epub
 
Падключыць
слоўнікі

Эдуард Луканскі

Белы каменьчык

Сонца краналася зямлі. Велізарнае, чырвонае, яно, здавалася, плавілася ў гарачым паветры і адыходзіла за гарызонт, стомлена паглядаючы на сваю дзённую працу. Спякота не спадала. І, здавалася, не схавацца, не ўратавацца ад гэтага пекла, стомы, духаты. У такія дні адзіны ратунак - возера. Да яго імкнуліся ўсе жыхары гарадка. Наваколле напаўнялася смехам, крыкамі, музыкай з прыёмнікаў і магнітафонаў, дзіцячым віскам, вокрыкамі бацькоў.

Я ішоў уздоўж берага, паступова аддаляючыся ад шуму. Дзівосныя скалы змяняліся адшліфаванымі камянямі. Яны ляжалі ўздоўж спадзістага берага, быццам вялікія скульптуры ў майстэрні мастака. Казачны кут! Вада і сонца - прылады нябачнага мастака-скульптара, якімі ён многія гады працаваў у майстэрні прыроды і стварыў гэта незвычайнае хараство.

Водная роўнядзь адлюстроўвала ўсе фарбы вячэрняга неба. Толькі чайкі іншы раз парушалі спакой на паверхні возера. Яны імкліва кідаліся ў ваду і выхоплівалі дробную рыбінку, краналіся крыламі вады і ўзнімаліся ўвышыню.

Вось прабегла сітаўка, рэзка спынілася, нахіліла галоўку і зірнула на мяне. Мілая, чароўная птушка! Памяць перанесла мяне за тысячу кіламетраў, у родную Беларусь, у маю маладосць.

Як гэта даўно было!..

У адной з вайсковых часцей мы выконвалі адказнае заданне. Час быў абмежаваны, і нам прыходзілася працаваць днём і ноччу. Ды і справа была новая, не ўсё ішло гладка. Зразумеўшы, як мы змучыліся, камандзір рашыў даць нам дзень адпачынку. Але не просты, а з выездам на возера Нарач.

З надвор'ем нам не пашанцавала, дзень быў не па-летняму халодны, але даўняя мара ўбачыць гэты край збылася.

Цёмныя хмары, падобныя адна на другую, праносіліся над возерам. Бераг быў пустэльны. Справа ад возера быў рыбны завод, частку будынкаў якога закрываў хваёвы бор, а злева ўдалечыні можна было ўбачыць паўразбураную старую лазню.

Пакуль разгружалі машыну і ставілі палаткі, я пайшоў да лазні. Туды вяла ледзь прыкметная сцяжынка. Недзе кракала качка, склікаючы сваіх малых. Я прысеў на лодку і закурыў. Непадалёку ад берага з вады выступалі камяні. На адным сядзела невялічкая птушка. Цікаўная вяртлявая галоўка, і, як мне здалося, з хітрынкай вочкі. Гэта была сітаўка. Яна ўвесь час рухалася: хваля набягала на камень, і птушка ўзлятала і завісала над схаваным пад вадой каменем. Хваля ляніва адступала, і сітаўка зноў садзілася на камень. Пахістваючы доўгім хвосцікам то ўверх, то ўніз, птушка лётала па крузе, рэзка паварочваючы галоўку. Перад набегам новай хвалі яна ўзлятала, цешачыся сваёй спрытнасцю і смеласцю. Хваля сплывала, і птушка зноў апускалася, падскоквала, круцілася, махала хвосцікам і нібы цікавала за мною.

Іншы раз сітаўка дзёрзка гуляла з хваляю - не ўзлятала пасля дотыку хвалі да каменя, а на сваіх высокіх ножках перабягала на другі край, маючы ў запасе нейкае імгненне, потым успырхвала. Пярынкі на крылах і хвасце распускаліся, і яна з шэрай рабілася белаю. І толькі цёмная шапачка на галаве выдзялялася на фоне яе апярэння. Відовішча было захапляючым. Здавалася, птушка адчувала мой настрой і старалася яшчэ больш. Гэтае спаборніцтва альбо гульня з хваляй былі быццам асэнсаваныя. Памятаю, бывала, хлапчукі ў дзяцінстве таксама гулялі з хваляй. Калі яна адступала, спрабавалі як мага далей забегчы і своечасова рвануць назад, каб застацца сухімі.

Раптам хваля глыбей звычайнага «ўдыхнула» і «выдыхнула». Удар аб камень быў мацней. Сітаўка ўзляцела, аднак пырскі дасталі яе. Яна села, захвалявалася, але ў мой бок не зірнула. Я ўсміхнуўся. Куды падзелася напружанасць мінулых дзён!.. Я ўжо смяяўся, смяяўся ўголас, ад усёй душы. Сітаўку мой смех не бянтэжыў. Яна глядзела ў мой бок, і вочы яе свяціліся хітрынкай. «Дзякуй табе, маленькая! - крыкнуў я, устаючы. - Дзякуй!»

За спінай хтосьці ціха засмяяўся. Я павярнуўся і ўбачыў двух мужчын.

Я збянтэжыўся, што пры сведках праявіў свае пачуцці. Але ж гэта былі не простыя сведкі: побач стаялі Якуб Колас і Міхась Лынькоў.

Міхася Лынькова я сустракаў і раней. Ён прыходзіў да нас у школу і выступаў на піянерскім злёце. Мы тады, затаіўшы дыханне, слухалі яго, аўтара любімага нашага «Міколкі-паравоза». Якуба Коласа я бачыў упершыню, да гэтага ведаў яго толькі па фотаздымках і, калі б не Міхась Лынькоў, магчыма, прыняў бы яго за мясцовага селяніна.

- На першы погляд, дзіўна, ці не праўда? - сказаў Якуб Колас, падыходзячы да мяне. - А вось і ў вас, і ў нас настрой палепшыўся.

Сітаўка пераляцела на большы камень, і хваля цяпер не даставала яе. Яна ўжо не круцілася, толькі хвосцік хадзіў то ўверх, то ўніз. Птушка глядзела ў наш бок і хоць бачыла, што цікавасць да яе не знікла, хутчэй за ўсё вырашыла: «Хопіць, я сваё зрабіла». І паляцела. Якуб Колас пастукаў палкай па лодцы, потым прысеў і прадоўжыў думку:

- У птушкі, бадай, дзень не лягчэйшы быў, але вось развесяліла ж нас. Вось у каго трэба вучыцца дабрыні.

- Так, так гэта праўда... - згадзіўся Міхась Лынькоў і, крыху памаўчаўшы, дадаў: - Бывае, у такі тупік трапіш, што гатовы ўжо і здацца, а тут вось такая птушка раптам адчыняе брамку...

Якуб Колас з прыязнасцю зірнуў на Міхася Лынькова, а потым супакоіў мяне:

- Не саромейцеся, таварыш лейтэнант. Гэта добра, гэта вельмі добра, калі чалавек заўважае і адчувае прыгажосць.

Ён падняўся, зрабіў некалькі крокаў, пастаяў, вярнуўся назад.

- А ты, Міхась, казаў, што дрэннае надвор'е, дрэнны дзень. Не-е, дзень добры, а зрабіла яго добрым вось гэтая маленькая сітаўка... Старажытныя рымляне былым каменьчыкам адзначалі знамянальныя, шчаслівыя дні, як гаварылі яны, albo lapillo diem notare. - Ён нахіліўся, трымаючы палку пад пахаю, зачарпнуў з дна рукою каменьчык. Вада сцякла, і на далоні засталося некалькі розных па афарбоўцы маленькіх каменьчыкаў. Адзін з іх быў беленькі. Абмыты вадой, ён здаваўся жамчужынкай.

Дзесьці наверсе прагучаў сігнал аўтамашыны.

Міхась Лынькоў кіўнуў у бок дарогі:

- Шукаюць, трэба ісці...

- А-а, згубілі... - узрадаваўся Якуб Колас і павярнуўся да мяне:

- Гэта мы на хвалях туды завеславалі, а назад ужо сіл няма, кінулі човен і вуды, пакуль вецер не сціхне альбо зменіць напрамак. Трымайце, малады чалавек, на шчасце вось гэты белы каменьчык, у Вас сёння быў добры дзень...

Не спяшаючыся, яны пакрочылі да дарогі. Набліжаўся вечар. Вецер сціх. Паветра поўнілася музыкай начных гукаў і пахам кветак. На душы было цёпла і спакойна.

...З таго часу мінула шмат гадоў. А гэты маленькі белы каменьчык ляжыць у мяне за шклом у кніжнай шафе каля цудоўных кніжак Я.Коласа «Новая зямля» і «Сымон-музыка». І калі я бяру яго ў рукі, мне здаецца, што я зноў чую голас песняра, ціхі і добразычлівы, і ў такія хвіліны я сапраўды адчуваю сябе шчаслівым...




Беларуская Палічка: http://knihi.com