка і паднялася на другі пакацісты груд.

Кейсі сказаў:

- Адсюль да старога Тома будзе не болей за мілю. За трэцім узгоркам, здаецца, так?

- Правільна, - адказаў Джоўд. - Калі толькі дом наш не ўкралі, як некалі бацька зрабіў.

- Дом украў?

- Ага. Знайшлі пусты мілі за паўтары адсюль і ўкралі. Сям'я, што там жыла, перабралася ў іншае месца. Дзед, бацька і Ной, брат мой, хацелі перацягнуць увесь дом цалкам, ды ён не даваўся. Толькі з паловай справіліся. Таму ён у нас такі дзіўнаваты з аднаго боку. Рассеклі на дзве часткі, у адну палову ўпрэглі дванаццаць коней і два мулы і перавезлі на свой участак. Вярнуліся па другую палову - хацелі прыбудаваць яе да першай, але раней за іх туды паспеў Уінк Мэнлі са сваімі хлопцамі і з-пад носа сцягнуў тое, што засталося. Дзед з бацькам злыя хадзілі, як чэрці, ды неяк раз выпілі з Уінкам, і ўсе трое толькі за жываты трымаліся ад рогату. Уінк кажа: дом мой цяпер як жарабец, прыводзьце вашу палову, мы іх злучым, і, можа, ад іх добрыя «шпакоўні» пойдуць. Стары Ўінк, як вып'е, мог такое вытварыць! Пасля гэтага бацька і дзед моцна з ім пасябравалі. Знаходзілі любую магчымасць выпіць разам.

- Стары Том малайчына, - пагадзіўся Кейсі. Узнімаючы пыл, яны спусціліся па схіле ўзгорка і на пад'ёме запаволілі крок. Кейсі выцер рукавом лоб і зноў надзеў свой пляскаты капялюш. - Так, Том малайчына, - паўтарыў ён. - Блюзнер, але малайчына. Бывала, на маленнях, памятаю, прасякнецца святым духам зусім крышачку, а скача ледзь не пад столь. Калі ўжо старога Тома праняло, дык сцеражыся - а то нагамі затопча. Што племянны жарабок у стойле.

Яны ўзышлі на вяршыню наступнага ўзгорка, а там дарога апусцілася да крывога рэчышча ручая з няроўнымі, абсыпанымі берагамі, збарозненымі дажджавымі вымоінамі. Кладка была з камянёў. Джоўд асцярожна перабраўся басанож на другі бераг.

- Вось ты ўсё пра майго бацьку дзяўбеш, - сказаў Джоўд. - А ты паглядзеў бы на дзядзьку, калі яго хрысцілі на Поўлкавым падворку. Бегае, гойсае, скача. Перамахнуў нават цераз разлапісты куст вышынёй з піяніна. Раз! - туды пераскочыў; раз! - назад пераляцеў і вые, як здзічэлы сабака ў месячную ноч. Бацька лічыў сябе найлепшым скакуном ва ўсёй акрузе, і як убачыў гэта, аблюбаваў такі ж шырачэзны куст, удвая толькі вышэйшы, завішчаў не сваім голасам, як свіння, што бітым шклом апарасілася, пераскочыў з разбегу цераз куст і вывіхнуў правую нагу. Тут з яго дух божы і вылецеў. Прапаведнік усё лезе памаліцца, каб нага выправілася, а бацька кажа: не, ну яго к богу, падавай мне доктара. А дзе яго ўзяць, доктара? Дантыст тут нейкі бадзячы трапіўся, ну ён яму косць і ўправіў. А прапаведнік усё роўна за сваё - памаліўся-такі.

Яны паволі адолелі нястромкі пад'ём па другі бок яра. Цяпер, калі сонца хілілася на захад, спёка пачала спадаць, і хоць паветра па-ранейшаму было яшчэ гарачае, сонечныя промні абрыналіся ўжо з меншай сілай. Па краях дарогі стаялі такія ж крывыя калы з нацягнутым на іх калючым дротам. Справа драцяная загарадзь пайшла праз баваўнянае поле, але няспелы бавоўнік быў аднолькавы з абодвух бакоў - сухі, цёмна-зялёны, зацярушаны пылам.

Джоўд паказаў рукой на межавую загарадзь:

- Вось наша мяжа. Папраўдзе, агароджа нам была без патрэбы, але ў нас завёўся дрот, і бацьку закарцела абгарадзіць поле. Цяпер, кажа, адчуваеш: сорак акраў - гэта сорак акраў! Толькі не было б ніякай агароджы, каб неяк раз ноччу дзядзька Джон не прывёз у сваім фургоне цэлых шэсць шпуль дроту. Выменяў у бацькі на парася. Дзе ён узяў гэты дрот, так і засталося тайнай. - На пад'ёме яны пайшлі цішэй, цягнучы ногі па мяккім, глыбокім пыле і адчуваючы пад ступнямі зямлю. Вочы ў Джоўда нібы ўзіраліся ў мінулае. Здавалася, ён паціху пасмейваецца сам з сябе. - Дзівак у нас дзядзька, - сказаў ён. - Узяць хоць парася гэтае, - ён хіхікнуў і моўчкі пайшоў далей.

Кейсі нецярпліва чакаў, калі Джоўд зноў загаворыць. Але працягу не было. Ён даў Джоўду яшчэ трохі часу, каб сабрацца з думкамі, і нарэшце не вытрымаў і крыху раздражнёна спытаўся:

- Ну і што ж ён з парасём гэтым зрабіў?

- Га? А-а... Ну, ён тут жа, на месцы, закалоў яго і загадаў маці пліту распаліць. Тады выразаў адбіўных і паклаў на гарачую патэльню, а рэбры з кумпяком у духоўку засунуў. Адбіўныя з'еў, тым часам рэбры згатаваліся, а як рэбры абгрыз, кумпяк падрумяніўся. Узяўся за кумпяк - адхопіць нажом добры кавалак і пхае ў рот. Мы, дзеці, ад яго не адыходзім, клянчым, і ён, нарэшце, пачаставаў нас, а бацьку ні дробачкі не даў. Нарэшце так аб'еўся, што яго званітавала, і тады ён залёг спаць. Пакуль спаў, мы з бацькам з кумпяком тым расправіліся. Раніцай дзядзька Джон падымаецца і другі кумпяк бразь - у духоўку. Бацька пытаецца: «Няўжо, Джон, ты ўсяго падсвінка з'есці сабраўся?» А той кажа: «Сабраўся, Том. Баюся толькі, каб ён не пратух, перш чым я яго ў страўнік адпраўлю, а я тухляціны не ем, хоць і страшэнна люблю свініну. Пакладзі трохі сабе на талерку, а мне аддай назад дзве шпулі дроту». Ну, сэр, бацька мой не з дурных. Даў дзядзьку Джону абжырацца, а як надышоў час таму ехаць, яшчэ больш за палову засталося. Бацька і кажа: «Ты яе засаліў бы, Джон». Але ж дзядзька не такі: захоча свежаніны, дык ты яму цэлую свінню падавай, а наб'е жывот, нават паху яе не церпіць. Паехаў, а што засталося, бацька засаліў.

Кейсі сказаў:

- Калі б я быў, як раней, прапаведнікам, дык зараз жа вывеў бы з гэтага мараль і наставіў бы цябе на шлях ісцінны. Але больш пропаведзяў ніхто ад мяне ўжо не пачуе. Як думаеш, чаму ён гэтак зрабіў?

- Не ведаю, - адказаў Джоўд. - Проста прагны на свініну. Мне і самому, як успомніў, страшэнна захацелася. За ўсе чатыры гады толькі чатыры кавалкі смажанай свініны з'еў - па адным на кожныя Каляды.

Тонам прапаведніка Кейсі прамовіў:

- Можа, Том зарэжа адкормленае цяля свайму блуднаму сыну, як у Пісанні?

Джоўд пагардліва засмяяўся:

- Ты, браце, бацькі не ведаеш. Калі ён курыцу рэжа, дык не столькі крыку ад яе, колькі ад яго самога. Не можа ён такое рабіць. Свінню заўсёды беражэ на Каляды, а яна ў верасні задзірае капыты - ад перакорму ці ад хваробы якой, пасля чаго есці яе нельга. Затое дзядзька Джон, як захочацца яму свініны, дык наесца ўжо да адвалу. Свайго не прапусціць.

Яны падняліся на грэбень узгорка і ўнізе ўбачылі ферму Джоўдаў. Том спыніўся.

- Тут нешта не так, - сказаў ён. - Зірні на дом. Штосьці нядобра. Нідзе ні душы.

Абодва стаялі, пазіраючы на невялікую купку будынін.

 

РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ

 

Землеўласнікі пачалі наведвацца на свае землі, але часцей замест сябе пасылалі пасрэднікаў. Агенты гэтыя паяўляліся на палях у лімузінах, шчупалі і расціралі пальцамі сухую зямлю, а то заганялі ў глебу земляны бур і бралі пробу. З-за парканаў сваіх апаленых сонцам падворкаў арандатары з трывогай сачылі за лімузінамі, што снавалі ўздоўж палёў. Нарэшце пасрэднік уязджаў у двор і, не выходзячы з кабіны, заводзіў гутарку з арандатарам праз акенца. Падышоўшы да машыны, арандатары першыя хвіліны стаялі, потым апускаліся на кукішкі і вадзілі па пыле падабранымі з зямлі пруткамі.

Праз адчыненыя дзверы дамкоў вызіралі кабеты, а з-за іх спін цікавалі дзеці - светлавалосыя, пад колер кукурузы, дзеці з шырока расплюшчанымі вачамі, - пачухваючы пальцамі адной босай нагі галёнку другой. Жонкі і дзеці не спускалі вачэй са сваіх мужчын, якія размаўлялі з прадстаўнікамі гаспадароў зямлі, і зацята маўчалі.

Адны агенты гаварылі мякка, бо ім брыдка было рабіць тое, на што іх паслалі; другія - раздражнёна, бо ім брыдка было праяўляць жорсткасць, а трэція - холадна-спакойна, бо даўно ўжо зразумелі, што гаспадар павінен быць халодным і спакойным. І кожнага з іх учэпіста трымала нейкая неадольная сіла. Некаторыя з іх ненавідзелі матэматыку, якая даймала іх, другія баяліся сваёй матэматыкі, а іншыя абагаўлялі яе, бо ў ёй яны знаходзілі збавенне ад думак і чалавечых пачуццяў. Калі зямлёй валодаў банк ці фінансавая кампанія, агент гаварыў: банк ці кампанія хоча... адчувае патрэбу... настойліва патрабуе... не можа абысціся... быццам банк ці кампанія - нейкая пачвара, надзеленая розумам і пачуццямі, страшыдла, якое завабіла іх у свае цянёты. Агенты не неслі адказнасці за дзейнасць банкаў і кампаній, яны былі ўсяго толькі людзі, нявольнікі, а банкі - гэта ж машына! Яна і валадар. Сёй-той з агентаў нават нямала ганарыўся тым, што ён нявольнік такіх халодных і магутных валадароў. Агенты сядзелі ў машынах і тлумачылі людзям: вы ж ведаеце, зямля спустошылася. Бог ведае колькі ўжо гадоў вы капаецеся ў ёй.

Седзячы на кукішках, арандатары ківалі галовамі, гадалі і прыкідвалі, выводзячы ўзоры ў пыле, - ага, так, ведаем, далібог. Калі б зямлю не засыпала пылам, калі б не выветрываўся верхні пласт глебы, тады б яшчэ можна было цярпець...

Пасрэднікі гнулі сваё: вы ж ведаеце, што зямля з кожным годам яшчэ больш спусташаецца. Не мне вам казаць, што з ёю робіць бавоўна, - губіць, высмоктвае з яе ўсе сокі.

Арандатары згодна ківалі галовамі: яны ўсё разумеюць, бог сведка. Калі б увесь севазварот... зямля зноў налілася б сокамі.

Гэта праўда, але цяпер ужо позна. І агенты тлумачылі механіку дзеянняў і ход думак пачвары, што схапіла іх саміх такой мёртвай хваткай.

Чалавек можа сядзець на зямлі, нават калі яму хапае толькі на пракорм і на выплату падаткаў. Такое ж зусім магчыма.

Так, такое магчыма, пакуль не здарыцца неўраджай і не прыйдзецца браць пазыку ў банку. Але, разумееце, банку ці кампаніі трэба зусім не тое - яны ж не паветрам дыхаюць і ядуць не мяса. Яны дыхаюць прыбыткам, ядуць працэнты з капіталу. Калі ім гэтага не даць, яны памруць, як мы з вамі памерлі б без паветра і без ежы. Усё гэта сумна, але так яно ёсць. Нічога не зробіш.

Людзі, што сядзелі на кукішках каля лімузінаў, узнімалі вочы, намагаліся зразумець. А ці нельга яшчэ пабыць нам тут? Можа, наступны год выдасца ўраджайны? Адзін бог ведае, якая ўродзіцца бавоўна праз год. А войны? Хіба ўгадаеш цяпер, якія цэны будуць на бавоўну? З яе ж робяць узрыўчатку, ці не так? А абмундзіраванне? Будуць войны, і цэны на бавоўну падскочаць. Можа, ужо нават у наступным годзе. Арандатары пытальна ўзнімалі ўгору вочы.

На гэта разлічваць нельга. Банк - пачвара, яна бесперапынку павінна паглынаць падаткі. Чакаць ёй няможна. Бо памрэ. Не, падаткам не павінна быць спыну. Калі пачвара застыне ў росце, ёй смерць. Ёй нельга спыняць свой рост.

Выпеставаныя пальцы пачыналі пастукваць па нізе аконнай аправы ў кабіне; заскарузлыя пальцы мацней сціскалі пруткі, што нястомна чыркалі па пыле. Жанчыны ў дзвярах прапаленых сонцам хацін уздыхалі, пераступалі з нагі на нагу, адна ступня церла другую ступню, пальцы не пераставалі варушыцца. Сабакі падыходзілі да машын, абнюхвалі іх і адно за адным палівалі ўсе чатыры колы. Куры ляжалі на гарачым пыле, распушыўшы пер'е, каб сухі пыл дабраўся да самай скуры і пачысціў яе. А ў хлеўчуку над бруднымі рэшткамі пойла просьбітна рохкалі свінні.

Людзі, што сядзелі на кукішках, зноў апускалі вочы. Што ж вы ад нас хочаце? Хіба можна памяншаць нашу долю ўраджаю, мы і так галадаем. Дзеці ніколі дасыта не ядуць. Адзежы няма - адны лахманы. Калі б у суседзяў было лепш, мы ад сораму на малітоўныя сходы хадзіць перасталі б.

І нарэшце агенты гаспадароў раскрывалі ўсю паднаготную. Арэнда сябе не апраўдала. Адзін чалавек на трактары можа замяніць дванаццаць - чатырнаццаць фермерскіх сем'яў. Плаці яму жалаванне і забірай сабе ўвесь ураджай. Мы вымушаны так рабіць. Мы ідзём на гэта неахвотна. Бо пачвара занядужала. З ёю здарылася нешта нядобрае.

Вы ж бавоўнай зямлю загубіце.

Мы ведаем. Нам трэба паспець зняць некалькі ўраджаяў, перш чым загіне зямля. Потым мы пусцім яе ў продаж. Шмат сем'яў ва ўсходніх штатах захочуць купіць тут участак.

Арандатары спалохана падымалі вочы да кабін. А з намі што будзе? Як мы пракормімся?

Вам давядзецца пакінуць свае ўчасткі. Плугі пройдуцца проста па вашых дварах.

І тады арандатары ў гневе падымаліся з кукішак і станавіліся ва ўвесь рост. Мой дзед першы прыйшоў на гэтую зямлю, ён ваяваў з індзейцамі і прагнаў іх адсюль. А бацька тут нарадзіўся і таксама ваяваў - з пустазеллем і змеямі. Потым абрынуўся няўрод, і бацька ўзяў у пазыку крыху грошай. І наша тут таксама радзіма. Вунь, бачыце, у дзвярах нашы дзеці? І яны нарадзіліся тут, у гэтым доме. Бацька быў вымушаны ўзяць пазыку. І тады зямля перайшла да банка, але мы засталіся на ёй, і нам крыху перападала з таго, што мы вырошчвалі.

Нам гэта добра вядома. Вельмі добра вядома. Мы тут ні пры чым, усё гэта банк. А банк не чалавек. І гаспадар, у якога пяцьдзесят тысяч акраў, таксама не чалавек. Ён - пачвара.

Яно так, казалі арандатары, але ж зямля гэта наша. Мы абмерылі яе, мы ўзаралі цаліну. Мы нарадзіліся на ёй, на ёй гібелі, на ёй паміралі. Няхай зямля высілілася - усё роўна яна наша. Яна наша таму, што мы на ёй нарадзіліся, яе ўраблялі, на ёй паміралі. Вось што дае права ўладаць ёю, а не паперка з нейкімі там лічбамі.

Нам вельмі шкада, але мы што? Гэта ўсё яна - пачвара. У банку няма нічога чалавечага.

Яно так, але ж банк складаецца з людзей.

Не, вы памыляецеся, вы груба памыляецеся. Банк і людзі - розныя рэчы. Бывае, што людзям, кожнаму з іх, ненавісна тое, што робіць банк, і, аднак, банк робіць сваю справу. Паверце, банк - гэта нешта большае, чым людзі. Банк - пачвара. Ствараюць яго людзі, але ўправіцца з ім не могуць.

Арандатары абураліся: дзед тут ваяваў з індзейцамі, бацька знішчаў змеяў, змагаючыся за гэту зямлю. Можа, трэба знішчыць банкі - яны страшнейшыя за індзейцаў і змеяў. Можа, давядзецца ваяваць за сваю зямлю, як ваявалі нашы дзед і бацька.

І тут пачыналі ўжо абурацца агенты гаспадароў. Прыйдзецца вам ехаць адсюль.

Дык жа зямля гэтая наша, усклікалі арандатары. Мы...

Не, не ваша. Яна належыць банку-пачвары. Вам прыйдзецца ехаць.

Мы выйдзем са стрэльбамі, як дзед наш выходзіў насустрач індзейцам. Што тады?

Што ж - спачатку прыйдзе шэрыф, потым - войска. Калі ўчэпіцеся за свае ўчасткі - вы грабежнікі, а за стрэльбы возьмецеся - вы забойцы, і так і гэтак вы - злачынцы. Банк - пачвара, не чалавек, але можа прымусіць чалавека рабіць, што захоча.

А калі нам ісці, дык куды? І як мы пойдзем адсюль? У нас грошай няма.

Вельмі шкада, гаварылі агенты. Банка - уладальніка пяцідзесяці тысяч акраў - гэта не датычыць. Вы седзіце на зямлі, якая вам не належыць. Дзе-небудзь у іншых штатах вы, можа, увосень ноймецеся на збор бавоўны. Магчыма, атрымаеце дапамогу. А чаму б вам не падацца ў Каліфорнію? Там заўсёды ёсць праца і ніколі халадоў не бывае. Там варта толькі руку працягнуць - і рві апельсіны. У Каліфорніі заўсёды што-небудзь збіраюць - толькі працуй. Чаму б вам не перасяліцца туды? І агенты запускалі маторы і ад'язджалі.

Арандатары зноў апускаліся на кукішкі і вадзілі пруткамі па пыле, прыкідвалі, разважалі. Асмаленыя спёкай цёмныя твары, вылінялыя ад няшчаднага сонца вочы. Жанчыны асцярожна спускаліся з ганка і шлі да мужоў, за імі баязліва краліся дзеці, гатовыя ў любы момант пусціцца наўцёкі. Старэйшыя сыны садзіліся на кукішкі побач з бацькамі - гэта дае табе адчуванне, што ты ўжо мужчына. Крыху счакаўшы, жанчыны пыталіся: чаго ён прыязджаў?

Мужчыны на імгненне адрывалі позірк ад зямлі, і ў вачах у іх таіўся боль. Давядзецца ехаць адсюль. Трактар, упраўляючы - тут будзе ўсё, як на фабрыцы.

Куды ж мы паедзем? - пыталіся жанчыны.

Хто ж ведае? Хто ведае?

Жанчыны таропка і моўчкі вярталіся ў хаціны, гонячы перад сабой чародку дзяцей. Яны ведалі: калі мужчыну бярэ такая крыўда, такая роспач, ён можа сарваць злосць на дарагіх яму людзях. Яны пакідалі мужчын адных - няхай думаюць, няхай мяркуюць, дапамагаючы сабе чырканнем па пыле.

Неўзабаве арандатар азіраўся навокал - кідаў позірк на пастаўленую яшчэ дзесяць гадоў назад вадакачку з доўгай, як гусіная шыя, помпай; на калоду, на якой паклала галаву не адна сотня курэй; на плуг пад паветкай і на падвешаную да бэлькі кармушку ўласнага вынаходства.

А ў хаце жанчын абкружалі дзеці. Што ж мы рабіць будзем, мама? Куды мы цяпер?

Жанчыны адказвалі: ніхто яшчэ нічога не ведае. Ідзіце, гуляйце. Толькі да таты блізка не падыходзьце. А то ён можа і набіць вас, калі не ў пару падлезеце. І жанчыны зноў браліся за працу, але ні на момант не спускалі вачэй з мужоў, што сядзелі на кукішках у пыле, збянтэжаныя і апанаваныя трывожнымі думкамі.

Трактары ехалі па дарогах і збочвалі на палі - вялізныя машыны на гусенічным хаду. Яны паўзлі, як насякомыя, і, як насякомыя, былі неверагодна энергічныя. Яны паўзлі па зямлі - апускалі гусеніцы, каціліся па іх і падбіралі іх ззаду. Дызельныя маторы пафырквалі, калі працавалі ўхаластую, а калі трактары краналіся з месца, маторы ўзнімалі аглушальны роў, які паступова пераходзіў у аднастайны рокат. Жалезныя страшыдлы ўздымалі клубы пылу і, пратыкаючы іх сваімі тупымі рыламі, ішлі напрасткі па мясцовасці, удоўж і ўпоперак, скрозь агароджы, праз двары, ныралі ў яры і вынырвалі з іх, не адхіляліся ў бакі. Ім было няважна - ёсць дарога ці няма, яны самі пракладвалі сабе дарогу. Ім было ўсё хоць бы што - узгоркі, лагчыны, канавы, агароды, будынкі.

Чалавек на жалезным сядзенні не падобны быў на чалавечую істоту: рукавіцы, вялікія акуляры, гумавая маска ад пылу на носе і роце - ён здаваўся часткай гэтай махіны, робатам. Грукат цыліндраў разносіўся па ўсёй акрузе, пранізваў паветра і зямлю, і зямля і паветра адгукаліся гулам і здрыгаліся ў лад яму. Трактарыст не меў улады над машынай - яна ішла напрасткі, кроячы дзесяткі фермаў, і таксама напрасткі вярталася назад. Лёгкі перавод рычага - і гусеніцы павярнулі б убок, але рука трактарыста не магла перавесці рычаг, бо пачвара, што стварыла трактар і паслала яго сюды, завалодала рукамі трактарыста, яго мозгам, яго мускуламі, начапіла яму шоры, надзела наморднік - шорамі зацямніла яму розум, наморднікам прыглушыла словы, зацямніла свядомасць, прыглушыла пратэст. Ён не бачыў зямлі такой, якой яна была, не мог адчуць яе сапраўднага паху; ногі яго не разміналі камякоў гэтай зямлі, не адчувалі яе цеплыні, яе сілы. Ён сядзеў на жалезным сядзенні, ногі стаялі на жалезных педалях. Ён не мог ні падбадзёрваць, ні біць, ні лаяць, ні падганяць гэту жалезную сілу і таму не мог ні падбадзёрваць, ні біць, ні падганяць самога сябе. Гэтай зямлі ён не ведаў, не валодаў ёю, у яе не верыў, ні аб чым яе не прасіў. Калі кінутае ў зямлю зерне прарастала, яго гэта не тычылася. Калі маладыя атожылкі вялі ў засуху ці гінулі ад праліўных дажджоў, трактарыста гэта хвалявала так мала, як і сам трактар.

Зямлю гэтую ён любіў не болей, чым любіў яе банк. Ён мог захапляцца трактарам - яго адшліфаванымі паверхнямі, яго магутнай сілай, выццём яго цыліндраў, але трактар не належаў яму. Трактар цягнуў за сабой бліскучыя дыскі, якія рэзалі зямлю вострымі лёзамі - не ворыва, а хірургічная аперацыя; узняты пласт падаў направа, а другі рад дыскаў крышыў яго і валіў налева. Вострыя лёзы ззялі, адпаліраваныя зямлёй, у якую яны ўгрызаліся. А за дыскамі ішлі бароны, жалезнымі зубамі прачэсвалі зямлю - разбівалі дробныя камякі і пакідалі за сабой гладкую паверхню. Следам за бараной цягнулася сеялка - дванаццаць жалезных дзетародных членаў, выкаваных на заводзе, па волі механізмаў вывяргалі семя, метадычна і бясстрасна гвалтуючы зямлю. Трактарыст сядзеў на жалезным сядзенні і ганарыўся прамымі барознамі, пракладзенымі міма яго жадання, ганарыўся трактарам, да якога не адчуваў любові і які яму не належаў, ганарыўся сілай, над якой не меў улады. А калі ўраджай выспяваў і яго збіралі, ніхто не размінаў гарачых камякоў зямлі пальцамі, не прасейваў яе між імі. Нічые рукі не дакраналіся да насення, ніхто з заміраннем сэрца не чакаў новых усходаў. Людзі елі тое, што яны не вырошчвалі, паміж імі і хлебам знікла сувязное звяно. Зямля радзіла пад жалезам і пад жалезам паволі памірала; яе ні любілі, ні ненавідзелі, да яе не звярталіся ні з малітвай, ні з праклёнамі.

 

Апоўдні трактарыст спыняўся каля фермерскага дамка і даставаў сняданак - сандвічы, загорнутыя ў васкаваную паперу: белы хлеб з марынаваным агурком, з сырам, з каўбасой і торцік з кляймом, як на дэталі машыны. Ён еў без смаку. А яшчэ не выселеныя арандатары выходзілі да яго з дамоў, з цікавасцю пазіралі, як ён знімае акуляры і гумавую маску, пад якімі засталіся белыя кружкі вакол вачэй і вялікі белы круг вакол носа і рота. Выхлапная труба ціха пафырквала, бо гаручае каштавала танна і не было ніякага сэнсу выключаць дызель, каб потым зноў праграваць яго. Цікаўныя дзеці абступалі яго чародкай, абарваныя дзеці з аладкамі ў руках. Яны адкусвалі па кавалачку і прагнымі вачамі сачылі, як трактарыст раскручвае з паперы сандвічы, завостранымі ад голаду насамі ўдыхалі пах агуркоў, сыру, каўбасы. Яны не загаворвалі з трактарыстам, толькі ўважліва сачылі за рукой, што падносіла ежу да рота. Яны не глядзелі, як ён жуе, - іх вочы не адрываліся ад рукі, у якой ён трымаў сандвіч. А неўзабаве падыходзіў арандатар, які адмаўляўся пакідаць свой участак, прысаджваўся на кукішкі ў цяні трактара.

- Ці не сын ты Джона Дэвіса?

- Ён самы, - адказваў трактарыст.

- Навошта ж ты пайшоў на такую работу - супраць сваіх?

- Тры даляры ў дзень. Надакучыла поўзаць перад кожным з-за кавалка хлеба. У мяне жонка і дзеці. Трэба ж нешта есці. Тры даляры ў дзень і пастаянная праца.

- Усё так, - гаварыў арандатар. - Але праз твае тры даляры пятнаццаць ці дваццаць сем'яў сядзяць галодныя. Ледзь не сотні людзей давялося зняцца з месца, і цяпер усе яны блукаюць па дарогах. Усё праз твае тры даляры ў дзень. Ці ж гэта справядліва?

Трактарыст адказваў:

- Я пра ўсіх думаць не магу. Мая справа думаць пра сваіх дзяцей. Тры даляры ў дзень і пастаянна. Цяпер зусім іншы час, містэр, хіба не ведаеце? Калі ў цябе няма двух, пяці, дзесяці тысяч акраў зямлі і трактара, на жыццё не заробіш. Такой драбязе, як мы з вамі, няма чаго і думаць пра свой участак. Вы ж не станеце скандаліць з тае прычыны, што не можаце выпускаць «форды» альбо кіраваць тэлефоннай кампаніяй? Тое самае і з зямлёй. Нічога не зробіш. Пашукайце лепш дзе-небудзь работу за тры даляры ў дзень. Адзінае выйсце.

Арандатар пачынаў разважаць:

- Дзіўная справа: калі ў чалавека ёсць маленькі ўчастак, ён з зямлёю гэтай як бы адно цэлае, яна - частка яго самога, усё роўна - што ён, што яна. Ён ходзіць па сваёй зямлі, прыкладае да яе свае рукі, бядуе, калі яна дрэнна родзіць, калі яе залівае дажджом, бо ён і зямля - адно цэлае, толькі ён адчувае сябе мацнейшым за яе, таму што ён - гаспадар. Нават калі ўдача яго абмінае, ён усё роўна, калі мае зямлю, адчувае над ёю сваю сілу. Вось яно як.

Арандатар працягваў думаць уголас:

- А калі ў цябе вялікі зямельны ўчастак, ты яго не можаш нават вокам акінуць, не маеш часу памацаць зямлю сваімі пальцамі, адчуць яе пад нагамі, і гаспадаром робіцца не чалавек, а зямля. Чалавек не вольны рабіць тое, што хоча, не вольны думаць, як хоча. Зямля мацнейшая за яго, яна - гаспадар. А чалавек робіцца маленькім. Уладанні яго вялікія, але ён толькі прыслугоўвае ім. І гэта таксама праўда.

Трактарыст дажоўваў аштампаваны торт і кідаў скарынку ўбок.

- Час цяпер іншы, хіба не ведаеш? З такімі думкамі ў галаве дзяцей не пракорміш. Зарабляй свае тры даляры ў дзень, кармі сям'ю. Трывожыцца за чужых дзяцей не твая справа. А то пойдзе пра цябе дрэнная пагалоска, і тады не бачыць табе і гэтых трох даляраў. Думай толькі пра свае тры даляры, ні пра што іншае, а не, дык заправілы не дадуць табе і іх.

- Праз твае тры даляры мо сотня людзей блукае па дарогах. Куды нам дзецца?

- Добра, што нагадаў, - ажыўляўся трактарыст. - Выбірайцеся хутчэй. Пасля абеду я заару ваш двор.

- Калодзеж ты яшчэ раніцай заваліў.

- Ага. Баразну трэба весці роўна. Вось пад'ем і заару двор. Барозны павінны быць прамыя. І яшчэ... раз ты ўжо ведаеш майго старога, Джо Дэвіса, дык я, няхай сабе, скажу. На выпадак, калі арандатарская сям'я яшчэ не выехала, у мяне ёсць загад... Ну, усякае бывае... сам разумееш: пад'ехаў крыху заблізка да дома, лёгенька крануў яго трактарам... і за гэта мне якія два лішнія даляры. Малодшанькі мой яшчэ ніколі не насіў чаравікаў.

- Я сваімі рукамі будаваў гэты дом. Выраўноўваў старыя цвікі на абшыўку. Дротам прыкручваў кроквы да бэлек. Дом мой. Я сам яго будаваў. Пасмей толькі яго паваліць! Я стану ў акне са стрэльбай. Толькі паспрабуй пад'ехаць блізка, і я падстрэлю цябе, як труса.

- А я тут пры чым? Ад мяне нічога не залежыць. Калі я не выканаю загаду, мяне з работы прагоняць. А цяпер падумай... Ну, дапусцім, ты заб'еш мяне. Цябе павесяць, але яшчэ задоўга да таго, як на шыю табе накінуць пятлю, сюды з'явіцца другі трактарыст і паваліць твой дом. Не таго ты збіраешся забіваць, каго трэба.

- Усё так, - гаварыў арандатар. - А хто даў табе такі загад? Я да яго дабяруся. Вось з кім трэба канчаць.

- Зноў памыляешся. Ён сам атрымаў такі загад ад банка. Банк сказаў яму: «Усіх прагнаць, а не, дык вас з работы прагонім».

- Значыць, дырэктар банка... Ці праўленне. Наб'ю магазін патронамі і пайду са стрэльбай у банк.

Трактарыст гаварыў:

- Ад аднаго чалавека я чуў, што банк атрымлівае загады з усходу краіны. Апошні загад быў такі: «Дамажыцеся, каб зямля давала прыбытак, інакш мы вас закрыем».

- Дзе ж канец? У каго страляць? Перш чым памерці з голаду, я заб'ю таго, хто давёў мяне да галоднай смерці.

- Не ведаю. Можа, страляць і няма ў каго. Можа, людзі тут не вінаватыя. Можа, ты праўду кажаш: зямля сама імі распараджаецца. Ва ўсякім разе, я папярэдзіў цябе.

- Трэба падумаць, - гаварыў арандатар. - Усім нам трэба добра падумаць. Не навальніца ж гэта і не землятрус. Зло ўчынена людзьмі, і людзі павінны яго выправіць.

Арандатар адыходзіў ад трактара і садзіўся на ганак, а трактарыст запускаў грымлівы матор і кранаўся з месца. Гусеніцы апускаліся і, выгінаючыся, падымаліся, барана прачэсвала зямлю, сеялкі гвалцілі зямлю. Трактар перасякаў двор, і цвёрдая, утаптаная зямля ператваралася ў засеянае поле; трактар паварочваў, і неўзараная паласа звужалася да дзесяці футаў. Трактар рабіў новы заход, жалезны буфер угрызаўся ў вугал, крышыў сцяну, зрываў дамок з фундамента, і той валіўся набок, расціснуты, як казюлька. Трактарыст быў у аўтамабільных акулярах, гумавая маска закрывала яму нос і рот. Трактар ішоў напрасткі, зямля і паветра дрыжалі ад грукату матора. Арандатар пазіраў яму ўслед са стрэльбай у руцэ. Поплеч стаяла жонка, ззаду - прыціхлыя дзеці. І ўсе пазіралі ўслед трактару.

 

РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ

 

З вяршыні ўзгорка прапаведнік Кейсі і Том Джоўд пазіралі ўніз, на сядзібу Джоўдаў. Маленькі нефарбаваны дамок з праламаным вуглом ляжаў на баку, ссунуты з падмурка, і сляпымі пярэднімі вокнамі глядзеў у неба значна вышэй рысы далягляду. Агароджы як не было, і бавоўна расла на самым двары, шчыльна падступала да паваленага дома, акружала свіран. Прыбіральня таксама валялася на баку сярод кустоў бавоўны. Двор, колісь утаптаны босымі нагамі дзяцей, конскімі капытамі і шырокімі коламі фургона, быў цяпер узараным, уробленым полем, што зарасло цёмна-зялёным запыленым бавоўнікам. Том Джоўд доўга глядзеў на касмыкаватую вярбу каля рассохлага вадапойнага карыта для коней, на бетонную аснову, на якой раней стаяла помпа вадакачкі.

- О, Езус! - нарэшце вымавіў ён. - Чорт ведае што тут было! Нідзе ні жывой душы.

Ён паспешліва спусціўся па схіле, следам за ім - Кейсі. Зазірнуў у свіран - пуста, на падлозе рассыпана сечка. Глянуў у кут на стойла мула; калі зазірнуў туды, нешта зашаргацела па падлозе - гэта мышыны вывадак шмыгнуў, хаваючыся ад яго, пад салому. Джоўд спыніўся каля ўвахода ў паветку для гаспадарчых прылад - нічога, акрамя зламанага лемяша, клубка зблытанага вязальнага дроту ў кутку, жалезнага кола ад сенавалакушы, згрызенага мышамі хамута для мула, пляскатай бляшанкі з-пад машыннага масла, пакрытай засохлай сумессю масла і гразі, і падранага камбінезона на цвіку.

- Нічога не засталося, - сказаў Джоўд. - А ў нас было добрае гаспадарчае начынне. Не засталося нічога.

Кейсі сказаў:

- Калі б я быў яшчэ прапаведнікам, я вось бы як разважыў: гэта рука божая вас пакарала. А цяпер проста не ведаю, што і казаць. Даўно я тут не быў. І нічога такога не чуў.

Яны пайшлі да бетоннага века калодзежа - проста праз бавоўнік, на якім завязаліся ўжо каробачкі, усё дварышча было ўзарана і засеяна ім.

- Мы тут ніколі нічога не садзілі і не сеялі, - сказаў Джоўд. - Двор быў як двор. А цяпер тут з канём і не павернешся, адразу ўсё патопча.

Яны спыніліся каля сухога вадапойнага карыта; травы, што звычайна расце ў такіх месцах, ужо не было, і тоўстая старая калода рассохлася і патрэскалася. На веку калодзежа тырчалі балты, да якіх раней мацавалася помпа, разьба заржавела, гаек не было. Джоўд зазірнуў у калодзеж, плюнуў і прыслухаўся.

- Добры быў калодзеж, - прамовіў ён. - А цяпер без вады. - Яму, відаць, не хацелася падыходзіць да дома. Стоячы ля калодзежа, ён кідаў у яго камяк зямлі за камяком. - Можа, усе памерлі? Дык я пачуў бы пра гэта. Хто-небудзь сказаў бы мне.

- А можа, яны пакінулі ў доме пісьмо ці што-небудзь такое. Ці маглі яны дазнацца, што цябе выпускаюць?

- Не ведаю, - адказаў Джоўд. - Малаверагодна. Мне самому толькі тыдзень назад сказалі.

- Давай глянем у дом. Вунь як ён скасабочыўся. Здорава яго дзеўбанулі!

Яны паволі пайшлі да пахіленага дамка. Два слупы, што падпіралі стрэшку над ганкам, былі вывернуты, і стрэшка ўткнулася адным краем у зямлю. Вугал дома быў праламаны, праз расшчэпленыя дошкі віднеўся кутні пакой. Уваходныя дзверы адвіслі ўсярэдзіну, а нізкая моцная загарадка перад імі адкінулася на скураных завесах у другі бок.

Джоўд ступіў на ніжнюю прыступку ганка - тоўсты брус дванаццаць на дванаццаць цаляў.

- Ганак на месцы, - сказаў Джоўд. - Але ў доме нікога... ці, можа, маці памерла. - Ён паказаў на загарадку. - Калі б маці была недзе тут, загарадка была б на засаўцы, - позірк яго пацяплеў. - Усё з таго дня, як у Джэйкабсаў свіння з'ела дзіцянё. Мілі Джэйкабс пайшла па нешта ў свіран. Вяртаецца, а свіння дзіця ўжо даядае. Мілі была цяжарная і так зайшлася ад крыку і енку, што з розуму кранулася. Так і засталася ненармальная. А маці нашай гэта паслужыла перасцярогай. Ніколі загарадку зачыніць не забывалася. Значыць, так... з'ехалі або памерлі. - Ён падняўся на развернуты ганак і глянуў у кухню. Шыбы ўсе паразбіваныя, на падлозе каменне, масніцы і сцены перакошаныя, на ўсім тонкі пласт пылу. Джоўд паказаў рукой на асколкі шкла і каменне. - Дзеці, - сказаў ён. - Яны дваццаць міль прабягуць, абы акно дзе выбіць. Я сам такі быў. Яны нюхам чуюць, дзе пустуе дом. Ледзь толькі хто выедзе, яны - раз! - і там. - На кухні было пуста - ні стала, ні табурэткі, ад пліты толькі след, праз круглую адтуліну коміна свіціцца неба. На палічцы над зліўной ракавінай - штопар і відэлец без тронкаў. Асцярожна ступаючы, Джоўд прабраўся ў пакой, і пад ім застагналі дошкі. Каля самай сцяны на падлозе валяўся стары нумар штотыднёвіка «Леджэр» з пажаўцелымі, загнутымі ў ражках старонкамі. Джоўд зазірнуў у спальню - ні ложка, ні крэслаў. На сцяне каляровая ілюстрацыя - дзяўчына-індыянка, подпіс: «Чырвонае Крыло». Каля сцяны жалезная перакладзіна ад ложка, у куце - высокі жаночы чаравік на гузіках з задраным угору наском і дзіркай у пад'ёме. Джоўд падняў яго, з усіх бакоў агледзеў.

- Яго я памятаю, - сказаў ён. - Ён мамін. Зусім разваліўся. Яна яго шмат гадоў насіла. Яе любімыя чаравікі. Цяпер ясна - яны паехалі... і ўсё з сабой пазабіралі.

Сонца апусцілася нізка, і цяпер яго промні пранікалі ў пакой праз верх нахіленых вокнаў і паблісквалі на вострых тарцах пабітых шыб. Нарэшце Джоўд павярнуўся і выйшаў. Спусціўся з ганка, сеў на яго, паставіўшы ногі на шырокую ніжнюю прыступку. Па палях разлівалася вячэрняе святло, ад кустоў бавоўны падалі на зямлю доўгія цені, палыселая вярба таксама адкідала выцягнуты цень.

Кейсі прысеў каля Джоўда.

- Няўжо яны зусім нічога табе не пісалі? - запытаўся ён.

- Не. Я ж казаў табе. Яны не з тых, што пішуць пісьмы. Бацька мог бы, але не хацеў. Ён не аматар пісаць. Ад адной толькі думкі пра гэта яго ў дрыжыкі кідала. Бланк якога-небудзь заказу ён запоўніць табе не горш, чым хто іншы, а каб ліст напісаць - нізашто.

Яны сядзелі побач, пазіраючы ўдалячынь. Джоўд паклаў свой згорнуты пінжак каля сябе. Рукі яго машынальна скруцілі цыгарку, разгладзілі яе і запалілі; ён глыбока зацягнуўся і пусціў дым праз нос.

- Нешта тут нядобрае, - сказаў ён. - А што такое, даўмецца не магу. Розная дрэнь у галаву лезе. Дом павалены, нікога няма...

Кейсі сказаў:

- Вунь там канава была, у якой я вас хрысціў. Ты хлопчык някепскі быў, толькі дужа натурысты. Учапіўся дзяўчынцы той у коскі, як бульдог. Я вас - хрысціць у імя духа святога, а ты яе не адпускаеш. Стары Том кажа: «Ты яго з галавой». Я і піхнуў цябе пад ваду, і ты, толькі калі ўжо бурбалкі пачаў пускаць, пальцы расчапіў. Нядрэнны ты быў, толькі вельмі ўпарты. З такіх вось малых часцяком адчайныя мужчыны вырастаюць.

Худая кошка, крадучыся, выйшла са свірна, прабралася праз кусты бавоўніку і падышла да ганка, бясшумна скокнула на яго і, нізка прынікшы да насцілу, падпаўзла да людзей. Спынілася між імі крыху ззаду і распластала на дошках хвост, паторгваючы кончыкам. Яна сядзела, пазіраючы ўдалячынь, - туды ж, куды глядзелі людзі. Джоўд азірнуўся.

- А божухна! - усклікнуў ён. - Глянь, хто тут! Выходзіць, усё ж такі нехта застаўся. - Джоўд працягнуў руку да кошкі, але тая адскочыла, села крыху далей, падняла лапку і пачала лізаць падушачкі. Джоўд здзіўлена пазіраў на яе. - Цяпер я ведаю, што тут было, - раптам сказаў ён. - Кошка падказала мне, якая ў нас тут бяда ўчынілася.

- Калі б толькі тут... - прамовіў Кейсі.

- Ага. Не толькі ў нас, на нашай ферме. Чаму кошка не пайшла да суседзяў - да Рэнсаў? І чаму ніхто не садраў абшыўкі з дома? Ён ужо тры ці чатыры месяцы пустуе, а ніхто ні дошчачкі не ўзяў. Свіран з добрых тоўстых дошак, на доме не горшыя, аконныя рамы на месцы - ніхто не паквапіўся. Так не бывае. Гэта мне і было дзіўна, і я ўсё галаву ламаў - што такое здарылася?

- І да чаго дадумаўся? - Кейсі нахіліўся, зняў з ног туфлі, паставіў босыя ступні на прыступку і паварушыў доўгімі пальцамі.

- Толкам ні да чога. Думаю, і суседзяў нікога не засталося. Ці ж уцалела б уся гэтая габлёўка, калі б хто з іх астаўся? Дзе там! Неяк раз на Каляды паехаў Альберт Рэнс у горад Аклахому - з усім кодлам: з жонкай, дзецьмі, з сабакамі і ўсякай там усячынай. У госці да стрыечнага брата выбраўся. А суседзі падумалі, што Альберт зусім з'ехаў, нікому ні слова не сказаўшы, - можа, ад крэдытораў ратаваўся ці ад якой помслівай жанчыны ўцёк. Праз тыдзень вяртаецца, а ў хаце пусценька - ні пліты, ні ложкаў, вокны без рам, у сцяне з паўднёвага боку прарэха ў восем футаў - пакой проста з двара ўвесь перад вачамі. Пад'язджае Альберт да дома, а М'юлі Грэйуз дзверы і калодзежную помпу вывозіць. Потым Альберт тыдні два хадзіў па суседзях - дабро сваё збіраў.

Кейсі з асалодай пачухаў голыя пальцы ног.

- А ніхто не заўпарціўся? Так усё і аддалі?

- Аддалі, а што? Яны ж не кралі. Думалі, што ён зусім паехаў, ну і ўзялі хто што. Ён назад усё ў іх забраў, акрамя падушкі ад канапы з вышытым індзейцам. Альберт усё казаў, што дзед наш яе ўзяў. Маўляў, у жылах у яго індзейская кроў, вось і пацягнула яго на падушку тую. Што ж, дзед наш і праўда ўзяў яе, толькі напляваць яму было, што там індзеец. Проста старому яна дужа спадабалася. Паўсюль цягаў яе з сабой - дзе сядзе, там пад сябе і падсоўвае. Так і не аддаў Альберту. Кажа: «Калі яму без падушкі гэтай жыццё не міла, няхай прыходзіць. Толькі каб са стрэльбай, а не, дык я мазгаўню яму знясу, калі сунецца да мяне па сваю падушку». Пад канец Альберт здаўся і падарыў дзеду падушку. А неяк раз дзеду яшчэ ўбілася ў галаву. Пачаў курынае пер'е збіраць. Надумаў пярыну сабе на ложак зрабіць. Ды толькі ў яго з гэтага нічога не выйшла. Якраз завёўся ў нас пад домам скунс - бацька ашалеў ад злосці. Гакнуў яго брусом два на чатыры, каб не смярдзеў, а маці ўсё пер'е дзедава спаліла, каб дух паганы адбіць, а то проста хоць з дому ўцякай. - Джоўд засмяяўся. - Дзед у нас крутога нораву. Сядзіць, бывала, на падушцы і кажа: «Няхай Альберт толькі заявіцца. Я, кажа, блазнюка гэтага навыварат выверну, як споднікі».

Кошка зноў падкралася да людзей і села між імі, выцягнуўшы на дошках ганка хвост і паторгваючы вусамі. Сонца зусім нізка апусцілася да гарызонту, пыльнае паветра здавалася залаціста-чырвоным. Кошка асцярожна выцягнула лапку і кранула Джоўдаў пінжак. Джоўд азірнуўся.

- Чорт! Зусім забыўся пра чарапаху. Навошта яна мне цяпер?

Ён раскруціў чарапаху і засунуў яе пад дом. Але яна адразу вылезла адтуль і папаўзла, як і раней, на паўднёвы захад. Кошка скокнула і ўдарыла чарапаху лапай па выцягнутай галаве, драпанула кіпцюрамі па нагах. Старая насмешлівая лускаватая галава схавалася, тоўсты хвост шуснуў убок пад панцыр, і, калі кошка, знудзіўшыся ад чакання, адышла ад яе, чарапаха зноў пакіравала на паўднёвы захад.

Том Джоўд і прапаведнік Кейсі глядзелі, як чарапаха ідзе, - няспешна перабірае нагамі і штурхае свой цяжкі выпуклы панцыр дакладна ў адным кірунку. Кошка нейкі час кралася за ёю, потым тугім лукам выгнула спіну, пазяхнула і, тоячыся, вярнулася да людзей, што сядзелі на ганку.

- І куды яе панесла? - запытаўся Джоўд. - Колькі я ўжо гэтых чарапах пабачыў на сваім вяку! Заўсёды некуды паўзуць. Заўсёды ім кудысьці трэба.

Шэрая кошка зноў села між імі, крыху ззаду. Павекі яе раз-пораз зліпаліся. Шкурка на спіне торгнулася да шыі ад блышынага ўкусу і паволі адышла назад. Кошка падняла лапку, абнюхала яе, выпусціла кіпцюры, схавала іх і лізнула падушачкі бледна-ружовым языком. Чырвонае сонца кранулася гарызонту і распаўзлося, як медуза, небасхіл над ім пасвятлеў і нібы ажыў. Джоўд разгарнуў пінжак і ўзяў свае новыя жоўтыя чаравікі. Перш чым надзець іх на ногі, ён змахнуў далонню пыл з голых ступняў.

Раптам прапаведнік, які ўглядаўся праз палі ўдалячынь, сказаў:

- Сюды нехта ідзе. Глядзі! Вунь, проста праз бавоўнік.

Джоўд павярнуў галаву ў той бок, куды паказваў пальцам Кейсі.

- Ага, праўда нехта ідзе, - сказаў ён. - Такі пыл падняў, што і не разгледзіш. Каго гэта чорт нясе? - Яны сачылі за постаццю, што набліжалася да іх у вячэрнім святле, і пыл, які ўзнімаўся з-пад яе ног, заходняе сонца афарбавала ў чырвань. - Мужчына, - сказаў Джоўд. Чалавек падыходзіў усё бліжэй, і, калі ён параўняўся са свірнам, Джоўд сказаў: - Гэ, я яго ведаю. І ты яго ведаеш - гэта М'юлі Грэйуз. - І гукнуў: - Гэй, М'юлі! Здарова!

Чалавек раптам спыніўся - спалохаўся вокліку, а потым пайшоў шпарчэй. Ён быў худы, нізкаваты ростам. Рухі яго былі рэзкія і хуткія. У руцэ ён трымаў джутавы мех. Сінія джынсы на каленях і ззаду злінялі, стары чорны пінжак ад былога гарнітура быў увесь у плямах, рукавы на плячах выдраліся з проймаў, на локцях працерліся да дзірак. Чорны капялюш быў такі ж брудны, як і пінжак, і стужка трымалася толькі адным канцом - другі матляўся пры кожным кроку. Твар у М'юлі быў гладкі, без маршчын, але насуплены, як у капрызнага дзіцяці, губы сцяліся ў вузкую шчылінку, у маленькіх вочках ці то гнеў, ці то горыч.

- Ты памятаеш М'юлі? - запытаўся Джоўд у прапаведніка.

- Вы хто такія? - крыкнуў ім на хаду М'юлі Грэйуз. Джоўд не адказаў. М'юлі падышоў бліжэй, яшчэ бліжэй і нарэшце разгледзеў твар тых, хто сядзеў на ганку. - Тфу ты, чорт! - выгукнуў ён. - Гэта ж Томі Джоўд! Калі цябе выпусцілі, Томі?

- Два дні назад, - адказаў Джоўд. - Дабіраўся дамоў на спадарожных машынах. І глянь, што я ўбачыў. Дзе ўсе мае, М'юлі? Чаму дом развернуты, а двор бавоўнай засеяны?

- Дзякуй богу, што я міма ішоў, - сказаў М'юлі. - Стары Том вельмі непакоіўся за цябе. Калі твае сабраліся выязджаць, я тут у вас на кухні сядзеў. Сказаў Тому, што адсюль нікуды не пайду, так і сказаў, далібог, праўда, а Том мне кажа: «Баюся я дужа за Томі. Раптам ён вернецца, а нас нікога няма. Што ён падумае?» Я кажу: «Можа б, ты яму пісьмо напісаў?» А Том мне: «Можа, і напішу. Падумаю. А калі не, дык ты ўжо на ўсялякі выпадак паглядай, калі застанешся: Томі, можа, вернецца». «Я застануся тут, кажу, аж пакуль усе чэрці ў пекле не перамерзнуць. Яшчэ не нарадзіўся той чалавек, які згоніць М'юлі Грэйуза з гэтай зямлі». І так і не сагналі пакуль што.

Джоўд нецярпліва перабіў яго:

- Дзе ж мае ўсе? Як ты тут ваяваў, потым раскажаш. Куды мае падзеліся?

- Калі банк пачаў усё заворваць трактарамі, яны таксама вырашылі не здавацца. Дзед твой выйшаў са стрэльбай, пачаў страляць і пацэліў у фару, а трактар усё роўна ідзе. Хлопца, што сядзеў за штурвалам, стары забіваць і не думаў, а гэта быў Уілі Філі, і Ўілі ведаў, што баяцца яму няма чаго - папёр проста на дом і як дзеўбане яго, як трасяне, ну як сабака пацука. Тут старога Тома ўсяго і перакруціла. Нешта з ім сталася. З таго часу сам не свой зрабіўся.

- Дзе ж яны цяпер?

- Дык я ж расказваю. Тры разы ганялі фургон дзядзькі твайго Джона. Пліту вывезлі, помпу і ўсе ложкі. Ты толькі паглядзеў бы, як ложкі везлі, - разам з малымі, бабка з дзедам прымасціліся ў галавах, а брат твой Ной сядзіць сабе, пакурвае цыгарэтку і сплёўвае цераз борт, быццам гэта яго не тычыцца. - Джоўд адкрыў рот, каб нешта сказаць, але М'юлі апярэдзіў яго: - Яны ўсе ў дзядзькі Джона.

- А-а!.. у Джона! А што яны там робяць? Пачакай жа хвілінку, М'юлі, не лапачы, спачатку адкажы мне, а потым гавары сабе што хочаш. Што ж яны там робяць?

- Бавоўну акучваюць - усе, нават малыя і дзед твой. Грошы збіраюць, машыну хочуць купіць і на Захад ехаць - там лягчэй жывецца. Тут зусім кепска. За акучванне пяцьдзесят цэнтаў з акра, ды яшчэ і такую работу трэба вымольваць.

- Яны яшчэ не паехалі?

- Не, - адказаў М'юлі. - Думаю, не. Апошні раз чуў пра іх дні чатыры назад: Ноя сустрэў - ён паляваў на трусоў, сказаў, што яны збіраюцца ехаць тыдні праз два. Джона таксама папярэдзілі, каб выязджаў. Ты да Джона ідзі - усяго восем міль. Усе яны там - набіліся ў хату, як на зіму суслікі ў нару.

- Ну добра, - сказаў Джоўд. - Цяпер садзіся на свайго канька і давай. Ты ні кропелькі не перамяніўся, М'юлі. Пачнеш расказваць пра адно, а цябе цягне на другое - тыцкаешся то туды, то сюды.

М'юлі агрызнуўся:

- І ты ж не перамяніўся. Малым як быў развязны нахаба, такі і застаўся. Ці не вучыць мяне, як жыць, сабраўся?

- Не, ані. Калі табе закарціць усунуцца галавой у кучу бітага шкла, ніхто ўжо цябе не адгаворыць - усё роўна палезеш. А прапаведніка нашага ты пазнаеш, М'юлі? Гэта ж яго прападобнасць Кейсі.

- А як жа, вядома, пазнаю. Я на яго адразу проста не паглядзеў. Добра яго памятаю.

Кейсі падняўся з ганка, і яны паціснулі адзін аднаму рукі.

- Рады бачыць цябе, - сказаў М'юлі. - Чорт ведае колькі часу ты ў нашых краях не паказваўся.

- Я пайшоў адсюль, каб разабрацца ў некаторых сумненнях, - адказаў Кейсі. - А што тут такое нарабілася? Чаму людзей з зямлі зганяюць?

У М'юлі так моцна сцяліся губы, што верхняя, як дзюбка папугая, навісла над ніжняй. Бровы насупіліся.

- Мярзотнікі! Сукіны дзеці! - сказаў ён. - Будзьце пэўныя, я з месца не скрануся. Ад мяне яны так проста не збавяцца. Як прагоняць, я зноў вярнуся, а калі яны думаюць уціхамірыць мяне, загнаўшы на той свет, дык добра, я прыхаплю з сабой дваіх-траіх гэтай сволачы за кампанію. - Ён паляпаў рукой па выпнутай кішэні пінжака. - Нікуды адсюль я не пайду. Бацька мой прыйшоў сюды пяцьдзесят гадоў таму назад. І я адсюль нікуды не пайду.

Джоўд запытаўся:

- А навошта спатрэбілася ім зганяць людзей з зямлі?

- О, яны тут шмат чаго нагаварылі! Ты ж памятаеш, як было апошнія гады. Пыл узнімаўся такі, што ўсё скрозь засыпаў і паганіў, і ўраджаю не хапала нават на тое, каб заткнуць зад аслу. Усе ў даўгі залезлі да бакалейшчыка. А ты ведаеш, што гэта такое. Тады тыя, каму належыць зямля, пачалі гаварыць: «Арандатары нам больш не па кішэні. Тая доля, якая ідзе ім, - гэта той мінімальны прыбытак, які мы не можам дазволіць сабе страціць». І яшчэ: «Калі мы збяром усю нашу зямлю ў адно, дык і тады яна ледзь-ледзь акупіцца». І трактарамі ўсіх здольнікаў з фермаў сагналі, усіх, акрамя мяне, і, далібог, праўда, я адсюль не пайду. Ты мяне ведаеш, Томі. Колькі жывеш, мяне ведаеш.

- Чыстая праўда, - сказаў Джоўд, - колькі жыву.

- Дык вось, разумееш, я не дурань. Канешне, зямля тут не вельмі добрая. І ніколі добрай не была, на ёй толькі скаціну пасвіць. Цаліну тут дарма разворвалі. А пад бавоўнай яна амаль зусім як мёртвая стала. Калі б мяне ніхто адсюль не гнаў, я, можа, даўно ўжо з'ехаў бы ў Каліфорнію - вінаград там еў бы і апельсінчыкамі, як захочацца, ласаваўся. Але калі сукіны гэтыя сыны загадваюць мне выбірацца... дык Хрыстом-богам клянуся, не падпарадкуюся я такому загаду!

- Правільна, - сказаў Джоўд. - Проста розуму не дабяру, чаму гэта бацька так лёгка скарыўся. І дзіўна, што дзед нікога не падстрэліў. Ён нікому не дазваляў над сабой верхаводзіць. І маці не цярпела ніякіх указчыкаў. Я раз бачыў, як яна вандроўнага гандляра рондалямі жывой курыцай біла за тое, што ён ёй слова насуперак сказаў. У адной руцэ курыца, у другой сякера - збіралася галаву ёй адсекчы. Пайшла на чалавека з сякерай, але забылася, што ў якой руцэ, і давай яго курыцай лупіць. Курыца гэтая нам так у талерку і не трапіла. Нічога ад яе не засталося - адны ногі ў руцэ. Дзед ледзьве са смеху не лопнуў. Дык чаму ж гэта мае так адразу з месца зняліся?

- Ды вось прыехаў да нас сюды адзін малойчык і пачаў угаворваць і мазгі нам круціць. «Вам, кажа, трэба ехаць адсюль. Толькі я тут не вінаваты». - «Дык хто ж, пытаюся, вінаваты? Скажыце хто, і я ведаю, што з ім зраблю». - «Гэта ўсё Зямельна-жывёлагадоўчая кампанія Шоўні. А я ўсяго толькі загад выконваю». - «А хто ён такі, гэты Шоўні?» - «Чалавека такога няма. Гэта кампанія». Проста да шаленства давёў. Выходзіць, і скардзіцца няма на каго. Шмат хто страціў надзею знайсці каго-небудзь, на кім можна было б гнеў свой спагнаць, а я стаю на сваім. У мяне ўся кроў кіпіць. Я нікуды адсюль не пайду.

Вялізная чырвоная кропля сонца памарудзіла над гарызонтам, потым упала ўніз і знікла, неба над тым месцам заззяла, і рванае воблачка акрываўленай анучкай павісла на небакраі. Усходнюю частку неба зацягнула празрыстай імглой, і на зямлю з усходу папоўз змрок. Скрозь сутонне трымцела, пабліскваючы, першая вячэрняя зорка. Шэрая кошка пракралася да свірна і ценем шмыгнула ў адчыненыя дзверы.

Джоўд сказаў:

- Ну, восем міль да дзядзькі Джона мы сёння ўжо не асілім. Капыты мае агнём гараць. Можа, пойдзем да цябе, М'юлі? Гэта ж усяго каля мілі.

- Ніякага толку. - Выгляд у Грэйуза зрабіўся збянтэжаны. - Мае ўсе ў Каліфорнію паехалі - і жонка, і дзеці, і швагер. Не было чаго есці. Яны не так азлобіліся, як я, сабраліся і паехалі. Нідзе тут няма ніякай ежы.

Прапаведнік нервова заёрзаў на месцы.

- Табе таксама трэба было ехаць, М'юлі, - сказаў ён. - Сям'ю нельга разбіваць.

- Не мог я. Ну вось быццам нешта ўчапілася ў мяне і не пускае.

- Божа, як я прагаладаўся, - сказаў Джоўд. - Цэлыя чатыры гады еў па гадзінах - хвіліна ў хвіліну. А цяпер кішкі марш іграюць. Ты што будзеш есці, М'юлі? Як ты цяпер кормішся?

М'юлі сарамліва адказаў:

- Спачатку еў жаб, вавёрак, зрэдку сабачак лугавых. А што было рабіць? Але цяпер я стаўлю драцяныя сілкі на праторынах у сухім хмызе каля ручая. Зайцы трапляюць, а то і цяцерка пападзецца. Здараецца - скунсы, яноты. - Ён нахіліўся, падняў свой мяшок і вываліў з яго ўсё на ганак. Два трусы і заяц глуха шмякнуліся на дошкі мяккімі пушыстымі камячкамі.

- Божа мілы! - усклікнуў Джоўд. - Я ўжо больш за чатыры гады ў рот не браў свежай дзічыны.

Кейсі падняў аднаго труса і спытаўся, трымаючы яго ў руцэ:

- Падзелішся з намі, М'юлі Грэйуз?

М'юлі неяк няёмка пакруціўся.

- Выбіраць не даводзіцца, - сказаў ён і змоўк, збянтэжаны недалікатнасцю сваіх слоў. - Не тое хацеў я сказаць. Не тое. Я меў на ўвазе... - ён запнуўся, - я вось што меў на ўвазе: калі ў аднаго чалавека ёсць харч, а другі стаіць побач галодны... дык тут выбіраць не даводзіцца. Ну дапусцім, я забяру сваіх трусоў, адыду ўбачок і сам іх праглыну, адзін... Разумееш?

- Разумею, - адказаў Кейсі. - Яшчэ як разумею. Бачыш, Том, М'юлі да нечага дадумаўся. За нешта такое ўхапіўся, толькі яно задужа цяжкое яго разуменню, і майму таксама.

Том радасна пацёр рукі:

- У каго ножык ёсць? Зараз мы возьмемся за гэтых небарак грызуноў. Ужо ж мы іх разбяром!

М'юлі ўсунуў руку ў кішэню штаноў і выняў вялікі складаны нож з рагавымі тронкамі. Том Джоўд узяў яго, адсланіў адно лязо і панюхаў. Потым некалькі разоў ткнуў лязом у зямлю, зноў паднёс да носа, выцер аб калашыну і паспрабаваў вастрыё вялікім пальцам.

З задняй кішэні штаноў М'юлі дастаў вялікую пляшку з вадой і паставіў на ганак.

- На ваду не вельмі налягайце, - сказаў ён. - Гэта ўсё, што ёсць, а калодзеж тут завалілі.

Том узяў труса.

- Схадзіце хто ў свіран, пашукайце там дроту пакавальнага. Агонь распалім з паламаных дошак абшыўкі. - Ён агледзеў труса. - Труса разабраць няма лягчэй. - Ён адцягнуў шкурку на спінцы, крыху падрэзаў яе, усунуў у дзірку пальцы і рвануў. Скура знялася, як панчоха, - саслізнула з цельца да самай шыі, да лапак. Тады паклаў шкурку на зямлю, успароў трусу жывот; вываліў на шкурку вантробы і кінуў усё ў бавоўнік. На ганку ляжала амаль гатовае да смажання маленькае цельца з аголенымі мышцамі. Джоўд адсек усе чатыры нагі і разрэзаў удоўж мясістую спінку. Калі ён ужо ўзяўся за другога труса, да ганка падышоў Кейсі са зблытаным скруткам дроту. - Цяпер раскладзіце агонь і ўваткніце ў зямлю калю, - сказаў Джоўд. - Божа, які ў мяне апетыт разыграўся на гэтых звяркоў! - Ён выпатрашыў другога труса і зайца, парэзаў іх і нанізаў кавалкі мяса на дрот. М'юлі з Кейсі адарвалі ад развернутага вугла некалькі дошак, распалілі вогнішча і з двух яго бакоў усадзілі ў зямлю па калку для дроту.

М'юлі падышоў да Джоўда.

- Глянь, ці няма на зайцы гнайнікоў, - сказаў ён. - Не люблю есці зайцоў са скуламі. - Ён выняў з кішэні маленькі мяшэчак і паклаў на ганак.

Джоўд сказаў:

- Заяц чысценькі, як яблычак. Ох, М'юлі, ты і соллю запасся! У цябе ў кішэні, можа, і талеркі выпадкам знойдуцца і палатка? - Ён адсыпаў сабе на далонь солі і пасаліў кавалкі мяса, насаджаныя на дрот.

Затрапяталіся высокія языкі полымя, адкідваючы цені на сцены дома, сухое дрэва патрэсквала і страляла. Неба ўжо амаль зусім пачарнела, на ім выразна вылучаліся зоркі. Шэрая кошка выйшла са свірна і, мяўкаючы, пабегла да агню, але каля самага вогнішча скіравала ў кусты бавоўніку, да кучкі вантробаў. Яна кусала і прагна глытала, і з яе рота звісалі доўгія кішкі.

Кейсі сеў каля вогнішча, кідаў у агонь трэскі і падсоўваў у яго доўгія дошкі, калі яны абгаралі на канцах. Кажаны гойсалі ўзад і ўперад у слупе святла над вогнішчам. Кошка, нізка прыпаўшы да зямлі, выйшла з кустоў, села і пачала аблізвацца, мыць пыску, чысціць вусы.

Джоўд узяў аберуч дрот з нанізанымі на яго кавалкамі мяса і падышоў да вогнішча.

- Ану, М'юлі, бярыся за адзін канец. Накруці вунь на гэты калок. Ага, вось так, добра. Цяпер давай тужэй нацягнем. Лепш было б пачакаць, пакуль касцёр не выгарыць, але ў мяне ніякага ўжо цярпення. - Ён напяў дрот, падняў з зямлі палачку і перасунуў кавалкі мяса так, каб яны апынуліся над самым агнём. Агонь пачаў лізаць мяса, яно зацвярдзела і пакрылася глянцавітай скарынкай. Джоўд сеў на зямлю і стаў палачкай паварочваць мяса, каб яно не прыпяклося да дроту. - Зараз пабалюем! - сказаў ён. - У М'юлі ўсё ёсць - і соль, і вада, і трусяціна. Вось каб яшчэ і гаршчэчак мамалыгі знайшоўся ў яго ў кішэні! Гэта верх майго жадання.

М'юлі сказаў цераз вогнішча:

- Вы, хлопцы, пэўна, думаеце, што я ненармальны і што гэтак жыць нельга.

- Яшчэ чаго - ненармальны! - сказаў Джоўд. - Калі ты ненармальны, дык хай бы ўсе былі такія.

М'юлі гаварыў далей:

- Вось што дзіўна, панове. Калі мне загадалі з месца знімацца, са мной сам не ведаю што такое зрабілася. Спачатку вырашыў: пайду і пераб'ю ўсіх без разбору. Потым мае ўсе паехалі на Захад. Пачаў я бадзяцца па наваколлі. Усё недзе тут. Далёка не адыходзіў. Спаў дзе папала. Сёння надумаў у вас заначаваць. З гэтым і прыйшоў сюды. Бадзяюся з месца на месца, а сам сабе кажу: «Трэба і наглядаць за чужым дабром, каб усё было ў парадку, калі людзі вернуцца». Але я ведаў, што гэта няпраўда. Няма за чым тут наглядаць. І ніхто сюды ўжо не вернецца. А я блукаю тут, як здань на могілках.

- Чалавек прывыкае да месца, яму з ім цяжка расстацца, - сказаў Кейсі. - І да думак сваіх таксама прывыкаеш, ніяк ад іх не пазбавішся. Я ўжо больш не прапаведнік, але бясконца лаўлю сябе раптам на тым, што, сам таго не ведаючы, малітвы кажу.

Джоўд перавярнуў кавалкі мяса на дроце. З іх ужо капаў сок, і ў тым месцы, куды падалі кроплі, успыхваў язычок полымя. Гладкая паверхня мяса пачала маршчыніцца і рабіцца бледна-карычняватай.

- Панюхайце, - сказаў Джоўд. - Вы толькі гляньце і панюхайце!

М'юлі не замаўкаў:

- Як здань на могілках. Абышоў усе памятныя мне месцы. Вось ёсць за нашым надзелам кустоўе ў лагчынцы. Я там першы раз з дзяўчынай лёг. Было мне тады чатырнаццаць, і я тупаў, тузаўся і соп, як рагач, і быў настырны, як казёл. Прыйшоў я туды, лёг на зямлю, і быццам зноў са мной усё гэта адбылося. А яшчэ ёсць месца каля павеці, дзе бацьку бык насмерць забадаў. Там яго кроў на зямлі, і цяпер яна там засталася. Ніхто ніколі не змываў. І я паклаў руку на зямлю, што насыцілася крывёю майго таты. - Ён памаўчаў. - Вы думаеце, я ненармальны?

Джоўд паварочваў мяса, позірк у яго быў задумлівы. Кейсі падцягнуў калені да падбародка і ўтаропіўся на агонь. Крокаў за пятнаццаць ад людзей сядзела сытая ўжо кошка, акуратна абвіўшы хвастом пярэднія лапкі. Вялікая сава з крыкам праляцела над вогнішчам, і агонь асвятліў знізу яе белае пер'е і распасцёртыя крылы.

- Не, - сказаў Кейсі. - Проста ты нудзішся ад адзіноты, але ты нармальны.

Маленькі, туга абцягнуты скурай твар М'юлі быццам скамянеў.

- Я паклаў руку на тое самае месца на зямлі, дзе яшчэ і цяпер яго кроў. Убачыў бацьку з дзіркай у грудзях і адчуў, як ён дрыжыць, прыціснуўшыся да мяне. Потым ён паваліўся на спіну і выцягнуў рукі і ногі. Вочы памутнелі ад болю, пасля ён заціх, вочы зноў сталі ясныя... і ў неба глядзяць. Я быў яшчэ зусім малы, сяджу, не плачу, не крычу, проста сяджу і маўчу. - М'юлі таргануў галавой. Джоўд усё важдаўся з мясам на дроце. - А яшчэ я зайшоў у пакой, дзе нарадзіўся наш Джо. Ложка няма, але пакой як быў, такі і застаўся. Усё, што было, не знікла - засталося там, дзе адбылося. Там з'явіўся на свет Джо. Шырока раскрыў рот, уцягнуў паветра і як закрычыць - за мілю чуваць было, а бабка стаіць побач і ўсё прыгаворвае: «Красачка ты мая, ах ты мая красачка!» Паўтарае і паўтарае. І так заганарылася ўнукам сваім, што за адзін вечар тры кубкі разбіла.

Джоўд адкашляўся.

- Думаю, можна ўжо есці.

- Няхай прасмажыцца як след, дай яму падрумяніцца амаль да чарнаты, - сярдзіта сказаў М'юлі. - Мне пагаварыць ахвота. Даўно ўжо я ні з кім не гаварыў. Ненармальны... ну і хай ненармальны - і канец. Як здань на могілках, блукаю начамі ад аднаго суседскага дома да другога. Да Пітэрсаў, да Джэйкабсаў, да Рэнсаў, да Джоўдаў... Дамы стаяць цёмныя, як пацуковыя норы, а быў час - госці з'язджаліся, скакалі. Маленні, воклічы на славу гасподню. Былі вяселлі - і ўсё тут, у гэтых дамах. І ўзяло мяне жаданне пайсці ў горад і забіць каго трэба. Прагналі людзей трактарамі, а што ім дасць гэтая зямля? Што яны возьмуць з яе, каб забяспечыць сабе «мінімальны прыбытак»? Яны возьмуць майго бацьку, што загінуў на гэтай зямлі, нашага Джо, які з крыкам зрабіў свой першы ўдых, мяне, які торгаўся ноччу, як казёл, пад кустом. Што яшчэ яны возьмуць? Зямля спустошаная, бог сведка. У нас тут ужо колькі гадоў ва ўсіх быў недарод. А гэтыя сволачы за пісьмовымі сталамі - яны рассеклі людзей на дзве паловы дзеля сваіх «мінімальных прыбыткаў». Проста рассеклі папалам. Людзі і зямля, на якой яны жывуць, - адно цэлае. А калі яны блукаюць бяздомныя па дарогах у набітай хатнім скарбам машыне, дык яны ўжо толькі напалову людзі. Яны мерцвякі. Іх забілі гэтыя сукіны дзеці. - М'юлі змоўк, але яго тонкія губы яшчэ варушыліся, грудзі цяжка ўздымаліся. Ён сядзеў, уставіўшыся на свае асветленыя вогнішчам рукі. - Я... я даўно ўжо ні з кім не гаварыў, - сказаў ён ціха выбачлівым тонам. - Усё шастаю па наваколлі, як здань на могілках.

Кейсі падсунуў доўгія дошкі ў вогнішча, і агонь лізнуў іх і зноў шугануў угору, да падвешанага на дроце мяса. Сцены дома звонка патрэсквалі, астываючы ў начным паветры. Кейсі спакойна сказаў:

- Трэба пабачыць людзей, што пусціліся ў дарогу. Адчуваю, мне абавязкова трэба іх пабачыць. Ім патрэбна дапамога - не пропаведзі, а дапамога. Спадзявацца на царства нябеснае, калі яны яшчэ і на зямлі не пажылі? Які ўжо тут святы дух, калі ўласны іх дух зрынуты ў смутак і скруху? Ім патрэбна дапамога. Яны павінны жыць, бо паміраць ім яшчэ рана.

Джоўд нервова крыкнуў:

- Госпадзі, давайце ўжо есці, а то мяса зробіцца меншае за вараную мыш! Вы толькі гляньце. Панюхайце, які пах! - Ён ускочыў на ногі і перасунуў падсмажанае мяса далей ад агню. Тады ўзяў нож, які даў яму М'юлі, падрэзаў адзін кавалак і зняў з дроту. - Гэта прапаведніку, - сказаў ён.

- Казаў жа табе, што я ўжо больш не прапаведнік.

- Ну добра, не прапаведніку, дык чалавеку. - Джоўд адрэзаў яшчэ адзін кавалак. - А гэта табе, М'юлі, калі яшчэ не расхацеў ад засмучэння есці. Зайчаціна. Цвярдзейшае за буйвалінае мяса. - Ён сеў і ўсадзіў свае доўгія зубы ў мяса, адхапіў імі вялікі кавалак і пачаў жаваць. - Ого, як храбусціць! - Ён з прагнасцю адкусіў яшчэ.

М'юлі сядзеў, пазіраючы на сваю долю ежы.

- Можа, мне не трэба было так гаварыць, - сказаў ён. - Такое лепш трымаць у галаве.

Набіўшы поўны рот мясам, Кейсі глянуў на яго цераз вогнішча. Прапаведнік жаваў і глытаў, і ў яго на шыі пад скурай энергічна працавалі мускулы.

- Не, гаварыць трэба, - сказаў ён. - Часам апанаваны горам чалавек вылівае ўвесь свой боль у словах. Часам чалавек, які рашыўся на забойства, вылівае сваю злосць словамі, і тым усё і канчаецца. Ты правільна зрабіў, М'юлі. Нікога не забівай, перасіль сябе, калі можаш. - Кейсі зноў адкусіў мяса.

Джоўд кінуў косткі ў агонь, ускочыў і зрэзаў з дроту яшчэ адзін кавалак. М'юлі жаваў паволі, і яго маленькія неспакойныя вочкі прабягалі з аднаго свайго сутрапезніка на другога. Джоўд еў з прагнасцю звера, вакол яго рота пабліскваў тлушч.

М'юлі доўга глядзеў на яго ледзь не з бояззю. Потым апусціў руку, у якой трымаў мяса.

- Томі, - сказаў ён.

Джоўд падняў вочы, не перастаючы ўгрызацца ў мяса і жаваць.

- Га? - сказаў ён з поўным ротам.

- Томі, ты не злуеш на мяне за тое, што я загаварыў пра забойства? Ты не пакрыўдзіўся, Том?

- Не, - адказаў Том, - не пакрыўдзіўся. Што было, тое было.

- Мы ўсе ведалі, што ты невінаваты, - сказаў М'юлі. - Стары Тэрнбул гразіўся адпомсціць табе пасля турмы. Ён, кажа, забіў майго сына, і я яму не спушчу. Але суседзі адгаварылі яго, абразумілі.

- Мы п'яныя былі, - ціха сказаў Джоўд. - Падпілі на танцульках. Сам не ведаю, з чаго ўсё пачалося. Раптам пачуў, што мяне нажом пырнулі, і працверазеў. Бачу, Херб зноў замахваецца на мяне нажом. А тут ля сцяны школы рыдлёўка стаяла, і я схапіў яе і ўдарыў Херба па галаве. Я ніколі не меў нічога супраць яго. Хлопец быў добры. Яшчэ малым увіваўся вакол сястры маёй Разашарны. Не, мне Херб нават падабаўся.

- Ну, ягонаму бацьку ўсе так і казалі і нарэшце ўціхамірылі. Ад некага чуў, быццам у яго роднасць з Хэтфардам па маці, вось ён і фанабэрыцца. Не ведаю, праўда гэта ці не. Яны ўсёй сям'ёй паехалі ў Каліфорнію яшчэ паўгода таму.

Джоўд зняў з дроту апошнія кавалкі мяса і раздаў іх сваім субяседнікам. Тады зноў сеў каля вогнішча і еў ужо не так паспешліва, як раней, разжоўваў мяса старанна і выціраў рукавом тлушч з губ. А яго цёмныя прыплюшчаныя вочы задумліва глядзелі на ачахлы агонь.

- Усе падаліся на Захад, - сказаў ён. - А я падпіску даў нікуды адсюль не адлучацца. Мне ў іншы штат нельга.

- Падпіску? - запытаўся М'юлі. - Я нешта чуў пра іх, пра гэтыя падпіскі. А што гэта азначае?

- Ну, я выйшаў датэрмінова - на тры гады раней. І падпісаў умовы, якія я павінен выконваць, а калі парушу іх, мяне зноў засадзяць. Час ад часу трэба наведвацца ў паліцыю.

- Як там з вамі абыходзяцца, у Макалестары? У маёй жонкі стрыечны брат пабыў у гэтай турме, дык яму там не соладка давялося.

- Не так ужо там і блага, - адказаў Джоўд. - Не горш, як у іншых турмах. Буяніць будзеш, спуску не дадуць, гэта праўда. Але там жыць можна, калі толькі наглядчык не прыдзіраецца, бо тады ўжо справа дрэнь. Я жыў сабе нічога. Не соваў носа, куды не трэба. Навучыўся здорава арудаваць пяром. Ну птушкі там розныя і ўсякае такое - не толькі словы пісаць. Старэча мой зазлуе, калі ўбачыць, як я птушку адным росчыркам пяра малюю, а то і зусім ашалее. Не любіць ён такіх фокусаў. Калі проста пішуць яму, і то не любіць. Баіцца, думаю. Бо кожны раз, як ён убачыць што-небудзь напісанае, з яго хто-небудзь абавязкова нешта спаганяе.

- І не білі цябе ці што-небудзь такое?

- Не, я нікуды не лез. Вядома, калі цягнеш такую лямку з дня ў дзень цэлыя чатыры гады, дык гэта каго хочаш да ачмурэння давядзе. Калі ты натварыў такога, што і ўспамінаць сорамна, ёсць пра што падумаць. Але, чорт вазьмі, калі б Херб Тэрнбул палез на мяне з нажом вось хоць бы цяпер, я зноў бы гваздануў яго рыдлёўкай.

- Кожны на тваім месцы зрабіў бы так, - сказаў М'юлі.

Прапаведнік утаропіў вочы на вогнішча, і ў змроку, які рабіўся ўсё гусцейшы, яго лоб здаваўся зусім белым. Блікі ад маленькіх язычкоў полымя ігралі на яго жылістай шыі. Ён сядзеў, абняўшы калені, і патрэскваў суставамі пальцаў.

Джоўд кінуў у агонь апошнія аб'едзеныя косткі, аблізаў пальцы і выцер іх аб штаны. Тады падняўся, прынёс з ганка бутэльку з вадой, ашчадліва адпіў і, перш чым сесці зноў, перадаў бутэльку па крузе.

- Мяне вось што больш за ўсё непакоіць, - зноў загаварыў ён, - тое, што ва ўсім гэтым няма ніякага сэнсу. Калі карову маланка заб'е альбо палі залье разлівам - тут асаблівага сэнсу шукаць ніхто не будзе. Такое бывае, што зробіш? Але калі цябе бяруць і садзяць на замок на чатыры гады, тут ужо павінна быць нейкая рацыя. Людзям належыць да ўсяго сваім розумам даходзіць. Вось запраторылі мяне за краты, трымалі там, кармілі цэлыя чатыры гады. А з якой мэтай? Нібыта каб паставіць на правільны шлях і адвучыць закон пераступаць ці застрашыць карай і адбіць ахвоту другі раз рабіць такое... - Джоўд памаўчаў. - Але ўсё роўна я тое самае зраблю, калі Херб ці хто іншы палезе на мяне з нажом. Не паспею нават апамятацца. Асабліва на падпітку. Вось гэтая бязглуздзіца і трывожыць душу.

М'юлі зазначыў:

- Суддзя казаў: табе вынеслі такі мяккі прысуд таму, што не ты адзін быў ва ўсім вінаваты.

Джоўд гаварыў:

- У Макалестары сядзеў адзін пажыццёвік. Усё чытаў і вучыўся. Сакратаром пры начальніку хадзіў - перапіску за яго вёў і ўсё такое. Надта разумны, у законах разбіраўся і яшчэ ў сім-тым. Аднаго разу я з ім загаварыў пра тое, аб чым думаў, ён шмат з кніг навучыўся. І ён сказаў мне: кніжкі тут не памогуць. Я, кажа, пра турмы ўсё перачытаў - і пра сённяшнія, і пра даўнейшыя, і цяпер яшчэ менш разумею, чым калі толькі браўся чытаць. Тут, кажа, такая неразбярыха, сам чорт нагу зломіць, і ніхто рады даць не можа, а каб што-небудзь перамяніць, дык на гэта ні ў кога мазгоў не хапае. Толькі, крый божа, не ўздумай, кажа, за кніжкі засесці. Па-першае, заблытаешся яшчэ больш, а па-другое, страціш павагу да тых, хто пры ўладзе сядзіць.

- Я і так іх ні ў грош не стаўлю, - сказаў М'юлі. - Над намі тут адна толькі ўлада - «надзейны мінімальны прыбытак», ён і правіць намі. Але вось чаго і ніяк не магу ў розум узяць: як гэта Ўілі Філі згадзіўся сесці на трактар, ды яшчэ надумаў хадзіць за начальніка тут, на той самай зямлі, з якой сагналі яго сям'ю. Вось што грызе мне нутро. Калі б каго чужога прыслалі, тады, што ж, тады справа іншая, а то Ўілі ж тутэйшы. І так мяне разабрала, што я пайшоў і спытаўся ў яго ў самога. Ён проста ашалеў. У мяне, кажа, двое малых. У мяне, кажа, жонка і цешча. Ім есці трэба. Загарэўся, як чорт. Я, кажа, перш-наперш пра іх думаю. А іншыя няхай самі пра сябе паклапоцяцца. Яго, відаць, сорам узяў, вось ён і кіпеў ад злосці.

Джым Кейсі ўсё сядзеў, утаропіўшыся на апошнія язычкі полымя ў вогнішчы, вочы яго былі шырока расплюшчаныя, мускулы на шыі выпнуліся. Раптам ён усклікнуў:

- Цяпер зразумеў! Калі на чалавека можа сысці хоць каліва боскае шчырасці, дык я ўсё зразумеў! - Ён ускочыў на ногі і пачаў хадзіць узад і ўперад, ківаючы з боку ў бок галавой. - Адзін час у мяне была пераносная кафедра. Народу вечарамі находзіла чалавек з паўтысячы. Даўно гэта было, вы мяне яшчэ тады не ведалі. - Ён спыніўся, паглядзеў на Джоўда і М'юлі. - Наогул, вы заўважалі, што я ніколі не збіраў грошай пасля пропаведзі - і ў адрынах, і пад адкрытым небам?

- Бог сведка, ніколі, - сказаў М'юлі. - Тут нашы ўсе так да гэтага прывыклі, што іх злосць брала, калі іншыя прапаведнікі хадзілі па радах з капелюшом. Так, сэр, усё праўда.

- Ад ежы я не адмаўляюся, - гаварыў Кейсі. - Штаны браў, калі свае зносяцца, ці пару там старых чаравікаў, калі падэшвы ў маіх прадзіраліся так, што ходзіш амаль босы. Але з пераноснай кафедрай было інакш. Здаралася, за дзень дзесяць, а то і дваццаць даляраў збяру. Толькі радасці мне з таго не было ніякай, і я кінуў усё гэта, і як быццам на душы палягчэла. Цяпер я, здаецца, усё зразумеў. Толькі словамі выказаць не ведаю як. Бадай што, і спрабаваць не буду... але здаецца мне, што цяпер прапаведніку знойдзецца месца. Думаю, я зноў магу з пропаведзямі да людзей ісці. Яны блукаюць самотныя па дарогах, без зямлі, без прыстанішча. А калі няма даху над галавой, трэба даць ім нейкую іншую прыстань. Можа стацца... - Кейсі стаяў над вогнішчам. Шматлікія мускулы ў яго на шыі яшчэ больш напяліся, водбліскі агню глыбока пранікалі ў вочы і распальвалі там чырвоны жар. Ён стаяў і глядзеў на агонь, напружыўшы твар, нібы прыслухоўваўся да нечага, а рукі, заўсёды такія ўвішныя, гатовыя сваімі рухамі ўдакладніць, падкрэсліць або адхіліць свае ці чужыя думкі, цяпер вяла павіслі і паволі пасунуліся ў кішэні. Кажаны кружылі ў цьмяным святле вогнішча, здалёку, з палёў, глуха даносіўся ледзь чутны клёкат начной драпежнай птушкі.

Том Джоўд спакойна палез у кішэню, выняў адтуль свой капшук і пачаў рабіць самакрутку, пазіраючы паўз яе на вуголле. Ён ніяк не рэагаваў на ўсё, што гаварыў прапаведнік, быццам лічыў, што гэта асабістая справа Кейсі і абмеркаванню не падлягае.

- Начамі ляжыш на турэмным ложку, - загаварыў ён, - і ўсё думаеш: як там усё будзе, калі дамоў вярнуся? Напэўна, думалася, дзед ужо з бабкай памруць і, можа, яшчэ малыя народзяцца. Можа, нораў у бацькі крыху памякчэе. Можа, маці ўжо адпачынак сабе дасць і перакладзе хатнія клопаты на Разашарну. Я ведаў: як было, так ужо не будзе... Ну што ж, давайце спаць, а як развіднее, пойдзем да дзядзькі Джона. Я дык абавязкова пайду. А ты, Кейсі, што вырашыў - пойдзеш?

Прапаведнік усё яшчэ стаяў, пазіраючы на вуголле. Ён паволі прамовіў:

- Ага, пайду з табой. А калі твае рушаць у дарогу, паеду з імі. А там, дзе будуць людзі, буду і я.

- Калі ласка, - сказаў Джоўд. - Маці заўсёды ставілася да цябе з прыхільнасцю. Казала, такому прапаведніку можна давяраць. Разашарна тады яшчэ маленькая была. - Ён павярнуўся да М'юлі: - А ты, М'юлі, пойдзеш з намі? - Той глядзеў на дарогу, па якой прыйшлі Джоўд з Кейсі. - Дык як, пойдзеш, М'юлі? - зноў запытаўся Джоўд.

- Га? Не. Мне няма да каго ісці і няма каго пакідаць. Вунь, бачыш, святло скача ўверх і ўніз? Напэўна, аканом тутэйшага ўчастка едзе. Відаць, нехта заўважыў наша вогнішча.

Том скіраваў позірк на дарогу. Святло фар паўзло ў іх бок цераз грэбень узгорка.

- Мы нічога дрэннага не рабілі, - сказаў ён. - Пасядзелі тут трохі, толькі і ўсяго. Ніякай шкоды нікому.

М'юлі рагатнуў:

- Ха-ха! Адно тое, што мы прыйшлі сюды, ужо дрэнна. Парушэнне чужых правоў уласнасці. Тут аставацца нікому нельга. Мяне ўжо два месяцы ловяць. Вось што: калі гэтая машына едзе сюды, мы пойдзем у бавоўну і заляжам там. Далёка неабавязкова забірацца. Няхай паспрабуюць знайсці! Давядзецца ім кожны кусцік абшнарыць. Галавы толькі не падымайце.

Джоўд запытаўся:

- Што з табой сталася, М'юлі? Ты ж раней у хованкі гуляць не любіў. Злосны быў.

М'юлі пазіраў на святло фар, якое набліжалася да іх.

- Ха! - сказаў ён. - Я злосны быў, як воўк. А цяпер я злосны, як ласка. Калі ты палюеш на дзічыну, ты паляўнічы, а значыць, у цябе ёсць сіла. Такі нікога не баіцца. Але калі на цябе самога палююць - гэта ўжо зусім іншае. З табой нейкая перамена адбываецца. У цябе ўжо сілы няма. Злосць застаецца, а сілы няма. На мяне даўно ўжо палююць, я ўжо больш не паляўнічы. Можа, яшчэ і падстрэлю каго-небудзь у цемры, але кала з агароджы ўжо не вырву і нікога не пакалечу - гэта ўжо ў мінулым. І няма чаго нам з табою ашукваць адзін аднаго. Вось так.

- Што ж, - сказаў Джоўд, - ідзі хавайся. А мы тут з Кейсі пра сёе-тое пагаворым з гэтай сволаччу. - Палоска святла была ўжо зусім блізка - скокнула ў неба, знікла і зноў скокнула ўгору. Усе трое стаялі, сочачы за ёю.

М'юлі сказаў:

- Тут ёсць яшчэ адна асаблівасць, калі на цябе палююць: ты востра адчуваеш небяспеку. Калі сам палюеш, пра яе зусім не думаеш, нічога не баішся. Ты ж сам казаў: варта табе толькі ў чым-небудзь правініцца, цябе зноў запратораць у Макалестар, і прасядзіш ужо там ад званка да званка.

- Правільна. Так мне сказалі. Але хіба гэта парушэнне, калі сядзеш тут адпачыць ці ноч на голай зямлі захочаш пераначаваць? Нікому ніякай шкоды. Гэта ж не тое, што напіцца ці дэбашырыць.

М'юлі засмяяўся:

- Вось убачыш. Пасядзі тут, дачакайся машыны. Можа, гэта Ўілі Філі, ён тут цяпер за шэрыфскага наглядчыка. Ён запытаецца ў цябе: «Чаму парушаеш правы ўласнасці?» Ты ж ведаеш, ён добры паганец, і ты яму скажаш: «А табе што?» Тады Ўілі ўзлуецца і зараве: «Марш адсюль, а то арыштую». А ты ж не дазволіш кожнаму Ўілі Філі камандаваць табой і раз'юшвацца з перапуду. Ён ужо ўлез, і яму трэба неяк выблытвацца, а ты таксама цуглі закусіў і напралом ідзеш... Не, чорт, залегчы ў міжраддзі куды прасцей, няхай шукаюць. І да таго ж весялей, бо яны шалеюць ад злосці, а зрабіць нічога не могуць, а ты ляжыш сабе і толькі пасмейваешся. Паспрабуй пагавары з Уілі ці з якім іншым начальнікам, яны цябе давядуць, ты кінешся на іх, а яны цап! - і арыштуюць, і вернешся ты ў свой Макалестар яшчэ на тры гады.

- Талкова разважаеш, - сказаў Джоўд. - Кожнае тваё слова разумнае. Але вельмі ўжо не хочацца скакаць пад іхнюю дудку. Рукі так і свярбяць на гэтага Ўілі.

- У яго стрэльба, - сказаў М'юлі. - Уілі будзе страляць,бо ён шэрыфскі наглядчык. Значыць, альбо ён прыстрэліць цябе, альбо ты яго, калі стрэльбу ў яго адбярэш. Ну пайшлі, Томі. Ты проста скажы сабе: я схаваюся і яны ў дурнях застануцца. Галоўнае настроіць сябе - і ўся справа. - Яркае святло фар цяпер скіравалася проста ў неба, ужо выразна чуўся роўны гул матора. - Пайшлі, Томі. Далёка забірацца не будзем - радоў за чатырнаццаць-пятнаццаць. Адтуль пасочым за імі.

Том падняўся.

- Правільна кажаш, далібог, - сказаў ён. - Будзе так ці гэтак, мне ўсё роўна нічога не свеціць.

- Дык гайда. Вось сюды. - М'юлі абагнуў дом і вывеў іх крокаў за пяцьдзесят у баваўнянае поле. - Гэтага досыць, - сказаў ён. - Галаву толькі ніжэй апускайце, калі фары на вас накіруюць - і ўсё. Во будзе пацеха! - Усе трое разлегліся на ўвесь рост на зямлі і аблакаціліся. Раптам М'юлі ўскочыў на ногі, кінуўся да дома, праз момант-другі вярнуўся і кінуў у кусты скрутак - пінжак і загорнутыя ў яго чаравікі. - А то павязуць, каб у даўгу не заставацца, - паясніў ён. Святло фар паднялося па схіле, потым нырнула ўніз і скіравалася проста на дом.

Джоўд запытаўся:

- А не пойдуць яны з кішэннымі ліхтарыкамі шукаць нас тут? Шкада, палкі няма.

М'юлі хіхікнуў:

- Не, не пойдуць. Казаў жа я табе, што я злосны стаў, як ласка. Неяк раз ноччу Ўілі паспрабаваў сунуцца, дык я яго ззаду калом з агароджы агрэў. Зваліўся, як калода. Пасля ўсім расказваў, што на яго пяцёра напалі.

Машына пад'ехала да дома, успыхнуў пражэктар.

- Галовы ніжэй, - сказаў М'юлі. Паласа халоднага белага святла працягнулася над імі і пачала гойсаць па полі. Уцекачы не бачылі, што робіцца каля дома, але пачулі, як бразнулі дзверцы машыны, і галасы. - На святло пабаяцца выходзіць, - прашаптаў М'юлі. - Я разы два страляў па фарах. Цяпер Уілі асцярожны. Сёння не адзін прыехаў. - Яны пачулі скрып маснічын, потым убачылі святло ліхтарыка ў доме. - Можа, пальнуць? - шэптам спытаўся М'юлі. - Яны не ўбачаць, адкуль стралялі. Няхай галаву пачэшуць.

- Не трэба, - прашаптаў Кейсі. - Якая карысць? Пустая справа. Трэба так рабіць, каб ва ўсім сэнс быў.

Недзе каля дома пачуліся рыплівыя гукі і шолах.

- Жар топчуць падэшвамі, - шапнуў М'юлі. - Пяском засыпаюць. - Зноў бразнулі дзверцы машыны. Святло фар калыхнулася, зрабіла паўкруг і скіравалася на дарогу. - Ніжэй! - сказаў М'юлі, і ўсе трое ўткнуліся галовамі ў зямлю. Прамень пражэктара пралёг над імі і прачарціў поле ў розных напрамках, потым машына кранулася з месца, пачала аддаляцца, паднялася на грэбень узгорка і знікла з вачэй.

М'юлі сеў на градку.

- Уілі заўсёды робіць апошнюю спробу пражэктарам. Так не раз ужо было, і я прывык да гэтага. Ён думае, што неймаверна хітры.

Кейсі сказаў:

- Можа, хто-небудзь прытаіўся ў доме? Мы пойдзем, а нас схопяць.

- Усё можа быць, - адказаў М'юлі. - Вы тут пачакайце. Я ўсе іхнія штучкі ведаю. - Ён асцярожна пайшоў да дома - толькі лёгка пахруствалі сухія камякі зямлі пад нагамі. Кейсі і Джоўд напружана ўслухоўваліся, але там, куды пайшоў М'юлі, было ўсё ціха. Праз колькі хвілін з боку дома да іх данёсся яго голас: - Няма нікога! Ідзіце сюды!

Яны адарваліся ад зямлі, падняліся і пакіравалі да чорнай пляміны дома. М'юлі чакаў іх каля кучкі пяску, з якой выбіваліся струменьчыкі дыму, - усё, што засталося ад іхняга вогнішча.

- Я так і ведаў - нікога ў засадзе не пакінулі, - сказаў М'юлі з гордасцю. - Уілі я тады з ног збіў, па фарах разок-другі стрэльнуў - цяпер яны асцерагаюцца. Адкуль ім ведаць, хто тут хаваецца. А я ім так проста ў рукі не дамся. Каля жытла не начую. Калі хочаце, хадзем са мной, я пакажу вам, дзе можна пераначаваць. Там аб вас ніхто не спатыкнецца.

- Вядзі, - пагадзіўся Джоўд. - Мы пойдзем з табой. Ніколі і ў галаве не было, што на бацькаўскай ферме давядзецца хавацца ад каго-небудзь.

М'юлі выйшаў у поле, Джоўд з Кейсі пайшлі следам. Ступалі проста па кустах бавоўніку.

- Табе яшчэ шмат ад чаго і ад каго давядзецца хавацца, - сказаў М'юлі. Яны ішлі адзін за адным цераз грады. Неўзабаве апынуліся перад глыбокай прамыінай і саслізнулі на падэшвах на самае дно.

- Э! Я ведаю, куды ты нас завёў, галаву кладу! - усклікнуў Джоўд. - Пячора ў адхоне?

- Правільна. А як ты здагадаўся?

- Сам яе капаў, - адказаў Джоўд. - Разам з братам Ноем. Усім гаварылі, што золата шукаем, а на самай справе мы проста капалі пячоры, як усе малыя. - Берагі былі цяпер вышэй іх галоў. - Недзе тут, ужо блізка. Помніцца, павінна быць ужо зусім блізка.

М'юлі сказаў:

- Я прыкрыў яе ламаччам, каб не знайшлі. - Дно яра выраўнялася, ногі цяпер ступалі па пяску.

Джоўд сеў на чысты пясок.

- У пячору я спаць не пайду, - сказаў ён. - Лягу вось тут. - Ён згарнуў пінжак і падклаў пад галаву.

М'юлі рассунуў рукамі сухое галлё і запоўз у пячору.

- А мне добра тут! - крыкнуў ён адтуль. - Прынамсі, адчуваеш сябе ў бяспецы.

Джым Кейсі сеў на пясок каля Джоўда.

- Паспі крыху, - сказаў яму Джоўд. - Як толькі развіднее, рушым да дзядзькі Джона.

- Я спаць не буду, - адказаў прапаведнік. - Ёсць над чым галаву паламаць. - Ён сагнуў ногі ў каленях, абняў іх рукамі, падняў вочы ў неба і ўтаропіўся на яркія зоры. Джоўд пазяхнуў і закінуў руку за галаву. Абодва маўчалі, і мала-памалу зноў ажыло мітуслівае жыццё зямлі - норак, падземных хадоў і хмызу: зашнарылі суслікі, асцярожна падкрадаліся да зялёнага лісця трусы, снавалі мышы паміж камякамі зямлі, а крылатыя драпежнікі бязгучна ляталі ў небе.

 

РАЗДЗЕЛ СЁМЫ

 

У гарадах, на гарадскіх ускраінах, пасярод палёў, на пустках - паўсюль паркі ўжываных аўтамабіляў, машын, адноўленых пасля аварыі, гаражы з зазыўнымі шыльдамі і плакатамі: Ужываныя машыны. Добрыя ўжываныя машыны. Танны сродак перавозкі, тры прычэпы. «Форд» 27-га года, новы матор. Правераныя машыны, якасць гарантуецца, бясплатнае радыё. Машына і 100 галонаў бензіну ў прыдачу. Заходзьце, самі пераканаецеся. Ужываныя машыны, накладныя выдаткі ў кошт не ўваходзяць.

Невялікі ўчастак і будыначак, у якім ледзь хапае месца сталу, крэслу і сіняй канторскай кнізе. Пачак бланкаў, загнутых па ражках і змацаваных сашчэпкамі, побач - акуратны стос яшчэ чыстых, не запоўненых бланкаў. Вечная ручка - сачы толькі, каб у ёй заўсёды было чарніла і каб пісала. Здзелка не адбылася толькі таму, што ручка закапрызіла.

Вунь тыя сукіны дзеці нічога не купяць. Такія швэндаюцца па ўсіх гаражах. Проста разявакі. Ім абы падзівіцца. Машыны такім не патрэбныя, толькі час забіраюць. Ім напляваць на твой час. А вунь, глянь, парачка - не, тая, што з малымі. Пасадзі іх у машыну. Пачні з двухсот і паступова збаўляй. З выгляду на сто з чвэрцю пацягнуць. Пракаці іх. Вунь у тым драндулеце. Дай ім жару! Толькі час з імі марнуем.

Гаспадары машын з падкасанымі рукавамі. Прадаўцы - акуратненькія, бесстароннія, маленькія ўважлівыя вочкі нічога не прапускаюць.

Зірні на твар той вунь жанчыны. Калі жонцы спадабаецца, старога мы абломім. Пачні з «кадзілака». Урэшце навяжы ім «б'юік». Калі пачаць адразу з «б'юіка», яны яшчэ запатрабуюць «форд». Трэба спяшацца, доўга так не працягнецца. Пакажы ім вунь той «нэш», а я пакуль што падпампую дзіравую камеру «доджа-25». Як будзе гатова, клікну.

Машына вам для язды патрэбная, ці ж не так? Не ў цацкі гуляць. Што ж, абіўка працерлася. Ды хіба колы круцяць падушкі?

Шэрагі машын стаяць насамі наперад - капоты ржавыя, шыны спушчаныя. Стаяць упрытык адна да адной.

Жадаеце паглядзець вунь тую? Ну якая ж гэта турбота. Зараз я яе выведу.

Няхай адчуваюць сябе абавязанымі. Няхай забіраюць твой час. Не давай ім забыцца пра гэта. Пакупнікі - народ большасцю далікатны. Ім непрыемна турбаваць людзей. А ты прымусь іх турбаваць цябе, потым прыціснеш іх.

Шэрагі машын мадэлі «Т» - высокія, тупарылыя, руль, як павернеш, скрыпіць, тармазныя пракладкі сцерліся. «Б'юікі», «нэшы», «дэ-соты».

Так, сэр, «додж» 22-га. Найлепшая мадэль, якую Додж калі выпускаў. Зносу не мае. Нізкая кампрэсія. З высокай кампрэсіяй першы час рэзвасці многа, але метал нядоўга вытрымлівае. «Плімуты», «рокнесы», «стары»...

Госпадзі! Адкуль узяўся гэты «аперсан» - з Ноевага каўчэга, ці што! А «чалмерс», а «чандлер»? Іх ужо ж колькі гадоў не выпускаюць. Мы не аўтамабілі прадаём, а жалезны лом на колах. Але чорт! Каб больш такіх драндулетаў. Даражэй за дваццаць пяць ці трыццаць мне не трэба. Ідуць па пяцьдзесят, а то і па семдзесят пяць. Навар неблагі. Бог ты мой, ці шмат настрыжэш на новай машыне? Каб больш такіх драндулетаў. Не паспееш купіць, ужо іх хапаюць. Усё, што хочаш, абы не за дзвесце пяцьдзесят. Загані ты, Джым, сюды таго старычыну, што на бакавой дарожцы. Ён не адрозніць асла ад калдобіны. Паспрабуй уціснуць яму «аперсан». А куды ён дзеўся, гэты «аперсан»? Прадаўся? Калі мы не займеем яшчэ такіх драндулетаў, дык хоць кантору зачыняй.

Сцяжкі - бела-чырвоныя, бела-сінія - па абочыне пляцоўкі. Ужываныя машыны. Добрыя ўжываныя машыны. На памосце - машына, на якую сёння зніжана цана. Не падумай прадаваць яе. Яна - прыманка для публікі. Калі прадаць гэтую дзяшоўку за такую цану, дык і цэнта лішняга не пакладзеш у кішэню. Гавары, што прададзена ўжо. А перш чым аддасі машыну, знімі з яе наш акумулятар. Пастаў вось гэты хлам. Госпадзі, што ім яшчэ трэба за іхнія медзякі? Закасай рукавы - наляж. Так доўга працягвацца не будзе. Каб больш такіх драндулетаў, і праз паўгода можна было б і на спачын.

Слухай сюды, Джым. У гэтага «шаўрале» шум у заднім мосце. Быццам там бутэлькі трушчаць. Засып туды кварты са дзве пілавіння. І ў каробку скорасцей не забудзь. Гэты гнілы лімончык трэба прадаць за трыццаць пяць даляраў. Той прахвост абвёў мяне вакол пальца. Я даваў яму дзесяць, а ён упёр мне яе за пятнаццаць, ды яшчэ, сукін кот, інструмент увесь ухітрыўся забраць. Божа літасцівы! Каб нам штук пяцьсот такіх развалін! Гэтак доўга не працягнецца. Што, шына яму не даспадобы? Скажы, што ў гэтых шынах запасу яшчэ на дзесятак тысяч міль, і скінь паперкі паўтары.

Груды ржавага лому навалам каля агароджы, у заднім канцы двара валяюцца ламаныя карпусы, крылы, замаслены хлам, блокі матораў, скрозь цыліндры прарасла трава. Тармазныя цягі, зваленыя ў кучы выхлапныя трубы - як клубкі змеяў. Разлітая змазка, бензін.

Схадзі пашукай, ці няма дзе цэлай запальнай свечкі, а то ўсе трэснутыя. Чорт, каб раздабыць штук пяцьдзесят прычэпаў, даляраў за сотню, вось быў бы прыварак! Чаго гэта ён там скандаліць? Наша справа прадаць машыну, а дадому няхай ён сам яе піхае. Здорава сказана, ха, мы яе яму дадому не піхаем! Галаву кладу, можна і ў гумарыстычным часопісе «Манслі» надрукаваць. Думаеш, ён так нічога і не купіць? Дык гані яго ў шыю. У нас тут і так спраў шмат, няма часу важдацца з такімі, што самі не ведаюць, чаго хочуць.

Знімі пярэднюю правую пакрышку з «грэхема», павярні яе латай усярэдзіну. Астатняе - проста шык! Пратэктар нават яшчэ не сцёрся.

Абавязкова! Гэтае старое жалеззе яшчэ пяцьдзесят тысяч міль прабяжыць. Толькі больш масла залівайце. Бывайце. Шчасліва.

Падбіраеце машыну? А што б вам хацелася? Знайшлі што-небудзь прыдатнае? Нешта ў горле суха. Як наконт таго, каб прапусціць па маленькай? Давайце пойдзем, а жонка ваша няхай пакуль што паглядзіць на гэты «ласаль». Вы «ласаль» не хочаце? Так, падшыпнікі знасіліся. Праз меру масла бярэ. Магу прапанаваць «лінкольн» 24-га года. Вось гэта машына! Вечная. Пераробіце ў грузавік.

Гарачае сонца на ржавым жалезе. Зямля ў масленых плямах. Людзі азадачана расхаджваюць, ім патрэбна машына.

Вытры ногі. Не прыхінайся да гэтай машыны. Яна брудная. Якую выбраць? Колькі наогул яны каштуюць? Пасачы за дзецьмі. Цікава, колькі яны хочуць за гэтую. Зараз спытаем. За спрос грошай не плоцяць. Спытацца ж можна. Больш за семдзесят пяць ні на адзін пяціцэнтавік даць не магу, а то да Каліфорніі не дабяромся.

Госпадзі, ну каб хоць яшчэ з сотню гэтых дамавін на колах! На хаду ці не на хаду - мне няважна.

Пакрышкі, старыя сцёртыя пакрышкі, наваленыя высокімі штабелямі; камеры - чорныя, шэрыя - вісяць, як кілбасы.

Латкі на камеры? Парашок для чысткі радыятараў? Іскравы кандэнсатар? Укіньце вось гэту пілюльку ў бензабак і атрымаеце лішніх дзесяць міль з кожнага галона. Вось палітура - усяго пяцьдзесят цэнтаў, і кузаў будзе як новенькі. «Дворнікі», рэмень вентылятара, пракладкі? Ну што для вас значыць адзін пяціцэнтавік?

Выдатна, Джо. Ты іх яшчэ крыху апрацуй і вядзі да мяне. А я ўжо іх абламаю - уламлю або зламлю. Толькі балбатуноў не прыводзь. Хачу бізнес рабіць.

Калі ласка, сэр, заходзьце, заходзьце. Вам гэта проста знаходка. Так, сэр. Усяго восемдзесят даляраў, проста знаходка.

- Больш за пяцьдзесят я даць не магу. Мне ваш чалавек сказаў - пяцьдзесят.

Пяцьдзесят... Пяцьдзесят? Ён ачмурэў! Я сам заплаціў за гэту красуню семдзесят даляраў. Ты што, Джо, з глузду з'ехаў? Хочаш пусціць мяне з торбай? Давядзецца прагнаць гэтага ёлупа. Можа, сыдземся на шасцідзесяці? Вось што, містэр, дзень кароткі. Я чалавек дзелавы, а не махляр. Можа, у вас ёсць што-небудзь узамен грошай?

Ёсць пара мулаў, я даплаціў бы імі.

Пара мулаў? Гэй, Джо, ты чуеш? Ён прапануе расплаціцца муламі. А вы хіба не ведаеце, што мы жывём у век машын? Мулы цяпер ідуць толькі на сталярскі клей.

Добрыя, дарослыя мулы - аднаму пяць, другому сем гадоў. Што ж, пашукаю ў іншым месцы.

У іншым месцы? Прыходзіце да занятых людзей, час забіраеце і ідзяце з пустымі рукамі. Джо, хіба ты адразу не зразумеў, што маеш справу са жміндам?

Я не жмінда. Мне патрэбна машына. Мы ў Каліфорнію едзем. Мне машына патрэбна.

Ну добра, няхай я прасцячок. Джо лічыць мяне прасцячком. Калі будзеце, кажа, здымаць з сябе апошнюю кашулю, з голаду здохнеце. Вось мы як зробім: я вазьму вашых мулаў па пяць даляраў за галаву на корм сабакам.

Не, навошта ж на корм.

Ну, я мог бы раскашэліцца і даць па сем ці дзесяць. Дык я скажу вам, як мы зробім. Я бяру вашых мулаў за дваццаць і яшчэ павозку ў прыдачу, згодны? Пяцьдзесят вы заплоціце наяўнымі, а на астатнія дасце вэксаль і будзеце пагашаць па дзесяць даляраў у месяц.

Вы ж сказалі - восемдзесят.

А хіба вы ніколі не чулі пра накладныя выдаткі і пра страхоўку? Гэта крыху павышае цану. За якіх чатыры-пяць месяцаў вы ўсё выплаціце. Распішыцеся вось тут. Мы пра ўсё паклапоцімся.

Проста не ведаю...

Паслухайце. Я гатовы аддаць вам сваю апошнюю кашулю, а вы столькі часу ў мяне аднялі. Я ўжо трох пакупнікоў адпусціў бы за той час, што на вас патраціў. Проста прыкра. Ага, так, распісвайцеся вось тут. Цудоўна, сэр. Джо, схадзі залі бак гэтаму джэнтльмену. Дадзім яму яшчэ і бензіну.

Ну, Джо, дасталося ж нам з табой. Колькі я аддаў за гэту калымагу? Трыццаць зялёненькіх... а не трыццаць пяць? Не я буду, калі не заганю гэтую вупражку за семдзесят пяць, а то які ж я дзялок? Ды яшчэ пяцьдзесят наяўнымі і вэксаль на сорак. Ну так, я ведаю, не ўсе людзі сумленныя, але часам дзіву даешся, як яны ўхітраюцца заплаціць доўг. Адзін выплаціў сотню праз два гады пасля таго, як я спісаў гэтыя грошы ў расход. У заклад іду - гэты выплаціць усё да апошняга. Эх, мне каб толькі раздабыць соцень пяць такіх драндулетаў! Ну, закасвай рукавы, Джо, бярыся за справу. Пайдзі апрацуй яшчэ каго і да мяне прышлі. З гэтай апошняй здзелкі табе перападзе дваццаць зялёненькіх. Ты малайчына, Джо.

Сцяжкі млява паніклі пад дзённым сонцам. Сёння ўцэненая машына - «форд» выпуску 29-га года - «пікап», у поўнай спраўнасці.

А што вы хочаце за пяцьдзесят даляраў - «зефір»?

Конскі волас закручанымі космамі вытыркаецца з падушак, памятыя, аблупленыя крылы. Расхістаныя бамперы вісяць коса. Элегантны двухмесны «форд» з маленькімі каляровымі лямпачкамі - уверсе на радыятары, на крылах і ззаду. Шчыткі ад пырскаў. На рычагу пераключэння скорасцей вялікі штамп фірмы. На кажуху для запасной шыны - яркай фарбай прыгожая дзяўчына і надпіс: «Кора». Папаўднёвае сонца іскрыцца на ветравым шкле.

Госпадзі! Нават пад'есці няма калі. Джо, пашлі хлопчыка па булачку з катлетай.

Перарывісты роў лядашчых машын.

Вунь нейкі ёлупень вытрашчыў вочы на «крайслер». Схадзі дазнайся, ці ёсць манета ў яго ў штанах. Сярод гэтых фермераў трапляюцца і прайдохі такія, што ого! Абгаблюй яго і цягні да мяне. Ты малайчына, Джо.

Так, яна куплена ў нас. Гарантыя? Мы гарантавалі, што гэта аўтамабіль. А мамку прыстаўляць да яго не браліся. Слухайце сюды. Вы набылі машыну, а цяпер гарлапаніце. Будзеце пагашаць доўг ці не, мне напляваць. Вашага вэксаля ў нас тут няма. Перадалі яго ў фінансавы банк. Спаганяць будзе ён, а не мы. У сябе мы вэксаляў не трымаем. Што? Паспрабуйце толькі скандаліць, я зараз жа паклічу фараона. Нічога падобнага, пакрышак мы не падмянялі. Гані яго прэч, Джо. Купіў машыну і яшчэ незадаволены. А што, калі б я купіў кавалак мяса, ад'еў палову, а рэштку панёс бы назад? У нас тут дзелавая ўстанова, а не багадзельня. Як ён табе падабаецца, Джо? Гэй, Джон, зірні! У яго бірулька - ласіны зуб. Знак секты Элка. Дагані яго. Няхай паглядзіць «панціяк» 36-га года. Ну і ну!

Квадратныя насы, круглыя насы, іржавыя насы, насы лапатай, прадаўгаватыя абцякальныя формы, плоскія паверхні яшчэ «даабцякальных» выпускаў. Сёння шмат уцэненага тавару. Дапатопныя пачвары з мяккай абіўкай - іх лёгка ператварыць у грузавікі. Двухколыя трайлеры - на восях яркае сонца выразна высвечвае ржу. Ужываныя машыны. Добрыя ўжываныя машыны. Матор перабраны, зусім спраўны.

Госпадзі! Ты толькі зірні. Да якога стану давялі машыну.

«Кадзілакі», «ласалі», «б'юікі», «плімуты», «пакарды», «шаўрале», «форды», «панціякі». Рад за радам, фары пабліскваюць на сонцы. Добрыя ўжываныя машыны.

Ты іх апрацоўвай, Джо. Эх, каб займець тысячы такіх драндулетаў! Ты іх толькі разахвоць, астатняе ўжо мая справа.

У Каліфорнію едзеце? Вось якраз тое, што вам патрэбна. З выгляду з'ездзілася, але прабяжыць яшчэ тысячы міль.

Выстраіліся адна да адной. Добрыя ўжываныя машыны. За бясцэнак. Матор перабраны, зусім спраўны.

 

РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ

 

Неба між зорак зрабілася шэрым, ушчэрбны месяц здаваўся бязважкім і празрыстым. Том Джоўд і прапаведнік шпарка крочылі па дарозе, праўдзівей - па каляінах, пракладзеных праз баваўнянае поле коламі і гусеніцамі трактароў. Толькі няўстойлівы стан неба выдаваў набліжэнне досвітку - на захадзе яно злівалася з зямлёй, на ўсходзе яго аддзяляла ад зямлі ледзь прыкметная лінія. Абодва ішлі моўчкі, уцягваючы праз ноздры пыл, які ўзнімалі ў паветры іх чаравікі.

- Спадзяюся, ты добра ведаеш дарогу? - сказаў Джым Кейсі. - А то развіднее, і акажацца, што мы забрылі к чорту на балота.

Баваўнянае поле ажывала разам з жыццём, якое паступова абуджалася, - раннія птушкі перапырхвалі з месца на месца ў пошуках корму, патрывожаныя трусы паспешліва ўцякалі па камякаватай зямлі. Прыглушаныя пылам гукі крокаў і пахрустванне сухіх камякоў пад нагамі падарожнікаў зліваліся з таемнымі шолахамі блізкага ўжо світання.

Том сказаў:

- Я з заплюшчанымі вачамі дайду куды трэба. Уся штука ў тым, каб не думаць пра дарогу. Проста забыцца, што яна існуе, і тады я дайду цюцельку ў цюцельку. Я ж тут як-ніяк нарадзіўся. Малым бегаў па гэтых мясцінах. Тут павінна быць дрэва - ага, вунь яно, бачыш? Ужо разглядзець можна. Бацька на ім мёртвага каёта некалі павесіў. Доўга вісеў, поўсць як расплавілася, а потым адпала. Зусім высах. Эх, можа, мама там ужо снеданне гатуе! У жываце бурчыць.

- У мяне таксама, - сказаў Кейсі. - Хочаш табакі пажаваць? Голад не так чуваць. Дарэмна мы пусціліся ў дарогу ў такую рань. Пры святле лепш ісці. -Ён змоўк і адгрыз кавалак жавальнага тытуню. - Так добра спалася.

- Гэты вар'ят М'юлі мяне падняў, - сказаў Том. - Я з перапуду як ускочу! Пабудзіў і кажа: «Бывай, Том, мне пара. Трэба сюды-туды наведацца. А вы, кажа, таксама збірайцеся, каб, як разднее, вас ужо тут не было». Баязлівы зрабіўся, як суслік, ад такога жыцця. Нібыта за ім індзейцы гоняцца. Па-твойму, ён крануўся з розуму?

- А хто яго ведае. Ты ж бачыў, як учора машына прыкаціла на наш агеньчык. Развернуты дом бачыў? Тут нядобрыя справы творацца. Не без таго - М'юлі трохі крануўся. Шнырыць, крадучыся, па наваколлі, як каёт, - мімаволі чокнешся. Яшчэ заб'е каго і дачакаецца, што яго сабакамі зацкуюць. Можаш лічыць гэта прароцтвам. Чым далей, тым ён усё горшы робіцца. Кажаш, адмовіўся з намі ісці?

- Наадрэз, - адказаў Джоўд. - Па-мойму, ён людзей стаў баяцца. Яшчэ дзіва, што ён да нас падышоў. Да світання будзем у дзядзькі Джона. - Колькі часу яны ішлі моўчкі, і запозненыя совы праляталі ў іх над галавой, спяшаліся да свірнаў, да дуплаў, да сваіх гнёздаў на цыстэрнах для вады, каб паспець схавацца ад дзённага святла. Неба на ўсходзе пасвятлела, і ўжо можна было разглядзець кусты бавоўніку абапал дарогі і яшчэ шэрую зямлю пад нагамі. - Проста розуму не дабяру, як яны там у дзядзькі Джона ўсе размясціліся, дзе спяць. У яго ўсяго адзін пакой з летняй кухняй і хляўчук. Цяпер там, пэўна, і не павернешся.

Прапаведнік сказаў:

- Я не памятаю, ці была ў Джона сям'я. Па-мойму, ён жыў адзін. Я мала што помню пра яго.

- Самы адзінокі чалавек на свеце, - сказаў Джоўд. - Вар'ят неймаверны - накшталт М'юлі, толькі, бадай што, яшчэ ў сім-тым горшы. Дзе толькі ты яго не ўбачыш - то ён у Шоўні аб'явіцца п'яны, то да адной удавы завітае за дваццаць міль ад дому, а то раптам пачне капацца ў сябе на ўчастку ноччу з ліхтаром. Зусім ачмурэў. Ніхто не думаў, што ён так доўга пражыве. У такіх адзінокіх людзей век кароткі. Дзядзька Джон старэйшы за майго бацьку. Год ад году толькі больш жылісты робіцца і наравісты. Ён круцейшы норавам, чым нават дзед.

- Глядзі, віднее ўжо, - сказаў прапаведнік. - Як срэбра. А што, у Джона ніколі жонкі не было?

- Была. І вось слухай, да чаго давяла яго ўпартасць. Бацька расказваў. Узяў дзядзька сабе маладую жонку. Пражыў з ёю месяцы чатыры. Яна зацяжарала. Неяк ноччу ёй зрабілася дрэнна, нешта ўсярэдзіне забалела, і просіць яна Джона: «Прывядзі доктара», а ён сядзіць сабе і не шманае. «У цябе, кажа, проста расстройства жывата. Аб'елася. Выпі чаго-небудзь болесуцішальнага. Набіла жывот, вось і баліць». Раніцай пачала трызніць і сканала да чатырох дня.

- Што з ёю было? - папытаўся Кейсі. - З'ела што-небудзь?

- Не, у яе лопнула нешта ўнутры. Нейкі ап... апендзік. Ну, дзядзька Джон наогул душой добры і цяжка перажываў. Не мог дараваць сабе. Доўга ні з кім ні слова не прамовіў. Ходзіць, як сляпы, і ўсё малітвы пад нос сабе мармыча. Толькі праз два гады ачомаўся, але з тае пары зусім перамяніўся. Як ашалеў. Спакою ад яго не было. Ледзь толькі ў каго з малых глісты завядуцца ці там рэзь у жываце, ён зараз жа доктара цягне. Нарэшце бацька сказаў яму канчаць. У дзяцей, маўляў, жываты заўсёды баляць. Джон лічыў, што жонка па яго віне памерла. Дзівак. Увесь час выкупляў сваю віну - то малым падарункі нясе, то каму-небудзь на ганак мукі мех падкіне. Амаль усё нажытае раздаў, а на душы лягчэй у яго не стала. Бывала, начамі ўсё ходзіць і ходзіць адзін. А гаспадар ён добры. Зямлю спраўна даглядае.

- Няшчасны чалавек, - сказаў прапаведнік. - Няшчасны і адзінокі. А ў царкву ён часта пасля смерці жонкі хадзіў?

- Не, не хадзіў. Ён людзей цураўся. Шукаў адзіноты. А малыя проста ў захапленні ад яго былі. Бывала, ціхенька прыйдзе да нас ноччу, і мы раніцай адразу здагадваліся, што ён прыходзіў, бо кожнаму ўсуне ў ложак пачак жавальнай гумкі - прачнемся, а гумка збоку ляжыць на пасцелі. Мы яго за госпада бога лічылі.

Прапаведнік ішоў, апусціўшы галаву. Ён нічога не адказаў. У першых ранішніх промнях лоб яго нібы ззяў, а рукі, якімі ён размахваў пры хадзе, то высвечвала святло, то паглынаў паўзмрок.

Том таксама маўчаў, быццам засаромеўся сваёй залішняй шчырасці. Ён прыспешыў крок, і прапаведнік падладзіўся пад яго хаду. Цяпер у шэрым сутонні яны маглі бачыць крыху далей перад сабой. З радоў бавоўніку, паволі выгінаючыся, выпаўзла на дарогу змяя. Том адразу спыніўся і пачаў прыглядацца да яе.

- Такія на суслікаў палююць, - сказаў ён. - Няхай сабе паўзе.

Яны абышлі змяю і пакрочылі далей. Неба на ўсходзе злёгку паружавела, і амаль адразу над зямлёй разаслалася панылае святло золку. Сям-там зазелянеліся кусты бавоўніку, зямля набыла буры колер. З твараў людзей сышло шараватае адценне. Пры святле твар Джоўда здаўся цямнейшым.

- Цудоўная пара! - сказаў Том Джоўд ціха. - Хлапчуком я, бывала, падымаўся на золку і паходжваў адзін. Што гэта там наперадзе?

На дарозе ў гонар сучкі сабралася сабачая хеўра. Пяць сабак - нечыстакроўныя аўчаркі, шатландскія колі і іншыя сабакі, чыю пароду нельга вызначыць з прычыны свабоды нораваў у сабачым племені, - былі занятыя заляцаннем да сучкі. Кожны далікатна абнюхваў яе, потым цырымонна адыходзіў да куста здзеравянелай хадою, урачыста падымаў заднюю нагу, паліваў яго і вяртаўся назад. Падарожнікі спыніліся панаглядаць, і Джоўд раптам весела засмяяўся.

- О божа! Вось дык відовішча!

Сабакі сышліся ў кучку, поўсць у іх на хібах натапырылася, яны пачалі гыркаць, не кранаючыся з месца, чакаючы, хто першы пачне грызню. Раптам адзін сабака асядлаў сучку, і астатнія адступілі перад неабвержным фактам і сталі з цікавасцю назіраць, высунуўшы языкі, з якіх капала сліна.

- Вось дык відовішча, - паўтарыў Джоўд. - Гэта ж, здаецца, наш Стракаты. А я думаў, ён даўно ўжо здох. Стракаты, да мяне! - Джоўд зноў засмяяўся. - Чорт! Калі б мяне паклікалі ў такі момант, я таксама не пачуў бы. Прыгадаўся мне выпадак з Уілі Філі - быў ён тады яшчэ хлапчуком. А сарамлівы быў! Страшэнна сарамлівы. Дык аднаго дня загадалі яму завесці цялушку да Грэйузавага быка. Дома ў іх нікога не было, акрамя Элсі, дачкі Грэйуза, а Элсі сарамлівасцю пахваліцца не магла. Уілі стаіць перад ёю, а сам рота раскрыць не можа. Элсі кажа: «Я ведаю, чаго ты прыйшоў. Бык у хляве, на заднім двары». Ну, завялі яны туды цялушку, самі на паркан палезлі і цікуюць. Неўзабаве Ўілі пачаў ёрзаць на паркане. Элсі зірнула на яго і пытаецца, быццам ёй няўцям: «Што гэта з табой, Уілі?» А таго так разабрала, ледзь на паркане трымаецца. «Эх, кажа, вось бы мне гэтак!» А Элсі яму: «Ну дык чаго ты? Цялушка ж твая».

Прапаведнік ціха засмяяўся.

- Паверыш, - сказаў ён, - я вельмі рады, што больш ужо не прапаведнік: ніхто пры мне падобных гісторый не расказваў, а калі, здаралася, хто-небудзь і расказваў, дык я пасмяяцца не мог. І нават вылаяцца не мог. А цяпер магу аблаяць усё, што хачу і калі хачу, і ад сэрца ў мяне неяк адлягае.

Небакрай на ўсходзе азарыўся чырванню, на зямлі заскакалі і гучна зацвыркалі птушкі.

- Глянь, - сказаў Джоўд. - Вунь, наперадзе. Дзядзькава цыстэрна. Ветрака не відаць, а цыстэрна вунь стаіць. Бачыш на фоне неба? - Ён пайшоў шпарчэй. - Толькі б дома былі ўсе.

З-за ўзгорка выступілі абрысы вадзяной цыстэрны. Ад паспешлівых крокаў Джоўда клубы пылу ўзнімаліся яму да самых калень.

- Хоць бы мама...

Завіднеліся ўжо распоркі цыстэрны, дом - маленькі, падобны да скрыні, нейкі голы, нефарбаваны, і свіран - нізенькі, пахілы. З бляшанага коміна ішоў дым. Двор быў увесь беспарадкава застаўлены: зваленая ў кучу мэбля, крылы і механізм ветрака, ложкі, сталы, крэслы...

- Э! Яны ладзяцца ехаць! - выгукнуў Джоўд.

На двары стаяў грузавік з высокімі бартамі - нейкі дзіўны з выгляду грузавік: пярэдняя частка ў яго была, як у лімузіна, а ззаду верх быў зняты, і кузаў прыстасаваны для перавозкі грузаў. Падышоўшы бліжэй, падарожнікі пачулі стук, і, калі над гарызонтам выплыў асляпляльны абадок сонца і яго промні ўпалі на машыну, яны ўбачылі чалавека, у руках у якога, узлятаючы ўгору і апускаючыся, пабліскваў малаток. Сонца ярка гарэла на шыбінах вокнаў. Пацямнелыя ад часу сцены дома зрабіліся светлыя. Дзве рыжыя курыцы быццам запалалі пад адлюстраваным святлом.

- Не гавары моцна, - сказаў Джоўд. - Непрыкметна падкрадзёмся, - і так пашыбаваў, што клубы пылу падымаліся цяпер яму да пояса.

Яны апынуліся на краі баваўнянага поля. Увайшлі ў двор. Зямля тут была цвёрдая, утаптаная, як ток, і толькі дзе-нідзе на ёй прабівалася трава. Джоўд пайшоў цішэй, нібы баючыся чаго. Гледзячы на яго, і прапаведнік збавіў крок. Потым Том паволі пасунуўся наперад і нерашуча збочыў да машыны - шасціцыліндравага легкавога «гудзона», верх якога быў рассечаны на дзве паловы простым, відаць, зубілам. Стары Том Джоўд стаяў у кузаве і прыбіваў верхнія планкі бартоў. Твар яго з пасівелай шчэццю нізка схіліўся над дошкай, з рота тырчаў пучок цвікоў. Ён прыставіў цвік і з грукатам увагнаў яго малатком у дрэва. У доме бразнула канфорка пліты, пачуўся дзіцячы плач. Джоўд падышоў да машыны і прыхіліўся да борта. Бацька глянуў на яго невідушчымі вачыма. Тады паставіў другі цвік і ўбіў у дошку. Галубы чародкай узляцелі з цыстэрны, зрабілі вакол яе круг, вярнуліся на месца і, важна ступаючы, падышлі да самага краю, глянулі ўніз - белыя галубы, блакітнаватыя, шэрыя, з вясёлкавым адлівам на крылах.

Джоўд абхапіў пальцамі ніжнюю планку борта. Глянуў на пастарэлага, з сівізною, чалавека, што стаяў на грузавіку. Лізнуў губы і ціха прамовіў:

- Тата...

- Ну чаго там? - буркнуў стары Том, не вымаючы цвікоў з рота. На ім былі заплямлены капялюш з чорнага фетру з шырокімі абвіслымі палямі і сіняя кашуля пад камізэлькай без гузікаў; штаны падпярэзваў шырокі рэмень з вялікай меднай спражкай - і скура, і метал блішчэлі ад заўсёднай носкі; чаравікі былі патрэсканыя, падэшвы растаптаныя і загнутыя ўгору - шмат гадоў пахадзілі ў спёку, у слоту, па пыле. Пад рукавамі кашулі, якая шчыльна абцягвала яго плечы, напяліся мускулы. Жывот і сцёгны яго былі худыя, а ногі - кароткія, масіўныя і моцныя. Абрамлены шчаціннем твар звужаўся да вытырклага валявога падбародка, калючая шэрсць на якім яшчэ не паспела зусім пасівець, што надавала яму большую цвёрдасць і рашучасць. Скулы ў старога Тома былі цёмныя, як пяньковае валакно, скура разбягалася ад куточкаў вачэй праменьчыкамі маршчынак, бо ён жмурыў вочы, цёмна-карыя, як карычневая кававая гушча; прыглядаючыся да чаго-небудзь, ён выцягваў шыю, бо гэтыя некалі зоркія вочы пачыналі ўжо здаваць. Губы, што сціскалі доўгія цвікі, былі тонкія і чырвоныя.

Ён занёс руку з малатком, збіраючыся ўвагнаць у дрэва яшчэ адзін цвік, і глянуў цераз борт грузавіка на Тома, глянуў зласліва, нездаволена, што яму перашкаджаюць працаваць. І раптам падбародак яго выпнуўся яшчэ больш, вочы ўтаропіліся на твар Тома, і мала-памалу мозг старога Тома Джоўда ўсвядоміў тое, што ўспрынялі яго вочы. Рука з малатком паволі апусцілася, другая выняла з рота цвікі, і ён здзіўлена прамовіў, нібы паведамляючы сабе жыццёвы факт:

- Гэта Томі... - І зноў паведаміў сам сабе: - Наш Томі вярнуўся дамоў. - Рот яго зноў раскрыўся, у вачах мільгануў спалох. - Томі, - ледзь не шэптам сказаў ён, - уцёк? Ты хаваешся? - Ён напружана чакаў адказу.

- Не, - адказаў Том. - Я даў падпіску. Мяне выпусцілі. Дакументы пры мне. - Ён схапіўся за ніжнія планкі борта.

Стары Том акуратна паклаў малаток на дно кузава і ўсунуў цвікі ў кішэню. Перакінуў нагу цераз борт і спрытна саскочыў з машыны, але, апынуўшыся побач з сынам, нерашуча замяўся.

- Томі, - сказаў ён, - мы едзем у Каліфорнію. Збіраліся напісаць табе пісьмо. - І дадаў, быццам не верачы вачам сваім: - Але ты вярнуўся. Можаш ехаць з намі. Паедзеш з намі! - У доме бразнулі накрыўкай кафейніка. Стары Том азірнуўся цераз плячо. - Зробім ім сюрпрыз, - сказаў ён, і вочы яго заблішчалі ад захаплення. - Маці ўсё мучыцца прадчуваннем, што больш цябе не ўбачыць. Вочы ў яе сталі сумныя, быццам у доме нябожчык. І ў Каліфорнію не вельмі хоча ехаць, бо тады, кажа, я ўжо яго ніколі больш не ўбачу. - На кухні зноў грукнулі нейкай накрыўкай. - Зробім ім сюрпрыз, - паўтарыў стары Том. - Увойдзем так, быццам ты ніколі з дому не адлучаўся. Паглядзім, што маці скажа. - Нарэшце ён дакрануўся да Тома, але толькі да яго пляча, баязліва, і зараз жа адхапіў руку. Ён зірнуў на Джыма Кейсі.

- Та, ты памятаеш нашага прапаведніка? - запытаўся Том. - Ён са мной прыйшоў.

- Ён таксама з турмы?

- Не, мы з ім у дарозе стрэліся. Ён даўно ўжо тут не быў.

Бацька паважна падаў прапаведніку руку.

- З добрым прыбыццём, сэр.

Кейсі сказаў:

- Я рады, што прыйшоў да вас. Як цудоўна, калі сын вяртаецца дадому. Цудоўнае відовішча!

- Дадому... - ціха прамовіў бацька.

- Да сваіх родных, - паспешліва паправіўся Кейсі. - Мы пераначавалі на старым месцы.

Бацька выпнуў падбародак і якую хвіліну пазіраў на дарогу. Потым павярнуўся да сына.

- Ну дык як мы гэта зробім? - усхвалявана загаварыў ён. - Можа, я зайду і скажу: «Вось тут прыйшлі двое, хацелі б паснедаць у нас». А што, калі ты зойдзеш адзін і будзеш стаяць, пакуль яна цябе не ўбачыць? Можа, так і зробім? - Твар яго радасна ззяў.

- Гэтак можна і напужаць, - сказаў Том. - Пужаць яе не трэба.

Дзве даўганогія аўчаркі з лагодным выглядам прыбеглі ў двор, але, ледзь толькі пачулі чужы пах, яны прадбачліва адступілі, насцярожыліся і паволі, у нерашучым чаканні, памахвалі хвастамі, напружыўшы зрок і нюх, гатовыя да любых варожых выпадаў незнаёмцаў, да небяспекі. Адна аўчарка, выцягнуўшы шыю, асцярожна пасунулася да Тома, падкралася да яго ног і шумна абнюхала іх. Потым адышла ўбок і, пазіраючы на старога Тома, стала чакаць яго знаку. Другі сабака, яшчэ шчанюк, не меў такой смеласці. Ён агледзеўся навокал, шукаючы, на што пераключыць сваю ўвагу без шкоды сваёй годнасці, убачыў рыжае кураня, якое тэпала міма, і наляцеў на яго. Пачулася пранізлівае кудахтанне разгневанай квактухі, у паветра паляцела рыжае пер'е, і курыца кінулася наўцёкі, лопаючы куртатымі крыламі. Шчанюк з гордасцю паглядзеў на людзей і разлёгся ў пыле, задаволена паляпваючы хвастом па зямлі.

- Дык пайшлі, - сказаў бацька. - Пайшлі, чаго чакаць. Хай яна ўбачыць цябе. А я пагляджу, які ў яе зробіцца твар. Гайда. Праз якую хвіліну яна пакліча ўсіх снедаць. Я даўно ўжо чуў, як яна пляснула саланіну на патэльню.

Ён пайшоў да дома па мяккім пыле. Ганка не было - адна прыступка, і адразу дзверы; каля іх стаяла калода, пасечаная і рыхлая - многа гадоў праслужыла. Драўляная абшыўка сцен крышылася, праедзеная пылам. У паветры патыхала паленым вярбовым голлем, а падышоўшы да самых дзвярэй, трое мужчын пачулі пах смажанага мяса, жытніх праснакоў і востры пах кавы, што клекатала ў кафейніку. Стары Том стаяў на парозе, загарадзіўшы сваім каржакаватым целам уваход.

- Ма, - сказаў ён, - тут двое падарожнікаў пытаюцца, ці не знойдзецца ў цябе чаго перакусіць.

Том пачуў матчын голас, памятны яму, - спакойны, стрыманы, працяжны, які гучаў прыязна і ціхмяна:

- Няхай зойдуць. Ежы хопіць. Скажы, каб рукі памылі. Хлеб гатовы. Зараз я мяса зніму. - І на пліце пачулася сярдзітае сквірчэнне сала.

Бацька ступіў з парога на кухню, Том зазірнуў туды і ўбачыў маці. Яна знімала з патэльні выгінастыя скваркі. Духоўка была адкрытая, і там відаць была шырокая патэльня з ужо гатовымі жытнімі праснакамі. Маці глянула праз дзверы на двор, але сонца свяціла Тому ў спіну, і маці ўбачыла толькі цёмны сілуэт, выразна акрэслены на яркім сонечным святле. Гаспадыня гасцінна кіўнула галавой і сказала:

- Заходзьце. Добра, што я сёння спякла многа хлеба.

Том стаяў, зазіраючы ў кухню. Маці была грузная, але не тлустая - проста пацяжэла ад родаў і працы. На ёй была свабодная сукенка - некалі ў рознакаляровыя кветачкі на шэрым полі, але цяпер кветачкі злінялі, і ад іх засталіся толькі светлыя плямкі. Сукенка спадала ёй да шчыкалатак, і яе моцныя, шырокія голыя ступні лёгка і жвава ступалі па падлозе. Рэдкія сівыя валасы з блакітнаватым адлівам былі сабраныя на патыліцы ў кволы жмуток. Моцныя, спярэшчаныя рабаціннем рукі былі адкрытыя да локцяў, кісці - поўныя і далікатныя, як у пухлявенькай дзяўчынкі. Яна глядзела на заліты сонцам двор, і на яе шырокім твары адбівалася не ласкавасць, а спакойная добразычлівасць. Цёмныя карыя вочы быццам зведалі ўсе чалавечыя бядоты і трагедыі, і, адолеўшы боль і пакуты, яна паднялася па іх, як па прыступках, да найвышэйшага спакою і разумення. Яна ўсведамляла, прызнавала і з радасцю прымала сваё становішча ў сям'і: яна была яе апорай, цвярдыняй, якой ніхто не мог авалодаць. І паколькі стары Том і дзеці не пранікаліся болем і страхам, пакуль боль і страх не апаноўвалі яе саму, яна не давала пачуццям гэтым авалодаць яе сэрцам. А калі здаралася што-небудзь радаснае, яны чакалі яе радасці, бо ў яе ўвайшло ў звычку выклікаць вясёлы смех, нават калі асаблівых прычын для весялосці не было. Але стрыманасць лепш за весялосць. Вытрымка - рэч больш надзейная. І высокае і сціплае становішча маці ў сям'і надало ёй годнасць і чыстую, ціхмяную душэўную прыгажосць. Яе роля сямейнай лекаркі надала яе рукам упэўненасць, цвёрдасць і размеранасць; яе роля сямейнага трацейскага суддзі зрабіла яе бесстаронняй і бездакорнай у сваіх прысудах, як багіня. Яна, відаць, ведала: калі яна пахіснецца, сямейныя ўстоі таксама пахіснуцца, а калі яна завагаецца або ўпадзе ў роспач, сям'я разваліцца, страціць волю да жыцця.

Яна глядзела на заліты сонечным святлом двор, на цёмны сілуэт мужчыны. Бацька стаяў побач і ўвесь калаціўся ад нецярплівасці.

- Заходзьце ж! - крыкнуў ён. - Чаго стаіце, заходзьце, містэр.

Том збянтэжана пераступіў парог.

Маці ветліва паглядзела на яго, падняўшы галаву ад патэльні, над якой яна зноў схілілася. І тут рука яе паволі апусцілася, відэлец грукнуўся на дашчаную падлогу. Вочы яе шырока расплюшчыліся, зрэнкі расшырыліся. Яна цяжка задыхала, раскрыўшы рот. Потым заплюшчыла вочы.

- Дзякуй богу, - прамовіла яна. - Ой, дзякуй богу! - Вочы яе раптам затуманіліся трывогай. - Томі, цябе не шукаюць? Ты не ўцёк?

- Не, ма. Я даў падпіску. Тут у мяне дакументы, - ён дакрануўся да грудзей.

Яна падышла да яго, лёгка і бясшумна ступаючы босымі нагамі, і на твары ў яе адбілася здзіўленне. Маленькая далонь кранулася яго рукі вышэй локця, адчула яго мускулы. Потым маці, як сляпая, прыклала пальцы да яго шчакі. Радасць яе межавала са смуткам. Том моцна прыкусіў ніжнюю губу. Яе здзіўленыя вочы глянулі на заціснутую між зубоў губу, убачылі нітачку крыві, што праступіла скрозь зубы і тоненькім струменьчыкам пабегла па падбародку. Яна зразумела ўсё, самавалоданне зноў вярнулася да яе, і яна адняла руку ад яго твару. Дыханне гучна вырвалася з яе грудзей.

- Ну вось! - усклікнула яна. - А мы ледзь без цябе не паехалі. Усё галаву ламалі, як ты нас знойдзеш. - Яна падняла з падлогі відэлец, памяшала гарачае сала, падхапіла з патэльні падгарэлую скварку. Потым адставіла на край пліты кафейнік з успененай кавай.

Стары Том рагатнуў:

- Абдурылі мы цябе, ма, га? Так і задумалі. Спецыяльна. А яна стаіць, як авечка, якую абухом агрэлі. Шкада, дзеда тут не было. Цябе быццам хто па лбе кувалдай гакнуў. Дзед надарваў бы жывот са смеху, зноў бядро сабе вывіхнуў бы, як тады, калі Эл пальнуў у той вялізны армейскі самалёт. Тут, ведаеш, Том, аднаго разу пралятаў такі вялікі - з паўмілі, можа, даўжынёй, дык Эл як схопіць сваю трыццаціміліметроўку ды як смальне! Дзед крычыць: «Не страляй на галапупках, Эл, пачакай, пакуль дарослыя птушкі прыляцяць!» - і так з рогату выкручваўся, што бядро сабе вывіхнуў.

Маці ціхенька хіхікнула і зняла з паліцы горку алавяных талерак.

Том запытаўся:

- А дзе ён, дзед? Я гэтага старога чорта яшчэ не бачыў.

Маці паставіла талеркі на кухонны стол і каля кожнай - кубак. Сказала, панізіўшы голас:

- Яны з бабкай у свірне спяць - ім часта даводзіцца падымацца па начах, на дзяцей натыкаюцца.

Умяшаўся бацька:

- Ага. Дзед кожную ноч як шалеў. Спатыкнецца аб Уінфілда, той - у крык, а дзед з перапуду ў споднікі напусціць і ад злосці закіпіць, а там, глядзіш, такі гвалт у доме ўзнімецца, што хоць вушы затыкай. - Ён гаварыў пасмейваючыся. - О, тут у нас вясёленька бывала. Адной ноччу раскрычаліся ўсе, завяліся, і брацік твой Эл, цяпер ён у нас красамоўны стаў, кажа: «Чаму ты, каб цябе чорт, у піраты не падаўся?» Ну, стары зусім азвярэў і па стрэльбу пабег. І давялося Элу спаць той ноччу ў полі. А цяпер дзед з бабкай у свірне начуюць.

Маці сказала:

- Цяпер яны па патрэбе ўстаюць і на двор ідуць. Тата, скажы ім, што Томі вярнуўся. Дзеда наш Том заўсёды любіў.

- Зараз, - сказаў бацька. - Зусім з галавы выпусціў. - Ён выйшаў з кухні і, энергічна размахваючы рукамі, пайшоў цераз двор.

Том глядзеў яму ўслед і раптам пачуў голас маці.

- Томі, - прамовіла яна нерашуча і бянтэжліва.

- Што? - Яе збянтэжанасць толькі ўзмацніла збянтэжанасць яго самога, прывяла ў нейкае незразумелае замяшанне. Кожны з іх здагадваўся пра душэўны стан другога, і іх гэта яшчэ больш бянтэжыла.

- Томі, я хачу ў цябе запытацца... ты не азлобіўся?

- Азлобіўся?

- Злосць не заслала табе вочы? Ты ні да кога не пранікся нянавісцю? Турма не давяла цябе да таго, што ты зусім страціў розум?

Том паглядзеў на яе скоса, дапытліва, і вочы яго быццам пыталіся, адкуль яна ўсё гэта ведае.

- Н-не, - адказаў ён. - Можа, толькі спачатку. Я не такі горды, як іншыя. З мяне як з гусі вада. А чаму ты пытаешся, ма?

Цяпер ужо яна глядзела на яго, крыху раскрыла рот, быццам так было лепш чуваць, і ўпілася ў яго вачамі, каб лепш разабрацца ў ім. Яна шукала таго адказу, які словы часта ўтойваюць. І нясмела загаварыла:

- Тут у нас быў Красунчык Бой Флойд. Я маці яго ведала. Добрыя былі людзі. Бой быў страшэнны свавольнік, не без таго, ну, як кожны здаровы хлопчык. - Яна памаўчала, потым словы яе паліліся патокам: - Пра ўсіх іх мне невядома, але пра яго я ведаю ўсё. Ён нешта там натварыў, і яго моцна пабілі - злавілі і збілі, і ён азлобіўся і зноў нешта такое ўчыніў, ужо са зла, дык яго зноў пабілі. Да таго давялі, што ён зусім ашалеў. У яго стралялі, як у драпежнага звера, а ён адстрэльваўся. Цкавалі сабакамі, як каёта, а ён скаліў зубы і агрызаўся, як воўк. Зусім розум страціў. І не хлопец, і не мужчына - не чалавек, а жывёліна нейкая. Але хто яго ведаў, той не крыўдзіў. На такіх у яго злосці не было. Нарэшце яго зацкавалі сабакамі і забілі. У газетах бог ведае што пра яго пісалі, а на справе вось як было. - Яна змоўкла, аблізнула перасохлыя губы. На ўсім яе твары было напісана, што яе мучыць. - Я хачу ведаць, Томі. Цябе жорстка білі? Ты таксама сам не свой ад злосці?

Поўныя губы Тома былі шчыльна сцятыя. Ён зірнуў на свае шырокія гладкія далоні.

- Не, - адказаў ён. - Я не з такіх. - Ён памаўчаў, разглядаючы свае абламаныя пазногці, шурпатыя, як ракавінкі. - У турме я стараўся ні ў што не ўблытвацца. У мяне такой злосці няма.

Яна ўздыхнула і амаль шэптам прамовіла:

- Дзякуй богу.

Ён ускінуў на яе вочы.

- Калі я ўбачыў, ма, што зрабілі з нашым домам...

Маці падышла да яго зусім блізка і з хваляваннем сказала:

- У адзіночку нельга біцца, Томі. Цябе зацкуюць, як каёта. Вось, Томі, я ўсё думала, меркавала, гадала. Такіх, кажуць, сагнаных з месца сотні тысяч. Калі б мы ўсе, як адзін, узгневаліся, Томі... нас не зацкавалі б... - Яна змоўкла.

Том паволі апусціў павекі, і цяпер яго вочы толькі ледзь паблісквалі між веек.

- І шмат хто так думае? - запытаўся ён.

- Не ведаю. Людзі ўсе цяпер як ашаломленыя. Ходзяць нібы ў сне.

З дальняга канца двара данёсся скрыпучы старэчы голас:

- Хвала богу, наша ўзяло! Наша ўзяло!

Том зірнуў у той бок і ашчэрыўся ўсмешкай:

- Вось і бабка ўжо ведае, што я дома. А цябе, ма, раней я такой ніколі не бачыў.

Матчын твар пасуравеў, вочы зрабіліся халодныя.

- Раней мне ніколі не даводзілася бачыць, як дом мой рушаць. Раней мне ніколі не даводзілася бачыць, як сям'ю маю выганяюць на дарогу. Ніколі не даводзілася распрадаваць... усё... Вось, ідуць ужо. - Яна вярнулася да пліты і вываліла з патэльні на дзве алавяныя талеркі пышныя праснакі. Падбіла мукой густое сала для падліўкі, і рука яе пабялела ад мукі. Хвіліну Том глядзеў на яе, тады падышоў да дзвярэй.

Праз двор ішлі чацвёра. Наперадзе ішоў дзед. Хударлявы, жвавы, неахайна апрануты стары паспешліва чыкільгаў, прыпадаючы на правую вывіхнутую нагу. На хаду ён зашпільваў штаны, і яго старэчыя пальцы ніяк не маглі разабрацца ў гузіках, бо ён усунуў верхні гузік у другую пятлю і гэтым парушыў увесь парадак. Штаны былі пашарпаныя, падраная сіняя кашуля расхрыстаная, доўгая шэрая ніжняя сарочка таксама была расшпіленая. З-пад яе вызіралі кашчавыя белыя грудзі, зарослыя сівой шэрсцю. Дзед страціў надзею зашпіліць прарэх, пакінуў яго незашпіленым і нялоўка заняўся гузікамі сарочкі, потым кінуў і гэта, не давёўшы справы да канца, і пачаў падцягваць карычневыя падцяжкі. Твар у яго быў худы, нервовы, з маленькімі жвавымі вочкамі, хітраватымі, як у свавольнага хлапчука. Сварлівы, капрызны, гарэзлівы, смяшлівы твар. Дзед быў задзірака і спрачальнік, аматар салёных анекдотаў. Як быў у маладосці, так і застаўся стары грахаводнікам. Зласлівы, жорсткі і нецярплівы, як шкадлівае дзіця, і да таго ж весялун. Калі дарываўся да спіртнога, ён не ведаў меры, праз меру еў, калі было што, і безупыну малоў языком.

За дзедам кандыбала бабка; яна ўмудрылася дажыць да глыбокай старасці толькі таму, што была такая ж злосніца, як і яе стары. Яна ахоўвала сваю незалежнасць з лютасцю фанатычкі, не ўступаючы дзеду ў грахоўнасці і буйстве. Аднойчы, яшчэ не прыйшоўшы ў сябе пасля малення і галосячы ўрыўкі псалмаў, яна разрадзіла ў мужа абодва ствалы драбавіка і амаль ушчэнт разнесла яму адну ягадзіцу. Пасля гэтага стары прасякся такой павагай да жонкі, што больш ніколі ўжо не мучыў яе, як дзеці мучаюць казюлек. Яна ішла, падабраўшы да калень прасторную сукенку, і тонкім галаском, падобным на бляянне, выкрыквала свой баявы кліч: «Хвала богу, наша ўзяло!»

Дзед з бабкай кульгалі па шырокім двары навыперадкі. Яны вечна змагаліся адно з адным - ніхто не хацеў ні ў чым уступаць другому. Яны любілі гэтае змаганне, без яго не маглі існаваць.

За імі няспешнай хадой ішлі бацька і Ной, яго першынец - высокі, нейкі дзіўнаваты з выгляду, з неўразумелым выразам на твары, звычайна спакойным і задумлівым. Ной ніколі ні на кога не злаваў. Ён глядзеў на тых, хто злаваў, са здзіўленнем і пачуццём няёмкасці, як глядзіць здаровы чалавек на душэўнахворага. Рухі ў Ноя былі няспешныя, гаварыў ён рэдка, а калі гаварыў, дык так марудна, што людзі, якія яго ведалі, часам лічылі Ноя за дурня. Але Ной не быў дурны, толькі дзівакаваты. Ён мала думаў пра гордасць, не адчуваў цягі да жанчын. Праца і сон па чарзе змянялі адно другое надзіва пунктуальна, і гэта задавальняла яго. Ён любіў сваіх блізкіх, але ніколі не выказваў гэтай любові. Хоць старонняму цяжка было сказаць чаму, але Ной рабіў уражанне чалавека, у якім ёсць нешта ненармальнае - ці то ў форме галавы, ці то ў тулаве, ці ў нагах, а можа, нават і ў розуме; толькі прыдрацца да чаго-небудзь пэўнага было нельга. Бацька, той ведаў, чаму Ной быў не такі, як усе астатнія яго дзеці, але саромеўся расказваць. Бо той ноччу, калі яго першынец з'яўляўся на свет, бацька застаўся ў доме адзін з парадзіхай, з яго няшчаснай жонкай, якая заходзілася ад немага крыху, і ён ашалеў ад страху. Яго рукі, моцныя яго пальцы, як абцугі, выцягнулі, выкруцілі дзіця з чэрава маці і памялі яго. Павітуха, што крыху запазнілася, убачыла бясформенную галоўку нованароджанага, яго выцягнутую шыю, перакрыўленае цельца і ўправіла яму шыю і нібы нанава вылепіла сваімі рукамі яго цела. Бацька ўвесь час памятаў гэтае здарэнне, і яму было сорамна. З Ноем ён быў ласкавейшы, чым з іншымі дзецьмі. Па шырокім твары Ноя, па яго далекавата расстаўленых адно ад аднаго вачах, па доўгім вузкім падбародку бацька пазнаваў памятую, знявечаную галоўку дзіцяці. Ной рабіў усё, што ад яго патрабавалася, мог чытаць і пісаць, умеў працаваць і ацэньваць зробленае, але ўсё гэта ён, здавалася, рабіў без цікавасці; ён зусім абыякава ставіўся да ўсяго таго, чаго людзі дамагаліся, да чаго імкнуліся. Быццам жыў у нейкім дзіўным, маўклівым доме і спакойнымі вачамі паглядаў адтуль на свет. Ён быў чужы ў гэтым доме, але самоты не адчуваў.

Усе чацвёра ішлі праз двор, і дзед крычаў:

- Дзе ён? Дзе ён, чорт на вас? - Яго пальцы зноў пачалі перабіраць гузікі на штанах, потым у забыўлівасці палезлі ў кішэню. І тут у дзвярах ён убачыў Тома. Дзед раптам спыніўся і затрымаў астатніх. Вочкі яго злосна заблішчалі. - Вось, палюбуйцеся, - сказаў ён. - Арыштант! Джоўды чорт ведае колькі па турмах не сядзелі. - Яго розум пераскочыў на другую тэму: - Ніхто не меў права саджаць яго ў турму! Я на яго месцы тое самае зрабіў бы. Якое гэтыя сукіны дзеці мелі права? - І зноў пераскочыў на другое: - А гэты Тэрнбул, старая смярдзючка, яшчэ хваліўся: застрэлю яго, хай толькі з турмы выйдзе. Ува мне, кажа, цячэ кроў Хэтфарда. А я загадаў яму перадаць: «З Джоўдамі не звязвайся. У мяне, кажу, кроў, можа, самога Маккоя». І яшчэ кажу: «Ты толькі пакажыся дзе блізка ад Тома, і я смальну табе ў задніцу». Напужаў яго страх як.

А бабка тым часам вішчала, не слухаючы дзеда:

- Хвала богу, наша ўзяло!

Дзед падышоў да дзвярэй і паляпаў Тома па грудзях, вочы яго заблішчалі любоўю і гордасцю.

- Ну як ты, Томі?

- Парадак, - адказаў той. - А ты як маешся?

- На двор яшчэ сам хаджу. - І зноў яго розум скочыў убок. - Казаў я - Джоўда ў турме не ўтрымаеш! Яшчэ тады сказаў: «Том уцячэ, праб'ецца, як бык праз загарадку». Вось і ўцёк. Прапусці, я згаладаўся. - Ён праціснуўся ў дзверы, сеў за стол, наваліў сабе ў талерку свініны, паклаў наверх два вялікія праснакі, заліў густой падліўкай, і не паспелі астатнія ўвайсці ў кухню, рот у яго ўжо быў поўны.

Том замілавана ўсміхнуўся яму.

- Во стары чорт! - сказаў ён. А ў дзеда быў такі набіты рот, што ён і гуку вымавіць не мог, але яго маленькія лютыя вочкі ўсміхаліся, галава ярасна заківалася.

Бабка з гордасцю сказала:

- Другога такога грахаводніка і шэльмы на свеце не знойдзеш. У пекла проста на качарзе ўедзе, ну і дзякуй богу! - І з'едліва дадала: - Захацелася яму, бач, грузавіком кіраваць. Дык вось, не выйдзе!

Дзед папярхнуўся, вываліў сабе на калені недажаваны кавалак праснака і квола закашляўся.

Бабка зларадна ўсміхнулася Тому:

- Во неахайнік, га?

Ной стаяў на прыступцы перад Томам, але яго шырока расплюшчаныя вочы нібы глядзелі міма. Твар у яго быў абыякавы. Том сказаў:

- Ну, як ты, Ной?

- Добра, - адказаў Ной. - А ты як? - І ўсё. Але Тому і гэтага было досыць.

Маці сагнала з падліўкі мух і сказала:

- За сталом усім месца не хопіць. Бярыце талеркі і ўладкоўвайцеся дзе папала. Ці на дварэ, ці дзе.

І тут Том спахапіўся:

- Гэ! А дзе ж прапаведнік? Толькі што быў тут. Куды ён дзеўся?

Бацька сказаў:

- Я бачыў, ён некуды пайшоў.

Пачуўся вісклівы голас бабкі:

- Прапаведнік? З табой прапаведнік? Вядзі яго сюды. Памолімся перад ядой. - Яна паказала пальцам на дзеда: - А гэты ўжо паспяшаўся есці. Схадзі прывядзі прапаведніка.

Том апусціўся на прыступку.

- Гэй! Кейсі! Джым Кейсі! - гукнуў ён і пайшоў па двары. - А, Кейсі, вось ты дзе!

Прапаведнік вылез з-пад цыстэрны, сеў на зямлі, пасля падняўся і пайшоў да дома.

Том запытаўся:

- Ты што, хаваўся?

- Ды не. Толькі навошта чужому совацца ў сямейныя справы. Я проста ляжаў і думаў.

- Пайшлі паямо, - сказаў Том. - Бабка хоча, каб ты малітву сказаў.

- Дык я ж ужо больш не прапаведнік, - запратэставаў Кейсі.

- Кінь, пойдзем. Скажы ёй малітву. Табе нічога не станецца, а ёй гэта люба. - Яны ўвайшлі ў кухню разам.

Маці спакойна сказала:

- Сардэчна запрашаем.

І бацька сказаў:

- Сардэчна запрашаем. Паснедайце з намі.

- Спярша малітву, - рашуча прамовіла бабка.

Дзед ушрубаваў свае лютыя вочкі ў Кейсі і нарэшце пазнаў яго.

- А-а, той самы прапаведнік, - сказаў ён. - Ну, ён нічога сабе. Я ўпадабаў яго, яшчэ як толькі першы раз вока на яго кінуў... - Дзед пахабна падміргнуў яму, а бабцы пачулася нейкая непрыстойнасць, і яна прыкрыкнула на яго:

- Змоўкні, стары юрлівы казёл!

Кейсі нервова правёў пальцамі па валасах.

- Павінен сказаць вам, што я ўжо больш не прапаведнік. Мне прыемна быць у вас і хацелася б чым-небудзь аддзячыць добрым гасцінным людзям, і, калі гэтага дастаткова... што ж, я скажу малітву. Але я даўно ўжо не прапаведнік.

- Гаварыце, - сказала бабка. - І не забудзьцеся ўзгадаць пра тое, што мы ў Каліфорнію едзем.

Кейсі схіліў галаву, і ўслед за ім усе астатнія. Маці апусціла галаву і склала рукі на каленях. Бабка нагнулася так нізка, што ледзь не ўткнулася носам у залітыя падліўкай праснакі. Том, які стаяў, прыхінуўшыся да сцяны з талеркай у руцэ, крышачку нагнуў галаву, а дзед выкруціў яе ўніз і ўбок, каб сваім калючым і вясёлым вокам сачыць за прапаведнікам. На твары ў прапаведніка была не набожнасць, а задуменнасць, і словы яго гучалі не як малітва, а як роздум.

- Я ўсё думаў і разважаў, - пачаў ён. - Блукаў сярод узгоркаў і думаў, амаль, сказалі б вы, як Ісус, калі ён адышоў у пустыню, каб разабрацца ва ўсіх сваіх турботах і нягодах.

- Хвала госпаду! - прабляяла бабка, і прапаведнік здзіўлена глянуў на яе.

- Ісуса так адолелі турботы і нягоды, што Ён не мог вырашыць, як яму быць далей, і Яго ўзяло сумненне: на чорта яму ўсё гэта наогул, якая карысць ламаць сабе галаву - усё думаць і думаць? Знямогся Ён дужа, знямогся і духам упаў. Яшчэ трохі, дык так і вырашыў бы: к чорту ўсё! І тады адышоў Ён у пустыню.

- Ама-ан, - прабляяла бабка. Шмат гадоў устаўляла яна свае рэплікі ў час паўз у малітвах. І шмат ужо гадоў не даводзілася ёй слухаць іх і дзіву давацца.

- Я не хачу сказаць, што я раўня Ісусу, - гаварыў далей Кейсі. - Але я стаміўся, як і Ён, і заблытаўся ў сваіх думах, як і ён, і пайшоў, як і Ён, у пустыню, не ўзяўшы з сабой нічога для прывалу. Ноччу ляжаў я на спіне і пазіраў на зоркі, раніцай сядзеў і сачыў, як узыходзіць сонца; удзень глядзеў з пагорка на ўзгорыстую зямлю; вечарам праводзіў вачмі сонца. Часам маліўся, як і раней. Толькі не мог зразумець, за што малюся, чаго. Навокал узгоркі, я сярод іх, і мы ўжо не існавалі асобна. Мы зліліся ў адно. І гэтае адзінства святое.

- Алілуя, - сказала бабка і заківалася ўзад і ўперад, стараючыся ўвесці сябе ў рэлігійны экстаз.

- І я задумаўся. Толькі разважаў ужо цяпер не так, як раней, цяпер думы мае былі глыбейшыя. Я думаў пра тое, што ва ўсіх у нас была святасць, калі мы жылі адной грамадой, і ўсё чалавецтва было святое, пакуль яно было адзінае. Але святасць пакінула нас, калі адзін нікчэмны чалавек ухапіў зубамі ладны кавалак і пабег з ім, адбіваючыся рукамі і нагамі. Вось такі чалавек і загубіў нашу святасць. А калі мы ўсе працавалі талакой, не адзін на аднаго, а гуртам, як бы ў адной вупражцы, тады было добра, у такой працы была святасць. Вось так я разважаў і раптам спахапіўся: а ці ведаю я наогул, што такое святасць? - Прапаведнік змоўк, але яго слухачы не паднялі галоў, бо, як выдрэсіраваныя сабакі, чакалі знаку: «аман». - Цяпер я не магу ўжо маліцца, як бывала. Мне прыемна быць на вашай ціхай трапезе. Я радуюся, што між вамі ёсць любоў. - Схіленыя галовы не падняліся. Прапаведнік агледзеўся навокал. - Праз мяне снеданне ваша стыне, - сказаў ён і раптам успомніў: - Аман, - сказаў ён, і ўсе разам паднялі галовы.

- Ама-ан, - сказала бабка і ўзялася за ежу, разгрызаючы прамочаныя падліўкай праснакі сваімі бяззубымі і цвёрдымі старэчымі дзяснамі. Том еў паспешліва, бацька паволі жаваў з поўным ротам. Пакуль снедалі, ніхто не вымавіў ні слова, чулася толькі, як хрумсцяць на зубах праснакі і як з хлюпатам сёрбаюць гарачую каву. Маці глядзела на прапаведніка, які таксама еў, і ў яе позірку была цікаўнасць, дапытлівасць і разуменне. Яна глядзела на яго, быццам гэта быў дух, голас якога данёсся да яе аднекуль з-пад зямлі.

Скончыўшы есці, мужчыны паставілі на стол талеркі, дапілі рэшткі кавы ў кубках і выйшлі на двор - бацька, прапаведнік, Ной, дзед і Том пакрочылі да грузавіка, абыходзячы зваленую ў кучу мэблю, драўляныя ложкі, механізм ветрака, стары плуг. Пакраталі рукамі новыя барты з сасновых дошак.

Том падняў капот і пачаў разглядаць вялікі, запэцканы маслам матор. Да яго падышоў бацька:

- Калі мы куплялі, брат твой Эл усё праверыў. Казаў, парадак.

- А што ён разумее, гэты сапляк? - сказаў Том.

- Летась ён працаваў у адной фірме. Грузавік вадзіў. У сім-тым разбіраецца. Бойкі хлопец. З галавой. Матор сам можа сабраць - яму гэта раз плюнуць.

Том запытаўся:

- А дзе ён цяпер?

- Швэндаецца недзе. Блудзіць, як кот памаўзлівы, сябе не шкадуе. Шалапуту гэтаму ўжо за шаснаццаць, ну, прырода яго і падганяе. У галаве толькі дзеўкі адны і машыны. Шалапут. Дома ўжо тыдзень не начаваў.

Дзед усё важдаўся з гузікамі на грудзях і нарэшце ўхітрыўся прасунуць гузікі сіняй кашулі ў прарэшкі нацельнай сарочкі. Пальцы адчувалі, што нешта не тое, але не сталі шукаць прычыны. Рука пацягнулася ўніз, зрабіўшы яшчэ адну спробу справіцца з мудрагелістым прарэхам на штанах.

- Я быў горшы, - сказаў ён радасна. - Нашмат горшы. Я быў, можна сказаць, сарвігалава. У Салісе, памятаю, сабраліся на маленне пад адкрытым небам, яшчэ малы я тады быў, крыху, праўда, старэйшы за Эла. А ён яшчэ сапляк, малакасос. Я быў старэйшы гадамі. Вось пайшлі мы на маленне. А там чалавек пяцьсот, а дзевак маладых - хоць гаць гаці!

- Ты, дзед, і цяпер яшчэ такі ж адчайны, - сказаў Том.

- Не без таго. Толькі не, да ранейшага далёка. Вось пачакайце, прыеду ў Каліфорнію, буду там апельсіны есці - захочацца, і сарву апельсінчык. Ці там вінаград. Нічога такога ніколі ў рот не браў. Сарву цэлую гронку з куста, ці там з чаго, раздушу на твары, і сок пацячэ па падбародку.

Том запытаўся:

- А дзядзька Джон дзе? Дзе Разашарна? А Рут, а Ўінфілд? Пра іх ніхто слова не сказаў.

- А ніхто і не пытаўся, - адказаў бацька. - Джон паехаў у Саліса распрадаць сёе-тое з нашага набытку: помпу, інструмент, курэй - усё, што мы прывезлі сюды з нашай фермы. Узяў з сабой Руці і Ўінфілда. Яшчэ на досвітку паехалі.

- Дзіўна, як гэта мы не стрэліся з імі на дарозе, - сказаў Том.

- Дык ты ж, пэўна, па шашы дабіраўся, а яны паехалі ў аб'езд праз Каўлінгтан. А Разашарна і Коні ў ягоных бацькоў. Э-э, ды ты ж не ведаеш, што яна выйшла за Коні Рыверса! Павінен памятаць яго. Хлопец добры. А ёй ужо радзіць месяцы праз тры-чатыры ці, можа, пяць. З дня ў дзень пышнейшай робіцца. Прыемна глянуць.

- Вось яно як! - сказаў Том. - Разашарна пры мне была яшчэ дзяўчо малое. І вось на табе - радзіць збіраецца. Калі не жывеш дома, чаго толькі не здарыцца за чатыры гады. На Захад калі рушыць думаеш, та?

- Ды вось дабро трэба прадаць. Думаў, як Эл вернецца, пагрузім усё на машыну, і ён завязе ў горад на продаж, а заўтра ці паслязаўтра і паедзем. З грашыма ў нас тугавата, а тут адзін казаў, што да Каліфорніі цэлыя дзве тысячы міль набярэцца. Чым раней паедзем, тым лепш. А то грошы так і цякуць. У цябе ёсць што з сабой?

- Два даляры. А ты як раздабыў?

- Ну, мы прадалі ўсё, што маглі, - адказаў бацька, - а потым усім гуртам бавоўну акучвалі, нават дзед.

- А чаго ж, - сказаў дзед.

- Усё разам склалі - дзвесце даляраў. Семдзесят пяць вось за гэту машыну аддалі, мы з Элам знялі верх і насціл зрабілі.

Сонца вісела проста над галавой і нясцерпна паліла. Ад грузавіка падалі на зямлю цёмныя палосы ценю, ад яго патыхала нагрэтым маслам, цыратай і фарбай. Куры пайшлі з двара і схаваліся ад спёкі ў павеці. Свінні, лежачы ў хлеўчуку ля самай перагародкі, дыхалі цяжка і раз-пораз пранізліва, нібы скардзячыся, вішчалі. Абодва сабакі расцягнуліся ў чырванаватым пыле пад кузавам грузавіка, высунуўшы запыленыя языкі. Бацька насунуў капялюш на вочы і прысеў на кукішкі. У гэтай, відаць, прывычнай яму позе для роздуму і назірання ён акінуў Тома крытычным вокам, паглядзеў на яго новую, але ўжо са слядамі старэння кепку, на касцюм, на новыя чаравікі.

- Усе грошы на гэта патраціў? - запытаўся ён. - Намучышся ў такім уборы.

- Мне выдалі, - адказаў Том. - Перад выхадам. - Ён зняў з галавы кепку, замілавана паглядзеў на яе і выцер ёю лоб, потым зухавата насунуў яе на вуха і пацягнуў за брылёк.

Бацька зазначыў:

- Чаравікі далі табе нішто.

- Ага, - пагадзіўся Том. - Даволі добрыя, толькі ў такую спёку ў іх многа не находзіш. - Ён таксама прысеў побач з бацькам.

Ной паволі прагаварыў:

- Можа, калі б ты да канца абладзіў барты, маглі б ужо і грузіцца. Пагрузім, а тут, можа, і Эл падыдзе, дык мы...

- Я ўмею грузавіком кіраваць, - сказаў Том, - калі толькі ў гэтым справа. У Макалестары я вадзіў грузавік.

- Вось і добра, - сказаў бацька і раптам уставіў вочы на дарогу. - Калі не памыляюся, гэта ён, шалапут, дадому хвост свой цягне. Ледзь ногі перастаўляе.

Том і прапаведнік глянулі ў той бок, і шкадлівы Эл, убачыўшы, што за ім сочаць, расправіў плечы і фанабэрлівай паходкай, перакідваючыся з нагі на нагу, як певень, што сабраўся закукарэкаць, увайшоў на двор. Ганарліва падышоў да людзей зусім блізка і толькі тады пазнаў Тома. Пыхлівасць імгненна сышла з яго твару, у вачах заззялі захапленне і глыбокая павага, і ад яго фанабэрыстай паставы нічога не засталося. Ні каляныя джынсы, падкасаныя на восем цаляў, каб відаць былі боты на высокіх абцасах, ні рэмень тры цалі шырынёй з меднымі фігурнымі бляхамі, ні нават чырвоныя рызінкі на рукавах сіняй кашулі і хвацка ссунуты набакір стэтсанаўскі капялюш не маглі паставіць яго на адну дошку з братам, бо брат яго забіў чалавека, а гэта ніколі не забудзецца. Эл ведаў, што нават ім самім захапляюцца яго равеснікі, бо брат яго забіў чалавека. У Салісе ён неяк раз пачуў: «Гэта Эл Джоўд. Яго брат улажыў аднаго рыдлёўкай».

І цяпер, ціхмяна падыходзячы да брата, Эл убачыў цёмныя хмурныя вочы і турэмны спакой худога голенага твару, які прывык нічым не выдаваць пачуццяў, не выказваць ні супраціўлення, ні рабскай пакорлівасці. І Эл адразу перамяніўся. Падсвядома падрабіўся пад брата, і прыгожы яго твар нахмурыўся, плечы апалі. Ён не памятаў, які Том быў раней.

Том сказаў:

- Здарова, Эл! Вырас, як ляшчына! Я цябе не пазнаў бы.

Трымаючы руку напагатове на выпадак, калі Том захоча яе паціснуць, Эл збянтэжана ўсміхнуўся. Том працягнуў руку, і рука Эла тарганулася насустрач. Яны яўна спадабаліся адзін аднаму.

- Кажуць, ты грузавік здорава водзіш, - сказаў Том.

Эл зразумеў, што пахвальбой брату не дагодзіш, і адказаў:

- Ды не, не вельмі.

Бацька сказаў:

- Швэндаешся ўсё недзе. Зусім, бачу, выматаўся. Ладна, трэба адвезці сёе-тое ў Саліс на продаж.

Эл паглядзеў на брата.

- Паедзеш? - папытаўся ён як мага больш абыякава.

- Не, не магу, - адказаў Том. - Трэба тут памагчы. Яшчэ будзем разам... у дарозе.

Эл не стрымаўся, запытаў:

- Ты... ты ўцёк? З турмы?

- Не, - адказаў Том. - Адпусцілі па падпісцы.

- А-а... - Эл быў крышачку расчараваны.

 

РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ

 

У маленькіх дамках людзі варушылі і перабіралі сваё дабро, дабро бацькоў сваіх і дзядоў. Выбіралі, што везці з сабой на Захад. Мужчыны распраўляліся са сваім скарбам бязлітасна - усё роўна мінулае жыццё пайшло прахам, але кабеты ведалі, што мінулае яшчэ не раз горка абзавецца.

Мужчыны ішлі ў свірны і павеці. Вось плуг, вось барана - не забыў, як сеялі гарчыцу ў вайну? А памятаеш, прыязджаў адзін, усё ўгаворваў нас каўчукавы хмыз разводзіць - нейкую гваюлу? Разбагацееце, казаў. Ану давай сюды вунь тыя прылады - некалькі даляраў за іх атрымаем. За гэты плуг аддалі васемнаццаць даляраў ды яшчэ за перавозку - па каталогу крамы «Сірз Роўбак».

Збруя, двухколкі, сеялкі, матыкі ў звязках па некалькі штук. Нясі іх сюды. Валі ў адну кучу. Грузі на фургон. У горад завязеш. Колькі дадуць - аддавай. Коней і фургон таксама прадасі. Больш ужо не спатрэбяцца.

Пяцьдзесят цэнтаў за такі добры плуг малавата. Сеялка каштавала мне трыццаць восем даляраў. Два даляры малавата. Ды не цягнуць жа табе ўсё гэта назад... Добра, забірай, і маю горыч таксама. Грузі помпу калодзежную і вупраж. Аброці, хамуты, гужы, пастронкі. І гэтыя шкляныя падвескі на налобнік, бачыш - пад шклом чырвоныя ружачкі. Гнядому купіў. Памятаеш, як ён падкідваў ногі на рысі? Старызна, зваленая ў кучу пасярод двара. Ручны плуг цяпер ніхто не купіць. Пойдзе на лом - жалеза цэнтаў на пяцьдзесят пацягне. Цяпер у хаду толькі дыскавыя плугі да трактароў.

Добра, бярыце ўсё... усё гэтае жалеззе і давайце пяць даляраў. Вы купляеце не толькі гэтае ламачча, але і зламанае жыццё. Мала таго... самі пераканаліся... вы купляеце маю горыч у прыдачу. Купляеце плуг, які засыпае сваім адвалам вашых дзяцей, вы купляеце зброю і волю, якія маглі б уратаваць вас. Не чатыры, а пяць. Не цягнуць жа мне ўсё гэта назад... добра, няхай чатыры. Але папярэджваю - вы купляеце тое, што заарэ вашых дзяцей. Не заўважыце, як гэта здарыцца. Не паспееце заўважыць. Бярыце за чатыры... Ну, а колькі дасце за коней з фургонам? Зірніце, якія коні! Абодва гнядыя, масць у масць, і хада ў іх аднолькавая, нага ў нагу. Як нацягнеш лейцы - сцёгны і крыж напружацца ў абодвух у адно і тое ж імгненне, у долю секунды. А пры ранішнім святле адліваюць золатам. Паглядаюць цераз перагародку, пасопваюць - прынюхваюцца, навостраць вушы і стрыгуць імі - прыслухоўваюцца, ці не ідзе гаспадар. А чубкі зусім чорныя! Ёсць у мяне дачка. Дык яна любіць заплятаць ім грывы і чубкі - запляце коску і завяжа чырвонай стужачкай. Дужа ёй падабаецца гэта. А цяпер - усё, канец. Я мог бы расказаць вам забаўную гісторыю пра дачку і таго вунь прыпражнога. Вось вы пасмяяліся б! Прыпражному восем гадоў, а гэтаму гнядому - дзесяць, а зладзіліся працаваць, быццам жарабкі аднаго прыплоду. Во, бачыце? Зубы. Ніводнага гнілога. Лёгкія глыбокія. Капыты роўныя і чыстыя. Колькі? Дзесяць? За абодвух? І яшчэ фургон?.. О, Езус! Ды лепш я прыстрэлю іх сабакам на корм. Ат, бярыце! Хутчэй бярыце, містэр. Вы купляеце заадно і маленькае дзяўчо, якое заплятала ім чубкі - знімала ў сябе з галавы стужачкі і завязвала ім коскі банцікам; адыдзе назад, галава набок - палюбуецца і патрэцца шчочкай аб мяккія цёплыя ноздры. Вы купляеце доўгія гады працы, цяжкай працы на санцапёку, вы купляеце скруху, якую не выказаць словамі. Але беражыцеся, містэр. Вы атрымаеце надбаўку за ўсю гэту кучу хламу і за гнядых коней... за маіх прыгажуноў... - пакецік гневу, які прымецца ў вашым доме, пойдзе ў рост і калі-небудзь забуяе пышным цветам. Мы маглі б стаць вашымі збавіцелямі, але вы падсеклі нас; настане дзень, калі і ваша жыццё падсякуць, і не будзе каму ратаваць вас.

І арандатары вярталіся пеша дамоў, засунуўшы рукі ў кішэні, апусціўшы капелюшы на самыя вочы. Некаторыя куплялі бутэльку віскі і тут жа апаражнялі, каб аглушыць сябе адразу. Але, выпіўшы, яны не смяяліся, не пускаліся ў скокі. Не спявалі, не перабіралі струны гітар. Вярталіся на свае фермы, трымаючы рукі ў кішэнях і нізка апусціўшы галовы, і з-пад іх чаравікаў узнімаўся чырвоны пыл.

Мажліва, пачнём жыццё нанава ў новым багатым краі - у Каліфорніі, дзе растуць фрукты. Пачнём з самага пачатку.

А хіба можна пачынаць спачатку? Спачатку пачынае жыццё толькі дзіця. А мы з табой... у нас ужо ўсё ззаду. Хвілінныя ўспышкі раздражнення, тысячы карцін мінулага - гэта мы. Палі, чырвоныя палі - гэта мы; дажджлівыя гады, пыльныя гады, засушлівыя гады - усё гэта мы. Нам нанава жыццё ўжо не пачаць. Азлабленне, якое мы прадалі скупшчыку старызны, - яно будзе з ім, але і нас не пакіне. І тое, як гаспадары загадвалі нам выбірацца, таксама з намі; і тое, як трактар з ходу парушыў дом, застанецца з намі да самай смерці. У Каліфорнію ці яшчэ куды - мы, як тамбур-мажоры на парадзе, павядзём за сабой нашы крыўды, наша абурэнне. І настане дзень, калі ўсе арміі абураных пойдуць адным шляхам. І будуць яны крочыць у нагу, і поступ іх будзе грозны.

Арандатары брылі дамоў, на свае фермы, праз чырвоны пыл.

Калі ўсё, што можна было прадаць, было прададзена - пліты і ложкі, крэслы і сталы, маленькія кутнія буфеты, тазы і бакі - засталіся яшчэ кучы хатняга скарбу; і жанчыны сядзелі сярод іх, перабіралі рэч за рэччу, азіраліся назад, у мінулае - малюнкі, квадратныя люстэркі, а вось ваза...

Ты і без мяне ведаеш, што можна ўзяць з сабой, а што нельга. Мы ж будзем рабіць прывалы ў полі - спатрэбіцца посуд гатаваць яду і мыць бялізну, матрацы і прашываныя коўдры, ліхтары, і вёдры, і брызент... З яго зробім навес. І бітон з-пад газы. Ведаеш, што з яго будзе? Печка. А адзежа - адзежу ўсю бяры. Стрэльба?.. Без стрэльбы як без рук. Калі не будзе ўжо ні чаравікаў, ні адзення, ні ежы, ні нават надзеі, у нас астанецца стрэльба. Калі дзед прыйшоў сюды, здаецца, я расказваў табе, у яго з сабой былі толькі перац, соль і стрэльба. Больш нічога. Гэта пойдзе. І яшчэ бутэлька на ваду. Ну, здаецца, больш ужо няма куды. Вышэй бартоў. Малыя залезуць на паклажу, а бабку пасадзім на матрац. Прылады - рыдлёўку, пілу, гаечны ключ, абцугі. І яшчэ сякеру. Сякера гэтая служыць гадоў ужо сорак. Бачыш, як лязо сцерлася? І вяроўкі, канешне. Астатняе? Кінь тут... ці спалі.

Падыходзілі і дзеці.

Раз Мэры бярэ ляльку, гэту рваную завэдзганую ляльку, дык я вазьму свой індзейскі лук. Мне без яго ніяк нельга. І яшчэ палку - яна пад мой рост. Раптам спатрэбіцца. Яна ў мяне ўжо даўно - цэлы месяц ці нават год. Я без яе не магу. А якая яна, Каліфорнія?

Жанчыны сядзелі сярод асуджаных на пагібель рэчаў, перабіралі іх, глядзелі скрозь іх, вярталіся ў мінулае. Вось кніжка. Бацькава кніжка. Ён любіў чытаць. «Шлях паломніка». Часта чытаў яе. Вось яго надпіс. І люлька яго - яшчэ і цяпер пахне тытунём. Малюнак - анёл. Я ўсё на яго глядзела перад першымі трыма родамі... ды нешта не памагло. Можа, узяць гэтага фарфоравага сабачку? Яго цётка Сэндзі прывезла з кірмашу ў Сэнт-Луісе. Проста на ім і напісала. Ды не, не варта. Ліст ад брата - за дзень да смерці напісаў. А вось капялюшык - старамодны. З пер'ем... Не любіла я пер'е і яго не насіла. Не, месца ўжо няма.

Як можна жыць, калі ў нас забралі жыццё? Як мы пазнаем саміх сябе, калі нас пазбавілі мінулага? Не. Кінь. Спалі.

Яны сядзелі, пазіралі на старыя рэчы і стараліся выпаліць іх з памяці. Як будзеш жыць, калі за парогам дома - незнаёмая зямля? Прачнешся раптам сярод ночы і ведаеш: вярбы той няма. Ты можаш жыць без вярбы? Не можаш. Вярба - гэта ты. Пакуты на гэтым матрацы... жахлівыя пакуты... - гэта ты.

А дзеці: раз Сэм бярэ свой індзейскі лук і доўгую палку, дык і я вазьму дзве рэчы. Ляльку і пуховую падушку. Гэта мая падушка.

І раптам усе пачыналі нервавацца. Трэба хутчэй пускацца ў дарогу. Чаго чакаць? І яны навальвалі пасярод двара астатні скарб і падпальвалі. Нейкі час стаялі, пазіраючы на агонь, потым з ліхаманкавай паспешнасцю грузіліся на машыну і ехалі, знікаючы ў клубах пылу. Пыл яшчэ доўга вісеў у паветры.

 

РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ

 

Калі грузавік паехаў, напакаваны даверху розным інвентаром, цяжкім інструментам, ложкамі, спружыннымі матрацамі - усёй рухомай маёмасцю, якую можна было прадаць, Том пачаў бадзяцца па ўчастку. Пастаяў у свірне, зазірнуў у апусцелыя стойлы, зайшоў у павець для гаспадарчага начыння, падчапіў нагой розны хлам, што застаўся, перавярнуў чаравікам адламаны зубец касілкі. Ён абышоў усе памятныя мясціны - чырвоны берагавы адхон, дзе гняздзіліся ластаўкі, вярбу, што навісала над свінушнікам. Дзве чорныя свінні, разамлелыя на сонцы, з рохканнем пацягнуліся да яго рыламі цераз перагародку. Тут яго паломніцтва скончылася, і ён вярнуўся да дома і сеў на прыступку, куды толькі што перакінуўся цень. За яго спінай на кухні завіхалася маці - мыла дзіцячую бялізну ў начоўках; з локцяў яе моцных вяснушкаватых рук падала мыльная пена. Як толькі Том сеў на прыступку, яна перастала церці, выпрасталася і доўга глядзела на яго збоку, а калі ён павярнуўся і ўставіўся на заліты сонцам двор, - на патыліцу. Потым зноў узялася за бялізну.

- Спадзяюся, Том, у Каліфорніі някепска, - сказала яна.

Ён азірнуўся і глянуў на маці.

- З чаго ты ўзяла, што там можа быць кепска?

- А ні з чога. Толькі неяк задужа ўсё цудоўна. Тут адзін чалавек раздаваў рэкламныя лісткі. Чаго толькі там не напісана - і працы шмат, і плата высокая, і ўсё такое іншае; потым прачытала ў газеце, колькі народу патрабуецца на зборы вінаграду, апельсінаў і персікаў. Работа прыемная, Том, - персікі збіраць. Нават калі не дазволяць ніводнага з'есці, усё ж такі які-небудзь гнілы ападак праглынеш. А пад дрэвамі добра працаваць - цень. Так ужо ўсё цудоўна, ажно жах бярэ. Не веру я. Баюся, нешта тут не так.

Том сказаў:

- Не заносся вышэй за арла, не будзеш поўзаць разам з чарвякамі.

- То праўда. Гэта са свяшчэннага Пісання?

- Здаецца, адтуль, - адказаў Том. - Як прачытаў кніжку «Перамога Барбары Ўорт», у мяне свяшчэннае Пісанне мігам з галавы выбіла.

Маці ціха засмяялася і зноў узялася церці і паласкаць бялізну ў начоўках. Пасля пачала выкручваць рабочыя камбінезоны і кашулі, і мускулы ў яе на руках напяліся, як вяроўкі.

- Дзед твой з бацькавага боку раней таксама ледзь што - выслоўі з Бібліі прыводзіў. Але блытаў страх як. Усё збіваўся на «Веснік доктара Майлса» - медыцынскі даведнік. Ён яго ад першага да апошняга слова чытаў нам уголас. Там было шмат пісьмаў ад бяссоннікаў і ад тых, у каго ламала паясніцу. Потым суседзям пераказваў ім на навуку і дадаваў: «Гэта прытча з Пісання». Твой бацька і дзядзька Джон на смех яго падымаюць, а ён з сябе выходзіць. - Яна кінула на стол выкручаную бялізну, як бярэмя дроў. - Кажуць, ехаць нам дзве тысячы міль. Гэта вельмі далёка, Том? Я бачыла карту - высокія горы, як на каляровых паштоўках, і прабірацца нам трэба проста праз іх. Як ты думаеш, Том, колькі часу датуль ехаць?

- Не ведаю. Тыдні два, а калі пашчасціць, дзён дзесяць. Паслухай, ма, кінь непакоіцца. Вось я раскажу табе, як людзі жывуць у турме. Пра тое, калі цябе выпусцяць на волю, думаць нельга. З розуму кранешся. Думаць трэба пра сённяшні дзень, пра заўтрашні, пра бейсбол які-небудзь у суботу. Так і трэба жыць. Так жывуць турэмныя старажылы. А навічкі - тыя лбом аб дзверы б'юцца. Усё лічаць, колькі ім яшчэ сядзець засталося. Навошта табе гэта? Жыві з дня на дзень.

- І праўда так лепш, - сказала маці, зняла з пліты і наліла ў начоўкі гарачай вады, кінула туды брудную бялізну і пачала мясіць яе ў мыльнай вадзе. - І праўда так лепш. А ўсё ж прыемна думаць, як добра, напэўна, будзе ў Каліфорніі. Халадоў там не бывае. Скрозь - фрукты, людзі жывуць у прыгожых мясцінах, у маленькіх беленькіх доміках сярод апельсінавых дрэў. Вось каб і нам так... я хачу сказаць: калі ўсім нам знойдзецца праца... можа, і мы зажывём у адным з гэтых беленькіх домікаў. Малыя выйдуць за парог і будуць рваць апельсіны проста з галін. Паспрабуй стрымай іх - зойдуцца ад плачу.

Том глядзеў, як яна важдаецца з бялізнай, і вочы яго смяяліся.

- Табе, я бачу, ад адных такіх думак лягчэй робіцца. Я ведаў аднаго з Каліфорніі. Ён гаварыў неяк інакш, чым мы. Па гаворцы адразу пазнаеш, што ён здалёку, не з нашых мясцін. Дык ён расказваў, што там дужа шмат народу набралася, усе працы шукаюць. І яшчэ казаў, што зборшчыкі фруктаў туляцца там у брудных старых халупах, жывуць надгаладзь. Плата малая, работу знайсці цяжка.

Па твары маці прабег цень.

- Не, гэта не так, - сказала яна. - У бацькі ёсць лісток з такой жоўтай паперы - і там надрукавана, што патрэбны работнікі. Ніхто ж не браў бы на сябе такі клопат, калі б работы не было. Лісткі гэтыя немалыя грошы каштуюць. Навошта ж маніць ды яшчэ плаціць за сваю ману?

Том пакруціў галавой:

- Што я магу сказаць, ма? Зразумець цяжка, чаму гэтак робяць. Можа... - ён глянуў на двор, на залітую гарачымі сонечнымі промнямі зямлю.

- Што - «можа»?

- Можа, усё добра будзе, як ты кажаш. А куды дзед знік? Дзе прапаведнік?

Маці пайшла з кухні, несучы ў абярэмку памытую бялізну. Том адсунуўся, даючы ёй прайсці.

- Прапаведнік сказаў, пахадзіць хоча. А дзед спіць у пакоі. Ён іншы раз сярод дня заходзіць у дом крышачку паляжаць. - Маці выйшла на двор і стала накідваць на дрот выцвілыя сінія камбінезоны і доўгія шэрыя споднікі і кашулі.

Том пачуў у сябе за спінай шаркатлівыя крокі і азірнуўся. Са спальні выходзіў дзед і, як і раніцай, вазіўся з гузікамі на штанах.

- Чую, тут гамоняць, - сказаў ён. - Сукіны дзеці, паспаць не дадуць. Калі ў вас, шчанюкоў, шэрсць абсохне, тады, можа, зразумееце, што старому чалавеку трэба даць паспаць. - Яго нецярплівыя пальцы ўхітрыліся расшпіліць два ўжо зашпіленыя гузікі, і ён забыўся, што хацеў зрабіць. Рука забралася ў прарэх і з задавальненнем паскрэбла пад пахвінай.

Маці вярнулася на кухню з мокрымі рукамі, далоні ў яе былі набрынялыя і зморшчаныя ад гарачай вады і мыла.

- Думала, ты спіш, - сказала яна. - Дай зашпілю. - І хоць дзед і адбіваўся, яна ўсё ж утрымала яго і зашпіліла яму ніжнюю сарочку, кашулю і штаны. - А то ходзіш - адна любата! - сказала яна і адпусціла старога.

Ён злосна замармытаў:

- Дажыў-ткі, дажыў чалавек - ужо зашпільваюць яго. Дайце мне самому зашпільваць свае штаны.

Маці жартаўліва сказала:

- У Каліфорніі не дадуць табе расхрыстанаму шпацыраваць.

- Не дадуць? Ха! Дык я ім пакажу! Вучыць яшчэ мяне там будуць, як жыць. Захачу - з голым перадам расхаджваць буду, калі ўжо на тое пайшло.

Маці сказала:

- Такі вольны стаў на язык! Год ад году ўсё горш і горш. Перад табой, відаць, казырыцца, Том.

Стары выпнуў шчаціністы падбародак і ўставіў на дачку хітрыя, калючыя, гарэзлівыя вочкі.

- Так, сэр, - сказаў ён, - хутка ўжо ў дарогу рушым. І, далібог, праўда, вінаград там проста гронкамі вісіць пры дарозе. Ведаеце, што я зраблю? Нарву яго поўны таз і сяду на яго прама ў штанах ды яшчэ патаўкуся, і няхай сок пацячэ па калашынах.

Том засмяяўся:

- Слова гонару, хоць дзвесце гадоў дзеду будзе, яго ўсё роўна не ўтаймаваць. Значыць, дзед, у дарогу пускаемся?

Стары падцягнуў да сябе скрынку і цяжка апусціўся на яе.

- Так, сэр, - сказаў ён. - Даўно пара. Брат мой сорак гадоў таму назад туды паехаў. З таго часу ад яго ні гуку. Прайдзісвет быў, сукін кот. Ніхто яго не любіў. Уцёк з маім адназарадным кольтам. Вось сустрэнуся з ім або з яго дзецьмі, калі ён імі абзавёўся ў Каліфорніі, і запатрабую назад свой кольт. Я яго ведаю, гэтую кукушку: калі дзеці ў яго і былі, дык жывуць яны ў чужых гнёздах, куды ён іх падкінуў, так у чужых і жывуць. Канешне, я з радасцю паеду ў Каліфорнію. Там, адчуваю, памаладзею. Як прыеду - адразу на збор фруктаў.

Маці кіўнула галавой:

- Дзед гэтак і зробіць. Ён толькі апошнія тры месяцы не працуе - з таго дня, як бядро сабе скруціў.

- Святая праўда, - пацвердзіў дзед.

Седзячы на прыступцы, Том паглядзеў праз двор.

- Вунь і прапаведнік ідзе, аднекуль з-за свірна.

Маці сказала:

- Ніколі не чула такой незвычайнай малітвы, як сёння раніцай. Гэта ж не малітва была. Проста гаварыў, але гучала, як малітва.

- Нейкі ён дзівакаваты. І гаворыць дзіўна. Быццам размаўляе сам з сабой. Але не дзеля таго, каб заваражыць і набіць сабе цану.

- А ты глянь на яго вочы, - сказала маці. - Быццам ласка боская на яго сышла. Словы яго проста ў душу даходзяць. Ён як богам блаславёны. Ходзіць, апусціўшы галаву, і ўсё пад ногі сабе пазірае. На ім нябеснае бласлаўленне. - Яна змоўкла, бо Кейсі падыходзіў ужо да дзвярэй.

- Сонечны ўдар схопіш - расхаджваеш па такой спёцы, - сказаў яму Том.

Кейсі адказаў:

- Ага... усё можа быць... - І раптам загаварыў, звяртаючыся да ўсіх разам, - да маці, да дзеда, да Тома. - Мне таксама трэба на Захад. Абавязкова трэба. Можа, вы возьмеце мяне з сабой? - Ён сам здзівіўся з сваіх слоў і застыў на месцы перад імі.

Маці пытальна паглядзела на Тома, бо адказваць павінен быў ён - мужчына, але Том маўчаў. Даўшы яму час скарыстаць сваё права, маці нарэшце сказала:

- Нам гэта вялікі гонар. Але цяпер, разумееце, я вам нічога абяцаць не магу. Бацька сказаў, сёння ўвечары мужчыны ўсё абгавораць і вырашаць, калі ехаць. Давайце лепш пачакаем, пакуль усе не збяруцца - і Джон, і бацька, і Ной, і Том, і дзед, і Эл з Коні. Усё і вырашаць, як толькі ўсе вернуцца. Калі месца будзе, нам гэта, вядома ж, вялікі гонар.

Прапаведнік уздыхнуў.

- Усё роўна я пакірую туды, - сказаў ён. - Што тут робіцца! Я пахадзіў - дамы пустыя, зямля пустая, усё наваколле апусцела. Тут я не застануся. Пайду туды, куды ўсе ідуць. Буду ў полі працаваць і, можа, зарадуюся.

- А прапаведаваць будзеш? - запытаўся Том.

- Прапаведаваць не буду.

- І хрысціць не будзеш?

- І хрысціць не буду. Я ў полі працаваць буду, на зялёных палях, увесь час з людзьмі буду. Вучыць іх болей не стану. Сам лепш павучуся. Дазнаюся, чаму людзі ходзяць у густую траву, прыслухаюся, як яны гавораць, паслухаю іхнія песні. Пачую, як дзеці ядуць маісавую кашу. Як муж з жонкай таўкуць матрацы па начах. Буду есці з людзьмі, вучыцца ў іх. - Вочы яго былі вільготныя і блішчалі. - І сам паваляюся ў траве з той, што пажадае легчы са мной, - адкрыта, без хітрыкаў. І клясціся буду, і бажыцца, і ўслухоўвацца ў паэзію людской мовы. Усё гэта святое - раней я не разумеў. Гэта ўсё - даброты жыцця.

Маці сказала:

- А-мін.

Прапаведнік ціхмяна сеў на калоду каля дзвярэй.

- Не ведаю, што яшчэ рабіць адзінокаму чалавеку.

Том далікатна кашлянуў.

- Калі чалавек вырашыў больш не прапаведаваць... - пачаў быў ён.

- Ат, я проста занадта гаваркі, - сказаў Кейсі. - Ніяк ад гэтага не магу збавіцца. Але прапаведаваць не буду. Прапаведаваць - гэта значыць нешта тлумачыць людзям. А я задаю ім пытанні. Хіба гэтак прапаведуюць?

- А я ведаю? - адказаў Том. - Пропаведзь - гэта і тон голасу, і пэўны погляд на рэчы. Пропаведзь - справа добрая, калі толькі пасля яе не хочацца забіць прапаведніка. У мінулыя Каляды прыйшлі да нас у Макалестар з Арміі Выратавання. Тры гадзіны бітыя ігралі на карнетах, а мы сядзім і слухаем. Абыходзіліся з намі ласкава, а паспрабуй хто з нас падняцца і пайсці, адразу карцэр заробіш. Вось табе і пропаведзь! Улагоджвалі людзей нявольных, якія не могуць даць ім па карку за такую пропаведзь. Не, які ты прапаведнік! Глядзі толькі не ўздумай тут на карнеце іграць.

Маці падкінула голля ў агонь.

- Зараз вы перакусіце, вось толькі малавата ў мяне.

Дзед выцягнуў на двор сваю скрыню, сеў на яе і прыхінуўся да сцяны. Цень ад дзённага сонца падаў ужо на двор.

 

Грузавік вярнуўся пад вечар, падскокваючы і грукочучы ў клубах пылу. Пыл пластом ляжаў на насціле кузава, і капот быў увесь укрыты ім, а фары слаба свяціліся, нібы зацярушаныя чырвонай мукой. Сонца садзілася, і ў яго апошніх промнях зямля была чырвоная, як кроў. Эл сядзеў, прынікшы да руля, горды, сур'ёзны і дзелавіты, а бацька з дзядзькам Джонам займалі ганаровыя месцы побач з вадзіцелем. Стоячы ў кузаве і трымаючыся за планкі бартоў, ехалі астатнія: дванаццацігадовая Руці і дзесяцігадовы Ўінфілд - мурзатыя і дзікія, вочы стомленыя, але поўныя захаплення, пальцы і куткі рота чорныя і клейкія ад лакрычных ледзянцоў, якія яны выкленчылі ў бацькі ў горадзе. Руці, у доўгай, за калені, сукенцы з ружовага міткалю, трымалася, як паненка. Але Ўінфілд быў яшчэ дзіця - з тых, што бегаюць смаркатыя, падоўгу бавяцца недзе за свірнам, падбіраюць і кураць чужыя недакуркі. Тады як Руці ўжо разумела, якую годнасць ёй надаюць, якую адказнасць на яе накладаюць пачаўшыя ўжо прыкметна выдавацца грудзі, Уінфілд быў яшчэ гарэзлівы і дурненькі, як цялятка, хлапчук. Побач з імі, лёгка абапіраючыся на дошкі борта, стаяла Ружа Сарона. Стараючыся захаваць раўнавагу, яна пагойдвалася на насках, прымаючы штуршкі грузавіка каленямі і бёдрамі. Ружа Сарона была цяжарная і таму вельмі асцерагалася. Яе валасы, заплеценыя ў косы, ляжалі светла-попельнай каронай вакол галавы. На круглявым твары, такім пачуццёвым і прываблівым яшчэ толькі некалькі месяцаў назад, цяпер паявілася ўжо адчужанасць цяжарнасці, самазадаволеная ўсмешка, упэўнены і горды выраз, і яе поўнае цела - налітыя мяккія грудзі і жывот, крутыя клубы і ягадзіцы, якія раней так спакусліва пагойдваліся, нібы запрашаючы пляснуць па іх далонню ці пагладзіць, - усё яе цела набыло адбітак стрыманасці і самавітасці. Усе яе думкі былі скіраваныя ў сябе ўнутр, на дзіця, ва ўсіх яе рухах выяўляўся клопат пра яго. Дзеля яго яна цяпер старалася захаваць раўнавагу, стоячы на насках. Ёй здавалася, што ўвесь свет носіць у сваім лоне плод, і мысліла яна толькі з пункту гледжання прадаўжэння роду і мацярынства. Яе дзевятнаццацігадовы муж, Коні, які ўзяў за жонку пухленькае і палкае дзяўчо-гарэзу, спалохана і недаўменна прыглядаўся да перамены, якая адбылася з ёю, бо цяпер не было ўжо ні кашэчай валтузні ў пасцелі, ні кусання і драпання, ні прыглушаных смяшкоў і заключных слёз. Ён бачыў перад сабой стрыманую, абачлівую і мудрую істоту, якая сарамліва ўсміхалася яму, але не ўступала. Коні ганарыўся Ружай Сарона і баяўся яе. Як толькі выпадаў момант, ён дакранаўся да яе рукой, стаяў блізка, зусім блізка, каб адчуць целам яе бядро ці плячо, і гэта жывіла пачуццё блізкасці, якое магло зусім пакінуць яго. Коні быў хударлявы, з рэзкімі рысамі твару юнак тэхаскай пароды, і яго блакітныя вочы то гарэлі пагрозаю, то свяціліся ласкаю, то цямнелі ад страху. Ён быў добры, старанны працаўнік і мог бы стаць добрым мужам. Ён выпіваў, але ў меру, пускаў у ход кулакі, калі інакш было нельга, ніколі не выхваляўся. На людзях паводзіў сябе ціха, і ўсё ж яго прысутнасць адчувалася, з ім лічыліся.

Калі б дзядзьку Джону не было пяцідзесяці і не быў бы ён па праву роднасці адным з важакоў сям'і, ён палічыў бы за лепшае адмовіцца ад пачэснага месца побач з вадзіцелем і з радасцю ўступіў бы яго Ружы Сарона. Але гэта выключалася, бо яна была яшчэ маладая, і да таго ж жанчына. Дзядзька Джон адчуваў сябе ніякавата, засяроджаныя, неспакойныя вочы яго глядзелі тужліва, і ў моцным хударлявым целе адчувалася напружанасць. Амаль усё жыццё адзінота адгароджвала яго ад людзей, ад натуральных чалавечых пачуццяў. Але пачуцці спелі, збіраліся ўсярэдзіне і нарэшце вырываліся вонкі. Тады ён прагна накідваўся на ежу і аб'ядаўся да рвоты, або глушыў самагон ці віскі, пакуль не ператвараўся ў бяссільнага паралітыка з чырвонымі слязістымі вачамі, альбо пажадліва распуснічаў з якой-небудзь шлюхай у Салісе. Пра яго расказвалі, што аднойчы ён дабраўся да самага Шоўні і паклаў адразу трох прастытутак у адну пасцель і цэлую гадзіну шумна валтузіўся з трыма абыякавымі жаночымі целамі. Але, чым-небудзь насыціўшыся, дзядзька Джон хадзіў сумны, прысаромлены і, як і раней, адзінокі. Хаваўся ад людзей і стараўся загладзіць сваю віну падарункамі. Крадком забіраўся ў дамы і засоўваў дзецям пад падушкі жавальныя гумкі, сек дровы і не браў за гэта грошай. Раздаваў другім усё, што ў яго было, - сядло, каня, пару новых чаравікаў. Тады нікому не ўдавалася пагаварыць з ім, бо ён уцякаў, а калі сутыкаўся з людзьмі твар у твар, ён сцінаўся і паглядаў на іх спалоханымі вачамі. Смерць жонкі і доўгія месяцы самоты, што настала пасля таго, далі свой плён - згрызоты сумлення і сорам, і адзіноту яго нішто не магло парушыць.

Але было і такое, чаго ён ніяк не мог пазбегнуць. І вось цяпер дзядзька Джон едзе побач з вадзіцелем, бо ён быў адным з галоў сям'і, а сям'ёй трэба кіраваць.

Тры чалавекі, што сядзелі ў кабіне, панура вярталіся дамоў па пыльнай дарозе. Эл, схіліўшыся над рулём, паглядаў то на дарогу, то на прыборны шчыток - сачыў за стрэлкай амперметра, якая падазрона падрыгвала, за індыкатарамі ўзроўню гаручага і нагрэву. І ён у думках адзначаў слабыя месцы ў паводзінах машыны. Прыслухоўваўся да падвывання - можа, у заднім мосце не хапае масла; чуйным вухам сачыў за работай клапанаў. Ён трымаў руку на рычагу пераключэння скорасцей, адчуваючы далонню работу механізма счаплення. Націскаў на педаль - правяраў тармазныя калодкі. Можа, Эл іншы раз і блудзіў, як казёл, але цяпер ён адчуваў сваю вялікую адказнасць - за грузавік, за яго ход, за яго стан. Калі што-небудзь разладзіцца, гэта будзе яго віна, і хоць ніхто не скажа яму і слова папроку, усе, і найперш сам Эл, будуць ведаць, што вінаваты ён. І Эл правяраў машыну, сачыў за ёю, прыслухоўваўся да яе. Твар яго быў сур'ёзны, поўны пачуцця адказнасці. І ўсе паважалі яго і тую адказнасць, з якой ён ставіўся да свайго абавязку. Нават бацька - галава сям'і - з ахвотай узяў бы гаечны ключ і выканаў бы распараджэнні Эла.

Усе на грузавіку былі змораныя. Руці і Ўінфілд стаміліся ад вулічнага тлуму, ад натоўпу, ад вымольвання ў бацькі лакрычных ледзянцоў; яны стаміліся ад таго захаплення, якое выклікаў у іх дзядзька Джон, калі ён употайкі соваў ім у кішэні жавальныя гумкі.

І людзі, што сядзелі побач з вадзіцелем, былі змораныя, узлаваныя і сумныя, бо ім удалося выручыць толькі васемнаццаць даляраў за ўсю рухомасць з фермы - за коней, за фургон, за інвентар і за ўсю мэблю. Васемнаццаць даляраў. Яны наваліліся на скупшчыка, спрачаліся з ім, але адступілі, калі інтарэс яго раптам звяў і ён заявіў, што яму нічога не трэба ні за якую цану. Тады яны зразумелі, што прайгралі, здаліся і атрымалі на два даляры менш, чым скупшчык прапанаваў ім спачатку. І цяпер яны ехалі стомленыя і запалоханыя, бо ім давялося сутыкнуцца з рэчаіснасцю, якую яны не разумелі, і рэчаіснасць гэтая перамагла. Яны ведалі, што запрэжка з фургонам каштуюць куды даражэй. Яны ведалі, што скупшчык выручыць за іх значна больш, але як зрабіць гэта самім, заставалася загадкай. Гандаль быў для іх таямніцай.

Пераводзячы вочы з дарогі на прыборны шчыток, Эл сказаў:

- Малойчык гэты не тутэйшы. Гаворка ў яго не мясцовая. І адзежа таксама нейкая не такая.

І бацька паясніў:

- Калі я заходзіў у скабяную краму, я гутарыў там са знаёмымі. І яны сказалі, што шмат такіх сюды наехала, скупляюць усё, што людзі вязуць на продаж перад ад'ездам. Заезджыя гэтыя парадкам нажываюцца на нас. А мы зрабіць не можам нічога. Можа, трэба было Томі з намі паехаць. Ён, магчыма, даражэй прадаў бы.

Джон сказаў:

- Але ж скупшчык і браць нічога не хацеў. Не назад жа цягнуць.

- Мае знаёмыя там, у краме, наконт гэтага мне гаварылі, - сказаў бацька. - Скупшчыкі заўсёды гэтак робяць. Запужваюць людзей. Мы проста не ведаем, як з імі справу весці трэба. Маці вельмі засмуціцца. Зазлуе і засмуціцца.

Эл сказаў:

- А калі ты, та, думаеш ехаць?

- Яшчэ не ведаю. Вечарам усё абмяркуем і вырашым. Я рады, што Том вярнуўся. З душы камень зваліўся. Том добры хлапец.

- Тут адзін казаў, што Том даў падпіску. І быццам бы праз гэта яму нельга адлучацца з нашага штата, а калі паедзе і пападзецца, дык яго на тры гады пасадзяць.

Бацька здрыгануўся:

- Так і сказалі? Як табе здалося - яны ведаюць, што кажуць? Можа, проста трэплюцца?

- Хто іх ведае. Яны гаварылі між сабой, а я не выдаў ім, што ён мой брат. Стаяў побач і слухаў.

Бацька сказаў:

- Божа мой, не думаю, што гэта праўда! Нам без Тома ніяк. Я спытаюся ў яго. Непрыемнасцей і без таго досыць - не хапае яшчэ, каб за намі гналіся. Спадзяюся, гэта няпраўда. Трэба з ім пагаварыць начыстую.

Дзядзька Джон сказаў:

- Том сам ведае, як яму быць.

Усе змоўклі. Грузавік грукатаў па дарозе. Матор барахліў, стукацеў, тармазныя цягі бразгаталі. Колы парыпвалі, як драўляныя, са шчыліны ў каўпачку радыятара струменьчыкам вырывалася пара. За грузавіком віўся чырвоны слуп пылу. Ён з грукатам адолеў апошні пад'ём, калі палова сонечнага дыска яшчэ вісела над рысай гарызонту, і, нырнуўшы ўніз, пад'ехаў да дома, калі сонца зусім схавалася. Тармазы завішчалі, і гук гэты адціснуўся ў Элавым мазгу словамі: «Усё - пракладка паехала».

Руці і Ўінфілд з віскам пералезлі цераз борт і саскочылі на зямлю. Яны крычалі:

- Дзе ён? Дзе Том? - І раптам убачылі яго каля дзвярэй і збянтэжана спыніліся, потым паволі падышлі і нясмела зірнулі на брата.

І калі Том сказаў: - Вітанне, малыя, як справы? - яны адказалі:

- Вітанне! У нас усё добра, - і, стаўшы ўбаку, пачалі разглядаць свайго вялікага брата, які забіў чалавека і сядзеў за гэта ў турме. Ім прыгадалася, як яны гулялі ў турму ў куратніку і ваявалі між сабой за права быць арыштантам.

Коні Рыверс зняў з задняга борта высокую папярэчыну, саскочыў з грузавіка і памог Ружы Сарона злезці; і яна з годнасцю прыняла яго дапамогу і ўсміхнулася сваёй усёведнай, самазадаволенай усмешкай, неяк манерна скрывіўшы куткі губ.

Том сказаў:

- Ды гэта ж Разашарна! А я не ведаў, што ты разам з імі прыедзеш.

- Мы ішлі пеша, - сказала яна. - Машына нас дагнала і падвезла. - І дадала: - Пазнаёмся з Коні, маім мужам. - Яна прамовіла гэта, як велікасвецкая дама.

Том і Коні павіталіся за руку, змерыўшы адзін аднаго позіркам, уважліва прыглядаючыся адзін да аднаго, і засталіся задаволеныя гэтым аглядам. Тады Том сказаў:

- Я бачу, ты часу марна не траціў.

Ружа Сарона апусціла вочы на свой жывот:

- Нічога ты не бачыш, рана яшчэ.

- Мне мама сказала. Калі ж гэта будзе?

- О, не хутка. Зімой, не раней.

Том засмяяўся:

- Значыць, народзіш яго на апельсінавым ранча, га? У беленькім доміку сярод апельсінавых дрэў?

Ружа Сарона памацала жывот абедзвюма рукамі.

- Нічога ты не бачыш, - сказала яна, усміхнуўшыся сваёй самазадаволенай усмешкай, і пайшла ў дом.

Вечар быў спякотны, з захаду ўсё яшчэ напорыста праменілася святло. І, не чакаючы клічу, уся сям'я сабралася каля грузавіка, і сямейны з'езд, сямейная рада пачала сваё паседжанне.

У вэлюме вячэрняга святла чырвоная зямля здавалася празрыстай, быццам яна раздалася ва ўсе бакі, і кожны камень, слуп і будынак набылі аб'ёмнасць і цэльнасць, не прыкметныя воку пры дзённым святле; і ўсе прадметы неяк больш, чым удзень, вылучаліся з астатніх. Слуп быццам стаяў сам па сабе, аддзяліўшыся ад зямлі і ад кукурузных палёў, што рассцілаліся за ім. А кожнае кукурузнае сцябло нібы расло паасобку, не зліваючыся з астатнімі; і касматая вярба стаяла сама па сабе, асобна ад другіх дрэў. Зямля нібы падсвечвала вячэрняе сутонне. Заходняя сцяна шэрага, нефарбаванага дома серабрылася, як месяц. У гэтым святле шэры, зацярушаны пылам грузавік, што стаяў на двары насупраць дзвярэй, прывідна выступаў з прыцемак, быццам у таямнічай далечы стэрэаскопа.

Вечарам з людзьмі таксама адбылася перамена. Яны зліліся з бессвядомым жыццём прыроды. Яны падпарадкоўваліся імпульсам, што пакідалі толькі лёгкі след у іх свядомасці. Вочы іх глядзелі засяроджана і спакойна, і вочы гэтыя таксама здаваліся празрыстымі і яснымі ў вячэрнім прыцемку - празрыстыя і ясныя вочы на запыленых тварах.

Сям'я сабралася на самым галоўным месцы - каля грузавіка. Дом быў мёртвы, палі былі мёртвыя, але грузавік уяўляўся ім нечым жывым, асновай іх далейшага існавання. Дапатопны «гудзон» з памятым, абабітым кажухом радыятара, са зношанымі хадавымі часткамі, скрозь аблепленымі масляністымі згусткамі пылу, з нашлёпкамі чырвонага пылу на месцы каўпакоў на ўтулках колаў - гэтая паўлегкавая, паўгрузавая машына, няўклюдная, з высокімі бартамі, цяпер была іх новым сямейным ачагом, асяродкам іхняга жыцця.

Бацька абышоў наўкол грузавіка, агледзеў яго з усіх бакоў, тады апусціўся на кукішкі і падняў з пыльнай зямлі пруток - прыладу пісьма. Адна нага яго ўсёй ступнёй стаяла на зямлі, другая, адстаўленая крыху назад, апіралася на пальцы, так што адно калена было вышэй за другое. Левая рука ляжала на левым калене - на тым, што было ніжэй, локаць правай рукі ўпіраўся ў правае калена, а далонь падпірала падбародак. Так седзячы, бацька пазіраў на грузавік. Дзядзька Джон падышоў да яго і прысеў на кукішкі побач з ім. Вочы ў іх былі задумлівыя. Дзед выйшаў з дома, убачыў іх, зашкандыбаў да грузавіка і сеў на падножку тварам да іх. Гэта было ядро сям'і. Том, Коні і Ной паволі падышлі і таксама апусціліся на кукішкі, і цяпер усе яны сядзелі паўколам насупраць дзеда. Потым з дома выйшлі маці і бабка, за імі, асцярожна ступаючы, паявілася Ружа Сарона. Жанчыны занялі месца ззаду мужчын - стаялі, упершы рукі ў бокі. А дзеці - Руці і Ўінфілд - скакалі з нагі на нагу за спінамі ў жанчын, таўкучы пальцамі босых ног чырвоны пыл, але голасу не падавалі. Не было толькі прапаведніка. З далікатнасці ён сядзеў на зямлі за домам. Ён быў добры прапаведнік і ведаў сваю паству.

Вячэрні прыцемак рабіўся ўсё мякчэйшым, і нейкі час члены сям'і - тыя, што сядзелі, і тыя, што стаялі, - маўчалі. Нарэшце бацька, звяртаючыся не да каго-небудзь аднаго, а да ўсіх разам, пачаў сваю справаздачу:

- Абадралі нас як ліпку. Шэльма той ведаў, што чакаць нам часу няма. Выручылі ўсяго васемнаццаць даляраў.

Маці неспакойна калыхнулася, але змоўчала.

Старэйшы сын, Ной, сказаў:

- Колькі ж усяго ў нас грошай?

Бацька пачаў выводзіць лічбы ў пыле, мармычучы сабе нешта пад нос. Потым сказаў:

- Сто пяцьдзесят чатыры. Але Эл вось кажа, што трэба пакрышкі змяніць. Гэтыя, кажа, доўга не паслужаць.

Эл першы раз у жыцці прымаў удзел у сямейнай радзе. Раней ён заўсёды стаяў за спінамі жанчын. Даклад яго гучаў салідна:

- Машына старая, барахляная. Я ўсю яе агледзеў, перш чым купіць. Гаспадар мне зубы загаворваў, усё хваліў яе, але я яго не слухаў. Запусціў палец у дыферэнцыял - пілавіння няма. Адкрыў каробку перадач - таксама няма. Праверыў счапленне, пракруціў колы - ці ёсць васьмёрка. Падлез пад кузаў - рама не скошаная. Відаць, ніколі не выгіналася. Заўважыў: адзін акумулятар з трэшчынай, сказаў замяніць. Пакрышкі ні к чорту не вартыя, затое размер распаўсюджаны - такія заўсёды дастанеш. Ход не вельмі рэзвы, затое масла не працякае. Чаму я сказаў купляць? Таму што мадэль самая хадавая. Гэтых «гудзонаў супершэсць» на аўтамабільных звалках хоць гаць гаці, і запасныя часткі танна прадаюцца. Можна было б выбраць за тыя грошы і большую машыну, і прыгажэйшую, але часткі да іх цяжэй знайсці, ды просяць за іх дорага. Вось як я тады разважаў. - Апошняя фраза азначала, што ён аддае сябе на суд сям'і. Ён змоўк, чакаючы, што скажуць.

Дзед усё яшчэ быў намінальным галавой сям'і, але ўлады ўжо не меў. Становішча, якое ён займаў, было ганаровым, асвячоным звычаем. Аднак права на першае слова, незалежна ад таго, якое глупства ён можа сказаць, у яго засталося. І мужчыны, што сядзелі на кукішках, і жанчыны, што стаялі ззаду, чакалі яго слова.

- Усё правільна, - сказаў ён. - Я быў такі ж шчанюк, як ты, бегаў, задраўшы хвост, але ад справы ніколі не адвільваў. Ты робішся дарослым. - Заключныя словы прагучалі як блаславенне, і Эл паружавеў ад задавальнення.

Бацька сказаў:

- Гучыць пераканаўча. Каб гэта быў конь, мы б не звальвалі віну на Эла. Але ж сярод нас толькі адзін ён аўтамабіліст.

Том сказаў:

- Я крыху разбіраюся. Вадзіў грузавік у Макалестары. Эл правільна зрабіў. Усё як трэба. - Цяпер ужо Эл зусім расчырванеўся ад пахвалы. Том гаварыў далей: - І вось што я хацеў яшчэ сказаць... ну, прапаведнік... ён просіцца з намі. - Том змоўк. Яго словы дайшлі да людзей, што сядзелі і стаялі, але яны сустрэлі іх маўчаннем. - Ён чалавек добры, - дадаў Том. - Мы даўно яго ведаем. Іншы раз загаворваецца, але словы яго разумныя. - І ён пакінуў гэтае пытанне на вырашэнне сям'і.

Святло паступова ўбывала. Маці адышла ад групы і зайшла ў дом, з якога неўзабаве пачулася, як бразнулі дзверцы пліты. Праз момант яна вярнулася да рады, паглыбленай у роздум.

- Тут усяляк можна вырашыць, - сказаў дзед. - Некаторыя думаюць, што прапаведнікі могуць наклікаць бяду.

Том сказаў:

- Ён кажа, што ўжо больш не прапаведуе.

Дзед памахаў рукой:

- Хто ўжо быў прапаведнікам, той прапаведнікам і застанецца. Ад гэтага нічым не адгародзішся. Некаторыя лічаць за гонар трымаць сабе прапаведніка. Калі хто памрэ, прапаведнік пахавае. Вяселле, своечасовае ці запозненае, - прапаведнік тут як тут. Дзіця народзіцца - хрысціцель у вас пад дахам. Я заўсёды казаў: прапаведнікі ёсць розныя. Да іх з разборам падыходзіць трэба. Гэты мне даспадобы. Ён без гонару.

Бацька ўваткнуў пруток у пыл і, пакручваючы яго між пальцаў, вырыў у пыле ямку.

- Тут не ў тым справа, добры ён ці дрэнны, а прынясе ўдачу ці няшчасце, - сказаў ён. - Трэба ўсё добра разлічыць. Радасці мала. Зараз паглядзім. Дзед з бабкай - двое. Я, Джон і маці - пяцёра. Ной, Том і Эл - восем. Разашарна з Коні - дзесяць. Руці з Уінфілдам - дванаццаць. А яшчэ сабак трэба ўзяць, як іх тут пакінеш? Сабакі добрыя, прыстрэліць рука не паднімецца, а аддаць няма каму. Усяго чатырнаццаць.

- Гэта не лічачы курэй, якія яшчэ засталіся, і дзвюх свіней, - уставіў Ной.

- Свіней засолім на дарогу, - сказаў бацька. - Без мяса не паедзеш. Павязём саланіну ў бачурках. Вось і не ведаю, куды ж мы ўсіх пасадзім, а тут яшчэ прапаведнік. І ці зможам мы пракарміць лішні рот. - Не павярнуўшы галавы, ён запытаўся: - Як ты думаеш, маці?

Тая адкашлялася і цвёрда сказала:

- Хіба справа ў тым - ці зможам? Вось ці захочам? Змагчы мы нічога не зможам - да Каліфорніі нават не даедзем ці куды. А калі добра захочам, дык так і зробім. І калі ўжо на тое пайшло, дык нашы сем'і даўно ўжо жывуць у гэтых краях, але я не чула яшчэ, каб хто-небудзь з Джоўдаў або Хэзлітаў адмаўляўся накарміць, прытуліць ці падвезці чалавека, калі ён просіць. Сярод Джоўдаў пападаліся жмінды, але такіх яшчэ ніколі не было.

Бацька перабіў:

- А калі месца няма? - Выкруціўшы шыю, ён глянуў на яе, і яму зрабілася сорамна. Яму стала сорамна ад яе слоў. - Ну праўда ж, а калі месца не хопіць у грузавіку, што тады?

- Месца і так не хапае, - адрэзала маці. - Месца ёсць толькі шасцярым, а нас дванаццаць. Адным больш ці менш - невялікая розніца. Моцны, здаровы мужчына ніколі не будзе абузай. І другі раз, калі так здарыцца, што ў нас будуць дзве свінні і больш за сто даляраў грошай і мы задумаемся, ці зможам пракарміць чалавека... - Яна не дагаварыла, і бацька адвярнуўся ад яе, пакрыўджаны такой праборкай.

Умяшалася бабка:

- З прапаведнікам нам будзе лепш. Сёння раніцай ён добрую малітву прачытаў.

Бацька пераводзіў позірк з аднаго твару на другі, шукаючы прыкмет расколу, і нарэшце сказаў:

- Можа, пойдзеш, Томі, паклічаш яго. Калі ўжо ён едзе з намі, яго месца тут.

Том падняўся з кукішак і пайшоў да дома, на хаду клічучы:

- Кейсі! Гэй, Кейсі!

З-за дома пачуўся прыглушаны голас. Том завярнуў за вугал і ўбачыў прапаведніка, які сядзеў на зямлі, прыхінуўшыся спінай да сцяны, і глядзеў на вячэрнюю зорку, што мігцела на бязважкім небе.

- Ты клікаў мяне? - запытаўся Кейсі.

- Цябе. Мы вырашылі: раз ты едзеш з намі, дык мусіш з намі і быць - паможаш усё абдумаць.

Кейсі падняўся на ногі. Ён ведаў, што такое сямейная рада, і зразумеў, што яго прынялі ў сям'ю. Становішча, якое ён цяпер заняў, было высокае, бо, калі ён падышоў, дзядзька Джон адсунуўся ўбок, аслабаніўшы яму месца паміж сабой і братам. Кейсі па прыкладу астатніх мужчын таксама сеў на кукішкі тварам да дзеда, які засядаў, як на троне, на падножцы грузавіка.

Маці зноў пайшла ў дом. Пачуўся ляск металічнай крышкі ліхтара, і ў цёмнай кухні ўспыхнула жаўтаватае святло. Калі яна падняла накрыўку вялікага рондаля, з дзвярэй патыхнула вараным мясам і бацвіннем. Усе чакалі, калі маці выйдзе на цёмны двор, бо сярод гэтай купкі людзей яе голас многа што значыў.

- Трэба абдумаць, калі нам ехаць, - сказаў бацька. - Чым хутчэй, тым лепш. Засталося забіць свіней, засаліць мяса і ўпакавацца. Чым хутчэй усё зробім, тым лепш.

- Калі энергічна ўзяцца за справу, дык заўтра ўсё будзе гатова і паслязаўтра, як развіднее, можна выпраўляцца, - падтрымаў бацьку Ной.

Дзядзька Джон запярэчыў:

- Днём, у гарачыню, мяса не астыне. Што з цёплай свежанінай рабіць будзем?

- Тады зоймемся гэтым сёння. За ноч астыне. Крышачку ж астыне. Павячэраем і зарэжам. Соль у нас ёсць?

Маці адказала:

- Ёсць. Солі многа. Дзве добрыя бочачкі.

- Тады так і зробім, - сказаў Том.

Дзед заёрзаў на падножцы, намагаючыся падняцца.

- Зусім сцямнела, - сказаў ён. - Есці хочацца. Вось прыеду ў Каліфорнію, увесь час буду хадзіць з вялізнай гронкай вінаграду ў руцэ і - у рот, і - у рот, далібог! - Нарэшце ён падняўся; паўставалі і ўсе астатнія мужчыны.

Руці і Ўінфілд, як апантаныя, скакалі ў пыле. Руці сіпла прашаптала брату:

- Заб'ём свіней і ў Каліфорнію! Заб'ём і паедзем - усе адразу.

А Ўінфілд зусім ашалеў - прыставіў палец да горла, страшна скрывіў твар і завіхляўся, ціха ўскрыкваючы:

- Я старая свіння. Глянь! Я свіння. Бачыш, колькі крыві, Руці! - Ён пахіснуўся, грымнуўся на зямлю і слаба задрыгаў рукамі і нагамі. Але Руці была крыху старэйшая за яго і адчувала незвычайнасць таго, што адбываецца.

- І ў Каліфорнію! - паўтарыла яна. Яна ведала: такіх вялікіх падзей у яе жыцці яшчэ не было.

Дарослыя пайшлі ў густым прыцемку да асветленай кухні, і маці падала ім на алавяных талерках мяса з бацвіннем. Але перш чым самой сесці за ежу, яна паставіла на пліту вялікі круглы чан і распаліла яркі агонь у топцы. Потым прынесла некалькі вёдраў вады, наліла чан даверху і паставіла вакол яго яшчэ некалькі поўных вёдраў. Усе спехам паелі і выйшлі з кухні, каб пасядзець на прыступцы каля дзвярэй, пакуль не закіпіць вада. Яны сядзелі, пазіраючы ў цемру і на светлы квадрат, што падаў ад ліхтара на зямлю праз праём дзвярэй; пасярэдзіне гэтага квадрата чарнеўся згорблены цень дзеда. Ной старанна калупаў саломінкай у зубах. Маці і Ружа Сарона мылі талеркі і ставілі іх горкай на стол.

І раптам усе як адзін узяліся за справу. Бацька падняўся і запаліў другі ліхтар. Ной дастаў са скрынкі на кухні крывы мясніковы нож і падвастрыў яго на крэмніевым бруску. Тады паклаў нож і скрэбла на калоду, што стаяла каля дзвярэй на двары. Бацька прынёс дзве тоўстыя палкі тры футы даўжынёй, завастрыў іх з абодвух канцоў сякерай і абвязаў пасярэдзіне моцнай вяроўкай косым крыжам.

Ён прабурчаў:

- Дарэмна прадалі ворчыкі, ніводнага не засталося.

Вада на пліце клекатала, над ёю клубілася пара.

Ной запытаўся:

- Ваду туды панясём ці свіней сюды пацягнем?

- Свіней сюды, - адказаў бацька. - Свіння не кіпецень, яе не расплюхаеш і не апарышся. Вада ўся закіпела?

- Амаль уся, - адказала маці.

- Добра. Ной, і вы, Том з Элам, пойдзем са мной у хлеў. Я ліхтар панясу. Там зарэжам і прыцягнем сюды.

Ной узяў з калоды нож, Эл - сякеру, і ўсе чацвёра пакіравалі да хлява; ногі іх то вынікалі з цемры ў святле ліхтара, то знікалі ў ёй. Руці і Ўінфілд панесліся подскакам за імі. Падышоўшы да свінушніка, бацька нахіліўся над загарадкай і падняў ліхтар. Сонныя маладыя свінні, насцярожана рохкаючы, падняліся на ногі. Дзядзька Джон і прапаведнік падышлі памагчы.

- Добра, - сказаў бацька. - Біце іх. Потым пацягнем да дома, там спусцім кроў і апарым.

Ной з Томам пераступілі цераз загарадку і зрабілі сваю справу спрытна і хутка. Том ударыў два разы абухом, а Ной нахіліўся над паваленымі свіннямі, намацаў артэрыю, успароў яе сваім крывым нажом і пусціў кроў. Потым свіней, якія яшчэ пранізліва вішчалі, перавалілі цераз загарадку. Адну свінню пацягнулі за заднія ногі прапаведнік і дзядзька Джон. Другую - Том з Ноем. Бацька ішоў за імі з ліхтаром, і ў пыле працягнуліся дзве дарожкі чорнай крыві.

Каля дома Ной аддзяліў нажом сухажылле на задніх нагах, ногі развялі ў бакі распоркамі і павесілі тушы на бэлькі, што выступалі з-пад навеса даху. Тады мужчыны прынеслі вар і апарылі чорныя свіныя тушы. Ной успароў іх удоўжкі і выпатрашыў вантробы на зямлю. Бацька завастрыў яшчэ дзве распоркі, каб лепш правялілася мяса, а Том скрэблам і маці тупым канцом нажа счысцілі шчацінне. Эл прынёс пустое вядро, укінуў туды рыдлёўкай вантробы і пайшоў выкінуць іх далей ад дома; за ім, гучна мяўкаючы, пабеглі дзве кошкі, сабакі таксама кінуліся за ім, ціха пагыркваючы на кошак.

Бацька сядзеў на прыступцы, паглядваючы на свіныя тушы, на якія падала святло ліхтара. Шчацінне ўсё саскрэблі, і цяпер толькі рэдкія кроплі крыві падалі ў чорную лужыну на зямлі. Бацька падняўся, падышоў да падвешаных туш і памацаў іх рукамі, тады зноў сеў каля дзвярэй. Дзед з бабкай пайшлі спаць у свіран, у руцэ ў дзеда быў ліхтар са свечкай. Астатнія моўчкі сядзелі каля дзвярэй. Коні, Эл і Том - проста на зямлі, прыхінуўшыся спінамі да сцяны, дзядзька Джон на скрыні, бацька на прыступцы. Толькі маці і Ружа Сарона яшчэ круціліся на кухні. Руці і Ўінфілд ледзь змагаліся са сном. Яны вяла спрачаліся ў цемры. Ной і прапаведнік прыселі побач на кукішкі тварам да дома. Бацька неспакойна пачухаўся, зняў капялюш і запусціў пальцы ў валасы.

- Заўтра ўранні засолім свініну, потым пагрузім усё на грузавік, акрамя ложкаў, і паслязаўтра раніцай пусцімся ў дарогу. Работы і на дзень не хопіць, - сказаў ён няцвёрда.

Том перабіў яго:

- Вось і будзем цэлы дзень сланяцца, шукаючы, што б такое зрабіць. - Астатнія мужчыны неспакойна заварушыліся. - Можна было б скончыць зборы да світання і ехаць, - выказаў думку Том. Бацька пацёр далонню калена. І раптам усіх ахапіла нецярплівасць.

Ной сказаў:

- Можа, мясу нічога не зробіцца, калі яго проста зараз і засаліць. Парэжам на кавалкі, гэтак яшчэ хутчэй астыне.

Дзядзька Джон першы загаварыў рашуча:

- Чаго тут сядзець, чаго чакаць? Хутчэй скончым з гэтым. Ехаць дык ехаць.

Перамена адбылася і ў настроі астатніх.

- Чаму не паехаць як хутчэй? Адаспімся ў дарозе. - Ім ужо не сядзелася на месцы.

Бацька сказаў:

- Кажуць, туды - дзве тысячы міль. Гэта ж чорт ведае як далёка! Трэба ехаць. Ной, давай мы з табой парэжам тушы, потым пагрузім рэчы на машыну.

Маці высунула галаву з дзвярэй:

- А раптам што-небудзь забудземся? У цемры не відаць.

- Заднее, праверым, - сказаў Ной. Усе крыху пасядзелі моўчкі - думалі. Раптам Ной падняўся і пачаў вастрыць свой крывы нож на сцёртым тачыльным бруску. - Ма, - сказаў ён, - ачысці стол, - і, падышоўшы да свіной тушы, правёў нажом уздоўж хрыбта і пачаў зразаць мяса з рэбраў.

Бацька рашуча падняўся з прыступкі.

- Трэба ўсё сабраць, - сказаў ён. - Хадзем, хлопцы, са мной.

Цяпер, калі ўжо цвёрда было вырашана ехаць раніцай, усе заспяшаліся. Ной занёс свініну на кухню і стаў наразаць яе невялікімі квадратамі, а маці націрала кожны буйной соллю і складала іх у бачуркі, стараючыся, каб з бакоў кавалкі мяса не датыкаліся адзін да аднаго без солі. Яна клала іх, як цагліны, і засыпала ў прамежкі соль. Пакуль Ной адсякаў бакавіну і ножкі, маці падтрымлівала агонь у пліце, і, калі Ной зняў мяса з рэбраў, з хрыбта і з ног, яна засунула косткі ў духоўку, каб потым іх можна было аб'есці.

Тым часам на двары і ў свірне перамяшчаліся кругі святла ад ліхтароў - мужчыны збіралі ўсё, што было вырашана ўзяць з сабой, і складалі каля грузавіка. Ружа Сарона вынесла з дома верхнюю вопратку і абутак - камбінезоны, чаравікі на тоўстых падэшвах, гумавыя боты, паношаныя святочныя касцюмы, швэдары і курткі, падбітыя аўчынай. Усім гэтым яна шчыльна напакавала вялікую драўляную скрыню, ды яшчэ стала зверху і ўтаптала нагамі. Пасля прынесла паркалёвыя сукенкі, хусткі і шалі, чорныя баваўняныя панчохі і дзіцячую адзежу - маленькія камбінезоны, танныя паркалёвыя сукеначкі, паклала іх у скрыню і таксама прытаптала нагамі.

Том пайшоў у павець і прынёс адтуль інструмент, які наважылі ўзяць з сабой, - ручную пілу, гаечныя ключы, малаток і скрынку з наборам цвікоў, абцугі, рашпіль і камплект тонкіх напілкаў.

А Ружа Сарона прыцягнула вялікае палотнішча брызенту і расклала на зямлі за грузавіком. Яна ледзь пралезла ў дзверы з матрацамі - трыма двухспальнымі і адным вузкім, зваліла іх на брызент, тады прынесла яшчэ абярэмак складзеных ірваных коўдраў і кінула на матрацы.

Маці з Ноем усё яшчэ ўвіхаліся на кухні, з духоўкі цягнула прыемным пахам смажаных свіных костак. Позняй ноччу дзяцей змарыў нарэшце сон. Уінфілд скруціўся абаранкам проста ў пыле каля парога, а Руці, якая пайшла на кухню паглядзець, як разбіраюць тушы, заснула, седзячы на скрынцы, прыткнуўшыся галавой да сцяны. Яна дыхала лёгка і роўна, крыху растуліўшы губы.

Сабраўшы ўсе прылады, Том з ліхтаром у руцэ ўвайшоў у кухню, следам зайшоў прапаведнік.

- Ой, як здорава! - усклікнуў Том. - Ты толькі панюхай, як пахне! А чуеш, костачкі патрэскваюць?

Маці ўсё складала кавалкі свініны ў бачуркі, пасыпала іх соллю - і зверху, і з бакоў - і прымінала кожны рад рукою. Яна глянула на Тома і слаба ўсміхнулася яму вуснамі, але вочы яе былі сур'ёзныя і стомленыя.

- На снеданне добра пагрызці свіных костачак, - сказала яна.

Прапаведнік падышоў да яе.

- Дайце, я буду саліць, - прапанаваў ён. - Я ўмею. У вас, акрамя гэтага, яшчэ спраў шмат.

Маці адарвалася ад работы і неяк дзіўна паглядзела на яго, быццам ён прапанаваў ёй нешта недарэчнае. Рукі ў яе пакрыліся скарынкаю солі, ружовай ад свежага мяснога соку.

- Гэта жаночая работа, - сказала яна нарэшце.

- Работа ёсць работа, - адказаў прапаведнік. - Яе шмат - хопіць і мужчынам, і жанчынам. У вас ёсць чым заняцца. Дайце, я буду саліць.

Яна пільна паглядзела на яго, потым наліла вады з вядра ў алавяны ўмывальны тазік і памыла рукі. Прапаведнік браў кавалкі свініны і націраў іх соллю, а маці назірала. Ён клаў мяса ў бачурку, акурат як рабіла гэта маці, старанна пасыпаў соллю і расціраў далонямі. Яна выцерла свае пабялелыя ад солі, апухлыя рукі.

Том запытаўся:

- Ма, а што адсюль ўзяць?

Маці абвяла хуткім позіркам кухню.

- Вядро, - сказала яна. - Увесь посуд - талеркі, кубкі і нажы, лыжкі, відэльцы. Складзі ўсё ў шуфляду і нясі да грузавіка. Яшчэ вялікую патэльню, кацёл, кафейнік. Калі астыне духоўка, вымеш адтуль рашотку - на ёй зручна смажыць на вогнішчы. Добра было б узяць з сабой ночвы, толькі наўрад ці месца хопіць. Давядзецца мыць бялізну ў вядры. Драбязу браць не варта. У вялікім катле можна і менш згатаваць, а калі трэба многа, у малой пасудзіне не згатуеш. Бляхі з духоўкі бяры ўсе. Яны ўлазяць адна ў адну. - Маці яшчэ раз азірнула кухню. - Усё, што я сказала, збяры, Том. Пра астатняе я сама паклапачуся. Каб не забыць вялікую бляшанку з перцам, соль, мускатны арэх і тарку на яго. Гэта я пад самы канец вазьму. - Яна ўзяла ліхтар і стомлена пайшла ў спальню, яе босыя ногі бясшумна ступалі па падлозе.

Прапаведнік сказаў Тому:

- Відаць, выбілася з сілы.

- Жанчыны заўсёды з сілы выбіваюцца, - адказаў Том. - Такая ўжо ў іх доля, толькі калі-нікалі на маленнях расслабляюцца.

- Так, але ж яна зусім з ног падае. Быццам занядужала.

Маці яшчэ не пераступіла парога спальні і чула яго словы. Мускулы на яе расслабленым твары напружыліся, маршчыны зніклі, позірк зрабіўся цвярдзейшы, плечы расправіліся. Яна абвяла вачамі голыя сцены. Пуста, нічога не засталося, адзін толькі хлам. Матрацы, што яшчэ днём ляжалі на падлозе, вынесены. Камода і столік прададзены. На падлозе валяюцца зламаны грабянец і пушачка з-пад тальку, некалькі мёртвых мышэй. Яна паставіла ліхтар на падлогу. Прасунула руку за адну са скрынак, што служылі крэсламі, і дастала адтуль кардонную каробку, залапаную, з падранымі куткамі. Яна села на скрынку, адкрыла вечка кардонкі. Там ляжалі пісьмы ў канвертах, газетныя выразкі, фотакарткі, пара завушніц, залаты пярсцёнак з пячаткай і сплецены з валасоў ланцужок для гадзінніка з залатымі зачэпкамі на канцах. Яна дакранулася пальцамі да пісьмаў, ледзь дакранулася да іх, разгладзіла газетную выразку са справаздачай аб судзе над Томам. Доўга трымала кардонку на каленях, і пальцы яе перабіралі пісьмы і зноў ставілі на месца. Потым яна сядзела, закусіўшы ніжнюю губу, аддаўшыся роздуму і ўспамінам. І нарэшце наважылася - выняла з кардонкі пярсцёнак, ланцужок, завушніцы, засунула руку на самае дно і знайшла там залатую запінку. Зняла канверт з аднаго пісьма, ссыпала туды ўсе гэтыя дрындушкі, склала канверт удвая і паклала ў кішэню сукенкі. Потым беражліва, з любасцю закрыла каробку і пяшчотна правяла па ёй пальцамі. Губы ў яе крыху растуліліся. Тады раптам устала са скрынкі, падняла з падлогі ліхтар і вярнулася на кухню. Зняла канфорку з пліты і асцярожна паклала кардонку на вуголле. Кардон адразу пацямнеў. Затрапятаўся язычок полымя і лізнуў каробку. Маці апусціла канфорку на месца, і ў тое ж імгненне агонь нібы выдыхнуў і абдаў каробку жарам.

На цёмным двары бацька і Эл пры святле ліхтара грузілі рэчы на машыну. Інструмент на самы ніз, але так, каб лёгка можна было дастаць у выпадку паломкі. На яго - скрыні з адзежай і джутавы мяшок з кухонным начыннем; нажы, відэльцы і талеркі асобна ў скрынцы. Вядро прывязалі ззаду. Ніжні рад пастараліся ўкласці як мага раўней і ў прамежкі паміж скрынямі засунулі скачаныя коўдры. Зверху паклалі матрацы, запоўніўшы машыну да бартоў, і ўсю паклажу зацягнулі брызентам. Эл прарэзаў па яго краях дзіркі за два футы адна ад адной, прасунуў у іх вяроўкі і прывязаў брызент да сярэдніх планак борта.

- У дождж, - сказаў ён, - падвяжам яго да верхніх планак, няхай лезуць пад ніз, там не прамокнуць. А нам у кабіне дождж не страшны.

Бацька пляснуў у далоні:

- Во галава!

- Гэта яшчэ не ўсё, - сказаў Эл. - Вось знайду доўгую жэрдку, падапру ёю брызент. Будзе як палатка, не пячыся ж на сонцы.

Бацька зноў ухваліў:

- Во галава! Чаму раней не прыдумаў?

- Не было калі, - адказаў Эл.

- Не было калі? А валачыцца па ўсім наваколлі было калі? Адзін бог ведае, дзе ты прападаў апошнія два тыдні.

- Трэба ж было перад ад'ездам усё закругліць - без гэтага не бывае, - прамовіў Эл ганарыста. Потым неяк звяў і запытаўся: - А ты рады, та, што мы едзем?

- Га? Ну... рады, канешне. Ва ўсякім разе... так. Тут нам цяжка даводзілася. А там усё будзе інакш - работы хоць заваліся, усё такое прыгожае, зялёнае, і домікі беленькія, навокал - апельсінавыя дрэвы.

- Там што, усюды апельсіны растуць?

- Ну, можа, і не ўсюды, але ж шмат дзе.

Неба пашарэла ў перадсвітальным святле. Зборы скончыліся - бачуркі з саланінай стаялі напагатове, клетку з курамі заставалася толькі паставіць на самы верх грузавіка. Маці адкрыла духоўку і выняла адтуль засмажаныя косткі, на якіх было яшчэ даволі мяса, падрумяненага, хрусткага. У паўсне Руці спаўзла са скрынкі і зноў моцна заснула. Але старэйшыя стаялі каля дзвярэй, зябка пакурчваліся і грызлі хрусткія косткі.

- Бадай, час ужо бабку з дзедам будзіць, - сказаў Том. - Бярэцца на дзень.

Маці сказала:

- Не хочацца іх падымаць, пабудзім перад самым ад'ездам. Няхай яшчэ паспяць. Руці з Уінфілдам таксама як след не выспаліся.

- Адаспяцца ў дарозе, - сказаў бацька. - Там, наверсе, добра і ўтульна.

Сабакі раптам ускочылі з пыльнай зямлі і навастрылі вушы. Потым шалёна забрахалі і кінуліся ў цемру.

- Каго чорт нясе? - здзівіўся бацька. Праз момант пачуўся нечы голас, які заспакойваў сабак, і тыя, хоць яшчэ і брахалі, але ўжо не так злосна. Нехта ішоў, падыходзіў. Гэта быў М'юлі Грэйуз з насунутым на самыя вочы капелюшом.

Ён нясмела падышоў бліжэй і павітаўся:

- Добрага ранку, людзі.

- А, М'юлі! - Памахаў бацька бядровай косткай. - Заходзь, М'юлі, частуйся свежанінкай.

- Не, - сказаў М'юлі, - я не галодны.

- Давай, М'юлі, частуйся. Пагрызі. - Бацька ўвайшоў у кухню, вярнуўся і падаў яму цэлую жменю свіных рабрынак.

- Я не есці вашы косткі сюды завітаў, - сказаў М'юлі. - Ішоў міма, прыгадаў, што вы едзеце, дай, думаю, зайду, развітаюся.

- Хутка рушым, - сказаў бацька. - Праз гадзіну ты ўжо нас тут не знайшоў бы. Усё ўпакавана - бачыш?

- Усё ўпакавана, - М'юлі паглядзеў на нагружаную машыну. - Часам і мне хочацца паехаць, сваіх пашукаць.

Маці сказала:

- А яны пісалі табе з Каліфорніі?

- Не, - адказаў М'юлі. - Нічога не пісалі. Праўда, на пошце я не пытаўся. Калі-небудзь схаджу.

Бацька сказаў:

- Эл, пайдзі пабудзі бабку з дзедам. Скажы, каб прыйшлі паелі. Неўзабаве едзем. - І калі Эл пакрочыў да свірна, сказаў: - А не хацеў бы ты, М'юлі, залезці з намі на грузавік і паехаць? Мы як-небудзь пацяснімся.

М'юлі адкусіў мяса ад краю рабрыны і пачаў жаваць.

- Часам і мне самому здаецца, паехаў бы, - сказаў ён. - Але знаю, не паеду. Я сябе ведаю: у апошнюю хвіліну ўцяку і затаюся, як здань на могілках.

Умяшаўся Ной:

- Калі-небудзь памрэш проста ў полі, М'юлі.

- Сам ведаю. Ужо думаў пра гэта. Бывае вельмі тужліва аднаму, ніштавата бывае, а бывае і зусім добра. Ды што гаварыць! Калі вам стрэнуцца мае - я гэта прыйшоў сказаць, - калі вам хто з іх стрэнецца ў Каліфорніі, скажыце, што мне добра. Скажыце, у мяне ўсё добра. Не выдавайце ім, як я жыву. Скажыце: вось заробіць грошай і прыедзе.

- І праўда прыедзеш? - запыталася маці.

- Не, - ціха адказаў М'юлі. - Не, не прыеду. Мушу тут заставацца. Раней, можа, і паехаў бы. А цяпер не. Я шмат што перадумаў, шмат што зразумеў. Цяпер ужо нікуды не паеду.

Пачало крыху віднець. Агонь ліхтароў пабляк. Вярнуўся Эл з дзедам, які ледзь цягнуўся, накульгваючы, за ім.

- Ён не спаў, - сказаў Эл. - Сядзеў адзін за свірнам. З ім нешта не ў парадку.

Вочы ў дзеда былі нейкія цьмяныя, зласліва задзірлівы агеньчык у іх патух.

- Са мной нічога, - сказаў ён. - Проста ехаць не хачу.

- Ты не паедзеш? - здзівіўся бацька. - Як гэта так, не паедзеш? У нас усё ўжо сабрана, усё гатова. Трэба ехаць. Тут нам нельга заставацца.

- Хто кажа, каб вы заставаліся? Садзіцеся і едзьце сабе. А я... я застаюся. Я ледзь не ўсю ноч прадумаў. Гэта мой край. Маё месца тут. І начхаць мне на вінаград і на апельсіны, хоць там імі заваліся. Я не еду. Гэта мой край, хоць шчасця тут мала. Вы давайце едзьце. А я дзе жыў, там і буду жыць.

Усе стоўпіліся вакол старога. Бацька сказаў:

- Так нельга, дзед. Усю гэтую зямлю хутка зааруць трактарамі. А хто гатаваць табе будзе? Як ты жыць будзеш? Не, заставацца табе тут ніяк нельга. Не будзе каму клапаціцца пра цябе, ты з голаду памрэш.

Дзед усклікнуў:

- Во, сказаў! Я хоць і стары, але змагу сам пра сябе паклапаціцца. А як тут М'юлі жыве? І я гэтаксама буду. Я сказаў - не паеду, і ўсё. Бярыце бабку з сабой, калі хочаце, а мяне пакіньце - і справе канец.

Бацька разгублена сказаў:

- Паслухай, дзед. Ну паслухай хвілінку!

- І слухаць не хачу. Я ўжо сказаў табе, як будзе.

Том крануў бацьку за плячо:

- Та, зойдзем у дом. Хачу табе нешта сказаць. - І калі яны пайшлі да дома, Том на хаду крыкнуў: - Ма, ідзі сюды на хвілінку!

На кухні гарэў адзін ліхтар, на стале стаяла талерка, яшчэ поўная свіных костак. Том сказаў:

- Паслухайце. Дзед, вядома, мае права вырашаць - ехаць ці не ехаць, але яму нельга тут заставацца. Гэта ж ясна.

- Ясна, - сказаў бацька.

- Дык вось што. Калі яго ўзяць сілай і звязаць, можна яго пакалечыць альбо ён так ашалее, што сам сябе знявечыць. Добра было б напаіць яго, тады ўсё ўладзіцца. У вас ёсць хоць крышачку віскі?

- Няма, - адказаў бацька. - Ні кроплі. У Джона таксама няма. Калі ён не ў запоі, спіртнога дома не трымае.

Маці сказала:

- У мяне, Том, засталася бутэлька снатворнага, яшчэ з тае пары, як Уінфілду вушы балелі. Думаеш, падзейнічае? Я давала яму глынуць, і ён адразу засынаў.

- Можа, і падзейнічае, - сказаў Том. - Нясі сюды, ма. Ва ўсякім разе, праверым.

- Я выкінула яе на сметнік, - сказала маці, узяла ліхтар, выйшла на двор і неўзабаве вярнулася з бутэлькай, напалову налітай чорнай вадкасцю.

Том узяў бутэльку і паспрабаваў вадкасць на смак.

- Не гідка, - сказаў ён. - Згатуй кубак чорнай кавы, чым гусцейшай. Колькі ж наліць яму? Ну, скажам, адну чайную лыжку. Не, лепш больш - дзве сталовыя.

Маці наліла ў кафейнік вады, усыпала кавы, тады адчыніла пліту і паставіла кафейнік блізка да вуголля.

Том з бацькам выйшлі на двор.

- Кожны мае права сам сабой распараджацца, - не сунімаўся дзед. - Хто тут еў свіныя рэбры?

- Мы, - адказаў Том. - Зараз ма налье табе кавы і дасць і свініны.

Дзед пайшоў на кухню, выпіў каву і з'еў мяса. Людзі стаялі на двары, на якім пачало ўжо святлець, і праз адчыненыя дзверы кухні пазіралі на дзеда. Яны ўбачылі, як ён раптам пазяхнуў і пахіснуўся на крэсле, потым паклаў рукі на стол, апусціў на іх галаву і заснуў.

- Ён і так быў вельмі змораны, - сказаў Том. - Раней часу не чапайце яго.

Нарэшце ўсё ўжо было зусім гатова да ад'езду. Заспаная, млявая бабка ўсё пыталася:

- Што тут у вас дзеецца? Чаго ўскочылі ў такую рань? - Але яна была апранутая і паводзіла сябе мірна.

Руці і Ўінфілд таксама прачнуліся, але былі вялыя і сонныя. Ранішняе святло імкліва разлівалася па зямлі. А людзі знерухомелі. Яны стаялі пасярод двара, і ніхто не адважваўся зрабіць рашучы крок. Цяпер, калі надышоў час пускацца ў дарогу, ім стала страшна, не менш страшна, чым дзеду. Яны бачылі, як паступова на фоне пасвятлелага неба выступаюць абрысы свірна, як блякнуць агеньчыкі ліхтароў і ўжо больш не адкідаюць на зямлю жоўтых кругоў святла. Адна за адной, з усходу на захад, тухлі зоркі ў небе. А людзі стаялі, здранцвелыя, як лунацікі, і вочы іх глядзелі ўдалячынь, не заўважаючы таго, што было блізка, і бачылі адразу ўвесь абсяг світальнага неба, усю шыр палёў, усю зямлю да самага гарызонту.

Адзін толькі М'юлі неспакойна снаваў па двары, зазіраў праз шчыліны між бартавых планак у грузавік, стукаў кулаком па запасных шынах, прывязаных ззаду. Нарэшце ён падышоў да Тома.

- Пяройдзеш мяжу штата? - запытаўся ён. - Парушыш падпіску?

І Том строс з сябе здранцвенне.

- Бог ты мой, хутка ўжо сонца ўзыдзе! - сказаў ён гучна. - Час ехаць. - І ўсе таксама выйшлі з анямення і пакіравалі да грузавіка.

- Пайшлі панясём дзеда на грузавік, - сказаў Том.

Бацька, дзядзька Джон, Том і Эл увайшлі ў кухню, дзе, уткнуўшыся лбом у рукі, складзеныя на стале побач з лужынкай разлітай кавы, спаў дзед. Яны ўзялі яго пад локці і паставілі на ногі, а ён бурчаў і лаяўся хрыплым голасам, як п'яны. За дзвярамі паднялі яго на рукі і панеслі. Том з Элам залезлі на грузавік, перагнуліся цераз борт, падхапілі старога пад пахі і асцярожна пацягнулі наверх. Эл адвязаў адзін канец брызенту, накрыў ім дзеда і падставіў побач скрынку, каб на яго не ціснуў цяжкі брызент.

- Абавязкова пастаўлю жардзіну, - сказаў Эл. - Сёння ж вечарам, на першым прыпынку.

Дзед усё яшчэ нешта бурчаў, чапляючыся за сон, і ледзь толькі яго паклалі, зноў моцна заснуў.

Бацька сказаў:

- Ма, вы з бабкай сядзеце з Элам. Потым будзем мяняцца - не так стомімся ў дарозе, але пачнём з вас.

Маці з бабкай залезлі ў кабіну, астатнія - Коні і Ружа Сарона, бацька і дзядзька Джон, Руці і Ўінфілд, Том і прапаведнік - усе забраліся наверх. Ной стаяў унізе, глядзеў, як яны ўладкоўваюцца там, на высокай паклажы.

Эл абышоў вакол грузавіка, зазіраючы пад ніз, на рысоры.

- Госпадзі, рысоры зусім праселі, - сказаў ён. - Шчасце, што калодкі падставіў.

Ной запытаўся:

- А з сабакамі як, та?

- Я і забыўся пра іх, - адказаў бацька і пранізліва свіснуў. Але на свіст прыбег толькі адзін сабака. Ной злавіў яго і падкінуў на грузавік, і там сабака быццам здранцвеў, баючыся вышыні. - Астатніх двух давядзецца кінуць тут, - сказаў бацька і крыкнуў: - Гэй, М'юлі, ты, можа, прыгледзіш за імі? А то з голаду паздыхаюць.

- Добра, - сказаў М'юлі. - Ад сабак адмаўляцца не буду. Няхай сабе, бяру іх.

- Бяры і курэй, - сказаў бацька.

Эл сеў на сваё месца ў кабіне. Завішчаў, загуў стартэр, на міг уключылася запальванне, зноў закруціўся стартэр. І раптам усімі сваімі шасцю цыліндрамі завыў матор на халастых абаротах, ззаду машыны заклубіўся сіні дымок выхлапу.

- Пакуль, М'юлі! - крыкнуў Эл.

Усе астатнія члены сям'і крыкнулі хорам:

- Бывай, М'юлі!

Эл адпусціў ручны тормаз і ўключыў счапленне. Грузавік здрыгануўся і цяжка папоўз па двары. Уключылася другая скорасць. Машына паволі пачала падымацца на невысокі ўзгорак, і ўсіх завалакло чырвоным пылам.

- Ого як нагрузіліся! - сказаў Эл. - Рэкорда хуткасці не паставіш.

Маці хацела паглядзець назад, але паклажа не давала ёй бачыць. Тады яна падняла галаву і стала глядзець проста перад сабой на пыльную грунтавую дарогу. У вачах у яе была вялікая стома.

А тыя, што сядзелі на паклажы, пазіралі назад. Яны бачылі свіран, дом і лёгкі дымок, які ўсё яшчэ выбіваўся з коміна. Яны бачылі, як запунсавелі вокны, азораныя першымі промнямі сонца. Бачылі М'юлі - ён самотна стаяў пасярод двара, праводзячы іх вачамі. А потым усё знікла за грэбенем узгорка. Абапал дарогі цягнуліся палі бавоўніку. Грузавік марудна прабраўся скрозь пыл да шашы і пайшоў на Захад.

 

РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ

 

Дамкі ў палях стаялі пустыя, а раз апусцелі хаціны, пуста было і на палях. Не пуставалі толькі трактарныя гаражы з рыфленага жалеза, якія адсвечвалі срэбрам; яны былі поўныя металу, пасудзін з бензінам і маслам, блішчастых плужных дыскаў. У трактароў бліскучыя фары, трактарам усё роўна - што дзень, што ноч, дыскі пераварочваюць зямлю ў цемры, круцяцца днём, пабліскваючы на сонцы. Калі конь пасля дзённай працы вяртаецца ў стайню, жыццёвыя сілы яго і патрэбы не гаснуць, стойла поўніцца дыханнем і цяплом, там шамаціць пад капытамі салома, хрумсціць на зубах сена, варушацца конскія вушы, зіркаюць вочы. Адтуль нясе жывым духам, цягне пахам жыцця. А калі спыняе работу матор, трактар робіцца мёртвым, як руда, з якой ён урэшце зроблены. Цеплыня пакідае яго, як жывое цяпло пакідае труп. Дзверы з рыфленага жалеза зачыняюцца, і трактарыст едзе дамоў, у горад, бывае, што і за дваццаць міль адтуль, і можа не вяртацца цэлымі тыднямі, а то і месяцамі, бо трактар не жывая істота. Гэта проста і практычна. Настолькі проста, што праца перастае здавацца цудам, настолькі практычна, што перастае здавацца цудам зямля і дзеянне яе сіл, а разам з цудам знікае і глыбокае разуменне зямлі, пачуццё роднасці з ёю. І ў трактарыста нараджаецца і мацнее пагарда да яе, уласцівая толькі чужаку, які мала што ў ёй разумее і якога нічога не радніць з ёю. Бо азотныя ўгнаенні - гэта яшчэ не зямля, фасфатныя - таксама; і даўжыня баваўнянага валакна - не зямля. Чалавек - не вуглярод, не солі, не вада і не кальцый. Усё гэта ў ім ёсць, але ён нешта большае, значна большае; і зямля нешта значна большае, чым элементы, з якіх яна складаецца. Чалавек, які з'яўляецца нечым невымерна большым, чым яго хімія, чалавек, што ступае па зямлі, адварочвае лямеш ад каменя, нахіляе ручкі плуга, каб лямеш прыўзняўся і слізнуў над голай пародай, апускаецца на калені, каб з'есці сняданак, - чалавек гэты большы, чым тое, з чаго ён складзены, ён ведае зямлю, якая ўяўляе сабой нешта большае, чым сукупнасць хімічных элементаў. А чалавек за штурвалам, які вядзе мёртвы трактар па чужой, нялюбай зямлі, пакланяецца толькі хіміі, ён не паважае ні гэтай зямлі, ні самога сябе. Калі зачыняюцца жалезныя рыфленыя дзверы, ён выпраўляецца дамоў, але дом яго не тут, не на гэтай зямлі.

 

Дзверы пустых дамоў былі парасчыняныя насцеж і рыпелі завесамі на ветры. Чароды хлапчукоў збягаліся з блізкіх гарадкоў, каб пакідаць камянямі ў шыбы, пакапацца ў смецці і ламаччы ў пошуках скарбаў. Вось нож з напалову адламаным лязом. Згадзіцца. А смурод! Напэўна недзе ляжыць здохлы пацук. Гэй, глянь, што Ўітні напісаў на сцяне! Ён і ў школьнай прыбіральні тое самае накрэмзаў, і настаўніца прымусіла яго змыць.

Таго дня, калі людзі паехалі, як толькі звечарэла, каты прыцягнуліся з ловаў у палях і з мяўканнем забраліся на ганак. Але ніхто з дому не выйшаў, і яны шмыгнулі праз адчыненыя дзверы і, мяўкаючы, пачалі снаваць па апусцелых пакоях. А потым вярнуліся ў палі і неўзабаве здзічэлі і карміліся суслікамі і палявымі мышамі, удзень спалі ў канавах. Калі апусцілася ноч, кажаны, якія раней не адважваліся сунуцца далей за дзверы, бо баяліся святла, цяпер уляцелі ў дамы і пачалі кружыцца па пустых пакоях, а праз некалькі дзён яны ўжо забіраліся на дзень у самыя цёмныя куты, складалі крылы і павісалі ўніз галавой на бэльках, і ў бязлюдных пакоях смярдзела іхнім памётам.

Мышы таксама панабіваліся ў дамы і нарабілі складаў зерня ў кутках, у скрынках, за шуфлядамі кухонных шафаў. За імі паявіліся ласкі - прыйшлі паляваць на мышэй, а совы то заляталі з вухканнем у вокны, то выляталі.

Прайшоў спорны дожджык. Перад ганкам, там, дзе раней яму расці не належала, зазелянела пустазелле, між дошак, скрозь шчыліны, прараслі былінкі. Хаціны былі пустыя, а пустыя жытлы развальваюцца хутка. Абшыўка пайшла трэшчынамі, пачынаючы з іржавых цвікоў. На падлозе густа ляжаў пыл, і на ім віднеліся толькі сляды мышэй, ласак і кошак.

Неяк ноччу вецер ададраў з даху гонту і шпурнуў яе на зямлю. Другі раз вецер прабраўся ў гэтую дзірку і сарваў яшчэ тры гонты, а потым адразу больш за дзесятак. Здзічэлыя каты падбіраліся да дома, але ўжо не мяўкалі каля ганка. Ледзь прыкметныя, як цені хмарак, што засцілі месяц, яны пракрадаліся ў пакоі, каб папаляваць на мышэй. Ветранымі начамі дзверы дамоў ляпалі і бразгалі, і ў вокнах з разбітымі шыбамі трапяталіся падраныя фіранкі.

 

РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ

 

Шаша № 66 - аўтастрада, па якой ехалі перасяленцы. Шаша № 66 - гэта доўгая бетанаваная магістраль, што бяжыць па краіне, мякка віючыся на карце ад Місісіпі да Бейкерсфілда; яна ідзе праз чырвоныя і шэрыя землі, ушрубоўваючыся ў горы, перасякае Вялікі водападзел, збягае ўніз, у страшную сляпучую пустыню, цягнецца па ёй, зноў падымаецца ў горы і нарэшце выходзіць у раскошныя даліны Каліфорніі. Шаша № 66 - гэта дарога ўцекачоў, бежанцаў - тых, хто ратуецца ад пылу і высахлай, згалелай зямлі, ад грымотнага грукату трактароў і ўласнага згалення, ад паступовага наступу пустыні на поўнач, ад віхравых вятроў, што з выццём налятаюць з Тэхаса, ад разводдзяў, якія не робяць глебу багацейшай, а толькі крадуць апошнія рэшткі яе скарбу. Ад усяго гэтага людзі ўцякаюць, і на аўтастраду іх выносяць бакавыя шашэйныя прытокі, палявыя дарогі, прарэзаныя ў грунце коламі павозак і грузавікоў. Шаша № 66 - гэта галоўны шлях уцекачоў.

Кларксвіл і Озарк, Вэн-Б'юран і Форт-Сміт - гэта на шашы № 64, і тут канчаецца Арканзас. Дарогі сходзяцца да Аклахома-Сіці, № 66 з Талсы, № 270 з Макалестара, № 81з Уічыта-Фолс - з поўдня, і Інід - з поўначы, і яшчэ з Эдманда, Маклаўда і Парсела. Шаша № 66 выходзіць з Аклахома-Сіці; Эл-Рына і Клінтан застаюцца на захадзе. Гайдра, Элк-Сіці і Тэксала, і тут канчаецца штат Аклахома, і аўтастрада № 66 пераразае Тэхаскі выступ, так званую Ручку рондаля. Шэмрак і Маклін, Конуэй і жоўты Амарыльё, Уілдарада, Вега і Бойс - і тут канчаецца Тэхас. Тукумкары, Санта-Роса, потым з Санта-Фэ ўніз, праз ньюмексіканскія горы да Альбукерка. А там удоўж цяснін ракі Рыо-Грандэ да Лос-Лунаса і зноў на захад па шашы № 66 да Гэлапа, што на мяжы штата Нью-Мексіка.

Тут пачынаюцца высокія горы. Холбрук, і Ўінслаў, і Флагстаф у высакагор'і Арызоны. Потым шырокае плато з хвалістымі лініямі ўзгоркаў. Эфарк і Кінгмэн, і зноў камяністыя горы, куды ваду завозяць з іншых мясцін і гандлююць ёю. Пасля вызубленых, выпаленых сонцам гор Арызоны - да ракі Каларада з зялёнымі зараснікамі трыснягу па берагах. Тут канчаецца штат Арызона. Адразу за ракой - Каліфорнія, і пачынаецца яна з вельмі прыгожага гарадка - Нідлс, які стаіць на самым беразе. Але рака здаецца чужаніцай у гэтых краях: ад Нідлса ўверх і за абпаленым сонцам хрыбтом пачынаецца пустыня. Там шаша № 66 бяжыць па страшэннай пустыннай мясцовасці, паветра трымціць ад спёкі, а высокія чорныя горы, што маячаць наперадзе, нясцерпна томяць душу. І вось ужо Барстаў, але за ім усё тая ж пустыня, пакуль наперадзе зноў не паўстаюць горы, прыгожыя горы, і аўтастрада пятляе сярод іх. І раптам вузкі праход, і ўнізе разлягаецца цудоўная даліна, унізе сады, вінаграднікі і маленькія катэджы, а ўдалечыні - горад. О госпадзі, нарэшце ўсё скончылася!

Людзей, што кінуліся ўцякаць, выносіла на аўтастраду № 66; машыны ішлі то па адной, то цэлымі караванамі. Удзень яны паволі каціліся па дарозе, а ноччу спыняліся каля вады. З лядашчых, дзіравых радыятараў валіла пара, шатуны бразгаталі і ляскалі. І людзі, што сядзелі за рулём грузавікоў і перагружаных легкавушак, апасліва ўслухоўваліся. Колькі яшчэ да горада? Пакуль едзеш ад аднаго да другога, нацерпішся страху. Калі што-небудзь паламаецца... што ж, калі паламаецца, зробім прывал, а Джым збегае ў горад, раздабудзе патрэбную дэталь і вернецца... А колькі яшчэ харчу засталося?

Услухоўвайся ў матор. Прыслухоўвайся да колаў. І вухам, і рукой прыслухоўвайся да абаранка руля, далонню да рычага пераключэння скорасцей, нагамі - да дошак насцілу. Усімі пяццю пачуццямі прыслухоўвайся да тарахцення гэтага старога драндулета, бо змена тону, перамены рытму могуць азначаць... тыдзень вымушанай стаянкі. Во стукае! Гэта клапаны. Клапаны - не страшна. Няхай стукаюць сабе хоць да другога прышэсця - не бяда. А вось гэты глухі шум на хаду... яго амаль не чуеш, хутчэй адчуваеш. Можа, масла куды-небудзь не даходзіць? Можа, падшыпнік які-небудзь пачынае рассыпацца? Госпадзі, калі падшыпнік, што ж тады рабіць? Грошы цякуць, як вада.

І чаго гэта радыятар, чорт на яго, так разагрэўся? Не на пад'ёме ж. Дай гляну. А божачкі, рэмень радыятара паляцеў! Што ж, замест рэменя вяроўку паставім, вось гэту. Давай прымер, во-во, якраз. Канцы я звяжу. Цяпер паволі, зусім павольненька, пакуль да гарадка якога не даедзем. Вяроўка доўга не пакруціцца.

Толькі каб дабрацца да Каліфорніі, дзе апельсіны растуць, перш чым рассыплецца гэтая старая калымага. Толькі каб дабрацца!

А пакрышкі - пратэктар зусім знасіўся, аж да драцяной аплёткі. Каб не наляцелі на той камень, мы, можа, яшчэ міль сто выціснулі б. Што лепш - лішняя сотня міль або спушчаная камера? Што лепш? Вядома, сотня міль. Ну, не ведаю, тут ёсць пра што падумаць. Латаць у нас ёсць чым. Можа, толькі крышачку спусціць? А што, калі манжэтку зрабіць? Міль пяцьсот яшчэ маглі б выціснуць. Паехалі. Калі лопне, тады і станем.

Трэба было б шыну купіць, ды вельмі ж дорага просяць, нават за старую. Позіркам наскрозь працінаюць. Разумеюць, што чалавеку пазарэз трэба. Ведаюць, што яму часу няма стаяць. І цану набіваюць.

Не хочаш - не трэба. Я не здароўе тут папраўляю, а шынамі гандлюю. Задарма не раздаю. Якая мне справа, што там у вас? Сваіх клопатаў хапае.

А далёка да бліжэйшага гарадка?

Учора я сорак дзве машыны налічыў з такімі самымі пасажырамі. Адкуль вы ўсе едзеце? Куды вас нясе?

О, Каліфорнія штат вялікі!

Не такі ўжо і вялікі. І ўсе Злучаныя Штаты разам - не такая ўжо вялікая краіна. Зусім не вялікая. Нам цесна ўсім разам - і табе, і мне, і такім, як ты, і такім, як я, багатым і бедным - усім месца не хапае, і жуллю, і сумленным людзям. Галодным і сытым. Можа, ты лепш назад павярнуў бы?

Мы жывём у свабоднай краіне. Чалавек вольны ехаць, куды захоча.

Гэта ты так думаеш. Калі-небудзь чуў пра патрулі на каліфарнійскай граніцы? Паліцэйскія з Лос-Анжэлеса спыняюць вось такіх, як ты, назад заварочваюць. Кажуць: хто не можа купіць нерухомасць, той нам не патрэбен. Пытаюцца: шафёрскія правы ёсць? Ты ім: парваліся. А яны: без шафёрскіх правоў уезд забаронены. Мы ў свабоднай краіне жывём. Што ж, пайдзі пашукай яе, свабоду. Мне адзін гаварыў: свабоды ў цябе столькі, колькі ты яе можаш купіць.

У Каліфорніі добра плацяць. Вось у мяне лісток, там пра гэта сказана.

Мана! Адтуль уцякаюць - я сам такіх бачыў. Вас абдурваюць: камусьці так трэба. Ну дык што, бярэш шыну ці не?

Давядзецца браць, але ж, далібог, містэр, гэта моцна б'е нас па кішэні! Грошай зусім мала засталося.

Дык я ж дабрачыннасцю не займаюся. Трэба, бяры.

Што зробіш, вазьму. Давай глянем. Раскрый яе. Глянь, якая камера! Ах ты шэльма, а казаў, камера добрая. Якая ж гэта камера, адны дзіркі.

Што вярзеш? Чорт... праўда! Як гэта я не ўбачыў?

Ты ўсё, сукін сын, бачыў. За рвань чатыры даляры захацеў. У зубы табе за гэта даць!

Ты не гарачыся, цішэй. Кажу, не бачыў. Ну добра, аддаю за тры пяцьдзесят.

Ага, падстаўляй кішэню! Як-небудзь да горада даедзем.

Думаеш, з такой камерай даедзем?

Трэба. На вобадзе паеду, а ні цэнта гэтай сволачы не дам.

А якім ты ўяўляеш сабе камерсанта? І праўда ж, не здароўе ён сюды прыйшоў папраўляць. Такая ўжо гэта справа - камерцыя. А ты думаў - што? Чалавек хоча... Бачыш - шчыт пры дарозе? «Клуб абслугоўвання. Па аўторках - урачыстае снеданне. Гатэль «Калмада». Шчыра вітаю, браток! Клуб абслугоўвання... Мне адзін неяк расказваў. Прыйшоў ён на сход розных там дзялкоў і паднёс ім такую гісторыю. Калі я, кажа, быў яшчэ хлапчуком, бацька аднойчы вывеў на вяроўцы цялушку і загадвае: завядзі яе да быка, яе трэба абслужыць. Я і завёў, кажа. І з таго дня, як пачую, што які-небудзь дзялок гаворыць пра абслугоўванне, не магу ўцяміць - хто ж тут каго?.. У гандляроў адзін клопат - ашукаць і абдурыць, але называецца гэта ў іх інакш. У тым вось і справа. Калі ўкрадзеш шыну, ты злодзей, а калі ён хоча ўкрасці ў цябе чатыры даляры - гэта нічога, гэта можна. У іх гэта называецца камерцыя.

Дэні там, ззаду, вады просіць.

Пацерпіць. Адкуль тут вада?

Чуеш - стукае?.. Ці не ў заднім мосце?

Цяжка сказаць.

Праз раму перадаюцца гукі, падобныя на марзянку.

Пракладка ляціць. Спыняцца нельга. Чуеш - свішча? Знойдзем добрае месца, зробім прывал, я падыму капот - праверу. Але харч канчаецца, грошы канчаюцца. А калі не будзе на што бензіну купіць, тады што?

Дэні там, ззаду, вады просіць. Малы піць хоча.

Во, чуеш, свішча? Пракладка.

Госпадзі! Лопнула! Камера, пакрышка - усё к чорту! Трэба рамантаваць. Гэтай не выкідай - зробім з яе манжэты: разрэжам і накладзем на слабыя месцы.

Машыны спыняюцца на абочыне дарогі - адкрываюцца капоты, рамантуюцца шыны. Аўтамабілі цягнуцца па аўтастрадзе № 66, як падраненыя жывёліны, выбіваючыся з сіл, і хрыпла дыхаюць. Маторы перагрэтыя, аслабленыя цягі, разбітыя падшыпнікі, усё ў машыне грукоча.

Дэні вады просіць.

Людзі ўцякалі па шашы № 66. А бетанаваная дарога блішчыць на сонцы, як люстра, паветра трымціць ад спёкі, і здаецца, што наперадзе шаша заліта вадой.

Дэні просіць вады.

Яшчэ крыху пацерпіць малы. Яму горача. Хутка ўжо заправачная - станцыя абслугоўвання. Там абслужаць, як той хлопец казаў.

На дарозе дзвесце пяцьдзесят тысяч чалавек. Пяцьдзесят тысяч старых машын - параненых, ахутаных парай. Разваліны, кінутыя гаспадарамі. А з імі што, з людзьмі? Што было потым з тымі, хто ехаў вось у гэтай, напрыклад, машыне? Пайшлі пеша? Дзе яны цяпер? Адкуль бярэцца гэтая страшная сваёй сілай вера?

А вось я вам раскажу адну гісторыю. Вы можаце не паверыць, але гэта праўда. Крыху дзіўная гісторыя, але цудоўная. Адну сям'ю - дванаццаць чалавек - сагналі з зямлі. Машыны ў іх не было. Яны змайстравалі прычэп з рознай непатрэбшчыны і пагрузілі на яго ўвесь свой скарб. Потым падкацілі прычэп да шашы № 66 і сталі чакаць. І неўзабаве іх узяў на буксір легкавы аўтамабіль. Пяцёра ехалі ў машыне, а сем чалавек з сабакам - на прычэпе. Азірнуцца не паспелі - ужо Каліфорнія. Гаспадар легкавой машыны і вёз іх, і карміў. І гэта ўсё праўда. Але адкуль бярэцца такая мужнасць і такая вера ў людзей? Не многае на свеце можа навучыць такой веры.

Людзі ўцякаюць ад жаху, што ў іх за спінай, і з імі здараюцца розныя рэчы - то да жудасці жорсткія, то проста дзівосныя, і ў сэрцах у іх зноў і зноў разгараецца вера і ніколі не гасне.

 

РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ

 

Дапатопны, перагружаны «гудзон» са скрыпам і крактаннем дабраўся каля Саліса да аўтастрады і пад сляпучым сонцам скіраваў на захад. Але на бетанаванай шашы Эл паддаў газу, бо аслабелым рысорам цяпер нішто не пагражала. Ад Саліса да Гора дваццаць адна міля, і «гудзон» ішоў з хуткасцю трыццаць пяць міль у гадзіну. Ад Гора да Ўорнера трынаццаць міль, ад Уорнера да Чакоты чатырнаццаць, потым доўгі прабег да Генрыэты - трыццаць чатыры мілі, затое ў канцы - сапраўдны горад. Ад яго да Касла дзевятнаццаць міль, а сонца стаяла ў зеніце, і над чырвонымі палямі дрыжэла распаленае сонцам паветра.

Эл засяроджана сядзеў за рулём і ўсёй сваёй істотай прыслухоўваўся да машыны, раз-пораз пераводзячы позірк з палатна дарогі на прыборны шчыток. Ён нібы зліўся з машынай, кожным сваім нервам ловячы яе хібы, глухія стукі ці віск, хмыканне і шчоўканне - любыя перамены ў яе ходзе пагражалі паломкай. Эл стаў душой машыны.

Бабка, якая сядзела побач з ім, жаласна хныкала ў паўсне, раптам расплюшчвала вочы, утароплівалася на дарогу і зноў упадала ў забыццё. А каля бабкі сядзела маці, высунуўшы ў акенца кабіны сагнутую ў локці руку, на якой пад гарачым сонцам пачырванела скура. Маці таксама ўставіла вочы наперад, але яны былі цьмяныя і не бачылі ні дарогі, ні палёў, ні заправачных станцый, ні павільёнчыкаў закусачных. Яна не глядзела на тое, міма чаго праязджаў іхні «гудзон».

Эл пакруціўся на праседжаным сядзенні і перамясціў рукі на абаранку руля. Уздыхнуў:

- Здорава тарахціць, але, думаю, нічога страшнага. А вось калі прыйдзецца браць пад'ёмы з такім грузам, адзін бог ведае, што яна выкіне. Ма, а на дарозе да Каліфорніі ёсць узгоркі?

Маці паволі павярнула да яго галаву, і вочы яе ажывіліся.

- Думаю, павінны быць, - адказала яна. - Напэўна не ведаю. Але помніцца, людзі казалі, узгоркі ёсць і нават горы. Высокія горы.

Бабка працяжна застагнала ў сне.

Эл сказаў:

- На першым пад'ёме расплавім падшыпнікі. Добра было б сёе-тое скінуць. Можа, не варта было браць гэтага прапаведніка.

- Ты яшчэ не раз парадуешся, што мы яго ўзялі, - сказала маці. - Гэты прапаведнік паможа нам. - Яна зноў перавяла вочы на бліскоткую стужку дарогі.

Эл кіраваў адной рукой, другая ляжала на дрыгатлівым рычагу пераключэння скорасцей. Ён усё хацеў нешта сказаць, але не рашаўся. Нарэшце, спачатку бязгучна паварушыўшы губамі, вымавіў:

- Ма... - Маці паволі скіравала на яго позірк, галава яе ледзь пагойдвалася ў такт пагойдванню машыны. - Ма, а табе не страшна? Не страшна ехаць на новае месца?

Вочы ў яе зрабіліся задуменныя, мяккія.

- Не, - рашуча адказала яна. - Пра гэта не думала. Так немагчыма. Мне нельга так думаць. Гэта вышэй чалавечых сіл - для гэтага трэба пражыць некалькі жыццяў, а жыццё толькі адно. А думаць наперад на некалькі жыццяў мне не пад сілу. Ты малады, ты глядзі наперад, а я... у мяне цяпер толькі дарога перад вачамі. І думаю я толькі пра тое, ці хутка ўсе прагаладаюцца і папросяць свіных костак. - Твар у яе звяў. - Гэта ўсё, пра што я магу думаць. Больш ні пра што. А забяруся ў думках далёка, вас устрывожу. Вы ўсе тым і трымаецеся, што я думаю толькі пра вас.

Бабка віскліва пазяхнула і расплюшчыла вочы. Здзіўлена азірнулася па баках.

- Мне злезці трэба, хвала богу, - сказала яна.

- Зараз да кустоў пад'едзем, - адказаў Эл. - Вунь наперадзе зараснік.

- Кусты-кусты, навошта мне ў кусты. Мне вылезці трэба, кажу, - заенчыла бабка. - Злезці мне трэба, злезці.

Эл газануў і каля нізкага кустоўя рэзка затармазіў. Маці шырока расчыніла дзверцы, выцягнула мітуслівую старую з кабіны і павяла ў зараснік.

На версе грузавіка таксама заварушыліся. Твары ва ўсіх ільсніліся і пачырванелі ад сонца, ад якога не было дзе схавацца. Том, Кейсі, Ной і дзядзька Джон стомлена саскочылі на зямлю. Руці і Ўінфілд пералезлі цераз барты і гайсанулі ў кусты. Коні асцярожна зняў з машыны Ружу Сарона. Дзед прачнуўся, высунуў галаву з-пад брызенту, але вочы ў яго былі п'яныя, слязлівыя і няўцямныя. Ён утаропіў іх на людзей, ды наўрад ці пазнаў каго.

Том крыкнуў яму:

- Хочаш, дзед, злезці?

Старэчыя вочы безуважна павярнуліся да Тома.

- Не, - адказаў дзед. На міг у вачах у яго ўспыхнула лютасць. - Казаў, не паеду. Застануся, як М'юлі. - І ён зноў страціў усякую цікавасць да навакольнага.

Маці памагла бабцы падняцца па насыпе на шашу.

- Том, - сказала яна, - вазьмі там, у самым задзе, пад брызентам, патэльню з косткамі. Трэба падсілкавацца.

Том дастаў патэльню і абнёс усіх па чарзе. І сям'я, стоячы на абочыне шашы, пачала згрызаць са свіных костак хрумсткае мяса.

- Шчасце, што хоць гэта з сабой узялі, - сказаў бацька. - У мяне ногі як драўляныя, ледзь ступаю. А вада дзе?

- Хіба не ў вас там? - устрывожылася маці. - Я цэлы галонавы збан наліла.

Бацька палез на борт грузавіка і зазірнуў пад брызент.

- Тут няма. Мусіць, забыліся.

Усіх імгненна апанавала прага. Уінфілд захныкаў:

- Піць хачу. Хачу піць.

Мужчыны аблізнулі губы - ім раптам страшэнна захацелася вады. Усчалася лёгкая паніка.

- Вады на першай заправачнай дастанем, - заспакойліва сказаў Эл. - Нам і гаручае трэба.

Тыя, што ехалі наверсе, зноў палезлі на свае месцы; маці пасадзіла бабку ў кабіну і сама села побач. Эл запусціў матор, і ўся грамада паехала далей.

Ад Касла да Падэна - дваццаць пяць міль, а сонца толькі-толькі прайшло зеніт і пачало хіліцца на захад. Каўпачок радыятара бразгацеў, пара з шыпеннем выбівалася з-пад яго. Непадалёк ад Падэна спыніліся каля заправачнай станцыі; перад хацінай дзве бензінавыя калонкі, ля агароджы - водаправодны кран з доўгім шлангам. Эл падвёў носам да яго свой «гудзон». З крэсла ззаду калонак падняўся таўстун з загарэлым да чырвані тварам і такімі ж рукамі і пайшоў насустрач. На ім былі карычневыя вельветавыя штаны на падцяжках і спартовая кашуля з кароткімі рукавамі, на галаве - серабрыстага колеру кардонны шлем ад сонца. Пот пацеркамі выступіў у яго на носе і пад вачамі і струменьчыкамі сцякаў па складках шыі. Ён перавальваючыся падышоў да грузавіка з непрыязным, суровым выразам на твары.

- Што-небудзь купляць будзеце? - запытаўся ён. - Бензін ці дэталі?

Эл ужо вылез на падножку і кончыкамі пальцаў пачаў адвінчваць каўпачок радыятара, раз-пораз адхопліваючы руку, каб не апячыся.

- Нам патрэбен бензін, містэр.

- Грошы ёсць?

- А то ж. Вы што думалі, мы пабіраемся?

Твар таўстуна адразу палагаднеў.

- Ну, тады парадак, хлопцы. Налівайце вады. - І таўстун паспяшаўся растлумачыць: - А то цяпер столькі рознага народу тут праязджае - нальюць вады, набрудзяць у прыбіральні, ды яшчэ сцягнуць што-небудзь, а купіць нічога не купляюць. Клянчаць, дай ім хоць галон бензіну, каб з месца зрушыць.

Том гнеўна саскочыў з машыны і падышоў да таўстуна.

- Мы на свае грошы едзем, - са злосцю сказаў ён. - Ты што гэта нас з галавы да ног азіраеш? Мы задарма ў цябе нічога не просім.

- Я ж нічога такога, - паспешліва адказаў таўстун. Праз кашулю ў яго праступіў пот. - Налівайце вады, а прыбіральня - вунь яна, каму трэба.

Уінфілд схапіў шланг, напіўся, потым падставіў пад струмень галаву і твар і адскочыў убок увесь мокры.

- Зусім не халодная, - сказаў ён.

- Што ў нас у краіне робіцца, проста розуму не дабяру, - загаварыў таўстун. Ён ужо знайшоў іншую тэму для скаргаў і пакінуў Джоўдаў у спакоі. - Кожны дзень па пяцьдзесят - шэсцьдзесят машын праязджае, народ падаўся на захад з малымі, з усім сваім скарбам. Куды ўсе яны едуць? Што там будуць рабіць?

- Туды ж, куды і мы, - адказаў Том. - Едуць на новыя месцы. Трэба ж неяк жыць. Толькі і ўсяго.

- Ну, не ведаю, што ў нас у краіне творыцца. Проста не магу зразумець. Вось і я таксама стараюся неяк жыць. Думаеш, новыя вялікія машыны тут спыняюцца? Не, сэр! Яны ідуць далей, у горад, да жоўценькіх заправачных станцый, што належаць кампаніі. Шыкоўныя машыны праязджаюць міма такіх халуп, як мая. Сюды большай часткай адна голь пад'язджае.

Эл адкруціў каўпачок радыятара, і струмень пары падкінуў каўпачок угору, а ў радыятары пачулася ціхае бульканне. На версе грузавіка змардаваны сабака падпоўз да самага краю паклажы і заскавытаў, пазіраючы ўніз на ваду. Дзядзька Джон палез на борт і зняў яго адтуль за загрывак. Спачатку сабака няўпэўнена пераступіў здранцвелымі нагамі, потым падышоў да лужыны пад водаправодным кранам і пачаў хлябтаць з яе. Па шашы, пабліскваючы на яркім сонцы, з шумам праносіліся аўтамашыны, і падняты імі гарачы вецер далятаў да двара заправачнай станцыі. Эл наліў са шланга вады ў радыятар.

- Не тое каб я стараўся зарабіць на багатых кліентах, - гаварыў сваё таўстун. - Я проста хачу, каб справа ішла. Але тыя, што заязджаюць, альбо клянчаць бензін, альбо выменьваюць яго на што-небудзь. Хочаце, гляньце там, у заднім пакоі, колькі ў мяне назбіралася непатрэбшчыны, якую мне ўпёрлі за бензін і масла, - ложкі, дзіцячыя каляскі, рондалі, патэльні... Адна сям'я дык ляльку дала за галон бензіну - у дачкі забралі. А што мне з усім гэтым хламам рабіць? Старызнікам стаць? Адзін чалавек за галон бензіну чаравікі з сябе гатовы быў зняць. І каб я быў, як некаторыя, дык мог бы... - Ён зірнуў на маці і не дагаварыў.

Джым Кейсі змачыў сабе валасы, і па яго высокім ілбе ўсё яшчэ беглі кропелькі вады, жылістая яго шыя была мокрая, кашуля мокрая. Ён падышоў і стаў каля Тома.

- Людзі не вінаватыя, - сказаў ён. - Табе самому было б прыемна абмяняць ложак, на якім ты спіш, на бензін?

- Ведаю, што не вінаватыя. З кім ні пагаворыш, без дай прычыны з месца ніхто не знімаецца. Але ж куды ідзе краіна? Вось што я хачу ведаць. Куды яна ідзе? Цяпер чалавек не можа сябе пракарміць. Зямля людзей таксама не корміць. І я ў вас пытаюся: куды мы ўсе ідзём? Нічога не разумею! І ў каго ні спытайся, ніхто нічога не разумее. Чалавек гатовы чаравікі з ног зняць, абы праехаць лішнюю сотню міль. Розуму не дабяру! - Ён зняў свой серабрысты трапічны шлем і выцер лоб далонню. Том таксама зняў з галавы кепку і выцер ёю лоб. Тады падышоў да шланга, намачыў кепку, адціснуў яе і зноў надзеў. Маці прасунула руку між планак борта, дастала алавяную конаўку, наліла ў яе вады і панесла да грузавіка. Напаіла бабку ў кабіне і пайшла да дзеда, які ляжаў на грузавіку. Стаўшы на ніжнюю планку, яна падала конаўку старому, той толькі змачыў губы і пакруціў галавой - не захацеў піць. Ён недаўменна паглядзеў на нявестку тужлівымі старэчымі вачамі і праз момант зноў упаў у забыццё.

Эл запусціў матор і заднім ходам пад'ехаў да бензакалонкі.

- Налівай, - сказаў ён. - Наогул у яе ідзе каля сямі галонаў, але больш як шэсць не трэба, а то выплюхвацца будзе.

Таўстун уставіў бензінавы шланг у адтуліну бака.

- Не, сэр, - сказаў ён. - Проста не ведаю, куды ідзе краіна. Дапамога па беспрацоўю і ўсё такое іншае.

Кейсі сказаў:

- Я шмат пахадзіў па краіне. Усе задаюць такое пытанне. Куды мы ідзём? Куды коцімся, спыніцца не можам? Чаму б людзям сур'ёзна не падумаць пра гэта? Усё ў руху. Людзі едуць і едуць. Мы ведаем, чаму яны едуць і як едуць. Едуць, бо інакш нельга. Даводзіцца ехаць. Так заўсёды бывае, калі людзі шукаюць лепшага. Седзячы на месцы, нічога не даб'ешся. Людзі цягнуцца да лепшага жыцця, шукаюць яго і знойдуць. Крыўда прымушае людзей змагацца за свае правы. Я многа пахадзіў па краіне, мне часта даводзілася чуць тое, што вы гаварылі.

Таўстун пампаваў бензін, стрэлка на лічыльніку круцілася.

- Дык усё ж такі, куды мы ідзём? Вось што я хачу ведаць.

Том сярдзіта перабіў яго:

- Ну і ніколі не даведаешся. Кейсі стараецца табе растлумачыць, а ты дзяўбеш адно і тое. Я такіх не першы раз сустракаю. Нічога цябе не цікавіць. Заладзіў адну і тую песеньку. «Куды мы ідзём?» А ты і ведаць не жадаеш. Уся краіна на колах, людзі едуць кудысьці. А колькі іх памірае навокал? Можа, і ты хутка канцы аддасі, а нічога толкам не дазнаешся. Шмат мне такіх траплялася. Нічога і ведаць не хочуць. Закалыхваеце сябе песенькай «Куды мы ідзём?». - Том паглядзеў на бензінавую помпу, старую, іржавую, і на халупу, збітую з ужываных дошак з дзіркамі ад старых цвікоў, што праступалі праз фарбу, - некалі бадзёрую жоўтую фарбу, якая храбра намагалася падрабіць сваю заправачную пад выгляд вялікіх фірменных заправачных станцый у горадзе. Але фарба не змагла схаваць ні старых дзірак ад цвікоў, ні трэшчын у дошках, а зноў фарбаваць халупу гаспадару ўжо не давядзецца. Падробка не ўдалася, і гаспадар гэта добра ведаў. Праз расчыненыя дзверы халупы Том убачыў бляшанкі са змазачным маслам - усяго дзве - і прылавак з заляжалымі цукеркамі, пацямнелымі ад часу лакрычнымі ледзянцамі і пачкамі цыгарэт. Убачыў зламанае крэсла і сетку ад мух з дзіркай пасярэдзіне, абведзенай іржой. Ён паглядзеў на гразкі дворык, які трэба было б пасыпаць жвірам, на кукурузнае поле ззаду яго, якое высыхала і памірала пад сонцам. Каля хаціны - горка езджаных і падноўленых шын. І толькі цяпер ён заўважыў на таўстуну старыя, замытыя штаны, танную спартовую кашулю і кардонны шлем. Том сказаў: - Я не хацеў вас пакрыўдзіць, містэр. Гэта ўсё ад спёкі. У вас таксама небагата. Хутка і вы апыняцеся на дарозе. Толькі выганяць вас не трактары. Вас выганяць жоўценькія станцыі ў горадзе. Людзі здымаюцца з месцаў, -ціха дадаў ён, - і вы таксама, містэр, падасцеся ўслед за імі.

Таўстун слухаў Тома, і рука яго ўсё марудней круціла ручку помпы, пакуль зусім не замерла. Ён з трывогай пазіраў на Тома.

- Адкуль ты ведаеш? - разгублена запытаўся ён. - Адкуль табе вядома, што мы пагаворваем ужо пра гэта - хочам сабраць усе пажыткі і падацца на Захад?

Яму адказаў Кейсі:

- Так усе робяць. Я зацята змагаўся з д'яблам, бо ў д'ябле мне ўяўляўся наш агульны вораг. Але цяпер нашай краінай завалодаў яшчэ горшы вораг, і ён не адступіцца, пакуль яго не пасякуць на кавалкі. Вы бачылі, як яшчарка-ядазуб трымае здабычу, містэр? Учэпіцца, ты рассячэш яе напалам, а яна зубоў не расціскае. Адсячэш галаву, яна ўсё трымае. Даводзіцца адвёрткай расшчапляць ёй сківіцы, толькі тады адпусціць. А пакуль трымае сваю здабычу, атрута прасочваецца праз рану кропля за кропляй. - Ён змоўк і скоса глянуў на Тома.

Таўстун збянтэжана ўтаропіў позірк некуды ўдалячынь. Рука яго пачала паволі круціць каленчаты рычаг помпы.

- Проста не ведаю, куды мы ідзём, - ціха прамовіў ён.

Коні і Ружа Сарона стаялі каля вадзянога шланга і па-змоўніцку перамаўляліся. Коні спаласнуў алавяную конаўку і, перш чым наліць у яе вады, паспрабаваў струмень пальцам. Ружа Сарона глядзела на машыны, што праносіліся па шашы. Коні паднёс ёй конаўку.

- Хоць і цеплаватая, ды ўсё ж вада, - сказаў ён.

Ружа Сарона глянула на яго і таямніча ўсміхнулася. З тае пары, як яна зацяжарала, таямнічасць ахінула ўсю яе істоту, тайны і недамоўкі, здавалася, мелі для іх абаіх нейкі асаблівы сэнс. Яна была вельмі задаволеная сабой і пераборлівая ў самых малаважных дробязях. Яна вымагала ад Коні безліч непатрэбных паслуг, і абое ведалі, што і без іх можна абысціся. Коні таксама быў задаволены Ружай Сарона і ніяк не мог нацешыцца з яе цяжарнасці. Яго радавала, што ён падзяляў з ёю ўсе яе таямніцы. Калі яна хітра ўсміхалася, ён адказваў ёй такою самаю хітрай усмешкаю, і яны перашэптваліся між сабой. Свет самкнуўся вакол іх у цеснае кола, і яны былі яго цэнтрам, праўдзівей - Ружа Сарона была яго цэнтрам, а Коні круціўся вакол яе на маленькай арбіце. Усё, пра што яны гаварылі, было ахутана таямніцай.

Ружа Сарона адвяла вочы ад шашы.

- Мне піць не дужа хочацца, - сказала яна манерна. - Але, магчыма, мне трэба піць.

Коні сцвярджальна кіўнуў галавой, бо зразумеў, што яна мела на ўвазе. Яна ўзяла ў яго з рук конаўку, прапаласкала рот, сплюнула і выпіла цеплаватую ваду да дна.

- Яшчэ адну? - запытаўся Коні.

- Палову. - І ён наліў паўконаўкі і падаў ёй. Па шашы прашугаў «лінкольн» мадэлі «зефір» - серабрысты, нізкай пасадкі. Ружа Сарона азірнулася, ці далёка астатнія члены сям'і, і, убачыўшы, што яны стаяць усе каля грузавіка, ціха сказала: - Ты хацеў бы раз'язджаць на такой машыне?

Коні ўздыхнуў:

- Чаму не... але гэта потым. - І яны абое зразумелі, што мелася на ўвазе. - Калі будзем добра зарабляць у Каліфорніі, займеем машыну. Але вось такія, - ён паказаў рукой на «зефір», які знікаў удалечыні, - такія каштуюць не менш за вялікі дом.

- А мне хацелася б мець і дом, і такую машыну, - сказала Ружа Сарона. - Толькі, вядома, спярша дом, бо... - І абое зразумелі, што яна хацела сказаць. Іх увесь час хвалявала яе цяжарнасць.

- Як ты сябе адчуваеш - добра? - запытаўся Коні.

- Стамілася. Цяжка ехаць пад такім сонцам.

- Нічога не зробіш. Іначай мы ніколі не дабяромся да Каліфорніі.

- Ведаю, - сказала Ружа Сарона.

Сабака, прынюхваючыся, абмінуў грузавік, падбег да лужыны пад вадзяным шлангам і пачаў хлябтаць мутную ваду. Потым адышоў убок, апусціў нос да зямлі і звесіў вушы. Абнюхваючы пыльную траву, ён дайшоў да самага краю дарогі, падняў галаву, паглядзеў на шашу і пайшоў упоперак яе. Раптам Ружа Сарона пранізліва закрычала. Міма, віскочучы шынамі, імкліва імчалася вялікая машына. Сабака бездапаможна шарахнуўся назад і, ледзь паспеўшы скавытнуць, апынуўся пад коламі. У акенцах з'явіліся твары, павярнуліся назад, машына на імгненне сцішыла ход, потым зноў набрала хуткасць і знікла з вачэй. А сабака з вываленымі вантробамі ляжаў акрываўленым камяком на зямлі, слаба падрыгваючы нагамі.

Ружа Сарона ўтаропілася на яго шырока расплюшчанымі вачамі.

- Мне гэта не пашкодзіць? - жаласна запыталася яна. - Як ты думаеш, не пашкодзіць?

Коні абняў яе.

- Ідзі пасядзі, -сказаў ён. -Гэта нічога.

- Але я адчула боль. Калі я закрычала, нешта ў мяне ўсярэдзіне нібы абарвалася.

- Ідзі пасядзі. Гэта нічога. З табой нічога не будзе. - Ён падвёў яе да грузавіка, далей ад сабакі, і пасадзіў на падножку.

Том і дзядзька Джон падышлі да акрываўленага камяка. Пакалечанае цела сабакі апошні раз сутаргава страпянулася і замерла. Том узяў яго за заднія лапы і адцягнуў на абочыну. Дзядзька Джон стаяў збянтэжаны, быццам на ім ляжала віна за тое, што здарылася.

- Няхай бы я прывязаў яго, - сказаў ён.

Бацька глянуў на сабаку і адвярнуўся.

- Паехалі далей, - сказаў ён. - Мы ўсё роўна не пракармілі б яго. Так, можа, і лепш.

З-за грузавіка вынырнуў гаспадар заправачнай.

- Вось шкада, людзі, - сказаў ён. - Каля вялікай шашы сабачае жыццё кароткае. За год у мяне тут трох раздушыла. Больш іх не трымаю. - І дадаў: - Вы не трывожцеся. Я ўсё зраблю. Адцягну ў кукурузу і там закапаю.

Маці падышла да Ружы Сарона, якая сядзела на падножцы, усё яшчэ калоцячыся з перапуду.

- Ну што з табой, Разашарна? - запыталася яна. - Табе нядобра?

- Усё было на маіх вачах. Я вельмі перапужалася.

- Я чула твой крык. Але цяпер пара ўжо супакоіцца.

- Думаеш, мне гэта не пашкодзіць?

- Не, - адказала маці. - Калі будзеш глядзець насупай, ад усяго нюні распускаць і цацкацца сама з сабой, вось тады добрага не чакай. А зараз падымайся, памажы бабку ўсадзіць. І хоць на хвіліну кінь думаць пра сваё дзіця. Яно само пра сябе паклапоціцца.

- А дзе яна, бабка?

- Не ведаю. Недзе тут. Можа, у прыбіральні.

Ружа Сарона пайшла да будкі і неўзабаве вярнулася, ведучы за руку бабку.

- Яна там заснула, - сказала Ружа Сарона.

Бабка шырока ўсміхнулася:

- А як там добра! Такое ўсё фірменнае, і вада яшчэ ліецца згары. - І радасна дадала: - Мне вельмі спадабалася. Я б там добра выспалася, ды вось жа пабудзілі...

- Не самае гожае месца для спання, - сказала Ружа Сарона і падсадзіла бабку ў кабіну. Тая задаволена апусцілася на сядзенне і сказала:

- Гожае ці нягожае, а што добра, дык добра.

- Ну, паехалі, - сказаў Том. - Яшчэ шмат міль наперадзе.

Бацька паклаў два пальцы ў рот і пранізліва свіснуў.

- Во, цяпер малыя недзе зашыліся, - сказаў ён і яшчэ раз свіснуў.

Праз момант дзеці выскачылі з кукурузы - Руці наперадзе, Уінфілд за ёю.

- Яйкі! - крыкнула Руці. - Я мяккія яйкі знайшла! - Яна падбегла да грузавіка, Уінфілд не адставаў. - Гляньце! - На мурзатай далоні ляжаў з дзесятак маленькіх светла-шэрых яек. І калі яна працягнула руку, каб паказаць знаходку, позірк яе ўпаў на здохлага сабаку, які ляжаў з краю дарогі. - Ой! - крыкнула яна і разам з Уінфілдам асцярожна падышла да сабакі. Абое пачалі разглядаць яго.

Бацька паклікаў малых:

- Ну, хутчэй, а то без вас паедзем.

Дзеці моўчкі павярнуліся і пайшлі да грузавіка. Яшчэ раз глянуўшы на маленькія яйкі нейкай рэптыліі, Руці скінула іх з далоні і разам з Уінфілдам ускараскалася па борце на машыну.

- У яго яшчэ вочы адплюшчаныя, - здушаным голасам прагаварыла яна.

Але Ўінфілд вырашыў трымацца малайцом і храбра сказаў:

- У яго кішкі ўсе так і вываліліся, так і вываліліся... - І, крыху памаўчаўшы, зноў: - Вываліліся... усе кішкі. - Раптам ён упаў на жывот над самым краем борта і званітаваў. Калі зноў сеў, вочы яго слязіліся, з носа цякло. - Калі свіней рэжуць, тады зусім іншае, - апраўдваўся ён.

Эл падняў капот «гудзона» і змераў узровень масла ў маторы. Потым дастаў з-пад сядзення ў кабіне бляшанку ёмістасцю адзін галон, падліў у картэр таннага чорнага масла і зноў праверыў яго ўзровень.

Падышоў Том.

- Хочаш, цяпер трохі я павяду? - запытаўся ён у Эла.

- Я не стаміўся, - адказаў той.

- Але ж ты ноччу зусім не спаў. Я хоць крышачку прыкархнуў раніцай. Залазь наверх. Я пакірую.

- Ну давай, - неахвотна згадзіўся Эл. - Толькі за маслам сачы. Не гані. Я ўсё баюся кароткага замыкання. Паглядай на стрэлку амперметра. Калі яна скокне на нуль, значыць, замыканне. І, Том, не гані. Машына вельмі перагружаная.

Том засмяяўся:

- Я буду сама ўвага. Можаш спаць спакойна.

Верхнія пасажыры занялі свае месцы. Маці зноў уселася каля бабкі, Том сеў за руль, націснуў стартэр.

- Ледзь ліпее, - прамармытаў ён, адпусціў счапленне і выехаў на шашу.

Матор гуў роўна, сонца свяціла ў ветравое шкло, хілячыся на захад. Бабка моцна спала, і нават маці задрамала, апусціўшы галаву. Том насунуў кепку на вочы, каб не сляпіла сонца.

Ад Падэна да Мікера - трынаццаць міль; ад Мікера да Хары - чатырнаццаць, а потым Аклахома-Сіці - вялікі горад. Том павёў машыну напрасткі праз горад. Маці прачнулася і стала глядзець на вуліцы, па якіх яны праязджалі. І тыя, што сядзелі наверсе, таксама глядзелі на ўсе вочы на крамы, на высокія жылыя дамы, на будынкі розных кантор і ўстаноў. А потым дамы і службовыя будынкі пачалі сустракацца радзей, рабілася ўсё менш крамаў. Пацягнуліся аўтамабільныя звалкі, сасісачныя, загарадныя дансінгі.

Руці і Ўінфілд пазіралі на ўсё гэта і дзівіліся, моцна ўражаныя, - які вялікі горад, як тут усё незвычайна, колькі на вуліцах прыгожа апранутых людзей! Стаіўшы дыханне, яны не перакінуліся ніводным словам. Потым нагаворацца, а цяпер маўчалі. Нафтавыя вышкі і ў горадзе, і на ўскраіне - чорныя нафтавыя вышкі, і пах нафты і бензіну. Дзеці нават ні разу не ўскрыкнулі ад здзіўлення: усё тут было такое вялізнае і такое незвычайнае, што іх узяў страх.

На адной вуліцы Ружа Сарона ўбачыла чалавека ў светлым касцюме. На ім былі белыя чаравікі і пляскаты саламяны капялюш. Яна тыкнула Коні ў бок і вачамі паказала на гэтага дзіўнага чалавека, і абое сталі перасмейвацца між сабой, спачатку ціха, а потым мацней. Яны заціскалі сабе рот далонню. Ім так было забаўна, што яны пачалі шукаць вачамі, з каго б яшчэ пасмяяцца. Руці з Уінфілдам убачылі, як яны душацца ад смеху, і таксама паспрабавалі пахіхікаць, але нічога не выйшла - проста не маглі. А Ружа Сарона і Коні сядзелі чырвоныя і ледзь пераводзілі дух, стараючыся стрымацца. Пад канец варта было ім толькі глянуць адно на аднаго, як яны зноў пырскалі ў кулак.

Прыгарад раскінуўся шырока. Том вёў грузавік паволі, асцярожна праз густы вулічны рух і нарэшце выехаў на вялікі заходні шлях - шашу № 66, да палатна якой апускалася сонца. Ветравое шкло зацерушылася пылам. Том насунуў кепку яшчэ ніжэй на вочы, і цяпер яму даводзілася задзіраць галаву назад, каб бачыць дарогу. Бабка так і не прачыналася, хоць сонца біла ёй проста ў заплюшчаныя павекі; жылы на скронях былі блакітныя, а тонкія прожылкі на шчоках чырвоныя, як віно, застарэлыя карычневыя плямы на твары яшчэ больш пацямнелі.

Том сказаў:

- Па гэтай дарозе так да канца і паедзем.

Маці доўга маўчала і нарэшце сказала:

- Можа, пашукаем зручнага месца для прыпынку, пакуль сонца яшчэ не зайшло. Трэба свініны зварыць і хлеба спячы. На гэта пойдзе час.

- Ата, - пагадзіўся Том. - Адным махам такую адлегласць не адолееш. Разварушыцца таксама не шкодзіць.

Ад Аклахома-Сіці да Бэтані - чатырнаццаць міль.

Том сказаў:

- І праўда, пакуль не зайшло сонца, трэба зрабіць прывал. Эл абяцаў паставіць тую штуку наверсе. А то яны там зусім спякуцца.

Маці зноў задрамала, але раптам ускінула галаву, сказала:

- Трэба вячэру прыгатаваць. - І дадала: - Том, бацька казаў, што табе нельга пераступаць мяжу штата.

Ён доўга не адказваў ёй.

- Праўда? Ну і што ж, ма? - нарэшце сказаў ён.

- Я баюся за цябе. Выходзіць, ты ўцякаеш. Цябе могуць злавіць.

Том засланіў далонню вочы ад сонца, якое апускалася ўсё ніжэй.

- Ты не хвалюйся, - сказаў ён. - Я ўсё абдумаў. Адпушчаных па падпісцы шмат, а ў турму садзяцца яшчэ больш. Калі там, на Захадзе, я за што-небудзь пападуся, тады запатрабуюць з Вашынгтона мой здымак і адбіткі пальцаў. Зноў запратораць у турму. А калі за мной ніякіх правінак не будзе, дык ім на мяне напляваць.

- І ўсё ж я баюся. Бывае, што-небудзь такое зробіш і нават не ведаеш, што гэта караецца законам. Можа, у Каліфорніі многае такое лічыцца злачынствам, а мы нават не ведаем. Ну вось ты хочаш што-небудзь зрабіць, думаеш, усё законна, а ў Каліфорніі за гэта караюць.

- Тады ўсё роўна, што з падпіскай, што без, - сказаў Том. - Праўда, такім, як я, больш перападае, чым каму. Але кінь непакоіцца. У нас і без таго клопату па вушы, навошта прыдумляць лішні.

- А як магу я быць спакойнай? Перайшоў мяжу - вось табе і злачынства.

- Усё ж лепш, чым бадзяцца вакол Саліса і з голаду здыхаць, - сказаў Том. - Давай пашукаем месца для прывалу.

Праехалі Бэтані з канца ў канец. За горадам, у тым месцы, дзе пад насыпам праходзіла маставая труба, стаяла старая легкавая машына, а каля яе была раскінута палатка, над якой з коміна, прасунутага праз брызент, віўся дымок. Том паказаў на палатку.

- Вунь нехта спыніўся. Бадай што, нядрэннае месца.

Ён збавіў газ і затармазіў на абочыне. Капот старэнькай легкавушкі быў падняты, чалавек сярэдняга веку разглядаў матор. На ім былі таннае саламянае самбрэра, сіняя кашуля, чорная, у крапінку, камізэлька і зашмальцаваныя, злубянелыя джынсы. Глыбокія і доўгія маршчыны на худых шчоках рабілі больш кідкімі яго вострыя скулы і падбародак. Ён падняў галаву і паглядзеў на грузавік Джоўдаў, і ў яго позірку адлюстраваліся заклапочанасць і раздражненне.

Том высунуўся з акенца:

- Тут спыняцца нанач не забаронена?

Дагэтуль чалавек бачыў толькі грузавік. Цяпер яго позірк перабег на Тома.

- Не ведаю, - адказаў ён. - Мы спыніліся тут толькі таму, што далей ехаць не можам.

- А вада тут паблізу ёсць?

Чалавек паказаў на хібарку заправачнай, што віднелася мо за чвэрць мілі наперадзе.

- Вада вунь дзе - вядро наліць дадуць.

Том быў у нерашучасці.

- А нічога, калі мы таксама тут спынімся?

Хударлявы чалавек крыху замяшаўся.

- Я тут не гаспадар, - адказаў ён. - Мы толькі таму тут сталі, што вось гэтая старая скрыня далей ехаць не захацела.

Том не здаваўся:

- Усё ж такі вы ўжо тут, а мы толькі прыехалі. Ваша права вырашаць - перашкодзяць вам суседзі ці не.

Заклік да гасціннасці падзейнічаў імгненна.

- Ну як жа, вядома, з'язджайце з дарогі. Вельмі будзем радыя. - І паклікаў: - Сэйры, тут людзі спыніцца каля нас хочуць. Выйдзі паздароўкайся. Сэйры ў мяне хварэе, - паведаміў ён Тому.

Полкі палаткі расхінуліся, і з яе выйшла худая, ссохлая жанчына. Твар у яе быў зморшчаны, як завялы ліст, і на ім гарэлі вочы - чорныя вочы, у глыбіні якіх затаіўся страх. Маленькую жанчыну калаціла. Яна трымалася за адкінутую полку палаткі, і рука яе нагадвала руку шкілета, абцягнутую сухой скурай.

Яна загаварыла нізкім, прыгожым, мяккім пявучым голасам, у якім прабіваліся звінючыя ноткі.

- Скажы ім: з добрым прыбыццём, - прамовіла яна. - Скажы: сардэчна запрашаем.

Том з'ехаў з шашы і паставіў машыну ў полі побач з легкавой. Пасажыры выплюхнуліся з грузавіка, як кіпень з гаршка. Руці і Ўінфілд так паспешліва саскочылі, што ў іх ледзь не падкасіліся замлелыя ногі, і ўзнялі віск, калі ў лытках пачало паколваць, як іголкамі. Маці адразу ўзялася за справу. Адвязала вялікае вядро, што было прывязана ззаду грузавіка, і падышла з ім да дзяцей, якія ўсё яшчэ вішчалі.

- Ідзіце па ваду - вунь туды. Папрасіце далікатна. Скажыце: «Будзьце ласкавыя, ці нельга нам наліць вядро вады?» І не забудзьцеся, скажыце: «Вялікі дзякуй». Назад панесяце ўдваіх, толькі не расплюхайце па дарозе. А трапіцца на вочы сухое голле, захапіце з сабой - касцёр распалім.

Дзеці патупалі да хаціны.

А каля палаткі адбылася маленькая замінка, гутарка завязалася не адразу. Першы пачаў бацька:

- Вы не з Аклахомы?

Эл, які стаяў каля легкавушкі, паглядзеў на нумарны знак.

- Канзас, - сказаў ён.

Хударлявы чалавек растлумачыў:

- Мы з Галены, з яе наваколля. Уілсан, Айві Ўілсан.

- А мы Джоўды. З-пад самага Саліса.

- Што ж, мы вельмі радыя пазнаёміцца, - сказаў Айві Ўілсан. - Сэйры, гэта Джоўды.

- Я адразу здагадаўся, што вы не аклахомцы. У вас гаворка нейкая дзіўная, я гэта не ў крыўду вам, разумееце.

- Гавораць усе па-рознаму, - сказаў Айві. - Арканзасцы па-свойму, аклахомцы па-свойму. А неяк раз нам стрэлася жанчына з Масачусетса, дык яна ўжо зусім дзіўна гаварыла. Ледзь разумелі яе.

Ной, дзядзька Джон і прапаведнік узяліся разгружаць машыну. Спачатку памаглі дзеду злезці і пасадзілі яго на траву. Стары сядзеў млявы, уставіўшы вочы проста перад сабой.

- Табе што, дзед, нядобра? - запытаўся Ной.

- Вельмі, - слабым голасам адказаў стары. - Страх як дрэнна.

Паволі і асцярожна ступаючы, да яго падышла Сэйры Ўілсан.

- Можа, вам лепш зайсці ў палатку? - запыталася яна. - Паляжыце там на матрацы, адпачніце.

Пачуўшы яе мяккі голас, дзед падняў галаву.

- Хадзем, - сказала Сэйры. - Вам трэба адпачыць. Мы вас давядзём.

Стары раптам расплакаўся. Падбародак у яго дрыжэў, губы шчыльна сцяліся, ён хрыпла ўсхліпваў. Маці кінулася да яго і абняла за плечы. Памагла яму падняцца, напружыўшы сваю шырокую спіну, і павяла, пацягнула яго ў палатку.

Дзядзька Джон сказаў:

- Відаць, сапраўды дзед наш расхварэўся. Раней з ім гэтага не бывала. У жыцці не бачыў, каб ён слязу пусціў. - Джон хуценька залез на грузавік і скінуў уніз матрац.

Маці выйшла з палаткі і падышла да Кейсі.

- Вам даводзілася даглядаць хворых, - сказала яна. - Дзед занядужаў. Можа, пойдзеце глянеце на яго?

Кейсі паспешліва пайшоў у палатку. На зямлі ляжаў двухспальны матрац, акуратна засланы коўдрамі, у маленькай жалезнай печцы на ножках няроўна гарэў агонь. Вядро вады, драўляная скрынка з харчам, яшчэ адна замест стала - і ўсё. Заходняе сонца прасвечвала ружовым скрозь сцены палаткі. Сэйры Ўілсан стаяла на каленях каля матраца, на якім расцягнуўся на спіне дзед. Яго шырока расплюшчаныя вочы глядзелі ўгору, на твары гарэў румянец. Ён цяжка дыхаў.

Кейсі ўзяў яго кашчавае запясце ў пальцы.

- Крышачку стаміўся, дзед? - сказаў ён.

Шырока расплюшчаныя вочы пакасіліся на голас і не знайшлі таго, хто гаварыў. Вусны заварушыліся, бязгучна вымаўляючы нейкія словы. Кейсі памацаў дзеду пульс, адпусціў яго руку і паклаў яму на лоб далонь. У целе старога ішло змаганне, ногі безупынна варушыліся, рукі не ведалі спакою. З вуснаў зрывалася неразборлівае мармытанне, шчокі пад белай шчэццю наліліся чырванню. Сэйры Ўілсан ціха запыталася ў Кейсі:

- Вы ведаеце, што з ім?

Кейсі глянуў на яе маршчыністы твар і агністыя вочы.

- А вы?

- Здаецца, ведаю.

- Што?

- Магчыма, я памыляюся. Не хочацца дарэмна гаварыць.

Кейсі азірнуўся на старога, у якога ўвесь час паторгваўся твар.

- Думаеце... можа... апаплексічны ўдар?

- Думаю, што так, - адказала Сэйры. - Мне тры ўжо разы даводзілася бачыць такое.

А звонку даносіліся гукі бівачнага жыцця - секлі сухое голле, бразгалі посудам. Маці ўсунула галаву між полкамі палаткі.

- Бабка хоча зайсці. Можа, ёй не варта?

Прапаведнік сказаў:

- Не пусціш, яна разнервуецца.

- Як ён - нічога?

Кейсі паволі пакруціў галавой. Маці кінула хуткі позірк на дзедаў наліты крывёю твар, які скажалі пакутлівыя грымасы. Яна адышла ад палаткі, і пачуўся яе голас:

- Яму лепш, бабка. Цяпер няхай крыху адпачне.

Але бабка зласліва сказала:

- А я ўсё роўна гляну. Ён хітры чорт. Ад яго праўды ніколі не дазнаешся, - і хуценька прашмыгнула ў палатку. Яна спынілася каля матраца і глянула ўніз на дзеда. - Што з табой? - Дзед зноў павёў вачамі на голас, і губы яго скурчыліся. - Гэта ён ад злосці, - сказала бабка. - Я ж гаварыла вам, ён хітры, як чорт. Раніцай надумаў уцячы, каб не ехаць. Але раптам бядро ў яго разбалелася, - з пагардай прамовіла бабка. - Гэта ён проста ад злосці. З ім і раней такое бывала, калі ён не захоча ні з кім размаўляць.

Кейсі далікатна сказаў:

- Гэта не ад злосці, бабка. Ён захварэў.

- А! - яна зноў глянула ўніз на старога. - Цяжка захварэў, ты думаеш?

- Вельмі цяжка, бабка.

На хвіліну яна завагалася.

- Ну дык чаго ты не молішся? - таропка загаварыла яна. - Ты прапаведнік ці не?

Моцныя пальцы Кейсі нерашуча пацягнуліся да дзедавага запясця і абхапілі яго.

- Я ўжо казаў табе, бабка. Не прапаведнік я.

- Усё роўна маліся, - загадала старая. -Ты справу гэту на памяць ведаеш.

- Не магу, - сказаў Кейсі. - Я не ведаю, за што маліцца і каму маліцца.

Бабка адвяла ад яго вочы і спыніла позірк на Сэйры.

- Ён не хоча маліцца, - сказала яна. - А я не гаварыла вам, як малілася Руці, калі была яшчэ зусім маленькая? «У пасцельцы спачываю, богу душу ўручаю. А туды як прыляціць, там буфет пусты стаіць, а бедны сабачка галодны сядзіць. Аман». Вось як яна малілася.

Па брызенце палаткі з сонечнага боку пасунуўся цень - нехта прайшоў міма.

А дзедава цела ўсё яшчэ змагалася, б'ючыся ў сутаргах. Раптам яно здрыганулася, быццам ад раптоўнага ўдару, і дзед заціх і перастаў дыхаць. Кейсі глянуў на твар старога і ўбачыў, што ён робіцца чарнавата-барвовы. Сэйры дакранулася да пляча прапаведніка:

- Язык, хутчэй язык!

Кейсі кіўнуў галавой.

- Засланіце яго ад бабкі, - сказаў ён ціха і разняў дзеду сцятыя сківіцы, прасунуў пальцы ў самае горла, каб дастаць язык. І калі ён адцягнуў яго, з горла вырваўся раскацісты хрып і дзед перарывіста ўздыхнуў, як усхліпнуў. Кейсі падабраў з зямлі тонкую палачку і прыціснуў ёю язык, услухоўваючыся ў вуркатлівае, няроўнае дыханне.

Бабка насілася па палатцы, як напалоханая курыца.

- Маліся! - патрабавала яна. - Маліся ж! Маліся, табе кажуць! - Сэйры дарэмна спрабавала яе суняць. - Маліся, каб цябе чорт! - закрычала бабка.

Кейсі глянуў на яе. Вуркатлівае дыханне рабілася ўсё гучнейшым і больш перарывістым.

- Ойча наш, які ёсць у небе, свяціся Імя Тваё...

- Слава! - выгукнула бабка.

- ...прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая... як у небе... так і на зямлі.

- Аман.

З адкрытага рота старога вырваўся сутаргавы ўсхліп і хрыплы працяглы выдых.

- Хлеба нашага штодзённага... дай нам сёння... і адпусці нам грахі нашы. - Дыхання не стала чуваць. Кейсі глядзеў на дзедавы вочы - яны былі ясныя, глыбокія, праніклівыя, у іх затаілася спакойная ўсёведнасць.

- Алілуя! - крыкнула бабка. - Гавары далей.

- Аман, - сказаў Кейсі.

Бабка маўчала. З таго боку палаткі панавала цішыня. Толькі па шашы прашумела коламі машына. Каля матраца Кейсі не падымаўся з кален. Звонку людзі ў напружаным маўчанні прыслухоўваліся да гукаў, што абвяшчалі смерць. Сэйры ўзяла бабку пад руку і вывела з палаткі. Старая ішла, поўная годнасці, з высока ўзнятай галавой. Яна ішла так напаказ усёй сям'і. Сэйры падвяла яе да матраца, што ляжаў на зямлі, і ўсадзіла яе. І бабка сядзела, пазіраючы проста перад сабой, сядзела горда, бо ведала, што ўсе позіркі скіраваны на яе. У палатцы было ціха. Нарэшце Кейсі рассунуў брызент і выйшаў.

Бацька ціха запытаўся:

- Што з ім было?

- Апаплексічны ўдар, - адказаў Кейсі. - Удар, і адразу канец.

А жыццё ішло па сваіх законах. Сонца дакранулася да лініі гарызонту і сплюшчылася. Доўгая калона вялікіх чырвоных грузавікоў паказалася на шашы. Машыны ішлі з грукатам, скаланаючы зямлю, а іх вертыкальныя выхлапныя трубы выплёўвалі сіні дым дызельнага паліва. У кабіне сядзеў толькі вадзіцель, яго зменны спаў на ложку, падвешаным пад самым верхам. Грузавікі грукаталі няспынна, пад іх цяжкім поступам увесь дзень і ўсю ноч дрыжэла зямля.

Сям'я з'ядналася ў адно цэлае. Бацька апусціўся на кукішкі, побач з ім прысеў дзядзька Джон. Галавой сям'і цяпер быў бацька. Ной, Том і Эл таксама селі на кукішкі, а прапаведнік апусціўся проста на зямлю і потым лёг, абапёршыся на локаць. Руці і Ўінфілд бадзёра прытупалі з вядром вады, але адразу адчулі нядобрае, запаволілі крок і, паставіўшы вядро на зямлю, ціха падышлі да маці.

Бабка сядзела горда, спакойна, пакуль уся сям'я не сабралася, пакуль на яе не перасталі глядзець, а тады лягла, закрыла твар сагнутай у локці рукой. Чырвонае сонца схавалася, і над зямлёй разлілося мігатлівае сутонне; твары людзей здаваліся зусім светлымі, а вочы паблісквалі, адлюстроўваючы вячэрняе неба. Вечар збіраў святло адусюль - дзе толькі мог.

Бацька сказаў:

- Гэта здарылася ў палатцы містэра Ўілсана.

Дзядзька Джон пацвярджальна кіўнуў галавой:

- Ён уступіў сваю палатку.

- Добрыя, сардэчныя людзі, - ціха прамовіў бацька.

Уілсан стаяў каля сваёй папсаванай машыны, а Сэйры сядзела каля бабкі на матрацы, стараючыся не дакранацца да яе.

Бацька паклікаў:

- Містэр Уілсан!

Уілсан няспешна падышоў да іх і апусціўся на кукішкі. Сэйры таксама падышла і стала каля яго.

Бацька сказаў:

- Мы вам вельмі ўдзячныя, людзі.

- Мы радыя, што хоць чым-небудзь змаглі памагчы вам, - адказаў Уілсан.

- Мы вельмі абавязаныя вам, - сказаў бацька.

- Перад тварам смерці не варта лічыцца, - прамовіў Уілсан, і Сэйры падхапіла:

- Не варта лічыцца.

Эл сказаў:

- Я адрамантую вам машыну... мы з Томам яе адрамантуем. - І Эл адчуў прыліў гордасці, што ён можа заплаціць доўг, які лёг на яго сям'ю.

- Ад дапамогі мы не адмовімся. - Уілсан прызнаў, што прымае такую плату.

- Трэба вырашыць, як нам быць далей, - сказаў бацька. - Ёсць закон: пра нябожчыкаў неабходна паведаміць уладам, а яны возьмуць сорак даляраў для гаспадара пахавальнага бюро або пахаваюць яго як жабрака.

- У нас у сям'і жабракоў ніколі не было, - умяшаўся дзядзька Джон.

Том сказаў:

- Можа, і не тое яшчэ будзе. З зямлі нас раней таксама ніколі не зганялі.

- Мы дрэннага нічога не рабілі, - сказаў бацька. - Нас няма чым папракнуць. Без грошай нічога не бралі, чужой ласкаю ніколі не карысталіся. Калі з Томам здарылася бяда, мы галаву трымалі высока. На яго месцы кожны так зрабіў бы.

- Дык што ж рабіць будзем? - запытаўся дзядзька Джон.

- Зробіш па закону, цела забяруць. У нас усяго паўтары сотні даляраў. Сорак пойдзе на пахаванне, і тады мы не даедзем да Каліфорніі. А не заплаціш, яго пахаваюць як жабрака.

Мужчыны заварушыліся і ўставілі вочы ў зямлю, што цямнела ў іх пад нагамі.

Бацька ціха сказаў:

- Дзед пахаваў свайго бацьку сам, сваімі рукамі, зрабіў усё, як належыць, і сам рыдлёўкаю зрабіў магільны насып. У тыя часы чалавек меў права легчы ў магілу, выкапаную яго сынам, а сын меў права пахаваць свайго бацьку.

- Цяпер законы ўжо не тыя, - сказаў дзядзька Джон.

- Часам цяжка прытрымлівацца закону, - сказаў бацька. - Асабліва калі хочаш, каб усё было па сумленні. Такіх выпадкаў хапае. Калі Флойд хаваўся, як дзікі звер, закон патрабаваў, каб мы выдалі яго, але ніхто не выдаў. Іншы раз даводзіцца абыходзіць закон. Вось я і кажу: я маю права пахаваць роднага бацьку. Хто-небудзь хоча што сказаць?

Прапаведнік прыўзняўся на локці.

- Законы мяняюцца, - сказаў ён, - а людскія патрэбы застаюцца. Ты маеш права рабіць тое, што табе трэба рабіць.

Бацька павярнуўся да дзядзькі Джона:

- Гэта і тваё права, Джон. Ты маеш што-небудзь супраць?

- Нічога, - адказаў дзядзька Джон. - Толькі атрымліваецца так, быццам мы хочам хаваць яго пад сховай начной цемры. Пры жыцці дзед рабіў усё адкрыта.

Крыху прысаромлены, бацька сказаў:

- Гэтак, як ён рабіў, нам цяпер нельга. Трэба даехаць да Каліфорніі, пакуль грошы яшчэ ёсць.

І Том уставіў сваё слова:

- Бываюць выпадкі, калі дзе-небудзь капаюць зямлю, знаходзяць нябожчыка і ўзнімаюць гвалт - забілі чалавека. Нашы ўлады цікавяцца мёртвымі больш, чым жывымі. Пачнуць дазнавацца, хто ён такі і як памёр. Я вось што прапаную: давайце пакладзём у бутэльку запіску і закапаем разам з ім. Там усё будзе сказана - хто ён, як памёр і чаго яго тут пахавалі.

Бацька ў знак згоды паківаў галавой.

- Правільна. Толькі трэба прыгажэй напісаць. І дзеду не так самотна будзе, калі з ім будзе яго імя, а то закапалі - і ляжы адзін, стары, пад зямлёй. У каго-небудзь ёсць яшчэ што сказаць?

Усе маўчалі.

Бацька павярнуўся да маці:

- Ты ўбярэш яго?

- Убяру, - адказала маці. - А хто вячэру згатуе?

- Я прыгатую вячэру, - сказала Сэйры Ўілсан. - Мы з вашай старэйшай дачкой усё зробім.

- Вялікі дзякуй. Ты, Ной, пайдзі дастань з якой бачуркі свініны. Яна як след яшчэ не прасалілася, але есці можна.

- А ў нас ёсць паўмяшка бульбы, - сказала Сэйры.

- Дай мне дзве манеты па паўдаляра, - папрасіла маці ў бацькі; той пакапаўся ў кішэні і падаў ёй срэбра.

Маці адшукала таз, наліла ў яго вады і панесла ў палатку. Там было амаль зусім цёмна. Сэйры ўвайшла следам, запаліла свечку, прыткнула яе на скрынку і пакінула маці адну. Маці паглядзела на нябожчыка, і ў яе сціснулася сэрца. Яна адарвала палоску ад свайго фартуха і падвязала дзеду ніжнюю сківіцу. Выпрастала яму ногі, склала рукі на грудзях. Потым апусціла яго павекі і паклала на іх па сярэбранай манеце, зашпіліла яму кашулю і абмыла твар.

Сэйры зазірнула ў палатку:

- Можа, чым дапамагчы?

Маці паволі падняла галаву.

- Зайдзіце, - сказала яна. - Хацела б з вамі пагаварыць.

- Старэйшая дачка ў вас упраўная, - сказала Сэйры. - Колькі ўжо бульбы абабрала! Дык кажыце, што трэба рабіць?

- Я хацела абмыць яго, ды вось няма ў што пераапрануць. А коўдра ваша цяпер сапсаваная. Мёртвы дух нічым з яе не вытравіш. Памятаю, у нас сабака панюхаў матрац, на якім памерла мая маці, і аж затросся і пачаў гыркаць, хоць два гады прайшло пасля яе смерці. Мы загорнем яго ў вашу коўдру, а вам аддадзім другую, у нас ёсць.

Сэйры сказала:

- Навошта вы так гаворыце. Мы памагаем вам ад шчырага сэрца. У мяне ўжо даўно не было... так спакойна на душы. У людзей ёсць такая патрэба - памагаць адзін аднаму.

Маці кіўнула галавой.

- Ёсць, - адказала яна і доўга глядзела на зарослы шчэццю стары твар з падвязанай сківіцай і сярэбранымі вачніцамі, якія паблісквалі пры святле свечкі. - Так ён сам на сябе не падобны, - сказала яна. - Трэба закруціць яго з галавой.

- Ваша старая добра трымалася.

- Яна зусім старэнькая. Магчыма, і не разумее толкам, што здарылася. І, можа, не хутка зразумее. Акрамя таго, гонар нам не дазваляе адчайвацца. Бывала, мой бацька казаў: «Зламацца кожны можа. А каб саўладаць з сабой, трэба быць чалавекам». У любых выпадках мы не паддаёмся адчаю. - Маці акуратна захутала ногі і плечы нябожчыка, закінула адзін ражок коўдры яму на галаву, як капюшон, і насунула на твар. Сэйры падала ёй некалькі вялікіх ангельскіх шпілек, і яна старанна і акуратна зашпіліла з усіх бакоў гэты доўгі пакунак. Нарэшце паднялася з кален. - Пахаванне будзе прыстойнае, - сказала яна. - З намі едзе прапаведнік, ён адпяе яго, і сям'я ўся ў зборы. - Яна пахіснулася. Сэйры падскочыла да яе, не дала ёй упасці. - На хаду засынаю... - сумелася маці. - Не, нічога, пройдзе. Перад ад'ездам нам шмат давялося пакруціцца.

- Выйдзем на паветра, - сказала Сэйры.

- Ага, я ўсё, што трэба, зрабіла.

Сэйры задзьмула свечку, і жанчыны выйшлі з палаткі.

На дне неглыбокага яра ярка гарэла вогнішча. Том убіў у зямлю калкі, падвесіў на дроце два кацялкі, і вада цяпер у іх бурна кіпела, з-пад накрывак выбівалася пара. Ружа Сарона стаяла на каленях крыху ўбаку ад гарачага полымя з доўгай лыжкай у руцэ. Убачыўшы, што маці выйшла з палаткі, яна паднялася і падышла да яе.

- Ма, - сказала яна, - хачу ў цябе пра нешта спытацца.

- Зноў спалохалася? - запыталася маці. - Дзевяць месяцаў без гора не пражывеш, даражэнькая.

- А дзіцяці не пашкодзіць?

Маці адказала:

- Ёсць такая прымаўка: «Дзіця, што ў смутку родзіцца, у жыцці са шчасцем водзіцца». Здаецца, так, місіс Уілсан?

- Чула такую, - адказала Сэйры. - А яшчэ я ведаю і другую: «У залішняй радасці радзіцца, увесь свой век смуціцца».

- У мяне ўсё ўсярэдзіне падскочыла ад страху, - сказала Ружа Сарона.

- Ад весялосці ў нас нічога не скача, - прамовіла маці. - Ты лепш глядзі кацялкі.

Мужчыны сабраліся на краі светлага круга ад вогнішча. З прылад у іх была рыдлёўка і матыка. Бацька адмераў месца для магілы - восем футаў у даўжыню і тры футы ў шырыню. Працавалі па чарзе. Бацька ўскопваў зямлю матыкай, а дзядзька Джон адкідаў яе ўбок рыдлёўкай. Потым крышыў зямлю Эл, а выграбаў Том. Тады крышыў Ной, выграбаў Коні. Работа ішла без перапынку, і магіла рабілася ўсё глыбейшай. Рыдлёўка за рыдлёўкай вылятала адтуль зямля. Стоячы па плечы ў прамавугольнай яме, Том запытаўся:

- На якую глыбіню капаць, та?

- Глыбей. Яшчэ футы на два. Ты вылазь, Том, пайдзі напішы тую запіску.

Том вылез, і яго месца заняў Ной. Том падышоў да маці, якая падтрымлівала агонь.

- У нас, ма, ёсць папера і пяро?

Маці пакруціла галавой:

- Н-не. Што іншае, а гэтага з сабой не ўзялі. - Яна глянула на Сэйры, і маленькая жанчына паспешліва пайшла ў палатку. Вярнулася яна з Бібліяй у руках і напалову спісаным алоўкам.

- Вось, - сказала яна. - Тут, у пачатку, ёсць чыстая старонка. Напішы на ёй і вырві. - Сэйры падала Біблію і аловак Тому.

Том сеў каля вогнішча. Ён засяроджана прыплюшчыў вочы і нарэшце няспешна вывеў буйнымі выразнымі літарамі на чыстай частцы старонкі: «Тут спачывае Ўільям Джэймс Джоўд, памёр ад удару зусім старым. Радня закапала яго тут, бо не было грошай на пахаванне. Яго ніхто не забіваў. З ім здарыўся ўдар, і ён памёр». - Том адняў аловак ад паперы. - Паслухай, ма, - сказаў Том і паволі прачытаў услых напісанае.

- Што ж, гучыць нядрэнна, - ухваліла маці. - А ты яшчэ што-небудзь і набожнае падабраў бы з Пісання. Пагартай Біблію, пашукай якое выслоўе.

- Трэба, каб карацей, - сказаў Том. - А то месца амаль не засталося.

Сэйры сказала:

- А што, калі напісаць: «Супакой, госпадзі, душу яго»?

- Не, - запярэчыў Том. - Атрымліваецца, быццам ён вісельнік. Я спішу што-небудзь адсюль. - Ён гартаў старонкі Бібліі і чытаў сам сабе, бязгучна варушачы губамі. - Ну вось, і добра, і коратка, - сказаў ён уголас. - «І Лот сказаў ім: не, Уладыка».

- Ніякага сэнсу, - сказала маці. - Калі ўжо пісаць, дык каб хоць сэнс які быў.

Сэйры параіла:

- Пагартай далей, там, дзе псалмы. З іх заўсёды ёсць што выбраць.

Том хутка перагортваў старонкі і прабягаў вачамі вершы.

- Ёсць! - нарэшце сказаў ён. - І прыгожа, і так і дыхае набожнасцю: «Шчаслівы той, каму адпушчаны беззаконні і чые грахі выкупленыя». Ну як?

- Сама раз, - сказала маці. - Спішы.

Том старанна перапісаў радок на паперу. Маці спаласнула і выцерла фруктовы слоік. Том шчыльна закруціў крышку.

- Можа, лепш было прапаведніку пісаць, - сказаў ён.

- Не, прапаведнік нам не сваяк, - сказала маці, узяла ў яго слоік і пайшла ў цёмную палатку. Там яна выцягнула некалькі шпілек з шарсцяной коўдры, усунула слоік пад халодныя тонкія рукі і зноў зашпіліла. Тады вярнулася да вогнішча.

Мужчыны адышлі ад ямы, твары ў іх блішчалі ад поту.

- Гатова, - сказаў бацька і разам з дзядзькам Джонам, Ноем і Элам зайшоў у палатку. Яны вынеслі адтуль доўгі, зашпілены з усіх бакоў скрутак і панеслі да магілы. Бацька скочыў уніз, пераняў цела і асцярожна апусціў на зямлю. Дзядзька Джон памог яму вылезці.

- А як быць з бабкай? - запытаўся бацька.

- Я зараз прывяду яе, - адказала маці, пайшла да матраца і нейкі час глядзела на старую. Потым вярнулася да магілы.

- Спіць, - сказала яна. - Можа, бабка і закрыўдуе на мяне, але я не буду яе будзіць. Ёй спакой патрэбен.

Бацька запытаўся:

- А прапаведнік дзе?

Том адказаў:

- Я бачыў, ён пайшоў па дарозе. Не хоча больш маліцца.

- Не хоча маліцца?

- Не. Ён больш не прапаведуе. Кажа, навошта ашукваць людзей і выдаваць сябе за прапаведніка, калі на самай справе я не прапаведнік. Б'юся аб заклад, што ён уцёк, каб мы не прасілі яго маліцца.

Кейсі, прыходу якога яны не заўважылі, чуў словы Тома.

- Нікуды я не ўцёк, - сказаў ён. - Я памагу вам, людзі, але ашукваць вас не буду.

Бацька сказаў:

- Можа, усё-ткі скажаш некалькі слоў? У нас у сям'і нікога яшчэ не хавалі без малітвы.

- Добра, скажу, - згадзіўся прапаведнік.

Коні вёў да дзедавай магілы Ружу Сарона, тая ішла неахвотна.

- Трэба, - угаворваў яе Коні. - Іначай непрыстойна. Гэта ж нядоўга.

Святло ад вогнішча падала на людзей, што акружылі магілу, азарала іх твары і вочы і меркла на цёмным адзенні. Мужчыны стаялі, зняўшы капелюшы. Языкі полымя ў вогнішчы скакалі, кідаючы трапятлівыя блікі на людзей.

Кейсі сказаў:

- Гаварыць буду коратка. - Ён схіліў галаву, і астатнія таксама схілілі галовы. Кейсі ўрачыста сказаў: - Стары, які тут ляжыць, пражыў жыццё і памёр. Я не ведаю, які ён быў чалавек, - добры ці дрэнны, але гэта няважна. Важна тое, што ён быў жывы. А цяпер памёр, і цяпер гэта таксама няважна. Я раз чуў, як адзін чытаў вершы, і там было сказана: «Усё жывое - святое». Я задумаўся і неўзабаве зразумеў, што ў словах у гэтых сэнсу больш, чым на першы погляд здаецца. І я не буду маліцца за гэтага старога, якога ўжо няма сярод жывых. З ім усё як мае быць. У яго ёсць адна мэта, і яна стаіць перад ім, да яе вядзе толькі адзін шлях. У нас таксама ёсць свая мэта, але ў нас сотні шляхоў да яе, і мы не ведаем, па якім пайсці. І калі б мне выпала памаліцца, я памаліўся б за тых, хто не ведае, на які шлях ступіць. У дзеда дарога прамая. А цяпер укрыйце яго зямлёй, і няхай ён робіць сваю справу. - Кейсі падняў галаву.

Бацька сказаў:

- Аман.

І астатнія прамармыталі хорам:

- Аман.

Бацька ўзяў рыдлёўку, набраў паўштыха зямлі і асцярожна скінуў у чорную яму. Тады перадаў рыдлёўку дзядзьку Джону, і той кінуў зямлі поўны штых. Рыдлёўка пераходзіла з рук у рукі, пакуль не абышла ўсіх мужчын. Калі ўсе яны выканалі свой абавязак і зрабілі тое, што ім належала зрабіць па праву, бацька накінуўся на кучу зямлі, што ляжала з краю, і пачаў таропка засыпаць магілу. Жанчыны адышлі да вогнішча гатаваць вячэру. Руці і Ўінфілд, як зачараваныя, стаялі каля магілы. Руці ўрачыста прамовіла:

- Цяпер дзед там, унізе, ляжыць.

Уінфілд спалохана вытрашчыў на яе вочы і пабег да вогнішча, там сеў на зямлю і заплакаў.

Бацька засыпаў магілу да паловы і спыніўся, цяжка пераводзячы дух, а рэшту зямлі скінуў дзядзька Джон. Калі Джон пачаў рабіць насып, Том затрымаў яго руку.

- Паслухай, - сказаў ён. - Калі магілка будзе з насыпам, яе як бачыш знойдуць. Трэба, каб не было прыкметна. Зраўняй з зямлёй, а зверху мы накідаем травы. Што зробіш, інакш нельга.

Бацька сказаў:

- Я пра гэта і не падумаў. Але без насыпу няможна.

- Нічога не зробіш, - сказаў Том. - Яго адразу адкапаюць, і нас абвінавацяць у парушэнні закону. Ты ведаеш, што мне будзе, калі я пераступлю закон.

- Правільна, - пагадзіўся бацька. - Я зусім забыўся. - Ён узяў у Джона рыдлёўку і зраўняў магілу. - Ледзь зіма, і праваліцца, - сказаў ён.

- Нічога не зробіш, - сказаў Том. - Да зімы мы будзем далёка. Утапчы добра, а зверху мы чаго-небудзь накідаем.

 

Калі свініна і бульба зварыліся, абедзве сям'і селі вячэраць вакол вогнішча. Усе елі моўчкі, пазіраючы на агонь. Уілсан запусціў зубы ў кавалак мяса і задаволена ўздыхнуў.

- Цудоўная свініна, - сказаў ён.

- У нас былі дзве свінкі, - паясніў бацька, - і мы вырашылі іх з'есці. За іх нічога не давалі. Вось крыху асвоімся з дарогай, маці спячэ хлеба, тады адно задавальненне - едзеш сабе, пазіраеш па баках, а ў грузавіку ў цябе яшчэ і дзве бачуркі свініны. Колькі часу вы ўжо ў дарозе?

Уілсан прачысціў языком зубы і глынуў.

- Нам не пашчасціла, - адказаў ён. - Трэці ўжо тыдзень, як мы паехалі з дому.

- Божа літасцівы! А мы мяркуем за дзесяць дзён дабрацца да Каліфорніі, а то і хутчэй.

У гутарку ўмяшаўся Эл:

- Не, та, наўрад ці. З такім грузам мы, можа, і ніколі не дабяромся. Асабліва калі давядзецца ехаць праз горы.

Вакол вогнішча запанавала цішыня. Галовы ва ўсіх апусціліся, і агонь асвятляў ім толькі валасы і лоб. Над невысокім купалам святла скупа паблісквалі летнія зоркі, дзённая спёка памалу спадала. На сваім матрацы, убаку ад вогнішча, ціха захныкала бабка, нібы шчанюк заскавытаў. Твары ўсіх павярнуліся ў той бок.

Маці сказала:

- Разашарна, будзь разумненькай, ідзі паляжы з бабкай. Яе цяпер нельга пакідаць адну. Яна ўжо ўсё зразумела.

Ружа Сарона паднялася на ногі, пайшла да матраца і лягла побач са старой, і да вогнішча данесліся няясныя гукі іх галасоў. Ружа Сарона і бабка перашэптваліся, лежачы на матрацы.

Ной сказаў:

- Дзіўна неяк - дзеда няма, а быццам нічога не здарылася. Смутку мне не прыбавілася.

- Гэта ўсё адно, - сказаў Кейсі. - Зямля ваша і дзед - адно непадзельнае.

Эл сказаў:

- Вельмі крыўдна за яго. Памятаеце, ён гаварыў, што там будзе рабіць, як ён вінаградныя гронкі аб галаву будзе расціскаць, каб усю бараду сокам заліло, і ўсякае такое.

Кейсі сказаў:

- Гэта ён так, дурыўся. Думаю, ён усё разумеў. Дзед ваш памёр не сёння. Ён памёр, як толькі вы яго з месца знялі.

- Ты гэта напэўна ведаеш? - усклікнуў бацька.

- Ну, не зусім так. Дыхаць ён дыхаў, але жыцця ў ім ужо не было. Дзед і зямля ваша - адно цэлае, і ён гэта разумеў.

Дзядзька Джон запытаўся:

- А ты ведаў, што ён памірае?

- Так, - адказаў Кейсі. - Ведаў.

Джон утаропіўся на прапаведніка, і ў вачах у яго рос жах.

- І нікому не сказаў?

- А якая карысць?

- Мы... мы зрабілі б што-небудзь.

- Што?

- Ну што-небудзь, але...

- Не, - сказаў Кейсі, - зрабіць вы не змаглі б нічога. Ваш шлях быў вызначаны, а дзеду з вамі было не па дарозе. Ён і не мучыўся. Хіба, можа, толькі раніцай, у першыя хвіліны. Ён астаўся з зямлёй. Не мог яе кінуць.

Дзядзька Джон глыбока ўздыхнуў.

Уілсан сказаў:

- А нам прыйшлося майго брата кінуць. - Усе павярнуліся да яго. - У нас з ім былі ўчасткі-саракоўкі побач. Ён старэйшы за мяне. Машыны ніхто з нас ніколі не вадзіў. І вось мы прадалі ўсё, што ў нас было. Уіл купіў сабе машыну, і да яго прыставілі нейкага падлетка - вучыць кіраваць. За дзень перад ад'ездам Уіл з цёткай Міні паехалі папрактыкавацца. Раптам перад Уілам калдобіна, ён як гаркне: «Тпру!» - і як дасць задні ход. Урэзаўся ў агароджу. Зноў крыкнуў: «Тпру, каб на цябе!» - тупнуў нагой па педалі газу і перакуліўся ў канаву. І застаўся ён ні з чым: ні на продаж нічога, ні машыны. Але ж, дзякуй богу, сам вінаваты. І так узлаваўся, з сябе аж выходзіць, з намі ехаць не захацеў - сядзіць, лаецца апошнімі словамі.

- Што ж ён будзе рабіць?

- Каб я ведаў. Чалавек зусім крануўся ад злосці. А нам чакаць няможна. У нас толькі восемдзесят даляраў на ўсю дарогу. Не сядзець жа нам і чакаць, пакуль і тыя разыдуцца. Але дарога ўжо амаль усе іх з'ела. Не праехалі і сотні міль, зуб у заднім мосце паляцеў, а рамонт абышоўся трыццаць даляраў. А там спатрэбілася пакрышка, і запальная свечка трэснула, а яшчэ Сэйры занядужала. Давялося прыпыніцца, вось ужо дзесяць дзён стаім. А цяпер машына, няхай яна спрахне, зноў паламалася, а грошай ужо - кот наплакаў. Проста не ведаю, калі мы дабяромся да гэтай Каліфорніі. Трэба рамантаваць, а я ў гэтым нічога не кемлю.

Эл дзелавіта запытаўся:

- Што з машынай?

- Ды проста ісці не хоча. Завядзецца, чхне разок - і заглухне. Праз момант зноў завядзецца, і перш чым паспееш тармазы адпусціць, зноў як мёртвая.

- Матор працуе хвіліну і глухне?

- Ага, так. Прыбаўлю газу, усё роўна не ідзе. Чым далей, тым усё горш, а вось цяпер зусім ужо не запускаецца.

Выгляд у Эла зрабіўся горды, па-даросламу салідны.

- Відаць, у яе бензаправод забіўся, - прамовіў ён. - Я прадзьму яго.

І бацька таксама заганарыўся:

- Эл у гэтых справах разбіраецца.

- Вось за дапамогу я скажу вам дзякуй. Вялікі дзякуй. Не ўмееш паправіць, проста дзіцём сябе адчуваеш. Калі дабяромся да Каліфорніі, куплю добрую машыну. Яна, можа, псавацца не будзе.

Бацька сказаў:

- Калі дабяромся... Не так і лёгка дабрацца туды.

- Затое Каліфорнія! - сказаў Уілсан. - Я бачыў лісткі - там патрэбны людзі на збор фруктаў, і заробкі добрыя. Толькі падумаць! Фрукты збіраеш у цяні дрэў, прыхваткамі ў рот пакладзеш што-небудзь. Ды там, чорт вазьмі, столькі гэтага дабра - хоць аб'ядайся, ніхто табе слова не скажа. А плаціць будуць добра, купім невялікі ўчастак і яшчэ падрабляць будзем на старане. Я ў заклад, чорт вазьмі, іду, што і двух гадоў не міне, як мы прыдбаем свой участак.

Бацька сказаў:

- Мы бачылі гэтыя лісткі. У мяне адзін нават з сабой ёсць. - Ён выняў кашалёк і дастаў з яго складзены папалам аранжавы рэкламны лісток. Чорныя літары гаварылі: «У Каліфорніі Патрабуюцца Зборшчыкі Гароху. Добрая Плата Круглы Год. Патрэбна 800 Чалавек».

Уілсан з цікавасцю паглядзеў на лісток.

- Ага, ага! Я бачыў такі самы. Акурат як той. А як вы думаеце... васемсот чалавек ужо, можа, набралася?

Бацька сказаў:

- Гэта ж толькі ў адной невялікай частцы Каліфорніі. А Каліфорнія ў нас другі па велічыні штат. Дапусцім, у адным месцы васемсот чалавек і набралася. А там шмат такіх месцаў. Мне ўсё роўна дзе фрукты збіраць. Вы ж самі сказалі, працаваць будзем у цяні дрэў. На такую работу і малыя з ахвотай пойдуць.

Раптам Эл падняўся і падышоў да легкавой машыны.

- Сёння ўжо не адрамантуеш, - сказаў Уілсан.

- Вядома. Заўтра з раніцы вазьмуся.

Том ва ўпор паглядзеў на свайго малодшага брата.

- Я таксама пра гэта падумаў, - сказаў ён.

- Пра што вы там, хлопцы? - запытаўся Ной.

Том з Элам маўчалі, чакаючы, што скажа другі.

- Кажы ты, - нарэшце прамовіў Эл.

- Ну, можа, з гэтага нічога не выйдзе, можа, Эл зусім пра іншае думае. А справа вось якая. У нас перагрузка, а містэр і місіс Уілсан едуць без цяжкага грузу. Калі хто-небудзь з нашых перасядзе да іх, а іхнія лягчэйшыя рэчы мы перакладзём на грузавік, тады ў нас і рысоры будуць цэлыя, і пад'ёмы нам не страшныя. Машынай мы з Элам абодва ўмеем кіраваць, значыць, хто-небудзь з нас павядзе легкавую. На дарозе будзем разам трымацца, і ад гэтага нам усім лепш будзе.

Уілсан ускочыў на ногі.

- Вядома, вядома! Мы будзем толькі радыя. Так і зробім. Ты чула, Сэйры?

- Проста цудоўна, - адказала Сэйры. - А мы не наробім вам лішніх турбот?

- Ну што вы, далібог! - сказаў бацька. - Якія турботы? Наадварот, вы нас выручыце.

Уілсан зноў сеў на зямлю, крыху сумеўшыся.

- Не ведаю, як быць.

- Што, раздумалі?

- Разумееце... У мяне ўсяго даляраў трыццаць засталося, і я не хацеў бы быць вам цяжарам.

Маці сказала:

- Вы і не будзеце нам цяжарам. Будзем дапамагаць адзін аднаму, і разам даедзем да Каліфорніі. Сэйры Ўілсан дапамагла мне прыбраць дзеда... - яна раптам змоўкла. Сувязь паміж тым і другім была ўсім зразумелая.

Загаварыў Эл:

- У легкавую свабодна сядзе шэсць чалавек. Скажам, так: я за рулём, місіс і містэр Уілсаны, Разашарна з Коні і бабка. Вялікія рэчы, лягчэйшыя, перакладзём на грузавік. У дарозе будзем мяняцца месцамі. - Ён гаварыў голасна, радуючыся, што з плячэй зваліўся такі клопат.

Астатнія бянтэжліва ўсміхаліся, апусціўшы вочы долу. Бацька правёў кончыкамі пальцаў па пыле. Сказаў:

- Маці наша марыць пра беленькі домік сярод апельсінавых дрэў. Яна бачыла вялікі такі малюнак у календары.

Сэйры сказала:

- Калі я зноў расхварэюся, вы нас не чакайце, едзьце адны. Мы не хочам быць вам цяжарам.

Маці пільна паглядзела на яе і быццам упершыню ўбачыла яе пакутніцкія вочы і змарнелы, змучаны болем твар. І сказала:

- Нічога, даедзеце, мы пра вас паклапоцімся. Вы ж самі сказалі: ад дапамогі нельга адмаўляцца.

Сэйры глянула на свае маршчыністыя рукі, асветленыя агнём вогнішча.

- Трэба класціся спаць. - Яна ўстала.

- А дзед... як быццам ужо год, як ён памёр, - прамовіла маці.

Абедзве сям'і няспешна разышліся класціся спаць, смачна пазяхаючы. Маці спаласнула талеркі і сцерла з іх тлушч мяшком з-пад мукі. Агонь у вогнішчы патух, зоркі нібы апусціліся ніжэй. Легкавыя аўтамашыны толькі зрэдку прабягалі цяпер па шашы, але грузавікі час ад часу з грукатам праносіліся міма, ажно дрыжэла зямля. Абедзве машыны, якія стаялі ў лагчынцы каля дарогі, ледзь віднеліся пры святле зорак. Каля заправачнай станцыі выў прывязаны нанач сабака. Людзі ўгаманіліся і ціха спалі, і асмялелыя палявыя мышы снавалі каля матрацаў. Адна Сэйры Ўілсан не спала. Яна глядзела ў неба і стойка змагалася з болем.

 

РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ

 

Заходнюю тэрыторыю апанаваў неспакой - набліжаюцца перамены. Заходнія штаты затрывожыліся, як коні перад навальніцай. Буйныя ўласнікі занепакоіліся, чуюць: будуць перамены, толькі не ведаюць - якія. Буйныя ўласнікі б'юць па непасрэднай пагрозе: па пашыраным складзе ўрада, па ўсё мацнейшым адзінстве рабочага руху; б'юць па новых падатках, па новых эканамічных планах - не разумеюць, што ўсё гэта вынікі, а не прычыны. Вынікі, а не прычыны. Не прычыны, а вынікі. А прычыны караняцца глыбока, хоць яны і зусім простыя. Прычыны - гэта фізічны голад, памножаны ў мільён разоў; гэта духоўны голад - імкненне да шчасця, да пачуцця ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, памножанае ў мільён разоў; гэта імкненне мускулаў і мозгу да росту, да працы, да творчасці, памножанае ў мільён разоў. Канчатковая, ясная функцыя чалавека - працаваць сваімі мускуламі, ствараць сваім мозгам, і не толькі на карысць аднаму сабе - гэта і ёсць чалавек. Пабудаваць сцяну, пабудаваць дом, пабудаваць плаціну, укласці часцінку свайго чалавечага «я» ў гэту сцяну, у гэты дом, у гэту плаціну і ўзяць і сабе што-небудзь ад іх - ад гэтай сцяны, ад гэтага дома, ад гэтай плаціны; умацаваць мускулы цяжкай працай, прылучыцца да яснасці ліній і форм сваіх здзейсненых задум. Бо чалавек - адзінае стварэнне ва ўсім арганічным і неарганічным жыцці прыроды, адзіны аб'ект у сусвеце, які перасягае створанае ім, узнімаецца па прыступках сваіх задум, вырываецца наперад, пакідаючы ззаду ўжо дасягнутае. І вось што трэба сказаць пра чалавека: калі тэорыі мяняюцца ці рушацца, калі філасофскія школы і вучэнні, вузкія завулкі думкі - нацыянальныя, рэлігійныя, эканамічныя - узнікаюць, а потым рассыпаюцца прахам, чалавек, хоць і спатыкаючыся, атрымліваючы жорсткія ўдары, памыляючыся, ідзе наперад і нечага дасягае. Зрабіўшы крок наперад, ён можа адступіць, але толькі на паўкроку і ніколі не зробіць поўнага кроку назад. Вось што можна сказаць, і гэта трэба добра разумець. Гэта трэба разумець, калі з чорных самалётаў падаюць бомбы на людныя рынкі, калі палонных забіваюць, як свіней, калі скалечаныя целы сплываюць крывёю ў гразі і пыле. І вось яшчэ што: калі спыніцца, калі б памерла вострае да болю жаданне ісці наперад, што б там ні было, бомбы не падалі б, глоткі не рэзалі б. Пакуль будуць жывыя ўладальнікі бомбаў, гэты смертаносны груз будзе падаць на моцных духам, і бойся таго часу, калі дух гэты памрэ; пакуль жывуць буйныя ўласнікі, удары будуць сыпацца на тых, хто робіць крок наперад - бойся таго часу, калі памрэ імкненне ісці наперад. Бойся таго часу, калі чалавечае «я» не будзе гатова ісці на пакуты і смерць за ідэю, бо гатоўнасць гэтая - асновы чалавечага «я», адзінае, што робіць чалавека чалавекам.

 

Заходнія штаты апанаваў неспакой - блізяцца нейкія перамены. Тэхас і Аклахома, Канзас і Арканзас, Нью-Мексіка, Арызона, Каліфорнія... Вось адна сям'я пакідае свой участак. Некалі бацька ўзяў пазыку ў банку, і цяпер банк наважыў авалодаць яго зямлёй. Зямельная кампанія, гэта значыць банк, які валодае зямлёй, хоча, каб на гэтай зямлі працавалі трактары, а не людзі. А хіба трактар - дрэнна? Хіба ў сіле, якая праразае доўгія барозны ў зямлі, ёсць што-небудзь нядобрае? Калі б гэты трактар належаў нам, тады было б добра - не мне, а нам. Калі б нашы трактары праводзілі доўгія барозны па нашай зямлі, тады было б добра. Не па маёй зямлі, а па нашай. Мы любілі б гэты трактар, як любілі гэту зямлю, калі яна была наша. Але трактар робіць адразу дзве справы: узорвае зямлю і выворвае з яе нас. Паміж трактарам і танкам розніцы мала. І той, і другі гоняць перад сабой людзей, апанаваных страхам і роспаччу. Тут ёсць над чым задумацца.

З зямлі сагналі аднаго чалавека, адну сям'ю - вось яго ржавая машына паўзе па шашы на Захад. Я страціў зямлю, маёй зямлёй авалодаў трактар. Я адзін і не ведаю, што рабіць. Адна сям'я спыняецца на начлег каля прыдарожнай канавы, ставіць палатку; да яе пад'язджае яшчэ адна сям'я і таксама ставіць палатку. Двое мужчын прысаджваюцца на кукішкі, а жанчыны з дзецьмі стаяць каля іх і слухаюць. Гэта і ёсць завязка, разумееце, вы - тыя, хто ненавідзіць перамены і баіцца рэвалюцыі? Раз'яднайце гэтых двух мужчын, пасейце ў іх сэрцах нянавісць, боязь адзін аднаго, недавер адзін да аднаго. Бо гэта зачатак таго, што наганяе на вас страх. Зародак. Таму што ў выказванне: «Я страціў зямлю» ўносіцца папраўка: «Мы страцілі нашу зямлю». Вось дзе тоіцца небяспека для вас, бо два чалавекі ўжо не такія адзінокія і разгубленыя, як адзін. А з гэтага «мы» ўзнікае нешта яшчэ больш небяспечнае: «У мяне ёсць крыху ежы» плюс «У мяне зусім нічога няма». І калі ў суме атрымліваецца: «У нас ёсць крыху ежы», значыць, усё ўвайшло ў сваю каляіну і рух набыў накіраванасць. Цяпер засталося зрабіць нескладанае памнажэнне, і зямля гэтая, гэты трактар - нашы. Двое мужчын сядзяць на кукішках у дрэнажнай канаве, маленькае вогнішча, у кацялку варыцца мяса, маўклівыя жанчыны з застылым позіркам, ззаду - дзеці прагна ўслухоўваюцца ў незразумелую гутарку. Набліжаецца ноч. У малога прастуда. Вось, вазьміце коўдру. Яна шарсцяная - яшчэ ад маці засталася. Вазьміце, накрыйце дзіця. Вось што ім трэба бамбіць. Бо тут пачынаецца пераход ад «я» да «мы».

Калі б вам, тым, хто залодае ўсім, што патрэбна людзям, удалося зразумець гэта, вы змаглі б утрымацца на паверхні. Калі б вам удалося аддзяліць прычыны ад вынікаў, зразумець, што Пэйн, Маркс, Джэферсан, Ленін былі вынікам, а не прычынай, вы ўцалелі б. Але дзе вам зразумець: уласніцтва, як марозам, скоўвае ваша «я» і назаўсёды адгароджвае яго ад «мы».

Заходнія штаты ў трывозе - набліжаюцца перамены. Патрэба нараджае ідэю, ідэя - дзеянне. Паўмільёна людзей рухаюцца па дарогах; яшчэ адзін мільён, больш упартых, таксама гатовы ў любую хвіліну зняцца з месца; дзесяць мільёнаў яшчэ толькі пачынаюць нервавацца.

А трактары праводзяць баразну за баразной па абязлюдзелай зямлі.

 

РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ

 

Уздоўж шашы № 66 стаяць прыдарожныя бары: «Дом Эла і Сузі», «Снеданне ў Карла», «Джо і Міні», «Закусачная Ўіла». Халупкі з лямцавай пракладкай між дошак. Дзве бензінавыя калонкі каля ўвахода, дзверы з драцяной сеткай, доўгая стойка, высокія табурэты, рэйка для ног. Каля дзвярэй тры гульнёвыя аўтаматы, праз шкло відаць, якое багацце ў пяціцэнтавых манетах можна выйграць за тры жэтоны. А побач з імі патэфон, які іграе за пяціцэнтавік, і наваленыя горкай, як бліны, пласцінкі, гатовыя ў любы момант слізгануць на дыск, і тады загучыць танцавальная музыка - факстроты «Ці-пі-ці-пі-цін», «Дзякуй за памяць», шлягеры Бінга Кросбі, джаз Бені Гудмэна. На адным канцы стойкі пад шкляным каўпаком - дражэ ад кашлю, серна-кафеінавыя таблеткі пад назвай «Бяссонныя», «Не драмаць»; цукеркі, цыгарэты, лёзы для брытваў, аспірын, белыя шарыкі «Брома-Сельтэр» і «Алька-Сельтэр» для шыпучкі. На сценах плакаты: купальшчыцы - пышнагрудыя, вузкабёдрыя бландзінкі з васковымі тварамі, у белых купальніках, з бутэлькай кока-колы ў руках, усміхаюцца: вось што абяцае вам кока-кола. Стойка доўгая, на ёй сальніцы, перачніцы, гарчычніцы і папяровыя сурвэткі. За стойкай піўныя краны, а каля самай сцяны бліскучыя, ахутаныя парай кававаркі з зашклёнымі акенцамі, якія паказваюць узровень вады. Тарты пад драцянымі накрыўкамі, апельсіны пірамідамі па чатыры штукі. Невысокія слупкі кардонак з крэкерамі і кукурузнымі шматкамі - раскладзены ўзорам.

Надпісы на картках меню з вялікімі бліскучымі літарамі са слюды: «Такія пірагі пякла твая мама». «Крэдыт вядзе да сваркі, лепш застанемся сябрамі». «Дамам можна курыць, толькі акуркі глядзіце, куды кладзяце». «Абедайце ў нас, шкадуйце сваю жоначку».

На другім канцы стойкі - сталовы посуд, бляхі з запечаным мясам, бульбай, тушаным мясам, смажанай ялавічынай, шэрай бужанінай - засталося толькі скрылікамі нарэзаць.

Міні, ці Сузі, ці Мэй старыцца за стойкай - валасы завітыя, на спацелым твары пудра і румяны. Бярэ заказы, размаўляе з кліентам ціха, мякка, повару заказы паўтарае скрыпучым, як у паўліна, голасам. Выцірае стойку анучай кругамі, начышчае вялікія бліскучыя кававаркі. Повару - Джо, ці Карлу, ці Элу - горача ў белым кіцелі і фартуху: на белым ілбе пад белым каўпаком пацеркі поту; ён пахмурны, гаворыць мала, мяльком паглядае на новых наведнікаў. Націрае патэльню, шлёпае на яе катлету ў цесце. Ціха паўтарае за Мэй заказы, скрабе патэльню, працірае джутавай анучкай. Пануры, маўклівы.

Мэй ажыццяўляе сувязь з наведнікамі, усміхаецца ім, а сама ледзь стрымлівае раздражненне; усміхаецца, а вочы глядзяць міма, калі госць не вадзіцель грузавіка. Шафёры - касцяк усяго. Там, дзе спыняюцца шафёры, там кліенты. Іх не абдурыш, яны разбіраюцца, што да чаго. Шафёры - гэта заказы. Яшчэ ого як разбіраюцца! Паспрабуйце падаць ім спітую каву, і больш нагі іхняй у вас не будзе. А абслужыце як след, яны зноў наведаюцца. Вадзіцеляў грузавікоў Мэй сустракае шырокай усмешкай. Крыху выгнуўшы стан, папраўляе на патыліцы валасы, і ўслед за рукамі крыху падымаюцца пад сукенкай угору і грудзі; ветла вітае гасцей, быццам абяцаючы вясёлае баўленне часу, вясёлую гутарку, вясёлыя досціпы. Эл ніколі ні з кім з наведнікаў не загаворвае. Не кантактуе з імі. Бывае, адкажа ўсмешкай на анекдот, а смяяцца, не, не смяецца. Часам гляне на Мэй, пачуўшы гуллівыя ноткі ў яе голасе, і зноў скрабе патэльню лапаткай, перакладзе застылы тлушч у латочак каля пліты. Ён прыціскае лапаткай катлету, яна шыпіць. Кладзе на патэльню разрэзаную напалам булачку, падаграе, падсмажвае. Зграбае з патэльні колцы цыбулі, кладзе на фарш, прыціскае лапаткай, накрывае паловай булачкі, другую палову змазвае растопленым маслам і вострай прыправай. Прытрымліваючы пакладзеную на катлету паўбулачкі, падчэплівае лапаткай тонкую катлетку, пераварочвае яе, накрывае другой паловай і скідае на маленькую талерку. Туды ж кладзе чвэртку марынаванага агурка і дзве чорныя масліны. Пускае талерку па стойцы, як кідальнае кальцо. Тады зноў скрабе патэльню і панура пазірае на жароўню з тушаным мясам.

Легкавыя машыны імкліва праносяцца па шашы № 66. Нумарныя знакі з Масачусетса, з Тэнесі, Род-Айленда, з Нью-Ёрка, Верманта, Агаё. Кіруюць на захад. Шыкоўныя машыны, хуткасць - шэсцьдзесят пяць міль у гадзіну.

Вунь «корд» ідзе. Труна на колах.

Але ж, глянь, які ход! Бачыш «ласаль»? Мне б такую. Я не з ганарлівых. Узяў бы і «ласаль».

Калі ты ўжо так разышоўся, дык чаму б не «кадзілак»? Ён трохі большы і хутчэйшы.

А сабе я выбраў бы «зефір». Не такі ўжо і шык, затое клас, хуткасць! Мне дай «зефір».

І ўсё ж, сэр, можаце смяяцца, толькі я стаю за «б'юік-п'юік». Даволі добрая машына.

Дык яна ж, халера, цаной, як «зефір», а цягне слабавата.

Ну і няхай. Мне ад гэтага Генры Форда нічога не трэба. Не люблю я Форда. Ніколі не любіў. У мяне брат працаваў у яго на заводзе. Ты б толькі паслухаў, што ён расказваў.

І ўсё-такі «зефір» - сіла!

На шашы вялікія легкавыя аўтамашыны. Стомлена-пяшчотныя, разамлелыя ад гарачыні дамы, вакол іх, як вакол цэнтра прыцяжэння, круціцца безліч аб'ектаў: крэмы, ласьёны, бутэлечкі з фарбамі - чорнай, ружовай, чырвонай, белай, зялёнай, сярэбранай, з іх дапамогай мяняецца колер валасоў, вачэй, губ, пазногцяў, броваў, веек, павек. Рознае семя, алеі, пілюлі - каб добра працаваў страўнік. Сумка з бутэлечкамі, спрынцоўкамі, таблеткамі, прысыпкамі, растворамі, мазямі - каб унікнуць усякай рызыкі пры інтымных зносінах, зняць пахі, засцерагчыся ад нежаданых вынікаў. А яшчэ адзенне... Адна марока!

Маршчынкі стомы вакол вачэй, складкі раздражнення па кутках рота, грузныя грудзі ў цесных ячэйках бюстгальтараў, тугія жываты і клубы пад гумавымі гарсэтамі. Цяжка ловяць спякотнае паветра раты, у пахмурных вачах нялюбасць да сонца, ветру, да зямлі, агіда да ежы, злосць на знямогу, нянавісць да самога часу, які рэдка калі маладзіць, а старыць - заўсёды.

Побач з жанчынамі кароткія пузатыя мужчыны ў светлых касцюмах і панамах - чысценькія ружовыя мужчыны з неспакойнымі, разгубленымі вачамі, поўнымі трывогі. Ім неспакойна таму, што не працуюць прывычныя формулы: яны прагнуць бяспекі, але адчуваюць, што яна знікае з твару зямлі. На лацканах пінжакоў у іх значкі розных суполак і клубаў - тых месцаў, куды можна пайсці і ў натоўпе такіх жа занепакоеных чалавечкаў пераканаць сябе, што камерцыя - занятак высакародны, а не асвячонае рытуалам зладзейства; што яны шчодрыя і дабрачынныя, часта нават сабе ў шкоду, насуперак прынцыпам камерцыі; што жыццё ў іх паўнацэннае, а не ўбогая і стомная руціна; і што блізкі ўжо той час, калі нічога ім не будзе страшна.

Гэта сямейная пара таксама едзе ў Каліфорнію; там, у холе галівудскага гатэля «Беверлі Ўілтмар» яны з зайздрасцю будуць глядзець на людзей, будуць пазіраць на горы - вы разумееце, на горы! - і на высокія дрэвы, ён з ранейшым неспакоем у вачах, а яна - з апаскай, каб сонца не апаліла скуру. Будуць пазіраць на Ціхі акіян, і стаўлю сто тысяч супраць нічога, што ён скажа: «Я думаў, ён большы». А яна будзе кідаць зайздрослівыя позіркі на круглявыя маладыя дзявочыя целы на пляжы. Яны едуць у Каліфорнію толькі дзеля таго, каб потым, вярнуўшыся дамоў, сказаць: «Такая вось і такая сядзела ў Тракадэра побач з намі, за суседнім столікам. Ну і страшыдла! Але апранаецца з густам». А ён скажа: «Я там гутарыў з саліднымі дзелавымі людзьмі. Яны лічаць, што пакуль мы не збавімся ад гэтага тыпа ў Белым доме, дабра не чакай». І яшчэ: «Ад аднаго дасведчанага чалавека я чуў, што ў яе сіфіліс. Яна здымалася ў фільмах братоў Уорнераў. Кажуць, спала з кім папала, абы ролю атрымаць. Што ж, знайшла, чаго шукала». Але ўстрывожаныя вочы ўсё роўна не ведаюць спакою, надзьмутыя губы не ведаюць радасці. Вялікая легкавая машына імчыцца з хуткасцю шэсцьдзесят міль у гадзіну.

Я выпіла б чаго-небудзь халодненькага.

Вунь наперадзе нешта віднеецца. Спыніцца?

Думаеш, у іх чыста?

Не брудней, чым дзе ў іншым месцы ў гэтым богам забытым краі.

Ну, бутэльку содавай, я думаю, можна.

Вялікая машына скрыгоча тармазамі і спыняецца. Неспакойны таўстун дапамагае жонцы вылезці з кабіны.

Калі яны ўваходзяць, Мэй глядзіць спярша на іх, потым паўз іх. Эл на імгненне адрывае вочы ад пліты. Мэй ведае, што будзе далей. Яны вып'юць бутэльку содавай за пяць цэнтаў і бурчліва паскардзяцца, што вада цеплаватая. Жанчына скамечыць шэсць папяровых сурвэтак і кіне на падлогу. Мужчына папярхнецца і зваліць віну на Мэй. Жанчына пачне прынюхвацца, быццам пачула пах тухлага мяса, а пасля яны пойдуць і да канца сваіх дзён будуць усім гаварыць, што народ на Захадзе няветлы. А Мэй, зноў застаўшыся адна з Элам, падбярэ ім адпаведнае слоўца - абзаве іх задрыпамі.

Вадзіцелі грузавікоў - гэта людзі!

- Вось едзе вялікі грузавы фургон. Добра было б, каб яны тут спыніліся - адаб'юць пах гэтых смярдзючак. Калі я працавала ў вялікім гатэлі ў Альбукерку - як яны кралі, Эл! Бралі ўсё, што дрэнна ляжыць. І чым больш шыкоўныя ў іх машыны, тым яны болей крадуць - ручнікі, сталовае срэбра, мыльніцы. Проста розуму не дабяру - навошта.

А Эл змрочна:

- А як, па-твойму, адкуль у іх такія машыны і гэтулькі дабра? Што, можа, нарадзіліся з усім гэтым? А ў цябе ніколі нічога не будзе.

Вялікі грузавік, шафёр і зменны.

- Можа, спынімся тут, кавы вып'ем. Забягалаўку гэту я ведаю.

- А як у нас з графікам?

- Ідзём з апярэджаннем.

- Тады пад'язджай. Тут ёсць баявая кабылка з перчыкам. І кава добрая.

Машына спыняецца. Двое шафёраў у брыджах колеру хакі, у высокіх шнураваных чаравіках, кароткіх куртках і вайсковых фуражках з бліскучымі брылямі. Дзверы з сеткай - бразь!

- Здарова, Мэй!

- Няўжо гэта ты, Вялікі Біл Пацук? Даўно перавялі зноў на гэты маршрут?

- Тыдзень таму.

Яго напарнік кідае пяціцэнтавік у адтуліну прайгравальніка, глядзіць, як выслізгвае пласцінка і кладзецца на дыск. Голас Бінга Кросбі - чыстае золата. «Зноў залаціцца пляж, і хвалі плешчуць глуха... Ты - у скронях боль, але не скруха...» А Вялікі Біл напявае на вушка Мэй: «Ты ў скрынях соль, але не шлюха...»

Мэй смяецца.

- А хто гэта з табой, Біл? Ён першы раз на гэтым маршруце?

Напарнік Біла апускае пяць цэнтаў у аўтамат, выйграе чатыры жэтоны і зноў кідае іх у шчыліну. Падыходзіць да стойкі.

- Што ж вам падаць? - пытаецца Мэй.

- Ну, па кубку кавы. А тарты якія?

- З бананавым крэмам, з ананасным крэмам, шакаладны, ну і яблычны.

- Давай яблычны... Чакай... а вунь той, вялікі і пышны, з чым?

Мэй падымае торт, нюхае.

- Бананавы.

- Адрэж кавалак, ды не шкадуй.

Шафёр, што каля аўтамата, кажа:

- Рэж два.

- Наце вам два. Што-небудзь такое новенькае чуў, Біл?

- Ага, вось паслухай.

- Ты пры даме не вельмі...

- Ды тут нічога такога. Вучань спазніўся ў школу. Настаўніца пытаецца: «Чаму спазніўся?» Хлопчык адказвае: «Я вадзіў цялушку да быка». Настаўніца кажа: «Няўжо твой бацька сам не мог справіцца?» А малы ёй: «Вядома ж, мог, толькі дзе яму цягацца з быком».

Мэй вішчыць ад смеху, ледзь не хрыпне. Эл акуратна рэжа цыбулю, узнімае на іх позірк, усміхаецца і зноў апускае вочы. Вадзіцелі грузавікоў - гэта людзі! Кожны з іх пакіне Мэй па чвэрці даляра. Пятнаццаць цэнтаў за торт і каву і дзесяць - «чаявыя». І не чапляюцца да яе.

Сядзяць на высокіх табурэтах, п'юць каву, з кубкаў вытыркаюцца лыжачкі. Гутараць пра свае справы. Эл скрабе патэльню, слухае, але заўваг не робіць ніякіх. Бінг Кросбі раптам змаўкае. Дыск апускаецца, і пласцінка зноў займае сваё месца сярод іншых пласцінак. Ліловае святло гасне. Пяціцэнтавік, што прывёў увесь гэты механізм у дзеянне, прымусіў Кросбі спяваць, а аркестр яму акампанаваць, саслізгвае з кантактаў і падае ў манетнік. Манета гэтая, у адрозненне ад мноства іншых, сапраўды папрацавала, вымусіла аўтамат падпарадкавацца сабе.

З клапана кававаркі выбіваецца пара. Кампрэсар халадзільніка пачынае ціха гусці, потым сціхае. Электрычны вентылятар у куце паволі паварочваецца з боку ў бок, абвяваючы пакой цёплым ветрыкам. Па шашы № 66 з шумам праносяцца аўтамашыны.

- У нас незадоўга перад вамі машына з Масачусетса спынялася, - сказала Мэй.

Вялікі Біл абхапіў кубак зверху далонню так, што лыжачка тырчыць у яго паміж вялікім і ўказальным пальцамі. Ён шумна ўцягнуў у рот каву разам з паветрам, каб астудзіць яе.

- Паездзіла б ты цяпер па шэсцьдзесят шостай. Машыны з усёй краіны. Усе на Захад ідуць. Раней ніколі гэтулькі машын не бачыў. Сярод іх такія трапляюцца прыгажуні!

- Сёння раніцай мы бачылі аварыю, - сказаў яго зменны. - Вялікая машына - «кадзілак», зроблены, відаць, па спецыяльным заказе, прыгожы такі. Нізкая пасадка, крэмавы колер. На грузавік наляцеў. Радыятар умяла проста ў вадзіцеля. Гнаў пад дзевяноста міль. Рулявой калонкай наскрозь прапарола, курчыўся, як жаба на круку. Была шык, а не машына, адна любата. А цяпер што - хоць задарма бяры. Адзін ехаў, без нікога.

Эл падымае вочы ад пліты:

- А з грузавіком што?

- Божа мой, які там грузавік! Проста машына з адрэзаным верхам, набітая ўсялякім кухонным начыннем - пліта, рондалі, а яшчэ матрацы, дзеці, куры. Ну ведаеце ж - на Захад едуць. «Кадзілак» прамчаўся паўз нас з хуткасцю мо дзевяноста міль, - абагнуў на двух колах, а насустрач машына. Ён - убок, а тут грузавічок гэты. Урэзаўся ў яго на ўсім хаду. Вадзіцель п'яны быў, ці што. Коўдры, куры, дзеці - усё ўзляцела ў паветра. Аднаго малога забіла, проста раздушыла. Жудаснае відовішча. Мы пад'ехалі. Чалавек, што вёў грузавік, стаіць як укапаны, пазірае на сынка мёртвага. Ні слова з яго не выцягнулі. Маўчыць, як знямеў. Мноства людзей на шашы - цэлымі сем'ямі на Захад едуць. І з кожным днём іх усё больш і больш. Адкуль яны толькі бяруцца?

- Лепш спытайцеся - куды едуць? - сказала Мэй. - Бывае, заязджаюць да нас па бензін і, акрамя яго, нічога не купляюць. Кажуць, яны на руку не чыстыя. Але ў нас нідзе нічога лішняга не валяецца. Нас не абкрадалі.

Жуючы на поўны рот торт, Вялікі Біл глянуў праз зацягнутае сеткай акно на шашу.

- Ну вось, прывязвай сваё дабро мацней. Здаецца, едуць сюды.

З шашы стомлена збочыў «нэш» выпуску 1926 года. Задняе сядзенне ў яго было высока завалена мяхамі, рондалямі і патэльнямі, а на самым версе, амаль упіраючыся макаўкамі ў дах, сядзелі два хлопчыкі. На даху ляжалі прывязаныя да яго матрац і палатка, слупкі ад яе былі прымацаваны да падножкі. Машына пад'ехала да бензінавых помпаў і спынілася. З кабіны вылез цёмнавалосы чалавек з вострым скуластым і насатым тварам. Абодва малыя ссунуліся з паклажы на зямлю.

Мэй абагнула стойку і стала ў дзвярах. На чалавеку былі шэрыя шарсцяныя штаны і сіняя кашуля, пацямнелая ад поту на спіне і пад пахамі. На хлопчыках - камбінезоны на голае цела, патрапаныя, залатаныя. Валасы ў малых былі светлыя, стрыжаныя «пад вожык» і тырчалі, як шчаціна. Твары ў брудных плямах. Дзеці адразу пабеглі да лужыны пад водаправодным шлангам і засунулі пальцы босых ног у гразь.

Чалавек запытаўся:

- У вас можна вады ўзяць, мэм?

Цень нездавальнення мільгануў на твары Мэй.

- Пэўна ж, налівайце, - адказала яна і ціха кінула цераз плячо: - Я пасачу за шлангам. - Яна глядзела, як чалавек няспешна адкручваў каўпачок радыятара і ўсунуў у адтуліну наканечнік шланга.

Бялявая жанчына, што сядзела ў кабіне, сказала:

- Спытайся, можа, тут дадуць.

Чалавек выняў шланг з радыятара і прыкруціў каўпачок. Хлопчыкі ўзялі з рук бацькі шланг, павярнулі яго наканечнікам угору і пачалі прагна піць. Чалавек зняў з галавы цёмны запэцканы капялюш, падышоў да драцяных дзвярэй бара і стаў перад імі з нейкім дзіўным, прыніжаным выглядам.

- Ці не прадасце нам буханку хлеба, мэм?

Мэй адказала:

- Тут не бакалейная крама. Хлеб у нас ідзе на сандвічы.

- Ведаю, мэм. - У яго прыніжанасці адчувалася ўпартасць. - Нам трэба хлеб, а да крамаў, кажуць, ехаць яшчэ і ехаць.

- Прадасі, і сама без нічога застанешся. - У голасе Мэй прагучала нотка нерашучасці.

- Мы галодныя, - сказаў чалавек.

- Дык чаму ж не купіце сандвічаў з катлетамі?

- Мы б радыя купіць гамбургеры, мэм. Ды не можам. Нам трэба абысціся дзесяццю цэнтамі на ўсіх. - І, сумеўшыся, чалавек дадаў: - Грошы зусім канчаюцца.

Мэй сказала:

- За дзесяць цэнтаў буханкі хлеба не купіш. У нас толькі па пятнаццаць.

Ззаду буркнуў Эл:

- Госпадзі, Мэй, дай ім хлеба.

- Да прывозу самім можа не хапіць.

- І няхай не хопіць, чорт з ім, - сказаў Эл і пахмурна глянуў на бульбяную салату, якую ён перамешваў.

Мэй паціснула круглявымі плячамі і азірнулася на шафёраў, нібы кажучы: бачыце, як бывае.

Яна адчыніла дзверы, і чалавек увайшоў, уносячы з сабой пах поту. Следам за ім у бар шмыгнулі хлапчукі і адразу пайшлі да прылаўка з цукеркамі - утаропіліся на іх, але ў вачах у іх не загарэлася ні прага, ні надзея, ні нават жаданне іх пакаштаваць, а было толькі здзіўленне, што ёсць такія рэчы на свеце. Хлопчыкі былі аднаго росту і на адзін твар. Адзін з іх стаяў, паскрэбваючы пальцамі нагі брудную шчыкалатку. Другі раптам нешта шапнуў яму на вуха, і абое ўсунулі рукі ў кішэні, і тонкую сінюю тканіну іх камбінезонаў адтапырылі сціснутыя ў кулакі далоні.

Мэй высунула шуфляду і выняла адтуль буханку хлеба ў васкаванай паперы.

- Вось за пятнаццаць цэнтаў.

Чалавек зноў надзеў капялюш і сказаў усё гэтак жа прыніжана:

- А ці нельга... Можа, вы адрэжаце на дзесяць цэнтаў?

Эл сярдзіта рыкнуў:

- Госпадзі, Мэй! Аддай ім усю.

Чалавек павярнуўся да Эла:

- Не, нам трэба толькі на дзесяць цэнтаў. Даводзіцца ўсё дакладна разлічваць, містэр, інакш не дабяромся да Каліфорніі.

Мэй пакорліва прамовіла:

- Бярыце ўсю за дзесяць цэнтаў.

- Гэта ж як рабаваць вас, мэм.

- Бярыце. Раз Эл сказаў, бярыце. - Яна пусціла па стойцы загорнуты ў васкаваную паперу хлеб. Чалавек дастаў з задняй кішэні скураны капшук, развязаў шнуркі і раскрыў яго. Капшук быў туга набіты сярэбранымі манетамі і залапанымі грашовымі паперкамі.

- Вам, відаць, дзіўна, што я так скуплюся, - выбачлівым тонам сказаў ён. - Але наперадзе ў нас яшчэ тысяча міль дарогі, і невядома, ці дабяромся яшчэ. - Ён пакорпаўся ўказальным пальцам у капшуку, намацаў дзесяціцэнтавую манету і выцягнуў яе. Калі паклаў на стойку, убачыў, што выпадкова прыхапіў яшчэ адзін цэнт. Ён хацеў ужо схаваць яго назад у капшук, але раптам позірк яго ўпаў на хлопчыкаў, што застылі перад прылаўкам з цукеркамі. Ён паволі падышоў да іх, паказаў пальцам на доўгія палачкі ледзянцоў пад шклом у паласатых абгортках. - Гэтыя - цэнт за штуку, мэм?

Мэй нахілілася і глянула пад шкло.

- Якія?

- Вось гэтыя, паласатыя.

Малыя паднялі на яе вочы і перасталі дыхаць - замерлі, крыху раскрыўшы раты і напружыўшы паўголыя цельцы.

- Гэтыя? Не. Яны на цэнт пара.

- Дык дайце дзве штучкі, мэм. - Чалавек беражліва паклаў медную манетку на прылавак. Хлопчыкі ледзь чутна перавялі дух. Мэй дастала два мятныя ледзянцы.

- Бярыце, - сказаў бацька дзецям.

Хлопчыкі нясмела працягнулі рукі, узялі па адной ледзянцовай палачцы і апусцілі ўніз, не кінуўшы на іх позірку. Але зірнулі адзін на аднаго, куточкі іх губ ледзь варухнуліся ад бянтэжлівай усмешкі.

- Дзякуй вам, мэм. - Чалавек узяў бохан і выйшаў за дзверы; хлопчыкі неяк ненатуральна чынна пайшлі следам, і кожны прыціскаў да нагі доўгую цукерку ў абгортцы з чырвонымі палоскамі. А ў машыне яны, як бурундукі, скокнулі з пярэдняга сядзення на самы верх паклажы і зашыліся, як у норку, сярод клункаў.

Чалавек сеў у машыну, завёў матор, і лядашчы «нэш», равучы і выпусціўшы клуб масляністага дыму, уз'ехаў на шашу і пакіраваў на захад.

З бара глядзелі яму ўслед абодва шафёры, Мэй і Эл.

Вялікі Біл павярнуўся да Мэй.

- Такія ледзянцы каштуюць не цэнт за пару, - сказаў ён.

- А табе што? - агрызнулася Мэй.

- Ім цана кожнаму пяць цэнтаў.

- Ну паехалі, - сказаў другі вадзіцель. - А то час трацім.

Абодва палезлі ў кішэню. Біл кінуў на стойку манету, другі шафёр, глянуўшы на яе, зноў палез у кішэню і паклаў сваю манету побач. Потым яны павярнуліся і пайшлі да дзвярэй.

- Бывай, - сказаў Біл.

Мэй аклікнула іх:

- Гэй! Пачакайце! Рэшту вазьміце.

- Ідзі ты к чорту, - сказаў Біл, і сеткаватыя дзверы бразнулі за ім.

Мэй глядзела, як вадзіцелі садзіліся ў вялікую грузавую машыну, як яна з грукатам цяжка кранулася з месца, потым, заскрыгатаўшы перадачамі і набраўшы газ, пайшла сваёй звычайнай рэйсавай хуткасцю.

- Эл... - ціха паклікала Мэй.

Повар адвёў вочы ад катлеты, якую ён спляскваў лапаткай, збіраючыся абкласці яе васкаванымі паперкамі.

- Што там у цябе?

- Зірні сюды, - яна паказала на грошы, што ляжалі каля кубкаў, - дзве манеты па паўдаляра.

Эл падышоў да стойкі, глянуў на іх і вярнуўся да сваіх гамбургераў.

- Вадзіцелі грузавікоў, - паважліва прамовіла Мэй, - гэта вам не задрыпы.

Мухі раз-пораз натыкаліся на драцяныя сеткі і з гудзеннем адляталі прэч. Кампрэсар халадзільніка павуркатаў і сціх. Па шашы № 66 міма бара са зласлівым віскам праляталі машыны - і грузавыя, і зграбныя абцякальныя легкавыя, і нехлямяжыя драндулеты; і ўсе пранізліва вішчалі. Мэй сабрала талеркі і счысціла з іх у вядро крошкі ад торта. Потым узяла мокрую анучу і пачала кругамі выціраць стойку. А вочы яе былі прыкаваныя да шашы, па якой віхрам праносілася міма жыццё.

Эл выцер рукі аб фартух і паглядзеў на паперку, прышпіленую да сцяны над плітой. На ёй былі нейкія кропкі - радкамі ў тры слупкі. Эл падлічыў самы доўгі радок. Тады пайшоў уздоўж стойкі да касы, націснуў на кнопку «Выкл.» і ўзяў з высунутай шуфлядкі жменю манет па пяць цэнтаў.

- Што ты там робіш? - запыталася Мэй.

- Трэці павінен ужо хутка выплаціць, - сказаў Эл. Ён падышоў да трэцяга гульнёвага аўтамата і пачаў апускаць у яго проразь манеты; пасля таго як у машыне пяты раз закруціліся нейкія колцы, у акенцы паявіліся тры палоскі, і ў коўшык высыпаўся галоўны выйгрыш. Эл згроб манеты жменяй і вярнуўся да стойкі, кінуў грошы ў шуфлядку касы і замкнуў яе. Потым вярнуўся да пліты і закрэсліў на паперцы самы доўгі радок. - Да трэцяга часцей за ўсё падыходзяць, - сказаў ён. - Можа, іх месцамі памяняць? - Ён падняў накрыўку і пачаў памешваць у рондалі, дзе тушылася мяса.

- І што яны будуць рабіць у Каліфорніі? - сказала Мэй.

- Хто?

- Ды гэтыя, ну што толькі што да нас заязджалі.

- Аднаму богу вядома, - адказаў Эл.

- Думаеш, знойдуць там працу?

- Я адкуль ведаю?

Мэй паглядзела на шашу.

- Едзе грузавік з прычэпам. Ці спыніцца тут? Няхай бы спыніўся.

І калі грузавік цяжка з'ехаў з шашы і стаў каля бара, Мэй зноў схапілася за сваю анучку і працерла з канца ў канец усю стойку. Хуценька правяла ёю разы два па бліскучай кававарцы і крыху больш адкруціла вентыль газавага балона. Эл паклаў перад сабой некалькі невялікіх рэпак і пачаў іх абіраць. Мэй адразу павесялела, калі адчыніліся дзверы і ў бар увайшлі два шафёры ў аднолькавым форменным адзенні.

- Хэло, сястрычка!

- У мяне брацікаў няма, - адрэзала Мэй. Госці засмяяліся, засмяялася і Мэй. - Што вам падаць, хлопцы?

- Ну, па кубку кавы. А тарты якія?

- Ананасны, бананавы, шакаладны і яблычны.

- Давай яблычны. Не, чакай... а вунь той, вялікі і пышны, які?

Мэй падняла торт, панюхала:

- Ананасны.

- Адрэж кавалак.

А па шашы № 66 са зласлівым віскатам праносіліся машыны.

 

РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ

 

Джоўды і Ўілсаны як адна сям'я прабіраліся на Захад - Эль-Рэна і Брыджпарт, Клінтан, Элк-Сіці, Сэйр і Тэксала. Тут праходзіла мяжа штата, і Аклахома засталася ззаду. Цэлы дзень абедзве машыны паўзлі ўсё далей і далей па Тэхаскім выступе. Шэмрак і Эланрыд, Грум і Ярнал. Пад вечар мінулі Амарыльё, пасля доўга яшчэ ехалі і на змярканні зрабілі прывал. Усе страшэнна знемагліся, прапыліліся, перагрэліся. У дарозе ад гарачыні ў бабкі зрабіліся сутаргі, і, калі машына нарэшце спынілася, старая ледзь ліпела.

Позна вечарам Эл выламаў з нейкай агароджы перакладзіну, паклаў упоперак грузавіка пад брызент і замацаваў яго з абодвух бакоў. Вячэралі аднымі аладкамі, што засталіся ад снедання, - халоднымі і цвёрдымі. Усе, як былі ў адзенні, так і паваліліся на матрацы і заснулі. Уілсаны нават палаткі не раскінулі.

Ратуючыся ўцёкамі, Джоўды і Ўілсаны ехалі па Тэхаскім выступе - узгорыстай шэрай мясцовасці, удоўж і ўпоперак спаласаванай рубцамі былых паводак. Аклахома засталася ззаду, перад імі быў Тэхас. Па пыле паўзлі чарапахі, сонца паліла зямлю, вечарамі неба астывала, але ўжо сама зямля дыхала жарам.

Уцёкі доўжыліся ўжо два дні, і на трэці дзень прастора нарэшце адолела ўцекачоў і вымусіла іх падладзіцца пад нязвыклыя жыццёвыя абставіны - шаша стала іх домам, а рух - сродкам самавыяўлення. Спакваля яны прынаравіліся да новага ладу жыцця. Спачатку Руці з Уінфілдам, потым Эл, за імі Коні з Ружай Сарона і нарэшце - дарослыя. Зямля выгіналася ўзгоркамі, падобнымі на вялікія застылыя хвалі. Уілдарада, Вега, Боўзі, Гленрыё. Тэхас скончыўся. Цяпер - Нью-Мексіка і горы. Далёка наперадзе на фоне неба ўзвышаліся грабяні гор. Колы машын віскліва круціліся, маторы перагрэліся, з-пад каўпачкоў радыятараў выбівалася пара. Машыны дайшлі да рэчкі Пекас і перабраліся цераз яе каля Санта-Росы. А там праехалі яшчэ дваццаць міль.

 

Эл Джоўд вёў легкавую машыну, поруч з ім сядзела маці, а каля яе - Ружа Сарона. Наперадзе паволі сунуўся грузавік. Распаленае паветра ішло хвалямі над зямлёю, далёкія горы ад спёкі трымцелі. Сутула адкінуўшыся назад, Эл апатычна кіраваў машынай, слаба абхапіўшы пальцамі адной рукі спіцу рулявога кола; шэры капялюш яго неяк залішне зухавата ссунуўся на адно вока; раз-пораз ён паварочваў галаву да акенца кабіны і сплёўваў на дарогу.

Маці ўпарта змагалася са стомай. Склаўшы рукі на каленях, яна сядзела свабодна, цела і галава пагойдваліся ў такт рухам машыны. Прыжмурыўшы вочы, яна пазірала на далёкія горы. Ружа Сарона, наадварот, супраціўлялася штуршкам і гайданню - уперлася нагамі ў насціл кабіны, перакінула правы локаць за раму акенца. Ад гэтых намаганняў мускулы на яе пухлявым твары напружыліся, галава рэзка паторгвалася, бо мускулы шыі ў яе таксама былі напятыя. Яна старалася заняць такую позу, каб цела, як цвёрдае ёмішча, ахоўвала плод яе чэрава ад штуршкоў.

- Ма... - павярнулася яна да маці.

Матчын позірк ажыў, скіраваўся на дачку. Вочы, слізгануўшы па стомленым пухлявым твары, усміхнуліся.

- Ма, - паўтарыла Ружа Сарона, - калі мы прыедзем туды, усе вы пойдзеце на збор фруктаў і там жыць застаняцеся?

Лёгкая іронія пачулася ў голасе маці, калі яна з усмешкай адказала:

- Туды мы яшчэ не прыехалі. І не ведаем, як там усё. Прыедзем, пабачым.

- Мы з Коні не хочам больш жыць на ферме, - сказала Ружа Сарона. - Мы ўжо абдумалі, як жыць будзем.

Па твары маці прабег цень трывогі.

- Хіба вы не хочаце застацца з намі... з сям'ёй? - запыталася яна.

- Ну мы ўжо ўсё абгаварылі, мы з Коні. Ма, мы хочам жыць у горадзе, - адказала Ружа Сарона і ўсхвалявана загаварыла: - Коні работу сабе знойдзе ў якой-небудзь майстэрні ці на фабрыцы. А дома вечарамі вучыцца будзе, ну там па радыё, стане знаўцам сваёй справы, а потым, можа, і сам майстэрню завядзе. Мы ў кіно хадзіць будзем. І яшчэ Коні кажа, ён доктара пакліча, калі мне прыйдзе час радзіць; і кажа, гледзячы, як там выйдзе, што, можа, і ў бальніцу мяне пакладзе. І свая машына ў нас будзе, маленькая. А калі ён скончыць вучыцца... вось цудоўна было б! Ён ужо нават старонку з часопіса «Любоўныя апавяданні Захаду» выразаў з аб'явай і выпіша праграму курсаў - яе высылаюць бясплатна. Там так і напісана. Сама бачыла. А як пройдзеш поўны курс па радыё, дык табе нават працу даюць. Работа добрая, чыстая і надзеі дае на будучыню. І зажывём мы ў горадзе, у кінатэатры будзем часта хадзіць, а я... я куплю сабе электрычны прас, а дзіцяці зусім новае прыданае. Коні кажа, прыданае купім новенькае... беленькае і... Ну ты ж бачыла ў каталогах, якое ёсць дзіцячае прыданае. На першым часе, пакуль Коні яшчэ вечарамі дома вучыцца будзе, нам, можа, і нялёгка давядзецца, але... калі ў мяне народзіцца дзіця, тады ён, магчыма, ужо скончыць вучобу і ў нас свая кватэра будзе. Ніякай ужо такой асаблівай нам не трэба, абы дзіцяці добра было... - Твар у Ружы Сарона разгарэўся ад хвалявання. - І яшчэ я падумала, можа, нам усім у горад пераехаць, і, калі ў Коні будзе свая майстэрня... Эл будзе працаваць у яго.

Маці не зводзіла вачэй з разрумяненага твару дачкі, з цікавасцю сачыла, як расце гмах яе планаў.

- Нам не хацелася б вас адпускаць, - сказала яна. - Сям'ю разбіваць нядобра.

Эл фыркнуў:

- Гэта каб я пайшоў працаваць на Коні? Можа, Коні на мяне папрацуе? Думае, акрамя яго, такога малайца, ніхто вечарамі вучыцца не здольны.

Маці раптам зразумела, што ўсё гэта адны мары. Яна зноў перавяла позірк на дарогу, села вальней, але слабая ўсмешка ў вачах згасла не адразу.

- Каб хоць ведаць, як бабка сябе адчувае, - праз нейкі час сказала яна.

Эл мацней абхапіў абаранак руля - у маторы пачуўся слабы стук. Ён даў большую скорасць, і стук зрабіўся гучнейшы. Тады ён перавёў запальванне на больш позняе, прыслухаўся, зноў прыбавіў скорасць і зноў прыслухаўся.

Стук перайшоў у металічны ляскат. Эл націснуў на сігнал і з'ехаў на край шашы. Грузавік наперадзе спыніўся і паволі даў задні ход. Паўз іх на захад прамчаліся тры легкавыя машыны, і кожная пасігналіла, а вадзіцель апошняй крыкнуў, высунуўшыся з акенца:

- Дзе ты стаў, чорт!

Том падвёў грузавік зусім блізка, вылез і пайшоў да машыны Эла. Усе, хто сядзеў на паклажы ззаду грузавіка, павярнуўшы галовы, пазіралі ўніз. Эл зноў пераставіў запальванне і прыслухаўся да матора, які працаваў на халастых абаротах.

- Ну што там у цябе? - запытаўся Том.

Эл прыбавіў абароты.

- Вось паслухай.

Заляскатала яшчэ мацней. Том прыслухаўся.

- Дай ранняе запальванне і збаў абароты, - сказаў ён, падняў капот і ўсунуў пад яго галаву. - Цяпер дай газу. - Ён зноў прыслухаўся і апусціў капот. - Так, здаецца, твая праўда, Эл.

- Шатунны падшыпнік?

- Па гуку падобна на тое, - адказаў Том.

- Я масла не шкадаваў, - недаўменна прамовіў Эл.

- Значыць, яно не даходзіць. Перасохла ўсё к чорту! Нічога не зробіш, трэба мяняць. Я праеду крыху наперад, знайду роўнае месца для стаянкі. А ты цішэй едзь. Не гані, а то зусім кардан сапсуеш.

Уілсан запытаўся:

- Кепскія справы?

- Радасці мала, - адказаў Том, вярнуўся да грузавіка і паволі паехаў наперад.

Эл не мог супакоіцца:

- Розуму не дабяру, чаму такое здарылася. Масла я падаваў удосталь. - Але ён ведаў, што вінаваты. Сам адчуваў, што даў маху.

Маці сказала:

- Віна не твая. Ты ўсё рабіў як след. - І нясмела папыталася: - Што-небудзь сур'ёзнае?

- Туды цяжка дабрацца, і трэба дастаць недзе новы падшыпнік ці гэты заліць бабітам. - Ён глыбока ўздыхнуў. - Добра, што Том тут. Я падшыпнікаў яшчэ ніколі не рамантаваў. Адна надзея на Тома.

Наперадзе збоч дарогі стаяў вялізны чырвоны рэкламны шчыт, ад якога падаў на зямлю шырокі доўгі цень. Том звярнуў машыну з шашы, пераехаў неглыбокі кювет і спыніў грузавік у цяні. Потым вылез з кабіны і стаў чакаць Эла.

- Цішэй, цішэй! - крыкнуў яму Том. - Не гані, вядзі асцярожна, а то яшчэ і рысору зламаеш.

Эл пачырванеў ад злосці і заглушыў матор.

- Ідзі ты к чорту! - крыкнуў ён. - Я падшыпніка не расплаўляў. А ты яшчэ кажаш - «і рысору зламаеш»!

Том ашчэрыўся ўсмешкай:

- Во завёўся. Я нічога такога сказаць не хацеў. Проста каб ты цераз кювет цішэй ехаў.

Асцярожна ведучы машыну па схілах кювета, Эл бурчаў:

- Яшчэ каму-небудзь у галаву ўваб'еш, што па маёй віне падшыпнік паляцеў. - Стук у маторы перайшоў ужо ў грукат. Эл накіраваў машыну ў цень і выключыў запальванне.

Том падняў капот і замацаваў яго.

- Пакуль не астыне, пачынаць нельга, - сказаў ён.

Усе пасажыры павылазілі з машын і збіліся ў кучку каля легкавушкі.

Бацька запытаўся:

- Вельмі сур'ёзна? - і прысеў на кукішкі.

Том павярнуўся да Эла:

- Калі-небудзь шатунныя падшыпнікі мяняў?

- Не, - адказаў Эл. - Ніколі не даводзілася. Але паддон знімаў.

Том сказаў:

- Трэба зняць паддон, потым шатун, раздабыць новы падшыпнік, падкласці пракладкі і падагнаць. Працы на цэлы дзень. Па падшыпнік давядзецца з'ездзіць назад у Санта-Росу. Да Альбукерка міль семдзесят пяць, не меней... А чорт, заўтра ж нядзеля! Нідзе нічога заўтра не купіш. - Усе маўчалі. Руці праціснулася да самай машыны і пільна ўзіралася пад адкінуты капот, стараючыся ўбачыць зламаную дэталь. Том ціха гаварыў: - Заўтра нядзеля. У панядзелак купім, а рамонт скончым, відаць, не раней як у аўторак. Без патрэбнага інструменту цяжка давядзецца. Работка яшчэ тая.

Па зямлі праплыў цень сарыча, і ўсе задралі ўгору галовы, пазіраючы на чорную птушку, што лунала ў паветры.

Бацька сказаў:

- Чаго я больш за ўсё баюся, дык гэта застацца пасярод дарогі без грошай. І есці ўсім трэба, і бензін, і масла купляць. Калі грошы кончацца, проста не ведаю, што рабіць будзем.

Уілсан сказаў:

- Бадай, я тут вінаваты. Няшчасная гэта разваліна ўсю дарогу мне жыць не давала. Вы і так шмат добрага нам зрабілі. Перакладзіце свае рэчы на грузавік і едзьце далей. Мы з Сэйры тут застанемся, што-небудзь прыдумаем. Не хочам, каб вы праз нас пацярпелі, хоць адзін з вас.

Бацька няспешна прагаварыў:

- Не, гэтак рабіць не будзем. Мы амаль парадніліся з вамі. Дзед у вашай палатцы памёр.

Сэйры стомлена прамовіла:

- Вам з намі адны турботы, адны турботы...

Том павольна скруціў цыгарку, агледзеў яе з усіх бакоў і запаліў. Зняў з галавы памятую кепку і выцер ёю лоб.

- Вось што я надумаў, - сказаў ён. - Можа, вам і не спадабаецца, але справа такая: чым хутчэй усе вы даберацеся да Каліфорніі, тым хутчэй грошы да вас пойдуць. Ход у легкавой машыны разы ў два хутчэйшы, чым у грузавіка. І вось я што прапаную: здыміце частку рэчаў з грузавіка, тады вы ўсе ў ім размесціцеся без мяне і прапаведніка, і - наперад. А мы з Кейсі застанемся тут, адрамантуем машыну і таксама паедзем. Ехаць будзем дзень і ноч і дагонім вас, а калі не дагонім, што ж, затое вы ўжо пры рабоце будзеце. Калі ж якая паломка ў дарозе ў вас здарыцца, не страшна, стаўце каля шашы палаткі і нас чакайце. Як добра ўсё абыдзецца, вы даедзеце да месца, працу знойдзеце, і грошы пойдуць. Кейсі мне з рамонтам дапаможа, мы ўсё зробім і да вас прыкацім.

Члены аб'яднанай сям'і задумаліся. Дзядзька Джон апусціўся на кукішкі побач з братам.

Эл запытаўся:

- А мая дапамога пры рамонце не патрэбна?

- Ты ж сам казаў, што ніколі шатунных падшыпнікаў не мяняў.

- Правільна, - пагадзіўся Эл. - Тут трэба моцную спіну мець. А прапаведнік, можа, і не захоча застацца з табою.

- Ну дык хто-небудзь іншы, мне ўсё адно, - сказаў Том.

Бацька паскроб указальным пальцам сухую зямлю.

- На маё разуменне, Том правільна кажа, -сказаў ён. - Усім тут заставацца ніякай карысці. А дацямна можна яшчэ міль пяцьдзесят зрабіць, а то і сто.

Маці з трывогай запыталася:

- А як вы знойдзеце нас?

- Шаша ж тут адна, - адказаў Том. - Шэсцьдзесят шостая - да самага канца. А там Бейкерсфілд. Я па карце глядзеў. Проста туды і прыедзеце.

- А калі ўжо ў Каліфорніі мы з яе дзе-небудзь збочым?

- Не хвалюйся, - супакоіў Том маці. - Мы вас знойдзем. Каліфорнія ж не на ўвесь свет.

- На карце яна страшэнна вялікая.

Бацька вырашыў параіцца з братам:

- Ну як, Джон, ёсць сэнс гэтак рабіць, га?

- Ёсць, - адказаў Джон.

- Містэр Уілсан, машына ваша. Вы нічога не маеце супраць таго, каб мой сын адрамантаваў тут яе, а потым прыгнаў вам?

- Не маю нічога, - адказаў Уілсан. - Вы ўжо зрабілі нам шмат добрага. Я вашаму сыну цалкам давяраю.

- Калі мы вас і не так хутка дагонім, што ж, вы паспееце ўжо дзе-небудзь на працу прыстроіцца і грошай крыху ў кішэню пакласці, - сказаў Том. - А што будзе, калі ўсе мы тут засядзем? Вады паблізу няма, машыну гэту з месца не скранеш. А вось, дапусцім, усе вы даедзеце і на работу ўладкуецеся. Грошы ў вас завядуцца, дамок нават, можа, які сабе купіце. Кейсі, ты як? Застаешся са мной, паможаш?

- Як вам, людзі, лепш, так я і зраблю, - адказаў Кейсі. - Вы мяне пасадзілі ў машыну, везлі. Я што заўгодна зраблю.

- Глядзі, застанешся - будзеш валяцца на спіне пад машынай, твар увесь маслам перамажаш, - папярэдзіў Том.

- Не страшна.

Бацька сказаў:

- Ну, раз цяпер усё ясна, давайце ў дарогу. Да начлегу можна яшчэ сотню міль выціснуць.

Маці ступіла крок і стала перад ім:

- Я не еду.

- Як гэта - не едзеш? Што гэта значыць? Якраз табе і трэба ехаць. Уся сям'я на табе. - Бацька не чакаў такога бунту.

Маці падышла да легкавой машыны, прасунула руку ў дзверцы, памацала пад заднім сядзеннем, выцягнула адтуль рычаг ад дамкрата і лёгенька ўзважыла яго ў руцэ.

- Я не еду, - паўтарыла яна.

- Кажу ж табе, трэба ехаць. Так вырашана.

Губы ў маці моцна сцяліся, і яна спакойна сказала:

- Мяне толькі сілай адсюль павязеш. - Яна зноў крыху павяла жалезным стрыжнем. - Глядзі, бацька, сораму не абярэшся. Біць сябе я не дазволю, плакаць і літасці прасіць не буду. Я табе так засвячу! Ці ты справішся са мной? А калі наб'еш, дык, бог сведка, я свайго часу дачакаюся - павернешся да мяне спінай ці на кукішкі дзе прысядзеш, я цябе ззаду вядром! Госпадам богам прысягаю, так будзе.

Бацька бездапаможна абвёў вачамі прысутных.

- Во расхрабрылася! - сказаў ён. - Ніколі яе такой яшчэ не бачыў.

Жалезны стрыжань злавесна пагойдваўся ў руцэ ў маці.

- Давай падыходзь! - сказала маці. - Ты ж ужо вырашыў. Падыходзь, бі. Ну, паспрабуй, што атрымаецца. Толькі я не паеду, а калі сілай пацягнеш, дык ты ніколі ўжо ўначы вока не звядзеш, бо я буду цярпліва чакаць, доўга чакаць, і як толькі сон стуліць табе павекі, я паленам - трах!

- Гэта ж трэба, якая баявая, - прабурчаў бацька. - Здаецца, і не маладая ўжо.

Астатнія моўчкі сачылі за гэтым бунтам. Пазіралі на бацьку, чакаючы, што ён вось-вось увойдзе ў злосць. Яны сачылі за яго рукамі, якія раптоўна маглі сціснуцца ў кулакі. Але бацька не даў волі гневу, рукі яго спакойна віселі па баках. І неўзабаве ўсе зразумелі, што маці перамагла. І сама яна зразумела гэта.

Том сказаў:

- Якая цябе, ма, муха ўкусіла? Навошта ты ўсё гэта распачала? Што з табой такое? Табе боязна за нас стала?

Твар у маці крыху палагаднеў, але ў вачах у яе яшчэ быў суровы бляск. Яна сказала:

- Вы вырашылі, а як след не падумалі. Што ў нас на свеце засталося? Нічога, толькі мы самі. Толькі сям'я і засталася, больш нічога. Ледзь з месца зрушылі, і дзед лёг у зямлю. А цяпер вось вы самі сям'ю разбіваеце.

Том усклікнуў:

- Мы ж вас дагонім, ма! Мы тут нядоўга затрымаемся.

Маці павяла рычагом ад дамкрата.

- Дапусцім, мы зробім прывал, а вы міма праедзеце, што тады? Дапусцім, прыехаўшы туды, мы не знойдзем, дзе вам вестку пакінуць, дык адкуль вы будзеце ведаць, дзе нас шукаць? - Памаўчаўшы, маці дадала: - Горкая нас чакае дарога. Бабка зусім хворая. Ляжыць там наверсе, на грузавіку, чаго добрага, за дзедам пойдзе. Сілы яе пакідаюць. Доўгая, горкая нас чакае дарога.

Умяшаўся дзядзька Джон:

- Але ж там можна грошай зарабіць. Паспелі б крыху нават і сабраць, пакуль астатнія пад'едуць.

Позіркі ўсіх зноў скіраваліся на маці. Цяпер яна была галоўная. Стырно ўлады перайшло да яе.

- Адны тыя грошы, што мы заробім, нам мала шчасця прынясуць. Самае дарагое, што ў нас ёсць, гэта сям'я. Калі ваўкі нападаюць на статак, каровы трымаюцца кучкай, ціснуцца адна да адной. Мне нічога не страшна, пакуль мы ўсе разам, - усе, хто жывы яшчэ, і разбіваць сям'ю я не дазволю. З намі Ўілсан, з намі прапаведнік. Калі яны захочуць ехаць, што я ім скажу? Але калі дзеці мае пачнуць адбівацца ад сям'і, дык мяне не ўтрымаеш, пушчу ў ход вось гэту жалезіну. - У голасе яе гучалі жорсткасць і рашучасць.

Том супакойліва сказаў:

- Тут нам, ма, усім нельга заставацца. Вады няма. І нават ценю мала. А бабку ж трэба ў цяні пакласці.

- Ну што ж, добра, - сказала маці, - паедзем далей. Спынімся там, дзе будзе цень і вада. Грузавік вернецца і павязе цябе ў горад. Купіш там тое, што трэба, і на грузавіку прыедзеш назад. Не тупаць жа пеша ў такую спёку. І наогул аднаго цябе я не адпушчу - раптам арыштуюць, а заступіцца не будзе каму.

Том падціснуў губы і гучна цмокнуў. Бездапаможна развёў рукамі і ляпнуў сябе па бёдрах.

- Та, - сказаў ён, - калі б ты падхапіў яе з аднаго боку, а я з другога, а астатнія навалілся б на яе ўсёй кучай ды яшчэ бабка скочыла б на яе зверху, тады мы, можа, і справіліся б з ёю, перш чым яна ўлажыла б гэтай жалязякай, ну там двух ці трох з нас, не больш. Але ж табе, зразумела, не хочацца дзірку ў галаве атрымаць, а мама, глянь, як кіпіць. Ого, на што здольны адзін, але рашучы чалавек - цэлы натоўп раскідае. Перамога за табой, ма. Толькі штучку гэтую кінь, пакуль каго-небудзь не пакалечыла.

Маці са здзіўленнем глянула на жалезны рычаг у руцэ, пальцы яе ўздрыгнулі, і яна кінула сваю зброю на зямлю. Том з падкрэсленай асцярогай падняў рычаг ад дамкрата і паклаў на ранейшае месца.

- Ты, тата, выпусці пару, ты, Эл, саджай усіх на грузавік, знайдзі месца для прывалу, дапамажы і вяртайся сюды. А мы з прапаведнікам знімем паддон. Пабачым, як работа пойдзе, можа, яшчэ дацямна зганяем у Санта-Росу і дастанем там шатунны падшыпнік. Магчыма, і ўдасца - яшчэ ж субота. Толькі давай не марудзь, каб нам паспець. Прынясі з грузавіка развадны ключ і пласкагубцы. - Том прасунуў руку пад ніз машыны і памацаў замаслены паддон. - І яшчэ дай мне сюды бляшанку якую ці вядро - я масла спушчу. Яго трэба берагчы. - Эл прынёс вядро, Том падставіў яго пад машыну і пласкагубцамі аслабіў каўпачок. Пакуль ён адкручваў яго пальцамі, чорнае масла залівала яму руку, а потым бясшумным струменем хлынула ў вядро. Да таго часу, як налілася палова вядра, Эл паспеў ужо ўсіх пасадзіць на грузавік. Запэцканы маслам Томаў твар вызірнуў між двух колаў легкавой машыны. - Хутчэй вяртайся! - крыкнуў Том і пачаў адкручваць балты паддона. Грузавік тым часам асцярожна пераехаў неглыбокі кювет і пайшоў па шашы. Балты Том адкручваў па чарзе толькі на адзін абарот, каб не папсаваць пракладкі. Прапаведнік апусціўся каля колаў на калені.

- А мне што рабіць?

- Пакуль што нічога. Сцячэ масла, я выкручу балты, і ты паможаш мне апусціць паддон. - Том зусім запоўз пад машыну, аслабляючы балты развадным ключом і выкручваючы іх пальцамі. Бакавыя балты ён адкруціў не да канца, каб паддон не зваліўся. - Зямля тут, пад машынай, яшчэ гарачая, - зазначыў Том і запытаўся: - Што гэта ты, Кейсі, апошнія дні такі маўклівы стаў? Чаму? Калі мы з табой першы раз стрэліся, ты ледзь не кожныя паўгадзіны прамовы гаварыў. А за гэтыя два дні і дзесяці слоў не вымавіў. Што з табой - занудзіўся?

Кейсі ляжаў на жываце, зазіраючы пад машыну. Зарослы рэдкай шчэццю падбародак апіраўся на тыльны бок рукі. Капялюш ссунуўся на патыліцу, прыкрыўшы ззаду шыю.

- Я на ўсё жыццё нагаварыўся, як быў прапаведнікам, - сказаў ён.

- Ну так, але ж часам ты слушна гаварыў.

- Я ўвесь растрывожаны, - сказаў Кейсі. - Калі быў прапаведнікам, я надта не задумваўся, а цяпер вось дайшло: здорава распуснічаў я тады. А цяпер, раз я не буду больш прапаведаваць, мне трэба ажаніцца. Ведаеш, Томі, вельмі ўжо кроў зайграла.

- У мяне таксама, - сказаў Том. - У той дзень, як я выйшаў з Макалестара, я проста дыміўся. Падчапіў нейкую дзеўку, шлюху. Што потым было, табе не скажу. Гэтага я нікому сказаць не магу.

Кейсі засмяяўся:

- Што было потым, я ведаю. Неяк раз я адышоў у пустыню папасціцца, а калі выйшаў, са мной тое самае было.

- Чорт ведае што! - сказаў Том. - Грошай я не патраціў ні цэнта, але дзеўцы той здорава дасталося. Відаць, падумала, я чокнуты. Трэба было, безумоўна, заплаціць. Толькі ў мяне за душой нічога не было, акрамя пяці зялёненькіх. Яна сказала, што грошай ёй не трэба. Ну, залазь сюды, трымай. Зараз я яго выслабаню. Ты адкруці вось гэты болт, а я той, што з майго боку, тады пойдзе лёгка. Асцеражней з пракладкай. Цяпер увесь цалкам і выйдзе. Стары «додж» - усяго чатыры цыліндры. Ужо раз неяк такі разбіраў. Карэнныя падшыпнікі вялізныя, як мускатныя дыні. Ну апускай... мацней трымай. Прасунь руку, там пракладка задзёрлася... лягчэй. Ну вось! - Замаслены паддон ляжаў між імі на зямлі, і ў карытцах яго яшчэ заставалася крыху масла. Том выняў з аднаго карытца кавалак бабіту. - Вось, - сказаў ён і пакруціў абломак пальцамі. - Вал стаіць каленам угору. Там, ззаду, у машыне завадная ручка, вазьмі яе. Пакруці, пакуль я не крыкну.

Кейсі падняўся, знайшоў завадную ручку і прыладзіў да матора.

- Ну, можна?

- Давай крутні... цішэй... яшчэ трохі... яшчэ крышачку, ага, вось... Хопіць.

Кейсі апусціўся на калені і зазірнуў пад машыну. Том пабразгаў шатунным падшыпнікам па каленчатым вале.

- Так яно і ёсць.

- А чаму, па-твойму, гэта здарылася? - пацікавіўся Кейсі.

- Чорт яго ведае. Драндулет гэты гадоў ужо трынаццаць па дарогах бегае. На спідометры шэсцьдзесят тысяч міль накручана. Значыць, на самай справе тысяч сто шэсцьдзесят - колькі разоў лічбы назад пераводзілі, аднаму богу вядома. Моцны перагрэў - можа, хто з маслам недагледзеў ці яго проста не хапіла. - Том выцягнуў шплінты і захапіў ключом адзін з балтоў, што трымалі падшыпнік. Рэзка павярнуў ключ, і ён сарваўся з галоўкі балта. На тыльным баку рукі з'явіўся доўгі і глыбокі парэз. Том глянуў на ранку - з яе выступіла кроў і, змешваючыся з маслам, закапала ў паддон.

- Дрэнь справа, - сказаў Кейсі. - Дай я буду адкручваць балты, а ты чым-небудзь рану завяжы.

- А, дробязь! Яшчэ ніколі не бывала, каб я разок не параніўся, калі з машынай важдаюся. Цяпер ужо больш няма чаго баяцца. - Том зноў прыладзіў ключ. - Шкада, тарцовага няма, - сказаў ён і, пастукваючы асновай далоні па дзяржанні ключа, адзін за адным аслабіў усе балты на падшыпніку, выцягнуў іх і паклаў у паддон разам са шплінтамі і балтамі ад паддона. Зняў шатун з поршнем і таксама паклаў у паддон. - Ну, дзякуй богу! - Том вылез з-пад машыны, абцёр руку аб мешкавіну і агледзеў рану. - Свішча, сволач! - сказаў ён. - Зараз спынім. - Ён памачыўся, згроб з зямлі жменю мокрага пяску і прыклаў да раны. Неўзабаве кроў спынілася. - Лепшага сродку спыніць кроў няма, - сказаў Том.

- Павуцінне таксама памагае, - зазначыў Кейсі.

- Правільна, але павуціння не заўсёды дастанеш, а мачу - калі заўгодна. - Том сеў на падножку і пачаў разглядаць расплаўлены падшыпнік. - Цяпер каб знайсці дзе «додж» дваццаць пятага года. Знімем з яго шатун з пракладкамі і, можа, наладзім. А Эл, пэўна, заехаў чорт ведае куды.

Цень ад рэкламнага шчыта выцягнуўся цяпер футаў на шэсцьдзесят. Ужо было далёка за поўдзень. Кейсі таксама сеў на падножку і паглядзеў на захад.

- Хутка мы апынемся сярод высокіх гор, - прамовіў ён і змоўк. Потым паклікаў:

- Том!

- Што?

- Я, Том, увесь час прыглядаўся да машын - да тых, якія мы абміналі, і да тых, што ехалі паўз нас. Я лічыў.

- Што ты лічыў?

- Том, гэта ж такія самыя сем'і, як ваша, цэлымі сотнямі на захад едуць. Я пільна сачыў. На ўсход ніхто не едзе - усе, цэлымі сем'ямі, толькі на захад. Заўважыў?

- Ну заўважыў.

- Дык яны ж... быццам... быццам ад войска якога ўцякаюць. Як быццам уся краіна знялася з месца.

- Яно так і ёсць, - пагадзіўся Том. - Уся чыста знялася. Мы таксама кінулі свой дом.

- Ну, а што будзе, калі... калі людзі гэтыя... і яны, і ўсе іншыя працы там не знойдуць, што тады?

- Ідзі ты да д'ябла! - гаркнуў Том. - Адкуль мне ведаць, што будзе? Я адно толькі ведаю - ногі перастаўляць, спачатку адну наперад, потым другую. Гэтак і ў Макалестары рабіў чатыры гады запар - у камеру, з камеры, у сталоўку, са сталоўкі... Госпадзі, а як я спадзяваўся, што на волі ўсё будзе іначай! У турме стараўся ні пра што не думаць, каб мазгі не перакруціліся, і цяпер таксама ні пра што думаць не хачу. - Том павярнуўся да Кейсі. - Вось падшыпнік расплавіўся. Мы гэтага не ведалі, і нам было спакойна. Цяпер мы ўбачылі - паляцеў, што ж, адрамантуем. І, далібог, гэтак трэба заўсёды рабіць. Я дарэмна хвалявацца не буду. Не хачу. Во, бачыш, кавалак жалеза і бабіт? Бачыш? Вось і ўвесь мой клопат, больш мяне нічога на свеце не турбуе... Куды гэта, чорт, Эл праваліўся?

Кейсі сказаў:

- Не, Том, ты паслухай... Што за ліха! І словы нават патрэбныя на язык не ідуць...

Том зняў засохлую гразь з рукі, кінуў на зямлю. Па краях ранкі засталася брудная палоска. Том перавёў позірк на прапаведніка.

- Ты, я бачу, настройваешся на прамову, - сказаў ён. - Што ж, давай. Люблю слухаць прамовы. У нас там наглядчык безупынна красамоўнічаў. Нам шкоды ніякай, а яму ўцеха. Ну давай, выкладвай, што там у цябе.

Адной рукой Кейсі пашчыкваў вузлаватыя пальцы другой.

- Нешта творыцца ў краіне, народ заварушыўся. Людзі, як ты кажаш, перастаўляюць па чарзе ногі і не задумваюцца, куды ідуць, але дарога ў іх адна, ва ўсіх адна. Як прыслухаешся, чуеш нейкі рух, таемнае шастанне, шоргат і... і нейкі неспакой. Нешта творыцца ў краіне, і людзі, тыя, каго гэта тычыцца, нічога яшчэ не ведаюць... пакуль што не ведаюць. Народ зрушыў з месца, кіруе на Захад... пакідае за сабой пустыя фермы. Усё гэта немінуча прывядзе да нечага такога, што пераменіць усю краіну.

Том сказаў:

- Я адно ведаю: перастаўляю па чарзе свае хадулі.

- Так. Ну, а калі табе страчаецца загарадзь, ты і цераз яе палезеш?

- Чаму ж не? Калі трэба, палезу.

Кейсі ўздыхнуў:

- Бадай, гэтак лепей. Я згодзен з табою. Але ж загарадзі бываюць розныя. І людзі розныя. Ну накшталт мяне: загарадзі яшчэ не паставілі, а яны ўжо лезуць... іначай не могуць.

- Ці не Эл гэта едзе? - ажывіўся Том.

- Ага, відаць, Эл.

Том падняўся на ногі, загарнуў шатун і абедзве часткі падшыпніка ў кавалак мешкавіны.

- Вазьму з сабой за ўзор, каб не памыліцца, - сказаў ён.

Грузавік спыніўся на краі шашы. Эл высунуўся з акенца.

Том сказаў:

- Дзе цябе чэрці насілі? Далёка заехалі?

Эл уздыхнуў.

- Зняў шатун?

- Ага. - Том падаў яму скрутак. - Бабіт паляцеў.

- Я тут ні пры чым, - сказаў Эл.

- Ясна. Куды ты іх завёз?

- О, у нас там такое! Бабка раптам зараўла, і Разашарна таксама, на яе гледзячы. Уткнула галаву пад падушку і плача. Бабка рот разявіла і вые, як сабака на месяц. Быццам дае яму прачуханца. Ага, вось бацька загадаў не адказвае, нікога не пазнае. Толькі нешта балбоча і балбоча, быццам да дзеда звяртаецца.

- Дзе ты іх пакінуў?

- Мы да лагера пад'ехалі. Там і цень ёсць, і вада водаправодная. За дзень стаянкі паўдаляра бяруць. Але ўсе так стаміліся, проста з ног валіліся, і мы вырашылі застацца там. Ма кажа: што зробіш - бабка зусім нямоглая. Раскінулі палатку Ўілсана, наш брызент таксама нацягнулі. Бабка, думаю, зусім з розуму выжыла.

Том паглядзеў на сонца, якое ўжо прыкметна хілілася на захад.

- Кейсі, -сказаў ён, - каму-небудзь аднаму трэба застацца пры машыне, а то з яе ўсё здзяруць. Ты як?

- Добра, застануся.

Эл узяў з сядзення папяровы мяшочак.

- Во мама прыслала хлеба з мясам, і ў мяне яшчэ тут збан з вадой ёсць.

- Яна нікога не забудзе, - сказаў Кейсі.

Том залез у кабіну да Эла.

- Значыць, так, - сказаў ён. - Мы пастараемся як найхутчэй вярнуцца. Але загадзя не скажаш калі.

- Я буду тут, - сказаў Кейсі.

- Добра. Толькі не выступай тут сам перад сабой. Паехалі, Эл. - Грузавік рушыў па шашы. Вечарэла. - Добры ён хлопец, - сказаў Том. - Увесь час усё думае, усё думае...

- Што ж, каб ты быў прапаведнікам, і табе б давялося. А наш бацька ўвесь ажно кіпіць ад злосці - пяцьдзесят цэнтаў толькі за тое, каб машыну паставіць пад дрэва! Ніяк у толк узяць не можа. Сядзіць, лаецца. Хутка, кажа, паветрам у бочках пачнуць гандляваць. А мама яму: бабцы трэба паляжаць у цяні і каб вада была блізка.

Грузавік з грукатам ехаў па шашы: цяпер, калі з яго знялі паклажу, усё ў ім ляскатала і бразгала - барты, абрэзаны кузаў. Ён ішоў хутка і лёгка. Эл даў скорасць трыццаць восем міль у гадзіну, матор тарахцеў, праз шчыліны ў дне кабіны прабіваўся шызы дымок.

- Збаў трохі, - сказаў Том. - Перапаліш усё чыста. А што ж гэта з бабкай?

- Не ведаю. Памятаеш, апошнія два дні яна дулася на ўсіх, ні з кім слова не прамовіла? А цяпер крычыць, усё балбоча нешта, усё роўна як да дзеда звяртаецца. Гэта яна на яго крычыць. Хоць вушы затыкай. Быццам ён на самай справе сядзіць перад ёю і ўхмыляецца, як калісьці, - пачухваецца і ўхмыляецца. Яна нібы бачыць: вось ён сядзіць. Быццам дае яму прачуханца. Ага, вось бацька загадаў перадаць табе на ўсякі выпадак дваццаць даляраў. Не ведаю, колькі спатрэбіцца. Раней ты калі бачыў, каб ма так накінулася на яго, як сёння?

- Нешта не прыпомню. Што і казаць, добры я выбраў час выходзіць з турмы. Вярнуўся, думаў, дамоў, пашвэндаюся на волі, спаць позна буду, есці колькі ўлезе. Гуляць буду, на вечарынках скакаць, за спадніцамі бегаць. А выйшла так, што на гэта і хвілінкі вольнай няма.

Эл сказаў:

- Я і забыўся. Ма шмат чаго загадала табе перадаць: каб ты не піў, у спрэчкі не ўвязваўся, біцца ні з кім не лез. Баіцца, каб цябе ў турму зноў не запраторылі.

- Ёй і без мяне клопатаў хапае, я падбаўляць не буду, - сказаў Том.

- Ну, куфлі два ўсё-такі вып'ем? Жах, як піва захацелася.

- Не варта, - сказаў Том. - Калі бацька даведаецца, што мы патраціліся на піва, пер'е з нас паляціць.

- Але паслухай, Том. У мяне свае шэсць даляраў ёсць. Вып'ем і пойдзем да дзяўчат. Ніхто пра гэтыя грошы не ведае. Эх, і пагулялі б мы з табой!

- А ты сваю касу прыберажы, - сказаў Том. - Вось прыедзем на ўзбярэжжа, мы з табой такога жару зададзім! Можа, калі ўжо працаваць будзем... - Ён глянуў на Эла. - А я і не ведаў, што ты да дзяўчат ходзіш. Думаў, ты проста так, на словах.

- Тут я нікога не ведаю. І наогул, калі будзем вось так матацца па дарогах, не іначай, жаніцца прыйдзецца. Вось толькі каб у Каліфорнію прыехаць, я там пакажу!

- Добра было б, - сказаў Том.

- Ты ўжо, здаецца, веру страціў.

- Страціў я веру.

- Калі ты забіў таго чалавека... табе потым не снілася... ці што-небудзь такое? Ты мучыўся?

- Не.

- І ніколі пра гэта не думаў?

- Думаў. Мне шкада яго было.

- А ты не каяўся?

- Не. Я за гэта сядзеў. Сядзеў жа я, ніхто іншы.

- Вельмі там... кепска было?

Том занерваваўся:

- Паслухай, Эл. Я свой тэрмін адседзеў, і канец. Няма чаго ўвесь час вяртацца ў мінулае. Вунь там рэчка, а за ёю горад. Давай дастанем шатун, і к чорту ўсё астатняе.

- Маці душы ў табе не чуе, - сказаў Эл. - Так ужо гаравала, так гаравала, калі цябе пасадзілі. І ўсё ўпотайкі. Быццам слёзы ў яе ў горле захрасалі. Але мы ўсё роўна разумелі, што з ёю творыцца.

Том ссунуў кепку на самыя вочы.

- Паслухай, Эл, давай пра што іншае пагаворым.

- Я проста расказваю, што з маці было.

- Яно так... яно так... Але ж лепш пра гэта не думаць. Лепш... знай сабе - перастаўляй па чарзе ногі.

Эл пакрыўджана змоўк.

- Я проста хацеў расказаць табе, - прамовіў ён праз хвіліну.

Том зірнуў на яго, але Эл глядзеў на дарогу. Парожні грузавік з грукатам падскокваў на няроўнасцях шашы. Доўгія губы Тома саслізнулі з зубоў, і ён ціха засмяяўся.

- Я разумею, Эл. Відаць, у мяне ў галаве ўсё перамяшалася ад турмы. Калі-небудзь я раскажу табе, можа, усё. Табе проста, разумееш, хочацца ведаць. Цікавасць разбірае. Але ў мяне цяпер адно жаданне - забыцца на ўсё гэта хоць на хвілінку. Можа, потым будзе ўсё інакш. А цяпер, як прыгадаю, усе кішкі перакручваюцца і мне моташна робіцца. Я табе, Эл, адно толькі скажу: турма - гэта сродак паволі звесці чалавека з розуму. Ясна? Там усе ненармальныя. Ты іх бачыш, чуеш і неўзабаве пачынаеш ужо сумнявацца, нармальны ты сам ці не. Іншы раз узнімуць немы крык ноччу, а табе здаецца, гэта ты крычыш... і так і сапраўды бывае.

Эл сказаў:

- Не буду больш, Том.

- Трыццаць дзён - гэта нічога, - гаварыў далей Том. - І паўгода таксама нічога. А калі пераваліць за год, тады... не ведаю. Гэта ні з чым на свеце параўнаць нельга. Так нельга рабіць, наогул нельга садзіць людзей пад замок. Ды к чорту ўсё гэта! І гаварыць не хачу. Глянь, як сонца гарыць на вокнах.

Грузавік пад'ехаў да выстраеных у рад заправачных калонак; справа ад дарогі быў склад аўтамабільнага лому - участак плошчай у акр, абнесены высокай агароджай з калючага дроту; бліжэй да дарогі - павець з рыфленага жалеза і груда езджаных шын каля ўвахода, на якіх былі напісаны цэны. За павеццю віднелася халупа, збітая з рознага ламачча - абрэзкаў дошак і кавалкаў бляхі. Вокны - ветравое шкло ад машын, устаўленае ў сцены. На зарослай травой зямлі - аўтамабільны лом: машыны з пакарабачанымі, памятымі радыятарамі, зраненыя машыны ляжалі на баку без колаў. Паўсюль на траве і каля сцяны павеці валяліся ржавыя маторы, узвышаліся груды хламу - крылы, барты грузавікоў, колы, восі; і над усім гэтым лунаў дух тла, цвілі і ржы. Пакарабачанае жалеза, напаўвыпатрашаныя рухавікі, кучы рознай непатрэбшчыны, падабранай на дарогах.

Эл пад'ехаў па залітай маторным маслам дарожцы да павеці. Том вылез з кабіны і зазірнуў у цёмны праём дзвярэй.

- Нікога не відаць, - сказаў ён і гукнуў: - Ёсць тут хто-небудзь?

- Хоць бы знайшоўся ў іх «додж» дваццаць пятага года.

У глыбіні павеці бразнулі дзверы. Са змроку выйшаў чалавек, падобны на прывід. Кашчавы, брудны, з запэцканым маслам жылістым тварам, туга абцягнутым скурай. Аднаго вока ў яго не было, а калі ён паводзіў другім, здаровым, мускулы пустой вачніцы паторгваліся. Джынсы і кашуля на ім ільсніліся ад засохлага масла; рукі былі ўсе ў ранках і рубцах; тоўстая ніжняя губа злавесна выступала наперад.

Том запытаўся:

- Вы гаспадар?

Адзінае вока бліснула ў яго бок.

- Я працую на гаспадара, - буркнуў ён у адказ. - А што трэба?

- Які-небудзь разбіты «додж» дваццаць пятага ў вас ёсць? Нам патрэбен шатун.

- Не ведаю. Каб быў гаспадар, ён сказаў бы. Але яго цяпер няма. Дадому паехаў.

- А самім можна глянуць?

Чалавек смаркнуў у далонь і абцёр яе аб штаны.

- Вы з гэтых краёў?

- Не, з Усходу. На Захад едзем.

- Ну пашукайце. Хоць двор увесь спаліце, мне што.

- Ты, я бачу, не вельмі гаспадара свайго любіш.

Валочачы ногі, чалавек падышоў бліжэй і зноў бліснуў сваім адзіным вокам.

- Цярпець яго не магу, - вымавіў ён ціха. - Цярпець не магу гэту сволач! Цяпер во дамоў падаўся. Паехаў сабе дадому. - Словы вывальваліся з яго вуснаў, налятаючы адно на адно. - Такую прывычку сабе завёў... такую прывычку чапляцца і дражніцца. Ён... ён сволач! Дачка ў яго, дзевятнаццаць гадоў, прыгожанькая з твару. Дык ён пытаецца: «Як ты наконт таго, каб ажаніцца з ёю?» Гэта ён у мяне пытаецца! А сёння кажа: «Вечарам танцы будуць. Ну як, пойдзеш?» Гэта ён мне кажа - мне! - На вачах у яго выступілі слёзы, пакаціліся з пустой чырвонай вачніцы па шчацэ. - Далібог, калі-небудзь вазьму і схаваю трубны ключ у кішэні. Такое мне гаворыць і на маё выбітае вока зырыцца. Я... я гэтым ключом галаву яму адкручу... накіну і проста з шыі скручу, гэтак лёгенька буду паварочваць. - Ён задыхаўся ад шаленства. - Лёгенька паварочваць буду і з шыі скручу.

Сонца схавалася за горы. Эл паглядзеў на двор, завалены разбітымі машынамі.

- Вунь, Том, глянь! Здаецца, «додж» дваццаць пятага ці дваццаць шостага.

Том павярнуўся да аднавокага:

- Зірнуць можна?

- Чорт з вамі, бярыце што трэба.

Прабіраючыся між мёртвых аўтамабіляў, Том з Элам накіраваліся да закрытай іржавай машыны, што стаяла на спушчаных шынах.

- Так і ёсць, дваццаць пятага! - усклікнуў Эл. - Зняць паддон можна, містэр?

Том апусціўся на калені і зазірнуў пад машыну.

- Ужо зняты. Аднаго шатуна няма. Ага, ужо няма. - Ён запоўз пад машыну. - Эл, вазьмі ручку і пакруці. - Ён пахістаў шатун на валу. - Усё застылым маслам залеплена. - Эл паціху паварочваў завадную ручку. - Цішэй! - крыкнуў Том. Ён падабраў з зямлі трэску і саскроб з падшыпніка і балтоў засохлае масла.

- Моцна расхістаўся? - запытаўся Эл.

- Не, толькі крышачку, не страшна.

- Вельмі зношаны?

- Пракладкі ёсць, амаль усе. Ага, парадак. Яшчэ крышачку крутні. Зараз апусціцца, цішэй! Ага, вось, хопіць. Цяпер збегай да грузавіка, ключ прынясі.

Аднавокі сказаў:

- Я дам вам скрынку з інструментам. - Ён зашкандыбаў паміж іржавых машын да павеці і неўзабаве вярнуўся з бляшанай скрынкай. Том узяў з яе тарцовы ключ і перадаў Элу.

- Адкручвай. Толькі пракладак не згубі, не пазрывай балтоў, са шплінтамі асцеражней. Не марудзь, хутка зусім сцямнее.

Эл падлез пад машыну.

- Абавязкова трэба абзавесціся тарцовымі ключамі, - пачуўся голас знізу. - З развадным ні да чога не дабярэшся.

- Пакліч, калі адзін не справішся.

Аднавокі з бездапаможным выглядам стаяў каля машыны.

- Я падмагу, калі трэба, - сказаў ён. - А ведаеце, што гэты сукін сын яшчэ прыдумаў? Прыходзіць раз у белых штанах і кажа мне: «Хадзем пакатаемся на маёй яхце». Далібог, я трахну яго калі-небудзь. - Ён цяжка дыхаў. - З тае пары, як я вока страціў, у мяне не было ніводнай жанчыны. А ён мне такое гаворыць! - І буйныя слёзы пацяклі з яго вачэй, прамываючы баразёнкі на брудным твары каля носа.

Том з раздражненнем сказаў:

- Дык чаму ж ты тут тырчыш? Цябе ж пад вартай ніхто не трымае.

- Табе лёгка казаць. Не так проста работу знайсці, ды яшчэ калі ў цябе аднаго вока няма.

Том крута павярнуўся да яго:

- Слухай, дружа. Ты хоць гэтым сваім адным вокам на сябе паглядзі. Ты брудны ўвесь, ад цябе смярдзіць. Сам нарываешся на непрыемнасці. Табе так хочацца. А потым сам сябе шкадуеш. Дзе табе, сляпому, думаць пра жанчын. Хоць павязку начапі, твар памый. Выкінь з галавы - ніякім ты ключом нікога не заб'еш.

- Пажыў бы ты сам з адным вокам. І бачыш не так, як усе, і адлегласць правільна не вызначыш - не можаш. Усё плоскім здаецца.

Том сказаў:

- Галава ты яловая! Я вось шлюху ведаў адну без нагі. Дык, думаеш, яна па дзяшоўцы давала? Ого! Дзе там! Ёй яшчэ звыш паўдаляра прыплочвалі. Яна казала: «Ці шмат табе разоў даводзілася з аднаногай спаць? Ні разу! Ну вось, кажа, атрымаеш асаблівае задавальненне, а каштаваць табе гэта будзе ўсяго на паўдаляра больш». І плацілі, далібог, праўда, і нават лічылі яшчэ, што ім пашанцавала. Запэўнівалі, што гэта ўдачу прыносіць. А яшчэ гарбуна ведаў... у адным месцы. Зарабляў сабе на жыццё тым, што даваў пакратаць свой горб за грошы. Гэта таксама нібыта ўдачу прыносіла. А ў цябе ж, госпадзі, аднаго толькі вока няма.

Аднавокі, запінаючыся, сказаў:

- Дык жа ж усе цябе староняцца, нехаця такім станеш.

- А ты завяжы чым-небудзь вока. А то выстаўляеш усім напаказ, як карова задніцу. Вельмі любіш шкадаваць самога сябе. А з табой нічога ж такога. Штаны сабе белыя купі. Ты, відаць, найболей п'яны ў ложку валяешся і плачаш. Эл, табе памагчы?

- Не, - пачуўся адказ. - Падшыпнік я ўжо зняў. Хачу поршань ссадзіць.

- Галавой не стукніся.

Аднавокі ціха прамовіў:

- Думаеш... я магу яшчэ... каму-небудзь спадабацца?

- Абавязкова, - адказаў Том. - Кажы ўсім, што пасля таго, як ты страціў вока, у цябе нешта іншае добра адрасло.

- Куды вы, хлопцы, едзеце?

- У Каліфорнію. Усёй сям'ёй. Думаем на працу там прыстроіцца.

- А як па-твойму, такому, як я, работа там знойдзецца? У мяне ж будзе чорная павязка.

- Чаму не? Ты ж не калека.

- Дык... можа, вы падвезяце мяне?

- О не! Мы самі так напакаваліся, што ледзь валачомся. Знайдзі нейкі іншы спосаб. Прывядзі да ладу якую-небудзь з гэтых развалін і едзь.

- Што ж, магчыма, так і зраблю, далібог.

Пад машынай нешта бразнула.

- Гатова, - пачуўся голас Эла.

- Дык вылазь, паглядзім.

Эл падаў Тому поршань з ніжняй галоўкай падшыпніка. Том працёр бабітавую паверхню і ўважліва агледзеў падшыпнік.

- Здаецца, усё ў парадку, - сказаў ён. - Каб быў у нас ліхтар, мы сёння і паставілі б.

- Ведаеш, Том, пра што я падумаў? - сказаў Эл. - У нас няма заціскачкі. І паваждаемся ж мы з кольцамі, асабліва з ніжнімі, пакуль поршань уставім!

Том сказаў:

- Мне неяк раз параілі абкруціць кольцы тонкім латунным дротам, і ён зацісне.

- А як яго потым зняць?

- Знімаць не трэба. Сам расплавіцца.

- Тады лепш медны.

- Медзь слабейшая, - сказаў Том і павярнуўся да аднавокага: - У цябе знойдзецца тонкі латунны дрот?

- Хто яго ведае. Здаецца, адна шпуля недзе валяецца. А дзе, па-твойму, можна дастаць такую павязку на вока?

Шпулю яны знайшлі ў павеці, пакапаўшыся ў скрынях. Том уставіў шатун у ціскі і старанна абкруціў дротам поршневыя кольцы, заганяючы іх глыбей у пазы; там, дзе дрот быў сагнуты, падраўняў яго малатком, потым, паварочваючы поршань, лёгенька пастукваў па ўсёй паверхні, каб дрот нідзе не выпіраў. Нарэшце правёў па поршні пальцам, правяраючы, ці ўсё легла ўпоравень з паверхняй поршня. У павеці хутка цямнела. Аднавокі прынёс кішэнны ліхтарык і накіраваў прамень святла на ціскі.

- Ну вось, гатова! - сказаў Том. - Паслухай, колькі возьмеш за ліхтарык?

- Ён ужо добра выгараў. За новую батарэйку я заплаціў пятнаццаць цэнтаў. Ну бяры ўсё за... трыццаць пяць.

- Згодзен. А колькі з нас за шатун з поршнем?

- Проста не ведаю, што вам сказаць. Калі б гаспадар тут быў, ён праверыў бы па прэйскуранту, колькі каштуе новая запчастка, і, пакуль ты тут важдаешся, паспеў бы выведаць, ці сур'ёзна ты засеў і колькі ў цябе манеты, і за тое, што па прэйскуранту каштуе восем зялёненькіх, запрасіў бы пяць. Пачнеш таргавацца, да трох збавіць. Вось ты ва ўсім мяне вінаваціш, але ж, далібог, ён сволач. Бачыць, што табе да зарэзу трэба. Бывае, за дыск счаплення здзярэ больш, чым уся машына яму каштавала.

- Во як! Ну, а ўсё-такі, колькі з мяне?

- Каля даляра, думаю.

- Добра. І яшчэ за тарцовы ключ чвэрць даляра дам. З ім удвая лягчэй пойдзе. - Том перадаў аднавокаму грошы. - Дзякуй. А вока сваё чым-небудзь прыкрый.

Том з Элам селі ў машыну. Было ўжо зусім цёмна. Эл запусціў матор і ўключыў фары.

- Ну, бывай, - крыкнуў Том. - Можа, у Каліфорніі ўбачымся. - Грузавік развярнуўся на шашы і паехаў.

Аднавокі пастаяў, пазіраючы яму ўслед, потым пайшоў цераз павець у сваю халупку. Там было цёмна. Ён вобмацкам прабраўся да матраца на падлозе, лёг і заплакаў, а машыны, што з віскатам праносіліся па шашы, толькі шчыльнейшымі рабілі сцены яго адзіноты.

Том сказаў Элу:

- Калі б ты мне напачатку сказаў, што мы дастанем гэту штуковіну і сёння ж паставім, я цябе вар'ятам абазваў бы.

- Сёння абавязкова скончым, - сказаў Эл. - Толькі ты сам усё рабі. Я баюся, зацягну падшыпнік крыху тужэй, ён расплавіцца, недацягну - стукаць будзе.

- Пастаўлю, - сказаў Том. - Паляціць дык паляціць. Што зробіш.

Эл углядаўся ў густы змрок. Святла фар было недастаткова, каб разагнаць яго; спераду, на дарозе, трапіўшы на імгненне ў прамень рэфлектара, зялёным агнём бліснулі вочы кошкі, што выйшла на начное паляванне.

- А здорава ты яго прапясочыў, - сказаў Эл. - Управіў яму мазгі.

- Сам, дурань, напрасіўся. Усё пад'юджвае сябе, ные, усе свае беды звальвае на вока. Абібок, неахайнік. Можа, і возьмецца за розум, калі зразумее, што людзі наскрозь яго бачаць.

- Я, Том, не вінаваты, што падшыпнік згарэў.

Хвіліну памаўчаўшы, Том адказаў:

- У мяне проста рукі свярбяць на цябе, Эл. Заладзіў адно і тое, баішся, што цябе будуць лічыць вінаватым. Але не станавіся ў позу, калі цябе не чапаюць. І ўсё добра будзе.

Эл нічога не адказаў. Ён глядзеў проста перад сабой. Грузавік з грукатам і ляскам каціў па дарозе. Збоку на шашу выбегла кошка, Эл крута павярнуў на яе, але колы пранесліся міма, і кошка адскочыла назад у траву.

- Крыху прамахнуўся, - сказаў Эл. - Слухай, Том, ты чуў, як Коні гаварыў, што вечарамі будзе вучыцца? Я падумаў, можа, і мне ўзяцца. Ну радыё там, тэлебачанне альбо дызелі. З гэтым дарога можа адкрыцца.

- Можа, - сказаў Том. - Але перш даведайся, колькі з цябе за навучанне здзяруць. І падумай, ці зможаш ты вучыцца. У нас у Макалестары былі такія, што вучыліся па пошце. Толькі не прыпомню, каб хто з іх да канца ўсё адолеў. Надакучыць, і кідаюць.

- Эх, чорт, есці забыліся купіць.

- Нічога, ма нам многа прыслала. Усё прапаведнік не з'есць. Нам пакіне. Колькі яшчэ ехаць у гэту Каліфорнію?

Яны змоўклі, настала начная цемра, і зоркі на небе загарэліся яркім белым святлом.

Кейсі падняўся з задняга сядзення «доджа» і падышоў да краю дарогі, куды пад'ехаў грузавік.

- Я вас так хутка не чакаў, - сказаў ён.

Том узяў з кабіны загорнутыя ў мешкавіну часткі.

- Нам пашанцавала, - сказаў ён. - І ліхтар раздабылі. Адразу і адрамантуем.

- Вы ежу забыліся з сабой узяць, - сказаў Кейсі.

- Зробім усё, тады і падмацуемся. Давай, Эл, з'язджай з дарогі і ідзі пасвяці мне. - Том падышоў да «доджа», лёг на спіну і падлез пад машыну. Эл запоўз пад яе на жываце і пачаў свяціць ліхтарыкам. - Проста ў вочы свеціш, вышэй падымі. - Том уставіў поршань у цыліндр і, пакручваючы яго, пачаў засоўваць глыбей. Драцяная абмотка на кольцах зачапілася за сценкі цыліндра. Хуткім рухам рукі Том падштурхнуў поршань, і ўсе кольцы ўвайшлі ў цыліндр. - Добра, што зазор ёсць, а то кампрэсія выпіхвала б яго.

- Толькі каб дрот не заклініў кольцаў.

- Таму я малатком яго і расплюшчыў. Нічога, не з'едзе. А там латунь расплавіцца і, можа, яшчэ і сценкі пакрые.

- А драпін не застанецца?

Том засмяяўся:

- Сценкам гэтым нічога ўжо не страшна. Масла прапускае, як рэшата. Адной драпінай больш, адной менш, якая розніца. - Ён насадзіў шатун на вал і памацаў яго ніжнюю галоўку. - Трэба пракладак больш. Гэй, Кейсі!

- Га?

- Я зараз замацую падшыпнік. Вазьміся за завадную ручку і пакруціш, калі я табе крыкну. - Ён падцягнуў балты. - Ну, давай. Цішэй. цішэй! - Калі каленчаты вал паварочваўся, Том пахістваў падшыпнік. - Пракладак мнагавата, - сказаў ён. - Стой, Кейсі! - Том выкруціў балты, зняў некалькі пракладак і зноў паставіў балты. - Ну, Кейсі, крутні яшчэ разок. - Ён зноў пахістаў шатун. - Крышачку ходзіць. А калі яшчэ выняць пракладку, баюся, каб не заела. Зараз паспрабуем. - Том зноў адкруціў балты і зняў два слаі тонкай фольгі. - Цяпер, Кейсі, давай!

- Здаецца, парадак, - сказаў Эл.

Том крыкнуў:

- Цяжэй стала круціць, Кейсі?

- Не, па-мойму.

- Ну, здаецца, падагнаў. Дай бог, каб прыцерлася. Без інструменту бабіт не прышабрыш. А праўда, з тарцовым ключом куды лягчэй працаваць.

Эл сказаў:

- Гаспадар хопіцца - дзе ключ, а яго няма. Во разыдзецца!

- Не наша справа, - сказаў Том. - Мы ключа не кралі. - Ён лёгенька пастукаў па шплінтах і развёў іх канцы. - Цяпер, думаю, усё ў парадку. Гэй, Кейсі, ты пасвяці тут, а мы з Элам паддон пасадзім.

Кейсі апусціўся на калені, узяў ліхтарык і накіраваў пучок святла на рукі, якія асцярожна ставілі на месца пракладку і ўстаўлялі балты ў гнёзды паддона. Том з Элам паднялі цяжкі паддон, усадзілі канцы крайніх балтоў у адтуліны, потым астатнія, і тады Том патроху, адзін за адным, пачаў закручваць усе балты і, калі паддон роўна лёг на пракладку, туга зацягнуў іх ключом.

- Ну, як быццам гатова, - сказаў Том. Ён завінціў масляны каўпачок, уважліва агледзеў паддон, потым узяў з рук Кейсі ліхтарык і пасвяціў вакол сябе. - Вось і ўсё. Цяпер толькі зальём назад масла.

Том з Элам вылезлі з-пад машыны і ўлілі з вядра масла ў картэр. Том праверыў, ці няма ўцечкі.

- Ну вось, Эл, цяпер запускай, - сказаў ён.

Эл сеў у кабіну і націснуў на стартэр. Матор загрукатаў, з выхлапной трубы паваліў сіні дым.

- Збаў газ! - крыкнуў Том. - Масла будзе гарэць, пакуль дрот не расплавіцца. Во, ужо мякчэй ідзе. - Ён уважліва ўслухоўваўся ў абароты рухавіка. - Дай ранняе запальванне і збаў абароты. - Том зноў прыслухаўся. - Добра, Эл. Думаю, зроблена. Ну, дзе гэтае мяса?

- З цябе механік што трэба, - зазначыў Эл.

- Дзіва што. Я цэлы год у аўтамайстэрні працаваў. Першыя сотні дзве міль паедзем на малым газе. Няхай прытрэцца.

Пучкамі травы яны выцерлі запэцканыя маслам рукі і абцерлі аб штаны. Потым прагна накінуліся на вараную свініну, запіваючы яе вадой з бутэлькі.

- Я галодны, як воўк, - сказаў Эл. - Што цяпер рабіць будзем - паедзем у лагер?

- Сам не ведаю, - адказаў Том. - З нас там могуць здзерці яшчэ паўдаляра лішніх. Але пад'едзем, пагаворым з нашымі, скажам, што машыну адрамантавалі. А калі з нас запатрабуюць за стаянку, рушым далей. Нашы ж, вядома, хочуць ведаць, як там у нас. А добра, што ма настояла на сваім. Вазьмі, Эл, пасвяці навокал. Глянь, нічога не забыліся? Вунь тарцовы ключ падбяры. Яшчэ спатрэбіцца.

Святлом ліхтарыка Эл пашарыў па зямлі.

- Як быццам нічога.

- Добра. Я павяду легкавую. Ты, Эл, садзіся ў грузавік. - Том запусціў матор. Прапаведнік сеў да яго. Том вёў «додж» паволі, на самай малой скорасці. Эл ехаў следам. Легкавая асцярожна перабралася цераз неглыбокі кювет. Том сказаў: - Гэтыя «доджы» могуць цэлы дом на малым газе пацягнуць. Гаручае паступае скупа. Нам гэта на руку - памаленьку абкатаем падшыпнік.

«Додж» паволі ішоў па шашы. Дванаццацівольтавыя фары кідалі на палатно дарогі блікі жаўтаватага святла.

Кейсі павярнуўся да Тома:

- Проста дзіву даюся, як вы, хлопцы, умела паправілі машыну. Пасвяціў ліхтарыкам - і гатова. Я хоць і бачыў, як вы рамантавалі, але і цяпер нізашто б сам гэтага не зрабіў.

- Да машын трэба з маленства прывыкаць, - сказаў Том. - Справа не толькі ва ўмельстве. Тут патрэбна нешта большае. Цяпер хлапчукі жартам разбіраюць машыну да шрубкі.

У святло фар трапіў заяц. Ён імкліва і лёгка нёсся наперад, і яго доўгія вушы ўзляталі ўгору пры кожным скачку. Раз-пораз ён рабіў спробу збочыць з дарогі, але сцяна цемры нібы адштурхоўвала яго назад. Далёка наперадзе ярка засвяціліся аўтамабільныя фары, і неўзабаве сноп святла ўпаў на іх машыну. Заяц у нерашучасці спыніўся, потым павярнуўся і адскочыў да менш яркіх фар «доджа». Колы прайшлі па ім, мякка падкінуўшы машыну. Сустрэчны аўтамабіль са свістам пранёсся міма.

- Раздушыла, - зазначыў Кейсі.

Том сказаў:

- Некаторыя любяць іх душыць. А ў мяне кожны раз мароз па скуры. На слых матор працуе добра. Дрот на кольцах, відаць, расплавіўся. Не так дыміць.

- Вы здорава ўсё зрабілі, - сказаў Кейсі.

 

У цэнтры лагера стаяў невялікі драўляны дамок, на яго ганку з шыпеннем гарэў бензінавы ліхтар, які адкідваў шырокі круг белага святла. Непадалёк ад дамка былі разбіты з паўтузіна палатак, каля іх стаялі машыны. Вячэра ўжо была згатаваная, але на вогнішчах каля стаянак усё яшчэ тлела вуголле. Каля ганка, дзе гарэў ліхтар, сабралася невялікая купка мужчын; у яркім белым святле твары іх здаваліся грубымі і жылістымі, і ад таго, што лбы і вочы іх хаваліся ў густым цяні ад капелюшоў, падбародкі рэзка выдаваліся наперад. Хто сядзеў на прыступках, хто стаяў каля ганка, абапіраючыся локцямі на яго насціл. На ганку, адкінуўшыся да сцяны на нахіленым крэсле, сядзеў гаспадар, барабанячы пальцамі па калене. У пакоі гарэла газавая лямпа, але яе кволы агеньчык прападаў у яркім святле ліхтара, што шыпеў на ганку. Гаспадар быў цэнтрам усёй групы.

Том падвёў «додж» да краю дарогі і выключыў запальванне. Эл праехаў на грузавіку ў вароты.

- Заязджаць не буду, - сказаў Том, вылез з машыны і пайшоў праз вароты на яркае святло ліхтара.

Гаспадар апусціў пярэднія ножкі крэсла на дошкі ганка і нахіліўся наперад.

- Хочаце ў нас стаць на прывал?

- Не, - адказаў Том. - Мае тут спынілся. Гэй, та!

Бацька, які сядзеў на ніжняй прыступцы, сказаў:

- Я думаў, вы там на тыдзень засядзеце. Адрамантавалі?

- Нам моцна пашанцавала, - адказаў Том. - Яшчэ засветла дасталі што трэба. Як развіднее, адразу і рушым.

- Вось і добра, - сказаў бацька. - Маці непакоіцца - у бабкі ў нашай зусім розум памуціўся.

- Мне Эл ужо казаў. Ёй не лепш?

- Заснула, і то добра.

Гаспадар сказаў:

- Калі заедзеце і спыніцеся, плаціце пяць манет. Атрымаеце месца, ваду і галлё на вогнішча. І ніхто вас не патрывожыць.

- На чорта нам гэта, - сказаў Том. - Праспім ноч у кювеце бясплатна.

Гаспадар забарабаніў пальцамі па калене.

- Начамі тут шэрыфаў памагаты ходзіць. Можа прыдрацца. У нашым штаце начаваць пад адкрытым небам законам забаронена. І супраць бадзяжніцтва таксама ёсць закон.

- А калі я вам заплачу пяцьдзесят цэнтаў, дык я ўжо не бадзяга, так?

- Правільна.

Вочы ў Тома загарэліся злосцю:

- Шэрыфскі памагаты выпадкам вам не швагер?

Гаспадар падаўся наперад:

- Не, не швагер. І не настаў яшчэ той час, калі ўсякія бадзягі няшчасныя вучыць нас тут будуць.

- Браць па паўдаляра вы і самі ўмееце, гэтаму вучыць вас не трэба. Але з якой пары мы папалі ў бадзягі? Ніхто ў вас тут нічога не просіць. Значыць, усе мы бадзягі? Мы ж не клянчым у вас грошай і не просімся на начлег.

Людзі на ганку і каля яго замерлі ў напружаным маўчанні. На іх тварах не адбівалася нічога, але вочы, зацененыя палямі капелюшоў, крадком пазіралі ўгору, на гаспадара.

Бацька буркнуў:

- Перастань, Том.

- Добра, перастану.

Мужчыны, што сядзелі на прыступках і стаялі вакол высокага ганка, маўчалі. Вочы іх паблісквалі, адбіваючы святло бензінавага ліхтара. У яго яркіх промнях рысы іх твараў былі рэзка акрэсленыя. Людзі застылі ў нерухомасці, толькі позіркі іх пераходзілі то на гаспадара, то на Тома, але твары іх былі непранікальныя і абыякавыя. Начны матылёк наляцеў на ліхтар, разбіўся і ўпаў у цемру.

У адной палатцы жаласна заплакала дзіця, і мяккі жаночы голас пачаў супакойваць яго, потым ціха зацягнуў калыханку: «Цябе любіць наш гасподзь уначы. Спі, засні. Беражэ цябе гасподзь уначы, спі, засні».

Ліхтар на ганку шыпеў. Гаспадар запусціў руку ў выраз кашулі і пачухаў зарослыя сівымі валасамі грудзі. Ён увесь насцярожыўся ў прадчуванні сваркі. Прыглядаўся да людзей, што яго абкружалі, узіраўся ў іхнія твары. Але людзі застылі ў нерухомасці.

Том доўга маўчаў. Потым паволі падняў свае цёмныя вочы на гаспадара.

- Скандаліць я не збіраюся, - сказаў ён. - Калі цябе абзываюць бадзягам, цяжка сцярпець. Я не баюся, - дадаў ён ціха. - Кулакоў не пашкадую ні на вас, ні на шэрыфскага памагатага - пабачым яшчэ, хто каго. Толькі якая ад гэтага карысць?

Людзі заварушыліся, перамянілі позы, іх вочы, пабліскваючы, паволі ўзняліся, скіраваліся на гаспадара, сочачы за яго губамі. Гаспадар асмялеў. Ён адчуваў, што перамог, але не дастаткова для таго, каб перайсці ў наступленне.

- Няўжо ў цябе пяцідзесяці цэнтаў няма? - запытаўся ён.

- Ёсць. Але яны мне яшчэ спатрэбяцца. Я не буду траціць іх на начлег.

- На пражытак трэба ўсім зарабляць.

- Правільна. Толькі лепш так зарабляць, каб не забіраць яго ў другіх.

Людзі зноў перамянілі паставы. Бацька сказаў:

- Мы паедзем заўтра раным-рана. Паслухайце, містэр, мы ж вам заплацілі. Хлапец гэты з нашай сям'і. Дазвольце яму застацца. Мы ж заплацілі.

- Пяцьдзесят цэнтаў з машыны, - сказаў гаспадар. - Гэтак кожны зробіць - пакіне машыну за варотамі, а сам будзе карыстацца ўсім бясплатна.

Том сказаў:

- Мы далей паедзем. Раніцай стрэнемся. Будзем вас чакаць. Эл няхай застаецца, а мы возьмем з сабой дзядзьку Джона. - Ён глянуў на гаспадара: - Гэтак згодны?

Гаспадар імгненна прыняў рашэнне, пайшоў на ўступку:

- Калі застанецца столькі чалавек, за колькі заплачана, дык згодзен.

Том выняў з кішэні капшук, які паспеў ужо ператварыцца ў пакамечаны, зашмальцаваны мяшэчак з адсырэлым тытунёвым пылам на дне. Ён скруціў тонкую цыгарку і шпурнуў капшук убок.

- Мы хутка паедзем, - сказаў ён.

Бацька загаварыў, ні да кога з прысутных не звяртаючыся асабіста:

- Нялёгка вось так сарвацца з месца. У нас быў дом, гаспадарка. Мы не галота бяздомная. Мы жылі на сваёй ферме, пакуль нас трактарамі не прагналі.

Хударлявы малады чалавек з выгаралымі да жаўцізны брывамі паволі павярнуў да яго галаву:

- Баваўнаробы?

- Так, здольнікі. Раней самі былі гаспадарамі.

Малады чалавек адвярнуўся ад яго.

- Мы таксама, - прамовіў ён.

- Добра хоць, што нядоўга ўжо засталося цярпець, - сказаў бацька. - Прыедзем на Захад - будзем працаваць, займеем зямельку з вадой.

Каля самага ганка стаяў чалавек у падранай адзежы. Чорны пінжак звісаў лахманамі, штаны на каленях былі працёртыя да дзірак. На твары ў яго, там, дзе пыл змяшаўся з потам, былі брудныя палосы. Ён матнуў галавой у бок бацькі:

- У вас, відаць, прыхаваны невялічкі глечык з грашыма.

- Не, грошай у нас зусім мала, - сказаў бацька. - Але нас шмат, і ўсе мы працавітыя. Добра заробім, і ўсе грошы пойдуць у агульны кацёл. Зажывём.

Чалавек у лахманах выслухаў бацьку, шырока расплюшчыўшы вочы, і раптам засмяяўся, потым смех яго перайшоў у вісклівае хіхіканне. Усе павярнулі да яго галовы. Хіхікаючы, ён пачаў захліпацца і закашляўся. Калі ён нарэшце адолеў прыступ кашлю, вочы ў яго былі чырвоныя, на іх выступілі слёзы.

- Ты думаеш, там... а божухна! - ён зноў захіхікаў. - Ты думаеш, там табе... будуць добра плаціць... ой, смех! - І, перастаўшы смяяцца, іранічна сказаў: - На збор, можа, пойдзеце апельсінаў? Грушы, можа, будзеце збіраць?

Бацька з годнасцю адказаў:

- Будзем рабіць тое, што нам прапануюць. У іх там работы шмат.

Чалавек у лахманах ціхенька рагатнуў. Том з раздражненнем павярнуўся да яго.

- А што тут такога смешнага?

Абадранец сцяў губы і панура ўтаропіўся на масніцы ганка.

- Вы, няйначай, у Каліфорнію едзеце?

- Я табе сам гэта сказаў, - адказаў бацька. - Падумаеш, які здагадлівы знайшоўся!

Абадранец паволі прагаварыў:

- А я... я вяртаюся адтуль. Пабыў ужо там.

Твары людзей імгненна павярнуліся да яго. Усе напружана чакалі. Ліхтар на ганку перастаў шыпець і ціха пыхкнуў. Гаспадар апусціў пярэднія ножкі крэсла на падлогу, падняўся, падпампаваў ліхтар, і той зноў гучна і тонка зашыпеў. Гаспадар вярнуўся на месца, але ўжо не адкінуўся да сцяны. Чалавек у лахманах абвёў позіркам твары людзей.

- Еду назад паміраць галоднай смерцю. Лепш ужо адразу з голаду памерці.

Бацька сказаў:

- Што ты вярзеш? У мяне вось рэкламны лісток ёсць - там пра добрыя заробкі пішацца, а надоечы я і ў газеце чытаў: ім зборшчыкі фруктаў патрэбныя.

Абадранец павярнуўся да бацькі:

- А ў цябе ёсць куды вярнуцца?

- Няма. Нас сагналі з зямлі. Прайшліся трактарамі аж да самага дома.

- Назад, значыць, не павернеш?

- Вядома, не.

- Тады не буду цябе расстройваць.

- А ты мяне і не расстроіш. У мяне лісток ёсць, там сказана, што людзі патрэбны. Дарэмна ж не будуць пісаць такія лісткі. Яны вялікіх грошай каштуюць. Іх не друкавалі б, каб не было патрэбы ў людзях.

- Не буду цябе расстройваць.

Бацька сярдзіта сказаў:

- Дурасць нейкую ляпнуў, а адрачыся не хочаш. У лістку ж ясна напісана: людзі патрэбныя. А ты на смех мяне падымаеш, кажаш: не, не патрэбныя. Хто ж з нас ілжэ?

Абадранец паглядзеў у сярдзітыя вочы бацькі, і позірк яго пахмурнеў.

- У лістку ўсё правільна, - сказаў ён. - Людзі патрэбныя.

- Якога ж ты чорта бударажыш нас сваім смехам?

- Бо вы не ведаеце, якія ім людзі патрэбныя.

- Куды ты хіліш?

Сабраўшыся з духам, абадранец сказаў:

- Слухай, колькі ім там чалавек трэба?

- Восемсот напісана, а гэта ж толькі ў адным маленькім месцы.

- Аранжавы такі лісток?

- Аранжавы.

- Там і прозвішча стаіць... такі і такі агент па найме?

Бацька палез у кішэню і выцягнуў з яе складзены папалам лісток.

- Правільна. Адкуль ты ведаеш?

- Паслухай, - сказаў абадранец, - усё гэта лухта. Яму трэба восемсот рабочых. Ён бярэ і друкуе пяць тысяч лісткоў, і яны трапляюць на вочы, можа, дваццаці тысячам чалавек. Тысячы дзве-тры з іх зрываюцца з месца - тыя, у каго розум памутнеў ад гора.

- Дык гэта ж нейкая бязглуздзіца! - усклікнуў бацька.

- А ты спярша стрэнься з чалавекам, які выпускае такія лісткі. З ім самім альбо з тым, хто на яго працуе. Пажыві ў лагеры ля прыдарожнай канавы разам з паўсотняй такіх самых сем'яў, як твая. Чалавек гэты зазірне ў тваю палатку, гляне, ці засталося ў цябе што ў рот пакласці, і, калі ўбачыць, што пуста, запытае: «Хочаш работу атрымаць?» Ты ўзрадуешся: «Вядома, хачу, містэр. Вялікі вам дзякуй за такую прапанову». А ён скажа: «Я вазьму цябе». Ты запытаеш: «Калі выходзіць?» Ён табе ўсё расталкуе - і куды прыходзіць, і а якой гадзіне - і далей пойдзе. Яму, можа, усяго дзве сотні рабочых патрэбныя, а ён пагаворыць з пяццю сотнямі, а тыя яшчэ і іншым раскажуць, і, калі ты прыйдзеш, куды табе сказана, там іх ужо тысяча. Тады чалавек гэты абвесціць: «Я плачу дваццаць цэнтаў у гадзіну». Каля паловы з тых, што прыйшлі, назад пойдзе, але чалавек пяцьсот застанецца - яны так згаладаліся, што гатовыя і за сухі праснак працаваць. У агента гэтага кантракт на збор персікаў альбо на збор бавоўны. Цяпер дайшло? Чым больш набяжыць народу і чым людзі галаднейшыя, тым менш ён плаціць будзе. А калі яму трапляюцца шматсямейныя, з дзецьмі малымі... дык... Ах, чорт! Я ж казаў, што не буду расстройваць цябе.

Людзі пазіралі на чалавека ў лахманах халоднымі вачамі, ацэньваючы кожнае яго слова. Ён сумеўся.

- Сказаў, што не буду расстройваць, але ж вось не стрымаўся. Ты ўсё роўна паедзеш. Назад не павернеш.

На ганку запанавала цішыня. А ліхтар шыпеў, і вакол яго вяночкам кружыліся начныя матылі. Чалавек у лахманах усхвалявана загаварыў:

- Я параю табе, што рабіць; калі такі вось агент пачне на працу зазываць. Слухай! Ты спытайся ў яго, колькі ён плаціць будзе. Скажы яму, няхай на паперцы табе напіша. Папрасі, няхай напіша. Я ўсім вам кажу: вас абдураць, калі вы гэтага не зробіце.

Гаспадар, седзячы на крэсле, падаўся наперад, каб лепш разгледзець гэтага абадранага, бруднага чалавека. Ён пачухаў зарослыя сівымі валасамі грудзі і халодным тонам запытаўся:

- А ты часам не з бунтаўшчыкоў гэтых? Не з рабочых-падбухторшчыкаў?

Чалавек у лахманах выгукнуў:

- Не, бог сведка!

- Іх шмат развялося цяпер, - сказаў гаспадар. - Швэндаюцца тут, людзей баламуцяць. Народ з толку збіваюць. У злосць уводзяць. Іх шмат бадзяецца тут. Але хутка мы прыбяром іх да рук, усіх баламутаў гэтых. Прагонім з краіны. Хочаш працаваць - цудоўна. Не хочаш - чорт з табой. Падбухторваць мы не дазволім.

Чалавек у лахманах выпрастаўся.

- Я хацеў перасцерагчы вас, людзі, - сказаў ён. - Цэлы год прайшоў, пакуль я разабраўся ва ўсім гэтым. Спачатку двух дзяцей пахаваў і жонку, і толькі тады зразумеў. Але вам не ўтлумачыш, я ведаю. Мне таксама не ўтлумачылі ў свой час. Хіба ж раскажаш пра тое, як малыя ляжаць у палатцы з успушанымі жыватамі, а самі - скура ды косці, дрыжаць і скавычуць, як шчанюкі, а я бегаю, работы шукаю... не за плату, не за грошы! - выкрыкнуў ён. - Госпадзі, хоць за кубак мукі і лыжку здору! А потым прыходзіць следчы. Смерць дзяцей настала ад сардэчнай недастатковасці, кажа. Так і запісаў. Іх калаціла, а жываты надзьмутыя, як пузыры парасячыя.

Навокал яго ўсе маўчалі, трохі раскрыўшы раты. Амаль стаіўшы дыханне, пазіралі на чалавека ў лахманах.

Ён абвёў позіркам кола твараў, павярнуўся і шпарка пайшоў прэч, у цемру. Яна праглынула яго, але доўга яшчэ чулася шарканне крокаў, шоргат ног па дарозе. Па шашы прамчалася легкавая машына, і фары яе на міг вырвалі з цемры постаць чалавека: ён ішоў, валакучы ногі, нізка апусціўшы галаву, засунуўшы рукі ў кішэні чорнага пінжака.

Людзі каля ганка неспакойна заварушыліся. Нехта прамовіў:

- Ну што ж, час ужо позні. Трэба спаць класціся.

Гаспадар сказаў:

- Лайдак нейкі. Цяпер па дарогах шмат такіх бадзяецца. - І змоўк. Адкінуўся разам з крэслам да сцяны, пачухаў шыю пад падбародкам.

Том сказаў:

- Зайду на хвілінку да маці, а тады крыху далей ад'едзем.

Джоўды пайшлі ад ганка.Бацька сказаў:

- А што, калі ён праўду казаў?

Яму адказаў прапаведнік:

- Вядома, праўду. Сваю праўду. Ён нічога не выдумляў.

- А мы як? - запытаўся Том. - Для нас гэта таксама праўда?

- Не ведаю, - сказаў Кейсі.

- Не ведаю, - сказаў бацька.

Яны падышлі да палаткі - перакінутага цераз вяроўку брызенту. Усярэдзіне было цёмна і ціха. Калі яны падышлі блізка, нешта шэрае заварушылася на зямлі каля ўвахода і паднялося на ўзровень чалавечага росту. Гэта маці выйшла ім насустрач.

- Усе спяць, - сказала яна. - І бабка нарэшце задрамала. - Тут яна ўбачыла Тома і занепакоена запыталася: - Як ты тут апынуўся? Усё абышлося шчасліва?

- Наладзілі, - адказаў Том. - Можам ехаць далей разам з вамі.

- Дзякуй богу, - сказала маці. - Мне ўжо тут не сядзіцца. Хутчэй бы туды, дзе зеляніна вакол, прыволле. Хутчэй бы даехаць.

Бацька адкашляўся.

- А тут адзін расказваў...

Том таргануў яго за локаць.

- Ага, цікава было паслухаць, - сказаў ён. - Народу туды, кажа, едзе процьма.

Маці прыглядалася да іх у змроку. Пад брызентавым навесам кашлянула і засапла ў сне Руці.

- Я іх памыла. За ўсю дарогу першы раз вады на купанне хапіла. І вам яшчэ засталося, можаце памыцца. У дарозе хутка пэцкаешся.

- Усе на месцы? - запытаўся бацька.

- Усе, акрамя Коні з Разашарнай. Захацелі спаць на паветры. Сказалі, горача пад брызентам.

Бацька прабурчаў:

- Гэтая Разашарна дужа капрызная стала і пераборлівая.

- Першае дзіця, - сказала маці. - Яны абое проста трасуцца над ім. Ты сам такі быў.

- Ну, мы паехалі, - сказаў Том. - Збочым з дарогі дзе-небудзь непадалёк. Можа, мы вас прамаргаем, дык вы паглядайце. З правага боку будзем.

- А Эл застаецца?

- Ага. Замест яго дзядзька Джон паедзе з намі. Добрай ночы, ма.

Яны прайшлі праз сонны лагер. Каля адной палаткі няроўным агнём гарэла маленькае вогнішча, ля кацялка, у якім варылася ранняе снеданне, сядзела жанчына. У нос ударыла смачным пахам фасолі.

- Вось каб з'есці талерачку, - далікатна прамовіў Том, праходзячы міма.

Жанчына ўсміхнулася:

- Яшчэ не згатавалася, а то пачаставала б. Прыходзьце рана-раненька.

- Дзякуй, мэм, - адказаў Том.

Ён, Кейсі і дзядзька Джон прайшлі паўз ганак. Гаспадар усё яшчэ сядзеў на сваім крэсле, ліхтар шыпеў і час ад часу ярка ўспыхваў. Гаспадар павярнуўся да іх тварам.

- Бензін канчаецца, - зазначыў Том.

- Ага, час ужо закрываць.

- Манеткі па шашы, здаецца, ужо не коцяцца, - сказаў Том.

Ножкі крэсла грукнулі аб насціл ганка.

- Ты кінь задзірацца. Я цябе запомніў. Ты таксама з бунтаўшчыкоў.

- Трапіў у самую кропку. Я - бальшавік.

- Дужа многа вас развялося апошнім часам.

Том засмяяўся і, выйшаўшы разам з Кейсі і дзядзькам Джонам за вароты, палез у «додж». Сядаючы, ён прыхапіў камяк зямлі і кінуў яго ў святло. Яны пачулі, як стукнула па сцяне, убачылі, што гаспадар ускочыў з крэсла і пачаў узірацца ў цемру. Том уключыў запальванне і выехаў на шашу. Ён уважліва прыслухоўваўся да работы матора - ці не стукае. Шаша бегла перад ім, ледзь бачная ў слабым святле фар.

 

РАЗДЗЕЛ СЕМНАЦЦАТЫ

 

Машыны перасяленцаў выпаўзалі з бакавых дарог на аўтастраду, што ішла праз горы і долы, і кіравалі на Захад. Удзень яны, як кузуркі, паспешліва беглі ў заходнім напрамку, а калі ў дарозе іх заспяваў вячэрні змрок, збіваліся, як кузуркі, у кучкі, бліжэй да жытла і вады. Людзі ціснуліся адзін да аднаго, бо іх даймала адзінота і разгубленасць, бо ўсе яны ўцякалі з тых месцаў, дзе іх спасціглі смутак, нядоля і паражэнне, бо ўсе яны імкнуліся дабрацца да новага таямнічага краю; яны гутарылі адзін з адным, дзяліліся перажытым, і ежай, і спадзяваннямі на нешта добрае ў новых краях. І бывала так, што якая-небудзь сям'я рабіла прывал каля ручая, потым другая спынялася там дзеля вады і людской кампаніі, а тады і трэцяя далучалася да тых, хто выбраў гэту стаянку і быў, відаць, задаволены ёю. І да захаду сонца там маглі сабрацца да дваццаці сем'яў, дваццаці машын.

Дзіўныя рэчы здараліся вечарамі: дваццаць сем'яў рабіліся адной сям'ёй, дзеці - агульнымі дзецьмі. Страта роднага кута рабілася агульнай стратай, шчаслівае жыццё там, на Захадзе, - агульнай марай. І бывала так, што хвароба аднаго дзіцяці ўводзіла ў роспач дваццаць сем'яў, сто чалавек. І сто чалавек усю ноч захоўвалі поўную цішыню, ахопленыя набожным страхам, калі ў адной з палатак раджала жанчына, а раніцай сто чалавек радаваліся нараджэнню дзіцяці. Сям'я, якая, можа, яшчэ толькі папярэдняй ноччу пакутавала ў адзіноце і страху, цяпер капалася ў сваім скарбе, шукаючы, што падарыць нованароджанаму. Вечарам каля вогнішча дваццаць сем'яў зліваліся ў адну. І гэтая аб'яднаная сям'я была бівачнай адзінкай, якая існавала адзін вечар, адну ноч. Даставалася загорнутая ў коўдру гітара, яе настройвалі, і ўначы гучалі песні - песні аб народзе. Мужчыны спявалі іх словамі, а жанчыны з закрытымі ратамі цягнулі мелодыю.

Штоноч ствараліся маленькія сукупнасці людзей - мініяцюрныя грамадствы, і ў такім «грамадстве», у такім свеце было ўсё - і дружба, і варожасць; у ім былі выхвалякі і баязліўцы і былі ціхія, сціплыя, добрыя людзі. Кожную ноч між імі завязваліся адносіны, без якіх не існуе чалавечае грамадства, і кожную раніцу яны разам знімаліся з месца, як вандроўны цырк.

Напачатку ў гэтых грамадствах, што ўзнікалі і рушыліся, людзі паводзілі сябе нерашуча, нясмела, але паступова стварэнне іх рабілася прывычнай справай. Наперад выступалі важакі, узнікалі правілы, нараджаліся законы. І чым далей на захад забіраліся гэтыя грамадствы, тым больш дасканалымі і добраўпарадкаванымі яны рабіліся, бо стваральнікі іх усё больш набіраліся вопыту.

Сем'і даведваліся, якія правы павінны захоўвацца: права пабыць у адзіноце ў сваёй палатцы; права схаваць у сэрцы памяць аб горкім мінулым; права ўдзельнічаць у гутарцы ці толькі слухаць; права адхіліць альбо прыняць дапамогу; права прапанаваць дапамогу альбо адмовіць у ёй; права сына пазаляцацца да дзяўчыны і права дачкі прыняць заляцанне; права галоднага быць накормленым і пераважныя правы цяжарных і хворых перад усімі іншымі правамі.

Сем'і таксама даведваліся, хоць ніхто іх гэтаму не вучыў, якія правы тояць у сабе зло і падлягаюць вынішчэнню: права парушаць чыю-небудзь адзіноту, узнімаць шум, калі лагер спіць, права спакусіць дзяўчыну, гвалціць, права на пралюбадзейства, крадзеж і забойства. Гэтыя правы няшчадна душыліся, бо калі іх не выкараніць, гэтыя маленькія грамадствы і ночы адной не праіснавалі б.

І па меры таго як грамадствы гэтыя ўсё далей пасоўваліся на захад, правілы самі сабой атрымлівалі сілу законаў. Незаконна пэцкаць каля лагера; незаконна брудзіць пітную ваду; незаконна сытна і смачна есці на вачах у галоднага і не падзяліцца з ім ежай.

А з узнікненнем законаў узнікалі і кары - кары ўсяго двух відаў: кароткае, але жорсткае збіванне ці выгнанне; выгнанне было больш суровай карай. Бо калі хто пераступаў закон, імя яго і твар заўсёды былі з ім, і не было яму месца ні ў якім з гэтых грамадстваў, дзе б яно ні стваралася.

Маральныя асновы ў такіх грамадствах былі цвёрда акрэсленыя і строгія: мужчына абавязкова павінен быў паздароўкацца пры сустрэчы, мужчына мог жыць з жанчынай, калі начаваў разам з ёю ў палатцы, калі стаў бацькам і абаронцам яе дзяцей. Але ён не мог спаць сёння з адной, а заўтра з другой, бо гэта пагражала бядой грамадству.

Сем'і ўсё далей забіраліся на Захад, спосабы стварэння гэтых грамадстваў усё больш удасканальваліся, і людзі адчувалі сябе ў бяспецы, бо нормы супольнага жыцця былі цвёрдыя і непарушныя, і сям'я, якая выконвала ўсе правілы, магла нічога не баяцца.

Самі сабой паяўляліся органы ўлады, з важакамі, са старэйшынамі; дурны не мог прапанаваць сваю дурноту грамадству. Гэтае начное жыццё было нечым накшталт страхоўкі. Чалавек, у якога была ежа, карміў галоднага і тым страхаваў ад голаду самога сябе. А калі памірала малое, каля ўвахода ў палатку вырастала кучка сярэбраных манет, бо дзіця трэба было хоць пахаваць па-чалавечы, раз яно не ўзяло ад жыцця нічога іншага. На могілках для беднякоў і бадзяг можна пахаваць якога-небудзь старога, толькі не немаўля.

Для стварэння такіх грамадстваў патрэбны былі пэўныя матэрыяльныя ўмовы, асабліва вада - рэчка, ручай, крыніца ці хоць бы водаправодны кран, пакінуты без нагляду. І яшчэ каб участак быў роўны - для палатак, крыху сухога галля ці дроў на вогнішча. А калі паблізу яшчэ і звалка была, дык зусім добра: там можна знайсці вельмі патрэбныя да ўжытку рэчы - пячную трубу, пагнутае аўтамабільнае крыло, каб загарадзіць ім агонь ад ветру, бляшанкі з-пад кансерваў, каб у іх згатаваць ежу і есці з іх.

Грамадствы ўтвараліся вечарамі. Людзі збочвалі з шашы і аддавалі што ў каго было - палаткі, сэрцы, мозг.

Раніцай палаткі разбіралі, брызент згортвалі, жэрдкі прывязвалі да падножак, матрацы клалі ў машыну на сваё месца, посуд - на сваё. І, едучы ўсё далей на Захад, сем'і мала-памалу асвойвалі тэхніку пабудовы жытла ўвечары і яго разбурэння на золку. І з цягам часу кожны член сям'і звыкаўся са сваім месцам, са сваімі абавязкамі, і стары і малы ведаў, дзе яму сядзець у машыне, а стомнымі, душнымі вечарамі, калі пад'язджалі да стаянкі, кожны ведаў свае абавязкі і выконваў іх, не чакаючы нічыіх указанняў, - дзеці збіралі ламачча на вогнішча, прыносілі ваду; мужчыны ставілі палаткі, раскладалі матрацы; жанчыны гатавалі вячэру, кармілі сям'ю. І ўсё гэта рабілася без пануквання. У сем'яў, жыццё якіх раней было абмежавана ўначы сценамі дома, а ўдзень - сваёй фермай, цяпер паявіліся новыя межы. І доўгімі спякотнымі днямі яны моўчкі сядзелі ў машынах, што паволі пасоўваліся на Захад, а начамі зліваліся з групай людзей, з якімі ім выпала стаць на прывал.

Яны перамянілі сваё жыццё так, як яго можа перамяніць толькі чалавек. Яны ўжо былі не фермеры, а вандроўнікі. І думы, разлікі, засяроджанае маўчанне, якія раней прызначаліся палям, цяпер прызначаліся дарозе, адлегласці, Захаду. Чалавек, думкі якога раней былі скіраваны на акры, цяпер лічыў мілі вузкай стужкі бетону. І ў думках яго, у яго клопатах не было ўжо месца дажджу, ветру, пылу і палявым усходам. Вочы пільна сачылі за шынамі, вушы ўслухоўваліся ў стукат матора, галава пухла ад думак пра масла, бензін, пра станчэлы слой гумы паміж паветрам у камеры і бетонам шашы. Зламаная шасцярня была трагедыяй. Самае моцнае жаданне вечарамі- вада. І кацялок з вячэрай над вогнішчам. Здароўе - залог імкнення ехаць далей, здольнасці ехаць далей і волі ехаць да канца. Жаданні рваліся на Захад, абганяючы людзей, а былыя страхі перад засухай ці паводкай цяпер уступілі месца страху перад усім, што магло спыніць іх марудны рух на Захад.

Месцы прывалаў цяпер ужо былі пастаянныя - ад аднаго да другога адзін дзень шляху.

У дарозе некаторыя сем'і паддаваліся паніцы і ехалі дзень і ноч, спалі ў машынах - спяшаліся на Захад, імкнуліся хутчэй уцячы ад дарогі, ад самога руху. Ім карцела як мага хутчэй дзе-небудзь асесці, і яны, утаропіўшы вочы на захад, гналі і гналі туды свае бразгатлівыя машыны.

Але большасць сем'яў хутка прыстасавалася і ўвайшла ў рытм новага жыцця. І на захадзе сонца...

Пара ўжо месца для прывалу пашукаць.

Вунь, наперадзе, палаткі.

Машына з'язджала з шашы, спынялася, і з тае прычыны, што не яны сталі там першыя, трэба было не забываць пра далікацтва.

У вас тут можна стаць на начлег?

Калі ласка, нам гэта вялікі гонар.

З якога вы штата?

З самага Арканзаса.

Вунь, у чацвёртай палатцы, таксама арканзасцы.

Праўда? І самае галоўнае пытанне: як з вадой?

Яе тут колькі хочаш, толькі на смак не вельмі.

Дзякуй вам.

Няма за што.

Без далікацтва не абысціся. Машына з грукатам пад'язджала да крайняй палаткі і спынялася. Стомленыя пасажыры вылазілі з яе, распраўлялі замлелае цела. Вырастала яшчэ адна палатка; малыя беглі з вёдрамі па ваду, старэйшыя дзеці секлі голле, збіралі ламачча. Успыхвала вогнішча, гатавалася вячэра - варылася ці смажылася. Падыходзілі тыя, што прыехалі раней, усе дазнаваліся адзін у аднаго, хто з якога штата, знаходзіліся агульныя знаёмыя, а бывала, і сваякі.

Аклахома? Якая акруга?

Чэрокі.

Гэ! У мяне там радня. Эленаў ведаеце? Іх там, у Чэрокі, дзе толькі няма. А Ўілісаў?

А як жа, ведаю.

Стваралася новая бівачная адзінка. Пачынала змяркацца, але яшчэ дацямна новыя начлежнікі паспявалі ўвайсці ў жыццё лагера, перакінуцца словам з кожнай сям'ёй. Свае людзі, добрыя людзі.

Я Эленаў, колькі сябе помню, ведаю. Сайман Элен, стары Сайман, з першай жонкай не ладзіў. Паўкроўка з племені чэрокі. Прыгожая, як... вараная жаробка.

Малодшы Сайман, што ажаніўся з дачкой Рудольфаў, так? Ага, ён самы. Пераехалі ў Элід і добра зажылі там - як людзі.

З усіх Эленаў яму аднаму пашчасціла. Гараж займеў.

Калі прыносілі вады і галля, дзеці пачыналі нясмела пахаджваць між палатак. На якія толькі хітрыкі не ішлі, каб пазнаёміцца! Хлопчык спыняўся каля незнаёмага хлопчыка і пільна ўглядаўся ў каменьчык на зямлі, падбіраў яго, старанна разглядаў, пляваў на яго, праціраў і аглядаў з усіх бакоў, пакуль другі хлопчык нарэшце не пытаўся: што гэта ў цябе?

А ўладальнік каменьчыка абыякава, безуважна адказваў: а нічога, проста каменьчык.

Чаму ж ты так яго разглядаеш?

А мне здалося, у ім золата.

Як ты ўбачыў золата? У камянях золата не залатое, а чорнае.

Кожны гэта ведае.

Мусіць, залатая падманка, а ты - золата!

Яшчэ чаго. Тата столькі золата пазнаходзіў і навучыў мяне, як шукаць.

А табе вельмі хочацца знайсці цэлы самародак?

Пытаешся! Я купіў бы сабе, чорт вазьмі, такую цукерку, што табе і ў сне не снілася.

Мне не дазваляюць лаяцца, а я ўсё роўна.

І я лаюся. Гайда да ручая.

Дзяўчаты таксама знаходзілі сабе сябровак і бянтэжліва расказвалі пра свае поспехі і надзеі. Жанчыны ўвіхаліся каля вогнішчаў, спяшаліся накарміць сям'ю. Калі ў іх быў запас грошай - свінінай з бульбай і цыбуля; праснакамі з жароўні ці пшанічнымі пампушкамі са шчодрай падліўкай; смажанай грудзінкай ці адбіўной і чорным гаркаватым чаем у бляшанцы з-пад кансерваў. Калі з грашыма было туга - маісавымі блінамі, румянымі, хрумсткімі, залітымі салам, у якім яны смажыліся.

Сем'і, што мелі запас грошай ці проста пускалі грошы на вецер, елі кансерваваныя бабы і персікі, куплёны хлеб і кексы. Але яны ласаваліся гэтым у сваіх палатках, бо есці такія смачныя рэчы на людзях нягожа. Зрэшты, дзеці, жуючы свае маісавыя бліны, усё роўна чулі пах гарачых бабоў, і ім было крыўдна.

Толькі паспявалі павячэраць, памыць і выцерці посуд, наставала начная цемра, і мужчыны прысаджваліся на кукішкі пагутарыць. Гаварылі пра зямлю, якую яны пакінулі. Што будзе далей, невядома, казалі яны. Сапсавалася наша краіна.

З часам усё паправіцца, толькі нас там ужо не будзе.

Відаць, яны рашылі, што мы што-небудзь парушылі, самі таго не ведаючы.

Адзін чалавек мне казаў, блізкі да ўрада, і ён мне казаў: вас яры даканалі. Блізкі да ўрада чалавек. Калі б, кажа, вы ўпоперак контураў аралі, тады ў зямлі яроў не павымывала б. Але праверыць мне не давялося. А прышлыя гэтыя таксама ўпоперак не аруць. Як павядуць баразну, дык мілі на чатыры без спыну і нідзе ўбок не звернуць, хоць бы там сам бог стаяў.

Яны ціха расказвалі пра свой дом. У мяне склеп быў пад ветраком. Ставілі там малако на смятанку, кавуны трымалі. Залезеш туды, бывала, у поўдзень, у самую спёку, а там халадок на любы густ. Разрэжаш кавун - такі халодны, аж зубы заходзяцца. А з бака вада кап-кап...

Расказвалі пра свае трагедыі. Быў брат у мяне, Чарлі. Валасы жоўтыя, што тая кукуруза. Дарослы ўжо хлопец быў. На акардэоне цудоўна іграў. І вось баранаваў ён аднойчы ў полі, нахіліўся пастронак выслабаніць, а тут змяя грымучая як зашыпіць! Коні памчалі, і барана прайшла па Чарлі, прапарола зубамі жывот, вырвала кішкі, знявечыла твар... Ох, госпадзі!

Гаварылі і пра будучыню. Цікава, як там будзе, у Каліфорніі?

На малюнках усё так цудоўна - залюбавацца можна. Я бачыў адзін - гарачае сонца, прыгажосць наўкол, дрэвы арэхавыя, ягаднікі, а ззаду, зусім блізка, проста рукой падаць - высокія горы са снежнымі вяршынямі. Вачэй не адарваць.

Толькі каб работу знайсці, і ўсё будзе добра. Халадоў зімою там не бывае. Дзеці па дарозе ў школу не замерзнуць. Сам я ўмею чытаць, але мне з гэтага няма радасці, не прывык я чытаць, як іншыя.

А іншы раз хто-небудзь выходзіць з палаткі з гітарай. Садзіцца на скрыню каля ўвахода, і людзі з усяго лагера няспешна падыходзяць да яго, быццам іх нечым прыцягвае. Шмат хто брынкае на гітары, але гэты, здаецца, умелец. Ёсць што паслухаць - акорды густыя, мерныя, рытмічныя, а мелодыя бяжыць па струнах лёгкімі крокамі. Цяжкія, грубыя пальцы ходзяць па ладах. Чалавек іграў, а людзі паволі падыходзілі, пакуль не абступалі яго цесным колам, і тады ён зацягваў: «Бавоўна па дзесяць, а мяса па сорак». І людзі падхоплівалі словы. Ён спяваў: «Навошта, дзяўчаты, вы косы рэжаце?» І людзі падцягвалі. Ён з надрывам спяваў: «Пакідаю я родны Тэхас» - жудасную песню, якую спявалі яшчэ да прыходу гішпанцаў, толькі словы тады былі індзейскія.

Гэта згуртоўвала людзей, яднала, і ў цемры позіркі іх скіроўваліся ўсярэдзіну, думкі адбягалі назад, у мінулае, і сум, які апаноўваў іх, быў адпачынкам, выратавальным сном. Чалавек спяваў «Блюзы Макалестара», а потым, каб дагадзіць старым, - «Мяне гасподзь наш кліча да сябе». Музыка навявала на дзяцей дрымоту, яны ішлі ў палаткі спаць, але песні ўваходзілі ў іхнія сны.

Нарэшце гітарыст падымаўся і пазяхаў. Добрай ночы, людзі, казаў ён.

І чуўся шэпт у адказ: добрай табе ночы.

І кожнаму хацелася самому ўмець іграць на гітары - гэта ж так прыемна. Людзі разыходзіліся, клаліся спаць, лагер заціхаў. А над палаткамі насіліся совы, удалечыні гаўкалі каёты, у лагер пракрадваліся скунсы, шукаючы, чым пажывіцца, - расхаджвалі ўперавалку, нахабныя, дзёрзкія смярдзючкі.

Мінала ноч, і з першым пробліскам зары жанчыны выходзілі з палатак, распальвалі вогнішчы і варылі каву. Следам выходзілі мужчыны і ціха перамаўляліся між сабой у перадсвітальным сутонні.

Пераедзеш раку Каларада, а далей, кажуць, пустыня. Сцеражыся пустыні. Глядзі, не засядзь там. На ўсякі выпадак вазьмі як больш вады.

Цераз пустыню я паеду ноччу.

І я. Яна з каго хочаш дух выб'е.

Таропка снедалі, мылі і выціралі посуд. Разбіралі палаткі. Усе спяшаліся хутчэй рушыць у дарогу. І калі сонца выплывала над гарызонтам, на стаянцы ўжо было пуста, толькі дзе-нідзе валялася пакінутае людзьмі смецце. Але мясціна гатова была прыняць новых падарожнікаў наступнай ноччу.

А машыны перасяленцаў, як кузуркі, паўзлі па шашы, і перад імі вузкай стужкай распасціраліся мілі і мілі бетону.

 

РАЗДЗЕЛ ВАСЕМНАЦЦАТЫ

 

Сям'я Джоўдаў паволі рухалася на захад, па гарах Нью-Мексіка, міма востраканечных скал і пірамідальных вяршынь. Яны ўзабраліся на Арызонскае нагор'е і цераз прасветліны між уцёсаў зазіралі ўніз, на Каляровую пустыню. Іх спыніў пагранічны інспектар.

- Куды едзеце?

- У Каліфорнію, - адказаў Том.

- Колькі часу прабудзеце ў Арызоне?

- Пакуль не праедзем.

- Расліны з сабой везяце?

- Раслін няма.

- Трэба праверыць.

- Кажу ж вам, раслін ніякіх няма.

Інспектар наляпіў на ветравое шкло ярлычок.

- Добра. Едзьце, толькі не спыняйцеся.

- А мы і не збіраемся.

Яны падымаліся па схілах, на якіх раслі крывыя карлікавыя дрэвы. Холбрук, Джозеф-Сіці, Уінслаў. Дрэвы тут былі ўжо высокія. Вывяргаючы дым, абедзве машыны адольвалі пад'ёмы. І вось ужо Флагстаф - самы высокі пункт. Ад Флагстафа дарога пабегла ўніз, з аднаго шырокага плато на другое, і нарэшце знікла ўдалечыні. Вады не хапала, яе даводзілася купляць па пяць, па дзесяць, па пятнаццаць цэнтаў за галон. Сонца высмактала ўсю вільгаць з бязводнага скалістага краю. Наперадзе завіднеліся няроўныя, вострыя выступы гор - заходні вал Арызоны. Цяпер ужо Джоўды ўцякалі ад сонца і сушы. Ехалі ўсю ноч і ноччу заехалі ў горы. У цемры машыны паўзлі між зубчастых скалістых бастыёнаў, і слабае святло фар цьмяна мігацела на шэрых каменных сценах абапал дарогі. Перавал адолелі ў цемры і глыбокай ноччу пачалі паволі спускацца сярод бязладнага россыпу каменных абломкаў каля Оўтмена. На золку ўбачылі ўнізе раку Каларада. Даехалі да Топака, пастаялі каля моста, пакуль інспектар змываў ярлык з ветравога шкла. Тады пераехалі мост і апынуліся ў няроўнай камяністай пустыні. І хоць усе страшэнна стаміліся і ўсё мацней прыпякала ранішняе сонца, падарожнікі спыніліся пасярод дарогі. Бацька выгукнуў:

- Прыехалі!.. Вось яна, Каліфорнія!

Усе тупа пазіралі на каменныя глыбы, што блішчалі на сонцы, і на страшныя цвярдыні Арызоны за ракой.

- Перад намі пустыня, - сказаў Том. - Трэба дабрацца да вады і трохі адпачыць.

Дарога цягнулася ўздоўж ракі, і познім ранкам машыны з перагрэтымі маторамі дабраліся да Нідлса, дзе рака імкліва несла свае воды між зараснікаў чароту.

Джоўды і Ўілсаны з'ехалі да берага і, седзячы ў машынах, скіравалі позіркі на празрыстую ваду, што праплывала міма, і на зялёны чарот, які паволі пагойдваўся ў плыні. Каля самай ракі на заліўным лужку, зарослым сакавітай травой, быў невялікі лагер - адзінаццаць палатак. Том высунуўся з кабіны.

- Нічога, калі мы тут станем?

Поўная жанчына, якая мыла ў вядры бялізну, падняла галаву.

- Мы тут не гаспадары, містэр. Станавіцеся, калі хочаце. Пазней да вас палісмен прыйдзе. - І яна зноў пачала церці бялізну на самым санцапёку.

Абедзве машыны заехалі на свабоднае месца на густой траве. Адразу ўзяліся за палаткі - паставілі палатку Ўілсанаў, навесілі на вяроўку брызент Джоўдаў.

Уінфілд і Руці няспешна пайшлі праз вербалоззе да зарасніку чароту. З ціхай радасцю Руці сказала:

- Каліфорнія. Вось мы і прыехалі ў самую Каліфорнію!

Уінфілд надламаў чарацінку, пакруціўшы, адарваў яе і, узяўшы ў рот, пачаў жаваць белую мякаць сцябла. Яны ўвайшлі ў ваду па лыткі.

- Далей паедзем па пустыні, - сказала Руці.

- А якая яна, пустыня?

- Сама не ведаю. Толькі на малюнку раз бачыла. Паўсюль косці валяюцца.

- Чалавечыя?

- Можа, і чалавечыя, але больш каровіныя.

- А мы іх убачым?

- Можа, і ўбачым, хто ведае. Мы паедзем па ёй ноччу. Так Том сказаў. Том кажа, згарыш к чорту, калі днём паедзеш.

- Тут так прыемна, такі халадок, - сказаў Уінфілд і грабянуў нагой пясок на дне.

Здалёку пачуўся голас маці:

- Руці! Уінфілд! Вяртайцеся!

Дзеці павярнуліся і, прабіраючыся праз чарот і вербалоз, паволі пайшлі назад.

У лагеры было ціха, нідзе нікога. Толькі калі машыны пад'ехалі, з некалькіх палатак на момант высунуліся галовы. Зрабіўшы сабе прыстанішча, мужчыны абедзвюх сем'яў сабраліся разам.

Том сказаў:

- Пайду пакупаюся. Асвяжуся - і спаць. Цяпер бабка пад навесам. Што з ёй?

- Не ведаю, - адказаў бацька. - Усё спіць, так і не прачнулася. - Ён павярнуў галаву ў бок брызенту. З-пад яго данеслася жаласнае мармытанне. Маці паспяшалася туды.

- Прачнулася нарэшце, - сказаў Ной. - На грузавіку ўсю ноч трызніла. Пэўна, з розуму кранулася.

Том сказаў:

- Дзіва што. Зусім замучылася. Калі не даць ёй паляжаць спакойна, яна нядоўга працягне. Здарожылася. Ну, хто са мной? Пакупаюся і залягу ў цяні... дзень цэлы спаць буду.

Ён пакіраваў да берага, астатнія мужчыны пайшлі следам. Усе раздзеліся ў кустах вербалозу, зайшлі ў рэчку і селі на дно. Яны доўга сядзелі так, упіраючыся пяткамі ў пясок, толькі галовы тырчалі над вадой.

- Вось гэта па мне! - сказаў Эл. Ён зачарпнуў жменю пяску з дна і стаў націраць цела.

Яны сядзелі ў рацэ і пазіралі на горныя пікі - «Іголкі», як іх называлі, - Нідлс, і на белыя скалістыя горы Арызоны.

- Мы прабраліся праз іх, - сказаў, сам яшчэ не верачы сабе, бацька.

Дзядзька Джон акунуў галаву ў ваду.

- Нарэшце мы тут. Вось яна, Каліфорнія. Але нешта раскошы я ніякай не бачу.

- Яшчэ пустыня наперадзе, - сказаў Том. - Паганая, кажуць, штука.

Ной пацікавіўся:

- Сёння ў ноч паедзем?

- Што скажаш, та? - запытаўся Том.

- Не ведаю. Няблага было б адпачыць, асабліва бабцы. А з другога боку, было б добра хутчэй перабрацца праз гэту пустыню і на працу ўладкавацца. Усяго сорак даляраў засталося грошай. Мне спакайней будзе, калі мы пачнём працаваць і зарабляць хоць трохі.

Яны сядзелі ў рацэ, адчуваючы напор плыні. Прапаведнік паклаў выцягнутыя рукі на паверхню імклівай вады. Целы ва ўсіх былі белыя да шыі і да запясцяў, твары, трохвугольнік грудзіны і кісці рук - карычневыя ад загару. Усе старанна націраліся пяском.

Ной ляніва прамовіў:

- Застацца б тут назусім. Ляжаць вось так вечна і не ведаць ні голаду, ні бяды ніякай. Увесь свой век так праляжаць і песціцца, як свіння ў гразі.

А Том, пазіраючы на зубчастыя вяршыні за ракой і на вострыя пікі ў тым баку, куды яна цякла, сказаў:

- Такіх стромых гор я зроду не бачыў. Гіблы край. Усё роўна як косці шкілета. Ці даедзем мы калі-небудзь туды, дзе можна жыць, не ваюючы з каменнем і скаламі? На малюнках мясцовасць роўная, зялёная, куды ні глянь домікі, як ма кажа, беленькія. Ма спіць і бачыць такі беленькі домік. А я ўжо і не веру, што ёсць такі край. Хіба толькі на малюнках.

Бацька сказаў:

- Пачакай, вось прыедзем у Каліфорнію, тады і ўбачыш прыгажосць.

- Ты што, та? Мы ж ужо ў Каліфорніі!

З вербняку выйшлі двое ў джынсах і сініх прапацелых кашулях і спыніліся, пазіраючы на голых людзей у вадзе.

Старэйшы запытаўся:

- Паплаваць тут можна?

- Хто яго ведае, - адказаў Том. - Мы яшчэ не спрабавалі. А пасядзець у вадзе прыемна.

- І нам дазволіце?

- Рэчка не наша. Але так і быць, мы ўступім вам кавалачак.

Прышлыя знялі штаны, сцягнулі з плячэй кашулі і ўвайшлі ў ваду. Ногі ў іх да калень былі ў пыле, ступні бледныя, размоклыя ад поту. Яны вяла апусціліся ў ваду, ленавата апалоскваючы сабе жменямі бакі. Гэта былі бацька і сын, моцна прасмаленыя сонцам. Яны фыркалі і стагналі, плёскаючыся ў вадзе.

Бацька Джоўд далікатна пацікавіўся:

- На Захад кіруеце?

- Не. Вяртаемся адтуль. Дадому едзем. Там немагчыма на хлеб зарабіць.

- А дом ваш дзе? - запытаўся Том.

- Пэнхендл у Тэхаскім выступе, непадалёк ад Пампы.

Запытаўся бацька:

- А дома што, пражыць можна?

- Дзе там! Толькі калі ўжо з голаду паміраць, дык хоць сярод сваіх. А галадаць і адчуваць нянавісць да сябе мы не хочам.

Бацька сказаў:

- Ад другога ўжо чалавека такое чую. За што яны нас там так ненавідзяць?

- Хто іх ведае, - адказаў чалавек, зачарпнуў далонямі ваду і пачаў мыць галаву і твар, крэхчучы і пырхаючы. З валасоў палілася на шыю брудная вада.

- А ўсё ж цікава было б паслухаць, - сказаў бацька.

- Нам таксама, - далучыўся Том. - Чаму яны там, на Захадзе, такую нянавісць адчуваюць да нас?

Мужчына пільна паглядзеў на Тома.

- Вы на Захад едзеце?

- Туды.

- Ніколі яшчэ ў Каліфорніі не былі?

- Не, не даводзілася.

- Дык што ж вам маё слова. Едзьце і самі ўбачыце.

- То так, - сказаў Том, - але ўсё ж такі хацелася б ведаць, на што едзем.

- Добра, раз вы абавязкова хочаце ведаць, я раскажу - я і сам распытваў людзей і нямала разважаў. Краіна цудоўная. Толькі яе даўно ўжо ўсю раскралі. Праедзеце пустыню, а там Бейкерсфілд, і вакол яго такая мясцовасць прыгожая - вачэй не адарвеш: фруктовыя сады, вінаграднікі. Прыгажэйшага краю на свеце няма. Далей - мясціны роўныя, прыгожыя, вада не глыбейшая, як трыццаць футаў - і ўся зямля ляжыць неўзараная. Але ты ні кавалачка яе не атрымаеш. Яна цалкам належыць Зямельна-жывёлагадоўчай кампаніі. Не захочуць яе апрацоўваць, так і застанецца ўся няўробленая. А паспрабуй засей які ўчастачак кукурузай - у турму запратораць!

- Зямля добрая, кажаш? І нічога на ёй не сеюць?

- Так, сэр! Добрая зямля, а не сеюць! Ну, цябе, вядома, злосць адразу бярэ, але зямля пустая стаіць. Людзі глядзяць там такімі вачамі - зірнуць на цябе, а ў саміх на тварах нібы напісана: «Бачыць цябе не магу, сукін ты сын!» А тут яшчэ шэрыфавы памагатыя - яны паганяюць цябе з месца на месца! Зробіш прывал пры дарозе, а яны гоняць далей. Там у кожнага па твары відаць, як ён цябе ненавідзіць. І вось што я вам скажу: нянавісць у іх ад страху. Бо ведаюць: калі ў галоднага няма чаго есці, ён і на зладзейства пайсці можа. Яны ведаюць, што грэх трымаць зямлю пустой - каму-небудзь захочацца яе сабе прыбраць. Чорт ведае што! Вас ніхто яшчэ не абзываў «Окі»?

Том запытаўся:

- Окі? А што гэта значыць?

- Раней азначала аклахомца. А цяпер - проста «сволач». Окі - гэта падонак. Само па сабе ў слове гэтым нічога такога няма, уся соль у тым, як там яго вымаўляюць. Ды хіба ўсё раскажаш? Трэба самому там пабыць. Кажуць, такіх, як мы, туды трыста тысяч наехала... жывуць, як быдла, бо ў Каліфорніі ўсё скрозь ужо каму-небудзь належыць. І нічога не засталося. А людзі, якія ўсім гэтым валодаюць, так учапіліся за сваё дабро, што забіць за яго каго хочаш на свеце гатовыя. Страх іх разбірае, таму і кіпяць злосцю. Гэта вам на свае вочы ўбачыць трэба. Самім усё пачуць. Надзіва прыгожы край, а людзі нядобрыя, зласлівыя. І так ужо ім страшна, што нават адзін аднаго гатовыя з'есці.

Том глядзеў у ваду і разграбаў пяткамі пясок.

- Ну, а калі знойдзеш працу і збярэш крыху грошай, можна ўсё-такі невялікі ўчастак купіць?

Мужчына засмяяўся і глянуў на сына, і твар маўклівага хлопчыка расплыўся ў амаль пераможнай усмешцы. Мужчына сказаў:

- Сталай работы вы не знойдзеце. Кожны дзень давядзецца думаць, як зарабіць сабе на абед. І працаваць будзеце з людзьмі, якія на вас коса глядзяць. А бавоўну збіраць будзеце, вам здасца, што вагі няправільныя. Вагі бываюць і правільныя і няправільныя. Вы ж будзеце думаць, што ўсе яны махлярскія, а як праверыш? І нічога з гэтым не зробіш.

Бацька нерашуча запытаўся:

- Там што... там зусім нічога добрага няма?

- Чаму ж, ёсць, паглядзіш - вочы разбягаюцца, толькі вам з таго нічога не перападзе. Вось, напрыклад, цэлы гай стаіць апельсінавых дрэў з жоўтымі пладамі, а там чалавек расхаджвае са стрэльбай, і, як толькі дакранешся да апельсіна, ён цябе прыстрэліць - такое яму дадзена права. А на ўзбярэжжы ёсць адзін гаспадар, газетчык нейкі, дык у яго зямлі гэтай мільён акраў...

Кейсі стрэльнуў у яго вачамі:

- Цэлы мільён? Што ж ён робіць з мільёнам акраў?

- Хто яго ведае. Валодае імі, і ўсё. Трымае трохі жывёлы. Паўсюль у яго вартаўнікі, нікога не пускаюць. Раз'язджае ў куленепрабівальнай машыне. Я бачыў яго партрэты. Тлусты такі, друзлы, вочкі маленькія, злосныя, а рот, як паддувала. Баіцца, каб не забілі. У самога мільён акраў зямлі, а ён смерці баіцца.

Кейсі зноў запытаўся:

- На чорта яму мільён акраў? Што ён з імі рабіць будзе?

Мужчына развёў рукамі з пабялелымі, зморшчанымі ад вады далонямі, прыкусіў ніжнюю губу і нахіліў набок галаву.

- А я ведаю? - адказаў ён. - Відаць, з розуму крануўся. Пэўна, вар'ят. І на партрэце такі. З выгляду вар'ят. Вар'ят і зласлівец.

- Смерці, кажаш, баіцца? - сказаў Кейсі.

- Так ад людзей чуў.

- Баіцца, што да яго бог дабярэцца?

- Хто ведае. Баіцца, і ўсё.

- Што ж ён сабе думае? - сказаў бацька. - Не можа ж ён усё жыццё так пражыць - без ніякіх радасцей.

- А вось дзед наш нікога не баяўся, - сказаў Том. - Яму самая радасць была, калі яго вось-вось маглі ўкакошыць. Раз уначы ўдваіх з прыяцелем яны пайшлі на індзейцаў навахаў. Цудам жывымі засталіся, затое пацешыліся ўволю.

Кейсі сказаў:

- Так, відаць, заўсёды бывае. Калі чалавеку радасць, пляваць яму на ўсё, а вось зласліўцы, адзінокія, старыя і расчараваныя баяцца смерці.

Бацька запытаўся:

- Чаго гэта ён раптам расчараваўся, калі зямлі ў яго мільён акраў?

Прапаведнік усміхнуўся, але ў вачах у яго мільганула нерашучасць. Ён пляснуў далонню па вадзе, адганяючы вадзянога жука.

- Калі чалавеку патрэбен мільён акраў, каб адчуць сваё багацце, значыць, душа яго ўбогая, а з такой душой ніякія мільёны не дапамогуць. Пэўна, таму ён і расчараваўся - адчувае, што няма ў яго багацця... таго багацця, што было ў місіс Уілсан, калі яна дала сваю палатку, як паміраў дзед. Я вам не пропаведзь чытаю, але калі чалавек цягне ўсякае дабро ў сваю нару, як лугавы сабачка, дык, урэшце, ён ва ўсім расчаруецца. - Кейсі шырока ўсміхнуўся: - Мімаволі, здаецца, як пропаведзь атрымалася.

Сонца паліла ўжо неміласэрна.

Бацька сказаў:

- Лепей зусім схавацца пад вадой. Так прыпякае - згарыш. - І ён адкінуўся назад, і лёгкая плынь абняла яго шыю. - А калі цяжкай працы не баішся, можна яе знайсці? - запытаўся ён.

Чалавек прыўзняўся ў вадзе і павярнуўся да яго тварам:

- Бачыце, містэр, я не ўсё ведаю. Магчыма, прыедзеце туды і адразу знойдзеце сталую работу, і тады я акажуся брахуном. А магчыма, ніякай не знойдзеце і скажаце: ён нас папярэдзіў. Адно толькі ведаю: народ там большай часткай жыве ў бядоце. - Ён зноў апусціўся ў ваду. - А ўсяго ведаць нельга.

Бацька павярнуў галаву і глянуў на дзядзьку Джона. Сказаў:

- Ты ў нас гаваркі ніколі не быў, а як паехалі з дому, я ад цябе і двух слоў не пачуў. Ну, што ты думаеш пра ўсё гэта?

Дзядзька Джон насупіўся:

- Анічога не думаю. Мы едзем туды, так? І ніякімі расказамі нас назад не павернеш. Прыедзем - пабачым. Знойдзем работу, будзем працаваць, а не, дык хвост падціснем. Ад размоў гэтых толку мала.

Том адкінуўся назад, набраў у рот вады, выпусціў яе фантанам і засмяяўся:

- Дзядзька Джон гаворыць рэдка ды метка. Далібог, разумна гаворыць. Ноччу далей паедзем, та?

- Што ж, можна. Хоць бы ўжо пустыню пераехаць.

- Тады я пайду ў кусты і трохі пасплю. - Том падняўся і пайшоў па вадзе да пясчанага берага. Там накінуў на мокрае цела кашулю, надзеў штаны, паморшчыўся ад дотыку прапаленай сонцам адзежы. Астатнія пабрылі за ім.

Бацька і сын, застаўшыся ў вадзе, пазіралі ўслед Джоўдам, пакуль усе яны і прапаведнік не зніклі ў вербалоззі. Хлопчык сказаў:

- Хацеў бы я паглядзець на іх праз якія шэсць месяцаў. Ох, госпадзі!

Яго бацька працёр куткі вачэй указальным пальцам.

- Дарэмна я ім усё гэта нагаварыў, - сказаў ён. - Вось жа хочацца чалавеку паказаць, які ён разумны, другіх вучыць.

- Ну што ты, та! Яны ж самі прасілі.

- Яно так. Але ж ён сказаў, што ўсё роўна паедуць. Ад маіх слоў нічога не перамянілася, а ім ад іх толькі лішняе засмучэнне паперад часу.

 

Том увайшоў у зараснік вербалозу і лёг у густы цень пад кустом. Ной палез за ім.

- Тут і пасплю, - сказаў Том.

- Том!

- Што табе?

- Я далей, Том, не паеду.

Том прыўзняўся і сеў.

- Што ты надумаў?

- Я каля гэтай рэчкі застануся, Том. Пайду па беразе ўніз па цячэнні.

- Ты звар'яцеў!

- Завяду сабе вуду. Лавіць буду рыбу. Каля такой рэчкі з голаду не памрэш.

Том сказаў:

- А сям'я? А мама?

- Што зробіш. Не магу я расстацца з такой цудоўнай ракой. - Шырока расстаўленыя вочы Ноя былі прыплюшчаныя. - Ты ж сам ведаеш, Том. Ты ведаеш, да мяне ўсе добра ставяцца, але ім усё роўна, што я ёсць, што мяне няма.

- Ты звар'яцеў.

- Не, Том. Я ўсё разумею. Я разумею, што ім будзе шкада мяне. Але... Не, не паеду з вамі. Ты маме скажы, Том.

- Ной, ну паслухай ты... - пачаў Том.

- Не. Ты мяне не адгаворыш. Я пабыў у гэтай рацэ і цяпер ужо яе не пакіну. Пайду берагам уніз па ёй, Том. Рыбай буду карміцца ці яшчэ чым, а раку гэту не пакіну. Не магу. - Ной паўзком выбраўся з-пад цяністых кустоў. - Ты маме скажы, Том. - Ён пакрочыў да рэчкі.

Том правёў яго да берага.

- Слухай, пудзіла ты гарохавае...

- Дарэмна ўсё, - сказаў Ной. - Мне самому горка, але нічога з сабой зрабіць не магу. Я мушу ісці.

Ной крута павярнуўся і пайшоў уздоўж берага ўніз па рацэ. Том пайшоў за ім, але раптам спыніўся. Ён бачыў, як Ной знік у кустоўі, потым зноў паказаўся, ідучы краем ракі. Том глядзеў яму ўслед, а Ной рабіўся ўсё меншы і меншы і нарэшце зусім знік з вачэй за вербалозамі. Том зняў з галавы кепку і пачухаў патыліцу. Тады вярнуўся ў сваё сховішча ў кустах і лёг спаць.

 

На матрацы пад перакінутым цераз вяроўку брызентам ляжала бабка, а побач з ёю сядзела маці. Там было душна, горача, назойліва гулі мухі, хаваючыся ў цяні навеса. Бабка ляжала голая, прыкрытая доўгай ружовай занавескай. Старая неспакойна паводзіла галавой, нешта мармытала і цяжка дыхала. Маці сядзела проста на зямлі, адганяючы ад бабкі мух кавалкам кардону, авявала гарачым паветрам старэчы маршчыністы твар. Ружа Сарона сядзела насупраць і пазірала на маці.

Раптам бабка ўладна закрычала:

- Уіл! Уіл! Хадзі сюды, Уіл. - Вочы яе расплюшчыліся і злосна зірнулі па баках. - Скажыце, хай сюды ідзе, - гаварыла яна. - Я да яго дабяруся. Усе валасы павыдзіраю. - Яна заплюшчыла вочы і, ківаючы галавой, хрыпла замармытала. Маці абмахвала яе кардонам.

Ружа Сарона разгублена глянула на старую і ціха сказала:

- Зусім расхварэлася.

Маці ўзняла на дачку вочы. Позірк у яе быў спакойны, але лоб збаразнілі маршчыны стомы. Яна махала і махала кардонам, змагаючыся з мухамі.

- У маладосці, Разашарна, усё, што з табой ні здарыцца, здаецца нечым адлучаным ад усяго. Быццам асобна стаіць. Я гэта ведаю, Разашарна, я добра памятаю. - Губы яе любоўна вымаўлялі даччыно імя. - Прыйдзе час табе радзіць, Разашарна, і здасца табе, што ты зусім адна, далёка ад дому, ад усяго свету. І ты адчуеш боль, і боль твой будзе толькі тваім, ты адчуеш сябе адзінокай, як вось гэтая палатка, што стаіць асобна ад усяго свету. - Маці энергічна памахвала кардонкай, каб прагнаць мясную муху, якая моцна гула, і вялікая бліскучая сіняя муха двойчы пакружыла пад брызентам і вылецела на сляпучае сонечнае святло. Маці зноў загаварыла: - Але з часам усё мяняецца, і тады смерць аднаго чалавека ўспрымаецца ў сувязі з усімі іншымі смерцямі і нараджэнне дзіцяці - з нараджэннем усіх іншых дзяцей. А нараджэнне і смерць - гэта як паловы адной рэчы. І тады табе ўжо не здаецца, што беды твае і радасці стаяць асобна адно ад аднаго. Тады, Разашарна, не так ужо і цяжка трываць боль, бо баліць не толькі табе. Мне так хацелася пра ўсё гэта табе расказаць, але ж вось не ўмею. - Апошнія словы прагучалі так мякка, і было ў яе голасе столькі любові, што да вачэй Ружы Сарона падкраліся слёзы, залілі іх і асляпілі яе. - Вазьмі памахай над бабкаю, - сказала маці і падала дачцэ кардон. - Ёй лягчэй ад гэтага. Шкада, што не магла табе ўсё растлумачыць.

Бабка ссунула бровы над заплюшчанымі вачамі і завішчала:

- Уіл! Зноў увесь выпацкаўся! Ніколі чысты не ходзіш. - Яе маленькая, скурчаная, маршчыністая рука паднялася і пацерла шчаку. Рыжая мурашка перабегла з занавескі на азызлую шыю, папаўзла па згібах скуры. Маці зрэагавала імгненна, зняла насякомае, раздушыла пальцамі і выцерла іх аб сукенку.

Ружа Сарона замахала кардонінай. Падняла вочы на маці:

- Яна?.. - Астатнія словы нібы спякліся ў горле.

- Ногі вытры, Уілі... брудная свіння! - закрычала бабка.

Маці сказала:

- Не ведаю. Можа, калі б давезлі яе туды, дзе не так горача... хто ведае. Ты не хвалюйся, Разашарна. Дыхай свабодна - удых, выдых, не стойвай дыхання.

Да іх пад брызентавы навес зазірнула мажная жанчына ў чорнай парванай сукенцы. Позірк у яе быў мутны, туманны, друзлыя шчокі абвіслі складкамі абапал падбародка. Губы былі рыхлыя, нястуленыя: верхняя, як занавескай, закрывала зубы, а з-пад адвіслай ніжняй віднеліся дзясны.

- Добрай вам раніцы, мэм, - сказала яна. - Добрай раніцы і хвала госпаду богу.

Маці азірнулася.

- Добрай раніцы, - адказала яна.

Жанчына, сутулячыся, пралезла пад брызент і нахіліла галаву над бабкай.

- Мы чулі, што ў вас ёсць душа, гатовая ўзнесціся да госпада. Хай славіцца імя яго!

Твар у маці стаў жорсткі, вочы - калючыя.

- Яна стамілася, толькі і ўсяго, - сказала яна. - Ад дарогі і спёкі. Яна проста змучылася. Крыху адпачне і ачуняе.

Жанчына нахілілася да самага твару бабкі - здалося, панюхала яго. Тады павярнулася да маці і хутка пакруціла галавой, шчокі яе затрэсліся і захісталіся губы.

- Добрая душа імкнецца да госпада, - сказала яна.

Маці закрычала:

- Няпраўда!

Жанчына зноў пакруціла галавой, цяпер ужо не так хутка, і паклала азызлую руку на лоб бабцы.

- Гэта праўда, сястра, - сказала яна. - У нас у палатцы шасцёра вернікаў. Зараз я іх паклічу сюды, і мы наладзім малітоўны сход - памолімся і звернемся да міласці боскай. Усе іегавісты. Са мной шэсць. Пайду прывяду іх.

Маці ўся напялася.

- Не, не! - сказала яна. - Не трэба. Бабка змучылася, малітвы не вытрывае.

Жанчына сказала:

- Не вытрывае малітвы? Не вытрывае салодкага дыхання госпада нашага? Што ты гаворыш, сястра?

Маці сказала:

- Не. Тут нельга. Яна змучылася.

Жанчына з дакорам паглядзела на маці.

- Вы няверуючая, мэм?

- Не, мы людзі набожныя, але бабка вельмі змучылася. Мы ўсю ноч былі ў дарозе. Нам не хочацца турбаваць вас.

- Якія ж гэта турботы? А калі нават і так, мы ўсё зробім для душы, што імкнецца далучыцца да бязгрэшнага ягняці.

Маці прыўзнялася з зямлі і стала на калені.

- Дзякуй вам, - сказала яна холадна. - Мы не хочам, каб у нашай палатцы быў малітоўны сход.

Жанчына доўга пазірала на яе.

- Што ж, але мы не адпусцім сястру нашу без малітвы. Маленне будзе ў нашай палатцы, мэм. І няхай даруецца вам такая душэўная жорсткасць.

Маці зноў апусцілася на зямлю і павярнулася да бабкі тварам, з якога не сыходзілі цвёрдасць і суровасць.

- Яна змучылася, - паўтарыла яна зноў. - Проста змучылася.

Бабка кідалася галавой па падушцы і нешта ледзь чутна мармытала.

Жанчына пагардліва выйшла з-пад брызенту. Маці не зводзіла вачэй са старэчага твару.

Ружа Сарона махала кавалкам кардону, гонячы гарачае паветра хвалямі. Сказала:

- Ма!

- Што?

- Чаму ты не дазволіла ім тут памаліцца?

- Сама не ведаю. Наогул іегавісты - людзі добрыя. Але, молячыся, завываюць і скачуць. Не ведаю. Нешта найшло на мяне. Я гэтага цяпер не стрывала б. Сіл маіх не хапіла б.

Аднекуль зблізку данесліся гукі малення - манатонныя распевы пропаведзі. Слоў было не разабраць, чуўся толькі матыў. Голас то сціхаў, то набіраў сілу, і кожны распеў пачынаўся на больш высокай ноце. Вось у паўзе прапаведніку адказалі іншыя галасы, і яго голас набыў урачыстасць і ўладнасць. Тон усё павышаўся, і ў паўзах гукі падхопу паступова перайшлі ў лямант. Мала-памалу фразы пропаведзі рабіліся ўсё карацейшымі, адрывістымі, як каманды, і ў галасах, што на іх адгукаліся, загучалі жалобныя ноткі. Рытм малення ўсё разганяўся. Мужчынскія і жаночыя галасы гучалі суладна, але раптам, пасярод падхопу, адзін жаночы голас вырваўся, узляцеў увысь і выліўся ў роспачны крык, дзікі і шалёны, як звярыны; яму пачалі ўторыць больш нізкі жаночы голас, перарывісты, як брэх, і мужчынскі, які паступова танчэў, як воўчае выццё. Словы малітвы абарваліся, і з палаткі чуліся толькі жалобнае завыванне і тупат ног па зямлі. Маці кінула ў дрыжыкі. Ружа Сарона дыхала цяжка і перарывіста, а дзікі лямант не змаўкаў, і здавалася, вось-вось у людзей разарвуцца лёгкія.

Маці сказала:

- Нервы не вытрымліваюць. Нешта са мною сталася.

Раптам высокі голас перайшоў у істэрычны віск, як завыванне гіены; тупат зрабіўся гучнейшы. Галасы ламаліся і зрываліся, і нарэшце ўвесь хор загучаў роўна, і чуліся толькі рыданні і хрыплыя стогны, гукі ўдараў па целе і прытупванне па зямлі; потым рыданне перайшло ў ціхае скуголенне, накшталт скавытання шчанюкоў каля міскі з ежай.

Знерваваная Ружа Сарона ціха плакала. Бабка раптам збіла занавеску з ног, падобных на дзве шэрыя вузлаватыя палкі, і таксама заскуголіла пад такія ж гукі, што даносіліся з палаткі іегавістаў. Маці зноў прыкрыла ёй ногі занавескай. І тут бабка глыбока ўздыхнула, дыханне яе стала роўнае і свабоднае, прыплюшчаныя павекі перасталі пацепвацца. Старая заснула моцным сном і, крыху адкрыўшы рот, пахрапвала. Жаласнае скуголенне ў палатцы іегавістаў рабілася ўсё цішэйшым і нарэшце зусім сціхла.

Ружа Сарона зірнула на маці поўнымі слёз вачамі.

- Дапамагло, - сказала яна. - Бабцы дапамагло. Яна заснула.

Маці сядзела прысаромленая, апусціўшы галаву.

- Я, можа, дарэмна пакрыўдзіла добрых людзей, - сказала яна. - Бабка спіць.

- Можа, табе схадзіць пакаяцца прапаведніку нашаму?

- Пайду... Толькі ён нейкі дзіўны. Магчыма, гэта я праз яго не дазволіла тым людзям памаліцца тут. Прапаведнік наш думае: што людзі ні зробяць, усё добра. - Маці паглядзела на свае рукі. - А цяпер спаць, Разашарна. Калі паедзем ноччу, дык трэба выспацца. - Яна выцягнулася на траве каля матраца.

Ружа Сарона запыталася:

- А бабку не трэба абмахваць?

- Яна спіць. Кладзіся, дачушка.

- Куды гэта Коні дзеўся? - незадаволена сказала Ружа Сарона. - Ужо колькі часу яго не бачыла.

Маці сказала:

- Ш-ш... Паспі.

- Ма, Коні будзе вучыцца вечарамі і ў людзі выйдзе.

- Ага, ты мне ўжо казала. Кладзіся спаць.

Ружа Сарона прымасцілася з краю бабчынага матраца.

- Коні ўжо новае задумаў. Ён увесь час думае. Вось вывучыць пра электрычнасць і майстэрню сваю завядзе, а тады ведаеш, што ў нас будзе?

- Што?

- Лёд... колькі душа пажадае. Купім ледзяную шафу. Напакуем яе даверху. Нічога псавацца не будзе.

- Коні ўвесь час думае, - усміхнулася маці. - Вось і добра, а цяпер спаць.

Ружа Сарона заплюшчыла вочы. Маці павярнулася на спіну і падклала рукі пад галаву. Яна прыслухоўвалася да дыхання бабкі і дачкі. Махнула рукой, каб прагнаць муху з ілба. Лагер заціх пад пякучым сонцам, і гукі, якія даносіліся з нагрэтай травы, - строкат конікаў, гудзенне мух - толькі падкрэслівалі цішыню. Маці глыбока перавяла дыханне, пазяхнула і заплюшчыла вочы. Праз дрымоту пачула чыесьці крокі, але прачнулася не ад іх, а ад моцнага мужчынскага голасу.

- Тут хто ёсць?

Маці хуценька адарвала спіну ад зямлі, села. Нейкі мужчына з моцна загарэлым тварам нахіліўся і зазірнуў пад брызент. На ім былі высокія шнураваныя чаравікі, штаны колеру хакі і такога ж колеру форменная кашуля. На шырокай скураной партупеі вісела рэвальверная кабура, а злева на грудзях да кашулі была прышпілена вялікая сярэбраная зорка. Фуражка з мяккім верхам была ссунута на патыліцу. Ён паляпаў далонню па туга нацягнутым брызенце, і той загуў, як барабан.

- Тут ёсць хто-небудзь? - настойліва паўтарыў ён.

Маці запыталася:

- Што вам трэба, містэр?

- А як вы думаеце, што мне трэба? Хачу ведаць, хто тут ёсць.

- Тут нас трое: я, бабка і дачка мая.

- А мужчыны дзе?

- Пайшлі пакупацца. Мы ўсю ноч ехалі.

- Адкуль вы?

- З-пад самага Саліса ў Аклахоме.

- Тут вам заставацца нельга.

- Мы сёння позна вечарам паедзем далей, містэр, праз пустыню.

- І добра зробіце. Калі заўтра ў гэты час будзеце тут, я пасаджу вас. Мы такім не дазваляем тут надоўга спыняцца.

Твар у маці пацямнеў ад гневу. Яна памалу паднялася на ногі, падышла да скрыні з кухонным начыннем і выцягнула за доўгую ручку чыгунную патэльню.

- Містэр, - сказала яна, - у вас бляшаная цэшка і рэвальвер. Там, адкуль я прыехала, такія, як вы, голасу не павышаюць. - Яна пачала наступаць на яго з патэльняй у руцэ. Ён расшпіліў кабуру. - Страляй, - сказала маці. - Жанчын запалохваеш? Добра, што мужчын нашых тут няма. Яны б цябе на шматкі разадралі. У нашых краях такія, як ты, не вельмі плешчуць языком.

Чалавек адступіў назад на два крокі.

- Краі вашы засталіся далёка. Цяпер вы ў Каліфорніі, і ўсякім Окі мы не дазволім тут затрымлівацца.

- Окі? - ціха перапытала маці. - Окі?

- Ага, Окі! І калі я заўтра вас тут застану, не мінуць вам турмы. - Чалавек крута павярнуўся, падышоў да суседняй палаткі і паляпаў далонню па брызенце:

- Ёсць тут хто-небудзь?

Маці не спяшаючыся вярнулася пад брызент. Паклала патэльню назад у скрыню. Потым паволі апусцілася на зямлю, села. Ружа Сарона ўпотайкі сачыла за ёю. Убачыўшы, што маці стараецца стрымаць слёзы, яна заплюшчыла вочы і прытварылася, што спіць.

 

Сонца ўжо добра схілілася на захад, а спёка не спадала. Том прачнуўся пад вярбой. У роце ў яго засмягла, цела змакрэла ад поту, галава была цяжкая пасля сну. Ён вяла падняўся на ногі і пайшоў да берага. Скінуў з сябе адзежу, палез у рэчку. Ледзь толькі вада абняла яго, смага знікла. Ён лёг на мелкім месцы, упёршыся локцямі ў пясчанае дно, і цела яго плавала ў вадзе. І так ён ляжаў, пазіраючы на пальцы ног, якія пагойдваліся над паверхняй.

Бледны хударлявы хлопчык выпаўз, як звярок, з чароту і хуценька раздзеўся. Ён шмыгнуў у ваду, як хахуля, і, як хахуля, паплыў, пакінуўшы толькі вочы на паверхні. Раптам ён убачыў над вадой галаву Тома, заўважыў, што за ім сочаць. Хлопчык кінуў сваю гульню і сеў на дно.

Том сказаў:

- Хэло!

- Хэло!

- У хахулю гуляеш?

- Ага. - Хлопчык пасоўваўся ўсё бліжэй да берага, быццам проста так, незнарок, і раптам выскачыў з вады, згроб у ахапак сваё адзенне і знік у вербалоззі.

Том ціха засмяяўся і раптам пачуў рэзкі крык:

- Том! Гэй, Том!

Ён сеў на дно і свіснуў праз зубы, пранізліва, з хвацкім прысвістам у канцы. Кусты варухнуліся, і з іх выйшла Руці. Спынілася, пазіраючы на яго.

- Цябе мама кліча, - сказала яна. - Ідзі хутчэй.

- Зараз. - Том падняўся і пайшоў па вадзе да берага, а Руці глядзела на яго голае цела са здзіўленнем і цікавасцю.

Заўважыўшы на сабе яе позірк, Том сказаў:

- Ну бяжы. Давай адсюль!

І Руці ўцякла. Том пачуў, як яна ўсхвалявана кліча Ўінфілда. Ён нацягнуў гарачае адзенне на сваё халаднаватае, мокрае цела і няспешнай хадою пайшоў праз лазняк да палаткі.

Маці расклала агонь з сухога вярбовага голля і кіпяціла на ім ваду ў рондалі. Убачыўшы Тома, адразу адчула палёгку.

- Што тут у вас, ма? - запытаўся Том.

- Я баялася за цябе, - адказала яна. - Тут палісмен прыходзіў. Нам, кажа, нельга тут заставацца. Я баялася, каб ён з табой не загаварыў. Баялася, ты наб'еш яго, як толькі ён рот расчыніць.

Том сказаў:

- Чаго гэта я раптам палісменаў біць буду?

Маці ўсміхнулася:

- Ну... ён тут такога нагаварыў... я сама ледзь не набіла яго.

Том схапіў яе за плячо і размашыста і грубавата трасянуў яе і засмяяўся. І яшчэ смеючыся, апусціўся на траву.

- Божа мой, ма. Я такой цябе не ведаў, раней ты была больш далікатная. Што з табою стала?

Маці спахмурнела.

- Не ведаю, Том.

- Спярша на нас дамкратнай ручкай замахвалася, цяпер палісмена ледзь не збіла. - Том ціха засмяяўся, выцягнуў руку і ласкава паляпаў маці па голай ступні. - Сапраўдная ведзьма.

- Том...

- Што?

Маці доўга вагалася, перш чым загаварыць.

- Том, палісмен гэты... ён абазваў нас... Окі. Кажа: «Мы не дазволім усякім Окі тут затрымлівацца».

Том пільна паглядзеў на маці, рука яго ўсё яшчэ ласкава ляжала на яе ступні.

- Адзін чалавек нам ужо гаварыў. Сказаў, як яны вымаўляюць гэтае слова. - Том задуменна памаўчаў. - Ма, як па-твойму, я ўжо зусім адпеты? Месца маё ў турме?

- Не, - адказала яна. - Цябе давялі да забойства. Не. А чаму ты пытаешся?

- Проста так. Я палісмену гэтаму ўляпіў бы як мае быць.

Маці лагодна ўсміхнулася:

- Магчыма, я цябе на гэта і падбіла б. Я сама яго ледзь патэльняй не агрэла.

- А што ён гаварыў, ма? Чаму нам нельга тут заставацца?

- Сказаў, не дазволім усякім Окі тут затрымлівацца. Калі, кажа, я вас тут заўтра застану, у турму пасаджу.

- Мы не прывыклі, каб палісмены нас у карак гналі.

- Я так і сказала яму. А ён кажа, вы тут не дома. Вы ў Каліфорніі, а тут мы гаспадары.

Том нерашуча прамовіў:

- Мне трэба табе нешта сказаць, ма. Ной... пайшоў уніз па рацэ. Далей ён з намі не паедзе.

Сэнс яго слоў дайшоў да маці не адразу.

- Чаму? - праз нейкі момант ціха запыталася яна.

- Не ведаю. Кажа, так трэба. Што яму лепш застацца каля гэтай ракі. Прасіў сказаць табе.

- А што ён есці будзе?

- Не ведаю. Рыбу, кажа, лавіць буду.

Маці доўга маўчала.

- Распадаецца наша сям'я, - нарэшце прамовіла яна. - Проста не ведаю, не прыдумаю, што рабіць. У галаве ўсё перамяшалася. Гэтага мне ўжо занадта.

Том няўпэўнена сказаў:

- А нічога з ім не зробіцца, ма. Наогул, ён у нас з дзівацтвамі.

Маці кінула неўразумелы позірк на раку.

- Проста ў галаве ўсё перамяшалася.

Том глянуў на рады палатак і каля адной з іх убачыў Руці з Уінфілдам - яны стаялі каля ўвахода і з кімсьці далікатна размаўлялі. Руці мяла пальцамі сукенку, а Ўінфілд босай нагой калупаў пясок. Том крыкнуў:

- Гэй, Руці! - Дзяўчынка падняла галаву, убачыла брата і падбегла да яго, за ёю - Уінфілд. Том сказаў: - Збегай, Руці, пакліч нашых. Яны спяць пад вербамі. Сюды вядзі. А ты, Уінфілд, скажы Ўілсанам, што мы хутка едзем, няхай збіраюцца.

Дзеці мігам разбегліся. Том запытаўся ў маці:

- А як бабка, ма?

- Заснула. Здаецца, ёй лепш. І цяпер яшчэ спіць.

- То добра. Колькі ў нас свініны засталося?

- Малавата. Адна маленькая бочачка.

- Тады ў другую вады набяром. Ваду трэба ўзяць у дарогу.

З вербняку пачуліся гучныя крыкі Руці, якая склікала мужчын.

Маці падкінула сухога вярбовага голля ў вогнішча, і агонь з трэскам абхапіў рондаль. Сказала:

- Дай нам, божа, хутчэй адпачыць. Дай нам, госпадзі, знайсці сабе добры прыстанак!

Сонца хілілася да ламанай рысы абпаленых ім узгоркаў. Вада ў рондалі шалёна бурліла. Маці пайшла пад брызентавы навес, выйшла адтуль з поўным фартухом бульбы і ўсыпала яе ў вар.

- Дай, божа, хутчэй памыць бялізну. Ніколі мы яшчэ такія брудныя не хадзілі. Бульбу і то нямытую вару. А чаму - не разумею. Быццам сэрца з мяне вырвалі.

Мужчыны купкай выйшлі з кустоў. Вочы ў іх былі сонныя, твары расчырванелыя, азызлыя ад сну сярод дня. Бацька папытаўся:

- Што тут у вас?

- Трэба ехаць, - адказаў Том. - Палісмен прыходзіў, гоніць далей. Лепш хутчэй пераехаць пустыню. Выедзем чым раней і, можа, адолеем яе адразу. Нейкіх трыста міль засталося.

Бацька сказаў:

- Эх, думаў, адпачнём тут добра.

- Нельга, трэба ехаць, та, - сказаў Том. - Ной з намі не едзе. Пакіраваў уніз па рацэ.

- Не едзе? Што яму, чорту, у галаву ўзбрыло? - сказаў бацька і запнуўся. Потым паныла прамовіў: - Мая віна. Ной - гэта мая віна.

- Ды кінь ты, та.

- Няма чаго і гаварыць. Віна мая.

- Трэба збірацца, - сказаў Том.

Уілсан, падыходзячы, пачуў апошнія словы Тома.

- Мы ехаць не можам, - сказаў ён. - Сэйры зусім знемаглася. Ёй патрэбен спакой. Жывая яна з гэтай пустыні не выберацца.

Яго выслухалі моўчкі; потым Том сказаў:

- Палісмен гразіўся ўсіх нас у турму загнаць, калі мы да заўтра застанемся.

Уілсан пакруціў галавой. Вочы яго заслаліся пялёнкай трывогі, праз загар на твары праступіла бледнасць.

- Тады едзьце адны. Сэйры не можа. У турму дык у турму. Сэйры трэба адпачыць, набрацца сілы.

Бацька сказаў:

- Можа, мы пачакаем вас? А тады ўсе і паедзем.

- Не, - адказаў Уілсан. - Вы і так шмат нам зрабілі. А тут заставацца вам нельга. Вам трэба ехаць, знайсці работу, працаваць. Мы вас не хочам затрымліваць.

Бацька ўсхвалявана сказаў:

- Але ж у вас нічога няма.

Уілсан усміхнуўся:

- Калі мы з вамі стрэліся, у вас таксама нічога не было. Вас гэта не датычыць. Будзеце спрачацца са мной, я ўзлавацца магу. Вы едзьце, а то я сапраўды зазлую і пасваруся з вамі.

Кіўком галавы маці паклікала бацьку пад брызент і нешта шапнула яму.

Уілсан павярнуўся да Кейсі:

- Сэйры прасіла вас зайсці да яе.

- Добра, - адказаў прапаведнік. Ён пайшоў да маленькай шэрай палаткі Ўілсанаў, адхінуў полкі і ўвайшоў. У палатцы было цёмна і душна. На зямлі ён убачыў матрац, астатнія рэчы, як былі скінуты з грузавіка, так і валяліся дзе папала. Сэйры ляжала на матрацы, шырока расплюшчыўшы бліскучыя вочы. Кейсі спыніўся, глянуў на яе, апусціўшы сваю вялікую галаву, і мускулы на яго жылістай шыі напяліся. Ён зняў з галавы капялюш і стаяў, трымаючы яго ў руцэ.

Сэйры спыталася:

- Муж сказаў, што мы не едзем?

- Сказаў.

Зноў пачуўся нізкі прыгожы голас Сэйры:

- Я хацела ехаць з вамі. Ведаю, мне з гэтай пустыні жывой не выбрацца, затое муж перабярэцца цераз яе. А ён не хоча. Ён не ведае. Думае, я папраўлюся. Ён не ведае.

- Ён сказаў: не паедзем.

- Ага. Ён упарты. А вас я паклікала, каб малітву прачыталі.

- Я не прапаведнік ужо, - ціха прамовіў Кейсі. - Малітвы мае не памогуць.

Сэйры правяла языком па сасмяглых губах.

- Калі памёр іх дзед, я была ў палатцы. Тады вы прачыталі малітву.

- Гэта была не малітва.

- Малітва, - сказала Сэйры.

- Не такая, якія чытаюць прапаведнікі.

- Малітва была добрая. Прачытайце і мне такую.

- Я не ведаю, што гаварыць.

Сэйры заплюшчыла вочы і праз хвіліну зноў паглядзела на Кейсі.

- Тады памаліцеся моўчкі. Без слоў. Мне большага не трэба.

- Ува мне няма бога, - сказаў Кейсі.

- У вас ёсць бог. Вы не ведаеце, які ён, але гэта няважна. - Прапаведнік схіліў галаву. Сэйры баязліва сачыла за ім. І калі ён падняў галаву, твар яе пасвятлеў. - Гэтага я і хацела. Адчуць, што ёсць нехта побач... і моліцца.

Кейсі матнуў галавой, быццам адганяючы сон.

- Я гэтага не разумею, - сказаў ён.

А Сэйры сказала:

- Але вы... вы ведаеце, праўда?

- Ведаю, - адказаў Кейсі, - ведаю, але не разумею. Можа, міне некалькі дзён, вы адпачняце і паедзеце далей.

Сэйры паволі пакруціла галавой:

- Ува мне ўжо нічога не засталося, акрамя болю. Я ведаю, што гэта, толькі яму гаварыць не хачу. Ён вельмі засмуціцца. А зрабіць усё роўна нічога не зможа. Магчыма, ноччу, калі ён засне... Прачнецца, усё ж лягчэй.

- Хочаце, я не паеду, застануся з вамі?

- Не, - сказала Сэйры. - Не. Ведаеце, дзяўчынай я добра спявала. У нашых краях усе гаварылі, што я спяваю не горш за саму Джэні Лінд. Бывала, прыйдуць паслухаць мяне. І вось... пяеш, а людзі стаяць побач, і здаецца, быццам ты з імі адно цэлае. Так мне рабілася добра тады. Не кожнаму дадзена такое адчуць - такую паўнату ў сэрцы і блізкасць да людзей, што стаяць і слухаюць. Тады я ўсё думала, што некалі буду спяваць у тэатрах, ды не збылося. То і добра. Калі я спявала, нікога паміж намі не было, нічога. Вось чаму я папрасіла вас памаліцца. Захацелася яшчэ раз адчуць такую блізкасць. Песня і малітва - адно і тое. Шкада, што вы не чулі, як я спявала.

Кейсі заглянуў ёй у самыя вочы.

- Бывайце, - сказаў ён.

Яна кіўнула яму галавой і моцна сцяла губы. І прапаведнік выйшаў з паўзмроку палаткі на сляпучае сонечнае святло.

Мужчыны рабілі пагрузку. Дзядзька Джон стаяў на кузаве, а астатнія падавалі яму рэчы. Ён акуратна расстаўляў іх, стараючыся, каб было як мага раўней. Маці выняла салёную свініну з бочачкі і паклала ў рондаль, а Том з Элам схадзілі да ракі і памылі абедзве бочачкі. Потым прывязалі іх да падножак грузавіка, налілі вадой, якую прынеслі ў вёдрах. Зверху завязалі бачуркі парусінай, каб вада не расплюхалася ў дарозе. Засталося яшчэ толькі ўкласці брызент і матрац, на якім спала бабка.

Том сказаў:

- З такім грузам калымага наша моцна перагрэецца. Вялікі запас вады трэба мець.

Маці раздала ўсім вараную бульбу, вынесла з-пад брызенту астатнія паўмяха бульбы і паставіла яго ля рондаля са свінінай. Усе елі стоячы, пераступаючы з нагі на нагу і перакідаючы з далоні на далонь гарачыя бульбіны, каб яны астылі.

Маці пайшла ў палатку Ўілсанаў, прабыла там хвілін дзесяць і ціхенька выйшла.

- Пара ехаць, - сказала яна, падышоўшы да мужчын.

Мужчыны зайшлі пад брызентавы навес. Бабка спала з шырока раскрытым ротам. Яны асцярожна паднялі матрац і паклалі яго на самы верх грузавіка. Бабка падабрала свае кашчавыя ногі, але не прачнулася.

Дзядзька Джон з бацькам перакінулі брызент цераз верхнюю перакладзіну так, што атрымалася нешта накшталт стрэшкі, і прывязалі яго да бакавых планак бартоў. Цяпер усё было гатова. Бацька дастаў з кішэні кашалёк і выняў з яго дзве пакамечаныя паперкі. Ён падышоў да Ўілсана і падаў яму грошы.

- Вось, прыміце ад нас і... - ён паказаў на рондаль са свінінай і мяшок з бульбай, - і гэта.

Уілсан панурыўся і рашуча пакруціў галавой.

- Не, я гэтага не зраблю, - сказаў ён. - У вас у саміх мала.

- На дарогу нам хопіць, - сказаў бацька. - Не апошняе аддаём. А прыедзем на месца, у нас работа будзе.

- Не, я гэтага не зраблю, - паўтарыў Уілсан. - Лепш не ўгаворвайце, зазлую.

Маці ўзяла з рук бацькі абедзве паперкі, акуратна перагнула іх напалам і паклала на зямлю, а зверху паставіла рондаль са свінінай.

- Вось дзе яно будзе, - сказала яна. - Не возьмеце вы, возьмуць іншыя.

Уілсан павярнуўся, не падымаючы галавы, і пайшоў да сваёй палаткі, і за ім захінуліся полкі.

Джоўды пачакалі яшчэ некалькі хвілін, і тады Том сказаў:

- Трэба ехаць. Цяпер ужо, пэўна, каля чатырох.

Усе забраліся на грузавік, маці наверх - бліжэй да бабкі. Том з Элам і бацькам селі ў кабіну, Уінфілд - на калені да бацькі. Коні і Ружа Сарона прымасціліся каля пярэдняй сценкі. Прапаведнік, дзядзька Джон і Руці паселі хто дзе сярод паклажы.

Бацька крыкнуў:

- Місіс Уілсан, містэр Уілсан, бывайце!

З палаткі не адказалі. Том завёў матор, і грузавік цяжка зрушыў з месца. І калі яны папаўзлі па разбітай дарозе, што вяла да Нідлса і да шашы, маці азірнулася. Уілсан стаяў з капелюшом у руцэ і пазіраў ім услед. Сонца біла яму проста ў твар. Маці памахала яму рукой, але ён не адказаў ёй.

Том вёў грузавік на другой скорасці, каб не папсаваць рысоры. На ўскраіне Нідлса ён спыніўся каля заправачнай станцыі, праверыў, ці не спускаюць камеры і ці моцна прывязаны запасныя шыны. Заправіў гаручым бак, купіў яшчэ дзве пяцігалонавыя каністры бензіну і адну двухгалонавую бляшанку масла. Ён заліў у радыятар вады, папрасіў даць яму карту і пачаў яе вывучаць.

Малады чалавек у белай форме прыкметна нерваваўся, абслугоўваючы Тома, і супакоіўся толькі тады, калі яму заплацілі па рахунку.

- Храбры вы народ, - сказаў ён.

Том адарваў вочы ад карты.

- Гэта чаму ж?

- Праз пустыню ў такім драндулеце?

- А ты сам праз яе пераязджаў?

- І не адзін раз, толькі не ў гэтакай скрыні.

Том сказаў:

- Калі будзе паломка, хто-небудзь нас, думаю, выручыць.

- Што ж, можа, і выручыць. Але сярод ночы людзі баяцца спыняцца. Я нізашто б не спыніўся. Храбрасці не хапіла б.

- Думаеш, мы храбрыя? Нам проста нічога больш не застаецца. Ну, дзякуй табе. Пацягнемся далей. - Том сеў у кабіну і паехаў ад станцыі.

Малады чалавек у белым увайшоў у домік з рыфленага жалеза, дзе яго памочнік праглядаў папку з рахункамі.

- О божа, ну й адчайны народ!

- Хто - Окі? Яны ўсе адчайныя.

- На такім драндулеце я пабаяўся б і з месца скрануцца.

- У нас з табой здаровы розум. А ў гэтых чортавых Окі ні разумення ніякага няма, ні чалавечых пачуццяў. Яны і не людзі. Сапраўдны чалавек не будзе так жыць, як яны. Сапраўдны чалавек не прымірыўся б з такім брудам і ўбоствам. Яны не нашмат лепшыя за гарыл.

- А ўсё ж добра, што мне не трэба ехаць праз пустыню на такім дапатопным «гудзоне». Тарахціць, як малатарня.

Памочнік паглядзеў на папку, што ляжала перад ім. Буйная кропля поту скацілася з яго пальца і ўпала на ружовыя лісткі.

- Ведаеш, іх нічым не напалохаеш. Яны такія бязмозгія, нават не ўяўляюць сабе, як гэта небяспечна. І, далібог, далей свайго носа нічога не бачаць. Ёсць за каго перажываць!

- Я не перажываю. Проста ўявіў сябе на іх месцы. Не, нізашто не хацеў бы!

- Бо ты разумееш, што да чаго. А яны нічога не разумеюць, - сказаў памочнік і выцер рукавом кроплю з ружовага рахунка.

 

Грузавік выехаў на шашу і пачаў узбірацца на пакаты ўзгорак між абламаных, выветраных скал. Вада ў радыятары неўзабаве закіпела, Том прыняў гэта як належнае і паехаў цішэй. Вышэй і вышэй па доўгім схіле, дарога выгіналася і пятляла па мёртвай мясцовасці, выпаленай сонцам да шэрасці, да белізны, без ніякіх прыкмет жыцця. Том зрабіў кароткі прыпынак, каб астыў матор, потым рушыў далей. Яны ўзняліся на перавал яшчэ да захаду сонца і зірнулі ўніз на пустыню - чорныя, як сажа, горы ўдалечыні і жоўтыя блікі сонца на шэрай пустэльнай зямлі. Маленькія чэзлыя пучкі травы, быльнёг і кусцікі жорсткага хмызу кідалі рэзкія цені на пясок і на абломкі скал. Сляпучае сонца свяціла ім проста ў вочы. Том прыкрыў іх рукой, каб відаць была дарога. Яны перавалілі цераз грэбень і пакаціліся ўніз з выключаным маторам, каб даць яму астыць. Так яны спускаліся па доўгім схіле да пустыні, а вентылятар круціўся, халодзячы ваду ў радыятары. Том, Эл і бацька з Уінфілдам на каленях глядзелі на яркае сонца над гарызонтам, і вочы ў іх былі як шкляныя, загарэлыя твары блішчалі ад поту. Выпаленая зямля і чорныя, як сажа, горы парушалі роўную далеч пустыні і рабіліся яшчэ страшнейшымі ў пачырванелых промнях заходняга сонца.

Эл сказаў:

- Ну і мясцовасць! А што, калі б давялося ісці пеша?

- Хадзілі і пеша, - адказаў Том. - Шмат народу хадзіла, а раз іншыя маглі, значыць, і мы змаглі б.

- Шмат, пэўна, загінула іх, - сказаў Эл.

- У нас ужо таксама не без страт.

Эл змоўчаў. Пустыня, якая ўсё больш чырванелася, пралятала міма.

- Як думаеш, мы калі-небудзь убачым зноў гэтых Уілсанаў? - папытаўся Эл.

Том пакасіўся на індыкатар узроўню масла і адказаў:

- У мяне такое адчуванне, што ні мы, ні хто іншы больш не ўбачыць місіс Уілсан. Проста адчуванне такое.

Уінфілд сказаў:

- Та, я хачу злезці.

Том глянуў на яго.

- Не шкодзіла б усіх спусціць да цемнаты. - Ён збавіў хуткасць і спыніў машыну. Уінфілд саскочыў на зямлю і памачыўся на краі шашы. Том высунуўся з кабіны. - Яшчэ каму трэба?

- Пацерпім, - адгукнуўся дзядзька Джон.

Бацька сказаў:

- Ты, Уінфілд, лезь наверх. У мяне ногі знямелі цябе трымаць. - Хлопчык зашпіліў штаны, паслухмяна ўскараскаўся на грузавік па заднім борце і пералез на карачках цераз бабчын матрац бліжэй да Руці.

Машына ішла насустрач нізкаму сонцу, якое ўжо дакранулася краем да няроўнай рысы гарызонту, заліўшы густой чырванню ўсю пустыню.

Руці сказала Ўінфілду:

- Што, прагналі?

- Я сам не захацеў. Тут лепш. Там легчы няма дзе.

- Толькі сядзі ціха, не балбачы, - сказала Руці, - бо я хачу заснуць - прачнуся, а мы ўжо на месцы! Так Том сказаў. Цікава будзе паглядзець - прыгожы, кажуць, край.

Сонца зайшло, пакінуўшы на небе вялікі зіхатлівы круг. Пад брызентам стала цёмна, як у тунелі з прасветлінамі ў абодвух канцах, трохвугольнымі прасветлінамі.

Коні і Ружа Сарона сядзелі, прыхінуўшыся да кабіны, і гарачы вецер, які ўрываўся пад навес, біў ім у патыліцу, а брызент ляпаў і гуў, як барабан, у іх над галавой. Яны ціха перамаўляліся пад ляпанне брызенту, каб ніхто іх не чуў. Коні паварочваў галаву і шаптаў жонцы на вуха, і Ружа Сарона, адказваючы, рабіла тое самае. Яна сказала:

- Мы адно толькі робім - едзем і едзем, і, здаецца, ніколі канца гэтаму не будзе. Мне надакучыла.

Коні павярнуўся да яе вуха:

- Можа, раніцай... Ты б хацела, каб мы пабылі адны? - У змроку ён пагладзіў рукою яе бядро.

Яна сказала:

- Не трэба. А то я завядуся, як шлюха. Кінь. - І павярнулася вухам да яго, каб пачуць, што ён адкажа.

- Можа... калі ўсе заснуць.

- Можа... - сказала Ружа Сарона, - Толькі пачакай, пакуль заснуць.

- Я больш не магу, - сказаў Коні.

- Ведаю. Я таксама. Давай пагаворым, як там усё будзе, а ты адсунься, пакуль галава ў мяне не закружылася.

Коні крыху адсунуўся.

- Значыць, адразу, як прыедзем, я пачну вучыцца вечарамі, - сказаў ён. Ружа Сарона глыбока ўздыхнула. - Я дастану кніжачку такую, дзе ўсё пра гэта гаворыцца, выражу з яе падпісны бланк і адразу пашлю.

- А чакаць доўга давядзецца?

- Чаго чакаць?

- Калі ты пачнеш зарабляць вялікія грошы і ў нас будзе лёд.

- Гэта цяжка сказаць, - важна прамовіў Коні. - Загадзя сказаць не магу. Да Каляд, а то і раней, думаю, вывучуся.

- Ты вывучышся, і мы купім сабе лёд і ўсё астатняе, так?

Коні хмыкнуў:

- Гэта ў цябе ад спёкі. Нашто табе лёд на Каляды?

Ружа Сарона ўсміхнулася:

- І праўда. Але так хочацца, каб ён у нас заўсёды быў. Ну, перастань. А то я завядуся!

Сутонне перайшло ў цемру, і лагоднае неба над пустыняй усыпалі зоркі - калючыя, вострыя, з рэдкімі кароткімі і доўгімі промнямі. І гарачыня стала іншая. Пакуль сонца стаяла ў небе, гарачыня хвастала, працінала наскрозь, а цяпер яна падымалася знізу, ад зямлі, і шчыльна ахінала людзей. Загарэліся фары, і цьмяна завіднеўся наперадзе кавалак шашы і паласа пустыні абапал яе. Час ад часу ўдалечыні паблісквалі вочы якой-небудзь жывёліны, але самой яе не было відаць. Пад брызентам цяпер зрабілася зусім цёмна. Дзядзька Джон і прапаведнік ляжалі, скурчыўшыся і апіраючыся на локці, пасярэдзіне грузавіка і глядзелі на дарогу праз задні трохкутны праём навеса. Бліжэй да задняга борта яны бачылі два няясныя выступы - гэта былі бабка і маці; маці раз-пораз варушылася, і ў праёме мільгалі абрысы яе рукі.

Дзядзька Джон загаварыў з прапаведнікам.

- Кейсі, - сказаў ён, - ты павінен ведаць, што з гэтым рабіць.

- З чым?

- Не ведаю, - адказаў дзядзька Джон.

Кейсі сказаў:

- Нялёгкую ты мне задачу задаў!

- Ты ж быў прапаведнікам.

- Паслухай, Джон, усе мне тыцкаюць - прапаведнік, прапаведнік... А прапаведнік такі самы чалавек, як і ўсе іншыя.

- То так, але... ён... чалавек асаблівы, інакш які ж ён прапаведнік. Я вось што хацеў спытацца... як па-твойму, можа так быць, што прыносіш людзям няшчасце?

- Не ведаю. Не ведаю.

- Ну, разумееш... была ў мяне жонка... прыгожая, добрая. Неяк ноччу забалеў у яе жывот. І папрасіла яна: «Прывядзі доктара». А я кажу: «Яшчэ чаго. Ты проста аб'елася». - Дзядзька Джон паклаў руку на калена прапаведніку і пачаў узірацца ў цемры ў яго твар. - Як яна на мяне паглядзела! Усю ноч стагнала і назаўтра днём памерла. - Прапаведнік нешта прамармытаў. - Разумееш? - гаварыў далей Джон. - Я забіў яе. І з таго дня ўсё стараўся выкупіць сваю віну, рабіць дабро... усё больш дзецям. І жыць захацеў дабром, а не магу. Напіваюся, распуснічаю.

- Усе распуснічаюць, - сказаў Кейсі. - Я таксама.

- То так, але ў цябе няма грэху на душы.

Кейсі мякка сказаў:

- Як няма - ёсць. Усе не без грэху. Грэх - гэта тое, у чым ты не адчуваеш упэўненасці. А тых, хто ва ўсім упэўнены і не ведае за сабой грахоў, тых сукіных сыноў я, на месцы бога, гнаў бы выспяткам у зад з царства нябеснага. Цярпець іх не магу!

Дзядзька Джон сказаў:

- У мяне такое адчуванне, быццам я сваім родным няшчасце прыношу. Думаю, ці не пайсці ад іх. Гэтак жыць больш не магу.

Кейсі адказаў адразу:

- Мне гэта вядома... Што чалавеку трэба рабіць, няхай тое і робіць. Параіць табе нічога не магу. Не ведаю, ці можа чалавек прыносіць другому шчасце або няшчасце. Адно толькі добра ведаю: ніхто не мае права лезці ў чужое жыццё. Няхай чалавек вырашае сам за сябе. Памагчы яму можна, а ўказваць - не.

Дзядзька Джон расчаравана сказаў:

- Дык ты не ведаеш, што мне рабіць?

- Не, не ведаю.

- Па-твойму, гэта грэх, што я даў жонцы вось гэтак памерці?

- Разумееш, - сказаў Кейсі, - у каго іншага гэта была б проста памылка, але раз ты лічыш, што гэта грэх... значыць, грэх. Чалавек сам стварае сабе грахі.

- Мне трэба добра падумаць, - сказаў дзядзька Джон, павярнуўся на спіну і лёг, падняўшы калені.

Грузавік ішоў па гарачай пустыні гадзіна за гадзінай. Руці і Ўінфілд спалі. Коні выцягнуў аднекуль з паклажы коўдру, накрыў сябе і Ружу Сарона, і, стрымліваючы дыханне, яны пачалі валтузіцца ў духаце. Потым Коні адкінуў коўдру, і гарачы скразняк абвеяў прахалодай іх змакрэлыя целы.

Каля задняга борта маці ляжала на матрацы побач з бабкай, і, хоць нічога ў цемры не бачыла, яна адчувала сутаргавае паторгванне цела, няроўнае сэрцабіццё і перарывістае дыханне бабкі. І ўсё паўтарала:

- Супакойся. Усё будзе добра. - І потым дадала зрывістым голасам: - Ты ж ведаеш, нам трэба пераехаць гэту пустыню. Ты ж гэта ведаеш.

Дзядзька Джон аклікнуў яе:

- Што там у вас?

Толькі праз якую хвіліну маці адказала:

- Ды гэта я так. Пэўна, у сне.

Потым бабка заціхла, і маці знерухомела побач з ёю.

Ноч цягнулася, міналі гадзіны, цемра ляцела насустрач грузавіку. Часам іх абганялі легкавыя аўтамашыны, што беглі на захад, у ноч; часам насустрач ім імчаліся вялізныя грузавікі і з грукатам праляталі міма, на ўсход. Зоркі марудным каскадам струменіліся ў бок заходняга гарызонту. Каля паўночы Джоўды пад'ехалі да інспектарскай станцыі на ўскраіне Дэгета. Шаша ў гэтым месцы была залітая электрычнасцю, а каля канторы стаяў ярка асветлены шчыт з надпісам: «Бяры ўправа. Стоп». Том спыніў машыну, і інспектары, што сланяліся без справы па канторы, зараз жа выйшлі і сталі пад доўгай драўлянай паветкай. Адзін з іх запісаў нумар машыны і падняў века капота.

Том запытаўся:

- Гэта навошта?

- Агранамічная інспекцыя. Зараз агледзім вашу машыну. Расліны, насенне ёсць?

- Няма, - адказаў Том.

- Усё роўна агледзім. Разгружайцеся.

Маці з цяжкасцю злезла з грузавіка. Твар у яе быў апухлы, вочы глядзелі сурова.

- Паслухайце, містэр, у нас старая хворая жанчына. Вязём яе да доктара. Нам марудзіць нельга. - Яна, відаць, ледзь стрымлівалася, каб не закаціць істэрыку. - Вы не маеце права нас затрымліваць.

- Не маю права? Без агляду нельга.

- Богам прысягаю, у нас нічога гэтага няма! - закрычала маці. - Прысягаю. Бабцы зусім дрэнна.

- У вас у самой выгляд нездаровы, - сказаў інспектар.

Маці ўзялася за край борта і з усяе сілы падцягнулася да бабкі.

- Вось, зірніце, - сказала яна.

Інспектар накіраваў прамень электрычнага ліхтарыка на стары зморшчаны твар.

- Далібог, праўда, - сказаў ён. - Дык вы прысягаеце, што нічога няма - ні насення, ні фруктаў, ні гародніны, ні кукурузы, ні апельсінаў?

- Няма, няма. Прысягаю.

- Што ж, едзьце. У Барстаў ёсць доктар. Усяго восем міль адсюль. Давайце наперад!

Том сеў у кабіну, і машына зрушыла з месца.

Інспектар павярнуўся да свайго таварыша:

- Не мог я іх затрымліваць.

- Можа, маняць, - сказаў той.

- Што ты, не! Ты бачыў бы твар гэтай старой! Не, не маняць.

Том павялічыў хуткасць, каб хутчэй дабрацца да Барстаў, і, калі яны пад'ехалі да гэтага маленькага гарадка, ён спыніў машыну, вылез з кабіны і падышоў да задняга борта. Маці вызірнула яму насустрач.

- Усё ў парадку, - сказала яна. - Я проста не хацела там часу траціць, баялася, не паспеем да раніцы пераехаць пустыню.

- Гэта добра. А з бабкай што?

- Нічога. Едзь далей. Трэба хутчэй пераехаць пустыню.

Том пакруціў галавой і вярнуўся ў кабіну.

- Эл, - сказаў ён, - зараз заправімся, а далей ты трохі павядзеш.

Грузавік пад'ехаў да заправачнай станцыі, якая працавала круглыя суткі, і Том наліў бак і радыятар і падліў масла ў картэр. Эл перасунуўся да руля, а Том сеў на крайняе месца справа, бацька сядзеў пасярэдзіне. Яны зноў акунуліся ў цемру, і невысокія ўзгоркі вакол гарадка засталіся ззаду.

Том сказаў:

- Не разумею, што гэта з мамай? Якая яе муха ўкусіла? Не так ужо і доўга агледзець паклажу. Сказала, што з бабкай зусім дрэнна, а цяпер кажа - нічога. Розуму не дабяру. Нешта нядобрае з ёю. Мазгі, ці што, перакруціліся за дарогу.

Бацька сказаў:

- Яна цяпер як у маладосці. Адчайная была дзяўчына. Нічога не баялася. Здаецца, ужо час ёй уціхамірыцца - гэтулькі ж дзяцей нараджала. А праца якая цяжкая. Ды дзе там! А калі той жалязякай размахвала, памятаеш! Паспрабуй забяры ў яе - я нізашто б не адважыўся.

- Зразумець не магу, што з ёю, - сказаў Том. - Пэўна, проста стамілася.

Эл сказаў:

- Вось ужо не буду гараваць, калі падарожжа наша скончыцца. Усе нервы выматала гэтая праклятая машына.

Том сказаў:

- Ты малайчына, Эл. Добрую выбраў. З ёю амаль ніякага клопату не было.

Усю ноч машына ўгрызалася ў душную цемру, і зайцы збягаліся на святло фар і ўцякалі доўгімі пругкімі скачкамі. І калі наперадзе бліснулі агеньчыкі форта Махаве, ззаду пачало ўжо світаць. У перадранішнім сутонні на захадзе паказаліся высокія горы. У Махаве, на граніцы між Арызонай і Каліфорніяй, залілі ў машыну вады і масла і паволі папаўзлі ў горы. Досвітак цяпер акружаў іх з усіх бакоў.

Том сказаў:

- Дзякуй богу, праехалі! Та, Эл, радуйцеся! Пустыню праехалі!

- Я так змарыўся, што мне ўсё роўна, - сказаў Эл.

- Можа, я павяду?

- Не, пачакай.

Тачапі праехалі, калі неба ўжо заірдзелася - ззаду падымалася сонца. І раптам перад іх вачамі разаслалася шырокая даліна. Эл націснуў на тормаз, і машына спынілася пасярод дарогі.

Бацька сказаў:

- А божачкі!

Гарадкі ўдалечыні, пасёлкі сярод фруктовых садоў і ў золата афарбаваная ранішнім сонцам даліна. Ззаду пачуўся сігнал аўтамабіля. Эл адвёў грузавік да краю шашы і там стаў.

- Хачу на ўсё гэта паглядзець, - сказаў ён.

Залацістыя ўранні збожжавыя палі, вербы радамі, цэлыя шарэнгі эўкаліптаў.

Бацька ўздыхнуў:

- І не снілася мне, што такое бывае на свеце.

Персікавыя дрэвы, арэхавыя гаі, цёмна-зялёныя плямы апельсінаў. І чырвоныя дахі сярод дрэў, і адрыны - прасторныя адрыны. Эл выйшаў з кабіны і крыху прайшоўся, каб размяць ногі. Потым крыкнуў:

- Ма, глянь! Прыехалі!

Руці з Уінфілдам скаціліся з машыны і моўчкі замерлі на месцы, зачаравана і палахліва пазіраючы на бязмежную даліну. Лёгкая смуга засцілала даль, і, здавалася, зямля, чым далей, рабілася ўсё мякчэйшай і мякчэйшай. Недзе далёка пабліскваў на сонцы крыламі вятрак - як маленькі геліёграф, што перадае светлавыя сігналы. Руці і Ўінфілд не адрывалі вачэй ад яго. Руці прашаптала:

- Вось яна - Каліфорнія.

Уінфілд бязгучна паварушыў губамі, паўтараючы гэтае слова па складах.

- Тут фрукты, - сказаў ён уголас.

Кейсі і дзядзька Джон, Коні і Ружа Сарона спусціліся ўніз. І таксама стаялі моўчкі. Ружа Сарона пачала прыгладжваць рукой валасы, раптам убачыла даліну, і рука яе паволі апусцілася.

Том сказаў:

- А дзе ма? Няхай і яна паглядзіць. Ма, глянь! Сюды ідзі.

Маці памалу, цяжка пералезла цераз задні борт. Том глянуў на яе.

- Госпадзі, ма, ты што, захварэла?

Твар у яе быў ацёклы, нейкі застылы, вочы глыбока запалі, вакол іх - чырвоныя кругі стомы. Ногі яе дакрануліся да зямлі, і яна ўхапілася за планку борта, каб не ўпасці.

Пачуўся яе хрыплы голас:

- Пустыню, кажаце, праехалі?

Том паказаў рукой на даліну:

- Глянь!

Яна павярнула галаву ў той бок, і рот яе крыху раскрыўся. Пальцы пацягнуліся да горла, ухапілі складку скуры і слаба сціснулі яе.

- Дзякуй богу, - сказала маці. - Прыехала наша сям'я. - Калені ў яе падагнуліся, і яна апусцілася на падножку.

- Ты захварэла, ма?

- Не, стамілася.

- Ты ноччу не спала?

- Не.

- Бабцы было дрэнна?

Маці паглядзела на свае рукі, якія ляжалі ў яе на каленях, як стомленыя палюбоўнікі.

- Я хацела пачакаць, не гаварыць адразу. Каб не сапсаваць вам... Хацела як лепш.

Бацька сказаў:

- Значыць, бабцы зусім дрэнна.

Маці ўзняла вочы і доўгім поглядам абвяла даліну.

- Бабка памерла.

Усе моўчкі пазіралі на яе, і бацька нарэшце запытаўся:

- Калі?

- Яшчэ да таго, як інспектары нас спынілі.

- Таму ты і не дала ім паклажу праверыць.

- Баялася, не паспеем пустыню пераехаць, - адказала маці. - Я сказала бабцы, што зрабіць нічога нельга. Сям'і трэба праехаць праз пустыню. Я сказала ёй, усё ёй сказала, калі яна была ўжо пры смерці. Нам нельга спыняцца сярод пустыні. У нас малыя дзеці... і Разашарна чакае дзіцяці. Я ёй усё сказала. - Яна падняла рукі і на момант закрыла імі твар. - Пахаваем яе ў прыгожым, зялёным месцы, - ціха прамовіла маці. - Навокал будуць дрэвы, і месца будзе прыгожае. Няхай хоць прах яе спачывае ў Каліфорніі.

Усе спалохана пазіралі на маці, дзівячыся сіле яе духу.

Том сказаў:

- Госпадзі божа! Ты ўсю ноч ляжала з ёю побач!

- Трэба было пераехаць пустыню, - прагаварыла маці жаласна.

Том ступіў да яе - хацеў пакласці ёй руку на плячо.

- Не чапай мяне, Том, - сказала яна. - Я саўладаю з сабой, толькі не чапай. А то не стрываю.

Бацька сказаў:

- Час ехаць. Будзем спускацца.

Маці глянула на яго:

- Мне можа... можна мне сесці ў кабіну? Я там, ззаду, больш не магу. Я знясілела. Страшэнна знясілела.

Яны зноў узабраліся на грузавік, адводзячы вочы ад нерухомай доўгай постаці, старанна захінутай з усіх бакоў, нават з галавой, у коўдру. Усе забраліся на свае месцы, стараючыся не глядзець у той бок - на грудком выпнутую коўдру - там яе нос, на востры клін пад коўдрай - там яе падбародак. Стараліся не глядзець туды - і не маглі. Руці і Ўінфілд прымасціліся ў пярэднім куце кузава - як мага далей ад нябожчыцы, але не адводзілі вачэй ад старанна загорнутага цела.

Руці прашаптала:

- Гэта бабка. Яна цяпер мёртвая.

Уінфілд сумна паківаў галавой:

- Яна больш не дыхае. Яна зусім мёртвая.

А Ружа Сарона ціха сказала Коні:

- Яна памерла, якраз як мы...

- Хто ж ведаў? - суцішыў ён яе.

Эл палез наверх, уступіўшы маці месца ў кабіне. Ён крыху казырыўся, каб прыглушыць сум. Бухнуўся на паклажу побач з Кейсі і дзядзькам Джонам.

- Ну што ж, - сказаў ён, - яна была старая. Свой век пражыла. Смерці нікому не мінуць. - Кейсі і дзядзька Джон глянулі на Эла пустымі вачамі, нібы Эл быў не чалавекам, а гаворачым дрэвам. - Што, няпраўда? - не здаваўся Эл. Але вочы адвярнуліся ад яго, і ён насупіўся і прыгнечана змоўк.

Кейсі са здзіўленнем сказаў:

- Усю ноч, адна... - І дадаў: - Такое вялікае сэрца ў гэтай жанчыны, Джон, столькі любові... што мяне страх бярэ. І страх, і пачуццё сваёй нікчэмнасці.

Дзядзька Джон запытаўся:

- А гэта не грэх? Няма ў гэтым крышачку граху, па-твойму?

Кейсі недаўменна глянуў на яго:

- Грэх? Не, ніякага грэху тут няма.

- А я што ні раблю, дык хоць крышачку саграшу, - сказаў Джон і глянуў на захутанае ў коўдру цела.

Том, маці і бацька селі ў кабіну. Том адпусціў тармазы і завёў матор. Цяжка нагружаная машына, пафыркваючы, пастрэльваючы выхлапамі і трасучыся ўсім кузавам, пайшла па схіле гары ўніз. Сонца было ў іх ззаду, а спераду - залацістая, зялёная даліна. Маці ківала з боку ў бок галавой:

- Якая прыгажосць. Шкада, што яны не ўбачылі!

- І мне шкада, - сказаў бацька.

Том мякка паляпаў па штурвале далонню.

- Яны былі ўжо вельмі старыя, - сказаў ён. - Нічога б тут не ўбачылі. Дзед пачаў бы прыгадваць сваю маладосць, індзейцаў і прэрыі. А бабка ўспомніла б свой першы дамок. Яны былі ўжо вельмі старыя. Вось хто сапраўды ўсё ўбачыць, дык гэта Руці з Уінфілдам.

Бацька сказаў:

- Бач, як наш Томі гаварыць пачаў - як зусім дарослы, быццам прапаведнік казань на карысць бедных кажа.

А маці сумна ўсміхнулася:

- Так. Наш Томі дарослы стаў, вырас... так вырас, што да яго і не дацягнешся.

Яны спускаліся па схіле, крута паварочваючы, пятляючы, і то гублялі з поля зроку даліну, то зноў знаходзілі яе вачамі. Да іх падымаўся гарачы подых даліны з густым пахам зеляніны, смалістым водарам шалфею і грындэлій. Уздоўж шашы стракаталі цвыркуны. Праз дарогу паўзла грымучая змяя. Том наехаў на яе, раздушыў пасярэдзіне коламі і пакінуў курчыцца на шашы.

Ён сказаў:

- Думаю, трэба знайсці следчага, ён недзе там ёсць. Пахаваць яе трэба прыстойна. Колькі ў нас грошай засталося, та?

- Даляраў сорак, - адказаў бацька.

Том зарагатаў:

- Госпадзі, давядзецца пачынаць з пустымі рукамі! Ні з чым прыехалі, - прагігікаў ён, і твар яго раптам зрабіўся суровы. Ён нацягнуў брыль кепкі на самыя вочы. А грузавік каціўся з гары да шырокай даліны.

 

РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ

 

Раней Каліфорнія належала Мексіцы, а землі яе - мексіканцам; потым у краіну хлынула арда абадраных, разгарачаных, нецярплівых амерыканцаў. І так моцна адольвала іх цяга да зямлі, што яны завалодалі ёю - прысвоілі зямлю Сатэра, зямлю Герэра, захапілі вялікія маёнткі, пашкуматалі іх, сварыліся паміж сабою, рыкалі адзін на аднаго і біліся за свой кавалак - гэтыя ашалелыя, згаладалыя людзі, і пільнавалі захопленыя ўчасткі са стрэльбай у руках. Яны пабудавалі там дамы, свірны і адрыны, узаралі зямлю і засеялі. І так у іх паявілася нерухомая маёмасць, а нерухомая маёмасць - гэта ўжо ўласнасць.

Мексіканцы былі народ слабы і сыты. Яны не аказалі супраціўлення, бо не было на свеце нічога такога, да чаго б у іх была такая неўтаймаваная прага, як у амерыканцаў да зямлі.

І з цягам часу скватэры перасталі ўжо лічыцца захопнікамі і сталі паўнаўладнымі гаспадарамі; дзеці іх выраслі і парадзілі сваіх дзяцей на гэтай зямлі. І яны прагналі свой голад, люты голад, які смактаў і грыз ім нутро, і наталіць яго маглі толькі гэты край, вада, зямля і жыватворнае сонца над ёю, зялёныя ўсходы і набрынялае сокам карэнне. Яны валодалі ўсім гэтым так непадзельна, што перасталі бачыць што-небудзь вакол сябе. Іх ужо не даймала туга па акры ўрадлівай зямлі і па бліскучым нарогу плуга, па насенні і па ветраку, што памахваў крыламі ў паветры. Яны ўжо не падымаліся да святла, каб паслухаць першае цырыканне яшчэ сонных птушак, адчуць ранішні ветрык каля дома, пакуль чакалі, як выблісне сонца і можна будзе ісці на дарагое іх сэрцу поле. Усё гэта адышло ў мінулае, і ўраджай падлічваўся цяпер на даляры, зямля ацэньвалася як асноўны капітал плюс працэнты, ураджаі купляліся і прадаваліся яшчэ да сяўбы. І цяпер неўрадлівы год, засуха ці паводка ўжо не прыводзілі да замірання плыні жыцця, а ўсяго толькі да грашовых страт. І праз грошы змізарнела іх любоў да зямлі, а неўтаймаваную энергію кропля за кропляй высмакталі працэнты, і фермеры гэтыя сталі ўжо не фермерамі, а дробнымі крамнікамі - гандлярамі сваім ураджаем, дробнымі прамыслоўцамі, што прадаюць, перш чым вырабляюць. А потым фермерам, якія аказаліся няўдачлівымі крамнікамі, прыйшлося развітацца са сваёй зямлёй і ўступіць яе ўмелым крамнікам. Якім бы разумным ні быў чалавек, якой бы любоўю ні любіў ён зямлю і тое, што на ёй расце, ён не мог выжыць, калі не быў яшчэ і добрым гандляром. І з цягам часу іх гаспадаркамі завалодалі дзялкі і плошча зямельных участкаў усё большала, а колькасць іх меншала.

Цяпер земляробства стала прамысловасцю, і ўласнікі пайшлі па шляху Старажытнага Рыма, хоць самі таго і не ведалі. Яны прывозілі рабоў, хоць і не называлі іх рабамі: кітайцаў, японцаў, мексіканцаў, філіпінцаў. Людзі гэтыя могуць працаваць на адным рысе, бабах, казалі такія дзялкі. Ім надта нічога не трэба. І плаціць ім добра не трэба - яны ведаць не будуць, на што грошы траціць. Вы гляньце, як яны жывуць. Гляньце, што яны ядуць. А пераборлівымі зробяцца - гнаць іх у шыю.

Зямельныя ўчасткі буйнелі, а шэрагі ўласнікаў радзелі. Дробных фермераў зрабілася да мізэрнага мала. Пабоі, страх і голад давялі прывезеных нявольнікаў да таго, што некаторыя пачалі ўцякаць на радзіму, іншыя пачалі агрызацца, і іх перастралялі або выгналі з краіны. А зямельныя ўладанні ўсё шырэлі, гаспадароў стала яшчэ менш.

І ўраджаі пачалі збіраць ужо іншыя. Гаі фруктовых дрэў занялі месца збожжавых палёў, і ў нізінах цяпер расла гародніна на патрэбу ўсяму свету - салата, каляровая капуста, артышокі і бульба - культуры, збіраць якія даводзіцца сагнуўшыся. З касой, за плугам, з віламі чалавек працуе стоячы, але яму даводзіцца поўзаць, як казюлька, між градак салаты, гнуць спіну і цягнуць з сабой доўгі мех між радоў бавоўны і, як грэшніку на пакаянні, кленчыць перад каляровай капустай.

І цяпер гаспадары ўжо не працавалі на сваіх землях. Яны вялі гаспадарку на паперы, яны забыліся, што такое зямля, які ў яе пах, якая яна навобмацак, памяталі толькі, што яна іх уласнасць, памяталі толькі пра прыбыткі і страты. І некаторыя фермы разрасліся да такіх памераў, што аднаму чалавеку было ўжо не пад сілу абняць іх сваім розумам, так разрасліся, што спатрэбілася ўжо цэлая армія рахункаводаў, якія падлічвалі працэнты, прыбыткі і страты, хімікаў, якія даследавалі глебу і абагачалі яе, наглядчыкаў, якія сачылі, каб сагнутыя ў тры пагібелі людзі рухаліся ўздоўж градак з такой хуткасцю, на якую былі здольныя. І такі фермер сапраўды рабіўся гандляром і адкрываў краму. Ён плаціў людзям грошы, прадаваў ім прадукты, і грошы зноў вярталіся да яго. Неўзабаве ён пераставаў ім плаціць і гэтым эканоміў на рахункаводстве. На такіх фермах прадукты адпускаліся ў крэдыт. Чалавек працаваў і карміўся, а калі працу сваю канчаў, высвятлялася, што ён завінаваціўся кампаніі. А ўласнікі не толькі кінулі гаспадарыць на сваіх фермах - шмат хто з іх нават і ў вочы ніколі не бачыў іх.

А потым на Захад пацягнуўся разораны люд - з Канзаса, Аклахомы, Тэхаса, Нью-Мексіка, з Невады і Арканзаса - цэлымі сем'ямі, радамі, сагнаныя з месцаў пыльнымі бурамі, выцесненыя трактарамі. У бітком набітых машынах, цэлымі караванамі, бяздомныя, галодныя - дваццаць тысяч, пяцьдзесят тысяч, сто тысяч, дзвесце тысяч. Яны патокам пераліваліся цераз горы, згаладалыя, растрывожаныя, як мурашкі: спяшаліся хутчэй знайсці работу - падымаць, штурхаць, цягаць, палоць, капаць, збіраць - любую працу, любое ярмо, абы атрымаць ежу. Дзеці галадаюць. Нам няма дзе жыць. Снавалі, як мурашкі, спяшаліся дарвацца да працы, да ежы, а галоўнае - да зямлі.

Мы не чужынцы. Мы ўжо ў сёмым калене амерыканцы, а па паходжанню - ірландцы, шатландцы, ангельцы, немцы. Адзін з нашых продкаў змагаўся ў вайне за незалежнасць, а колькі іх удзельнічала ў грамадзянскай вайне і на тым, і на другім баку! Мы амерыканцы.

Яны былі галодныя, злосныя. Яны спадзяваліся знайсці тут дом, а знайшлі адну толькі нянавісць. Окі... Гаспадары ненавідзелі іх, бо ведалі, што Окі народ моцны, а самі яны слабыя, што Окі згаладаліся, а самі яны раз'еліся; і, магчыма, гаспадары чулі яшчэ ад прадзедаў сваіх, як лёгка захапіць зямлю ў слабасільнага чалавека, калі ты ўзлаваны і галодны і ў руках у цябе зброя. Гаспадары гарэлі да іх нянавісцю. А ў гарадках іх ненавідзелі крамнікі, бо ведалі, што ў Окі няма грошай, каб расплаціцца. Гэта самы пэўны спосаб заслужыць пагарду крамніка, бо яго сімпатыю выклікае якраз процілеглае. Гараджане, дробныя банкіры ненавідзелі Окі таксама - на іх не разжывешся. У гэтых Окі нічога няма. А работнікі на фермах ненавідзелі Окі таму, што галодны чалавек павінен працаваць, а калі ён вымушаны працаваць, не можа не працаваць, значыць, наймальнік аўтаматычна зніжае плату, і тады на вышэйшую ты ўжо і не разлічвай.

А пазбаўленыя сваіх гаспадарак фермеры-перасяленцы наваднялі Каліфорнію - дзвесце пяцьдзесят тысяч, трыста тысяч. Там, ззаду, усё новыя і новыя трактары паўзлі па зямлі і зганялі з яе арандатараў. І новыя хвалі выплюхваліся на дарогі, новыя хвалі беззямельнага, бяздомнага люду, узлаванага, упартага і таму небяспечнага.

Каліфарнійцы шмат чаго патрабавалі ад жыцця - прымнажэння капіталу, поспеху ў грамадстве, уцех і забаў, раскошы, надзейнага змяшчэння грошай у банках, а новыя варвары патрабавалі толькі дзвюх рэчаў - зямлі і хлеба; на іх разуменне гэтыя дзве рэчы зліваліся ў адну. І ў той час як патрабаванні каліфарнійцаў былі туманныя, неакрэсленыя, тое, да чаго імкнуліся Окі, ляжала проста пры дарозе, цвяліла вока, распальвала зайздрасць: урадлівыя палі, дзе можна выкапаць калодзежы, - урадлівыя зялёныя палі; зямля, якую можна раскрышыць пальцамі на далоні; трава, пах якой можна ўдыхнуць у сябе; сцяблінкі аўса - пажуеш іх і адчуеш у горле даўкаватую слодыч. Чалавек пазіраў на абложную зямлю і ведаў, у думках бачыў, што гнуць спіну і натужвацца тут можна нямарна - тут вырасце капуста і залацістая цукровая кукуруза, рэпа і морква.

Бяздомны, галодны чалавек ехаў па дарогах, побач з ім яго жонка, на заднім сядзенні схуднелыя дзеці, і глядзеў на абложныя палі, якія маглі б даць яму не прыбыткі, не - ежу, і ён ведаў, што няўробленае поле - грэх, а незасеяная зямля - злачынства супраць яго згаладалых дзяцей. І калі такі чалавек праязджаў па дарогах, кожнае такое поле было яму спакусай, і яго разбірала жаданне ўзяць сабе гэтыя палі і вырасціць на іх тое, што дасць сілу яго дзецям і прынясе супакаенне жонцы. Спакуса ўвесь час была перад яго вачыма. Палі вабілі яго, арашальныя канавы з чыстай праточнай вадой дражнілі яго ўяўленне.

А на поўдні ён бачыў залатыя апельсіны на дрэвах, маленькія залатыя апельсіны на цёмнай зелені дрэў, і вартаўнікоў з драбавікамі ў прысадах - каб чалавек не мог сарваць плада свайму схуднеламу дзіцяці, хоць апельсіны пойдуць на звалку, калі цана іх упадзе.

Ён уязджаў на сваёй старой калымазе ў гарадок. Ён бегаў па фермах у пошуках працы. Дзе нам можна тут пераначаваць?

А вунь, у Гувервілі, ля самай рэчкі. Там ужо цэлая плойма гэтых Окі.

Ён пад'язджаў на сваёй старой машыне да Гувервіля. І потым ужо ніколі не пытаўся пра начлег, бо на ўскраіне кожнага горада быў свой Гувервіль.

Хламны пасёлак звычайна ўзнікаў каля вады; замест дамоў тут былі палаткі, буданы з бур'яну, загарадкі з кардону - кучы рознай непатрэбшчыны. Чалавек прывозіў сям'ю ў гэты пасёлак і лічыўся грамадзянінам Гувервіля - усе такія пасёлкі называліся Гувервілямі. Чалавек ставіў палатку як мага бліжэй да вады; а калі палаткі ў яго не было, ён ішоў на гарадскую звалку, прыносіў адтуль старыя кардонныя скрынкі і з гэтай гафрыраванай паперы будаваў сабе прыстанішча. А калі ліў дождж, яно размакала і зносілася вадой. Чалавек атабарваўся ў Гувервілі і снаваў на машыне па наваколлі, па фермах, шукаючы працы, і тыя мізэрныя грошы, што ў яго яшчэ заставаліся, ён траціў на бензін. Вечарамі мужчыны збіраліся разам і гутарылі. Седзячы на кукішках, яны гаварылі пра зямлю, якую бачылі ўсцяж дарог.

Вунь там, далей на захад, - трыццаць тысяч акраў. Ляжаць сабе проста так. Госпадзі, што я зрабіў бы з такой зямлёю - хоць з пяццю яе акрамі! Эх, чорт, на стале ў мяне было б усё!

А ты заўважыў? На фермах ні гародніны не садзяць, ні курэй не трымаюць, ні свіней. Разводзяць толькі адно - бавоўну або персікі ці салату. А на другой ферме адны куры. Усё астатняе купляюць, а маглі б хоць у агародчыках вырасціць.

Госпадзі, што б я зрабіў з парачкай свіней!

Ну, гэта ўсё не тваё і ніколі тваім не будзе.

Што ж рабіць? Гэтак дзяцей не выгадуеш.

У лагерах шэптам перадавалі адзін аднаму чуткі. У Шэфтары ёсць работа. І сярод ночы грузіліся машыны, на дарогах цесната - пагоня за работай, як залатая ліхаманка. У Шэфтары стоўпатварэнне, народу наехала ў пяць разоў больш, чым трэба. Пагоня за працай, як залатая ліхаманка. Яны выязджалі цішком ноччу, апанаваныя нястрымным імкненнем атрымаць работу. А ўздоўж дарог былі спакусы - палі, якія маглі даць хлеб.

На гэта ёсць гаспадар. Гэта не наша.

Што ж, можа, усё ж пашанцуе атрымаць тут невялічкі ўчастачак. Няхай самы маленькі. Вунь там - хоць лапік зямлі. Цяпер там адзін смярдзючы дурнап'ян. Госпадзі, з гэтага лапіка я столькі бульбы сабраў бы - на ўсю сям'ю хапіла б!

Яно не наша, Дурнап'ян дык дурнап'ян, няхай сабе расце. Час ад часу хто-небудзь набіраўся смеласці, пракрадаўся на лапіну зямлі і расчышчаў яе, спрабуючы па-зладзейску прысвоіць сабе крыху яе багацця. Патаемныя агароды, схаваныя сярод пустазелля. Пакецік маркоўнага насення і трохі рэпавага. Саджалі шалупінне ад бульбы, увечары крадком прабіраліся матычыць захопленую зямлю.

Пакінь пустазелле па краях - і ніхто не ўбачыць, што мы тут робім. І пасярэдзіне таксама пакінь буйны, высокі бур'ян.

Вечарамі ўпотай працавалі на агародах, насілі ваду з рэчкі ў іржавай бляшанцы.

І вось адным днём - шэрыфскі памагаты: ты што тут робіш?

Нічога дрэннага.

Я за табой даўно сачу. Зямля не твая. Ты парушаеш чужое права ўласнасці.

Тут зямля неўзараная, нікому ніякай шкоды я не раблю.

Во чортавы скватэры, самачынцы! Як бачыш гаспадарамі сябе адчуеце. Ды горка пашкадуеце. Падумаеш, гаспадар знайшоўся. Ану, давай адсюль!

І маленькія зялёныя макаўкі морквы пазбіваны нагой, націнне рэпы затаптана. І зноў забуяў дурнап'ян. Але прадстаўнік закону меў рацыю. Ураджай - гэта ўжо ўласнасць. Калі зямля ўскапана і морква з'едзена, чалавек, бадай, будзе біцца за зямлю, што дала яму харч. Хутчэй гнаць яго ў шыю! Яшчэ ўявіць сябе гаспадаром! Можа, нават насмерць будзе біцца за гэты лапік зямлі сярод смуроднага пустазелля.

Ты бачыў, якая ў яго была фізія, як мы рэпу тапталі? Чаго добрага і забіць мог. Такіх трэба трымаць у струне, а то ўсю зямлю тут у нас захопяць. Усю краіну.

Прышлыя, чужынцы.

Гавораць, праўда, па-нашаму, але ўсё роўна зусім іншы народ. Глядзі, як яны жывуць. Хіба хто з нашых стаў бы гэтак жыць? Чорта лысага!

Вечарамі сядзелі на кукішках, гутарылі. І чый-небудзь усхваляваны голас: а чаму б чалавекам дваццаці з нас не заняць які ўчастак? У нас ёсць стрэльбы. Зоймем і скажам: зганяйце, калі зможаце. Чаму б так не зрабіць?

Як пацукоў, усіх перастраляюць.

А што, па-твойму, лепш, памерці ці гэтак жыць? Накрыцца зямлёй або буданамі з джутавых мяхоў? Які лёс ты выбераш сваім дзецям - памерці цяпер або праз два гады - ад недастатковага харчавання, як пішуць. Ведаеш, што мы ямо ўвесь гэты тыдзень? Крапіўны адвар і скавароднікі. А мука адкуль у нас на скавароднікі, ведаеш? З падлогі таварнага вагона пазмяталі.

Гутаркі ў лагерах, а шэрыфскія памочнікі -таўстазадыя, з рэвальверамі на тоўстых сцёгнах - пахаджваюць па лагеры: народ гэты трэба ў страху трымаць. Яго трэба добра прыструніць, а то адзін бог ведае што тут натвораць! Людзі гэтыя небяспечныя, як чарнамазыя на поўдні. Калі даць ім аб'яднацца, нічым іх не спыніш.

 

Вытрымка з газеты: «Памочнік шэрыфа ў Лорэнсвілі паспрабаваў выселіць з горада скватэра. Той аказаў супраціўленне і вымусіў прадстаўніка закону ўжыць зброю. Адзінаццацігадовы сын перасяленца забіў палісмена з дваццацідвухкалібернай стрэльбы».

 

Змеі падкалодныя! З імі трымай вуха востра, а пачнуць спрачацца - страляй у іх першы. Калі хлапчанё забівае палісмена, чаго ж тады чакаць ад дарослых? У іх нораў круты, дык з імі трэба яшчэ больш крута. Няма чаго цырымоніцца. Прыстрашыць іх як след.

А што, калі яны не з палахлівых. Што, калі яны заўпарцяцца і пачнуць адстрэльвацца? Гэтыя людзі з малых год прывыклі да зброі. Стрэльба для іх - частка цела. Возьмуць і не спалохаюцца. І што будзе, калі яны аднаго дня пойдуць вайной на нашу краіну, як лангабарды на Італію, як германцы на Галію, як туркі на Візантыю? Гэта былі орды людзей, згаладалых па зямлі і, да таго ж, дрэнна ўзброеных, а ўсё ж спыніць іх не маглі легіёны. І не спынілі ні крывавыя бойні, ні расправы. Чым можна запалохаць чалавека, які не толькі сам курчыцца з голаду, але і бачыць успушаныя жываты сваіх дзяцей? Такога не запалохаеш - ён ведае такое, страшней за што няма нічога.

У Гувервілі гаманілі мужчыны: дзед мой адабраў зямлю ў індзейцаў.

Не, гэтак няможна, мы пра гэта ўжо гаварылі. Гэта зладзейства. А я не злодзей.

Няўжо? Пазаўчора ноччу ты ўкраў з ганка бутэльку малака. А яшчэ ты ўкраў медны дрот, прадаў яго і на гэтыя грошы купіў кавалак мяса.

То праўда, але ж дзеці былі галодныя.

Што ні кажы, гэта крадзеж.

А ведаеце, як Ферфілды займелі сваю ферму? Зараз раскажу. Зямля тады ўся была дзяржаўная, бяры хто хоча. Стары Ферфілд падаўся ў Сан-Францыска, пахадзіў па шынках і набраў тры сотні п'яных бадзяг. І зброд гэты нарэзаў сабе ўчасткі. Ферфілд карміў іх, паіў іх віскі, а калі прыйшлі паперы на зямлю, ён забраў іх сабе і перавёў на сваё імя. Пасля расказваў, што кожны акр абышоўся яму ў пінту сівухі. І як гэта назваць - таксама зладзействам?

Добрага тут, вядома, мала, але ў турму яго не запраторылі.

Не, у турму не пасадзілі. І таго чалавека, што паставіў лодку на фургон і потым даводзіў, што ўвесь участак быў пад вадой, - вось нават тая лодка, у якой я плыў, - яго таксама не пасадзілі. І тых, хто дае хабар вашынгтонскім кангрэсменам і заканадаўцам у штатах, таксама яшчэ нікога не пасадзілі.

Такую гамонку можна было пачуць у кожным Гувервілі, па ўсім штаце.

А тут яшчэ налёты - раптоўнае ўварванне ўзброеных шэрыфскіх памочнікаў у лагер перасяленцаў. Выбірайцеся адгэтуль. Загад аддзела аховы здароўя. Ваш лагер - рассаднік заразы.

А куды нам падзецца?

Не наша справа. У нас загад вас выселіць. Праз паўгадзіны мы лагер падпалім.

У нас пачаўся тыфус. Хочаце, каб зараза пайшла далей?

Нам загадана вас выселіць. Ну, хутчэй! Праз паўгадзіны мы спалім лагер.

Праз паўгадзіны ад кардонных халупак і зробленых з бур'яну буданоў у неба ўзняўся дым, і людзі зноў пагналі свае машыны па дарогах у пошуках новага Гувервіля.

А ў Канзасе і Арканзасе, у Аклахоме, Тэхасе і Нью-Мексіка трактары ўрываліся на фермы і выганялі арандатараў.

У Каліфорніі іх ужо трыста тысяч, а яны ўсё прыбываюць. Дарогі Каліфорніі забіты ашалелымі людзьмі, што, як мурашкі, бягуць усё далей і далей, гатовыя накінуцца на любую працу - цягаць, піхаць, падымаць, несці. Да кожнага цяжару, падняць які пад сілу аднаму чалавеку, цягнуцца пяць пар рук, на кожную порцыю ежы разяўляюцца пяць ратоў.

А буйныя ўласнікі - ім пагражае страта іх земляў пры сацыяльным перавароце; буйныя ўласнікі - ім даступныя ўрокі гісторыі, яны вывучалі яе і ведаюць бясспрэчную ісціну: калі ўласнасць сканцэнтроўваецца ў руках невялікай кучкі людзей, яе адбіраюць. І адпаведная ёй ісціна: калі большасць людзей жыве ў голадзе і холадзе, яны бяруць сілай тое, у чым яны маюць патрэбу. І яшчэ адна кідкая ісціна крычыць праз гісторыю: расправы толькі гуртуюць тых, з кім распраўляюцца, памнажаюць іх сілу. Буйныя ўласнікі ігнаравалі гэтыя тры гучныя поклічы гісторыі. Зямля канцэнтравалася ў руках усё меншай і меншай кучкі людзей, колькасць разораных расла, а буйныя ўласнікі ведалі толькі адно - задушэнне. Грошы траціліся на зброю, на газ для абароны буйных маёнткаў, паўсюль рассылаліся шпіёны, якія падслухоўвалі нараканні незадаволеных, каб у самым пачатку выкараніць бунтарскі дух. На перамены ў эканоміцы не звярталі ўвагі, планамі эканамічнага аднаўлення грэбавалі, разглядалі толькі меры для вынішчэння бунту, а самі прычыны, што яго параджалі, засталіся некранутымі.

Трактары, што пазбаўлялі людзей працы, стужачныя транспарцёры, што перамяшчалі груз, машыны, што самі выраблялі, выпускаліся ўсё ў большай і большай колькасці, і сем'і адна за адной гойсалі на машынах па дарогах, стараючыся падабраць хоць крошкі ад незлічонага багацця і прагна пазіраючы на зямлю ўсцяж дарог. Буйныя ўласнікі аб'ядналіся для самаабароны і на сходах сваіх асацыяцый абмяркоўвалі спосабы, з дапамогай якіх можна запалохваць, забіваць, атручваць газамі. І галоўнае, чаго яны баяліся, - гэта трыста тысяч... а калі яшчэ ў гэтых трох соцень тысяч знойдзецца завадатар... тады канец. Трыста тысяч галодных і няшчасных; калі б яны зразумелі саміх сябе, зямля перайшла б да іх, і ніякія газы, ніякія вінтоўкі не спынілі б іх. А буйныя ўласнікі - тыя, каго багацце зрабіла большымі і меншымі за простага чалавека, сталі на пагібельны шлях, хапаючыся за любыя сродкі, якія ўрэшце маглі знішчыць іх саміх. Кожны іх крок, кожны гвалтоўніцкі акт, кожны налёт на Гувервіль, кожны шэрыфскі памагаты, што важна пахаджваў па хламным лагеры, хоць крыху і аддаляў дзень помсты, але рабіў яшчэ больш непазбежным надыход гэтага дня.

Людзі прысаджваліся на кукішкі, мужчыны з завостранымі тварамі, схуднелыя ад голаду, азлобленыя ад змагання з ім, - пахмурныя вочы і сцятыя сківіцы. А навокал іх рассцілалася ўрадлівая зямля.

Чуў, што здарылася з дзіцем з той вунь палаткі, чацвёртай з краю?

Не, я толькі што прыехаў.

Малы кідаўся ў сне, плакаў; Бацькі падумалі - глісты. Прамылі яму страўнік, і ён памёр. А гэта быў так званы «чорны язык». Хвароба такая ад дрэннай ежы.

Бедненькі.

А ў бацькоў няма грошай на пахаванне. Давядзецца хаваць як жабрака.

Чорт ведае што!

І рукі запускаліся ў кішэні, даставалі дробную манету. Каля ўвахода ў палатку вырасла кучка серабра. І бацькі знайшлі яе там.

Народ наш - добры народ; народ наш - сардэчны народ. Госпадзі, няхай хутчэй прыйдзе той час, калі добрыя людзі не ўсе будуць беднякамі. Госпадзі, няхай хутчэй прыйдзе той дзень, калі малым дзецям будзе што есці.

А аб'яднаныя ў асацыяцыі ўласнікі ведалі, што прыйдзе той дзень, калі малітвы гэтыя змоўкнуць.

І на тым - канец.

 

РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАТЫ

 

Малыя Джоўды, Коні з Ружай Сарона і прапаведнік засталіся сядзець, самлелыя ад спёкі, здранцвелыя, на версе грузавіка, які спыніўся перад канторай следчага ў Бейкерсфілдзе, а бацька, маці і дзядзька Джон зайшлі ў будынак. Неўзабаве з канторы вынеслі кош і паклалі ў яго доўгі скрутак, зняты з грузавіка. Усе сядзелі на самым санцапёку, чакаючы, калі скончыцца следства, будзе вызначана прычына смерці і падпісана пасведчанне.

Эл і Том хадзілі па вуліцах, зазіралі ў вітрыны крамаў, з цікаўнасцю паглядалі на прахожых.

І нарэшце бацька, маці і дзядзька Джон выйшлі з канторы, прыгнечаныя і маўклівыя. Дзядзька Джон палез наверх. Бацька з маці занялі свае месцы ў кабіне. Том з Элам вярнуліся, і Том сеў за руль. Ён моўчкі чакаў, што яму скажуць. Бацька глядзеў проста перад сабой, насунуўшы цёмны капялюш нізка на лоб. Маці пацірала пальцамі куткі губ, і позірк у яе быў адсутны, разгублены, мёртвы ад знясілення.

Бацька глыбока ўздыхнуў.

- Нічога не зробіш, - прамовіў ён.

- Я ведаю, - сказала маці. - А ўсё-такі ёй хацелася, каб яе пахавалі прыстойна. Яна заўсёды пра гэта гаварыла.

Том пакасіўся на іх.

- Як жабрачку? - запытаўся ён.

- Так. - Бацька матнуў галавой, нібы намагаючыся вярнуцца ў рэчаіснасць. - Грошай не хапіла. Не здужалі. - Ён павярнуўся да маці: - Ты не бяры так блізка да сэрца. Як ні выкручвайся, што ні рабі, усё роўна нічога не выйдзе. Няма грошай. Духмянасці, дамавіна, пастар, месца на могілках... Мы і дзесятай долі не наскрабём. А што маглі, тое зрабілі.

- Я ўсё разумею, - сказала маці. - Проста з галавы не выходзіць, як яна спадзявалася, што яе прыстойна пахаваюць. Трэба не думаць пра гэта. - Яна цяжка ўздыхнула і пацерла куток рота. - А начальнік гэты - чалавек добры. Фанабэрысты, а ўсё ж добры.

- Яно так, - сказаў бацька. - Ён адкрыта з намі гаварыў.

Маці адкінула рукой назад валасы. Моцна сцяла вусны.

- Трэба ехаць, - сказала яна. - Трэба выбраць добрае месца. Знойдзем работу, уладкуемся. Не марыць жа дзяцей голадам. Гэта не па-бабчынаму. Яна і на хаўтурах заўсёды добра наядалася.

- Куды едзем? - запытаўся Том.

- У лагер, - адказаў бацька. - Пакуль не знойдзем работы, апошняе траціць нельга. Выязджай за горад.

Том запусціў матор, і грузавік праехаў некалькі вуліц і пакінуў горад ззаду. Каля моста яны ўбачылі шмат палатак і халупак.

Том сказаў:

- Давайце тут спынімся. Паслухаем людзей, даведаемся, ці ёсць дзе работа. - Грузавік з'ехаў па крутым земляным спуску з шашы і спыніўся на краі лагернай стаянкі.

У лагеры не было ніякага парадку - маленькія шэрыя палаткі, халупкі, машыны стаялі дзе папала. Як выглядала крайняя халупка, цяжка апісаць словамі. Паўднёвы бок - тры лісты ржавага рыфленага жалеза, усходні бок - стары дывановы палавік, прыбіты да дзвюх дошак, паўднёвы - паласа толю і абрывак дзіравай парусіны, а заходні - шэсць кавалкаў мешкавіны. Над квадратным каркасам - пераплёт з вярбовага вецця, на які накідана трава, не разасланая, а наваленая кучай. З таго боку, дзе сценка была з мешкавіны, каля ўвахода, быў раскіданы ўсякі скарб. Пяцігалонавы бітон з-пад газы, пакладзены набок, служыў печкай, і з яго тырчала ржавая дымавая труба. Бак, каб кіпяціць ваду, ляжаў каля дзяружнай сценкі, а навокал - цэлы набор скрынак: скрынкі замест крэслаў, скрынкі замест сталоў. Побач з халупкай стаяў стары крыты «форд» мадэлі «Т» з двухколым прычэпам. Усё сведчыла пра тое, што людзі ў гэтым жытле апусціліся, заняпалі духам.

За халупкай стаяла маленькая палатка, пашарэлая ад часу і непагадзі, але чысценькая, акуратная; і скрынкі тут былі роўна расстаўлены каля пярэдняй сценкі. Між полак палаткі вытыркалася пячная труба, зямля каля ўвахода была добра падмецена і спырскана вадой. На адной скрынцы стаяла вядро з замочанай бялізнай. Тут панавала ахайнасць і грунтоўнасць. Каля палаткі - легкавая машына мадэлі «А» з маленькім самаробным прычэпам-спальняй.

А далей відаць была вялізная палатка, ірваная, пашкуматаная, прарэхі былі дзе-нідзе сцягнуты дротам. Полкі былі расхінутыя, усярэдзіне ляжалі на зямлі чатыры шырокія матрацы. На бялізнавай вяроўцы, нацягнутай уздоўж паўднёвай сценкі, сушыліся ружовыя баваўняныя сукенкі і некалькі пар камбінезонаў. Усяго ў лагеры было сорак палатак і халупак, і каля кожнага жытла стаяў аўтамабіль якой-небудзь маркі. Некалькі дзяцей высыпала з палатак. Спачатку яны здалёку разглядалі грузавік, які толькі што пад'ехаў, потым рушылі да яго ўсёй кампаніяй - басаногія маленькія хлопчыкі ў камбінезонах, з шэрымі ад пылу валасамі.

Том заглушыў матор і зірнуў на бацьку.

- Непрыгляднае месцейка, - сказаў ён. - Можа, далей паедзем?

- Чаго ехаць, калі мы не разведалі, што і як, - адказаў бацька. - Спытаемся, як тут з работай.

Том адчыніў дзверцы і выйшаў з машыны. Верхнія пасажыры саскочылі з паклажы на зямлю і сталі з цікаўнасцю аглядаць лагер. Руці з Уінфілдам, ужо прывыклыя за дарогу, адчапілі ад борта вядро і пайшлі ў вярбняк, за якім, як яны разумелі, была вада, і ланцужок дзяцей рассунуўся, прапускаючы іх, і зноў самкнуўся.

Мешкавіна крайняй халупкі расхінулася, і адтуль вызірнула жанчына ў брудным старамодным квяцістым капоце. Сівыя валасы, заплеценыя ў коскі, тупы твар, худы і маршчыністы, пад пустымі вачамі - вялікія шэрыя мяшкі, губы бязвольна адвіслыя.

Бацька запытаўся ў яе:

- Можна тут дзе-небудзь стаць на прывал?

Галава знікла. Якую хвіліну за дзяругай было ціха, потым полкі рассунуліся і з халупкі выступіў барадаты чалавек у камізэльцы. Жанчына выглядала з-за яго пляча, але за ім не выйшла.

Барадач сказаў:

- Дабрыдзень, - і яго неспакойныя вочы агледзелі спачатку людзей, кожнага па чарзе, потым грузавік і паклажу.

Бацька сказаў:

- Я вось пытаюся ў вашай жонкі, ці нельга нам дзе-небудзь у вас размясціцца.

Барадач пільна паглядзеў на бацьку, быццам той сказаў нешта дужа мудрагелістае, што патрабуе роздуму.

- Дзе-небудзь размясціцца ў нас? - перапытаў ён.

- Ну так. Ці, можа, тут ёсць гаспадар і трэба спярша схадзіць да яго?

Барадач прыжмурыў у шчылінку адно вока, не зводзячы позірку з бацькі.

- Вы хочаце зрабіць прывал?

Бацька пачаў траціць цярпенне. Сівая жанчына ўсё выглядала з-за дзяругі.

- Пра што ж я кажу, як па-вашаму? - сказаў бацька.

- Што ж, раз захацелі тут стаць, што вас трымае? Я вам не забараняю.

Том зарагатаў:

- Дайшло нарэшце.

Бацька стрымліваў сябе як мог:

- Я толькі хачу ведаць, ці ёсць тут гаспадар. Трэба плаціць ці не?

Барадач выпнуў падбародак:

- Ці ёсць гаспадар?

Бацька адвярнуўся ад яго.

- А халера з ім, - сказаў ён. Галава жанчыны нырнула ў халупку.

Барадач пагрозліва ступіў наперад.

- Ці ёсць гаспадар? - паўтарыў ён. - Хто пасмее выгнаць нас? Не, ты мне скажы.

Том загарадзіў сабой бацьку.

- Ідзі праспіся лепш, - сказаў ён. У барадача адвісла сківіца, і ён памацаў ніжнюю дзясну брудным пальцам. Хвіліну ён прыглядаўся да Тома, па-ранейшаму глыбакадумна і дапытліва, і раптам крута павярнуўся на абцасах і шмыгнуў у халупку ўслед за сівой жанчынай.

Том глянуў на бацьку:

- Што за д'ябальшчына?

Бацька паціснуў плячамі. Ён разглядаў лагер. Перад адной палаткай стаяў стары «б'юік» са знятым капотам. Нейкі малады чалавек прыціраў клапаны і, круцячы корбу, раз-пораз кідаў позірк на грузавік Джоўдаў. Яны заўважылі, што ён цішком пасмейваецца. Калі барадач схаваўся за дзяругай, малады чалавек кінуў працу і падышоў да Джоўдаў.

- Здарова! - павітаўся ён, і яго блакітныя вочы весела бліснулі. - Ну, пазнаёміліся з нашым мэрам?

- Што з ім такое? - запытаўся Том.

Малады чалавек хмыкнуў:

- Ды нічога. Ён такі самы чокнуты, як мы з табой. Можа, трохі горшы, хто ведае.

Бацька сказаў:

- Я толькі спытаўся ў яго, ці можна тут стаць на прывал.

Малады чалавек выцер замасленыя рукі аб штаны.

- Ну, канешне, можна. Чаму ж не? Вы нядаўна сюды прыехалі?

- Ага, - адказаў Том. - Толькі сёння раніцай.

- Першы раз у Гувервілі?

- У якім Гувервілі?

- Ды вось у гэтым самым.

- А-а... - працягнуў Том. - Мы толькі што пад'ехалі.

Уінфілд і Руці вярнуліся, несучы ўдваіх вядро вады.

Маці сказала:

- Давайце раскладвацца. Я зусім знемаглася. Можа, тут адпачнём.

Бацька і дзядзька Джон залезлі на грузавік і пачалі знімаць з яго брызент і матрацы.

Том падышоў да маладога чалавека і пайшоў з ім да машыны, якую той рамантаваў. Шліфавальны станочак ляжаў на блоку, а на вакуумным бачку прымасцілася бляшанка з наждачным саставам. Том запытаўся:

- А што з ім за чорт, з гэтым барадачом?

Малады чалавек узяў сваю корбу і зноў пачаў прыціраць клапан да гнязда.

- З мэрам? А бог яго ведае. Напэўна, ачмурэў.

- Як гэта - ачмурэў?

- Яго, пэўна, палісмены так заганялі, што яшчэ і цяпер у яго ў мазгах кручэнне.

- А нашто ганяць такога?

Малады чалавек адклаў убок корбу і глянуў Тому проста ў вочы.

- А бог іх ведае, - сказаў ён. - Ты толькі што прыехаў. Можа, ты разважыш, у чым тут справа. Адны так гавораць, другія гэтак. Вось пажывеш крыху на адным месцы, а там заявіцца шэрыфскі памагаты і пагоніць цябе далей. - Ён прыпадняў клапан і змазаў гняздо наждачнай масай.

- А навошта?

- Кажу ж табе - не ведаю. Некаторыя тлумачаць гэта тым, што яны нібыта не хочуць, каб мы ў выбарах удзельнічалі, вось і ганяюць з месца на месца. А іншыя кажуць - каб не даваць нам дапамогі. А яшчэ я такое чуў: каб мы не маглі разам сабрацца і арганізавацца. Я ўвесь час на колах - адусюль гоняць. Пачакай, на сабе адчуеш.

- Мы не бадзягі якія, - упарціўся Том. - Мы працы шукаем. Мы гатовыя на любую работу.

Малады чалавек на момант кінуў прыладжваць корбу да шліца клапана і здзіўлена глянуў на Тома.

- Працы шукаеце? А-а... шукаеце працы... А ўсе астатнія чаго, па-твойму, шукаюць? Алмазаў? Я сабе ўжо ўвесь зад ушчэнт сцёр, а чаго я шукаю, як ты думаеш? - Ён крутнуў корбу ўзад і ўперад.

Том паглядзеў на панылыя палаткі, на розную старызну і хлам каля іх, на дапатопныя машыны, на праляжаныя, камлякаватыя матрацы, вынесеныя на сонца, на закураныя бляшанкі над чорнымі ад дыму ямамі, дзе гатавалі ежу, і ціха запытаўся:

- Дык работы няма?

- Пакуль што не. Можа, пазней. Цяпер тут ніякіх ураджаяў не збіраюць. Вінаграду рана, бавоўне таксама яшчэ рана. Мы далей едзем, вось толькі клапаны прытру. У мяне жонка і дзеці малыя. Мы чулі, далей на поўнач праца ёсць. На поўнач і паедзем, да Салінаса, што недалёка ад узбярэжжа.

Том бачыў, як дзядзька Джон, бацька і прапаведнік нацягваюць на жэрдкі брызент, а маці, апусціўшыся пад ім на калені, змятае пыл з матрацаў. Новых суседзяў кальцом абкружылі людзі, басаногія, мурзатыя, і моўчкі сачылі, як яны асталёўваюцца. Том сказаў:

- Там у нас раздавалі лісткі - такія аранжавыя. У іх пісалася, што тут патрэбна многа народу на збор ураджаю.

Малады чалавек засмяяўся:

- Тут кажуць, трыста тысяч такіх, як мы, і іду ў заклад, што сярод іх не знойдзецца і адной сям'і, якая не бачыла гэтых лісткоў.

- Так, але калі ім не патрэбныя людзі, навошта яны друкуюць такое?

- А ты паварушы, паварушы мазгамі.

- Добра, але ўсё ж скажы.

- Слухай, - сказаў малады чалавек. - Дапусцім, ты прапануеш работу, а ахвотнік на яе знайшоўся толькі адзін. Значыць, колькі ён запросіць, столькі ты яму і дасі. А дапусцім, ахвотнікаў сотня. - Ён адклаў інструмент убок. Пагляд яго пасуравеў, голас загучаў рэзка: - Дапусцім, сто чалавек хочуць атрымаць гэту работу. І дапусцім, у іх ёсць дзеці, і дзеці сядзяць галодныя. За паршывы дзесяціцэнтавік іх можна накарміць маісавай кашай. Дапусцім нават, што і за пяць купіш дзецям міску чаго-небудзь. І такіх, як ён, цэлая сотня. Прапануй ім пяць цэнтаў, і яны з-за гэтай нікелевай манеты горла адзін аднаму перагрызуць. Ведаеш, колькі мне плацілі на апошнім месцы? Пятнаццаць цэнтаў у гадзіну. За дзесяць гадзін паўтара даляра, а жыць там паблізу не дазвалялі. На адну дарогу колькі бензіну перапаліш. - Ён душыўся ад гневу, вочы гарэлі нянавісцю. - Вось таму лісткі гэтыя і друкуюць. А на тыя грошы, якія гаспадары зэканомяць, плацячы па пятнаццаць цэнтаў за цяжкую працу ў полі, можна чортаву процьму такіх лісткоў навыпускаць.

Том сказаў:

- Во дзярмо.

Малады чалавек з'едліва засмяяўся:

- А ты пажыві тут крыху і, калі ўчуеш дзе водар ружаў, пакліч мяне, я таксама панюхаю.

- Але ж павінна дзе-небудзь тут быць работа, - не здаваўся Том. - Божа мой, колькі тут усяго - фруктовыя сады, вінаграднікі, агароды! Я ж бачыў. На ўсё гэта людзі патрэбныя. Я ўсё сваімі вачамі бачыў.

З палаткі, каля якой стаяла машына, пачуўся плач дзіцяці. Малады чалавек пайшоў у палатку, і за брызентам пачуўся яго ціхі голас. Том узяў корбу, прыладзіў яе да шліца клапана і пачаў прыціраць яго, водзячы рукой то ў адзін, то ў другі бок. Дзіця перастала плакаць. Малады чалавек выйшаў з палаткі і стаў каля Тома, сочачы за яго работай.

- А ты ведаеш справу, - сказаў ён. - Гэта добра. Яшчэ прыдасца.

- Ну а ўсё ж такі як наконт таго, што я гаварыў? - напомніў Том. - Я бачыў, колькі тут усяго расце.

Малады чалавек прысеў каля яго на кукішкі.

- Вось што я табе скажу, - пачаў ён ціха. - Ёсць тут паблізу персікавы сад - вялізны, канца-краю няма. Я ў ім працаваў. Круглы год яго даглядаюць дзевяць чалавек. - Ён шматзначна памаўчаў. - А калі персікі паспяваюць, туды патрэбны на два тыдні тры тысячы рабочых. Столькі не знойдуць - усё пагніе. Дык што яны робяць? Рассылаюць гэтыя лісткі, куды толькі могуць. Ім патрэбны тры тысячы, а прыязджае цэлых шэсць. І гаспадар колькі захоча, столькі і плаціць. А не хочаш працаваць за такую плату, воля твая - месца тваё гатова заняць тысяча чалавек. І вось ты рвеш і рвеш гэтыя персікі з дрэў, і нарэшце канец - усе дрэвы голыя. А там паўсюль адны толькі персікі і растуць. І паспяваюць яны адной парой. Калі фрукты ўжо знятыя, дык усе да апошняга. Больш ва ўсёй акрузе рабіць няма чаго. Гаспадары не хочуць, каб ты там цяпер тырчаў. А такіх, як ты, тры тысячы. Усё, праца скончылася. Хто цябе ведае - можа, ты злодзей, можа, ты п'яніца ці дэбашыр. Да таго ж і выгляд у цябе не вельмі самавіты - тулішся ў пашарпанай палатцы; край цудоўны, а ад цябе смурод ідзе. Няма чаго тут швэндацца. Ну і гоняць цябе ў шыю - далей, далей. Вось яно як.

Том глянуў у бок сваёй палаткі і ўбачыў маці - ледзь рухаючыся ад стомы, яна распальвала невялікае вогнішча і ставіла на агонь кацялкі. Кола дзяцей падступіла бліжэй, і спакойныя, шырока расплюшчаныя дзіцячыя вочы сачылі за кожным рухам яе рук. Зусім састарэлы згорблены дзядок выпаўз, як барсук, з адной палаткі і пайшоў да іх, на хаду прынюхваючыся да пахаў. Закінуўшы рукі за спіну, ён стаў разам з дзецьмі назіраць, што робіць маці. Руці з Уінфілдам не адыходзілі ад маці, ваяўніча пазіраючы на чужакоў.

Том рашуча сказаў:

- Персікі трэба адразу абіраць, так? Як толькі паспеюць?

- Ну вядома.

- А што, калі ўсім згаварыцца і заявіць: «Няхай гніюць»? Тады яны, як міленькія, плату адразу павысяць!

Малады чалавек адарваў вочы ад клапанаў і з'едліва глянуў на Тома.

- Нічога не скажаш, прыдумаў! Сваім розумам дайшоў?

- Я зусім выматаўся, - адказаў Том. - Усю ноч за рулём сядзеў. Не хочацца ўцягвацца ў спрэчку. Так стаміўся, што ад любой дробязі магу ўскіпець. Ты лепш не задзірайся. Адказвай, калі ў цябе пытаюцца.

Малады чалавек шырока ўсміхнуўся:

- Ды я проста так. Ты толькі што прыехаў. А людзі тут ужо ўсё зразумелі. І тыя, у каго персікавыя сады, таксама ўсё разумеюць. Вось паслухай: каб з'яднацца, важак патрэбен, без яго ніяк нельга - нехта ж павінен гаварыць і тлумачыць. А варта яму толькі рот раскрыць, яго зараз жа хоп! - і за краты. А вынырне хто другі, яны і яго раз! - і за краты.

Том сказаў:

- Што ж, арыштанта, прынамсі, хоць кормяць.

- А дзяцей яго - не. Табе б так падабалася - ты сядзіш сабе ў турме, а дзеці твае з голаду паміраюць?

- Во-о як, - працягнуў Том. - Во-о як...

- І яшчэ адно. Пра чорныя спісы ты чуў?

- І што гэта такое?

- А вось палезь у пастку - заікніся толькі наконт таго, каб усім дзейнічаць заадно, адразу пазнаеш. З цябе зробяць здымак і разашлюць ва ўсе канцы. Тады ўжо работы нідзе не знойдзеш. А калі ў цябе яшчэ і дзеці ёсць...

Том зняў з галавы кепку і пачаў камечыць яе ў руках.

- Хм... значыць, што падвернецца, тое і бяры або здыхай з голаду. А пасмееш хоць пікнуць - здохнеш як піць даць.

Малады чалавек абвёў рукою шырокі круг, паказваючы на падраныя палаткі і пабітыя ржой аўтамашыны.

Том зноў глянуў на маці - цяпер яна абірала бульбу. Дзеці падступілі да яе яшчэ бліжэй. Ён сказаў:

- Не, я на такое не згодзен. Мы, каб на іх чэрці, не авечкі. Вось вазьму і дух выб'ю з каго-небудзь.

- Можа, з палісмена?

- Ды хоць з каго.

- Ты чокнуты, - сказаў малады чалавек. - З табой умомант расправяцца. Ні імя ў цябе няма, ні маёмасці ніякай. Знойдуць цябе ў канаве, калі ўжо кроў на твары запячэцца. А ў газеце надрукуюць толькі адзін маленькі радочак - ведаеш які? «Знойдзены труп бадзягі».

Том сказаў:

- Каля гэтага бадзягі яшчэ аднаго мерцвяка знойдуць.

- Ты чокнуты, - паўтарыў малады чалавек. - І што ты гэтым дакажаш?

- Ну, а ты што наважыў? - Том паглядзеў на вымазаны тавотам твар; вочы ў маладога чалавека быццам туманам завалакло.

- Нічога. Вы адкуль?

- Мы? З-пад Саліса, Аклахома.

- Нядаўна прыехалі?

- Толькі сёння.

- І доўга тут думаеце заставацца?

- Хто ведае. Дзе знойдзем працу, так і асядзем. А што?

- А нічога, - адказаў малады чалавек, і вочы ў яго зноў затуманіліся.

- Пайду пасплю, - сказаў Том. - Заўтра зрання паедзем работу шукаць.

- Што ж, паспрабуйце.

Том павярнуўся і пакрочыў да сваёй палаткі.

Малады чалавек узяў бляшанку з наждачнай маззю для прыціркі клапанаў і запусціў у яе палец.

- Гэй! - раптам крыкнуў ён услед Тому. Той азірнуўся.

- Што табе?

- Хачу нешта сказаць. - Малады чалавек паманіў Тома пальцам, вымазаным маззю. - Проста хачу табе нешта сказаць. Ты не лезь на ражон. Памятаеш таго ачмурэлага?

- З той вунь халупкі?

- Ага... прыдуркаваты такі... нічога не цяміць.

- Ну і што?

- Калі сюды заявяцца палісмены, а яны часцяком да нас наведваюцца, і ты такім прыкінься. Маўчы - нічога не ведаеш, нічога не разумееш. Палісмены толькі такіх нас і церпяць. І рукам волі не давай - гэта проста самагубства. Зрабі выгляд, што ты ачмурэў ад страху.

- Дык што - няхай палісмен што хоча, тое і робіць з табой, а ты маўчы?

- Ды не, што ты. Я зазірну да цябе вечарком. Можа, і не след мне гэтага рабіць. Паўсюль шпікі. Я іду на рызыку, у мяне ж малое дзіця. Але ўсё роўна зайду. А ты, калі ўбачыш палісмена, прыкінься дурнем, гэткім Окі, зразумеў?

- Што ж, гэта можна, калі справу рабіць, - адказаў Том.

- Ты не хвалюйся. Мы без справы не сядзім, толькі на вочы не лезем. Дзіцяці многа не трэба - два-тры дні пагаладае, і канец. - Ён зноў узяўся за працу, змазаў гняздо клапана, узяў корбу, і рука яго шпарка захадзіла ўзад і ўперад. Пагляд у яго зрабіўся нейкі тупы, бяздумны.

Том няспешна пабрыў да сваёй палаткі.

- Ачмурэлы... - ціха прамовіў ён.

Бацька і дзядзька Джон падышлі да палаткі, несучы бярэмі сухога голля, скінулі яго каля вогнішча і прыселі на кукішкі.

- Тут блізка ўсё падабралі, - сказаў бацька. - Давялося далёка ісці. - Ён зірнуў на дзяцей, што абкружылі вогнішча і лупілі на яго вочы. - Божа літасцівы! - усклікнуў ён. - Адкуль вас столькі набегла? - І дзеці збянтэжана апусцілі вочы долу.

- Пэўна, пачулі пах ежы, - сказала маці. - Уінфілд, не круціся пад нагамі. - Яна адштурхнула хлопчыка. - Думаю стушыць трохі мяса. Гарачага мы з самага ад'езду не елі. Бацька, схадзі ты ў краму, вазьмі каркавіны. Я патушу яе, пальчыкі абліжаце. - Бацька падняўся з кукішак і пайшоў.

Эл адкінуў капот грузавіка і пачаў разглядаць запэцканы змазкай рухавік. Пачуўшы за спінай крокі Тома, падняў галаву.

- У цябе такі бесклапотны выгляд, як у птушкі, - сказаў Эл.

- Я проста скачу ад радасці, як жаба ў вясновы дожджык, - адказаў Том.

- Глянь на матор, - Эл паказаў пальцам пад капот. - Здорава, га?

Том зазірнуў усярэдзіну.

- Ага, як быццам нічога.

- Нічога? А па-мойму, цудоўна. Масла зусім не прапускае. Усё добра прыцёрта. - Ён выкруціў свечку і засунуў у адтуліну палец. - Нагар крыху ёсць, але сухая.

Том сказаў:

- Што ж, малайчына, правільна выбраў. Ты гэта хочаш ад мяне пачуць?

- Я ўсю дарогу баяўся: вось зараз рассыплецца ўсё, а вінаваты буду я.

- Не, ты правільна выбраў. А зараз правер усё як след, бо заўтра зранку паедзем працу шукаць.

- Яна яшчэ як пакоціць, - сказаў Эл. - Можаш не баяцца. - Ён выняў з кішэні ножык і пачаў ачышчаць электроды на свечцы.

Том завярнуў за палатку і ўбачыў Кейсі. Ён сядзеў на зямлі, засяроджана разглядаючы правую ступню босай нагі. Том цяжка апусціўся на зямлю каля яго.

- Ну як, працуе?

- Што? - не зразумеў Кейсі.

- Нага твая.

- Ага... Гэта я проста так. Сяджу і думаю.

- Ты, пэўна, толькі ў такой зручнай позе і можаш думаць, - сказаў Том.

Кейсі паварушыў пальцамі нагі - вялікі палец угору, суседні ўніз - і спакойна ўсміхнуўся.

- Думаць заўсёды нялёгка, як ні выкручвайся - хоць крукам.

- Даўно ўжо не чуў я твайго голасу, - сказаў Том. - Усё думаеш, думаеш?

- Ага, думаю.

Том зняў з галавы сваю баваўняную кепку, цяпер ужо брудную, заношаную, са зламаным пасярэдзіне брылём, адагнуў адварот і выняў доўгую вузкую пракладку з газетнай паперы.

- Збеглася ад поту, цеснаватая стала, - сказаў ён і паглядзеў на голыя пальцы, якімі не пераставаў варушыць Кейсі. - Можа, ты адарвешся на хвілінку ад сваіх думак і паслухаеш, што я скажу?

Кейсі павярнуў да яго галаву на доўгай, як сцябло, шыі.

- Я ўвесь час слухаю. Таму і задумваюся. Паслухаю, што людзі кажуць, і пачынаю разумець, што яны адчуваюць. Я іх увесь час чую, я адчуваю іх; людзі б'юць крыламі, як птушка, што заляцела на гарышча. Скончыцца тым, што паламаюць яны крылы аб пыльныя шыбіны, а на волю так і не вырвуцца.

Том доўга пазіраў на яго шырока расплюшчанымі вачамі, тады адвярнуўся і глянуў на шэрую палатку за дваццаць футаў ад іх. На яе адцяжках сушыліся памытыя штаны, кашулі і сукенкі. Том ціха сказаў:

- Пра гэта я і хацеў з табой пагаварыць. А ты, аказваецца, сам усё бачыш.

- Бачу, - пацвердзіў Кейсі. - Такіх, як мы, цэлая армія, а аброці на ёй няма. - Ён апусціў галаву і паволі правёў па лбе і па валасах рукою. - Я ўсюды гэта бачыў. Усюды, дзе мы ні спыняліся. Людзі згаладаліся, мараць пра кавалак мяса, а як дарвуцца да яго, наесціся не могуць. А калі ўжо дарэшты згаладаюцца, так згаладаюцца, што ўжо сілы няма трываць, тады просяць мяне памаліцца. І, бывае, я малюся. - Ён сашчапіў рукі вакол паднятых каленяў і бліжэй падцягнуў ногі. - Раней я думаў, што малітва памагае. Прачытаеш малітву - і ўсе нягоды наліпнуць на яе, як мухі на паперу-ліпучку, а малітва адляціць і ўсё панясе з сабой. Але цяпер ужо не так.

Том сказаў:

- Малітва мяса ніколі не давала. На гэта свіння патрэбна.

- Правільна. І гасподзь усемагутны за працу таксама не плаціць. Усе гэтыя людзі хочуць жыць прыстойна, дзяцей хочуць выгадаваць добрымі людзьмі. А на старасці год ім хочацца пасядзець на ганку і паглядзець, як сонца заходзіць. А маладым - патанцаваць, паспяваць і злюбіцца адно з адным. Усім хочацца пад'есці, калі-нікалі выпіць і працаваць. Так, так - задаць такую работу мускулам, каб адчуць прыемную стому. Госпадзі! Нашто я ўсё гэта гавару?

- Хто цябе ведае, - сказаў Том. - Слухаць прыемна. Толькі калі ты ўжо кінеш свае думкі хоць на кароткі час? Трэба ж нам і за працу брацца. Грошы канчаюцца. Бацька пяць даляраў аддаў, каб на бабчынай магіле дошку з надпісам паставілі. Зусім мала засталося.

Худы буры дварняк выбег з-за палаткі, прынюхваючыся да зямлі. Ён трымаўся з асцярогай, гатовы ў любы момант даць цягу. Апусціўшы нос долу і сапучы, ён падбег амаль ушчыльную да Тома і Кейсі, раптам учуў іх, падняў галаву, убачыў людзей, адскочыў убок і кінуўся прэч, прыціснуўшы вушы і падтуліўшы хвост. Кейсі праводзіў яго вачыма, пакуль ён не знік за палаткай, і цяжка ўздыхнуў.

- Нікому я дабра не прыношу, - сказаў прапаведнік. - Ні сабе, ні другім. Усё думаю: можа, мне лепш пайсці ад вас. Я ем ваш хлеб, месца займаю. А ўзамен нічога не даю. Можа, знайду дзе сталую работу, тады выплачу вам хоць частку свайго доўгу.

Том адкрыў рот, выпнуў ніжнюю сківіцу і пастукаў па зубах сухой сцяблінкай палявой гарчыцы. Вочы яго глядзелі за лагер - за шэрыя палаткі і халупкі з бляхі і кардону.

- Някепска было б цяпер пачак «Дэрэма» раздабыць, - сказаў ён. - Я не курыў ужо чорт ведае колькі. У Макалестары мы без курыва не сядзелі. Мяне часам назад туды цягне. - Ён зноў пастукаў сцяблінкай па зубах і раптам павярнуўся да прапаведніка. - Ты ў турме ніколі не сядзеў?

- Не, ніколі, - адказаў Кейсі.

- Ты так адразу ад нас не ідзі. Пачакай крыху.

- Чым раней пачну шукаць працу, тым хутчэй знайду.

Том пільна паглядзеў на яго прыплюшчанымі вачамі і зноў надзеў на галаву кепку.

- Слухай, - сказаў ён. - Прапаведнікі любяць пра малочныя рэкі з кісельнымі берагамі расказваць, а тут гэтым і не пахне. Тут нядобрыя справы робяцца. Мясцовыя жыхары баяцца тых, хто прыязджае сюды, на Захад, і напускаюць на іх паліцыю, каб напалохаць нас і назад павярнуць.

- Так і ёсць, - сказаў Кейсі. - Я гэта ведаю. А чаму ты пра турму пытаўся?

Том раздумліва загаварыў:

- Калі ў турме сядзіш... усё загадзя... нейкім чуццём... угадваеш. Там гаварыць многа між сабой не дазваляюць... з адным, з двума можна, а набярэцца больш - разганяюць. Вось і робішся такім, што ўсё востра ўспрымаеш. Калі што-небудзь наспявае... ну, скажам, звіхнецца твой сусед па камеры, стукне наглядчыка ручкай швабры па галаве... а ты загадзя ведаў, што так будзе. Уцёкі, бунт... цябе пра гэта папярэджваць не трэба. Сам здагадваешся. Прадчуваеш.

- І што ж?

- Пабудзь тут, - сказаў Том. - Хоць да заўтра пабудзь. Тут нешта наспявае. Я тут з адным хлопцам пагаварыў. Хітруе, віляе, як каёт, толькі, здаецца, крыху перабраў. Каёт каётам. Асцярожлівы такі, ціхманы, быццам у бязвінную гульню гуляе... а мне ўсё думаецца, нездарма курыца квокча.

Кейсі дапытліва паглядзеў на яго, адкрыў ужо рот, каб нешта сказаць, але раптам моцна сціснуў губы. Ён паволі перабіраў пальцамі нагі, потым зняў рукі з калень, крыху выставіў наперад адну ступню і паглядзеў на яе.

- Добра, - сказаў ён, - я пачакаю, адразу не пайду.

Том сказаў:

- Калі цэлы гурт людзей, добрых, ціхамірных людзей, не ведае, не разумее, што робіцца наўкол... значыць, трэба нечага чакаць.

- Я застаюся, - сказаў Кейсі.

- А заўтра зранку паедзем шукаць работу.

- Добра, - сказаў Кейсі і паварушыў пальцамі нагі, панура пазіраючы на іх. Том адкінуўся назад, абапершыся на локаць, і заплюшчыў вочы. З-за брызенту да яго слыху данесліся няясныя галасы Ружы Сарона і Коні.

Пад брызентам быў густы цень, і светлыя трохкутнікі з абодвух бакоў выступалі рэзка і выразна. Ружа Сарона ляжала на матрацы, а Коні сядзеў побач на кукішках.

- Трэба было б маці памагчы, - сказала Ружа Сарона. - Некалькі ўжо разоў я збіралася, але толькі варухнуся, адразу рвота.

Позірк у Коні быў пахмурны.

- Каб ведаў, што так будзе, не паехаў бы. Вывучыўся б дома вечарамі на трактарыста і меў бы тры даляры ў дзень. На тры даляры можна жыць яшчэ як, і ў кіно кожны вечар хадзіць.

Ружа Сарона насцярожылася.

- Вечарамі ты будзеш радыё вывучаць, - сказала яна. Коні доўга не адказваў ёй. -Ты ж будзеш? - патрабавальна запыталася яна.

- Ну, вядома. Як толькі на ногі стану. Крыху зараблю.

Ружа Сарона прыўзнялася на локці.

- Ты раздумаў?

- Н-не... не... вядома, не. Толькі я... я не ведаў, што прыйдзецца жыць у такіх месцах, як гэтае.

Пагляд у Ружы Сарона зрабіўся суровы.

- Значыць, так трэба, - прамовіла яна спакойна.

- Вядома, вядома. Сам разумею. Толькі перш на ногі стану. Зараблю трохі. А ўсё ж, відаць, лепш было б дома застацца, я вывучыўся б на трактарыста. Ім плацяць па тры даляры ў дзень, ды яшчэ прырабіць можна. - Ружа Сарона скіравала на яго пільны позірк, і, калі вочы іх сустрэліся, Коні зразумеў, што яна ўзважвае, вызначае яго вартасць. - А вучыцца я буду. Толькі спачатку трэба на ногі стаць.

Ружа Сарона рашуча, з выклікам сказала:

- Мы павінны дамок набыць, перш чым дзіця народзіцца. У палатцы раджаць не хачу і не буду.

- Ну зразумела, - сказаў Коні. - Але мне спачатку трэба стаць на ногі. - Ён выйшаў з-пад навеса і паглядзеў на маці - яна нахілілася над агнём, у якім гарэла сухое ламачча. Ружа Сарона лягла на спіну і ўтаропіла позірк у брызент над галавой. Потым заткнула вялікім пальцам рот, як кляпам, і ціха заплакала.

Маці ўкленчыла перад вогнішчам і ламала голле, падтрымліваючы агонь пад кацялком, у якім тушылася мяса. Языкі полымя то ўзнімаліся ўгору, то ападалі, то ўзнімаліся, то ападалі. Дзеці, іх было пятнаццаць, моўчкі стаялі вакол вогнішча і не зводзілі з яго вачэй. І калі да іх дайшоў пах тушанага мяса, насы ў іх крышачку зморшчыліся. Сонца паблісквала на іх пабурэлых ад пылу жоўтых валасах. Дзеці адчувалі, што няёмка так стаяць і пазіраць, але прэч не ішлі. Маці ціха гаварыла з дзяўчынкай, што стаяла ў самым цэнтры гэтага гурту дзяцей, якія з прагнасцю глядзелі на кацялок. Дзяўчынка была крыху старэйшая за астатніх дзяцей. Яна стаяла на адной назе, гладзячы лытку пад'ёмам голай ступні. Рукі яна сашчапіла за спінай. Маленькія шэрыя вочы спакойна глядзелі на маці. Яна прапанавала:

- Дайце наламаю вам сучча, мэм.

Маці падняла галаву ад кацялка:

- Відаць, хочаш есці папрасіць?

- Так, мэм, - спакойна адказала дзяўчынка.

Маці падсунула сучча пад кацялок, і агонь ціха загудзеў.

- Ты сёння не снедала?

- Не, мэм. Тут ніякай работы няма. Та хоча прадаць што-небудзь з пажыткаў, купіць бензіну і паехаць далей.

Маці зноў зірнула на яе:

- Астатнія таксама не снедалі?

Дзеці бянтэжліва пераступілі з нагі на нагу і адвялі вочы ад кацялка, ад якога ішла пара. Адзін маленькі хлопчык пахваліўся:

- Я снедаў... і брацік мой таксама... і вось гэтыя двое, сам бачыў. Мы добра пад'елі. Вечарам паедзем далей на поўдзень.

Маці ўсміхнулася:

- Значыць, вы не галодныя. А то на ўсіх не хопіць.

Хлопчык выпнуў ніжнюю губу.

- Мы добра пад'елі, - паўтарыў ён і раптам крута павярнуўся, пабег і нырнуў у сваю палатку. Маці так доўга глядзела яму ўслед, што дзяўчынка вырашыла напомніць ёй:

- Агонь зусім патух, мэм. Я распалю яго, калі хочаце.

Руці з Уінфілдам стаялі сярод дзяцей, стараючыся захаваць спакой і годнасць. Яны трымаліся адчужана і, разам з тым, як гаспадары. Руці глянула на дзяўчынку халоднымі, злоснымі вачамі, потым прысела каля агню і стала ламаць галінкі.

Маці зняла накрыўку з кацялка, памяшала мяса палачкай.

- Вось і добра, што вы не ўсе галодныя. Той маленькі хлопчык напэўна ж не галодны.

Дзяўчынка насмешліва ўсміхнулася:

- Хто - ён? Проста выхваляецца. Падумаеш, нос задраў! Калі ў іх на вячэру нічога няма, ведаеце, што ён выдумляе? Учора вечарам выйшаў з палаткі і кажа: мы курыцу елі. А як жа! Я яшчэ раней зазірнула да іх у палатку і бачыла, што ў іх было на вячэру: адны аладкі, як і ва ўсіх у нас.

- А-а... - Маці кінула позірк на палатку, у якую шмыгнуў маленькі хлопчык, і запыталася ў дзяўчынкі: - А вы даўно ў Каліфорніі?

- Ну, месяцаў шэсць. Спачатку мы жылі ва ўрадавым лагеры, потым паехалі далей, на поўдзень, а калі вярнуліся, там было ўжо поўна. Во дзе жыць добра, я вам скажу.

- Дзе гэта? - запыталася маці і, узяўшы з рук Руці наламаныя галінкі, паклала іх у агонь. Руці з нянавісцю зірнула на дзяўчынку.

- А там, каля Ўідпэтча. Там і прыбіральні добрыя, і душавыя ёсць, бялізну можна памыць у начоўках, вада блізка - добрая, пітная, па вечарах музыка іграе, а ў суботу вечарам танцы. О, вы нідзе такога не бачылі. І дзецям ёсць пляцоўка, а ў прыбіральнях папера. Пацягнеш ручку ўніз, вада туды льецца, і палісмены ніякія не лезуць у палаткі, а той дзядзька, што начальнікам там ходзіць, далікатны такі - зойдзе ў госці, добра пагаворыць і зусім не ганарысты. Хацела б я яшчэ там пажыць.

Маці сказала:

- Першы раз чую пра такі лагер. Я з радасцю памыла б бялізну ў такой пральні, далібог, праўда.

Дзяўчынка з захапленнем гаварыла:

- У іх, а божачкі, гарачая вада ідзе проста па трубах, станеш пад душ, і так цёпленька робіцца і прыемна. Такога лагера нідзе больш няма.

Маці запыталася:

- Там цяпер поўна, кажаш?

- Ага. Калі мы апошні раз заехалі, усё было занята.

- Вялікія, пэўна, грошы бяруць, - прамовіла маці.

- Так. Але калі грошай няма, дазваляюць адпрацоўваць - па дзве гадзіны ў тыдзень: на ўборку пасылаюць, скрынкі для смецця чысціць. Ну, усякае такое. А вечарам музыка іграе, людзі пагутарыць збіраюцца, а гарачая вада дык проста па трубах бяжыць. Вы такога лагера ніколі не бачылі.

- Хацела б я паехаць туды, - сказала маці.

Тут Руці ўжо не стрымалася і са злосцю выпаліла:

- А ў нас бабка памерла проста на грузавіку. - Дзяўчынка здзіўлена паглядзела на яе. - Так, так, проста на грузавіку, і следчы яе забраў. - Руці моцна сцяла губы і наламала яшчэ невялікую кучку сухіх сучкоў.

Уінфілд заморгаў вачамі, уражаны смелым выпадам Руці.

- Проста на грузавіку, - паўтарыў ён за ёю. - А следчы запіхнуў яе ў вялікі кош.

- Сціхніце вы абое, - умяшалася маці, - а то шугану вас адсюль, - і падкінула ў агонь сучча.

На другім канцы лагера Эл падышоў паглядзець на прыцірку клапанаў.

- Бачу, канчаеш ужо, - сказаў ён.

- Яшчэ два засталіся.

- А дзяўчаты тут ёсць?

- У мяне жонка, - адказаў малады чалавек. - На дзяўчат у мяне часу не хапае.

- А ў мяне заўсёды хапае, - сказаў Эл. - На што іншае - няма, а на гэта ёсць.

- А ты пагаладай, тады другое запяеш.

Эл засмяяўся:

- Усё можа быць. А пакуль што ў мяне такі настрой.

- Я тут разгаварыўся з адным. Ён з вамі прыехаў?

- З намі.. Гэта мой брат, Том. Ты з ім глядзі, не надта. Ён чалавека забіў.

- Забіў чалавека? За што?

- Між імі бойка была. Той пырнуў яго нажом. А Том яму па галаве рыдлёўкай.

- Праўда? А суд быў?

- Быў. Адпусцілі, бо здарылася гэта ў бойцы.

- На задзіраку ён не падобны.

- Ды не, які ён задзірака. Але Том нікому не спусціць. - У голасе Эла прагучаў гонар. - Том чалавек спакойны. І ўсё-такі будзь з ім асцярожны.

- Што ж... Мы з ім пагаварылі. Мне здалося, ён не зласлівы.

- Не, не зласлівы. Ён ціхі, пакуль яго не давядуць, а тады ўжо - сцеражыся! - малады чалавек узяўся за апошні клапан. - Давай дапамагу паставіць клапаны, і галоўку надзенем.

- Ну памажы, калі табе больш рабіць няма чаго.

- Някепска было б паспаць, - сказаў Эл, - ды толькі варта мне ўбачыць разабраную машыну, і рукі самі цягнуцца да яе. Не магу ўтрымацца.

- За дапамогу буду табе вельмі ўдзячны, - сказаў малады чалавек. - Мяне завуць Флойд Ноўлс.

- А я Эл Джоўд.

- Вельмі рады пазнаёміцца.

- Я таксама. Пракладку пакінеш старую?

- Давядзецца, - адказаў Флойд.

Эл дастаў з кішэні складны ножык і паскроб ім блок рухавіка.

- Эх, - сказаў ён, - нічога на свеце так не люблю, як пакапацца ў машыне.

- А дзяўчат?

- О, і дзяўчат! Вось каб разабраць «ролс-ройс», а потым зноў сабраць! Адзін раз удалося зазірнуць пад капот шаснаццаціцыліндравага «кадылака», і, божа мой, такога цуду ты ў жыцці не бачыў! Іду я па вуліцы ў нас, у Саліса, і бачу - стаіць шаснаццатка каля рэстарана, і я падняў капот. І тут выходзіць з рэстарана нейкі дзядзька і кажа: «Ты што тут робіш?» А я яму: «Проста гляджу. Цудоўная машына, праўда?» А ён стаў побач са мной і стаіць. Пэўна, сам ніколі ў яе не заглядаў. Стаў і стаіць. Багаты такі, у саламяным капелюшы. Кашуля ў палоску, акуляры. Нічога адзін аднаму не гаворым. Проста глядзім. А потым ён раптам пытаецца: «Хацеў бы павадзіць?»

Флойд сказаў:

- Так я табе і паверыў!

- Далібог, праўда. «Хацеў бы павадзіць?» А я ў джынсах, у брудных. Кажу яму: «Запэцкаю сядзенне». А ён: «Садзіся. Аб'едзем квартал». І, павер, я сем ці восем разоў вакол квартала аб'ехаў. Божа, што за машына!

- Шык?

- Яшчэ які! Разабраць бы яе ўсю на частачкі... я за гэта... не ведаю, што аддаў бы.

Рука Флойда перастала тузацца ўзад і ўперад. Ён выняў апошні клапан з гнязда і агледзеў яго.

- Ты лепш прывыкай да драндулетаў, - сказаў ён. - Шаснаццатку табе наўрад ці калі прыйдзецца вадзіць. - Флойд паклаў корбу на падножку і пачаў счышчаць стамескай нагар на галоўцы блока.

Дзве прысадзістыя жанчыны, проставалосыя, босыя, прайшлі паўз іх, несучы ўдзвюх вядро мутна-белай вады. Яны ледзь валаклі ногі пад цяжарам сваёй ношы і не падымалі вачэй ад зямлі. Сонца хілілася на захад.

Эл сказаў:

- Цябе, відаць, нічога асабліва не вабіць.

- Я тут ужо шэсць месяцаў, - сказаў ён. - Сную па ўсім штаце, на працы не шкадую сябе, хуценька шукаю новае месца, каб было на што купіць мяса і бульбы жонцы, сабе і дзецям. Носішся, як заяц... а толку мала. Тут хоць са скуры вылузвайся, сыты ўсё роўна не будзеш. Я проста стаміўся, і ўсё. Так стаміўся, што за ноч сілы не набіраюся. Што далей рабіць, розуму не дабяру.

- Няўжо нельга сталую работу знайсці? - запытаўся Эл.

- Не, сталай работы тут не знойдзеш. - Флойд саскроб рэшткі нагару з галоўкі блока і працёр цьмяны метал прамасленай анучкай.

Да лагера пад'ехала лядашчая легкавая машына. У ёй сядзела чацвёра мужчын - ва ўсіх твары загарэлыя, суровыя. Машына паволі рухалася між палатак. Флойд крыкнуў ім:

- Ну як, пашанцавала?

Машына спынілася. Чалавек, што сядзеў за рулём, адказаў:

- Усё навокал аб'ездзілі. Нідзе ніякай работы. Трэба ехаць адсюль.

- Куды? - крыкнуў Эл.

- Адзін бог ведае. Куды мы толькі не патыкаліся! - Вадзіцель адпусціў тормаз, і машына паехала далей.

Эл пазіраў ёй услед.

- Можа, лепш было б ездзіць па адным? Адзін хутчэй работу знойдзеш.

Флойд паклаў стамеску і нявесела ўсміхнуўся:

- Ты яшчэ не вучаны. На раз'езды бензін патрэбен. А галон бензіну каштуе пятнаццаць цэнтаў. Гэтыя чацвёра не могуць дазволіць сабе ездзіць на чатырох машынах.

Яны складваюцца па дзесяць цэнтаў і купляюць бензін. Табе яшчэ трэба павучыцца.

- Эл! - Эл павярнуўся і ўбачыў Уінфілда, які з важным выглядам стаяў каля яго. - Эл, ма ўжо мяса па талерках раскладае. Ідзі, яна кліча цябе.

Эл абцёр рукі аб штаны.

- Мы сёння яшчэ не елі, - сказаў ён Флойду. - Я пад'ем і прыйду памагу табе.

- Неабавязкова, але як хочаш.

- Сказаў жа - прыйду. - Эл пайшоў за Ўінфілдам да палаткі Джоўдаў.

Каля яе было цесна. Суседскія дзеці такой шчыльнай сцяной абступілі кацялок з варывам, што маці, завіхаючыся каля вогнішча, закранала іх локцямі. Том і дзядзька Джон стаялі каля яе.

Маці разгублена гаварыла:

- Не ведаю, як быць. Трэба сям'ю накарміць. А што мне з гэтымі рабіць? - Дзеці стаялі як укапаныя і пазіралі на яе. Твары ў іх былі абыякавыя, нібы застылыя, толькі вочы перабягалі з кацялка на алавяную талерку, якую маці трымала ў руцэ. Вочы ўпарта сачылі за лыжкай, што хадзіла ад кацялка да талеркі, і, калі маці перадала талерку, ад якой ішла пара, дзядзьку Джону, вочы ўпіліся ў яе. Дзядзька Джон зачарпнуў поўную лыжку, і вочы дружна падняліся разам з ёю. Ён адправіў у рот кавалак бульбіны, і вочы ўсе разам утаропіліся на твар, сочачы за яго выразам - ці смачна, ці спадабалася.

І тут дзядзька Джон быццам упершыню ўбачыў дзяцей. Ён вяла пажаваў і сказаў Тому:

- Вазьмі. Мне есці не хочацца.

- Ты ж сёння нічога ў рот не браў, - сказаў яму Том.

- Ага, у мяне з жыватом нешта. Не хочацца.

Том спакойна сказаў:

- Ідзі з талеркай у палатку, там пад'ясі.

- Нешта не хочацца, - упарціўся Джон. - І ў палатцы яны будуць перад вачамі стаяць.

Том павярнуўся да дзяцей:

- Ідзіце. Ану прэч адгэтуль! - Вочы ўсе разам адарваліся ад кацялка і разгублена ўставіліся яму ў твар. - Ідзіце, ідзіце адсюль. Так рабіць нядобра. Усё роўна на ўсіх вас не хопіць.

Маці раскладала па талерках порцыі мяса, вельмі маленькія, і ставіла талеркі на зямлю.

- Не магу я іх прагнаць, - сказала яна. - Проста не ведаю, што рабіць. Бярыце свае талеркі і ідзіце пад навес. А тое, што засталося, няхай яны даядуць. А гэту вось занясіце Разашарне. - Яна ўсміхнулася дзецям: - Паслухайце, дзеткі, знайдзіце дзе-небудзь шырокія трэсачкі, і я дам вам, што засталося. Толькі не сварыцеся.

Дзеці вокамгненна разляцеліся ва ўсе бакі без адзінага гуку. Хто пабег шукаць трэсак, хто ў свае палаткі па лыжку. Не паспела маці раскласці ежу па талерках, як яны ўжо зноў абкружылі яе, маўклівыя, галодныя, як ваўкі. Маці пакруціла галавой:

- Проста не ведаю, што рабіць. Не магу ж я сям'ю абдзяліць. Яе трэба накарміць. Руці! Уінфілд! - патрабавальна крыкнула яна. - Бярыце ж свае талеркі. Хутчэй! Ідзіце з імі пад брызент. - Яна вінавата паглядзела на дзяцей, якія моўчкі чакалі. - Там зусім мала, - сказала яна сарамліва. - Кацялок я пастаўлю на зямлю, а вы падбярыце рэшткі, хоць чарвяка заморыце. - Яна гаварыла запінаючыся. - Нічога я зрабіць не магу. І не даць не магу. - І, зняўшы кацялок з агню, паставіла яго на зямлю. - Пачакайце трохі. Яшчэ гарачае, - сказала яна і паспешліва пайшла пад брызент, каб вочы яе не бачылі таго, што будзе.

Сям'я Джоўдаў сядзела на зямлі, кожны са сваёй талеркай, і пад брызентам было чуваць, як дзеці скрабуць трэсачкамі, лыжкамі і ржавымі палоскамі бляхі. Яны з усіх бакоў закрылі сабой кацялок. Не перагаворваліся, не штурхаліся, але ў кожным іх руху адчувалася ўпартая настойлівасць і затоеная жорсткасць. Маці павярнулася спінай, каб усяго гэтага не бачыць.

- Больш так нельга, - сказала яна. - Давядзецца хавацца ад чужых вачэй. - Чутно было, як скрабуць у кацялку, потым цесны гурток дзяцей рассыпаўся, і яны разышліся, пакінуўшы на зямлі абскрэбены кацялок. Маці паглядзела на талеркі. - Ніхто з вас добра не пад'еў.

Бацька падняўся і, нічога не адказаўшы, выйшаў з-пад брызенту. Прапаведнік усміхнуўся і лёг на зямлю, падклаўшы пад галаву рукі. Эл таксама падняўся.

- Пайду памагу тут аднаму з машынай, - сказаў ён.

Маці сабрала талеркі і пайшла мыць.

- Руці, - паклікала яна, - Уінфілд! Хуценька прынясіце вядзерца вады. - Яна дала ім вядро, і дзеці пайшлі з ім да рэчкі.

Да палаткі Джоўдаў падыходзіла мажная жанчына. Сукенка на ёй была ў пыле і ў плямах ад змазачнага масла. Яна ішла, высока задраўшы падбародак. Спынілася за некалькі крокаў ад палаткі і ваяўніча глянула на маці. Тады падышла бліжэй.

- Дабрыдзень, - сказала яна холадна.

- Дзень добры, - адказала маці, паднялася з каленяў і падсунула госці скрынку. - Сядайце, калі ласка.

Жанчына падышла зусім блізка.

- Не, не хачу.

Маці запытальна глянула на яе:

- Вам што-небудзь трэба?

Жанчына падперла рукі ў бокі.

- Мне трэба, каб вы клапаціліся пра сваіх уласных дзяцей, а маіх пакінулі ў спакоі.

Маці зрабіла вялікія вочы.

- Я нічога такога... - пачала яна.

- Ад майго хлапчука так і тхне тушонкай. Гэта вы яму далі, ён мне сказаў. Тушаным мясам надумалі хваліцца. Няма чаго гэтым хваліцца. Я і так ледзь не разрываюся, а тут яшчэ мой блазан прыбягае і пытаецца: «А чаму ў нас няма мяса?» - Голас жанчыны дрыжаў ад шаленства.

Маці падышла да яе.

- Вы сядайце, - сказала яна. - Прысаджвайцеся, пагаворым.

- І не думаю. Я стараюся хоць як-небудзь накарміць сям'ю, а вы тут са сваёй тушонкай лезеце.

- Сядайце, сядайце, - запрашала маці. - Больш у нас мяса не будзе, аж пакуль мы работы не знойдзем. Вось каб вы варылі мяса і малыя дзеці абступілі вас з усіх бакоў, што б вы рабілі? Нам і самім было мала, ды хіба адмовіш дзецям, калі яны пазіраюць на цябе такімі вачамі?

Рукі жанчыны ўпалі з клубоў. Яна дапытліва паглядзела ў твар маці, потым павярнулася, шпарка пакрочыла прэч і, увайшоўшы ў сваю палатку, захінула за сабой полкі. Маці правяла яе позіркам і зноў апусцілася на калені перад горкай алавяных талерак.

Да палаткі паспешліва падышоў Эл.

- Том! - гукнуў ён. - Ма, Том тут?

Том высунуў галаву з-пад брызенту.

- Чаго табе?

- Хадзем са мной, - усхвалявана сказаў Эл.

Яны пайшлі разам.

- Што здарылася? - запытаўся Том.

- Пацярпі, зараз даведаешся. - Эл падвёў яго да машыны з разабраным блокам. - Гэта Флойд Ноўлс, - сказаў ён.

- Мы з ім ужо гаварылі. Ну, як справы?

- Ды вось канчаю, - адказаў Флойд.

Том правёў пальцам па галоўцы блока.

- Ну кажы, Эл, што там у цябе за тайна.

- Толькі што Флойд мне сказаў... Раскажы яму сам, Флойд.

Флойд пачаў:

- Можа, лепш было б памаўчаць... але добра, скажу. Тут адзін прыехаў, кажа, работа ёсць - далей на поўнач.

- На поўнач?

- Ага. Ёсць месца такое - даліна Санта-Клара. Далёка, чорт ведае дзе.

- А работа якая?

- Збор сліў, груш, кансерваванне. Кажа, хутка ўсё паспее.

- А ўсё ж, як далёка? - дапытваўся Том.

- А чорт яго ведае. Міль дзвесце, пэўна.

- Сапраўды чорт ведае дзе, - сказаў Том. - А чаму ты думаеш, што да нашага прыезду там будзе работа?

- Напэўна сказаць ніхто не можа, - адказаў Флойд. - Але ж тут усё роўна нічога не знойдзеш, а чалавек гэты кажа, што атрымаў ліст ад брата, і той ужо ў дарозе. Нікому казаў нічога не гаварыць, а то ўсе кінуцца туды. Давядзецца выязджаць ноччу. Раней прыедзеш, можа, работу дадуць.

Том уважліва прыглядаўся да Флойда.

- Нашто ж так, крадучыся?

- А на тое, што, калі ўсе рушаць туды, работы не хопіць.

- Усё ж далекавата, каб на яго чорт, - сказаў Том.

Флойд закрыўдаваў:

- Я з табой па-сяброўску падзяліўся. Можаш не ехаць. Твой брат тут мне памог, таму я і сказаў вам.

- Ты ўпэўнены, што ў гэтым наваколлі работы няма?

- Слухай, я тры дні тут кручуся, дзе толькі ні быў, і каб хоць што трапілася - нідзе нічога. Калі хочаш сам пашукаць і спаліць чорт ведае колькі бензіну, што ж, давай! Я не прашу вас ехаць са мной. Чым больш народу туды наедзе, тым меней шанцаў у мяне.

Том сказаў:

- Я нічога такога не гавару. Толькі вельмі ж далёка. Мы спадзяваліся папрацаваць тут, дамок арандаваць.

Флойд цярпліва сказаў:

- Вы толькі што прыехалі, я разумею. Вам яшчэ шмат чаму трэба павучыцца. Калі паслухаеце мяне, вы толькі выйграеце. А не - вучэнне абыдзецца вам даражэй. Асесці тут вы не спадзявайцеся, бо ў гэтых месцах сталай работы нідзе няма. Страўнік пагоніць вас далей. Ну вось, цяпер сказаў вам усё начыстую.

- Трэба ўсё ж пашукаць, - заклапочана сказаў Том.

Да суседняй палаткі пад'ехала закрытая легкавая машына. З яе вылез чалавек у камбінезоне і сіняй кашулі. Флойд крыкнуў яму:

- Ну як, добра з'ездзілі?

- Ніякай работы нідзе ў гэтым чортавым краі няма і не будзе, пакуль не саспее бавоўна. - І чалавек пайшоў у падраную палатку.

- Вось бачыш? - сказаў Флойд Тому.

- Ага, бачу. А ўсё ж дзвесце міль!

- Вы пакуль што яшчэ нідзе не прыстроіліся. Думайце - вырашайце.

- Лепш паехаць, - сказаў Эл.

- А тут калі будзе работа? - запытаўся Том у Флойда.

- Недзе праз месяц пачнецца збор бавоўны. Калі ў вас ёсць запас грошай, чакайце.

- Маці ехаць не захоча, яна вельмі стамілася, - сказаў Том.

Флойд паціснуў плячамі:

- Я вас на поўнач не ганю. Рабіце, як вам лепей. Што чуў, тое і перадаў вам. - Ён падняў з падножкі прамасленую пракладку, акуратна прыладзіў яе да блока і прыціснуў. - Ну, - сказаў ён Элу, - давай памажы паставіць крышку.

Том назіраў, як яны асцярожна насунулі цяжкую крышку блока на шпількі і мякка апусцілі.

- Трэба параіцца са сваімі, - прагаварыў ён.

Флойд сказаў:

- Толькі каб ніхто, акрамя вашых, нічога пра гэта не ведаў. Я толькі вам. Калі б твой брат не памог мне з машынай, я і з вамі не падзяліўся б.

- Што ж, вялікі табе дзякуй. Трэба ўсё добра абдумаць. Магчыма, і паедзем.

Эл сказаў:

- Паедуць туды нашы ці не, я ўсё роўна паеду, далібог. На спадарожных машынах дабяруся.

- А сям'ю кінеш? - запытаўся Том.

- І што тут такога? Я вярнуся з поўнымі кішэнямі грошай. А чаму і не?

- Маці на гэта згоды не дасць, - сказаў Том. - І бацька таксама.

Флойд паставіў гайкі на балты і закруціў іх, колькі мог, пальцамі.

- Мы з жонкай выехалі разам з усімі нашымі, - сказаў ён. - Там, дома, нам і ў галаву не прыйшло б ад сваіх адбівацца. Проста пра такое мы і думаць не маглі. Але калі мы ўсёй сям'ёй заехалі крыху далей на поўнач, я вярнуўся сюды, а яны рушылі далей, і цяпер адзін бог ведае, куды іх занесла. З таго часу я іх усё шукаю, паўсюль пра іх пытаюся. - Флойд абхопліваў гайкі ключом і раўнамерна падкручваў адну за адной.

Том апусціўся на кукішкі каля машыны і кінуў беглы позірк на рады палатак, між якіх была пратаптана ў траве сцяжынка.

- Не, даражэнькі, - сказаў ён, - маці цябе не адпусціць.

- А, па-мойму, аднаму лягчэй працу знайсці.

- Можа, і лягчэй, толькі яна згоды не дасць.

Да лагера падкацілі дзве перапоўненыя машыны, у людзей, што сядзелі ў іх, выгляд быў панылы. Флойд падняў вочы, але не спытаўся, ці добра з'ездзілі. На іх запыленых тварах адбіваліся смутак і адначасова ўпартасць. Сонца хілілася на захад, і жоўтае яго святло залівала Гувервіль і вярбняк за ім. Дзеці пачалі выходзіць з палатак і разбрыдацца па лагеры. Жанчыны таксама выходзілі і браліся распальваць маленькія вогнішчы. Мужчыны збіраліся невялікімі групамі і, прысеўшы на кукішкі, заводзілі гаворку.

Новенькі двухмесны «шэўрале» з'ехаў з шашы і пакіраваў у самы цэнтр лагера. Ён спыніўся сярод палатак. Том запытаўся:

- Каго гэта яшчэ прынесла. З выгляду яны не тутэйшыя.

- Не ведаю, - адказаў Флойд. - Можа, паліцыя.

Дзверцы адчыніліся, з машыны выйшаў чалавек і стаў каля яе. Яго спадарожнік застаўся ў кабіне. Мужчыны, што сядзелі на кукішках, скіравалі позіркі на прыезджых, і гутарка спынілася. Жанчыны, якія разводзілі агонь, употай зіркалі на бліскучую легкавушку. Дзеці пачалі падбірацца да яе самымі мудрагелістымі абходнымі шляхамі, кружачы сярод палатак.

Флойд паклаў ключ. Том падняўся на ногі. Эл выцер рукі аб штаны. Усе трое падышлі да «шэўрале». На чалавеку, які выйшаў з машыны, былі штаны колеру хакі і фланелевая кашуля. На галаве мяккі шыракаполы капялюш. У нагруднай кішэні за загарадкай з вечных ручак і жоўтых алоўкаў тырчаў стосік паперак, з задняй кішэні штаноў вытыркаўся блакнот у металічных вокладках. Ён падышоў да адной групы мужчын, што сядзелі на кукішках, і тыя ўзнялі на яго вочы насцярожана і моўчкі. Яны сачылі за ім, не зварухнуўшыся з месца; бялкі вачэй у іх паблісквалі пад зрэнкамі, бо яны глядзелі ўгору, не падымаючы галавы. Том, Эл і Флойд няспешна, быццам шпацыруючы, падышлі бліжэй.

Чалавек запытаўся:

- Хочаце атрымаць работу? - Усе пазіралі на яго па-ранейшаму моўчкі і насцярожана. А з усяго лагера сюды цягнуліся ўжо і іншыя мужчыны.

Нарэшце адзін з тых, што сядзелі на кукішках, адказаў:

- Вядома ж, хочам. А дзе яна, работа?

- Акруга Туларэ. Там пачынаецца збор фруктаў. Патрэбна шмат людзей.

Загаварыў Флойд:

- Вы самі наймаеце?

- Сам. Я ўзяў падрад.

Людзі збіліся вакол яго цеснай кучкай. Нейкі чалавек у камбінезоне зняў з галавы свой чорны капялюш і пальцамі зачасаў назад доўгія чорныя валасы.

- Колькі плаціць будзеце? - запытаўся ён.

- Цяпер дакладна сказаць не магу. Цэнтаў трыццаць, думаю.

- Чаму не можаце сказаць дакладна? У вас жа падрад, ці не так?

- Правільна, - адказаў чалавек у штанах колеру хакі. - Але ўсё залежыць ад цаны на фрукты. Можа, трохі больш, можа, трохі і менш.

Флойд выступіў наперад і спакойна сказаў:

- Я паеду, містэр. Вы падрадчык, у вас павінен быць патэнт. Пакажыце яго, а потым выпішыце нам нарад і каб там было сказана, якая работа, дзе будзем працаваць, калі і колькі будуць нам плаціць, і падпішыце яго. Тады паедзем.

Падрадчык кінуў на яго злосны позірк:

- Ты мяне не вучы, як мне справы свае весці.

Флойд сказаў:

- Калі мы едзем да вас працаваць, гэта і нашы справы таксама.

- Ты мяне не вучы. Я паведамляю вам, што патрэбны людзі.

- А колькі людзей і якая плата, пра гэта вы маўчок.

- Што за чорт! Ды я сам яшчэ не ведаю.

- Раз не ведаеце, значыць, не маеце права людзей наймаць.

- У мяне ёсць поўнае права весці свае справы так, як я лічу неабходным. Калі вам больш даспадобы адседжваць тут задніцы - воля ваша. Я наймаю на работу ў акругу Туларэ. Мне шмат рабочых там патрэбна.

Флойд павярнуўся да натоўпу мужчын. Цяпер ужо яны ўсе стаялі і моўчкі пераводзілі позіркі з падрадчыка на Флойда і наадварот. Флойд сказаў:

- Я ўжо два разы так нарываўся. Яму, можа, трэба тысяча чалавек. А ён набярэ туды тысяч пяць і будзе плаціць па пятнаццаць цэнтаў за гадзіну. І вы, бедалагі, згодзіцеся, бо жываты ў вас пустыя. Калі ён хоча наняць людзей, няхай наймае і няхай напіша ўсё на паперы і паставіць там плату. Папрасіце, няхай дакумент пакажа. Без патэнта наймаць людзей ён права не мае.

Падрадчык павярнуўся да «шэўрале» і крыкнуў:

- Джо!

Яго спадарожнік выглянуў з кабіны, адчыніў дзверцы і выйшаў. На ім былі верхавыя брыджы і высокія чаравікі на шнуроўцы. Збоку на поясе-патранташы вісела цяжкая рэвальверная кабура. Да карычневай кашулі быў прышпілены знак шэрыфскага памагатага - металічная зорка. Ён ступаў няспешна, уразвалку. На твары яго іграла рэдзенькая ўсмешка.

- У чым справа? - Кабура хадзіла ўзад і ўперад па бядры.

- Зірні, Джо, гэты малойчык трапляўся табе калі-небудзь на вочы?

Палісмен запытаўся:

- Каторы?

- Вось гэты. - Падрадчык паказаў на Флойда.

- А што ён зрабіў? - палісмен усміхнуўся Флойду.

- Ён чырвоны, агітацыю тут разводзіць.

- Гм... - шэрыфскі памагаты не спяшаючыся зайшоў збоку, каб паглядзець на Флойда ў профіль, і твар у таго пачаў залівацца чырванню.

- Бачыце? - закрычаў Флойд. - Каб ён рабіў усё сумленна, хіба ж прывёз бы з сабою фараона?

- Трапляўся ён табе раней на вочы? - паўтарыў пытанне падрадчык.

- Гм-м... як быццам было. На мінулым тыдні, калі ўзламалі гараж са старымі машынамі. Па-мойму, ён там круціўся. Ага, так! Ён самы і ёсць, магу пабажыцца. - Усмешка імгненна знікла з яго твару. - Лезь у машыну, - загадаў палісмен Флойду і адшпіліў раменьчык на кабуры аўтаматычнага пісталета.

Том сказаў:

- Без віны чалавека бераце.

Шэрыфскі агент крута павярнуўся да яго:

- Калі табе за кампанію хочацца, паспрабуй толькі яшчэ раз зяпу разявіць. Каля таго гаража двое шасталі.

- На мінулым тыдні мяне і не было ў гэтым штаце, - сказаў Том.

- Ну і што? Цябе, можа, у другім штаце шукаюць. Лепш заткніся.

Падрадчык зноў павярнуўся да натоўпу мужчын:

- Вы гэтых чырвоных падлюг не слухайце. Падбухторшчыкі - яны бяду на вас наклічуць. Я вас усіх вазьму на работу ў Туларэ.

Людзі маўчалі.

Шэрыфскі агент павярнуўся да іх.

- Вам ёсць рацыя паехаць, - сказаў ён, і рэдзенькая ўсмешка зноў засвяцілася ў яго на твары. - Аддзел аховы здароўя распарадзіўся ачысціць гэты лагер. А калі тут у вас яшчэ і чырвоныя завяліся - глядзіце, каб бяды з кім-небудзь не здарылася. Добра зробіце, калі паедзеце ў Туларэ. Тут усё роўна работай не пахне. Я вам па-сяброўску раю. А калі не паедзеце, сюды неўзабаве ўваляцца малайцы, ды яшчэ, можа, з кайламі.

Падрадчык сказаў:

- Я ж кажу вам, мне людзі патрэбныя. Не хочаце працаваць, што ж, воля ваша.

Палісмен усміхнуўся:

- Калі не хочуць працаваць, ім у нашым штаце не месца. Мы іх хутка справадзім адсюль.

Флойд нерухома стаяў побач з палісменам, вялікія пальцы рук кручком зачапіліся за пояс. Том скоса глянуў на яго і ўтаропіў вочы сабе пад ногі.

- У мяне ўсё, - сказаў падрадчык. - У акрузе Туларэ людзі патрэбныя, работы шмат.

Том паволі падняў вочы і ўбачыў рукі Флойда з напятымі на кісцях жыламі. Рукі Тома таксама пацягнуліся ўгору і вялікімі пальцамі зачапіліся за рэмень.

- Так, гэта ўсё, - сказаў шэрыфскі памагаты. - Каб заўтра да раніцы тут ні жывой душы не было.

Падрадчык сеў у машыну.

- А ты, - сказаў шэрыфскі памагаты Флойду, - лезь у машыну. - Ён падняў вялікую пяцярню і схапіў Флойда за левы локаць. Флойд крутнуўся і вырваўся, а правым кулаком ударыў у шырокі твар і кінуўся наўцёкі, пятляючы між палатак. Агент захістаўся, і тут Том даў яму падножку. Палісмен грымнуўся на дол і пераваліўся на бок, хапаючыся за пісталет. Флойд бег, то хаваючыся за палаткамі, то зноў паказваючыся. Лежачы, палісмен стрэліў. Нейкая жанчына каля адной з палатак пранізліва ўскрыкнула і глянула на сваю руку - костачак як не было, а пальцы віселі, быццам на нітачках, на далоні, якая стала белая, бяскроўная. У далёкім канцы лагера мільганула постаць Флойда, які імчаўся да вербняку. Шэрыфскі агент прыўзняўся, сеў на зямлі, зноў падняў пісталет, і тут раптам з натоўпу выступіў прападобны Кейсі. Ён ударыў палісмена нагой па шыі і адступіў назад, пазіраючы на грузнага чалавека, які ў непрытомнасці ляжаў на зямлі.

Пачулася выццё матора, і «шэўрале» памчаўся прэч, узнімаючы клубы пылу. Машына ўз'ехала на шашу і, як куля, знікла з вачэй. Жанчына ўсё яшчэ пазірала на сваю пакалечаную руку. З раны паволі сачылася кроў. З горла жанчыны вырваўся перарывісты крык, і яна зайшлася істэрычным смехам, які з кожным пераводам дыхання рабіўся ўсё гучнейшы.

Шэрыфскі агент ляжаў на баку, уткнуўшыся ротам у пыл.

Том падняў з зямлі пісталет, выняў магазін і шпурнуў яго ў кусты. Потым выкінуў з патронніка зарад.

- Такім нельга даваць у рукі зброю, - сказаў ён і кінуў пісталет на зямлю.

Жанчыну з раздробленай кісцю рукі абкружыў натоўп. У прыпадку істэрыкі, якая ўсё мацней авалодвала ёю, яна цяпер віскліва смяялася.

Кейсі падышоў блізка да Тома.

- Ты зараз жа ідзі адсюль, - сказаў ён. - Схавайся ў вербняку і перачакай там. Ён не бачыў, хто яго ўдарыў, а тваю падножку бачыў.

- Нікуды я не пайду, - адказаў Том.

Кейсі прашаптаў яму на вуха:

- У цябе возьмуць адбіткі пальцаў. Ты парушыў абавязацельства. Пашлюць назад у турму.

Том ледзь чутна перавёў дух.

- А чорт! Я і забыўся.

- Не марудзь, - сказаў яму Кейсі. - А то ён ачуняе.

- Прыхапіць бы яго пісталет, - сказаў Том.

- І не думай. Ні ў якім разе. Калі ўсё абыдзецца, я табе свісну чатыры разы.

Том няспешна адышоў убок, потым прыбавіў кроку і неўзабаве знік у вербняку, якім зарос бераг ракі.

Эл падышоў да палісмена, які ляжаў на зямлі.

- А божухна мой! - усклікнуў Эл у захапленні. - Здорава ж ты яго!

Людзі ў натоўпе ўсё яшчэ пазіралі на непрытомнага чалавека на зямлі. І раптам аднекуль здалёку па