epub
 
Падключыць
слоўнікі

Эдуард Луканскі

Як мы сустракалі вясну

Раніцай, адрываючы лісток календара, мама весела сказала:

- Вось і перазімавалі. Засталося ўсяго пяць дзён, а там - вясна!

Зіма ў гэтым годзе была снежная, марозная. З холадам давялося паваяваць па-сапраўднаму. Затое на лыжах і на санках у парку ўволю пакаталіся. Але за горадам, у лесе, як бывала раней, даўно не былі...

Успамінаючы нашы паходы, я вырашыў угаварыць тату схадзіць у лес. Памочніцай узяў сваю сястрычку, першакласніцу Алену, і пачаў яе рыхтаваць да наступальнай аперацыі...

Але ўсё адбылося не па плану. За вячэрай Алена, не дачакаўшыся ўмоўнага сігналу, выпаліла:

- Тата, ты стаў такі задумлівы і зусім перастаў смяяцца.

Я пачырванеў да самых вушэй: гэта павінен быў сказаць я, а яна...

А яна працягвала:

- Раней, татачка, у цябе былі такія вясёлыя вочы... Ты ведаеш, тата, з гэтым жартаваць нельга. Табе трэба абавязкова зняць стрэс і пакінуць яго дзе-небудзь у лесе. Добра было б нам усім разам пайсці ў лес...

Тата зірнуў на маму. А мама са здзіўленнем глядзела на Алену. Стала ціха. Алена чакала. Тата ўсміхнуўся і нечакана зарагатаў. Засмяяліся і мама, і Алена, і я.

- Ну што ж, дачушка, калі астатнія не супраць, - ён зірнуў на маму і мяне, - то бяру выхадны - і ў паход. Пойдзем вясну сустракаць!

 

* * *

 

...Тата разбудзіў нас вельмі рана. У доме прыемна пахла чабарком, лугавымі рамонкамі, салодкай шыпшынай і мятай. Гэта мама гатавала вітамінны чай. На стале стаяў наш вялікі тэрмас, а каля дзвярэй у прыхожай - рукзак і санкі.

Калі мы сышлі з электрычкі, тата павёў нас па крывенькай сцежачцы. Неўзабаве яна вывела на прасёлачную дарогу. Тут мы пасадзілі Алену на санкі і прыбавілі хады.

Стары снег ужо асеў, невялікі марозік прыхапіў падталыя мясціны, а завіруха прысыпала іх свежым, выпаўшым уначы снегам. Ён прыемна парыпваў пад нагамі, падбадзёрваў.

Нечакана на ўзгорку з'явіўся конік, запрэжаны ў вазок. А ў вазку сядзеў дзядок, ён нахіліў галаву і павітаўся з намі.

- Адкуль гэты дзядуля ведае цябе, тата?

- Мы з ім не знаёмыя...

- Дык чаму гэта ён вітаецца з табой?

- Па-першае, ён павітаўся з намі ўсімі. І з табой, Алена, таксама. Па-другое, дачушка, існуе такі добры звычай, на жаль, зараз толькі ў вёсках: пры сустрэчы нават з незнаёмым чалавекам вітаць яго і жадаць яму добрай раніцы альбо дня, вечара ці ночы.

Я паглядзеў на ўсход. Сонца яшчэ хавалася за гарызонтам, але яно ўжо загасіла зоркі, і дзень наступаў, вызваляючы з цемры наваколле.

Крыху далей, справа ад дарогі, на ўзгорку, вялікі разлапісты, пакрыты шэранню дуб, быццам дазорны, аглядаў свае ўладанні. Ён першы ўбачыць веснавое сонца. Толькі яму гэта дазволена. Ён тут галоўны.

Ужо добра віднелася ўдалечыні вёска з дымком над комінамі. Неба на ўсходзе штохвіліны мяняла афарбоўку.

Тата спыніўся, зірнуў на гадзіннік і захваляваўся:

- О, трэба спяшацца, каб выбраць добрае месца для сустрэчы з вясной.

І мы зварочваем з дарогі і рушым да лесу. У лесе яшчэ глыбокі снег, а на ўзлеску сонца ўжо добра папрацавала. Навокал астраўкі-праталінкі, якія лес засланіў і не даў начной завірусе заснежыць іх.

- Ну што? Тут і зробім прыпынак?

Але нечакана ўмяшалася Алена:

- А што там за дамок? - і паказала рукой уздоўж узлесся.

Аказалася, гэта пляцоўка для адпачынку. Тут і паветка, і столік, і чатыры крэслы з цурбаноў, і нават месца ля вогнішча. Адчувалася, што ляснік рабіў яе любоўна і старанна.

Мы хуценька змялі снег. Тата зноў паглядзеў на гадзіннік.

- Калі верыць календару, то сонца павінна ўзысці праз 15 хвілін. Яшчэ ёсць час, і кожнаму трэба падумаць, каб што-небудзь добрае сказаць сонейку...

 

* * *

 

Ласкавая, вясновая зара ўжо ахінала неба. Мы тупалі, падскоквалі і круціліся каля таты, але сонца ўсё яшчэ не паказвалася, хаця першыя агністыя промні дакрануліся да высокай, вячыстай, разлапістай сасны і расквецілі яе залатымі россыпамі бурштыну. Лес прачынаўся. Звонка зацвікалі ў кустах шпаркія жаўтапузыя сініцы. А недзе ўверсе гучна стукаў дзяцел.

- Пайшла апошняя хвіліна! - аб'явіў тата.

І мы ўсе разам голасна пачалі лічыць. Знячэўку, там, дзе яшчэ нядаўна, мяняючы афарбоўку, весялілася зара, урачыста глянула вясёлае, веснавое сонца.

- Ура! - амаль у адзін голас закрычалі мы, потым схапілі адно аднаго за рукі і закруціліся ў карагодзе.

Пасля Алена павярнулася да сонца і так ласкава сказала:

- Добрай табе раніцы, сонейка!..

Потым мы расклалі агонь. На палачках скварылі сала. Пілі чай з бутэрбродамі. Бачылі, як чарада гілёў размясцілася на галінках дрэва, ператварыўшы яго ў квяцісты букет. Настаўніца яшчэ на тым тыдні казала, што да падарожжа на поўнач ужо рыхтуюцца гілі, чачоткі, амялушкі, крыжадзюбы і палярныя совы...

Сонца яшчэ было высока, калі мы рушылі да электрычкі.

- Вось так, сынок! Колькі розных прыемных і святочных дзён за маё жыццё праляцела, а паспрабуй зараз успомніць, калі, у якім гэта годзе было. Многія, каб захаваць у памяці нейкія падзеі свайго жыцця, дзённікі вядуць, робяць фотаздымкі, падарункі на ўспамін. Праўда, ёсць яшчэ адзін спосаб: гэта калі чалавек сам можа зрабіць сабе свята ў свяце. Вось сёння першы дзень вясны. Мы б маглі яго адзначыць і дома. Аднак вы з Аленай вырашылі зрабіць інакш. І вось адбылося яшчэ адно свята, якое, відаць, запомніцца нам надоўга...




Беларуская Палічка: http://knihi.com